Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
Ці ў сацыяльных сетках: Facebook або ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Аліг'еры Дантэ. Новае жыццё ; Петрарка Франчэска. Кніга песень

Аліг'еры Дантэ. Новае жыццё ; Петрарка Франчэска. Кніга песень
9.99 р.
Вага: 530 г
Памеры: 145x245 мм



Пераклад з італьянскай Уладзіміра Скарынкіна. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2011. – 312 с. – (Бібліятэка сусветнай літаратуры). Цвёрдая вокладка.

ISBN 978-985-6941-07-1

"Новае жыццё" Дантэ і "Кніга песень" Петраркі ўваходзяць у лік тых твораў, без якіх цяжка ўявіць сучаснага адукаванага чалавека, яны даўно сталі хрэстаматыйнымі. I толькі зараз беларускі чытач мае магчымасць — нарэшце! — чытаць іх на роднай мове дзякуючы таленту і намаганням вядомага беларускага паэта Уладзіміра Скарынкіна, які некалькі гадоў таму падараваў нам першы поўны пераклад "Боскай камедыі" Дантэ.

Дантэ Аліг'еры, Франчэска Петрарка

ЗМЕСТ

Беатрычэ і Лаура ў беларускіх строях. Мікалай Чаргінец

Дантэ Аліг'еры. Новае жыццё
(Скарочаны варыянт)
Уладзімір Скарынкін. Мой Дантэ

Франчэска Петрарка. Кніга песень
Уладзімір Скарынкін. Мой Петрарка

Тлумачэнні


Беатрычэ і Лаура ў беларускіх строях

Агульнавядома, што значная нацыянальная літаратура немагчыма без добрай перакладной літаратуры. Стварэнне высокай культуры перакладу абагачае яе і спрыяе набыццю ёю, як ні парадаксальна, свайго нацыянальнага характару. Перакладзеныя на нацыянальную мову творы сусветнай класікі спрыяюць яе развіццю і ўздымаюць прэстыж нацыянальнай культуры. Любы пераклад — гэта акт любові і захаплення. А калі яго яшчэ робіць таленавіты паэт, дык уласцівае яму пачуццёвае ўспрыманне свету дазваляе найбольш поўна зразумець сутнасць твора і прыпадабніцца ў думках і пачуццях самому аўтару. Гэтую выснову пацвярджае перакладчыцкая дзейнасць беларускага паэта Уладзіміра Скарынкіна, былога авіятара, які на пачатку свайго творчага жыцця хораша апеў прыгажосць зямлі і неба. Перакладзеныя ім кнігі Мікалая Рубцова "Рускі агеньчык" і Міколы Вінграноўскага "Украінскі прэлюд", бессмяротная "Боская камедыя" Дантэ Аліг'еры, паэмы Джорджа Байрана "Прароцтва Дантэ" і "Дон-Жуан", вершы Яна Райніса, а таксама малдаўскія народныя балады "Кадрану" і "Джардаке Лупу" дакладна перадаюць філасофію, паэтыку і стыль гэтых аўтараў і твораў.

Амаль усе паэтычныя кнігі — пра каханне. Але наўрад ці можна знайсці ў сусветнай літаратуры больш яркія прыклады палымянага і ў той жа час платанічнага кахання, якое валодала сэрцамі вялікіх італьянскіх паэтаў Дантэ Аліг'еры і Франчэска Петраркі на працягу ўсяго жыцця і нават пасля смерці жанчын, якіх яны абагаўлялі. Ім яны прысвяцілі свае лепшыя творы. Дантэ — "Новае жыццё" і "Боскую камедыю", Петрарка — "Кнігу песень", у якіх яны апаэтызавалі свае самыя інтымныя пачуцці да жанчын, імёны якіх зараз ведае ўвесь свет. Гэта Беатрычэ і Лаура. Мінула ўжо амаль сем стагоддзяў, калі з'явіліся гэтыя творы, але яны да гэтага часу з'яўляюцца ўзорамі паэтычнай дасканаласці. Бессмяротная "Боская камедыя" Дантэ, як было сказана раней, ужо стала набыткам беларускай літаратуры, дзякуючы намаганням таленавітага паэта і перакладчыка Уладзіміра Скарынкіна, які, як сведчыць загадчык кафедры італьянскай мовы лінгвістычнага ўніверсітэта Фёдар Цімафеевіч Міхасенка, максімальна выкарыстоўваючы выяўленчыя сродкі беларускай мовы, змог захаваць дух вялікага твора, яго філасофію, вобразы, ідэі, зрабіў яго зразумелым і блізкім беларускаму чытачу і нават, што часам бывае так цяжка зрабіць на іншай мове, не спрасціўшы яе меладычнага ладу, і тым самым адкрыў свет паэзіі Дантэ вялікай колькасці людзей. За пераклад гэтага бессмяротнага твора Уладзімір Скарынкін атрымаў званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы, Нацыянальнай прэміі Італьянскай Рэспублікі і прэміі Таварыства Дантэ Аліг'еры.

Але, як прызнаецца сам Уладзімір Скарынкін, ён так прывык засынаць і прачынацца з думкамі і вобразамі аўтара "Боскай камедыі", што перастварыў і другі яго твор — "Новае жыццё" і марыў выдаць пад адной вокладкай з "Боскай камедыяй", бо тая амаль адразу стала рарытэтам. Але, на жаль, мара не здзейснілася, і таму паэт палічыў мэтазгодным перакласці яшчэ "Кнігу песень" Франчэска Петраркі і выдаць іх разам. Такім чынам, беларуская літаратура робіцца багацейшай яшчэ на два сусветнавядомыя творы, у якіх Беатрычэ і Лаура, апранутыя ў беларускія строі, выглядаюць гожа і прыгожа.

Мікалай Чаргінец

Дантэ Аліг'еры


Мой Дантэ

Нам патрэбны беларускі Дантэ, беларускі Гётэ... Без "Фаўста" і "Боскай камедыі" не можа абыходзіцца нічыя літаратура. I справа нават не ў Дантэ і Гётэ. Справа ў нас. Трэба гэта зрабіць для сябе. Для ўзбагачэння сваёй мовы, для яе гнуткасці, шматфарбнасці, зіхацення, светаноснасці.
У. Караткевіч

Калі мы хочам быць культурнай нацыяй, нашы пісьменнікі павінны перастварыць на роднай мове сусветна вядомыя творы, каб паказаць, што і па-беларуску можна выказваць самыя складаныя пачуцці і думкі, выказваць вытанчана, высокім стылем і тым самым выклікаць павагу да сябе.

