Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
Ці ў сацыяльных сетках: Facebook або ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Адзінец Аляксандар. Паваенная эміграцыя: скрыжаваньні лёсаў

Адзінец Аляксандар. Паваенная эміграцыя: скрыжаваньні лёсаў
2.99 р.
Вага: 760 г
Памеры: 135x200 мм



Зборнік успамінаў. – Мінск : Медисонт, 2007. – 704 с., [28] с. іл. – (Бібліятэка Бацькаўшчыны ; кн. 11).

ISBN 978-985-6530-47-3

Кніга складаецца з 73 успамінаў прадстаўнікоў беларускай дыяспары, што пасьля 1944 г. апынуліся ў Аргентыне, Аўстраліі, Бэльгіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Нямеччыне, Польшчы, Францыі, Чэхіі, Швэцыі. У біяграфічных аповедах знайшлі сваё адлюстраваньне падзеі Другой сусьветнай вайны, эміграцыя, а таксама асаблівасьці станаўленьня беларускага жыцьця на чужыне й яго сучасны стан.

ЗЬМЕСТ

Прадмова

АРГЕНТЫНА
Ванда Губэрт-Другавец. У Аргентыне мы значна больш пазналі гора

АЎСТРАЛІЯ
Мікола Антух. Я ўмею за сябе пастаяць
Аляксандар Бакуновіч. Ня ўсё тут так дрэнна
Ян Барысевіч. Пра беларускія арганізацыі даведаўся выпадкова
Аўген Груша. Аўстралія была для нас зямным раем
Аляксандар Грыцук. З моладзі ў Аўстраліі ніхто не вучыўся
Уладзімер Калесьніковіч. Свая гаспадарка на эміграцыі – напамін пра Бацькаўшчыну
Аляксандар Кулакоўскі. Зьменіцца ўлада – бяз роздуму палячу ў Беларусь
Міхась Лужынскі. Я вельмі сумую па жонцы
Марыя Мароз. Аўстралія надта ўжо сьпякотная краіна
Эва Парэцкая. Такой прыроднай прыгажосьці, як тут, нідзе ня знойдзеш
Жэня Юрша. Што гэта за аграгарадкі, дзе беларусы найперш мусяць дбаць пра сваю жывёлу
Эўлялія Яцкевіч. Беларускае жыцьцё ў Мэльбурне скончылася

БЭЛЬГІЯ
Аляксей Арэшка. Я думкамі вяртаюся ў сваю маладосьць
Янка Жучка. Застацца ў Бэльгіі прымусіла каханьне
Зоя Смаршчок. Беларусак майго веку тут амаль няма

ВЯЛІКАБРЫТАНІЯ
Міхась Баяроўскі. Апантаным антыкамуністам мяне зрабіў расейскі мат
Сільвэстар Будкевіч. Без здаровага нацыяналізму няма нацыі
Юры Весялкоўскі. Наша арганізацыя ня вытрымала разьяднаньня знутры
Лёля Міхалюк. Мы не зьбіраемся спыняць працы
Алесь Ражанец. Я – адзін зь нешматлікіх жаўнераў, што дажылі да сёньня
Міхаіл Швэдзюк. Беларусь не адведваў, каб не пашкодзіць сваяком

