Адамовіч Антон. Да гісторыі беларускае літаратуры

Адамовіч Антон. Да гісторыі беларускае літаратуры
13.99 р.
Вага: 1150 г
Памеры: 0x0 мм



Менск: выдавец ІП Зьміцер Колас, 2005. – 1464 с. Цьв. вокл.

ISBN 985-90050-3-6

У гэтым выданьні, якое знаёміць чытача з малавядомымі старонкамі гісторыі беларускай літаратуры, у храналягічным парадку зьмешчана пераважная бальшыня матэрыялаў, якія можна аднесьці да літаратуразнаўчай спадчыны Антона Адамовіча (1909 – 1998). Пад адной вокладкай сабраныя тэксты, напісаныя гэтым дасьледчыкам у перадваенны пэрыяд жыцьця ў БССР, пад час знаходжаньня пад нямецкай акупацыяй і ў пасьляваеннай эміграцыі. Выданьне забясьпечана іменным паказьнікам, а таксама камэнтарамі аўтарства Валера Булгакава і Соф’і Багам’і, у якіх між іншага тлумачацца прынцыпы і спосабы тэксталягічнай апрацоўкі арыгіналаў.

ЗЬМЕСТ

Ад укладальніка
Аўтабіяграфія
А дзе-ж грамадзкасьць?
Аўг. Барычэўскі. Тэорыя сонэту (Рэцэнзія)
Валеры Маракоў. На залатым пакосе (Рэцэнзія)
Максім Гарэцкі (Спроба монографіі аб творчасьці)
Максім Гарэцкі. Жартаўлівы Пісарэвіч (Рэцэнзія)
Паўлюк Трус
Творы М. Багдановіча (Рэцэнзія)
Хада на ўсход (Заміж рэцэнзіі на зборнік "Крыніца" В. Каваля)
Пролітфронт, квітень 1930, №1 (Рэцэнзія)
Натальля Арсеньнева (Спроба літаратурнае "пяцімінуткі")
Узвышэнства як беларуская нацыянальная ідэялёгія
Францішак – Георгі або новыя сыгналы каля нашага Скарыны і ворагавых скарынак
"Беларускага слова жніво"
"Не зарасьці пракладзенаму сьледу!" Па дарозе да Эўропы (Кароткі нарыс разьвіцьця беларускае літаратуры)
Нашчадкі і спадкаемцы (Крыху думак каля "слуцкіх песьняроў" і нашае літаратурнае сучаснасьці)
Алесь Салавей. Зьвіняць званы Сьвятой Сафіі (Рэцэнзія)
Новы песеньнік крывіцкі (беларускі) для школаў (Рэцэнзія)
Антон Бялевіч. На бацькоўскіх сьцежках (Рэцэнзія)
"Не загіне край забраны" (У справе нацыянальнага гімну)
Да мюнхэнскага выданьня паэмы "Новая зямля" Якуба Коласа
Да нью-ёрскага выданьня "Твораў" Уладзімера Жылкі
"Раськіданае гняздо" Купалы
Да мюнхэнскага выданьня "Тутэйшых" Янкі Купалы
Да мюнхэнскага выданьня "Запісак Самсона Самасуя" А. Мрыя
Зь "яснай явы" – у "ночнае царства"
Лукаш Калюга. Нядоля Заблоцкіх
Паўлюк Трус (Да 25-х угодкаў сьмерці і 50-х угодкаў нарадзінаў)
Мастацкая крыптаграфія ў нашай літаратуры
Да творчае гісторыі "Сымона-музыкі"
Пад зорамі белымі – Шорах моўкнасьці – Ля ціхай брамы
М. Сяднёў. Ля ціхае брамы (Рэцэнзія)
Якуб Колас у супраціве саветызацыі
Саветызацыя беларускай літаратуры й ейныя этапы
Паўвеку "Нашае долі"
Сацыялістычны рэалізм і ягоныя сучасныя аспэкты
Беларускае літаратурна-мастацкае згуртаваньне "Ўзвышша"
Да 40-годзьдзя Купалавага антыбальшавізму
Супраціў саветызацыі ў беларускай літаратуры (1917–1957)
Сорак год беларускае літаратуры ў БССР
Афіцыйны савецкі Парнас беларускае літаратуры
Наш Багдановіч
Алесь Гарун. Жыцьцё й творы
Да пабудовы навуковае гісторыі беларускае літаратуры
Да пытаньня пра месца Праньцішка Багушэвіча ў гісторыі беларускае літаратуры
Натальля Арсеньнева "між берагамі"
Так пяяў Салавей. Мэмуарна-камэнтатыўныя ды крытычна-тлумачальныя нататкі пра жыцьцё й творы Алеся Салаўя
Камэнтары
Іменны паказьнік

Пра аўтара ў Вікіпэдыі.

