Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх з 10.00 да 18.00 па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
І ў сацыяльных сетках: Facebook ці ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Колас Якуб. Новая зямля (паэма), На ростанях (трылогія). Сулкоўскі Уладзімір. Радзіма Якуба Коласа (серыял жывапісных палотнаў)

Колас Якуб. Новая зямля (паэма), На ростанях (трылогія). Сулкоўскі Уладзімір
3.49 р.
Вага: 120 г
Памеры: 140x125 мм



Мастацкае электроннае выданне на двух кампакт-дысках у фармаце Data-CD. Для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. Прадмова да паэмы "Новая зямля" Міхася Мушынскага, каментарый Эмы Золавай. Прадмова да трылогіі "На ростанях" Міхася Мушынскага, каментарый Святланы Забродскай. © ВРУП "Мастацкая літаратура", 2008. – (Бібліятэка школьніка).

Перад вамі электроннае выданне твораў класіка беларускай літаратуры, народнага паэта Беларусі Якуба Коласа (1882 – 1956) на двух дысках. На першым дыску змешчана паэма "Новая зямля", асноўная паэма ва ўсёй творчасці пісьменніка, сапраўдная мастацкая энцыклапедыя народнага жыцця. На другім – трылогія "На ростанях", у якой знайшлі адлюстраванне надзённыя праблемы грамадскага жыцця Беларусі пачатку XX стагоддзя, паказаны пакутлівыя пошукі інтэлігенцыяй рэальных шляхоў збліжэння з народам. У прадмовах да твораў, напісаных членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь М. Мушынскім, раскрываецца іх мастацка-культурнае значэнне. У кнізе змешчаны серыял жывапісных палотнаў "Радзіма Якуба Коласа" мастака У. Сулкоўскага з каментарыем аўтара ("Вяртанне на родны бераг"). Тэксты твораў і лістоў Якуба Коласа падабраны ўнучкай паэта В. Міцкевіч. Выданне дапаможа вучням і настаўнікам у падрыхтоўцы і правядзенні ўрокаў беларускай літаратуры, юбілейных мерапрыемстваў і проста будзе цікавая шанавальніку творчасці класіка беларускае літаратуры.

ЗМЕСТ

CD1. Новая зямля. Паэма
Друкуецца паводле выдання: Колас Я. Збор твораў: У 14 т. Т.6. Мінск: Мастацкая літаратура, 1974

Электроннае выданне. Дыск першы.

ПРАДМОВА

I. Леснікова пасада
II. Раніца ў нядзельку
III. За сталом
IV. На першай гаспадарцы
V. Пярэбары
VI. Каля зямлянкі
VII. Дзядзька-кухар
VIII. Смерць ляснічага
IX. Новы ляснічы
X. На панскай службе
XI. Дзедаў човен
XII. Сесія
XIII. Падгляд пчол
XIV. Дарэктар
XV. "Начаткі"
XVI. Вечарамі
XVII. Воўк
XVIII. Зіма ў Парэччы
XIX. На рэчцы
XX. Каляды
XXI. Таемныя гукі
XXII. На глушцовых токах
XXIII. Панская пацеха
XXIV. Вялікдзень
XXV. Летнім часам
XXVI. Агляд зямлі
XXVII. Па дарозе ў Вільню
XXVIII. Дзядзька ў Вільні
XXIX. На Замкавай гары
XXX. Смерць Міхала

КАМЕНТАРЫІ

Прадмова М. І. Мушынскага, доктара філалагічных навук, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, прафесара:

"ЯНА – АСНОЎНАЯ ПАЭМА ВА ЎСЁЙ МАЁЙ ТВОРЧАСЦІ"

Шматгранная літаратурна-мастацкая спадчына Якуба Коласа – гэта неад'емная частка духоўнага набытку беларусаў, невычэрпная крыніца мудрасці, хараства і прыгажосці. Тут скандэнсаваны неацэнны маральны вопыт, які назапашваўся працоўным людам на розных этапах сваёй гісторыі – у гады паднявольнага існавання і ў гады барацьбы за свабоду і нацыянальную незалежнасць. Вершаваныя і празаічныя творы Коласа прадэманстравалі невычэрпныя магчымасці мастацкага, вобразнага слова, аплодненага глыбокім і шчырым пачуццём любові да жыцця, да чалавека і роднай зямлі. Разам са сваімі вялікімі паплечнікамі – Янкам Купалам, Максімам Багдановічам, Максімам Гарэцкім – Якуб Колас узняў беларускае прыгожае пісьменства на новы ўзровень, перад усім светам годна сцвердзіў яго аўтарытэт. Неацэнная заслуга народнага Песняра ў абуджэнні нацыянальнай свядомасці беларуса, выхаванні патрыятызму, у абароне гуманістычных ідэй, агульначалавечых каштоўнасцей. Якуб Колас – духоўны настаўнік нацыі, нястомны змагар за адраджэнне нацыянальнай культуры, роднай мовы, беларускай школы, беларускага тэатра. Творы Коласа – гэта выдатная школа, у якой вучылася не адно пакаленне паэтычнай моладзі. Вучылася і працягвае вучыцца, бо для іх і "Новая зямля", і "Сымон-музыка" – непераўзыдзеныя ўзоры высокага мастацтва.

Сапраўды, "Новая зямля" – эпахальная з'ява не толькі ў гісторыі нацыянальнага ліра-эпасу, але і ў гісторыі духоўнай культуры беларускага народа. Больш за тое: Якуб Колас марыў, каб ягоны твор знайшоў свайго чытача не толькі на прасторах роднай Беларусі. У 1948 годзе ў лісце да галоўнага рэдактара выдавецтва "Советский писатель" П. І. Чагіна ён пісаў: "Лічу, што славянскімі народамі будзе з цікавасцю прачытана гэта паэма. Яна – асноўная паэма ва ўсёй маёй паэтычнай творчасці". Сваім "самым любімым творам" называў "Новую зямлю" М. І. Ісакоўскі, адзін з яе перакладчыкаў на рускую мову. Паэта захаплялі "першародная чароўнасць і зямная плоць верша Коласа і яго тонкая паэтычнасць".

Але глыбінны сэнс нацыянальнага шэдэўра не адразу быў раскрыты і спасцігнуты як літаратурнай крытыкай, так і шырокай чытацкай аўдыторыяй. Адпаведна і школьныя праграмы, падручнікі ў свой час па-рознаму тлумачылі ідэйную скіраванасць "Новай зямлі". Яно і зразумела: геніяльныя творы не толькі выяўляюць талент таго, хто даў ім жыццё,– у іх яшчэ адбіваецца духоўны патэнцыял народа, які спарадзіў мастака, вылучыў яго на ролю абаронцы ўласных інтарэсаў, выказніка запаветных памкненняў. Вось гэтае адчуванне арганічнай зрошчанасці з роднай глебай, з прыродай, сацыяльна-бытавым асяроддзем і дае творцу высокае натхненне, абуджае ў ягонай душы здольнасць інтуітыўна спасцігаць схаваны сэнс падзей, якія адбываюцца ў жыцці, асэнсоўваць іх вынікі, здольнасць прадбачыць, як тыя ці іншыя падзеі адаб'юцца на лёсе людзей, роднага краю. Талент прадбачання, сацыяльнага прагназавання – рэдкі талент. Неба адорвае ім нямногіх. Але і ўсведамленне адказнасці ў абраннікаў за слова, якое яны скажуць, надзвычай высокае.

Такім абраннікам з'яўляецца і аўтар несмяротнай "Новай зямлі". Як відаць з прыведзенага вышэй выказвання Якуба Коласа, ён усведамляў маштабнасць задумы ўласнага твора, яго мастацка-культурнае значэнне, месца ў нацыянальнай літаратуры і арганічную суаднесенасць з буйнымі эпічнымі жанрамі суседніх, перш за ўсё рускай і польскай, літаратур. Маштабнасць задумы якраз і прадвызначыла "паэмную" форму яе вобразнага ўвасаблення. Здавалася б, мастацкае асвятленне жыцця, побыту селяніна, становішча беларускай малазямельнай вёскі з яе сацыяльнымі кантрастамі, невырашальнымі пры несправядлівым грамадскім ладзе супярэчнасцямі і канфліктамі патрабуе жанравай формы, блізкай да празаічнага сацыяльна-бытавога твора, накшталт аповесці. Але Колас аддаў перавагу ліра-эпічнай паэме, якая вырастала з вершаванага апавядання.

На ўласным творчым вопыце Колас пераканаўся, што вузкія рамкі вершаванага апавядання не даюць магчымасці глыбока раскрыць шматгранную тэму пошукаў сялянствам шляхоў да лепшай долі. Для гэтага патрэбна была іншая, больш змястоўная форма, якая б дапамагла па-мастацку пераканальна раскрыць глыбінныя асновы народнага жыцця, у новым святле паказаць беларускага селяніна – не як пасіўную ахвяру эксплуататарскага ладу, неспрыяльных сацыяльных абставін і ўмоў, а як рэальную сілу гісторыі, як працаўніка з багатым унутраным светам, з неадольнай прагай волі, свабоды, з памкненнем мець уласную зямлю, быць яе гаспадаром. Такі погляд паступова выпрацоўваўся ў творчасці Коласа, паэта, празаіка, публіцыста, але ў паэме ён набыў новую форму свайго выяўлення – праз цэласную аўтарскую канцэпцыю ў завершаным, па-мастацку дасканалым маштабным творы. Гэтым самым аўтар "Новай зямлі" накрэсліваў вельмі перспектыўны шлях для ўсёй тагачаснай беларускай літаратуры, у тым ліку для яе жанравага абнаўлення, даваў паэтам, празаікам узор смелых і плённых мастацкіх пошукаў.

Лакалізаваўшы дзеянне ў паэме вакол "лесніковай пасады", Якуб Колас не збаяўся пагрозы звужанага, аднабаковага адлюстравання жыцця. Наадварот, пісьменніцкая засяроджанасць на побыце, норавах, звычаях, светаадчуванні і працы герояў твора якраз і дапамагла ўзняць "пасаду" і яе жыхароў на ўзровень вобразнай мадэлі нармальнага, гэта значыць духоўна прасветленага жыцця, пры якім захоўваецца і памнажаецца найболей каштоўнае з таго, што выпрацавана, назапашана папярэднімі пакаленнямі. Аўтар паэмы як сапраўдны народны Пясняр, глыбокі і мудры паэт-філосаф смела дастасаваў да сваіх герояў не вузкапобытавую, не рэгіянальную мерку, а мерку быційную, агульначалавечую, тую, што выпрацавана сусветнай літаратурай. І выявілася, што героі "Новай зямлі" гэтай мерцы цалкам адпавядаюць, паспяхова вытрымліваюць маштаб маральна-этычнага вымярэння, а сама мерка прыкладзена не штучна, а вельмі натуральна. З гэтага якраз і вынікае, што жыццё герояў паэмы, іхні паўсядзённы побыт, мары, надзеі, спадзяванні, здабыты ў працэсе працоўнай практыкі маральны вопыт, светапоглядныя прынцыпы, іхняе разуменне сэнсу жыцця, прызначэння чалавека маюць неацэнную каштоўнасць, непераўзыдзенае значэнне. Інакш кажучы, гэты вопыт можна супастаўляць з духоўным набыткам герояў тых твораў сусветнай літаратуры, якія складаюць яе залаты фонд.

У гэтым вопыце каштоўна, напрыклад, тое, што героі "Новай зямлі" жывуць у цесным адзінстве з прыродай. Палясоўшчык Міхал, яго брат Антось, члены сям'і ўспрымаюць прыроду як з'яву арганічную, унутрана ім блізкую. Жаданне справядлівасці, прага свабоды таксама імі разумеецца як штосьці вельмі натуральнае, уласцівае натуры чалавека. Таму і пачынаюць яны ў цяжкіх роздумах, сумненнях пакутліва шукаць выйсце. Гады доўгай паднявольнай службы ў пана-ляснічага прывялі Міхала да думкі: стаць свабодным, незалежным ад волі пана ён можа толькі тады, калі набудзе ўласную зямлю:

Купіць зямлю, прыдбаць свой кут,
Каб з панскіх выпутацца пут,
І там зажыць сабе нанова:
Свая зямля – вось што аснова!

Менавіта на ўласным зямельным надзеле, пабудаваўшы сваю хату, Міхал – так уяўлялася-мроілася яму – зможа нарэшце ажыццявіць запаветны, вынашаны ў душы ідэал жыцця ў працы без прымусу, ва ўзаемнай згодзе з суседзямі, у клопатах пра будучыню дзяцей:

Прытулак свой, куток уласны;
Такі ён мілы быў і красны,
Што наш Міхал там жыў душою,
Не знаў улады над сабою,
Апроч зямельнай той улады.
Завёў бы там сабе прылады
Ды жыў бы панам і не гнуўся,
Шырока б там ён разгарнуўся.

Наўрад ці знойдзецца ў былой савецкай літаратуры ранняга перыяду яе развіцця яшчэ адзін такога высокага мастацкага ўзроўню твор, дзе б з выключнай паслядоўнасцю сцвярджалася права чалавека на ўласную зямлю, права быць яе гаспадаром і свабодна працаваць на ёй.