ЗША
Франціш Бартуль. Даты, імёны, падзеі, прозьвішчы
Міхась Белямук. Беласток – Осла – Брэмэн – Кліўленд
Лёнгіна Брылеўская. Сьцежкі жыцьця 115
Кастусь Вайцяхоўскі. Сакрэтны агент
Кастусь Верабей. Я быў сьведкам усіх спрэчак у беларускім царкоўным жыцьці
Расьціслаў Гарошка. Повязі зь Беларусьсю абарваліся
Барыс Данілюк. Мая мара – Вялікае Княства Літоўскае. Слова пра бацьку
Сымон Жамойда. Убачанае й перажытае
Анатоль Занковіч. У Чыкага я ніколі не забываў пра беларускую справу
Ірэна Ільчук. Тут ветлівая, але чужая зямля
Міхась Кавыль. Жывое зерне Кавыля
Лёля Касоўская. Сапраўднае зацікаўленьне Беларусьсю пачалося адносна нядаўна
Уладзімер Кушаль. Немцам было напляваць, чым займаюцца іх будучыя рабы
Мікола Латушкін. Грамадзкая дзейнасьць у Амэрыцы займала ўвесь час
Ганна Мерляк. У Аргентыне не было падзелу на "крывічоў" і "зарубежнікаў"
Уладзімер Набагез. Мне дапамагло веданьне моваў
Янка Раковіч. Беларускае жыцьцё ў нас у запусьценьні
Вера Рамук. Я нарадзілася пад шчасьлівай зоркай
Вітаўт Рамук. Екацярынаслаў – Ліда – Шонштайн – Чыкага
Эмігідзіюш (Юры) Рыжы. Пра майго брата шмат казалі няпраўды
Мітрафан Рэпкаў-Смаршчок. У Мінэсоце няма з кім пагутарыць па-беларуску
Язэп Сажыч. Справу сваю мы рабілі шчыра, самааддана, самаахвярна
Міхась Сенька. Быў і застаюся прыхільнікам БЦР. Уладзімер Сенька. Ліст Уладзімера Сенькі да Міхася Міцкевіча
Тамара Стагановіч. Пачаткі ў Амэрыцы былі вельмі цяжкія й балючыя. Пра маіх бацькоў
Лявон Страпко і Сьцяпан Страпко. У Танзаніі й Кеніі мы палявалі на зэбраў
Міхась Страпко. Тут усе перасварыліся паміж сабой
Віталь Цярпіцкі. Я – Астроўшчык
Сьвятаслаў Шабовіч. У Тэхасе беларусаў – адзінкі, калі наогул яны там ёсьць
Антон Шукелойць. У мэгаполісах я пачуваюся па-сапраўднаму ўтульна
Васіль Шчэцька. Гартаючы старонкі біяграфіі

КАНАДА
Уладзімер Бельмач. Я так і застаўся чужынцам
Віктар Бурдзь. Мне вельмі падабаецца Манітоба
Мікола Буцька. Кантакты з радзімай абарваліся
Марыя Ганько. Канада пахне людзкім потам
Барыс Кірка. У Канадзе было вельмі цяжка
Аляксандар Мяцеліца. Мы сербанулі гора і ад немцаў, і ад партызанаў
Міхась Пашкевіч. Мой бацька дапамагаў Адаму Станкевічу
Элеанора Пітушка. Мы былі фанатыкамі беларускай справы
Барыс Рагуля. Народжаны ў кашулі
Анатоль Хрэноўскі. Канада ў рэбры ўлезла ды з рэбраў вылезла
Іван Хрэноўскі. Дзесяць гадоў абіваў парогі, каб выехаць у Канаду

НЯМЕЧЧЫНА
Надзея Касмовіч. Мой муж быў вельмі лагодным чалавекам. Дасье
Барыс Кіт. Агідна было глядзець, як маральна зьнічтожвалі Радаслава Астроўскага
Петрык Смаршчок. Трэба было бачыць, колькі ў таты было кніг
Анатоль Чайкоўскі. Я – паэт у мастацтве

ПОЛЬШЧА
Мацей Канапацкі. Мой татарын-бацька быў нязломным змагаром за беларускую ідэю
Анатоль Маўчун. Успаміны дапамагаюць зразумець іншых
Юры Туронак. Мой экскурс у гісторыю быў вынікам асабістага выбару

ФРАНЦЫЯ
Лявон Шыманец. Да гэтай пары не магу пазбавіцца жудасных успамінаў вайны

ЧЭХІЯ
Юрка Станкевіч. Мой бацька да апошняга дня жыў Беларусьсю

ШВЭЦЫЯ
Яніна Лукашык-Ставожыньска. Цяпер такіх людзей, як мой муж, няма

УСПАМІНЫ БАРЫСА КІТА ПРА ВЯДОМЫХ ЛЮДЗЕЙ
Аляксандар Калодка
Сьвятаслаў Коўш
Аўген Вярбіцкі
Уладзімер Сенька
Радаслаў Астроўскі
Мікола Шчорс
Уладзімер Тамашчык
Леў Гарошка
Масей Сяднёў
Янка і Станіслаў Станкевічы
Васіль Рагуля
Хведар і Мікола Ільляшэвічы
Сямейства Орсаў
Філафей

