Нявечны каляндар / Ephemeral Calendar

Нявечны каляндар / Ephemeral Calendar
9.49 р.
Вага: 260 г
Памеры: 240x190 мм



Воранаў В., тэксты; Максімовіч М., выцінанка. – Белы Крумкач, 2009.

ISBN 978-83-927771-8-2

Кніга нефарматная і нетыповая. Па-першае, у яе два аўтары. Аўтар тэкстаў Віталь Воранаў, для якога гэта адначасна кніжны дэбют. Ілюстрацыі выканаў Марк Максімовіч, беларускі мастак з Горадні.

Колькасьць старонак кнігі – чортаў тузін. Кожная старонка адпавядае аднаму месяцу, які суправаджаецца выцінанкай, ці дакладней будзе сказаць, выразкай Марка Максімовіча. Адначасна ў кожным аркушы каляндар на адзін год. Дні тыдняў падаюцца ў вэрсіі, якая выкарыстоўвалася Вацлавам Ластоўскім (панядзелак – гэта, напрыклад, "месіч"). Усяго ў кнізе "прадстаўленыя" дванаццаць гадоў, якія пачынаюцца 2009-ым і заканчваюцца на 2020-ым. Паводле канцэптуальнай задумы кожны год будучыні суправаджаецца ўжо мінулым годам.

Ідэя – усё паўтараецца, усё адбываецца паралельна і адначасна ў мінулым і ў будучым. Паўтараюцца таксама ілюстрацыі выразак на адным і на другім баку календара, якія зачыняюцца па прынцыпе аканіц. З другога боку кожнай "аканіцы" мініятура Віталя Воранава, усяго 13 тэкстаў, аб'яднаных тэматыкай сьмерці, якія паходзяць з апублікаванага (альманах "Беларус", 2008) у фрагмэнтах зборніка "Рэканструкцыя дзяцінства". Тэксты падаюцца на левай "аканіцы" ў ангельскамоўным перакладзе Скота Корбы, мастака з беларускімі каранямі.

''Нявечны каляндар'' у ''разгорнутым выглядзе''

Колер кнігі таксама адпаведны – чорна-белы. Абавязковая дзьвюхмоўнасьць выданьняў – мэтанакіраваная палітыка выдавецтва. Праект выданьня выканала Алена Сілівонік, дызайнэр-мастачка зь Менску. Нетыповасьць заключаецца таксама ў форме аб'яднаньня старонак, якія складзеныя па прынцыпе паштовак і – як савецкая пасылка – перавязаныя шнуром. Пасьля "разьвязаньня" кнігу можна выкарыстоўваць як настольны каляндар ажно да 2020 года.

"Нявечны каляндар" – гэта адказ нудным рэклямна-тэматычным календарам, якія штогод залягаюць на паліцах кніжных крамаў, на доўгія дні замаруджваюць працу друкарняў і гэтым самым замінаюць рэалізацыі мастацкіх праектаў. "Нявечны каляндар" – пахвала моманту і мастацтву.

Марк Максімовіч – нарадзіўся 22 чэрвеня ў 1974 г., у Горадні, калі памёр Дарыюш Мійё ў Жэнэве. Вучыўся ў Менскім Мастацкім Вучылішчы ім. Глебава, адкуль, у час нацыянальнага ўздыму, быў адлічаны за "маляваньне непабеларуску". З таго часу амаль не малюе. Выразае з паперы.

Віталь Воранаў – нарадзіўся 18 сакавіка ў 1983 г., у Менску, калі памёр Умбэрта II у Жэнэве. Сьвядомую частку дзяцінства правёў у дварах Беразьвечча, якія межавалі з турмой суровага рэжыму і вайсковымі казармамі, непадалёк ад колішняга глыбоцкага лягеру сьмерці. Там упершыню пазнаёміўся з п'яніцамі, прапаршчыкамі, вар'ятамі, салдатамі і іншымі празаічнымі пэрсанажамі. Піша прозу.

Паводле Лёніка Шышко-Карамелькі, Новы час.

Рэцэнзія на "Нявечны каляндар" Ганны Кісьліцынай тут.


Раім таксама паглядзець:
Камплект сувэнірных паштовак пра Менск ад Уладзімера Цэсьлера
24.49 р.

Камплект сувэнірных паштовак пра Менск ад Уладзімера Цэсьлера

Сувенірное изданіе почтовыхъ карточекъ. В. Цеслеръ, мастеръская ретуши, артъдизайнъстудія. С Приветомъ изъ Минска.

Ваярскі камплект плакатаў
8.99 р.

Ваярскі камплект плакатаў

Вялікі насьценны камплект плакатаў памерам 50х34 см (больш за фармат А3) з выявамі слаўных вершнікаў, што ў Сярэднявеччы баранілі годнасць нашага краю і здабывалі ў лютых сечах перамогі для нашае зброі! Акрамя ўласна выяваў ваяроў аўтарства полацкага мастака Івана Іванова постары таксама месьцяць прысвячэнні і гістарычныя даведкі, якія напісаў гісторык з Полаччыны Юры Усьціновіч.

Блюднік Уладзімір. Вяртаньне / Bludnik Uladzimir. Powrót
2.84 р.

Блюднік Уладзімір. Вяртаньне / Bludnik Uladzimir. Powrót

Тое, чым ёсьць вяртаньне мастака Блюдніка на Радзіму, гэта ня столькі вяртаньне, колькі спроба пасадзіць бульбу ў калісьці ўзаранай баразьне. Зусім неістотна, што яго ведаюць больш там, дзе ён жыве, а ня дзе нарадзіўся, бо беларускім мастаком ён не рабіўся ды не пераcтаваў быць ніколі. Беларускасьць гэта не элемэнт ягонага мастацтва. Беларускасьць ёсьць ягоным мастацтвам...