Героі паэмы прывабліваюць высокімі маральнымі якасцямі, перш за ўсё – унутранай, душэўнай прыгажосцю, чалавечнасцю, прыстойнасцю, працавітасцю, павагай да зямлі-карміцелькі. Праца для іх – не праклён, а святы абавязак. Міхал цвёрда перакананы, што толькі працай рук сваіх, настойлівасцю ён дасягне пастаўленай мэты, разарве путы здзеку і няволі, крыўднай залежнасці ад тых, хто мае ўладу над бяспраўным хлебаробам. Гэту веру Міхал хоча прышчапіць дзецям і дасягае поспеху: мы бачым, што ў хаце лесніка пануе сапраўдны культ працы, кожны падлетак ведае свой абавязак і ў меру сіл дапамагае старэйшым. А таму і ўсталяваўся трывалы лад і парадак у вялікай Міхалавай сям'і, дзе "чатыры хлопцы, тры дзяўчаці". Там няма сур'ёзных канфліктаў, сварак, крыўды і непаразумення. Аб шырыні поглядаў Міхала на свет яскрава сведчаць і яго жаданне далучыць дзяцей да ведаў, пачцівае стаўленне да кнігі, у якой увасоблены багаты агульначалавечы вопыт ("Другое дзела – воласць блізка. // І то не дробная, брат, рыска; // Там школка ёсць, а дзецям трэба // Даўно навука і вучэба").

Дарослыя тактоўна, неназойліва, без лішніх павучанняў даюць дзятве прыклад і ўзор высокамаральных паводзінаў. Так, дзядзька Антось, "мілы наш Антоні", клапатлівы настаўнік, штукар, нястомны жартаўнік і майстар на ўсе рукі, добраахвотна адмаўляецца ад многіх радасцей і ўцех асабістага жыцця дзеля сям'і брата, дзеля шчаслівай будучыні яго дзяцей. Ідэя свядомай самаахвярнасці, усечалавечага братэрства скразным матывам праходзіць праз паэму і істотна паглыбляе аўтарскую маральна-філасофскую канцэпцыю.

У непасрэднай сувязі з вырашэннем героямі паэмы галоўнай, лёсавызначальнай задачы – набыць уласную зямлю – знаходзіцца і пытанне сэнсу іх жыцця, прызначэння ў свеце. Да чаго імкнецца панскі ляснік? Стаць багацеем, такім жа крыўдзіцелем, як новы пан-ляснічы Ракоўскі ("Рак-вар'ят. // Ці ж чалавек ён? азіят, // Душа зацятая, ліхая, // Такіх паноў і свет не знае")? Або ён прагне даказаць сваю перавагу над учарашнімі аднавяскоўцамі? Хоча ўзвысіцца над імі? Не, Міхал марыць пра тое, каб набыць статус свабоднага, незалежнага гаспадара і жыць паводле прынцыпаў справядлівасці на ўласнай зямлі і ў сваёй хаце. Так пад пяром мастака-гуманіста вобраз уласнай хаты ўздымаецца на ўзровень шырокага абагульнення, на ўзровень паэтычнага сімвала Бацькаўшчыны, а жыццё герояў ва ўласным доме, на ўласнай сядзібе ўвасабляе ажыццяўленне велічнага ідэалу пісьменніка-патрыёта – ідэалу паўнакроўнага жыцця народа ў сваім родным краі. Шматлікія ж раздзелы, у якіх маляўніча ўзноўлены побыт жыхароў "лесніковай пасады", іх паўсядзённыя клопаты, нечаканыя прыгоды і здарэнні – гэта і ёсць напаўненне сімвалічнага вобраза Беларускага нацыянальнага дома канкрэтна-жыццёвай рэальнасцю. Апаэтызаваны побыт беларускага селяніна-працаўніка надае асаблівую пераканальнасць аўтарскай ідэі нацыянальнага дома.

Гэтай жа мастацкай задачы служаць і фрагменты, прысвечаныя апісанню народных і рэлігійных святаў, такіх як Спас, Каляды, Вялікдзень. Міхалава сям'я, блізкія, сваякі і аднавяскоўцы, гаспадары суседніх хутароў пачціва ставяцца да народных звычаяў, да традыцый дзядоў і прадзедаў, падкрэсліваючы тым самым павагу да продкаў, гатоўнасць ушаноўваць іх памяць. Што ж датычыць непасрэдна свята, такога, напрыклад, як "падгляд пчол" з супольнай дзяльбой мёду, дык гэта своеасаблівы фестываль народнага мастацтва, прылюдная дэманстрацыя ўсяго найлепшага ў духоўнай культуры беларускага народа – дэманстрацыя таленту людзей працы, іхняга ўмення весяліцца, жартаваць, паказваць свой спрыт, артыстычныя здольнасці. Аптымізм, жыццялюбства, гумар і фальклорна-песенная стыхія пануюць у святочным застоллі. Характэрны штрых: хоць "леснікова пасада" знаходзіцца наводшыбе, не Міхал едзе да сваякоў у госці, а яны – як вернікі ў Мекку – прыязджаюць да яго, каб на ўлонні прыроды глыбей адчуць веліч і прыгажосць жыцця, ачысціцца душою і пазычыць у прыроды новых сіл.

Увогуле, разгорнутыя пейзажныя малюнкі адыгрываюць выключна вялікую ролю ў сэнсавым напаўненні вобраза Бацькаўшчыны, у наданні яму нацыянальнай непаўторнасці. Перад намі – сапраўдная энцыклапедыя беларускай прыроды. Але гэта – адметная энцыклапедыя. Своеасаблівасць яе абумоўлена жанравай структурай "Новай зямлі" менавіта як паэмы. Паэмны пачатак у творы Коласа праявіўся перадусім у паэтызацыі, у дадзеным выпадку – паэтызацыі з'яў прыроды, у імкненні аўтара не проста паказаць багацце і разнастайнасць пейзажных малюнкаў, а даць вобраз прыроды ў суадносінах з вобразамі галоўных дзейных асоб. Сімпатыі пісьменніка цалкам на баку Міхала, і таму ён шчыра спачувае яго пошукам і як бы прадбачыць ілюзорнасць лесніковых намаганняў. Матыў марнасці выразна прагучаў, напрыклад, у раздзеле "Воўк". І тут маўклівая прырода разам з палясоўшчыкам становіцца сведкай няшчаснага выпадку з ваўком, які нечакана трапіў у палонку і ў лёсе якога Міхал як бы ўбачыў прадказанне ўласнага лёсу.

Паэт-мысляр, цвярозы рэаліст, глыбокі знаўца псіхалогіі працоўнага селяніна, Якуб Колас заўжды імкнуўся быць верным жыццёвай праўдзе, што і абумовіла адну з найбольш прывабных рысаў паэмы як мастацкага твора. Сюжэтная лінія пошукаў зямлі разгортваецца ў рэчышчы глыбока рэалістычнай традыцыі. І гэтая лінія прасякнута выразным гуманістычным пафасам спачування заняволенаму чалавеку, які прагне свабоды. Герой Коласа разумее, што на шляху да волі і свабоды яго падсцерагаюць цяжкасці і выпрабаванні. Перш за ўсё перашкоды сацыяльнага характару: гэта і прававая бяспраўнасць чалавека, і жорсткасць, бяздушнасць чыноўнікаў, гатовых абабраць да ніткі селяніна, які збіраецца купіць зямлю праз банк. Але ж існавалі, апроч таго, яшчэ і цяжкасці псіхалагічна-бытавога, светапогляднага характару: брат Антось і жонка Ганна не адразу згадзіліся з Міхалам у яго поглядах на ўласную зямлю як на сродак вызвалення ад усіх бедаў і няшчасцяў. Ганна супраць намераў гаспадара прадаць той "пляц зямлі на чвэрць надзела", што дастаўся яму ў спадчыну, яна прапануе вярнуцца ў вёску і там пабудаваць хату, каб у дзяцей была страха над галавой, калі ляснічы выганіць Міхала са службы. Але з такой прапановай Міхал рашуча не пагаджаецца, бо гэта быў бы крах усіх яго спадзяванняў. Міхалу, які глядзіць далёка наперад і жыве клопатамі пра дзяцей, пра іх заўтрашні дзень, патрэбны не проста зямля і хата, а новая зямля і пабудаваная на ёй новая хата. Герой паэмы, зразумела, не адмаўляецца ад бацькоўскай спадчыны, але старога, гатовага, учарашняга яму ўжо недастаткова, ён хоча мець зямлю, набытую асабіста, за кошт уласнай працы. Вось такая змястоўная аўтарская трактоўка сюжэтнай сітуацыі, звязанай з формай і сродкамі набыцця героем зямлі, раскрывае глыбінны філасофскі сэнс назвы паэмы і сутнасць таго вялікага мастацкага адкрыцця, якое сабой уяўляе вобраз Міхала.

Звернем увагу на тое, што героі паэмы на працягу доўгага часу, а фактычна ўсяго сюжэтнага дзеяння, толькі шукаюць зямлю, распытваюць знаёмых, блізкіх і далёкіх, ці прадаецца дзе жаданая валока. Факт задоўжаных пошукаў – момант канцэптуальнага характару, бо пошукі – гэта і загартоўка ўласнага характару, псіхалагічнай гатоўнасці цярпліва зносіць крыўды, прыніжэнні, здзек, гэта і паступовае вызваленне ад рысаў пакорлівасці, страху перад крыўдзіцелямі. Падчас сямейнай гаворкі Міхал малюе пляц зямлі каля Заблоння фарбамі паэта:

А чорны грунт – дванаццаць цалей!
Жыта там родзяцца на дзіва:
Як едзеш між хлябоў вясною,
Ў іх конь хаваецца з дугою!
А з ячмянёў вары хоць піва.
Грэчка, аўсы растуць, як лозы,–
Не то, што ў нас: адны занозы
Пад кіпці ты панаганяеш,
Пакуль дзве жмені нажынаеш.

Прысутныя ў хаце слухаюць бацьку, "як бы ксяндза таго казанне". Але ж той зямлі Міхал асабіста не бачыў, што не перашкаджае яму, аднак, ствараць ва ўяўленні і дарослых, і дзяцей велічны малюнак райскага куточка:

Сама зямля без гною тлуста,
І надта родзіцца капуста:
З вядро галоўкі вырастаюць,
З трох коп кадушку накладаюць!
А мак! а рэпа! морква, бручка!
А буракі, гуркі, пятрушка –
Ўсяго, ўсяго, ну, проста – страх!
Ўсё там расце, як на дражджах.

Прыёмам свядомага перабольшання, непрыхаванай паэтызацыяй аўтар выявіў і наглядна паказаў агульнасялянскі ідэал, запаветную мару хлебароба. І разам з тым тут гучыць ледзь улоўны матыў сумнення ў магчымасці ажыццявіць светлую мару. Невыпадкова і тое, што апаэтызаваная і доўгашуканая валока, якую Міхал з Антосем гатовы набыць, аказалася вельмі далёка ад "лесніковай пасады": толькі "на трэццю ранічку да дня... Яны прыклыгалісь да мэты". І ў гэтым факце аддаленасці запаветнай зямлі таксама схаваны глыбокі сэнс... І хоць неўзабаве цяжкая хвароба, а пасля і смерць скасавалі велічныя памкненні Міхала, пакутніка і цярпліўца, перашкодзілі сцвердзіць сябе як свабоднага гаспадара ўласнай зямлі, яго надзея не памерла. У хвіліны скону Міхал дае наказ-запавет Антосю "як лепшаму брату, як роднаму сыну" працягваць перарваны шлях пошукаў, адбудаваць зямлю "на новы лад, каб жыць нанова". Ідэя братэрства, непарыўнасці роду мужных, мэтанакіраваных людзей прагучала і ў самы трагічны для герояў час.

Створаны Якубам Коласам вобраз Міхала – яскравы наватарскі вобраз-тып беларуса, які нясе ў сабе лепшыя рысы нацыянальнага характару – працавітасць, прагу свабоды і справядлівасці, высакародства, высокую духоўнасць, цярплівасць, дабрыню і пачуццё чалавечай годнасці, жаданне жыць у згодзе з суседзямі, дапамагаць бліжняму. Сама ж паэма ўспрымаецца як гімн жыццю, гімн чалавеку, які імкнецца пранікнуць у таямніцы жыцця, зразумець яго законы і кіравацца імі, каб апраўдаць перад Богам сваё зямное існаванне. Героі "Новай зямлі", ставячыся да жыцця з глыбокай пачцівасцю, разам з тым не пасіўныя сузіральнікі, не фаталісты. Яны выяўляюць актыўныя адносіны да рэчаіснасці, ухваляюць таго, хто мае вялікую жыццёвую мэту і самааддана ідзе да яе ажыццяўлення. Але для іх прынцыпова важна, каб у імкненні да ідэалу ніхто не парушаў пісаныя і няпісаныя законы жыцця і маральныя запаветы продкаў. Абарона жыцця, абарона чалавека як духоўнай істоты, як суверэннай асобы і найвялікшай каштоўнасці свету якраз і складае асноўны пафас гуманістычнай канцэпцыі "Новай зямлі".

Прасторны шлях! калі ж, калі
Ты закрасуеш на зямлі
І злучыш нашы ўсе дарогі?