Біяграфічны паказьнік: Кароткія зьвесткі пра розных асобаў на эміграцыі, што згадваюцца ва ўспамінах
Індэкс асобаў

 

ПРАДМОВА

Ідэя напісаньня кнігі выкрышталізавалася ў рэальны праект вельмі нечакана. Каталізатарам стаў мой старэйшы сябра Барыс Кіт – першы прадстаўнік ваенна-палітычнай хвалі беларускай эміграцыі, зь якім мне ўдалося навязаць цесны кантакт. Але тады я і ў марах не плянаваў выданьня цэлай кнігі, прысьвечанай эміграцыі. Мэтай было напісаньне газэтнага артыкулу. Аднак пасьля той размовы я быў настолькі захоплены, узрушаны й усхваляваны суразмоўцам, што зразумеў: гэта толькі пачатак!

У галаве пачалі круціцца пытаньні: а колькі яшчэ такіх беларусаў апынуліся па вайне за межамі Бацькаўшчыны, сталі паважанымі людзьмі на новых радзімах, што яны рабілі на карысьць Беларусь, ці не забыліся роднай мовы, традыцый, ці захавалі ўсё гэта багацьце ў новых варунках жыцьця? Адказы рэдка сустрэнеш у айчынным друку, разьлічаным на шырокае кола чытачоў, – толькі эпізадычныя згадкі, якія ня могуць даць уяўленьня пра жыцьцё эміграцыі, яе посьпехі і страты, памылкі і здабыткі як пра глябальную паўнавартасную зьяву, неразрыўна зьвязаную з самой Беларусьсю – у мінулым, сучаснасьці й у будучыні. Ня трэба лішні раз узгадваць пра тыя характарыстыкі паваенным эмігрантам, на якія не скупілася савецкая журналістыка й літаратура. Але й яна, гэтая замбавальна-зьнішчальная "канцыляршчына" з гнойным пахам, была даволі рэдкай зьявай. Як правіла, пра эміграцыю прынята было маўчаць, каб, крый Божа, ня выклікаць цікавасьці да легіёну "здраднікаў" і "калябарантаў". Замоўчваючы іх існавань-не, улады спрабавалі ператварыць у мерцьвякоў жывых людзей, бо, як вядома, найлепшы спосаб пахаваць чалавека жыўцом – гэта забыць пра яго. І толькі тады, калі на Бацькаўшчыну прарываліся-такі галасы з далёкага замежжа, верныя служакі ганебнай саветчыны цягнуліся за нафталінавай цяжкай артылерыяй, што страляла без разбору ў ахвяраў "фашызмам", "здрадніцтвам" і іншай "антысаветчынай". Яна, эміграцыя, была вінаватая апрыёры, бо пасьмела пакінуць "савецкі рай рабочых ды сялян". Няважна, якім чынам – пад прымусам, гнаная ў невядомасьць нямецкай вінтоўкай, ці самастойна, ратуючыся ад самай "міласэрнай" на сьвеце сыстэмы, што згнаіла ў лягерах мільёны людзей. Пакідалі са сьлязьмі на вачох, са страхам перад цёмнай і нявызначанай будучыняй, з балючым сэрцам пра сыноў, бацькоў, што зьніклі бязь вестак ці былі раскіданыя ваенным лёсам па ўсёй плянэце, з балючым сэрцам пра лёс тых, хто застаўся на Бацькаўшчыне. Са сьлязьмі на вачох пры думцы аб тым, што родную Беларусь бачаць, магчыма, апошні раз...

...І завярцелася кола! Пачынаць прыйшлося з поўнага нуля – аніводнага тэлефону, аніводнага адрасу, толькі некалькі прозьвішчаў "на алоўку". Але хутка ўдалося разбагацець на шырокую базу каардынатаў. Пры дапамозе новых знаёмых, калегаў, артыкулаў, прысьвечаных эміграцыі, кніг, на якія пачаў паляваньне, і шматгадзінных, бесьперапынных вандровак па тэлефонных даведніках краін усіх кантынэнтаў. Гэта быў сьнежны ком, які з кожным днём станавіўся ўсё большым і ў выніку вырас да памераў кнігі, якую вы трымаеце ў сваіх руках.