АД УКЛАДАЛЬНІКА

Барыс Сачанка ў кніжцы "Беларуская эміграцыя" (Менск, 1991) пісаў: "Эмігранцкія крытыкі імкнуцца сказіць рэальную карціну разьвіцьця літаратуры і самой савецкай рэчаіснасьці, займаюцца недазволенымі прыёмамі дадумваньня за аўтараў, прачытаць тое, чаго няма ні ў тэксце, ні ў падтэксце, словам, займаюцца непрыкрытай правакацыяй... Галоўную скрыпку тут іграў і іграе цяпер Антон Адамовіч..."

Сачанка яўна не дагаворваў да канца, чым заслужыў такую суровую ацэнку Адамовіч. За бяскрыўдным прыпісваньнем творам неіснуючых сэнсаў тут стаіць вялікшы грэх, невыкупляльны ў ваччу барацьбіта за чысьціню савецкай рэчаіснасьці. Чалавек тут замахнуўся на сьвятое – на дух і літару беларускага савецкага літаратуразнаўства. (У сыстэме, дзе ўлада трымаецца на татальным кантролі за публічным, у тым ліку і за акадэмічным, жыцьцём, усё цесна зьвязанае – разбуры сёньня пануючы парадак вытлумачэньня літаратурнай рэчаіснасьці, заўтра ланцуговая рэакцыя прывядзе да таго, што будзеш жыць у іншай краіне... ) Пры дапамозе ўнікальнай базы крыніцаў (асабліва зь беларускай літаратуры 10–20 г. XX ст.), абапіраючыся на "працуючыя" мэтадалёгіі і свой багаты досьвед жывога ўдзельніка беларускага жыцьця, ён пераконліва даводзіў, што гісторыя беларускай літаратуры апошняга стагодзьдзя ў савецкай трактоўцы трымаецца на шырокім спэктры фальсыфікацыяў і наагул не вытрымлівае крытыкі.

Што, напрыклад, рабіла савецкае літаратуразнаўства з "нацыянальнымі прарокамі" Коласам і Купалам у 40–80-я г. XX cт.? Мэтадычна ператварала іх у жыхароў камуністычнага пантэону, чыя творчасьць ідэальна супадала з дырэктывамі пануючае партыі. Так выбітныя адраджэнцы Купала і Колас, якія, калі б чалавечае жыцьцё доўжылася вечна, хадзілі б цяпер на апазыцыйныя мітынгі, дэманстрацыйна гаварылі б на беларускай мове, выпісвалі б газэту "Народная воля" і галасавалі б супраць Лукашэнкі, станавіліся антыподамі саміх сябе, а іх адпаведна праінтэрпрэтаваная творчасьць прыводзіла ў рух машыну, якая зьнішчала беларуса з аблічча зямлі.

Для Адамовіча працэс ператварэньня нацыянальнай літаратуры з каталізатару нацыянальнай сьвядомасьці ў адзін з сымбалічных падмуркаў каляніяльнага панаваньня, які прытупляе нацыянальныя пачуцьці і зьнеахвочвае да свайго, быў асноўнай падзеяй у гісторыі беларускага пісьменства XX ст. Тэхналягічныя аспэкты гэтага працэсу ня зводзіліся толькі да перараджэньня калішніх нацыянальных прарокаў у савецкіх куміраў, усялякіх самаперапісваньняў-самабічаваньняў, нэгатыўнай сэлекцыі літаратурнай моладзі і пашырэньня эстэтыкі сацыялістычнага рэалізму (яму прысьвечаны глыбокі аналіз, зьмешчаны ў гэтым выданьні). Яны ўключалі ў сябе замоўчваньні, тэндэнцыйныя трактоўкі, гісторыяграфічныя падтасоўкі, інакш кажучы, пагружэньне пісьменьнікаў і іх твораў у цень, зь яго тырчэлі толькі асобныя фрагмэнты чагосьці большага.