У гэтых пранікнёных завяршальных радках выразна прагучаў глыбокі, непадробны сум вялікага беларускага мастака па агульначалавечай еднасці, па вольным, свабодным і шчаслівым жыцці, па агульналюдскай салідарнасці і ўзаемапаразуменні. І тое, што Колас, заканчваючы паэму ў 1923 годзе, не паддаўся зваблівай спакусе "ўзбуйніць" філасофскую канцэпцыю твора ідэяй неабходнасці сілавога, прымусовага, дзейсна-рэвалюцыйнага вырашэння сацыяльнага канфлікту, а аддаў перавагу эвалюцыйнаму, мірнаму шляху,– робіць яму гонар як мастаку, як выдатнаму прадаўжальніку лепшых гуманістычных традыцый сусветнай літаратуры.

Ідэйна-філасофская глыбіня "Новай зямлі", як і адметнасць яе формы, спасцігалася даследчыкамі паступова. Імкненне вульгарна-дагматычнай крытыкі даказаць памылковасць абранага героем шляху не прайшло бясследна. Увага засяроджвалася пераважна на фабульным, падзейным плане. А вось сімвалічны, іншасказальны план, асацыятыўнасць, падтэкставая глыбіня і тое, што сапраўдны мастацкі твор – заўжды метафара, якая патрабуе тонкага падыходу ў працэсе яе расшыфроўкі, удумлівага спасціжэння закладзенага ў ёй сэнсу,– усё гэта ігнаравалася. Нярэдка і ў сучасных даследаваннях, напрыклад, раздзел "Дзедаў човен" найчасцей выкарыстоўваецца пры аналізе вобраза Антося як чалавека, схільнага да выдумкі, рознага роду эксперыментаў. Сапраўды, у раздзеле нямала элементаў займальнасці, прыгодніцтва, але аўтарскі жартаўліва-гумарыстычны расповед прасякнуты глыбокай думкай. Нечаканы фінал спараджае пытанне: чаму Антосю не ўдалося выплысці на вялікую ваду, накіравацца ў сапраўднае плаванне? Напэўна, таму, што спроба рэстаўрацыі старога чоўна – як сімвала старога свету, які адыходзіць у нябыт,– логікай жыцця асуджана на няўдачу. І сам Антось паўстае перад дзятвой як "цар без кароны" і мае "выгляд мокрае вароны".

А раздзел "Пярэбары" – гэта не толькі сумны малюнак вымушанага перамяшчэння сям'і лесніка з абжытага месца ў глухое, закінутае. Глыбокім падтэкстам праз аўтарскі аповед праходзіць думка аб трагічным становішчы беларускага народа, які ва ўласным краі не з'яўляецца гаспадаром. Ён тут хутчэй часовы жыхар, вечны перасяленец, выгнаннік, бежанец. Чалавек, у якога няма сталага месца жыхарства, уласнага Дома. Працай беларуса-гаротніка карыстаюцца гаспадары жыцця, а калі ён цяжкімі намаганнямі ператварыў закінутае, неўрадлівае поле ў прыдатны для жыцця кут, яго выганяюць. У роспачы Міхал усклікае:

Рабі, працуй, кладзі ты сілы
У гэты дол чужы, пастылы
І горкім потам аблівайся;
Зрабіў парадак – выбірайся
Ды йзноў ідзі адсюль у госці...

Характэрна, што месца, дзе ляснік Міхал жыў да пярэбараў у Парэчча, Якуб Колас называе "гняздом": "Зжывалісь з месцам, прывыкалі. // Гняздо старое забывалі". Ёсць тут і іншыя, не менш шматзначныя азначэнні: "Было ўсё зрушана, сарвана...", "Ўсё тут было параскідана, // Ўсё не на месцы, не прыбрана". Вобраз "пакінутага гнязда", як і вобраз Купалавага "раскіданага гнязда",– істотны кампанент вобразнай сістэмы "Новай зямлі". І гэтае перагукванне двух геніяльных твораў мае глыбокі сэнс.

"Новая зямля" – гэта твор невычэрпнай вобразна-сэнсавай глыбіні. Галоўная кніга не толькі творчасці Якуба Коласа, але і ўсяго беларускага прыгожага пісьменства. Вечная кніга.

CD1. Уладзімір Сулкоўскі. Серыял жывапісных палотнаў "Радзіма Якуба Коласа"
Серыял жывапісных палотнаў з'яўляецца ўласнасцю Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

Прадмова Уладзіміра Сулкоўскага:

ВЯРТАННЕ НА РОДНЫ БЕРАГ

Радзіма Якуба Коласа. Хата пісьменніка.

У творчасці кожнага мастака абавязкова знойдзецца тэма, якая яго хвалюе больш за іншыя і да якой ён звяртаецца неаднойчы. Для мяне такою невычэрпнаю крыніцаю натхнення з'яўляецца творчасць Якуба Коласа. Дзесяткі маіх карцін, прысвечаных паэме "Новая зямля", трылогіі "На ростанях", ствараліся доўга і няпроста на працягу дваццаці гадоў.

Першае маё знаёмства з творамі паэта адбылося ў школе – гэта былі вершы, урыўкі з паэмы "Новая зямля". Моцнае жаданне стаць мастаком яшчэ з маленства падштурхоўвала шмат маляваць, асабліва краявіды, у якіх захапляла патаемнае жыццё прыроды, і, можа, таму так лёгка "клаліся на душу" паэтычныя радкі пейзажнай лірыкі Якуба Коласа.

Кожнае лета я праводзіў на Кобрыншчыне, дзе жыла мая бабуля. Вёска знаходзіцца на маляўнічым беразе Мухаўца. Там было многа старых хат, яшчэ можна было на святы бачыць бабулек у прыгожых палескіх строях, чуць песні, якія западалі ў душу назаўсёды. Я рабіў этнаграфічныя замалёўкі, дый усё, што нагадвала пра даўніну, мяне вельмі хвалявала. Я адкрываў сваё Палессе, адкрываў радзіму маю і маіх родных.

Там, у вёсцы, прыйшло захапленне трылогіяй "На ростанях", асабліва яе першай часткай "У палескай глушы", паводле якой я пасля напісаў нямала карцін, сярод іх "Люсінскае наваколле. (Целяшоў дуб)", "Ядвіся".

Радзіма Якуба Коласа. Калыска.

Пра паэму "Новая зямля", якую я прачытаў ужо ў старэйшых класах школы, мушу сказаць асобна. Гэта паэма зрабіла моцны ўплыў на ўсю маю творчасць, і пазней, пасля першага курса мастацкага інстытута (летам 1969 года), я цвёрда вырашыў напісаць многа-многа карцін, прысвечаных ёй. З таго часу я пачаў мэтанакіравана вандраваць па сваім Палессі, цэлымі месяцамі жыў і маляваў у самых розных кутках Брэстчыны і Гомельшчыны, вышукваючы адгалоскі даўніны. Шмат маляваў бабулек у строях, сівых дзядоў, сялянскія інтэр'еры, разумеючы, што ўсё гэта спатрэбіцца, калі буду працаваць над карцінамі, прысвечанымі творчасці Якуба Коласа. Я выканаў тады цэлы шэраг кампазіцый ды сялянскіх інтэр'ераў да канкрэтных твораў паэта, у якіх імкнуўся перадаць тую атмасферу, якой "дыхалі" героі твораў Якуба Коласа.

Пошукі працягваліся – я пачаў мэтанакіравана рыхтавацца да працы над серыялам, прысвечаным паэме "Новая зямля". У 1974 годзе пасля заканчэння інстытута падзяліўся гэтай марай з сынам Якуба Коласа Данілам Канстанцінавічам Міцкевічам (у той час ён быў дырэктарам Літаратурнага музея Якуба Коласа). Праз два гады я ўжо мог запрасіць яго на сваю персанальную выставу, цалкам прысвечаную творчасці Якуба Коласа. Супрацоўнікі музея на чале з Данілам Канстанцінавічам выставу ўважліва агледзелі і грунтоўна абмеркавалі. Трэба зазначыць, што з таго часу Даніла Канстанцінавіч з'яўляўся маім добрым дарадчыкам ва ўсім, што тычыцца творчасці і жыцця Якуба Коласа, добразычлівым крытыкам, а часта і першым гледачом маіх палотнаў.

Радзіма Якуба Коласа. Інтэр'ер.

Пачалося цеснае супрацоўніцтва з музеем. Коласаўцы бралі мяне з сабою ў шматлікія паездкі на радзіму паэта, падтрымлівалі мае творчыя задумы.

Больш за дзесяць гадоў дапамагаў "ужывацца" ў коласаўскую тэму Генадзь Тумаш, паэт і тагачасны супрацоўнік музея. Многа дало ў гэтым плане і блізкае знаёмства з братам і сёстрамі Якуба Коласа: дзядзькам Юзікам, цёткаю Маняю і цёткаю Аленаю, пра якіх я напісаў карціну "Успамін".

Не забудуцца шматлікія вандроўкі разам з дзядзькам Юзікам, адным з герояў паэмы "Новая зямля", і Генадзем Тумашам па родных мясцінах паэта. Прыходзім, напрыклад, у Бервянец, дзе славутыя дубы,– і чарадзей-чытальнік дзядзька Юзік пачынае дэкламаваць амаль усё, што напісана Якубам Коласам пра гэту мясціну, а ты, мастак, толькі глядзі, слухай ды натхняйся.

Ішоў час, я пачаў пакрысе "саспяваць" для стварэння цыкла, прысвечанага паэме "Новая зямля". Аднойчы Генадзь Тумаш прапанаваў мне пашырыць серыял, пайсці па шляху стварэння навукова абгрунтаваных пейзажаў-рэканструкцый, інтэр'ераў-рэканструкцый, і не толькі тых, што згадваюцца ў паэме, але і тых, пра якія пішацца ў трылогіі "На ростанях", пад агульнай назваю "Радзіма Якуба Коласа". Мяне крыху збянтэжыла такая прапанова: асцерагаўся, каб у выніку фактаграфічнай працы творы не сталі зусім "сухімі" ды маламастацкімі. Пасля захапіўся гэтай ідэяй, бо знайшоў адзін ход, які мог, на маю думку, аб'яднаць і ўзбагаціць пейзажныя творы, надаць ім паэтычнасць: на пейзажах павінна быць многа неба.

Вобраз неба праходзіць праз многія творы Якуба Коласа, займае значнае месца ў ягонай паэзіі. Такое адчуванне прыгажосці неба, яго касмічнасці я знаходзіў яшчэ хіба ў Лермантава ды Міцкевіча. У адрозненне ад іх (напрыклад, у паэме Адама Міцкевіча "Пан Тадэвуш" шматлікія апісанні неба падаюцца паэтам-эстэтам, нават паэтам-жывапісцам) у творах Якуба Коласа вобраз неба адлюстроўваецца ўжо не толькі ў аўтарскім бачанні, але і ў бачанні простага селяніна, душа якога адкрыта для ўспрымання прыгажосці.

Радзіма Якуба Коласа. Працоўны стол.

У 1986 годзе я пачаў працу, якая доўжылася тры з паловаю гады. За гэты час быў створаны серыял з 23 карцін. Каб кожны дзень бачыць Нёман, Высокі Бераг, Бервянец нават з акна, я пераехаў на многія месяцы жыць у Смольню. Кожны прыезд у гэтыя чароўныя мясціны – нібыта вяртанне да нечага роднага, добра знаёмага яшчэ з дзяцінства. Ходзіш навакольнымі сцяжынамі – і ў душы нарастае адчуванне: тут хадзіў сам Пясняр, тут, на беразе Нёмана, нараджаліся неўміручыя радкі яго паэзіі, тут марыў ён пра лепшую долю Бацькаўшчыны. Стаіш каля магутных волатаў-дубоў у Бервянцы – і самі сабою наплываюць паэтычныя радкі пра срэбраводны Нёман. I ўжо глядзіш на наваколле не проста як на вельмі прыгожы ландшафт, але і як на нешта большае, адчуваеш сваю непарыўную лучнасць з гэтай непаўторнай прыгажосцю роднай зямлі.

Я мару пра тое, каб такія ж светлыя, высокія пачуцці, такое ж хваляванне ахоплівала і тых, хто будзе ўглядацца, пранікаць у свет маіх карцін. Каб у кожнага, як і пасля прачытання коласаўскіх радкоў, з'яўлялася жаданне вярнуцца на свой родны бераг, узнікала адчуванне сваёй еднасці з родным кутом, з роднаю Беларуссю.

CD2. На росстанях. Трылогія
Друкуецца паводле выдання: Колас Я. Збор твораў: У 14 т. Т.9. Мінск: Мастацкая літаратура, 1975

Электроннае выданне. Дыск другі.