Ад самага пачатку да фінальнай кропкі праца над кнігай заняла два гады часу. Два гады цікавай і напружанай працы. Два гады здабыткаў і стратаў. Два гады радасьцяў і расчараваньняў. Два гады, якія не забудуцца ніколі ў жыцьці, бо я жыў гэтай кнігай, здаралася, засынаў і прачынаўся з думкамі пра яе, бачыў яе ў снах: перадваенную Вільню, Другі Усебеларускі Кангрэс, доўгачаканыя лісты ад сваіх суразмоўцаў, якія дастаю з паштовай скрыні, і – безумоўна – сваіх герояў, некаторыя зь якіх цягам працы над кнігай зрабіліся для мяне дарагімі й амаль што роднымі людзьмі.

Нумары тэлефонаў першых эмігрантаў набіраў дрыжачымі рукамі, бо абсалютна ня ведаў, якой рэакцыі чакаць ад сваіх значна старэйшых суразмоўцаў на свае прапановы. Адзін зь першых суразмоўцаў, вядомы дзеяч з Таронта, сваёй выбуховай, неапраўдальнай агрэсіяй ледзь не растаптаў жаданьне займацца тэматыкай далей. Але далейшыя спробы ў асобах доктара Мітрафана Смаршчка, Веры Рамук, Віталя Цярпіцкага, Соні й Язэпа Лешчанкаў (Кавылёў), сьветлай памяці Барыса Рагулі надалі праекту новы й пазытыўны імпульс. Зьявілася яшчэ большая ахвота й азарт пашырыць гутаркі з эмігранцкім асяродзьдзем да памераў кнігі. Далейшая праца над ёй, праца зь людзьмі старэйшага веку, што пражылі цяжкае, поўнае выпрабаваньняў жыцьцё, праходзіла зь пераменным посьпехам. На дзясятак асобаў, што зь цікавасьцю й ахвотай адгукаліся на мае прапановы, прыпадаў дзясятак адмоваў. Дыяпазон абгрунтаваньняў шырокі. Некаторыя эмігранты й ня думалі хаваць трывожных думак, што журналіст, які патэлефанаваў ім, – шпіён КДБ, які падманнымі мэтадамі хоча выцягнуць дэталі біяграфіі. Спробы пераканаць суразмоўцаў у тым, што інфармацыя на патрэбных ім людзей сабраная тымі "органамі" некалькі дзясяткаў гадоў таму і – болей за тое – даўно адпраўленая ў архіў (пра тое, як спраўна й прафэсійна ў СССР была наладжана выведка за эмігрантамі, – чытайце ва ўспамінах Барыса Кіта пра Станіслава Станкевіча), не прыносіла ніякага плёну.

Страх перасьледу, пакараньня, няспынных пошукаў "ворагаў народу" ў іхнай асобе зрабіўся ў значнай частцы эмігранцкага асяродзьдзя галоўнай фобіяй, якая не дае ім спакойна засынаць і сёньня, калі краіны, ад якой яны чакалі пагрозы свайму існаваньню, ужо 15 гадоў як няма на сусьветнай мапе. Менавіта з гэтай прычыны далёка ня кожны эмігрант адважыўся адведаць Беларусь нават пры незалежнасьці. Яны шчыра прызнаюцца, што баяцца быць арыштаванымі й кінутымі за краты, толькі сышоўшы з трапу самалёту.