Менавіта такая выснова і жаданне зрабіць штосьці значнае для свайго народа натхнілі мяне на пераклад "Боскай камедыі" Дантэ Аліг'еры. На маю думку, гэта, як і Біблія, вечная кніга. Яе аўтар лічыў, што клопат пра ўдасканаленне душы павінен быць галоўным для чалавека, які не хоча спыніцца ў сваім развіцці, стаць падобным да жывёлы. "Боская камедыя" — найбольш яскравы твор сусветнай паэзіі, у якім узнёсла апяваецца Божая і чалавечая дабрыня. Яго галоўная тэма — усеабдымная любоў; да Бога, да чалавека, да прыроды, да радзімы. Дантэ сцвярджае, што пакаянне і ачышчэнне — неабходныя ўмовы спаткання людзей з Усявышнім, дасягнення імі гармоніі ў адносінах паміж сабою.

Аўтар несмяротнай паэмы — чалавек горды і высакародны — рос у любові да ісціны, заўсёды імкнуўся да яе і ненавідзеў ману. Справядлівасць і права былі для яго ўсім, а гвалт — нічым. Самай значнай падзеяй дзяцінства і маладосці вялікага італьянца стала каханне да Беатрычэ Парцінары. Яна нарадзілася ў Фларэнцыі ў красавіку 1267 г., а памерла 9 чэрвеня 1290 г. Дзякуючы ёй Дантэ ўзняўся над звычайным людам. Прычына таго, што ён рана пачаў пісаць, таксама Беатрычэ. "У мяне не было іншага настаўніка ў паэзіі, акрамя сябе і самага магутнага настаўніка ― Кахання", — прызнаваўся паэт. Смерць Беатрычэ, ужо замужняй жанчыны, стала для яго цяжкім ударам. "Калі Стваральнік усяго існага захоча падоўжыць маё жыццё яшчэ на некалькі гадоў, я спадзяюся сказаць пра Беатрычэ тое, чаго не было сказана ні пра адну жанчыну", — пісаў Дантэ ў 1292 г. Трыццацісямігадовага паэта за палітычныя перакананні і грамадскую дзейнасць у 1302 г. выгналі з роднага горада і асудзілі да спальвання на вогнішчы. Менавіта тады ён з уласцівай яму апантанасцю пачаў здзяйсняць даўнюю задуму. Удары лёсу не зламалі магутнага духу італьянца, і яго талент толькі ўзмацніўся ад жорсткіх выпрабаванняў. "Боская камедыя" — гімн каханню да Беатрычэ. Мэта паэмы — вызваліць людзей са стану грахоўнасці і вывесці на шлях міласэрнасці.

Заўважым, што вялікі твор напісаны не на моднай тады латыні, а на італьянскай мове, якой грэбавалі самі яе носьбіты. Людзей, што пагарджалі роднай мовай, Дантэ Аліг'еры называў "агіднымі", "нізкімі" і ўсклікваў: "Сорам і вечная ганьба дурным італьянцам, якія ўзвышаюць народную мову іншых краін, а прыніжаюць сваю ўласную!" Нямецкі біёграф і перакладчык Дантэ Вітэ пісаў: "Нідзе Дантэ не выяўляе так свайго патрыятызму, як у тых выпадках, калі ён, нагадваючы сына, што абараняе маці, бярэ пад абарону мову свайго народа ад лаціністаў, якія ненавідзелі яе. Галоўная карысць, якую ён мог даць і сапраўды даў свайму народу, — адзінства нацыянальнай мовы і нацыянальнай літаратуры. Не яго віна, што ён не мог даць яму і адзінства палітычнага". Але гэта не зусім так. Дакладней, зусім не так. Дантэ стаў сцягам нацыі, які высока ўзнялі дзеячы нацыянальна-вызваленчага руху супраць французскага і аўстрыйскага панавання. Гэты рух у 1870 г. прывёў да стварэння аб'яднанага Італьянскага Каралеўства, дзяржаўнай мовай якога была абвешчана італьянская.

Задума перакласці "Боскую камедыю" нарадзілася ў мяне ў маі 1976 г. на VII з'ездзе пісьменнікаў Беларусі, які адбываўся ў толькі што пабудаваным Доме літаратара. Мы, паэты сярэдняга пакалення, як нас тады называлі, у перапынку паміж пасяджэннямі згуртаваліся вакол Язэпа Семяжона, і мы даведаліся ад яго, што наш вядомы паэтперакладчык прапаноўваў перастварыць твор вялікага італьянскага майстра Сцяпану Гаўрусёву і абяцаў забяспечыць яго падрадкоўнікамі. Але той не згадзіўся. У канцы размовы слынны літаратар сказаў: "Добра было б, каб нехта з вас, маладзейшых, пераклаў яго".

На жаль, у той час я не мог цалкам аддацца літаратурнай працы, бо да сакавіка 1982 г. служыў у грамадзянскай авіяцыі і, самае галоўнае, не быў падрыхтаваны не толькі да перастварэння "Боскай камедыі" на беларускай мове як версіфікатар, але і да яе разумення як чытач. У 1982 г. Ніл Гілевіч прапанаваў мне перайсці на працу ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. З'явілася больш вольнага часу. Стаў болей пісаць і перакладаць. Хутчэй падсвядома, чым мэтанакіравана пачаў набываць кнігі, без якіх зразумець і перакласці "Боскую камедыю" было б немагчыма. Гэта, безумоўна, дзве Бібліі (адна ― з кананічнымі кнігамі Святога Пісання і падрабязнымі тлумачальнымі ўступамі да іх, другая ― поўная, якую складаюць 39 кананічных і 11 некананічных кніг), "Міфы народаў свету" (падпісацца на іх мне дапамог пісьменнік, інвалід Вялікай Айчыннай вайны Мікола Татур), "Савецкі энцыклапедычны слоўнік", "Іліяда" Гамера ў перакладзе на рускую мову Мікалая Гнедзіча, "Метамарфозы" Авідзія ў перакладзе на ўкраінскую мову, "Малы атлас свету", шматлікія слоўнікі і даведнікі па філасофіі, матэматыцы, фізіцы, астраноміі і рэлігіях, без якіх пераўвасобіць "Боскую камедыю" на беларускай мове я ніколі б не змог. Дапамагло мне і тое, што я ў 1987 г. вымушаны быў пайсці на "вольны хлеб", з якога я жыў да 1992 г., пакуль спагадлівы Васіль Зуёнак зноў не залічыў мяне ў штат Саюза пісьменнікаў Беларусі. Менавіта гэтыя чорныя старонкі майго жыцця я лічу вызначальнымі для сябе. Я разняволіўся духам і адчуў незвычайную лёгкасць рукі, якая нібыта лятала над аркушамі чыстай паперы. Наогул, як мне цяпер здаецца, маё жыццё складвалася гэтак, нібыта яно мэтанакіравана рыхтавала мяне да сустрэчы з Дантэ. Да яго мяне няўхільна вяла нябачная нябесная сіла. Я гэта адчуваў. Яна прымушала перажываць і назапашваць вопыт, які потым дапамог мне перакласці "Боскую камедыю".

