![]() |
5.99 р.
Вага: 240 г
Памеры: 130x200 мм
|
Гутаркі з Васілём Быкавым. – Мінск : Медысонт, 2010. – 192 с. – (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў "Кнігарня пісьменніка"; вып. 6).
ISBN 978-985-6887-79-9
"Праўда як рэлігія" – кніга гутарак журналіста і літаратара Юрася Залоскі з народным пісьменнікам Беларусі Васілём Быкавым: гутарак пра мінулае, сучаснае і будучае, пра беларускую і сусветную літаратуры, уласную творчасць і працу калегаў, палітычныя перыпетыі 90-х гадоў, пра рэлігію і камуністычную спадчыну, пра сяброў, ворагаў і прэзідэнтаў...
Гэта нацыянальная споведзь "песіміста ў адносінах да пакалення свайго веку" і валадара беларускай нацыянальнай ідэалогіі будучыні – вялікага літаратара, мастацтвазнаўцы, філосафа, па-літыка, грамадзяніна і прарока. На евангельскі лад кнігу можна назваць і "Адкрыццём Васіля Быкава" – па глыбіні ды прачуласці духоўных, маральных і грамадска-дзяржаўных прагнозаў і прароцтваў, амаль усе з якіх (выказаныя 15-20 гадоў таму) збыліся ці збываюцца.
ЗМЕСТ
Самае значнае ў жыцці. Прадмова
Раздзел I.
Трохвымернае сумоўе. Колькі слоў уступу
Пошукі аптымістычнага зыходу. Тры дыялогі з Васілём Быкавым
"Мы – апошнія. За намі чарга..." Дыялог 1993 года
Літаратура на краёчку часу
Раздзел II.
Попел расчаравання, дыямент надзеі. Дыялогі 1995 года
Крызіс экзістэнцыі
Рэцэпт напою багоў. Гутарка пра літаратуру і мастацтва
3 дзённіка.
"Я пісаў праўду..." Кантрапункты лёсу
Кантрапункт I. Між іншым, ідэалогія
Кантрапункт II. Між іншым, КДБ
Кантрапункт III. Між іншым, літаратура і творчасць
Кантрапункт IV. Між іншым, народ і палітыка
Раздзел III. (Дадатак)
Быццё над знакам бяды.
Спроба эзатэрычнага прачытання прозы Васіля Быкава
Мілосць да зямлі Танатаса. Паэтыка смерці ў творах Васіля Быкава
Наймагутны рыцар любові. Амаль дзённік
Замест пасляслоўя
Самае значнае ў жыцці (прадмова)
Падумваць аб выданні кнігі сваіх гутарак з Васілём Быкавым я пачаў у 2008 годзе, калі пабачыў першыя тамы Поўнага збору твораў пісьменніка. Нагадаю, што першая журналісцкая кніжачка такіх гутарак пад назваю "Дыялогі з Васілём Быкавым" была выдадзена ў 1995-м выдавецтвам "Мастацкая літаратура" пры ўдзеле і спрыянні Яўгена Лецкі. Аднак у тым жа годзе нашы гутаркі набылі інтэнсіўны працяг, так што можна было выдаваць другую кнігу... Па розных прычынах другое, пашыранае выданне ажыццёўлена не было.
Сёння, калі змяніўся метафізічны кантэкст самой асобы Быкава (ён – у "вялікім часе", М. Тычына), лічу слушным выдаць усе нашы гутаркі 1991 – 1995 гадоў у выглядзе асобнай кнігі. Гэта – частка творчай спадчыны пісьменніка, якая пачала існаваць у тым жа "вялікім часе", што і сама яго асоба, гэта значыць незалежна ад сацыяпалітычнага кантэксту. Няхай жа чытач мае магчымасць асэнсоўваць пісьменніцкія рэфлексіі аб літаратуры, культуры, нацыі, абстрагуючыся ад канкрэтных повадаў гэтых агучаных у інтэрв'ю рэфлексій.
...Чаму я ўвогуле рабіў тыя гутаркі з Васілём Быкавым? Прычыны дзве: па-першае, інтэлектуалізм яго публіцыстыкі, асабліва часу перабудовы і, пазней, адраджэнскай; па-другое, прыцяжэнне самой яго асобы. Яго асоба прыцягвала маю ўвагу не менш, чым яго думкі. Суб'ектыўна я хацеў зразумець, як вырасла такая творчая асоба ў Беларусі, хацеў судакрануцца з тым, хто напісаў "Незагойную рану вайны", "Сотнікава" і "Знак бяды". Жаданне маё ажыццявілася спаўна.
Што ўразіла падчас журналісцкіх сустрэч з незабыўным Васілём Уладзіміравічам?
Галоўнае, што ўразіла, – гэта якраз сама яго асоба і стыль маўлення. Быкаў, які не адразу пагаджаўся на інтэрв'ю, спасылаючыся на стан здароўя, пры сустрэчы ў яго дома адразу пераходзіў да справы: проста адказваў на пастаўленыя пытанні, ніколі іх не крытыкаваў, не аднекваўся, калі пытанні былі "нязручныя". Варта зазначыць, што Быкаву ў той час далягала астма, і падчас размоў у яго зрэдку здараліся нейкія перашкоды з дыханнем (не мог зрабіць удых-выдых). Тады ён, не перапыняючы размовы, імгненна карыстаўся балёнчыкам з інгалятарам, і так інтэрв'ю працягвалася, пакуль пытанні не вычэрпваліся... Так што ўразіла цярплівасць Васіля Уладзіміравіча. Уразілі яго вялікія, васільковага колеру, ясныя вочы. Уразіла яснасць думкі: яго адказы амаль не трэба было правіць пры пераводзе тэксту са стужкі на паперу.
Інтэрв'ю з Быкавым, судакрананне з яго асобай, – гэта самае значнае ў маім журналісцкім жыцці, якім я абавязаны тагачаснаму "ЛіМу" (1990 – 1995: шчаслівы, светлы час!).
Юрась Залозка,
снежань 2009
Юрась Залоска – доктар філасофіі, праваслаўны святар. Нарадзіўся ў 1968 годзе ў вёсцы Навасады Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, працаваў у штотыднёвіку "Літаратура і мастацтва" (1991 – 1995), часопісе "Крыніца". У 1995 годзе выдаў кнігі публіцыстыкі "Дыялогі з Васілём Быкавым" і "Версіі. Шлях да храма idea sui". Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1996 года. Атрымаў ступень доктара філасофіі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. 3 2003-га – праваслаўны святар. Служыць у Мінску.