ПРАДМОВА

КНІГА ПЕРШАЯ. У палескай глушы

КНІГА ДРУГАЯ. У глыбі Палесся
Частка першая. На бацькаўшчыне
Частка другая. На новым месцы

КНІГА ТРЭЦЯЯ. На ростанях
Частка першая. Верхань
Частка другая. На крыжовых дарогах

КАМЕНТАРЫІ

Прадмова М. І. Мушынскага, доктара філалагічных навук, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, прафесара:

ІНТЭЛІГЕНЦЫЯ І НАРОД НА ЗЛОМЕ ГІСТАРЫЧНАЙ ЭПОХІ:

Пошукі шляхоў у будучыню

Аповесці "У палескай глушы" (1921 – 1922) і "У глыбі Палесся" (1926 – 1927) працягвалі распрацоўку праблематыкі твораў "малой прозы", паэм "Новая зямля", "Сымон-музыка". Унутраная блізкасць, духоўная пераемнасць галоўнага героя палескіх аповесцей з героямі апавяданняў і паэм відавочная. Разам з тым гэта быў новы крок у творчым развіцці пісьменніка, у ягоным пошуку новых форм адлюстравання сацыяльнай рэчаіснасці, паколькі Якуб Колас упершыню звярнуўся да жанру аповесці.

Цікавасць Коласа да тэмы жыцця і працы вясковай інтэлігенцыі не была актыўна падтрымана літаратурнай крытыкай 20-х і асабліва 30-х гадоў, бо гэтая тэма, згодна з тагачаснымі ідэалагічнымі ўстаноўкамі, нібыта не адпавядала магістральнаму кірунку развіцця новага мастацтва з тае прычыны, што пісьменнік ідэалізаваў інтэлігенцыю як рухальную сілу рэвалюцыйнай барацьбы, нібыта недаацэньваў ролю рабочага класа і прапагандаваў шкодную "нацдэмаўскую" ідэю самабытнасці Палесся. Не быў належным чынам ацэнены і аўтарскі падыход да раскрыцця абранай тэмы. А падыход да тэмы, трактоўка вобраза галоўнага героя сапраўды вызначаліся навізной: Якуб Колас абраў жанравую форму сацыяльна-псіхалагічнай аповесці з шырокім выкарыстаннем аўтабіяграфічнага матэрыялу. Такі шлях і насамрэч быў новы, бо сталай традыцыі мастацкага псіхалагізму, традыцыі псіхааналізу ў "вялікай прозе" беларуская літаратура на пачатку 20-х гадоў яшчэ не выпрацавала. І пісьменнік непазбежна вымушаны быў ісці непратаптанай сцежкай. Перад ім паўстала няпростая задача: намаляваць паўнакроўны вобраз перадавога беларускага інтэлігента, які настойліва шукае адказу на пытанне, як палепшыць жыццё народа. На пачатковым этапе сваёй дзейнасці Лабановіч асноўным сродкам паляпшэння лічыць асвету, абуджэнне грамадскай свядомасці працоўнага чалавека, выхаванне ў яго пачуццяў самапавагі і ўласнай годнасці. І свой чалавечы абавязак настаўнік Цельшынскай школы бачыў у тым, каб рыхтаваць вучняў да самастойнай працы. "Вашы дзеці... граматнымі стануць, будуць кнігі, часопісы чытаць, навучацца, як лепей каля зямлі хадзіць, каб карысці з яе болей было, бо ўсё ж паляпшэнне ў жыцці ад навукі ідзе", – тлумачыць Лабановіч палешуку Сцяпану Рылку неабходнасць школьнай адукацыі. Псіхалагічна апраўдана тое, што ў першы дзень сустрэчы з цельшынскай дзятвой настаўнік разгарнуў намечаную праграму асветнай дзейнасці – абуджаць у вучняў крытычны розум, "каб да кожнай з'явы і факта яны падыходзілі з пытаннем – як выніклі? у чым іх прычына? І, наогул, каб да ўсяго падыходзілі свядома". Тут герой Якуба Коласа выступае як перакананы асветнік, для якога прымусовае падаўленне волі чалавека ў прынцыпе непрымальнае. Павага да чалавечай асобы і да жыцця – вызначальная рыса характару Лабановіча. "Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар", – разважае настаўнік на адзіноце. І гэта – яскравае пацвярджэнне яго высокага інтэлектуальнага і духоўнага патэнцыялу.

З такім жа захапленнем ставіцца Лабановіч і да прыроды, характарызуючы яе як найцікавейшую кнігу, якая разгорнута перад вачамі кожнага з нас. Пазнанне таямніц, сакрэтаў прыроды, адгадка яе "мнагалучных напісаў" – таксама сапраўднае шчасце. Адно толькі азмрочвае чалавечую радасць, вымушаны прызнаць настаўнік, – усведамленне хуткаплыннасці жыцця, празмерна кароткі тэрмін, адмераны кожнай асобе, каб яна паспела ўдосталь "начытацца гэтай кнігай". Перад чытачом, як бачым, паўстаў не па гадах сур'ёзны чалавек, думкі якога скіраваны на складаныя маральна-этычныя, быційныя праблемы.

Аўтар аповесці пераканаўча паказаў, што прыродны розум, закладзенае хатнім выхаваннем пачуццё справядлівасці, сумленнасць, павага да працоўнага чалавека, аналітычныя здольнасці дапамаглі настаўніку даволі хутка вызначыць лінію асабістых паводзінаў і разабрацца ў людзях рознага сацыяльнага стану – сялянства, чыноўнага люду, духавенства. Разгляд многіх канкрэтных спраў і ўчынкаў Лабановіча пацвердзіць шчырасць яго пачуццяў да жыхароў Цельшына. І яны адказвалі яму ўзаемнасцю. "Цэлыя вечары праседжваў ён у сялянскіх хатах, прыглядаючыся да жыцця палешукоў. Яго тут прымалі і спатыкалі прыветна, з ахвотаю падтрымлівалі гутарку аб розных справах". Настаўніка прываблівалі мудрасць "балотных людзей", загартаваных суровай прыродай Палесся, іх працавітасць, цярплівасць, з якой яны пераносілі нялёгкія выпрабаванні лёсу. Для характарыстыкі Лабановіча як асобы важна тое, што ён, атрымаўшы адукацыю ў казённай установе, разумеў сацыяльныя прычыны цемнаты, забабоннасці, нізкага ўзроўню побытавай культуры палешукоў, грамадскай пасіўнасці, імкнуўся ўнесці промень святла ў душу вясковага жыхара. Менавіта з-за розных поглядаў на гэтыя пытанні і адбылося яго разыходжанне з калегамі і з чыноўнікамі розных рангаў – з настаўнікам Саханюком, з пісарам Дубейкам, з чыгуначным служачым Сухаваравым, якія пагардліва ставіліся да селяніна. Абмалёўцы гэтых персанажаў аддадзена значная пісьменніцкая ўвага, паколькі менавіта яны стваралі грамадскі, побытавы асяродак, неабходны жанру аповесці.

Пастаўленая пісьменнікам задача – сродкамі рэалістычнага пісьма даць вобраз галоўнага героя, характар якога фарміруецца ў практычнай дзейнасці і ва ўзаемаадносінах з сацыяльным асяроддзем, – не магла быць паспяхова вырашана, калі б аўтар аповесці абмежаваўся толькі сферай грамадскай, асветнай працы героя. Інакш кажучы, выхад Лабановіча на асабістыя, прыватныя стасункі быў зусім натуральны, прадыктаваны логікай яго духоўнага станаўлення. І ў гэтых узаемаадносінах герой таксама раскрываўся як неардынарная асоба, сапраўдны інтэлігент, як жывое ўвасабленне рысаў нацыянальнага характару беларуса, носьбіт народных уяўленняў аб высакародстве, чалавечай годнасці і самапавазе. У сваю чаргу сюжэтная лінія прыватнага жыцця Лабановіча надала аповесці адпаведную цеплыню, узмацніла ў ёй лірычную плынь, аўтарскі аповед набыў яшчэ болей шчырае, даверлівае гучанне. Стыль твора ўзбагаціўся новымі выяўленчымі сродкамі, ён стаў болей шматфарбным. Так, пры першай сустрэчы на чыгунцы з незнаёмай дзяўчынай мы бачым далікатнага, сарамлівага юнака, які тонка адчувае дзявочую прыгажосць, прывабную сілу хараства. І другі раз убачыўшы Марыну, Лабановіч не мог не аддаць належнае яе абаяльнасці. Ён знаходзіць дакладныя словы, каб намаляваць партрэт дзяўчыны. І тут на першы план вылучае ўнутраныя якасці панны – дабрыню, строгасць і стрыманасць, г. зн. рысы характару, якія адпавядалі ягонаму эстэтычнаму густу. Але захапленне Марынай не перарасло ў вялікае пачуццё. Тое ж трэба сказаць і пра "завітанскую чараўніцу" Людмілу.

Такой дзяўчынай, якая змагла паланіць Лабановіча, завалодаць яго сэрцам, аказалася шаснаццацігадовая дачка пана падлоўчага Ядвіся. Надзелены ад прыроды тонкай назіральнасцю, Лабановіч паказаў сябе таленавітым псіхолагам-фізіянамістам: па выразу твару ён даволі дакладна вызначыў і ўласцівую дзяўчыне жыццярадаснасць, светлы погляд на рэчаіснасць, і цяжар, які прыціскаў яе долу. А народжаны быў цяжар заўчаснай смерцю маці, зведзенай у магілу дэспатызмам пана падлоўчага. Боязь падзяліць трагічны матчын лёс, страх перад жорсткім бацькам негатыўна адбіваюцца на душэўным стане Ядвісі – звязваюць яе душэўныя рухі, не даюць магчымасці быць свабоднай у выяўленні пачуццяў. Старонкі, на якіх адлюстраваны ўзаемаадносіны Лабановіча і Ядвісі, іх кароткія сустрэчы, дасціпныя, поўныя гумару размовы, сапраўдныя ці знарочыстыя спрэчкі, – гэта высокая мастацкая аналітыка, сталая аналітычная проза. Менавіта тут Якуб Колас дэманстраваў наватарскую сутнасць свайго твора, накрэсліваў тагачаснай беларускай прозе плённы шлях развіцця – шлях глыбокага пранікнення ў непаўторны ўнутраны свет асобы, якая фарміруецца ў пэўных грамадскіх умовах, у канкрэтных рэгіянальных, побытавых абставінах. Гэтыя абставіны, безумоўна, накладваюць свой адбітак на характар чалавека, на яго светаўспрыманне. Узаемаадносіны Лабановіча і Ядвісі яскрава пацвярджаюць справядлівасць сказанага. Узаемаадносіны гэтыя няпростыя, бо за імі стаяць розныя характары. Так, малады настаўнік усёй душой цягнецца да "лепшай, прыгажэйшай краскі Палесся", балюча перажывае праявы няўважлівага да сябе стаўлення з боку дзяўчыны, якая нясе ў сабе розныя пачаткі – здольнасць радавацца і смуткаваць, быць сур'ёзнай і бесклапотнай, засяроджанай і чулліва-гарэзлівай.

Прырода супярэчлівасці самога Лабановіча, якая выяўлена ў аповесці з выключнай мастацкай пераканальнасцю, з глыбокім пранікненнем у псіхалогію, іншая, чым у Ядвісі. Пасіўнасць настаўніка, унутраныя хістанні, нават яго знарочыстая крыўдлівасць, падсвядомае жаданне таго, каб узаемаадносіны з паненкай засталіся няпэўнымі, тлумачыліся бояззю страціць перспектыву. Лабановіч баяўся, што калі ён звяжа свой незайздросны лёс вясковага настаўніка з лёсам дзяўчыны, дык тым самым адсячэ "сабе дарогі да далейшага дасягнення тых мэт, якія меў ён на ўвазе". Гэтыя мэты фармулююцца даволі шырока: "Яго цягнула вольная праца ў невядомых прасторах людскога жыцця, яму хацелася пашырыць свой кругагляд, набыць тыя веды, якіх яму так бракавала. Яго, наогул, захапляла і вабіла жыццё з прынаднымі малюнкамі і таемнымі чарамі".

Згаданыя разважанні героя наводзяць на думку, што яму ўласцівы рацыяналістычны склад мыслення і што эмацыйна-пачуццёвую стыхію ён умеў утаймоўваць. Ды, напэўна, Лабановіч псіхалагічна яшчэ не быў гатовы браць на сябе адказнасць за лёс іншага чалавека. Бясспрэчна адно: аўтар аповесці імкнуўся намаляваць вобраз жывога чалавека, стварыць паўнакроўны характар, пазбегнуць схематызму, зададзенасці, спрошчанага падыходу, аднапланавай, аднамернай трактоўкі паводзінаў і ўчынкаў. Гэта якраз і было дасягнута пісьменнікам, што і прадвызначыла мастацкі ўзровень твора і псіхалагічную пераканальнасць характару Лабановіча.

