![]() |
1.99 р.
Вага: 420 г
Памеры: 120x190 мм
|
Кінараман-фарс. – Мінск: Логвінаў, 2011. – 258 с.
ISBN 978-985-6991-22-9
Калі твая зброя – кулямёт MG-42, а не дыктавы нож, калі ты атрымліваеш асалоду ад шляхотнага каньяку, а не закіслага піва, калі ты чытаеш папяровыя кнігі, а не бязглуздыя сайты – гэты раман для цябе. Калі ты сапраўдны аматар вострасюжэтных інтрыгаў, шматхадовых авантураў і феерычных пагоняў – без ваганняў бяры ў рукі кнігу.
Раман Уладзіслава Ахроменкі з правакацыйным назовам “Тэорыя змовы” ў парадаксальнай і жорсткай форме ставіць тыя беларускія пытанні, якія многія баяцца сабе задаць нават у думках.
Адказы гучаць іранічна, цынічна, непрадказальна і радыкальна.
Чытай, думай, рабі высновы, спрачайся з персанажамі і аўтарам.
ЗМЕСТ
Дзейныя асобы
Пралог
Частка першая. Фетышыст
Частка другая. Змагар
Частка трэцяя. Герой
Эпілог
Урывак
– ...жны ці!.. кога шчэ ыло веце!..– стэрэафанічнае рэха пругка адбівалася ад старажытных замкавых муроў і шыфравала словы, што гарохам сыпаліся з бляшанага рэпрадуктара. – ...ігу рода ыць ах!..
Сухія галінкі грыфельна раскрэслівалі чыстае травеньскае неба. Памаранчавае сонейка плёскалася ў срэбных калюжынах. Манументальная спаруда, укрытая белым прасцірадлам, міжволі вабіла зрок таргачоўцаў, сабраных на замчышчы з нагоды святкавання Перамогі. Меланхалійная абыякавасць твараў абсалютна не адпавядала тэзісам:
– …кожны трэці! …такога яшчэ не было ў свеце!.. подзвігу народа жыць у вяках!..
Старшыня таргачоўскага выканкама Качан, немалады мужчына з дробнымі тупымі вушкамі, спрактыкавана гнаў тэкст у мікрафон. Рэпрадуктар паслухмяна азываўся гудкім вакзальным рэхам, кідаючы ў паветра зліплыя словы:
– ...ля сых ашых едзяў та ўдная ба!..
Пры фразе «Для ўсіх нашых суседзяў гэта сапраўдная бомба!» лядашчы ветэран, што стаяў каля загадкавай спаруды, блямкнуў медалямі медна-нікелевага сплаву і голасам камандзіра расстрэльнага ўзвода скамандаваў:
– З Богам!..
Прасцірадла надзьмулася пухіром і спаўзло паволі. Прысутныя адно захаўкалі.
– Ні х-х-храна сабе... – тупа прамовіў нехта.
З басейна, абліцаванага блакітнай сантэхнічнай кафляй, тырчэў магутны п’едэстал. На ім высілася сапраўдная пяцісоткілаграмовая авіябомба. Пёркі стабілізатара выторкваліся інфернальнымі рожкамі. Надпіс «За Беларусь!» на жахлівым боепрыпасе ззяў свежым лакам. Двое бетонных эсэсаўцаў, тыповыя Фрыц з Гансам, ваяўніча цэлілі са шмайсераў у пратакольны лозунг. Кампазіцыю давяршала масянджовая шыльда, якая тлумачыла недасведчаным: такая ж самая бомба была на борце самалёта Мікалая Францавіча Гастэлы «ТБ-3ф» падчас апошняга гераічнага вылету.