Гэтая кніга – адна з найлюбімейшых у Швецыі. Аўтары з неверагоднай увагай і павагай да асобы Малога расказваюць пра свет яго захапленняў, мараў, прыдумак і гульняў. З гледзішча дарослых гэта ўсё можа падавацца дробяззю. Але Мама Малога так не лічыць. Ва ўсім для Малога яна найлепшы дарадца і сябра.
Гэта кніга пра анёлкаў, пазнаёміўшыся з якімі, вы набудзеце верных сяброў і разам выправіцеся ў доўгае жыццёвае падарожжа, поўнае надзвычайных прыгод і незабыўных здарэнняў.
Здзейсніць займальнае падарожжа ў мінулае, пазнаць імёны далёкіх нашых продкаў і акунуцца ў падзеі, якія прынеслі ім славу, запрашаюць чытача аўтары гэтай кнігі. Загадкавы народ неўраў, таямнічая зямля Оўм, ваяўнічая Арта, адважныя дрыгавічы, якія здзейснілі набег на Царград, – вось толькі некалькі старонак ранняй гісторыі беларусаў, якія варта ведаць нам і нашым дзецям.
Кніга маладога, але надзвычай папулярнага пісьменьніка Мікаэля Ніемі, якога называюць швэдзкім Сэлінджэрам, апавядае пра сьвет яго дзяцінства – вёску Паяле на поўначы Швэцыі, дзе людзі жывуць разьмерана і не сьпяшаючыся, згодна з пракаветнымі традыцыямі і завядзёнкамі, і куды паступова пранікае цывілізацыя, што мяняе і ўклад жыцьця, і стасункі між людзьмі. Поўная сьмешных і неверагодных сытуацыяў, кніга напісаная жывою, сакавітаю моваю. Героі Ніемі не пераборлівыя ў выказваньнях, але ж гэта ня сцэны з жыцьця ангельскіх лордаў...
Казачная аповесць "Маленькія тролі і вялікая паводка" – першая з серыі кніг, прысвечаных мумітролям, чароўным і забаўным істотам, прыдуманым, апісаным і намаляваным выдатнай фінскай пісьменніцай і мастачкай Тувэ Янсан (1914 – 2001). Адрасуецца дзецям малодшага школьнага ўзросту, а таксама ўсім аматарам і заўзятарам мумітроляў.
Кніга ўтрымлівае практычна ўсе вядомыя на сённяшні дзень беларуска-літоўскія летапісы. Яе змест укладзены на базе 32-га і 35-га тамоў Поўнага збору рускіх летапісаў і забяспечаны прадмовай, якую напісаў да іх Мікола Улашчык. У Дадатках змешчаныя летапісы, якія істотна дапаўняюць, а часам падаюць у зусім іншым святле тыя ці іншыя падзеі, адлюстраваныя ў летапісах айчыннага паходжання. Шмат у іх звестак, якія зусім адсутнічаюць у нашых летапісах.
Кніга, напісаная краязнаўцам і на краязнаўчым узроўні, з'яўляецца займальным храналагічным даведнікам жыцця выдатнага кампазітара і дзяржаўнага дзеяча М. Кл. Агінскага і будзе вельмі карыснай для настаўнікаў, вучняў і ўсіх цікаўных да гісторыі Беларусі.
Найвядомейшы раман ірляндзкага пісьменьніка, які пісаўся "плыньню сьвядомасьці" на працягу больш як сямі год, друкаваўся часткамі ў амэрыканскім часопісе "The Little Review" з 1918 па 1920 і быў выдадзены цалкам у Францыі 2 лютага 1922. На Бацькаўшчыне пісьменьніка раман пабачыў сьвет у 1939 годзе, упершыню па-беларуску ў перакладзе Яна Максімюка ў 1993 годзе.
У новай кнізе Андрэя Хадановіча сабраныя вершы, напісаныя збольшага ў 2008 – 2009 гадах. Некаторыя тэксты былі напісаныя раней, але не ўваходзілі ў папярэднія кнігі аўтара. У зборнік уключаная таксама драматычная паэма "Дзяды". Да кнігі далучаны дыск з 13-цю тэкстамі ў аўтарскім чытаньні і музычнай аранжыроўцы Дзьмітрыя Дзьмітрыева.