Дэфармацыя гісторыі літаратуры коштам яе суцэльнай ідэалягізацыі і кантамінацыі журналістыкай і ідэалёгіяй (Рыгор Грабовіч) дыскрэдытавала сам літаратурны матэрыял і абясцэньвала самі дасьледчыя тэмы. Літаратурны працэс звужаўся й цэнзураваўся, на палітычныя, гістарычныя й культурныя падзеі мінуўшчыны накладалася забарона памяці. Сыстэмнасьць навуковай аргумэнтацыі, вэрыфікацыя навуковых гіпотэзаў або мадэляў, дыялёг зь іншымі тэорыямі або канцэпцыямі не дапускаліся, што рабіла нават найбольш буйных навукоўцаў малапрынцыповымі аратарамі, дробнымі фальсыфікатарамі з казённымі падыходамі, якія ўжываюць некрытычна пазычаныя тэарэтычныя і мэтадалягічныя мадэлі дасьледаваньня, сама магчымасьць дыскусіі наконт іх выключаліся ў прынцыпе. (Чым абарочваліся адсутнасьць крытычнай рэфлексіі беларускага літаратуразнаўства наконт сваіх тэарэтычных падставаў, гаварыць тут ня будзем.) Адсюль гістарычна страшная помста энтаграфізму і папулізму ў дасьледаваньнях нашай літаратуры.

Цяпер да правакацыйнасьці Адамовіча. Яна палягала ў тым, што ён на высокім прафэсійным узроўні выдаў і пракамэнтаваў творы беларускіх пісьменьнікаў (Уладзімера Жылкі, Андрэя Мрыя, Лукаша Калюгі, Алеся Гаруна і інш.) на 30–40 г. раней, як яны былі наноў адкрытыя беларускім літаратуразнаўствам (і тым самым прымусіў перавыдаўцоў грунтоўна пачытаць першавыдаўца). Яна вынікала зь несупыннай палемікі Адамовіча зь беларускім савецкім літаратуразнаўствам, якая зь неабходнасьцю выяўляла вузкія месцы апошняга. У савецкія часы там, дзе трэба, Адамовіча ўважліва чыталі. Напрыклад, у першай палове 1960-х чытач закрытых кадэбісцкіх архіваў Максім Лужанін, пазнаёміўшыся з артыкулам "Да пабудовы навуковае гісторыі беларускае літаратуры", у якім на падставе пэўных сьведчаньняў выказвалася думка, што магчымы аўтар хрэстаматыйнай паэмы "Тарас на Парнасе" – Канстанцін Вераніцын, падзяліўся навіной з работнікамі акадэмічнага інстытуту літаратуразнаўства. І ў 1978 г. вышла кніжка Генадзя Кісялёва "Пошукі імя", у якой пад гэтую гіпотэзу падводзілася пэўная фактычная база.

Адамовічавы творы вывучалі і пасьля таго, як яны сталі даступныя ў звычайных бібліятэках. Так яго думкі, часта без пазначэньня аўтарства, зажылі другім жыцьцём.