Істотнай для аўтара сацыяльна-псіхалагічнай аповесці была неабходнасць паказаць героя ў развіцці, у станаўленні. Трэба было адцягненыя мары гэтага героя пра "вольную працу ў невядомых прасторах людскога жыцця" напоўніць рэальным зместам, канкрэтнай грамадскай практыкай. Менавіта нястомныя памкненні Лабановіча да пошуку сэнсу быцця, да спасціжэння таямніц прыроды і складаюць галоўную рысу ягонага характару. Гэтая якасць наглядна выявілася падчас візіту Лабановіча да свайго семінарскага таварыша Турсевіча. Так, у размове з Турсевічам цельшынскі настаўнік выказаў думку аб тым, што "прырода мае нейкае сваё свядомае жыццё" і можа выпраменьваць пазітыўную, жыццятворную альбо негатыўную энергію. Нездарма ж, зазначае ён, "ёсць такія мясціны, дзе птушкі не хочуць гняздзіцца і спяваць, а стараюцца абмінаць іх". Блізкімі аказаліся і погляды абодвух на прычыны грамадскай пасіўнасці беларусаў, якія цярпліва зносяць абразлівае стаўленне да іх нацыянальнай годнасці. "Кожны народ мае свой гонар... А мы, беларусы, не адважваемся прызнацца ў тым, што мы – беларусы. Бо на галаву беларускага народа, як вядома, многа выліта памыяў, годнасць яго прыніжана і мова яго асмеяна, у яго няма імя, няма твару. А з гэтага вынікае тое, што беларус-інтэлігент адмяжоўваецца не толькі ад свайго народа, але і ад бацькоў сваіх".

Але настаўнікі не былі паслядоўнымі аднадумцамі. Яны, напрыклад, разышліся ў поглядах на філасофскае пытанне: "Чаго чалавек на свеце жыве" – каб прыносіць карысць грамадству ці дзеля задавальнення асабістых патрэбаў? Майстэрства Коласа-псіхааналітыка выявілася ў тым, што ён не пайшоў па лініі дэкларацыйнай падтрымкі прыярытэтнасці "ідэі агульнага дабра", а паказаў выключную складанасць і супярэчлівасць характару чалавека: у далейшым не Турсевіч, а менавіта Лабановіч свядома стаў на шлях актыўнай барацьбы за інтарэсы народа. Гэта значыць, першы гучна дэклараваў неабходнасць змагання, а другі на практыцы ажыццявіў важныя маральна-этычныя прынцыпы.

Сустрэча Лабановіча з Турсевічам стала значнай падзеяй у яго духоўным развіцці, а гутаркі-спрэчкі адыгралі ролю каталізатара працэсу духоўнага развіцця. Настаўнік апынуўся перад неабходнасцю перагледзець некаторыя ранейшыя мэтавыя ўстаноўкі і выпрацаваць новую "жывую ідэю". І ўсведамленне такой неабходнасці не засталося толькі намерамі. А гэта і было праявай яго духоўнага развіцця. Інакшымі сталі погляды на "цесную школу", на "палескую глуш". Адразу па прыездзе ў Цельшына ўчарашні семінарыст паэтызаваў "гэты глухі куток Палесся", спрачаўся з тымі, хто не хацеў бачыць хараства "гэтага некранутага краю старажытнасці". Цяпер думка Лабановіча ідзе ў глыбіню, а ягоныя высновы грунтуюцца на аналізе той ці іншай з'явы, на высвятленні прычын, якія яе выклікалі. А прычыны гэтыя звычайна не ляжаць на паверхні, яны схаваныя. Вось і "трагедыю чалавечай душы" першай жонкі падлоўчага Лабановіч ускосна звязвае з "палескай глушшу", з тамтэйшай атмасферай, замкнёнасцю жыццёвага ўкладу, бояззю вынесці сямейныя праблемы на людзі. І ўласным становішчам настаўнік аказаўся незадаволены, а сваю працу характарызуе як "мала вартоўную", адчуваючы пагрозу "павольнага ўмірання душы і зацягвання цябе балотам".

Яшчэ адной прычынай песімістычнага настрою Лабановіча было пасіўнае стаўленне цельшынскага вясковага люду да гутарак, з якімі ён выступаў у надзеі абудзіць іх свядомасць, актывізаваць на нейкія канкрэтныя справы, учынкі. Але ягоны заклік – "чалавек павінен імкнуцца, каб жыццё было добрае і карыснае", – не знаходзіў жаданага водгуку. Нават спробу звесці рахункі з жыццём у хвіліны нервовай узрушанасці настаўнік гатовы быў ажыццявіць. Але прага жыцця перамагла чорнае насланнё, ён "адкінуў ад сябе рэвальвер", адагнаў "нядобрыя мыслі", якія маглі штурхнуць яго ў "страшны круг", адкуль няма выйсця.

Для разумення аўтарскай ідэйна-мастацкай канцэпцыі – гуманістычнай канцэпцыі абароны чалавека, абароны хрысціянскіх духоўных каштоўнасцей, маральна-этычных асноў народнага жыцця – істотнае тое, што нябачную дапамогу настаўніку аказала бабка Мар'я. Добрым сэрцам яна адчула небяспечныя намеры паніча і звярнулася да традыцыйна народных сродкаў – да магічнага слова. "І ведаеце, панічыку, – таемна прамовіла бабка, – я ізноў вам шаптала! ...шаптала вам, бо мне стала вас шкада... Каб адхіліліся ад вас нядобрыя мыслі".

Вобраз школьнай старожкі нясе ў аповесці значную сэнсавую нагрузку: бабка Мар'я з'яўляецца носьбітам рысаў народнага характару, перш за ўсё чалавечнасці, дабрыні, спачувальнага стаўлення да таго, хто зведаў жыццёвыя нягоды. Нездарма ж да мудрай бабулі так цягнецца Ядвіся. Шмат чаму навучыўся ад яе і дапытлівы Лабановіч. Шматзначны штрых: аповесць пачынаецца сцэнай размовы галоўнага героя з бабкай Мар'яй і канчаецца яе тужлівымі словамі, адрасаванымі Ядвісі, якая пакінула бацькоўскі дом, і Лабановічу напярэдадні яго ад'езду з Цельшына: "Разлятаюцца мае галубкі... не вернецеся вы, панічыку, сюды! – І яна ў вялікім засмучэнні падперла рукою шчаку.

Вечарам, праводзячы настаўніка, бабка заплакала". Такім кампазіцыйным прыёмам Якуб Колас яшчэ раз падкрэсліў значную ролю гэтага вобраза ў сцвярджэнні ідэі народнасці як вызначальнай у агульнай канцэпцыі твора.

Галоўная мэта, пастаўленая пісьменнікам у другой кнізе палескіх аповесцей, – вывесці свайго героя на болей шырокі прасцяг грамадскай дзейнасці, псіхалагічна абгрунтаваць заканамернасць яго пераходу да рэвалюцыйнай барацьбы, паказаць, што гэта быў новы этап яго духоўнай біяграфіі, этап, выпакутаваны праз напружаныя роздумы над прызначэннем чалавека, над жыццём народа і гістарычнымі падзеямі, якія ў той час адбываліся ў Расіі. Усведамленне неабходнасці непасрэднага ўдзелу ў змаганні з царскім самаўладдзем далося Лабановічу няпроста. Настаўнік бачыў цяжкае эканамічнае становішча працоўнага сялянства, сацыяльную несправядлівасць, разумеў неабходнасць змен, але якімі сродкамі іх можна дасягнуць – на гэтае пытанне гатовага адказу не меў. Дапамагаючы герою ў пошуках такога адказу, аўтар аповесці ставіць яго ў складаныя жыццёвыя сітуацыі, сутыкае з рознымі людзьмі, выпрабоўвае на маральную, грамадзянскую трываласць. Вось і пры ад'ездзе з Цельшына Лабановіч слухае расповед дзядзькі Рамана пра Яшукову гару. Яе назва звязана з імем жорсткага, бязлітаснага пана, якога аднойчы пасля палявання знайшлі павешаным. Настаўнік дапытваецца: пана "павесілі, ці сам ён павесіўся?" Глыбінны сэнс пытання зразумелы: адплата за здзекі і злачынствы прыйдзе сама сабой ці трэба, каб пакрыўджаныя рашуча расквіталіся з "вырадкамі, гвалтаўнікамі"? Якая ж у гэтым пытанні пазіцыя селяніна? Дзядзька Раман гаворыць: "Людзі цярпелі, бо думалі, што калі цярпець, то лягчэй ад гэтага будзе, дый баяліся пана. Але часамі і дзерава не сцерпіць і скіне галіну, каб прыбіць чалавека. На свеце ёсць мера ўсяму. І тут так вось было". Як відаць з выкладзенага, аўтар аповесці непрыкметна падводзіць чытача да думкі аб правамернасці суровай адплаты прыгнятальнікам і крыўдзіцелям. Але тут варта звярнуцца і да лірычнага ўступу, які папярэднічае першай частцы аповесці. Заключныя радкі ўступу гучаць так: "Ласка і гнеў, ціша і бура! Я вітаю вас, калі вы прыходзіце ў сваім часе, калі выконваеце вы адвечную волю жыцця". Тут Якуб Колас сфармуляваў сваё разуменне гістарычнага прагрэсу: людскія ўчынкі, гістарычныя падзеі тады маральна апраўданыя, калі адпавядаюць спрадвечным законам жыцця, калі з'яўляюцца выяўленнем "волі жыцця". Такі погляд быў блізкі і герою аповесці.

А вось наведванне Лабановічам мястэчка Панямонь прымусіла яго паглядзець на жыццё глыбей, больш цвяроза. Якуб Колас падрабязна малюе сустрэчу настаўніка з панямонскай інтэлігенцыяй (раздзелы ІІІ – VІІ). А гэта якраз і звязана са структурнай навізной другой аповесці ў параўнанні з першай, больш "камернай". Там Лабановіч фактычна "кантраляваў" сюжэтнае дзеянне, вёў яго. У другой кнізе аўтар пазбавіў свайго героя такіх пераваг, і кожная дзейная асоба атрымала большую самастойнасць. Адпаведна і агульны малюнак жыцця, у дадзеным выпадку панямонскай інтэлігенцыі, станавіўся паўнейшым, набываў шматфарбнасць. Вядома, Якуб Колас далёкі ад паэтызацыі побыту, нораваў, уяўленняў панямонцаў, але разам з тым ён і не засяроджваецца толькі на ценявых баках, на негатыўных з'явах, бо галоўным для яго было даследаванне псіхалогіі чалавека, узнаўленне маральна-побытавай атмасферы, у якой жыў гэты чалавек. І трэба сказаць, што пісьменнік знаходзіў у жыцці сваіх персанажаў шмат цікавага. Так, госці Шырокага, падвесяліўшы сябе наліўкай хатняга вырабу, паказалі, што яны ўмеюць добра пасмяяцца, ведаюць сілу трапнага, а часам і з'едлівага жарту.

Асноўную сэнсавую нагрузку ў раздзелах, прысвечаных гасцяванню Лабановіча ў панямонцаў, нясуць сцэны гульні ў карты, дзе кожны з персанажаў раскрыўся ва ўсёй паўнаце. Несумненна, тут Якуб Колас у пэўнай ступені выкарыстоўваў мастацкі вопыт Дастаеўскага, хоць маштаб дзейных асобаў у творах абодвух пісьменнікаў непараўнальны. Але псіхалагічны стан карцёжнікаў, ахопленых азартам гульні, хваравітай прагай грашовага выйгрышу, у аповесці Коласа перададзены дакладна: "Піва шаломіць стомленыя галовы, робіцца трохі весялей. У вачах стаяць фігуры карт, у вушах грошы звіняць, а там, дзесь у нутрах-глыбінях, штось ные, баліць, і снуюць неспакойныя думкі. А голас спакусы шэпча – яшчэ ўсё можна паправіць, вярнуць свае грошы...

– Эх, вярнуць бы свае грошы!"

Магчыма, пісьменнік і не чакаў – а ў гэтым і была сутнасць пастаўленага ім доследу, – што яго герой, трапіўшы ў кампанію аматараў картачнай гульні, праявіць такія ж рысы характару, як і валасны старшыня Брыль ці фельчар Найдус, і што ў маральным плане, у сваіх памкненнях, жаданнях ён не ўзнімецца вышэй за гэтых людзей. І Лабановіч, і яго сябра Садовіч увачавідкі пераканаліся ва ўласнай слабасці, маральнай незагартаванасці перад спакусамі рэальнага, а не кніжнага жыцця: "слізнякі мы, бязвольнікі, людзі без цвёрдага грунту. Вот дзе наша слабае месца!"

Прыгоды, якія напаткалі Лабановіча ў Панямоні, паслужылі яму добрым урокам і далі падставу да роздуму над сваёй будучыняй і той роляй, якую павінна выконваць нацыянальная інтэлігенцыя ў грамадскім жыцці. Ужо ў самыя першыя дні знаходжання на хутары, дзе тады на арандаванай скарбовай зямлі жылі яго родныя – маці, дзядзька Марцін, браты і сёстры, – Лабановіч адчуў, якая шырокая мяжа падзяляе працоўнае сялянства і невялічкую купку адукаваных маладых людзей. Нават родная маці і дзядзька адчувалі, што "ён тут не такі, як усе", што ён "чалавек іншага кругу". Настойлівыя намаганні настаўніка "сцерці ўсякія граніцы паміж сабою і роднымі і цалкам зліцца з імі, жыць так, як жывуць і яны", аказаліся дарэмнымі. Каб зліквідаваць гэтую мяжу, на думку Лабановіча, якраз і патрэбна доўгая асветная праца, якую павінна весці нацыянальная інтэлігенцыя.