Толькі ў канцы 1992 г. я зразумеў, што падрыхтаваны да галоўнай працы майго жыцця як асоба і версіфікатар, і прызнаўся Алесю Разанаву ў жаданні ўзяцца за пераклад "Боскай камедыі". Ён падтрымаў мяне: "Вазьміся. Ты зможаш". На той час я ўжо выдаў зборнік вершаў "Рускі агеньчык" Мікалая Рубцова, пераклаў скарочаны варыянт паэмы грузінскага пісьменніка і царкоўнага дзеяча Іосіфа Тбілелі "Вялікі маўраві" для двухтомнай анталогіі грузінскай паэзіі, складальнікам якой быў Алесь Разанаў (выдадзена ў 1989 г.); кнігу лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Украіны Міколы Вінграноўскага "Украінскі прэлюд" (надрукавана толькі ў 1999 г.); шмат вершаў Яна Райніса для яго кнігі "Выбранае" (1993 г.), якая была выдадзена ў папулярнай серыі "Скарбы сусветнай літаратуры", большую палову кнігі апошняга лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР у галіне паэзіі Барыса Чычыбабіна "Звон" (на жаль, кніга не выдадзена да гэтага часу); дзве народныя балады і вялікую колькасць вершаў для двухтомнай анталогіі малдаўскай паэзіі, складальнікам якой быў я сам; творы чувашскіх, узбекскіх, азербайджанскіх, македонскіх і іншых паэтаў.

Я не авантурыст. Я проста адчуў, што "выспеў" для рэалізацыі сваёй задумы. Але з чаго пачаць? Італьянскай мовы не ведаю, бо ў школе і ў Рыжскім вышэйшым авіяцыйным вучылішчы вывучаў нямецкую мову. Пошукі чалавека, які б зрабіў падрадкоўнік "Боскай камедыі", закончыліся безвынікова. Нават тыя, хто добра валодае італьянскай мовай, спасылаліся на тое, што паэма напісана каля сямі стагоддзяў таму і яе мова адрозніваецца ад сучаснай італьянскай, як сучасная руская ад мовы "Слова аб палку Ігаравым". Вырашыў працаваць, карыстаючыся адразу некалькімі рускімі перакладамі, як Рыгор Барадулін пры перакладзе камедыі Мальера "Тарцюф". Пайшоў у Нацыянальную бібліятэку і выйшаў з яе акрылены і шчаслівы: сярод заказаных кніг я знайшоў празаічныя пераклады на рускую мову першай і трэцяй частак "Боскай камедыі" ("Пекла" і "Раю"), зробленыя (адпаведна) вядомым вучоным-юрыстам Сяргеем Зарудным (1821—1887) і журналістам В. Чуйко (на жаль, яго імя я не ведаю і прыводжу рускі ініцыял перакладчыка). Зрабіў ксеракопіі гэтых кніг (копію празаічнага перакладу "Чыстца", другой часткі "Боскай камедыі", перакладзенай таксама В. Чуйко, мне даслалі потым з санктпецярбургскай бібліятэкі імя М. Салтыкова-Шчадрына), купіў друкавальную машынку і з канца студзеня 1993 г. пачаў перакладаць "Рай", бо мая душа на той час была найбольш падрыхтавана да працы над апошняй, самай светлай, часткай "Боскай камедыі". Нягледзячы на цяжкасці, у якіх мы тады жылі, я адчуваў сябе духоўна ўзвышаным. У маёй душы нараджалася нешта Боскае. Гэта цяжка перадаць словамі.

Першыя песні перакладаў не спяшаючыся, быццам правяраў свае магчымасці. Адна песня, другая, трэцяя... Нібыта някепска. А калі зразумеў, што атрымліваецца добра, стаў спяшацца, бо не ведаў, колькі мне Богам адпушчана гадоў жыцця. Баяўся не паспець. І хоць здаралася, што "я засынаў на неслухмяным слове і прачынаўся на плячы яго", радасцей творчасці ўсё ж было болей, чым пакутаў: часта я літаральна "выдыхаў" па некалькі тэрцын адразу, нібыта мне іх нехта дыктаваў, бо ўрэшце зразумеў Дантэ — і ён стаў маім паэтам. А зразумець яго мне дапамаглі грэшныя думкі і ўчынкі маладосці, ачышчэнне каханнем і цяжкімі стратамі блізкіх мне людзей, духоўнае ўзнясенне і разняволенне душы пасля таго, як я па волі Бога стаў вольным літаратарам. Даволі хутка я спасціг і творчую манеру Дантэ, і сістэму яго вобразаў, і яго філасофію. Здавалася, што дух Дантэ ўсяліўся ў мяне. Мне было надта хораша з ім.

"Боская камедыя" — твор не для лёгкага чытання. Не ўсім дадзена спазнаць яго глыбіні і вяршыні. Таму, перакладаючы Дантэ, я стараўся зрабіць яго больш простым для разумення, але ні ў якім разе не спрошчваць геніяльных думак, якія ахопліваюць час ад стварэння свету да Страшнага Суда і таму застануцца актуальнымі заўсёды. Стараўся пазбягаць інверсій, радзей ужываць незразумелую лексіку.

Уласцівасцю італьянскай мовы з'яўляецца тое, што большасць яе слоў мае націск на перадапошнім складзе, і амаль уся "Боская камедыя" напісана жаночымі рыфмамі. Але я свядома пайшоў на чаргаванне мужчынскіх і жаночых рыфмаў, бо ўжыванне адных жаночых рыфмаў збядніла б мову беларускага варыянта "Боскай камедыі". Дарэчы, усе рускія перакладчыкі выбралі такі ж (ці прыкладна такі) прынцып перакладу яе.