Да таго ж Адамовіч уздымаў і аналізаваў праблемы, на якія тутэйшая навука не дала здавальняльнага адказу ці наагул імкнулася не заўважаць. Каб адказаць на ключавое для мадэрнай беларускай літаратуры пытаньне, калі і ў якіх гістарычных варунках у ёй адбыўся пераход ад правінцыйнай да нацыянальнай мадэлі быцьця, ён першы даў аналіз існых на Беларусі літаратурных працэсаў: "славяна-кірылаўскага" (X – XIII стст.), "славяна-рускага" (XIV – XVII стст.), польскага "краёвага" (XVII – XIX стст.), расейскага "абласнога" (XIX ст.) і ўрэшце беларускага "нацыянальнага", запачаткаваньне якога зьвязаў з Францішкам Багушэвічам. Гэты аналіз, у прыватнасьці, тлумачыў прычыны палемікі Багушэвіча з Дуніным-Марцінкевічам ("ксёнжачкі" якога "як бы сьмеючыся з нашага брата пісаны"). Для апошняга беларуская культура была "нізкай" культурай, а літаратурная творчасьць на беларускай мове – правінцыйнай літаратурай, якая патрабавала заніжанай паэтычнай стылістыкі, для першага ж яна была культурай паўнавартай, аксіялягічна нэўтральнай. Падобны канфлікт ува ўкраінскай літаратуры першай паловы XIX ст. апісаў літаратуразнаўца й філёзаф Дзьмітро Чыжэўскі. Нешматлікая па колькасьці прафэсійных літаратараў і па аб’ёме створаных імі літаратурных твораў літаратура на ўкраінскай мове да 1825 г. пісалася ў травэстыйных жанрах. Новае пакаленьне пісьменьнікаў, захопленае рамантычнай ідэалёгіяй і заклапочанае адраджэньнем нацыі, адчувала адчужэньне да такой літаратуры. Як сьпярша Тарас Шаўчэнка, так пасьля і Францішак Багушэвіч бачылі ў ёй "насьміханьне" з народу і мовы.

Апрача гэтага, мэтадалягічны ўзровень, закладзены Адамовічам у далёкія 1920-я, для бальшыні яго сучасных калегаў застаецца непераўзыдзеным. Асабліва эфэктна Адамовіч выглядае на фоне крытыкаў, якія ўжывалі т. зв. народніцкую мэтадалёгію – Вацлава Ластоўскага, Лявона Гмырака, Антона Луцкевіча і г. д. А гэта стварала падставы для насьцярожанасьці.

Нарэшце, як пісьменьнік і "малазначны раманіст" (Арнолд Макмілін), Сачанка ня мог дараваць Адамовічу "кінжальных" ацэнак беларускай савецкай літаратуры. Нейкай асаблівай безвыходнасьцю яны адзначаліся ў 1950-я гг., калі словазлучэньне "беларуская савецкая літаратура" ў Адамовіча фігуруе з азначэньнямі "мёртвая", "бяздушная" й "безгалосая". (У фармулёўцы Р. Грабовіча, росквіт графаманіі ёсьць наступствам адсутнасьці інстытуцыйных структураў дыфэрэнцыяцыі эстэтычнага адсеву, калі крытыка не адрозьнівае кепскага і добрага; ужо ад сябе дадам, што паваеннае беларускае пісьменства, як правіла, было графаманіяй і як вынятак – літаратурай.)

Але ў чымсьці Сачанка ўсё-такі меў рацыю. Адамовіч сапраўды дадумваў (але ці магчымая літаратурная крытыка без дадумваньня?), праяўляў катэгарычнасьць, быў схільны да ідэалягічных канфрантацыяў, а яго мэтадалёгія, асабліва ў часы захапленьня марксізмам, вызначалася схільнасьцю да "маналітнасьці, эксклюзіўнасьці і гегемоніі" (Р. Грабовіч). Гэта робіць сёньня трошку анахранічнай асноўную працу другой палавіны яго жыцьця – "Супраціў саветызацыі ў беларускай літаратуры (1917 – 1957)". У ёй быў закладзены пэўны канцэптуальны канфлікт: яна была выдадзеная па-ангельску, але напісаная для беларускага чытача. Гэтая праца прасякнутая гераічным нацыяналістычным патасам, стварае й культывуе культурныя міты, характэрныя для маладых нацыяў, літаратурны працэс у якіх да пэўнага моманту застаецца адзінай праявай інтэлектуальнага ці нават нацыянальнага жыцьця.

Гэты настрой добра перададзены ў іншым тэксьце, напісаным у тым самым часе, што і "Супраціў...".

У даўгіх, дасюль задоўжаных дый надалей усё доўжаных часох-вякох няволі і ўціску нашага народу мастацкай літаратуры ягонай выпала быць галоўным, а найчасьцей і адзіным выказьнікам настрояў, часта глыбака тоеных, нацыянальных імкнёнасьцяў, заўсёды змагарных і вызвольных.