Засмуціла настаўніка і тое, што яго намеры правесці сціплыя гаспадарчыя рэформы нават у межах хутара не сустрэлі падтрымкі. А між тым малады рэфарматар марыў: "Грамада асушае балоты, стварае новыя землі, праводзіць дарогі, абсаджвае іх пладовымі дрэвамі, робіць масты, будуе новыя дамы і пачынае жыць шчасліва і багата".

Вось гэтыя мроі-фантазіі якраз і ўспрымаліся настаўнікам як зусім рэальная перспектыва, як прадуктыўны і разам з тым дасягальны шлях развіцця беларускай вёскі. Перашкоду ж у практычным ажыццяўленні падобнага шляху герой аповесці бачыў у пасіўнасці, цемнаце селяніна, у яго нежаданні праяўляць ініцыятыву нават у дробных справах. Няўдачай закончылася і спроба Лабановіча падахвоціць мікуцічан наладзіць грэблю, так патрэбную вяскоўцам. Ды нават настаўнікі не адгукнуліся на заклік свайго калегі.

Тым не менш няўдачы не прымусілі Лабановіча адмовіцца ад асветнай працы. Так, ён згодзен з тым, што беларускі селянін "малакультурны, кансерватыўны", што ён баіцца зменаў і не ўзняўся да таго, каб свядома ацаніць неабходнасць супольнага, калектыўнага дзеяння. "Але ж яму (народу. – М. М.) трэба гэта гаварыць, будзіць яго, катурхаць. І, па-мойму, гэта ёсць наш абавязак..." – падагульняе Лабановіч чарговую размову з настаўнікамі.

З прыведзенага разгляду відаць, што герой аповесці Якуба Коласа на дадзеным этапе свайго развіцця – духоўнага, светапогляднага – грамадска карысную працу лічыў галоўнай справай жыцця, але пры гэтым аддаваў перавагу не рэвалюцыйнай, а мірнай, асветніцкай дзейнасці. Каб гэтая выснова гучала пераканальна, каб яна мела канцэптуальнае значэнне, пісьменнік якраз і засяродзіў увагу на ўмовах і абставінах жыцця родных Лабановіча, сялянаў вёскі Мікуцічы, даволі поўна ўзнавіў іх побыт, паўсядзённыя клопаты і турботы. Ёсць глыбокі сэнс у тым, што першая частка аповесці "У глыбі Палесся" мае назву "На бацькаўшчыне", бо гаворка тут ідзе не толькі пра родныя мясціны Лабановіча, а пра тое, што мары і памкненні жыхароў хутара і вёскі былі, фактычна, памкненнем усёй сялянскай Беларусі. Паўната абмалёўкі паўплывала на змест твора, пашырыла яго сацыяльны фон, які стаў нашмат багацейшы ў параўнанні з аповесцю "У палескай глушы".

Больш разнастайным і супярэчлівым быў і склад мікуціцкай інтэлігенцыі. Там Лабановіч сустрэў маладых настаўнікаў розных светапоглядных арыентацый. Адным з каларытных персанажаў у гэтым асяроддзі быў Іванок Перагуд, галоўным этычным пастулатам якога стаў лозунг: "Плюй на ўсё і шануй сваё здароўе". Перагуд трапіў пад уплыў модных на пачатку ХХ стагоддзя захапленняў – абвяргаць рэлігію і Бога. Паводле пісьменніцкага тлумачэння, настаўніцкае вальнадумства паступова "пераходзіла і пад стрэхі сялянскіх хат". Праз пэўны час вясковы люд нібыта пачаў схіляцца да атэістычных поглядаў: "А можа, і сапраўды няма Бога". Напэўна, у гэтых перабольшаных сцвярджэннях трэба бачыць негатыўнае ўздзеянне афіцыйных ідэалагічных установак канца другой паловы 20-х гадоў ХХ стагоддзя, калі ваяўнічая барацьба з рэлігійнай свядомасцю ішла шырокім фронтам. Адсюль зразумела, чаму Якуб Колас даволі прыхільна паставіўся да вясковых вальнадумцаў і цёплымі фарбамі намаляваў вобраз згаданага вышэй Перагуда, хоць Іванок не выклікае да сябе асаблівых сімпатый. У размове з богабаязнай маці ён бэсціць святароў ("папа кудлатым чортам называе"), абразліва ставіцца да царкоўнага набажэнства, высмейвае параду паставіць у царкве свечку, увогуле нармальную гаворку схільны падмяняць лаянкай і агрэсіўным багахульствам. З выклікам звяртаецца да маці: "А ты бачыла Бога? Дык скажы, які ён! Да каго падобны: да каня ці да каровы?"

Вядома, у паводзінах Іванка "было многа напускнога", знарочыстай гульні ў нігіліста – у школе ён лічыўся добрым настаўнікам. Ды і матчыны малітвы ("Маці адступаецца і ціха шэпча: "Ойча наш". Яна не можа забыць гэты цяжкі грэх сына") крыху нейтралізуюць цяжкае ўражанне ад абразлівых выпадаў школьнага настаўніка на адрас Усявышняга.

Было б, аднак, памылкай бачыць у трактоўцы пісьменнікам вобраза Іванка Перагуда толькі ўздзеянне ідэалогіі. Ёсць тут і другі, болей істотны аспект праблемы, што яскрава высвятляецца пры разглядзе вобраза яшчэ аднаго настаўніка – Янкі Тукалы. Блізкі таварыш Лабановіча па семінарыі, Тукала – чалавек неспакойнага характару, дапытлівы, але з няўстойлівай псіхікай. У галаве ў яго пануе хаос ад прачытаных кніг рознага зместу і рознай скіраванасці. Назбіраўшы грошай, Тукала едзе ў манастыр на востраў Валаам у спадзяванні знайсці там свайго бога, спасцігнуць ісціну. Але расчараваўся ў пошуках і па вяртанні робіць дзікунскі ўчынак – утварае "непатрэбства" перад абразом Мікалая Угодніка.

Ёсць падставы меркаваць, што Колас і ў гэтым выпадку свядома завастрае вобраз Тукалы, імкнучыся ў праўдзівым святле паказаць складанасць становішча, у якім знаходзілася беларуская вясковая інтэлігенцыя пачатку ХХ стагоддзя. Выказванні, паводзіны і ўчынкі Перагуда, Тукалы сведчаць аб тым, што сярод яе прадстаўнікоў панавалі розныя настроі і памкненні і што ў рэвалюцыю ішлі людзі розных палітычных арыентацый і перакананняў. У іх яшчэ няма ідэйнага адзінства, згуртаванасці. Падчас размовы з сябрамі Тукала шчыра прызнаецца: "Цяпер вось захапіўся Ніцшэ "Так казаў Заратустра", і мне хочацца быць "надчалавекам", чорт вазьмі! А калі строга падумаць, то выходзіць, што ты проста чалавек з пакалечанымі семінарскім выхаваннем мазгамі".

Як асветнік і сялянскі сын, Лабановіч, натуральна, не мог прыняць антыгуманную ніцшэанскую тэорыю надчалавека, але ён не адштурхнуў таварыша, а паспрабаваў разам з ім вызначыць шляхі далейшай дзейнасці: настаўнікі па прапанове Тукалы нават заключылі сяброўскі трыумвірат, каб хутчэй адолець хістанні і "разам выбіцца на нейкую дарогу". А Лабановіч фармулюе жыццёвае крэда ўдзельнікаў дамовы. Ён параўнаў шукальнікаў праўды з дрэвамі ў полі, што стаяць пад ветрам. "Аднак здаровае, моцнае дрэва будзе стаяць роўна, а галіны яго больш нахіляцца ў той бок, адкуль свеціць сонца. Штука ж уся ў тым, як намацаць галінамі гэтае сонца". Нястрымнае імкненне да высокага ідэалу – вось што становіцца дэвізам Лабановіча і яго мікуцічанскіх калегаў. З гэтым дэвізам і пачынае Лабановіч сваю працу "на новым месцы" – менавіта такую назву даў Якуб Колас другой частцы аповесці. Аўтарскае азначэнне "новае" мае глыбокае сэнсавае напаўненне.

І падчас працы ў новай школе Лабановіч па-ранейшаму актыўна праводзіў у жыццё асветніцкія ідэі. Не прапаў дарэмна яго папярэдні жыццёвы і прафесійны вопыт. Так, ён стаў болей памяркоўны, цярпімы да чалавечых слабасцей, а ягоныя ацэнкі гучаць болей узважана, аб'ектыўна. Гэтыя змены ў яго адносінах да людзей яскрава выявіліся пры наведванні "важнейшых асобаў у сяле" – бацюшкі, дзяка, валаснога старшыні, пісара. Візіты былі вельмі карыснымі – яны яшчэ раз пацвердзілі ранейшыя назіранні Лабановіча над складанасцямі людскіх лёсаў, над супярэчлівасцю чалавечых характараў. Той жа айцец Мікалай з захапленнем гаворыць пра міласэрнасць настаўніка ў дачыненні да цяжарнай школьнай старожкі Ганны ("Вы паісціне паступілі па-хрысціянску"), але сам шчыра прызнаецца: "Я не пакінуў бы яе". У нечаканым святле паўсталі перад Лабановічам і валасны старшыня Захар Лемеш, і дзяк Бацяноўскі. Лемеш таленавіта выконвае ролю саліднага, важнага і строгага начальніка, але па прыродзе сваёй не злы. А ў прыдачу да таго – дзелавы і клапатлівы. "Пасля гэтага старшыня пытае ў пісара, як справы ідуць, што зроблена, што трэба зрабіць, куды паехаць у першую чаргу і да каго заехаць, зрабіўшы справу". Праўда, паступова ілюзіі настаўніка рассейваюцца, знікаюць, асабліва калі ён дазнаўся аб прычынах празмернай актыўнасці Лемеша: старшыня хоча застацца на сваёй пасадзе і дзейнічае надзейным, апрабаваным спосабам – шчодра частуе "прагавітых на выпіўку сваіх выбаршчыкаў". З добрай доляй іроніі і лёгкага сарказму распавядае пісьменнік пра намеры Лемеша "адстаршыняваць адразу, без перапынку, тры раты", каб такім чынам "выслужыць пачэсны каптан" і дагнаць адзінага ў Пінскім павеце шчаслівага ўладальніка такога каптана – свайго цесця. Лабановіч міжвольна параўноўвае прадстаўнікоў цельшынскай і выганаўскай сельскай улады і жыхароў гэтых вёсак, каб глыбей адчуць адметнасць мясцовага жыцця і тыя змены ў людскіх настроях, якія прыносіць новы час.

А змены ў жыцці, у свядомасці працоўнага сялянства адбываліся. Вось і ў Лабановіча з'явіўся неафіцыйны вучань у асобе дапытлівага селяніна-праўдашукальніка Аксёна Каля, да якога хутка далучыліся бацька і сын Бязручкі. Вобраз народнага хадайніка Аксёна, вяскоўца са строгімі, нават "халоднымі рысамі твару", раскрыты ў аповесці даволі глыбока і пераканальна. Гледзячы на свайго трыццацігадовага вучня, Лабановіч спрабаваў уявіць, кім бы той мог стаць, калі б разгарнуўся ва ўсю сілу: "строгім пракурорам за грамадскія справы" або "ўдалым атаманам разбойніцкай шайкі, бязлітасным помснікам за сялянскую крыўду". Згадка пра "разбойніцкую шайку" тут зусім невыпадковая: небяспека нястрымнай стыхійнай помсты хвалявала настаўніка. Мусіць, таму ён і ўзяўся за адукацыю Аксёна ў спадзяванні скіраваць разбуральную стыхію ў разумнае рэчышча.

Але настаўнік і сам меў патрэбу ў пашырэнні ўласнага кругагляду, у новых ведах, у тым ліку ведах палітычнага характару. Вось чаму сапраўднай падзеяй, якая паўплывала на светапогляд Лабановіча, аказалася нечаканае знаёмства з нелегальнай брашурай. "Маленькую кніжачку" рэвалюцыйнага, антыдзяржаўнага зместу хтосьці падкінуў на школьны ганак. Невядомы аўтар з непахіснай верай у праўду сваіх слоў выкрываў агульнапрынятыя ўяўленні пра цара як пра памазанніка божага, як пра абаронцу інтарэсаў беднага і багатага, як пра "тое ўвасабленне ўсяго найлепшага, што толькі можа быць у чалавеку". У брашуры рашуча выкрываліся царскія рэформы, якія нібыта мелі на мэце палепшыць становішча народных мас, умацаваць законнасць праз увядзенне інстытута земскіх начальнікаў. Затое шмат прыхільных слоў было сказана ананімным аўтарам пра тыя палітычныя арганізацыі, якія выступалі за рашучае змаганне з самаўладдзем. Першае, што адчуў Лабановіч, прачытаўшы кніжачку, "быў страх, як бы пад нагамі захістаўся грунт і перад ім расчынялася нейкае бяздонне. Гэтая бяздонніца і палохала і цягнула да сябе з такою сілаю, што ад яе нельга было адысціся".