Праца над перастварэннем паэмы была маёй добраахвотнай, амаль штодзённай салодкай катаргай, якая звычайна пачыналася а 4 гадзіне раніцы з малітвы перад маленькім абразком Ісуса Хрыста, купленым у смаленскім Успенскім саборы, і працягвалася, пакуль не прачыналіся мае сямейнікі. Калі мне ўдавалася дакладна і прыгожа перакласці тую ці іншую тэрцыну Дантэ, я зноў паднімаў позірк да іконы над пісьмовым сталом і казаў, хрысцячыся: "Дзякуй, Бог, што дапамог". Ён мне сапраўды дапамагаў. Гэта я адчуваў асабліва тады, калі падрадкоўнік быццам сам клаўся на тэрцыны, нібыта Дантэ спецыяльна пісаў для таго, каб яго твор пераклалі на беларускую мову. Канчатковыя варыянты тэрцын я выбіраў без ваганняў, але дагэтуль сумняваюся ў тэрцыне, з якой пачынаецца мая "Боская камедыя":

У час цяжкі, у момант паваротны
Свайго жыцця, згубіўшы верны шлях,
Я трапіў нечакана ў лес дрымотны.

У мяне быў і другі варыянт, які перагукваецца з вядомым перакладам Міхаіла Лазінскага:

Жыцця зямнога першую палову
Прайшоў я і, згубіўшы верны шлях,
Заглыбіўся ў дрымотную дуброву.

Але, як мне здаецца, першы варыянт больш трапна перадае дантаўскі настрой на той час. Ён больш драматычны і шматзначны.

Бязмежна ўдзячны Алесю Разанаву, які не толькі паверыў у мае версіфікатарскія здольнасці і натхніў на пераклад "Боскай камедыі", але і першы з паэтаў (пасля майго сына Андрэя) сказаў добрае і, спадзяюся, шчырае слова пра мае пераклады, калі ў жніўні 1994 г. я выйшаў з "падполля" і прынёс пяць перакладзеных песняў "Боскай камедыі" ў часопіс "Крыніца", дзе ён працаваў намеснікам галоўнага рэдактара. Пахвала вядомага паэта яшчэ больш акрыліла мяне, і за 1995 г. я пераклаў 44 песні.

Я прывык з дзяцінства даводзіць любую работу да канца. Мне мама гаварыла: "Сынок, ніякай працы не бойся. Самае цяжкае — пачаць і кончыць". Я заўсёды быў упэўнены ў сваіх сілах, ведаў сваю ўседлівасць і настырнасць у рабоце і ў тым, што ў рэшце рэшт перакладу "Боскую камедыю", не сумняваўся ніколі. 9 лютага 1996 г. я пераклаў апошні яе радок. Зорнай марознай ноччу выйшаў на вуліцу. У паўднёвай частцы неба яскрава палымнелі Арыён, Цялец са сваім Сітцам, родныя мне, як і Дантэ, Блізняты. Прама нада мною гарэла адна з самых зіхатлівых зорак Паўночнага паўшар'я Капэла, а крыху ніжэй і лявей ад Арыёна — найярчэйшая зорка неба — Сірыус. Да сузор'яў Геркулеса і Ліры (як гэта сімвалічна!) ляцела, як заўсёды, Зямля. I мне чуўся зорны хор, хоць яго заглушалі рып снегу пад нагамі і гул машын з недалёкай магістралі...

У канцы студзеня 1998 г. беларуская "Боская камедыя" (роўна праз пяць гадоў пасля таго, як я пачаў яе перакладаць) з'явілася на паліцах бібліятэк і кнігарняў. Выданне сусветна вядомай паэмы планавалася ўжо тады, калі яшчэ не да ўсіх песень мной былі зроблены каментарыі. Гэта тлумачыцца тым, што пасля першых публікацый у перыядычным друку мае пераклады песень "Боскай камедыі" (усяго ў часопісах і газетах іх надрукавана 27) атрымалі шырокі розгалас, бо рэдакцыя часопіса "Крыніца", на старонках якога ўпершыню з'явіліся мае перастварэнні адразу пяці песень, прысудзіла мне прэмію за 1995 г., а 31 жніўня 1996 г. Беларускае тэлебачанне паказала монаспектакль "У плаванне пусціўся я..." ў выкананні заслужанага артыста Беларусі Віктара Манаева, які выкарыстаў мае пераклады з "Боскай камедыі". Не малую ролю ў гэтым сыграла і тое, што 19 лістапада 1996 г. у Доме літаратара адбылася вечарына "У час цяжкі, у момант паваротны...", прысвечаная 675-м угодкам з дня смерці Дантэ Аліг'еры і перакладу "Боскай камедыі" на беларускую мову (яе арганізавалі Саюз пісьменнікаў Беларусі, Беларускае таварыства дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі, пасольства Італіі ў Беларусі і таварыства "Дантэ Аліг'еры"). Міністэрства культуры зрабіла мяне сваім стыпендыятам і дало дзяржаўны заказ на выданне паэмы, а Дзяржаўны камітэт па друку знайшоў на гэта сродкі. У падрыхтоўцы кнігі да друку мне вельмі дапамог Янка Сіпакоў, вядомы сваёй разважлівасцю, патрабавальнасцю і добразычлівасцю.

Не ўсе радкі "Боскай камедыі" мне ўдалося перакласці так, як хацелася, але ж і сам Дантэ прызнаваўся:

Нялёгкі ўзяўся весці я расказ...
І мне не сорамна аслабіць шпоры
Ці повад адпусціць на нейкі час.

Я так прывык прачынацца і засынаць з яго думкамі і вобразамі, што доўга не мог расстацца з геніяльным аўтарам "Боскай камедыі", і ў 1999 годзе з дапамогай загадчыка кафедры італьянскай мовы лінгвістычнага ўніверсітэта Фёдара Міхасенкі і сакратара італьянскага пасольства Людмілы Амельянчук перастварыў яшчэ ранні твор вялікага фларэнтыйца "Новае жыццё" і марыў выдаць яго пад адной вокладкай з "Боскай камедыяй" у папулярнай серыі "Беларускі кнігазбор". Але, на жаль, мая мара не здзейснілася, і таму я палічыў мэтазгодным перакласці яшчэ "Кнігу песень" другога геніяльнага фларэнтыйца Франчэска Петраркі і выдаць іх пад адной вокладкай.