Завяршае "Супраціў..." інтэлектуальна бедная выснова, што беларускія пісьменьнікі былі асноўнымі носьбітамі нацыянальнай сьвядомасьці, а спыненьне іх барацьбы з савецкай уладай нанесла ўдар нацыянальнаму руху. Сваім ідэйным зьместам праца істотна адрозьнівалася ад сучасных ёй дасьледаваньняў заходніх літаратуразнаўцаў і таму ня выклікала сур’ёзнага зацікаўленьня зь іх боку. Ёй таксама ўласьціва мэтадалягічная праблематычнасьць – яна заснавана на ацэнках літаратурнай творчасьці, зробленых Лукашом Бэндэ, Айзікам Кучарам, Арэстам Канакоцінам і іншымі вульгарнымі сацыялягізатарамі, што фактычна раўназначна зь іх пасіўным прыняцьцем.

У Сачанкавым выказваньні, аднак, нічога не гаворыцца пра больш сур’ёзны прабел, уласьцівы Адамовічавым літаратурным студыям. Па сутнасьці, усе яны прысьвечаны беларускай літаратуры канца XIX – XX стст. Адзінкавыя выняткі, напрыклад, артыкул "Па дарозе да Эўропы", дзе ў тэлеграфным стылі даецца агляд беларускай літаратуры XIII–XIX стст., у рахунак не ідуць. Факт гэты просіць свайго тлумачэньня.

Дзіцё ўнівэрсытэту, узброенае перадавой марксісцкай мэтадалёгіяй

Фэномэн Антона Адамовіча непарыўна зьвязаны з раньняй гісторыяй Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Унівэрсытэт і тыя прыступкі, якія ён прайшоў на шляху да яго, і зрабілі з гэтага найбольш таленавітага студэнта-менчука (Мікола Ўлашчык) літаратурнага крытыка.

Заснаваньне БДУ дало моцны імпульс нацыянальнаму руху. Маладыя і паджылыя пісьменьнікі і палітыкі лічылі справай гонару атрымаць ўнівэрсытэцкую адукацыю. Гэты культ унівэрсытэту, хай сабе і ў дачыненьні яго ніжэйшай прыступкі, Беларускага пэдагагічнага тэхнікуму, які тады лічыўся "сярэдне-вышэйшай навучальнай установай", і пасьля заканчэньня якога залічалі адразу на другі курс БДУ, выдатна выразіў сам Адамовіч у 1929 г.:

...як нямецкія ўнівэрсытэты пары буйнога росквіту бюргерскае Нямеччыны выхавалі ёй цэлы шэраг "бурных геніяў", як расейскія навучальныя ўстановы часу найвышэйшага ўздыму "старога парадку" дваранства багата папаўнялі шэрагі "пушкінскае плеяды", і наш тэхнікум пачаў вылучаць зь сябе новых... паэтаў і пісьменьнікаў.

Праўда, менская вышэйшая адукацыя не ішла ў параўнаньне з маскоўскай ці ленінградзкай, што адразу зразумела студэнцкая моладзь. Уладзімер Дубоўка вучыўся ў Маскве, Язэп Пушча зь Міколам Улашчыкам давучваліся ў Ленінградзе (апошняму належыць назіраньне, што БДУ другой паловы дваццатых нагадвала правінцыйны пэдынстытут). Навучаньне і навуковыя дасьледаваньні ў БДУ таго часу скоўваліся, з аднаго боку, гэтай правінцыйнасьцю, а з другога, характарам камуністычнай культурнай рэвалюцыі, якая й вынесла яго на паверхню жыцьця. Для дасьледніка літаратуры гэта азначала падвойную несвабоду: па-першае, у выбары аб’екту дасьледаваньня, па-другое, у мэтадалёгіі, г. зн. беларускую літаратуру адсталых грамадзкіх фармацыяў (ад пачаткаў і да другой палавіны XIX ст.) дасьледаваць было не пажадана зусім, а пачынаючы з эпохі зараджэньня і перамогі пралетарскага руху належала разглядаць з пазыцыяў марксізму-ленінізму.