Якуб Колас як мастак-псіхолаг зусім натуральна аддаў вялікую ўвагу рэакцыі Лабановіча на змест прачытанага: перакананы асветнік павінен быў пагадзіцца або аспрэчыць выкладзенае ў палітычнай брашуры. Логіка разважанняў невядомага аўтара ды і ўласныя назіранні і роздум над лёсам бяспраўнага люду пераконвалі разгубленага Лабановіча. Але гэта ў сваю чаргу вымагала пераацэнкі, перагляду многіх ранейшых высноў, перш за ўсё адносін да чалавечага жыцця, да канкрэтнай асобы, якая абавязана будзе ахвяраваць сабою дзеля агульных інтарэсаў.

Праўда, раскрываючы ролю нелегальнай брашуры ў выпрацоўцы новага светапогляду Лабановіча, пісьменнік часам выкарыстоўвае форму непасрэднага аўтарскага тлумачэння. Натуральна, што ў такіх выпадках ужываюцца стылёвыя сродкі, лексіка і сінтаксіс, болей уласцівыя публіцыстычным жанрам: "Старыя пазіцыі светаразумення аказваліся хісткімі, пабудаванымі на пяску. Яны не вытрымлівалі напору крытычнай мыслі і рассыпаліся, паказваючы сваю нястатнасць і нікчэмства.

Здавалася, ужо само паветра было насычана новымі павевамі свежай мыслі, хоць ахоўнікі ўсталяванага вякамі палітычнага ладу цвёрда стаялі на сваёй варце і забівалі самыя маленькія шчылінкі, праз якія маглі б прабіцца новыя ідэі". Менавіта праз аўтарскае апісанне мы даведваемся пра тую радасць, якую адчуваў Лабановіч у працэсе "пазнання новай праўды". І зноў жа пісьменнік лічыць патрэбным ад свайго імя, а не праз раскрыццё ўнутранага стану героя, не праз яго думкі-перажыванні выкласці сутнасць гэтай "новай праўды", якая "ў няяснай постаці вякамі жыве ў мужыцкім сэрцы, бунтуючы дух і падымаючы яго на паўстанні, той праўды, за якую лепшыя дзеці народа марнелі па астрогах, гібелі і чэзлі ў ссылках, на катарзе або ў росквіце жыцця складалі галовы па цёмных сутарэннях".

Аднак падобная форма раскрыцця характару героя не асноўная ў аповесці. Перавага аддаецца псіхалагічнаму аналізу, як гэта відаць, напрыклад, з разважанняў Лабановіча пра ступень сумленнасці тых людзей, хто падтрымлівае існуючую ўладу: "Няўжо ўсе гэтыя чыноўнікі, усе настаўнікі вышэйшай адукацыі, што выхоўваюць людзей новага пакалення, няўжо яны ўсе – свядомыя лгуны і прахвосты? Як магло здарыцца, што людзі розуму, людзі высокай асветы ўхваляюць гэты палітычны лад, знаходзяць яго найлепшаю формаю грамадскага жыцця, якой трэба служыць, ахоўваць, дапамагаць?" – вось на якія складаныя пытанні маральна-этычнага характару выходзіў настаўнік. Адразу відаць, што гэта думкі сумленнага, шчырага чалавека, які пры небагатым яшчэ жыццёвым вопыце мысліць глыбока, імкнецца згарманізаваць уласныя паводзіны, узгадніць сваю жыццёвую пазіцыю з прынятымі ў грамадстве нормамі і ўяўленнямі. Але такое ўзгадненне аказвалася не проста пакутлівым, а па сутнасці сваёй немагчымым, бо Лабановіч як настаўнік павінен быў праз школу "праводзіць у жыццё пэўныя ідэі" і тым самым замацоўваць несправядлівы парадак. І ўсё гэта ён мусіў рабіць пад пільным, неаслабным кантролем: "над ім ёсць вока, і гэтае вока не дрэмле. І не адно, а многа такіх вачэй". Лабановіч добра разумеў, што, "выконваючы сваю ролю, ён свядома пераходзіць у рады ворагаў народа. Ён станецца лгаром і проста нячэсным чалавекам, калі будзе ўбіваць праз школу ў дзіцячыя галовы гэтыя казённыя ідэі". Настаўнік настойліва шукаў выйсця з "фальшывага становішча ашуканага чалавека", а на кампраміс з уласным сумленнем ісці не мог, бо гэта супярэчыла б маральным прынцыпам, якімі ён кіраваўся ў жыцці.

Выйсце ўсё ж было знойдзена, пакуль што не канчатковае, – Лабановіч пачынае ўсур'ёз займацца з Аксёнам Калем. Аксён па-ранейшаму верыў у добрага цара-бацюшку і спадзяваўся, што справядлівы суддзя і абаронца народа дапаможа "адваяваць затокі ад пана Скірмунта". Шчырыя размовы з Аксёнам, даверлівыя "гутаркі на тэмы палітычнага характару", а таксама паспяховая спроба навучыць неспакойнага духам селяніна грамаце прыносілі вялікае маральнае задавальненне настаўніку, падымалі яго настрой. Асабліва ўсцешным было тое, што пашырыўся склад вучняў нелегальнай школкі – сюды прыйшлі вучыцца стары селянін Бязручка і яго сын Якім. Паказальны штрых: "Бязручка называў сябе казаком – яго продкі былі казакамі на Украіне, а потым перабраліся на Палессе". Вольналюбівы казацкі дух павінен абудзіцца і ў новых грамадскіх абставінах. Асацыятыўнасць, сэнсавая насычанасць становяцца, як бачым, неад'емнай якасцю пісьменніцкай апавядальнай манеры.

Вобразы Аксёна Каля, бацькі і сына Бязручкаў паглыблялі тэму выспявання ў народзе рэвалюцыйнай свядомасці. Адпаведна пашыралася і сфера інтарэсаў дзейных асобаў твора. Падчас сустрэч з дарослымі вучнямі гаворка ішла "аб цяжкім стане народа, аб прывольным жыцці паноў і начальства, аб ашуканстве і здзеках над простымі людзьмі, аб тых прычынах, што выклікаюць такі парадак на свеце, што трэба рабіць, каб адваяваць сваё права, што гэта за людзі ўсе тыя, каго называюць сацыялістамі, чаго яны хочуць, за што пакутуюць, чаму іх караюць стражэй, чым забойцаў і канакрадаў".

Аўтар аповесці праўдзіва, у традыцыях рэалістычнага пісьма паказвае, з якімі цяжкасцямі і перашкодамі вольнае слова даходзіла да звычайнага селяніна. Непісьменны вясковы дзядзька, знаходзячы на рынку ў сваім возе "вузенькія, доўгенькія лісточкі", нёс іх айцу Мікалаю, дзяку Бацяноўскаму, пану ляснічаму ў наіўна-шчырым спадзяванні даведацца пра змест лісточкаў. Колас вельмі дакладна, у адпаведнасці з духам перадрэвалюцыйнага часу ўзнаўляе аргументы абаронцаў старога ладу. "Гэта ўсё жыдоўскія махінацыі. Ідзі і рукі памый. А калі зловіш гэтага сукінага сына, што падсоўвае такую сквернасць, дык цягні ў паліцыю" – такія настаўленні дае агрэсіўны пан ляснічы. У айца Мікалая былі крыху інакшыя довады: "Ад гэтых прахвостаў, што пішуць такія лісткі, адступіўся Бог, і ў вар'яцтве сваім кажуць яны: "Няма Бога, і не трэба цара". Але і прадстаўнікі мясцовай улады адчувалі, што іхнія спробы не дапусціць крамольныя ідэі ў сялянскае асяроддзе не вельмі эфектыўныя: нарастанне грамадскай напружанасці ішло няўхільна, што і знайшло сваё праўдзівае адлюстраванне на старонках аповесці.

У непасрэднай сувязі з гэтым працэсам трэба разглядаць і знаёмства Лабановіча з настаўніцай-рэвалюцыянеркай Вольгай Андросавай. Сюжэтнай лініі згаданых герояў у другой частцы аповесці адведзена значнае месца. Іхнія спрэчкі адыгралі станоўчую ролю ў фарміраванні палітычнай арыентацыі Лабановіча, у выпрацоўцы болей глыбокага погляду на многія грамадскія падзеі таго часу. Асабліва гэта датычылася ацэнкі руска-японскай вайны. "Хіба ж не ясна вам, што гнілая царская Расія не здольна ваяваць? Вайна даўно прайграна", – упэўнена заяўляе Андросава. Лабановіч жа пэўны час падзяляў настрой той часткі грамадства, якая была ахоплена патрыятычным чадам і, натуральна, жадала перамогі Расіі. І ў аргументах настаўніка была свая, дзяржаўная, логіка: з эканамічнага пункту гледжання краіне патрэбны выхад да мора; параза прынясе вялікія матэрыяльныя страты.

Ствараючы вобраз Андросавай, пісьменнік пазбягае ідэалізацыі, прыхарошвання, яго ўвага скіравана на псіхалагічна абгрунтаванае раскрыццё характару гераіні як носьбіта тыповых рысаў маладой рэвалюцыянеркі, дзейнасць якой цалкам падпарадкавана справе барацьбы з самаўладдзем. Са зместу твораў відаць, што Вольгу не вельмі турбавала, якое ўражанне яна робіць на прысутных. У сваіх паводзінах дзяўчына раскаваная, рэзкая ў рухах, з суразмоўнікамі бойкая, бесцырымонная, па слова не лезе ў кішэню. Ахвотна паліць цыгарэты. Без доўгіх угавораў яна застаецца начаваць у прышкольнай кватэры Лабановіча, чым выклікала праведны гнеў і асуджэнне з боку старога мараліста дзяка Бацяноўскага. Паводле аўтарскай характарыстыкі, Андросава нагадвае "тургенеўскую нігілістку". І зноў заўважым, што літаратурныя рэмінісцэнцыі, параўнанні – таксама змястоўны сродак пісьменніцкай трактоўкі вобраза. Не менш паказальна і тое, што ўчарашняя семінарыстка – і ў гэтым яна шчыра прызналася – у школьнай справе "ні чорта не разумее" і да настаўніцкай працы не хіліцца. Гэтая акалічнасць, вядома, уплывала на адносіны Лабановіча да дзяўчыны як да асобы, бо сам ён успрымаў талент выхавальніка як дар нябёсаў, як боскае блаславенне. Тым не менш настаўнік удзячны каляжанцы, бо яна дапамагала яму арыентавацца ў рэвалюцыйных справах: "Я гэтымі днямі збіраюся ў Пінск. У мяне там ёсць знаёмыя. Праз іх можна звязацца з арганізацыяй. Тады літаратуры будзе даволі..." У рэшце рэшт Лабановіч далучаецца да рэвалюцыянераў, прысутнічае на нелегальнай сустрэчы з імі, унутрана гатовы да актыўнай барацьбы. Бясспрэчна, яму знаёма было пачуццё страху, неспакою і трывогі, ён стаў асцярожным і падазроным. "Але патрошку ён прывык да мыслі, што можа папасціся, што яго заарыштуюць, і перастаў гэтага баяцца. Наадварот, яму часамі арышт здаваўся прынадным, не пазбаўленым своеасаблівай прыемнасці. Чаму ж і не пацярпець за праўду? Чаму не спрабаваць лёсу "крамольніка"? Чаму не зазнаць астрожнага жыцця? Астрог таксама ёсць школа, дзе жыццё пазнаецца больш глыбока і востра. Апроч усяго гэтага тут ёсць і пэўная рызыка, ёсць асалода змагання".

Для разумення аўтарскай трактоўкі вобраза галоўнага героя і выбару ім шляху ў рэвалюцыю неабходна звярнуць увагу на тое, што падчас размовы з Андросавай Лабановіч не застаецца пасіўным слухачом, а займае актыўную пазіцыю, спрабуючы астудзіць празмерную наступальнасць, ваяўнічасць рэвалюцыянеркі, якая ўсё ж звужана глядзела на жыццё. Гэта відаць з яго расповеду пра намер арганізаваць вандроўку па пэўным раёне Беларусі з мэтаю "сабраць народныя песні, легенды і іншыя віды народнай творчасці... сабраць цэлую галерэю ведзьмароў, вядзьмарак, шаптух і шаптуноў, бо гэты тып вымірае, і захаваць яго такім чынам для навучання патомкаў". Выкладзены настаўнікам план мае глыбокі прыхаваны сэнс. Па-першае, усвядоміўшы неабходнасць непасрэднага ўдзелу ў рэвалюцыйнай барацьбе, Лабановіч застаецца асветнікам, носьбітам гуманістычнай ідэі, ён цэніць вусную творчасць, бо гэта гісторыя духоўнай культуры народа. Па-другое, Лабановіч-інтэлігент прадчувае: рэвалюцыя, якую і ён павінен набліжаць, можа знішчыць тое, што звязана з гістарычным мінулым, з сівой даўніной, з самабытнасцю Палесся. І таму лічыць сваім грамадзянскім абавязкам захаваць неацэнныя каштоўнасці гісторыі "для навучання патомкаў".

Увогуле, матыў захавання памяці – пра мінулае роднага краю, пра тое, што незваротна адышло ў нябыт, у тым ліку і пра канкрэтных людзей, – гучыць у аповесці вельмі выразна як адзін з істотных складнікаў аўтарскай ідэйна-мастацкай канцэпцыі, паводле якой вопыт гістарычнага мінулага – неацэнная духоўная каштоўнасць, а ігнараванне памяці пра тых, хто каштоўнасці ствараў, згубна адаб'ецца на лёсе новых пакаленняў. І галоўны герой Якуба Коласа гэтую ісціну ўсвядоміў і кіруецца ёю ў сваёй дзейнасці.