Я абыякавы да славы, "паклёпы і хвалу прымаю раўнадушна", але пачуццё задавальнення ад таго, што я змог узбагаціць беларускую літаратуру, як сказаў Васіль Зуёнак, на цэлую "Боскую камедыю", іншы раз наведвае мяне і саграе мне сэрца. Не без радасці я прымаў і Нацыянальную прэмію Італьянскай Рэспублікі, якую мне на мой 60-гадовы юбілей уручыў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Італьянскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Джавані Чаруці, і прэмію міжнароднага таварыства "Дантэ", якую я атрымаў 14 верасня 2001 года у Фларэнтыйскім палацы Рыма, калі споўнілася 680 гадоў з дня смерці Дантэ. А напярэдадні я з Рыміні, дзе тады атабарылася наша турыстычная група, на электрычцы, якія па Італіі носяцца з неверагоднай хуткасцю, даехаў да Равенны і ўсклаў кветкі на яго грабніцу. А 15 верасня мы з жонкаю Валянцінай ужо былі ў родным горадзе Дантэ Фларэнцыі. Разам са сваёй турыстычнай групай палюбаваліся Кафедральным Саборам Санта Марыя дэль Ф'ёрэ, сцяну левага нефа якога ўпрыгожвае фрэска "Дантэ і "Боская камедыя", баптыстэрыем, званіцай Джотта, царквой Санта Крочэ, перад якой высіцца помнік Дантэ і чый інтэр'ер багаты грабніцамі знакамітых людзей (Мікеланджэла, Галілея, Макіявелі, Расіні, а таксама Міхала Клеафанса Агінскага ― аўтара знакамітага паланеза "Развітанне з радзімай"). Ёсць у ім і пустая грабніца гордага Дантэ, які нават амніставаны не вярнуўся ў родны горад, з якога быў гвалтоўна выгнаны. Пасля гэтага мы адсталі ад групы і пачалі шукаць вуліцу Д. Аліг'еры, але так было, відаць, угодна Богу, што мы нечакана зайшлі ў невялікую мемарыяльную цэркаўку Святой Маргарыты дэй Чэркі, дзе пахавана Беатрычэ, якой прысвечаны "Новае жыццё" і "Боская камедыя", а потым даведаліся, што побач з ёю на другім баку вулкі знаходзіцца трохпавярховы Дом-музей Дантэ, і доўга хадзілі па яго лесвіцах і пакоях. Да гэтага часу ў маіх вушах гучыць тая незямная музыка, якая гучала ў царкве, сцены якой аздабляюць дзве карціны ― "Першая сустрэча Дантэ з Беатрычэ" і "Вянчанне Беатрычэ", а ў душы жыве шкадаванне, што ў мяне на той час ужо не было ніводнага экзэмпляра "Боскай камедыі" ў маім перакладзе, і я не змог падараваць яе музею Дантэ, дзе ёсць даволі вялікая зала, у якой сабраны перакладныя кнігі Дантэ. Апошнюю ўласную "Боскую камедыю" я падараваў Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму паслу Беларусі ў Італіі на той час Наталлі Дрозд. І зараз у мяне ёсць толькі адзін экзэмпляр яе, ахвяраваны мне адною мінскай бібліятэкай.

Уладзімір Скарынкін

Франчэска Петрарка


Мой Петрарка

20 ліпеня 2004 г. споўнілася 700 гадоў з дня нараджэння вялікага італьянскага паэта Сярэднявечча Франчэска Петраркі. "Галоўнае — годна пражыць жыццё, і я надаваў мала значэння таму, як я выказваўся, бо марная слава, набытая адным бляскам слова", — пісаў Петрарка, але менавіта бляскам слова, слова паэтычнага, узвысіўся ён. Разам з Дантэ і Бакачыо Петрарка з'яўляецца заснавальнікам сучаснай італьянскай мовы, а яго "Сапгопіеге" ("Кніга песень") вызначыла шляхі развіцця ўсёй еўрапейскай лірыкі і заўсёды будзе ўзорам паэтычнасці і дасканаласці. 3 1501 г., калі намаганнямі італьянскага пісьменніка і тэарэтыка літаратурнай мовы П'етра Бемба (1470—1547 гг.) і друкара Альда Мануцыа быў выдадзены Ватыканскі (найбольш поўны) кодэкс "Сапгопіеге", пачалася "эпоха петраркізму". "Санеты да Алены" француза П'ера дэ Рансара, "Сачыненні ў вершах іспанскага Гамера" Луіса дэ Гонгара, санеты партугальца Луіша ды Камоэнса і англічаніна Уільяма Шэкспіра напісаны пад уплывам "Кнігі песень" Франчэска Петраркі. Так атрымалася, што і мая душа вось ужо шмат гадоў азорана святлом яго паэзіі.

24 лютага 2001 г., на наступны дзень пасля ўручэння даверчай граматы нашаму прэзідэнту, пасол Італіі ў Беларусі Стэфана Бенацца выклікаў мяне ў сваю амбасаду. "Вы пераклалі "Боскую камедыю" і "Новае жыццё" Дантэ. Ці не хацелі б вы перакласці творы яшчэ якога-небудзь італьянскага паэта?" — спытаў ён. "Можа, калі-небудзь я зацікаўлюся санетамі Петраркі, але пакуль заняты перакладам "Дон-Жуана" Байрана", — адказаў я. У хуткім часе мяне зноў выклікалі ў Італьянскую амбасаду і далі ксеракопію "Сапгопіеге" Франчэска Петраркі.

Напрыканцы 2002 г., калі мной ужо былі падрыхтаваны да друку перакладзеныя паэмы Байрана "Дон-Жуан" і "Прароцтва Дантэ", я, карыстаючыся рускімі перакладамі, выбраў сямнаццаць найлепшых, як мне тады здавалася, санетаў Петраркі і з дапамогай падрадкоўнікаў, зробленых па маёй просьбе загадчыкам кафедры італьянскай мовы Лінгвістычнага ўніверсітэта Фёдарам Цімафеевічам Міхасенкам, перастварыў іх на беларускай мове. Перастварыў для спробы, бо многія творы Петраркі пры першым знаёмстве нагадалі мне прыгожыя храмы паэзіі, дзе ўсё зіхаціць, бліскоча і спявае, але дзе рэдка чуецца жывое, нерасквечанае слова, і яны не адразу захапілі мяне. Аднак чым болей я ўчытваўся ў яго санеты, канцоны, мадрыгалы, секстыны і балады, тым болей яны мне прыходзіліся да душы. Па-першае, таму, што я люблю высокамастацкія, з бездакорным правапісам і гучаннем творы, а па-другое, таму, што ў маім сэрцы дагэтуль таксама жыве Каханне. Тры гады — з восьмага класа да заканчэння школы — я кахаў гэтак жа моцна і шчыра, як Петрарка — Лауру, сваю аднакласніцу Любу, прысвячаючы ёй амаль штодзень па вершу і не асмельваючыся іх ёй паказаць. Як Петрарку цешыла, што імя яго каханай жанчыны сугучнае з сімвалам пашаны — лаўрам, так і мне здавалася сімвалічным, што поўнае імя маёй каханай аднакласніцы — Любоў. I калі ў вершах Петраркі часта сустракаюцца рыфмы Lаurа — lаurо (лаўр) і Lаura — l'аura (ветрык), дык у маіх вершах слова "любоў" часта рыфмавалася з імем Любоў. А цяпер мяне грэе і натхняе каханне да другой маёй аднакласніцы Валянціны Луцэвіч — траюраднай пляменніцы Янкі Купалы, з якой мы разам спасцігалі навукі з першага да сёмага класа ў Гарадоцкай сярэдняй школе № 2 (калі Люба яшчэ не вучылася ў ёй), і вось ужо сорак тры гады поруч крочым па жыцці. І калі я вырашыў прысвяціць ёй які-небудзь значны твор, дык, як Петрарка, выбраў санетную форму і сплёў ёй вянок санетаў "Вачэй тваіх паляны", дзе апаэтызаваны тыя ж самыя пачуцці, што і ў вершаваных творах Петраркі. У яго ёсць, напрыклад, такі катрэн:

Няхай навекі будуць бласлаўлёны
Год, месяц, дзень і момант дзіўны той,
Калі ў цудоўным горадзе адной
Усмешкай мілай быў я паланёны.

А ў мяне такі:

Да скону дзён благаслаўляць гатоў
Сустрэчу на шматлюднай магістралі,
Калі мы ў памяці перабіралі
Ружанец школьных сонечных гадоў.

Я шчыра папікаю сябе за тое, што не адразу стаў аматарам паэзіі Петраркі, і бязмежна рад, што здолеў цалкам перастварыць гэтую кнігу. Я шчаслівы тым, што заўсёды знаходзяцца людзі, якія гатовы дапамагчы мне. А дапамагалі мне выкладчыкі трох універсітэтаў (БДУ, лінгвістычнага і педагагічнага) Ірына Рымашэўская, Алена Басалаева, Вольга Каіроні, Наталля Новікава і Уладзімір Чарота. Я шчыра ўдзячны ўсім ім, але найбольш — Уладзіміру Далідовічу, выдатнаму знаўцу англійскай і італьянскай моў, які ўзначальвае аддзел перакладаў "Беларусбанка" і з задавальненнем, як ён кажа, рабіў мне падрадкоўнікі твораў свайго любімага Петраркі, і загадчыку кафедры італьянскай мовы Лінгвістычнага ўніверсітэта Фёдару Цімафеевічу Міхасенку, які не толькі зрабіў для мяне пераклады многіх твораў Петраркі, але і далучыў да гэтай справы сваіх студэнтаў.

Славуты італьянец быў паэтам ад прыроды. Ён валодаў незвычайным эстэтычным чуццём і тонкім музыкальным слыхам. Менавіта за прыгажосць гучання ён змалку палюбіў паэзію рымскіх класікаў. Яшчэ ў дзяцінстве ён прачытаў некалькі твораў Цыцэрона і быў вельмі ўражаны імі. "Яшчэ не разумеючы іх зместу, я не мог адарвацца ад іх, зачараваны прыгажосцю і меладычнасцю саміх слоў, і ўсё іншае, што мне даводзілася чытаць або чуць, здавалася мне ўжо грубым і немілагучным", — прызнаваўся ён. З таго часу чытанне рымскіх класікаў стала яго страсцю. Юны Петрарка не пакідаў іх і тады, калі бацька, сам юрыст, адправіў яго ў Манпелье (горад на поўдні Францыі) вывучаць права. Аднойчы бацька прыехаў па сваіх справах у Манпелье і знайшоў у сына некалькі класічных твораў. Раззлаваўшыся, ён кінуў іх у агонь, каб яны не перашкаджалі сыну вучыцца. "Убачыўшы гэта, — згадваў Петрарка, — я заплакаў горкімі слязамі, нібыта агонь паліў маё ўласнае цела; і я добра помню, як бацька, крануты маімі слязамі, выхапіў з полымя дзве падпаленыя кнігі — адной рукой Вергілія, другой — рыторыку Цыцэрона — і, працягваючы іх мне, з усмешкай сказаў: "Вазьмі іх! Зберажы гэтую для забавак у рэдкія хвіліны, а гэтую — як дапаможнік для тваіх заняткаў правам". Цыцэрон для Петраркі — самы вялікі пісьменнік усіх часоў і народаў, які не падабаецца толькі тым, "хто ці не ведае, што такое сапраўднае і дасканалае красамоўства, ці ненавідзіць яго". У творах рымскіх класікаў будучы аўтар "Кнігі песень" знайшоў "паэтычны апафеоз тых пачуццяў і памкненняў", якія "цьмяна блукалі" ў ім самім.

Класічная паэзія сваім красамоўствам і мілагучнасцю з малалецтва ўзяла ў палон і маё сэрца, хоць я, як гэта ні парадаксальна, выдатна ведаў і матэматыку, і фізіку. Маімі настольнымі кнігамі былі "Новая зямля" Якуба Коласа і "Сказки" Аляксандра Пушкіна, "Байкі" Кандрата Крапівы і "Конёк-горбунок" Пятра Яршова, "Дзень" Аляксея Пысіна і "Василий Тёркин" Аляксандра Твардоўскага. А калі ў 1956 г. я стаў слухачом Рыжскага вышэйшага інжынерна-авіяцыйнага ваеннага вучылішча, дык адразу купіў "Справочник по математике для инженеров и учащихся ВТУЗов" і "Лирику", укладальнікам якой быў Карней Чукоўскі. Першы — для заняткаў, другую — для душы, бо, як і Петрарка, я знаходзіў у паэзіі "бясконцую разнастайнасць пачуццяў і думак, выказаных у сціслай і вытанчанай форме". Гэтыя кнігі дагэтуль стаяць побач на кніжнай паліцы над маім пісьмовым сталом.