Але крытыкаваць гэтых людзей ня маю маральнага права. Бо ўсьведамляю, празь якія брутальныя выпрабаваньні ім давялося праходзіць, каб урэшце зажыць паўнавартасным жыцьцём у вольным сьвеце. Найглыбейшая адзнака ўзроўню страху – засьцярогі, што пасьля публікацыі ў кнізе ўспамінаў пачнуць рэпрэсаваць іх сваякоў, што жывуць і працуюць у Беларусі. Было досыць шмат і такіх выпадкаў, калі падчас першай размовы чалавек даваў цьвёрды адказ "згодзен(-на)", а на другі дзень, пасьля спасьцярогаў сваякоў ці сяброў, даваў задні ход. Частка адмоваў тлумачылася ўжо напісанымі ці рыхтаванымі аўтабіяграфіямі. Пры гэтым я заўсёды спрабаваў высьветліць, якім чынам гэтая акалічнасьць перашкаджае зьмяшчэньню іхных успамінаў яшчэ й у маім зборніку. Улічваючы, што некамэрцыйная кан'юнктура рынку такой літаратуры ніяк ня можа лічыць нас канкурэнтамі. Але адказу, на жаль, так і не пачуў. Відаць, спрацоўвалі нейкія глыбока асабістыя меркаваньні. Аднак радуе тое, што ў найбліжэйшым часе, калі задумкам аўтараў нічога не перашкодзіць, нас чакае шэраг сьвежых выданьняў пра жыцьцё эміграцыі. Якія, адзінае, пажадана ўсё ж такі даносіць да больш шырокага кола чытачоў, а не ператвараць надрукаваную працу ў фантом, як гэта нярэдка здараецца ў нас з падобнага кшталту літаратурай.

У спробах навязаць кантакты з эміграцыйным сьветам хапала ўсяго: і мэтадычнага кіданьня слухаўкі пасьля аднаго толькі вітаньня па-беларуску, і рэзкіх адмоваў запрасіць мужа (ці жонку) да тэлефону, і абвінавачаньняў аўтара ў тым, што ён "замалады": "Вы ня можаце зразумець нашай свабоды, дый увогуле – дзе гарантыя, што Адзінец – гэта ня ваш псэўданім?!", спасылак людзей з Фларыды, Паўднёвай Аўстраліі ці Таронта, што мы не знаёмы асабіста, і шмат чаго іншага. Такім чынам, на болей чым 70 запісаных успамінаў прыйшлося амаль столькі ж адмоваў, некаторыя зь якіх перажываліся вельмі балюча, бо сыходзілі ад людзей, што маглі праліць сьвятло на шэраг белых плямаў у гісторыі беларускай эміграцыі. Плямаў, якія, улічваючы паважны ўзрост прадстаўнікоў плыні паваеннай эміграцыі, могуць быць не зьліквідаваны ўжо ніколі... Сумна, але далёка ня кожны эмігрант разумее важнасьць напісаньня максымальна праўдзівай, непадуладнай ідэалягічным скажэньням ці густу таго ці іншага рэжыму, гісторыі нашай эміграцыі.

Колькі яшчэ сотняў ці нават тысяч беларусаў з усіх кантынэнтаў засталіся па-за колам наладжаных кантактаў – застаецца толькі гадаць. Але ў асноўным гэта людзі, што па розных прычынах (у тым ліку – і згаданых вышэй) адвярнуліся ад сваёй беларускасьці, стаўшыся шараговымі грамадзянамі Канады, ЗША, Францыі, Бразыліі ці Парагваю. Паваенныя выхадцы зь Беларусі ёсьць паўсюль, нават у самых патаемных куткох узьбярэжжа Амазонкі ці сярод нарвэскіх фіёрдаў, а вось беларусаў – на жаль, няшмат.

Галоўны герой гэтай кнігі – чалавек. Асоба са сваімі думкамі, меркаваньнямі, радасьцю й болем, любоўю й нянавісьцю, захапленьнямі, перамогамі й паразамі. Асоба ў сваім пэрсанальным космасе, нутраным сьвеце, якой была прапанаваная свабодная, непадуладная цэнзуры трыбуна. Прамаўляць на ёй было дазволена ўсім і ўсё, не зважаючы на палітычныя погляды, веравызнаньне, вастрыню ці спрэчнасьць тых ці іншых адзнак. Як і хто ёй скарыстаўся – судзіць толькі чытачу, які мае магчымасьць бліжэй пазнаёміцца зь лёсам такіх блізкіх і адначасова далёкіх нам людзей, якія нарадзіліся й вырасьлі ў цяжкі, бязьлітасны для беларускай нацыі час і назаўсёды апынуліся па-за межамі сваёй адзінай сапраўднай Радзімы. У апавяданьнях аўтабіяграфічнага характару вы можаце даведацца пра палітычнае, культурнае, грамадзкае, рэлігійнае беларускае жыцьцё за мяжой, падзеі і тэндэнцыі, што былі ўласьцівыя ўсёй паваеннай эміграцыі. І, самае галоўнае, ацаніць унёсак эміграцыі ў агульны працэс беларускага адраджэньня.