Адамовіч, як і яго старэйшыя таварышы, тонка адчуваў гэтыя нябачныя рамкі і стараўся па магчымасьці за іх не выходзіць. Яго дасьледаваньні мелі "правільны" прадмет (толькі найноўшая літаратура) і адзіна правільную марксісцкую мэтадалёгію яго дасьледаваньня. Гэта, праўда, ня значыць, што Адамовіч зусім не дазваляў сабе вольнасьцяў. Пры канцы дваццатых яшчэ можна было цытаваць радкі Гарэцкага пра "камісарскае злачынства і няўмельства" і чыніць пурыстычныя экспэрымэнты з мовай. Наагул распрацоўка тэмы "Межы дазволенага ў гуманістыцы БССР канца 1920-х" магла б стварыць асобны інтэлектуальны сюжэт, але для гэтага патрэбны талент сацыёляга.

У гэты час Адамовіч яшчэ, напэўна, і ня думаў пра разрыў з марксізмам-ленінізмам і адыход на пазыцыі крытыка сымбалічных асноваў каляніяльнага панаваньня. (Характэрна, што Сачанка бэсьціць толькі позьняга, эміграцыйнага Адамовіча, раньняга ж, бээсэсэраўскага, ён хваліць.) Арышт 25 ліпеня 1930 ува ўзросьце 21 году і пасьлейшыя блуканьні па пакутах змусілі знайсьці ў сабе новыя таленты.

Інфарматар савецкіх спэцслужбаў

Верны самому сабе, за пару гадзін да арышту Адамовіч абмяркоўваў з Адамам Бабарэкам ідэю новага артыкула, гэтым разам аб творчасьці Максіма Лужаніна. Аднак найбольшы Адамовічаў твор часу зьняволеньняў і высылкі пра іншае. Гэта – інфармацыйна насычаная расейскамоўная аўтабіяграфія, напісаная ў 1935 годзе адмыслова для "органаў" і не прызначана для друку. Яна дазваляе глыбей зазірнуць ува ўнутраны сьвет дваццацішасьцігадовага ссыльнага.

Аўтабіяграфія паказвала, што яе аўтар раскаяўся ў сваіх памылках і ўхілах, перавыхаваўся, засвоіў правільны лад мысьленьня і не ўяўляе небясьпекі савецкай сыстэме. Каб засьведчыць сваё ідэйнае перараджэньне, Адамовіч выкарыстоўваў моўныя знаходкі тагачаснай савецкай прапаганды, ацэньваў творчасьць высланых пісьменьнікаў у "правільным" духу, доўга ды пакутліва каяўся (часам не без іроніі – "мы ўсе, насьлядуючы парадам Пушчы яго сабаку, насьцярожана ставіліся да ўсяго расейскага").

У той час пажадана было рабіць даносы, і Адамовіч іх рабіў. Упершыню ён данёс на свайго калегу на высылцы Д. Дунько начальніку раённага аддзяленьня НКУС у 1934. У аўтабіяграфіі ёсьць зьвесткі, якія маглі паламаць лёс Т. Тараймовічу, жонцы Ф. Купцэвіча і асабліва Кандрату Сяледчыку, даносам на якога тэкст завяршаецца (той, маўляў, параўноўваў палітыку савецкай улады з каляніяльнай палітыкай Мікалая І).

Тое, што гэтыя паводзіны амаральныя і заслугоўваюць самай суровай ацэнкі, ясна кожнаму сьвядомаму чалавеку. Значна цікавей, аднак, паразважаць, што падштурхнула Адамовіч да гэтага падзеньня.

У субкультуры беларускай савецкай інтэлігенцыі 1930 – 1940-х данос успрымаўся як натуральны атрыбут жыцьця. Паўліна Мядзёлка даносіла на Янку Купалу, Сяргей Астрэйка на Лукаша Калюгу, Язэп Лёсік падчас сьледзтва аб "Саюзе вызваленьня Беларусі" каго толькі не абгаворваў. Верагодна, нечы данос зламаў жыцьцё й самому Антону Адамовічу. Мікола Ўлашчык у 1944 годзе жыў разам з супрацоўнікамі Беларускай Акадэміі навук у маскоўскай гасьцініцы "Якар", пастаянна баючыся даносу: "Я ведаў, што сустракацца зь мянчанамі ня трэба, самае лепшае, каб ніхто ня ведаў, што я ў Маскве, іначай хто-небудзь скажа каму-небудзь і г. д.". Тое ж самае іншымі словамі падкрэсьліваў Адамовіч у сваёй "Аўтабіяграфіі": "Побач з гэтым настроем невінаватасьці вельмі характэрны й настрой боязі адзін аднаго, боязі правакацыі і даносу".