Лучыць мяне з Петраркам і тое, што я таксама "стараюся ісці па дарозе, пратаптанай нашымі продкамі, але не хачу па-рабску ступаць у сляды іхніх ног. Я хачу не такога правадыра, які на ланцугу цягнуў бы мяне за сабой, а такога, які ішоў бы наперадзе мяне, паказваючы мне шлях; дзеля якого я ніколі не згаджуся адмовіцца ад маіх вачэй, свабоды і меркаванняў; ніколі ніхто не забароніць мне ісці, куды мне хочацца, пазбягаць таго, што мне не падабаецца, накіроўваць свае сілы на тое, да чаго дагэтуль ніхто не дакранаўся, самастойна выбіраць самую зручную ці самую кароткую сцяжынку, паскараць сваю хаду ці адпачываць, сыходзіць з дарогі ці вяртацца назад". Ці не пра тое самае я пісаў у вершы "Плыць вольным стылем", прысвечаным народнаму пісьменніку Беларусі Івану Чыгрынаву, з якім некалі мы разам адпачывалі ў Піцундзе?

Як добра — начыста забыць,
Чым жыў учора,
І ранкам сонечным паплыць
Далёка ў мора.
З прычала ў бездань і бязмеж
Ты смела скочыш
І вольным стылем паплывеш
Куды захочаш.
Я так люблю пабыць адзін!
Я дужы хлопец.
Мне сіл на некалькі гадзін
Заўсёды хопіць.
Не перайду я сіл мяжу,
Душу пацешу.
Я сам сябе прытармажу
I сам прыспешу...

На самай справе я так люблю пабыць адзін, што і гэтыя нататкі пішу на лысагорскім лецішчы, калі за акном скуголіць завіруха і нідзе не ўбачыш чалавечай постаці. Адны сінічкі па чарзе залятаюць у кармушку, якую я прыбіў да аконнай рамы і паклаў у яе кавалак свежага сала. Тут пераўвасоблены мной значная частка тэрцын "Боскай камедыі" Дантэ, амаль усе актавы "Дон-Жуана" Дж. Байрана і ўсе секстыны, санеты, канцоны, балады і мадрыгалы "Кнігі песень" Петраркі, які таксама пазбягаў свецкай мітусні. У 1337 г., калі яму было 33 гады, ён купіў невялікі надзел зямлі, дзе бярэ пачатак рака Сорга. Тут ён правёў свае самыя шчаслівыя дні, тут напісаў ці задумаў свае найлепшыя творы. "Тут, — казаў Петрарка, — няма ні самаўладных князёў, ні ганарыстых гараджан, ні партыйных страсцей, ні грамадскіх разладаў, ні крыкаў, ні шуму, ні неабходнасці абіваць парогі фанабэрыстых вяльмож; тут, наадварот, ёсць мір, тут паветра мяккае, вецер пяшчотны, палі асветлены сонцам, ручаі празрыстыя, лес цяністы". У Парыжскай нацыянальнай бібліятэцы захоўваецца рукапіс Плінія, які належаў Петрарку. На першай старонцы гэтага рукапісу італьянскі паэт намаляваў скалу з капліцай на вяршыні, выток ракі Сорга, што б'е з-пад скалы, і чаплю з рыбінай у дзюбе, пад якімі зрабіў надпіс "Тrаnsаlріnа sоlіtudо mеа jосundissіmа" ("Мая заальпійская салодкая адзінота"). На жаль, а можа на шчасце, з першых дзён сваёй сталасці Петрарка быў, у адрозненне ад мяне, ганарліўцам і славалюбцам, што некаторым яго біёграфам перашкаджала зразумець і ацаніць яго веліч.

Амаль усе вершы "Кнігі песень" прысвечаны мадонне Лауры. Лаура — рэальная жанчына, якую Петрарка кахаў без узаемнасці 21 год і апяваў болей за дзесяць гадоў нават пасля яе смерці. Іхняя сустрэча адбылася ў Авіньёне, дзе пасяліўся бацька Петраркі пасля выгнання з Фларэнцыі, і хутка ўвесь горад ведаў, што Петрарка моцна закахаўся. Ён не ўтойваў сваіх пачуццяў. Наадварот, закаханы юнак стаў пісаць санеты, у якіх радаваўся, захапляўся, плакаў і скардзіўся так паэтычна, што нельга было не звярнуць на іх увагі. Пачуцці Петраркі былі не толькі платанічныя. Ён меў пазашлюбнага сына і пазашлюбную дачку. Яго каханне да Лауры, як ён сам прызнаваўся, палала агнём нястрымнай страсці. Лаура не засталася глухой да яго прызнанняў. Ёй было прыемна, што таленавіты паэт захапіўся ёю, але яна была замужняй і засталася да смерці вернай мужу. Петрарка прысвяціў Лауры 317 санетаў (227 пры яе жыцці і 90 пасля смерці), 29 канцон, 7 балад, 4 мадрыгалы і 9 секстын (адна з іх — двайная). Хоць ён і рабіў выгляд, што пагарджае гэтымі творамі, напісанымі на простанароднай, гэта значыць на італьянскай, мове, а не на лаціне, але ўпотай упарта ўдасканальваў іх, а ў старасці размясціў і пранумараваў у тым парадку, у якім кніга выдаецца да нашага часу. За год да смерці ён папрасіў зрабіць копію гэтай кнігі і пакінуць пасля кожнай яе часткі некалькі чыстых старонак, спадзеючыся дапоўніць іх новымі творамі. Каментатарам творчасці Петраркі ўдалося сабраць няшмат звестак пра жыццё Лауры. Вядома, што яна нарадзілася каля 1307 г. у Авіньёне, у добрай сям'і. Яе бацькоў звалі Адыберта і Эрмесенда ды Новес. Яна мела сястру Маргерыту і брата Джавані. 16 студзеня 1325 г. пазначаны натарыяльны запіс пра шлюб Лауры з авіньёнскім gentiluomo (джэнтльменам) Уга дэ Садзе. Яна нарадзіла адзінаццаць дзяцей, што не перашкодзіла Уга пасля нечаканай смерці Лауры ад чумы (1348) ажаніцца зноў.

Смерць Лауры болем адгукнулася ў сэрцы Петраркі. У Амбразіянскай бібліятэцы ў Мілане захоўваецца рукапісны экзэмпляр твораў Вергілія, які належаў Петрарку з юнацтва, — любімая кніга паэта, яго спадарожнік ва ўсіх вандроўках. На другім баку яе першага чыстага аркуша, што быў некалі прыклеены да вокладкі, знаходзіцца запіс, зроблены самім Петраркам: "Лаура, славутая ўласнай дабрачыннасцю і апетая маімі вершамі, упершыню паўстала перад маімі вачамі ў раннюю пару майго юнацтва, у лета Гасподняе 1327-е, у дзень 6-ы красавіка, у царкве святой Клары ў Авіньёне ў час ранішні; і ў тым самым горадзе, у тым самым красавіку, у той самы шосты дзень, у той самы першы час, у лета ж 1348-е ў гэтага свету гэтае святло было адабрана, калі я выпадкова быў у Вероне, не ведаючы свайго лёсу. Горасная ж вестка дагнала мяне праз ліст майго Людовіка ў Парме ў дзень 19-ы мая раніцай. Цела яе, беззаганнае і цудоўнае, было пахавана ва ўсыпальніцы братоў мінарытаў у самы дзень смерці пад вечар, а душа яе, я ўпэўнены, як пра Сцыпіёна Афрыканскага гаворыць Сенека, вярнулася на неба, адкуль была... Час уцякаць з Вавілона, што з Божай дапамогай будзе зрабіць няцяжка, калі строга і мужна буду памятаць пра мітуслівыя клопаты, пустыя надзеі і сумны вынік мінулага часу".