Спадзяюся, што гэтая кніга прабудзіць большую цікавасьць да беларускай эміграцыі, яе часам супярэчлівай, але надзвычай цікавай і багатай гісторыі. Прымусіць глядзець на яе гісторыю аб'ектыўным позіркам на ўсіх узроўнях беларускага грамадзтва. Але як мінімум ведаць, што далёка за геаграфічнымі межамі Беларусі былі й ёсьць людзі, якія праз усё жыцьцё пранесьлі любоў і фанатычную адданасьць беларускай справе, зьяўляючыся прыкладам для тысячаў тых, хто не ўсьведамляе сваёй беларускасьці, жывучы на Бацькаўшчыне.

Гэтага ў эміграцыі не адыме ніхто!

Аўтар выказвае шчырую ўдзячнасьць усім суразмоўцам, што падзяліліся сваімі ўспамінамі, дапамаглі дадатковай інфармацыяй, ілюстрацыямі й каардынатамі людзей! Вялікі дзякуй за дапамогу ў рэалізацыі праекту таксама Алегу й Натальлі Гардзіенкам, Лявону Юрэвічу, Алене Макоўскай, Марату Клакоцкаму, Сяргею Ёршу, Ганне Сурмач, Веславу Харужаму, Віталю Воранаву.

Асаблівая падзяка тым, без чыёй дапамогі кніга ня выйшла б: Язэп Сажыч, Лёля Касоўская, Янка Шыбут, Сільвэстар Будкевіч, Антон Маркевіч, Міхась Баяроўскі, Уладзімер Набагез, Эмігідзіюш Рыжы, Сьвятаслаў Шабовіч, Аляксандар Мяцеліца, Лёля Міхалюк, Вітаўт і Вера Рамукі, Міхась Швэдзюк, Хведар Кажаневіч, Жэня Юрша, Мацьвей Смаршчок, Лёнгіна Брылеўская.

Аляксандар Адзінец,
Зульцбах-на-Майне, Нямеччына


Раім таксама паглядзець:
Гардзіенка Наталля. Беларусы ў Вялікабрытаніі
4.99 р.

Гардзіенка Наталля. Беларусы ў Вялікабрытаніі

Гэтая кніга, 18-я ў серыі "Бібліятэкі Бацькаўшчыны", прысвечана мінуламу і сучаснасці беларускай дыяспары ў Вялікабрытаніі. Аўтар разглядае гісторыю беларуска-брытанскіх кантактаў, перадумовы прыезду беларусаў у гэтую краіну ў 1940-я, працэс стварэння і дзейнасць нацыянальных арганізацый розных напрамкаў.

Шабельцаў Сяргей. Беларусы ў Аргенціне: грамадская дзейнасць і рээміграцыя ў ССС
4.99 р.

Шабельцаў Сяргей. Беларусы ў Аргенціне: грамадская дзейнасць і рээміграцыя ў СССР (1930 – 1960-я гг.)

У кнізе змешчаныя дакументы і ўспаміны пра беларускую дыяспару ў Аргенціне, а таксама пра рээмігрантаў, якія пераехалі з гэтай краіны ў СССР. Прадстаўленыя матэрыялы адлюстроўваюць светапогляд беларускіх імігрантаў, іх грамадскую і палітычную дзейнасць у Аргенціне, працэс іх рээміграцыі ў СССР і шляхі адаптацыі на Радзіме.

Гарэцкі Радзім. Браты Гарэцкія
4.99 р.

Гарэцкі Радзім. Браты Гарэцкія

Кніга прысвечана жыццю і дзейнасці выдатных дзеячаў беларускага нацыянальнага руху ХХ стагоддзя братоў Гарэцкіх: Максіма Іванавіча – класіка беларускай літаратуры, літаратуразнаўцы, крытыка, рэдактара-выдаўца, мовазнаўца, фалькларыста, педагога, публіцыста, грамадскага дзеяча; Гаўрылы Іванавіча – аднаго з заснавальнікаў Беларускай акадэміі навук, вядомага эканаміста, дэмографа, геолага, географа, археолага, грамадскага дзеяча.