Другая кніга палескіх аповесцей заканчваецца не на аптымістычнай ноце – сцэнай арышту настаўніка за ўдзел у напісанні петыцыі "грамадзяніну Скірмунту... грамадзян с. с. Выганы і Высокае". Спадзяванні прыгнечаных на тое, што іх голас будзе пачуты, аказаліся марнымі. А напярэдадні арышту давялося Лабановічу пачуць ад Вольгі Андросавай змрочныя навіны: абвешчаная свядомымі рабочымі, рамесным людам забастоўка не атрымала шырокай падтрымкі, "паўстанне задушана, гарады заліты кроўю. Ідуць арышты". Тым не менш герой Якуба Коласа знайшоў у сабе ўнутраныя сілы, каб заявіць: "Ну, што ж. Трэба лічыцца з фактамі... Але следу гэтае рэвалюцыі ніхто не затрэ ў гісторыі". Лабановіча, узбагачанага каштоўным маральным і грамадскім вопытам, чакалі новыя выпрабаванні.

Палескія аповесці засведчылі якасна новы этап мастацкага даследавання жыцця беларускага народа, нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі напярэдадні вялікіх сацыяльных зрухаў. Гэтымі творамі Якуб Колас паспяхова замацоўваў жанравую структуру сацыяльна-псіхалагічнай аповесці, ён даў высокі ўзор аналітычнага мастацтва, у якім глыбока раскрываецца ўнутраны свет героя, а яго дзейнасць пададзена на шырокім грамадскім фоне. "У палескай глушы" і "У глыбі Палесся" вызначаюцца адметнасцю сваёй пабудовы – зладжанай кампазіцыяй, ураўнаважанасцю, згарманізаванасцю апісальнага і выяўленчага пачаткаў, аналітыкі, унутраных маналогаў і грунтоўнай эпічнай абмалёўкі падзей, учынкаў, паводзін герояў і абставін, у якіх яны жывуць. Абодва творы багатыя на змястоўныя дыялогі, якія актывізуюць сюжэтны рух. Разгорнутыя пейзажныя малюнкі і аўтарскія лірычныя адступленні арганічна звязаны з сюжэтам і надаюць аповесцям мастацкую цэласнасць. Шчодрае выкарыстанне пісьменнікам біяграфічнага матэрыялу, блізкасць галоўнага героя да аўтара ўзмацняе ўражанне гістарычнай праўдзівасці падзей, адлюстраваных у творах.

Аповесці Коласа наглядна дэманстравалі новы ідэйна-эстэтычны ўзровень беларускай мастацкай прозы, яе буйных эпічных формаў.

Над заключнай часткай твора, што атрымаў агульную назву "На ростанях", Якуб Колас працаваў даволі доўга – з 1948-га па 1954 год. Пачынаючы працу, пісьменнік вызначыў жанр згаданай кнігі як аповесць і разглядаў яе як працяг сваіх ранейшых "аповесцей аб дарэвалюцыйным жыцці сялянства і вясковай інтэлігенцыі Палесся". Дваццацігадовы перапынак не мог не адбіцца на змесце твора, на характары асвятлення грамадскіх падзей і трактоўцы герояў, бо ўсё цяпер ацэньвалася з вышыні вялікага жыццёвага і творчага вопыту пісьменніка.

Многае з мастацкіх набыткаў папярэдніх аповесцей было замацавана і прымножана ў трэцяй кнізе. З ранейшым майстэрствам сацыяльнага аналітыка і псіхолага Якуб Колас распавядае пра настаўніцкую дзейнасць Лабановіча ў новай школе; пра яго здольных вучняў, такіх як Грышка Мініч і Ліда Мураўская, якія здзіўлялі сваімі ведамі патрабавальных экзаменатараў; пра звычаі, норавы, побытавы ўклад тутэйшых людзей, непаўторныя беларускія краявіды. Шмат новых яскравых фарбаў і цёплых, праніклівых слоў знайшлося ў пісьменніка і пры стварэнні вобраза бабкі Параскі, што праніклася глыбокай павагай да Лабановіча. У непаўторным абліччы паўстаў чарнасоценскай арыентацыі пісар Васількевіч. Каларытна намаляваны вясёлы, жыццялюбны поп Уладзімір Малевіч, той, у якога сяляне, што не паспелі прынесці прысягу цару Мікалаю на Евангеллі, прыносілі на томе твораў Пушкіна. "Палажыў на яго крыж і прывёў сваіх мужычкоў да прысягі!.." – прызнаецца ён Лабановічу. Моцна перапала ад аўтара і верханскай інтэлігенцыі, якая паводле культурнага, духоўнага ўзроўню значна саступала нават панямонскай: "Карты, п'яныя вечарынкі, плёткі, гутаркі аб жаніцьбе і розныя патайныя замахі на халастога чалавека, каб зрабіць яго жанатым, – усё гэта вядомая і ўжо старая для Лабановіча гісторыя".

Але трэцяя кніга істотна адрознівалася ад дзвюх папярэдніх – тым, што тут на першы план выходзілі палітычныя аспекты грамадскага жыцця: выбары ў Дзяржаўную думу, яе дзейнасць і адносіны да гэтай дзейнасці розных палітычных партый; нелегальны настаўніцкі з'езд, пераслед яго ўдзельнікаў, а затым і суд над асобнымі настаўнікамі. Натуральна, што ў цэнтры аўтарскай увагі па-ранейшаму заставаўся галоўны герой, які, аднак, не толькі пакутліва думае над тым, што адбываецца ў краіне, але нарэшце вызначае для сябе зусім пэўны шлях практычнай дзейнасці – "стварыць настаўніцкую рэвалюцыйную арганізацыю і весці барацьбу па пэўнай праграме". Гэта, безумоўна, быў адзін з пераломных момантаў у развіцці палітычнай свядомасці Лабановіча, у фарміраванні яго светапогляду. І раскрыты ён у аповесці па-мастацку пераканальна, праз псіхалагічны аналіз. Не меней складанай аказалася для настаўніка і выпрацоўка агульнай лініі грамадскіх паводзін, ацэнка палітычных партый, якія ў думе вызначалі дзяржаўную палітыку. Спрэчка Лабановіча з яго даўнім сябрам Турсевічам прадэманстравала непрымірымасць іхніх поглядаў. Той рэальнай сілай, якая здольная павесці Расію па шляху прагрэсіўнага развіцця, Турсевіч лічыў кадэтаў. Пры ажыццяўленні іх праграмы сяляне павінны былі атрымаць зямлю, а самаўладдзе было б абмежавана ў правах на карысць народа, усіх саслоўяў. Лабановіч стаяў на прынцыпова іншай пазіцыі. Паводле яго пераканання, "…кожнаму, хто любіць народ, ідзе з народам, трэба стаць на шлях бязлітаснай, разумнай барацьбы, барацьбы па адзінаму плану, у імя звяржэння ідала на троне і яго памагатараў, паслугачоў і падбрэхічаў". У гэтым выказванні нельга не звярнуць увагу на словазлучэнне "разумная барацьба". З яго відаць, што для Лабановіча непрымальная ідэя барацьбы дзеля барацьбы, непрымальны экстрэмізм.

У аснове сюжэта аповесці ляжалі рэальныя факты з жыцця Коласа, а сам ён быў прататыпам вобраза Лабановіча. Ды і развіццё характару героя заставалася нязменнай турботай пісьменніка. Адсюль зразумела, чаму ён даследуе гэту маральна-этычную праблему – праблему выбару Лабановічам пэўнай палітычнай арыентацыі – даволі грунтоўна, усебакова. Так, у спрэчцы з Турсевічам Лабановіч заяўляе, што ні да якай партыі ён не належыць і "на чыім баку праўда", пакуль што не ведае. Але спадзяецца, што само жыццё дапаможа вырашыць усе пытанні. "Тады я далучуся да тых, хто гаворыць праўду", – заяўляе ён. Апанент пераконвае Лабановіча ў памылковасці абранага шляху – удзелу ў рэвалюцыйнай барацьбе. І нельга сказаць, што ў яго развагах няма логікі ці што яго аргументы непераканальныя, доказы хісткія, надуманыя. "Усякай праяве на свеце свой час, – кажа Турсевіч. – Дзіця не робіцца адразу дарослым чалавекам. Нашто ўрывацца жывасілам і ўмешвацца ў ход падзей, якія ад цябе і не залежаць? Вось дабрадзеі чалавецтва падбухторылі народ на забастоўкі, на паўстанні, на разгромы памешчыкаў. І што атрымалася?"

Ацэньваючы гэтыя сцвярджэнні, будзем памятаць, што агучаны яны пісьменнікам, які на ўласныя вочы бачыў "крывавы вір" грамадзянскай вайны, прымусовую калектывізацыю, перажыў масавыя рэпрэсіі і таму меў маральнае права ва ўмовах сталінскай дыктатуры паразважаць – з дапамогай літаратурнага героя – над прыродай пралетарскай рэвалюцыі і яе трагічнымі наступствамі. Як таго і патрабавалі ідэалагічныя ўстаноўкі канца 40-х – пачатку 50-х гадоў, крамольныя для таго часу ідэі мусілі быць нейтралізаваны, абвергнуты станоўчым героем. Менавіта так і робіць Колас. Лабановіч крытыкуе свайго апанента спасылкамі на волю народа, які "ўсвядоміць свае інтарэсы і сваю сілу і будзе шчыльна злучаны", і "тады ён лёгка вымеце бруд са свае хаты: цара, князёў, графоў і ўсякую іншую поскудзь". Прамоўца, як бачым, настроены рашуча, па-баявому. Але тут звернем увагу яшчэ на адно яго выказванне, якое нясе глыбокі сэнс: "Закон эвалюцыі адно, але ёсць і закон рэвалюцыі. Адно без другога не абыходзіцца". Калі рэвалюцыянер раптам згадвае эвалюцыю, эвалюцыйны шлях развіцця, дык можна спадзявацца, што ў сваіх практычных дзеяннях ён будзе памятаць пра чалавека і яго жыццё як найвялікшую каштоўнасць свету.

Менавіта такім і аказаўся далейшы жыццёвы шлях галоўнага героя, пачынаючы ад яго ўдзелу ў нелегальным настаўніцкім з'ездзе і канчаючы судовым працэсам і турэмным зняволеннем. Тут, у другой частцы трэцяй кнігі (частка мае ёмістую назву – "На крыжовых дарогах"), пісьменнік разгорнута, з захаваннем шматлікіх падрабязнасцей паказвае падзеі і здарэнні, якія мелі месца ў жыцці Лабановіча.

Трэба прызнаць, што пры ўсёй праўдзівасці адлюстравання драматычнага лёсу героя, які быў несправядліва пакараны і на тры доўгія гады апынуўся за астрожнымі кратамі, аўтарскі расповед у "Крыжовых дарогах" пакідае дваістае, супярэчлівае ўражанне. Рэалістычная абмалёўка сітуацый, у якія трапляе Лабановіч, часта суседнічае з тэндэнцыйнымі апісаннямі, неаб'ектыўнымі ацэнкамі, як гэта мела месца з ацэнкай рэдактараў "Нашай нівы" – яны паказаны фальшывымі людзьмі, хітрымі дзялкамі, якія нібыта недаацэньвалі ролю ўсходняй культуры, праводзілі ў жыццё ідэі каталіцызму. Нягледзячы, аднак, на пэўныя мастацкія выдаткі, выкліканыя канкрэтнымі ўмовамі эпохі, у якую жыў і пісаў Якуб Колас, трылогія "На ростанях" з'яўляецца адным з найбольш значных твораў беларускай літаратуры, этапнай з'явай у гісторыі айчыннай сацыяльна-аналітычнай прозы.

Мінімальныя сістэмныя патрабаванні: працэсар 166 МГц (або вышэй), свабоднае месца на HDD 16 Mb, відэакарта 2 Mb, CD-ROM, Windows 95/98/Me/NT/2000/XP, манітор 17'' з пашырэньнем 1024х768.

Пра Якуба Коласа ў Вікіпедыі.


Раім таксама паглядзець:
Колас Якуб. Новая Зямля
6.49 р.

Колас Якуб. Новая Зямля

Паэма (у фармаце mp3). Агульны час 08:24:01. Чытае Мікола Рабычын. (p) BelTonMedia, 2008.

Колас Якуб. Сымон-музыка
6.49 р.

Колас Якуб. Сымон-музыка

Паэма (у фармаце mp3). Агульны час 5:29:48. Чытае Валер Шушкевіч. (p) BelTonMedia, 2008.

1.57 р.

Колас Якуб. Збор твораў. У 20 т. Т. 6

Апавяданні (1925—1951), раннія празаічныя творы (1900—1906), пераклады (1907) / рэд. Тома С. А. Андраюк, Т. С. Голуб; падрыхт. тэкстаў і камент. К. А. Казыра, В. У. Карачун, А. І. Шамякінай; Нац. Акад. Навук Беларусі, Ін-т мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы. – Мінск: Беларуская навука, 2009. – 574 с. Цв. вокл.