Ня чым іншым, як публічным даносам, нельга назваць і калектыўныя звароты беларускіх пісьменьнікаў з патрабаваньнямі суровага пакараньня сваім зьняволеным калегам. Ужо ў лістападзе 1930 году засталыя на волі сябры "Ўзвышша" (Кандрат Крапіва, Максім Лужанін, Пятро Глебка і г. д., каб адхрысьціцца ад сваіх зьняволеных калегаў (Адама Бабарэкі, Уладзімера Дубоўкі, Антона Адамовіча і інш.) ухвалілі такі публічны данос. У меру павелічэньня інтэнсіўнасьці сталінскага тэрору іх колькасьць будзе расьці, як будзе расьці і кола іх падпісантаў – пры канцы трыццатых свае подпісы пад падобнымі дакумэнтамі давядзецца ставіць і Коласу з Купалам.

Такім чынам, мы маем справу з калектыўнай паталёгіяй у асяродзьдзі нацыянальнай эліты, для якой шырока зразуметы данос стаў спосабам барацьбы за існаваньне.

Гэтую "субкультурную" матывацыю можна назваць суб’ектыўнай. Існавала яшчэ і аб’ектыўная матывацыя, якую ўдала сфармуляваў ізноў-такі Адамовіч у сваёй "Аўтабіяграфіі":

Прычыны... ува ўстаноўцы, што разглядае нас усіх як ворагаў грамадзтва. Усякі данос можа дзеяць толькі тады, калі той, на каго даносяць, ужо і падазраваны, і вывучаны з пункту гледжаньня гэтай устаноўкі, і, такім чынам, данос можа толькі аформіць або фарсаваць паводзіны таго, неабходнасьць чаго ўжо вядомая і без даносу.

Тым самым да ранейшай высновы аб даносе як спосабе барацьбы за існаваньне трэба дадаць істотнае ўдакладненьне: у варунках таталітарнай дзяржавы, якая плянамерна ўжывае тэрор супраць сваіх грамадзянаў для дасягненьня бягучых палітычных мэтаў.

І апошняе тут. Хаця дакладна невядома, хто ці што паспрыяла вызваленьню Адамовіча зь менскай турмы НКУС у 1938 годзе, але гэта было б немагчыма без найжвавейшага удзелу самога вязьня і яго крайняга апартунізму і выкрутлівасьці. Гэтая якасьць будзе напоўніцу запатрабаваная і пры чарговым крутым віражы Адамовічавага лёсу.

Ідэоляг беларускай калябарацыі

Для менскай інтэлігенцыі замена ў 1941 г. аднаго таталітарнага рэжыму другім, мала менш жорсткім, прывяла да зьменаў у герархіі сымбаляў і нарацыяў, але не манеры мысьленьня. У такіх абставінах Адамовічава здольнасьць да інтэлектуальнай мімікрыі прыдалася як найлепей і вывела яго на пазыцыю ідэоляга беларускай калябарацыі. (Да свайго ад’езду ў 1943 у Бэрлін ён быў фактычным рэдактарам тагачаснага менскага афіцыёзу – "Менскай (Беларускай) газэты".)

Пра ідэі, погляды, рыторыку і г. д. тагачаснага Адамовіча найлепш дае ўяўленьне яго тагачасная публіцыстыка. Зь яе ў гэтае выданьне ўвайшло колькі тэкстаў. Нягледзячы на вялізныя часам купюры, яны перадаюць дух свайго часу.

І савецкі, і нямецкі (да 1945 году) этапы творчасьці не былі асабліва прадукцыйныя для Адамовіча. Творы гэтага часу займаюць другараднае месца ў гэтым выданьні. Куды больш плённым быў уласна эміграцыйны пэрыяд, на які і прыпадае росквіт яго крытычнага таленту. Гэта выявілася найперш у галіне якасьці, г. зн. у набліжэньні да заходняга стандарту літаратуразнаўчага дасьледаваньня. (Хаця ранейшай абмежаванасьці што да аб’екту дасьледаваньня так і не ўдалося пераадолець.) Акурат гэты, найбольш несавецкі даробак быў такім правакацыйным для Сачанкі. Як тут не сказаць пра дабратворны ўплыў лібэральнай дэмакратыі на дасьледаваньні беларускай літаратуры!

***

У выданьні ў храналягічным парадку зьмешчана блізу пераважная бальшыня матэрыялаў, якія можна аднесьці да літаратуразнаўчай спадчыны Антона Адамовіча. З большых твораў у выданьне з тэхнічных прычынаў не ўвайшоў нарыс "На нівах і ўзвышшах беларускага слова".

Апублікаваныя творы істотна розьняцца сваім навуковым значэньнем, жанрава і кампазыцыйна. Пазьнейшыя зь іх могуць часткова паўтараць ранейшыя, а таксама зьмяшчаць узаемасупярэчлівыя зьвесткі. Такія месцы мы імкнуліся падпраўляць або зазначаць беспасярэдне ў тэксьце.

Выданьне забясьпечана іменным паказьнікам, а таксама камэнтарамі, у якіх тлумачацца прынцыпы і спосабы тэксталягічнай апрацоўкі арыгіналаў.

Валер Булгакаў

"Літаратуразнаўца, гісторык, публіцыст, доктар філялёгіі. Нарадзіўся ў Менску. У часе нямецкай акупацыі арганізатар выдавецкай дзейнасьці, галоўны рэдактар выдавецтва "Менск". Пасьля вайны ў Нямеччыне, а потым у ЗША разьвіваў актыўную навуковую, публіцыстычную і выдавецкую дзейнасьць". (Юры Туронак "Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939-1944)", Менск, 2002)

"Антон Адамовіч у 1930 г. быў арыштаваны па справе няіснага "Саюзу вызваленьня Беларусі" і асуджаны на 5 год высылкі ў Кіраўскую вобласьць. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у Менскай гарадзкой управе, быў рэдактарам "Беларускай Газэты". У кастрычніку 1943 г. выехаў у Бэрлін, рэдагаваў "Раніцу". Быў актыўным прыхільнікам і папулярызатарам перайменаваньня Беларусі ў Крывію (з мэтай унікненьня атаясамленьня заходнімі краінамі Беларусі з Расеяй). 3 1949 году – у ЗША. Сябра Рады БНР". (Лявон Юрэвіч "Літаратурны рух на эміграцыі", Менск, 2002)


Раім таксама паглядзець:
Савік Лідзія. Пакліканыя: Літаратура беларускага замежжа
0.48 р.

Савік Лідзія. Пакліканыя: Літаратура беларускага замежжа

У кнізе аналізуюцца здабыткі беларускіх пісьменнікаў у далёкім замежжы. Чытач мае магчымасць глыбей пазнаёміцца з жыццём і творчасцю паэтаў Н. Арсенневай, У. Дудзіцкага, Я. Золака, Х. Ільляшэвіча, М. Кавыля, У. Клішэвіча, Р. Крушыны, А. Салаўя, М. Сяднёва.

Кудравец Анатоль. За дальнім прычалам. Літаратурныя партрэты
0.80 р.

Кудравец Анатоль. За дальнім прычалам. Літаратурныя партрэты

У новую кнігу вядомага празаіка ўвайшлі літаратурныя партрэты сяброў па пяры: Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Васіля Быкава, İвана Мележа, Уладзіміра Караткевіча, Міхася Стральцова, İвана Чыгрынава, Віктара Карамазава, Фёдара Янкоўскага, Алеся Жука, Варлена Бечыка, Уладзіміра Верамейчыка, Яна Скрыгана...

Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён: выбраныя ТЭКСТЫ
2.34 р.

Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён: выбраныя ТЭКСТЫ для чытання і аналізу

У кнізе прыводзяцца выбраныя тэксты для чытання і аналізу. Адрасуецца ўсім, хто цікавіцца мастацкім словам, пытаннямі беларускай і сусветнай літаратуры і культуры.

Літаратура пераходнага перыяду
4.99 р.

Літаратура пераходнага перыяду

У кнізе тэарэтычна асэнсоўваецца феномен пераходнага перыяду ў сучасным літаратурным працэсе, эпоха кардынальных змен у жыцці беларускага соцыюма, выяўляюцца глыбінныя зрухі ў мастацкім мысленні і вызначаецца напрамак развіцця нацыянальнай культуры і літаратуры.