Французскі паэт-рамантык XIX ст. Альфрэд дэ Мюсэ сказаў пра Петрарку: "Ён адзін умеў схопліваць на ляту імгненныя гукі сэрца; атрымаўшы ў падарунак усмешку, ён накрэсліваў яе выяву вастрыём залатога разца на чыстым дыяманце". Аднастайную, на першы погляд, гісторыю свайго кахання да Лауры Петрарка здолеў адлюстраваць у творах ярка, разнастайна і стаў лірыкам, не параўнальным ні з кім. Я хацеў бы, каб у наш час было болей жанчын такіх высакародных, як Лаура, якія вялі б нас у далеч светлую і прымушалі б нават грубіянаў прызнавацца ім у каханні не на вульгарным слэнгу, а высокімі і прыгожымі словамі.

Ёсць у "Кнізе песень" Петраркі і філасофскія творы, і творы на рэлігійныя і гістарычныя тэмы, актуальнасць якіх не змяншаецца да нашага часу. Каб у гэтым пераканаць чытачоў, прывяду для прыкладу два чатырохрадкоўі:

Сустрэцца з чалавекам шчырым стала,
На жаль, у нашы дні яшчэ цяжэй —
І з процілеглым сэнсам пакрывала
Хавае нашы думкі ад людзей.
Святая дабрачыннасць у палоне
Абжорства і гультайства. Збіўся свет
З дарогі вернай так, што і паэт
Не Богу служыць, а ў распусце тоне.

Перакладаючы творы вялікага італьянскага паэта, я часта згадваў словы Святога Аўгусціна з Петраркавай "Кнігі гутарак пра пагарду да свету": "Падумай, як мала ты ў гэтай справе можаш разлічваць на свае сілы, калі ведаеш, што... краіна, мізэрнаю часткай якой ты з'яўляешся, бедная мовай, і табе тады стане сорамна, што ты змарнаваў столькі часу на справу, у якой поўнага поспеху немагчыма дасягнуць, а калі б і было магчыма, дык гэты поспех быў бы абсалютна бясплённым". Сапраўды, адносіны да роднай мовы і да беларускай літаратуры ў нашай краіне выклікаюць трывогу, хоць яна такая ж спеўная, як італьянская, такая ж дасціпная, як французская, і такая ж трапная, як англійская мова. У такія хвіліны я звычайна згадваю, што слоўнік Пушкіна налічвае 21 тысячу слоў, а Якуба Коласа — 34 тысячы, і што нашу мову назваць беднай таму можа толькі дылетант; што "Боская камедыя" Дантэ, пераствораная мною, практычна адразу стала рарытэтам, а вывучэнне яе было ўключана ў школьныя праграмы; што паэмы Джорджа Байрана "Дон-Жуан" і "Прароцтва Дантэ", пераствораная мною, выклікалі вялікую цікавасць у студэнтаў Універсітэта культуры і Лінгвістычнага ўніверсітэта, дзе адбыліся іх прэзентацыі, а канал "Культура" Беларускага радыё палічыў магчымым двойчы прачытаць усяго "Дон-Жуана" — і набыў шмат удзячных слухачоў. Гэта надае мне веру ў тое, што і цяперашняя мая праца будзе запатрабавана. Хай будзе сорамна тым, хто пагарджае роднай мовай.

А закончыць свае нататкі я хачу Канцонай і Развітальнай песняй перакладчыка.


Канцона перакладчыка
Прыгожую паэзію я выбраў
У час цяжкі духоўнікам сваім,
Хаця не адмаўляю вершаў белых,
І лірыкі альбомнай, і верлібраў.
Калі знямог зусім,
Яна заместа рук маіх знямелых
Дала мне крылы для палётаў смелых.
З пары далёкай той, як сокал,
У марыве блакітным я лячу
Над грэшнаю зямлёй куды хачу —
Узнёсла, разняволена, высока.
І адбівае кожнае крыло
Далёкіх зор нязгаснае святло.
Замілавана некалі з Рубцовым
Я любаваўся Зоркаю Палёў,
Што над халоднай проламкай мігцела
У заінелым змроку вечаровым,
І ад ягоных слоў
Мая душа спявала, і трымцела,
І зліцца з гэтай зоркаю хацела.
У час няўдач, у змрочныя імгненні
Прыгадваў я, як ціха за сялом
Яна гарыць над зімнім серабром
Або над ціхім золатам асеннім,
І марыў, каб да ціхага крыжа
Была заўсёды чыстаю душа.
Плыў з Вінграноўскім я Чумацкім Шляхам,
І ён казаў: "Свет — зборышча хапуг.
Шляхі людзей — памылкі, страты, страсці.
Табе з такім разгонам і размахам
Не здабраваць, мой друг,
Сярод людзей, што любяць спаць і красці".
І давялося мне на дол упасці.
Цкаванне, як усё ў жыцці, мінула.
Цяпер мае не парушаюць сны
Абрыдлы свет і морак ненавісны.
Нябёсы мне ўсміхаюцца прачула.
Я зноў лячу, а пад крылом маім —
Зямля, хрышчоная крыжом цяжкім.
Прайшоў, як Чычыбабін, курс лячэння
Я пад нябеснай шчодрай сінявой.
Мае ўрачы — буслы, дубы і травы.
Таму кажу я ўсім без выключэння:
"Адчай забудзьце свой,
Любіце шчыра свет наш неласкавы
І не лічыце працаю забавы!
І позірк ваш ад шчасця праясніцца,
І свет на баль ваш прыйдзе ўсё адно.
Праз Рай і Пекла вы прайшлі даўно —
І вам нічога болей не прысніцца.
Як з Беатрычэ, з любаю сваёй
Вы ўзлеціце над грэшнаю зямлёй".
Каб да Высокай Праўды прычасціцца
І ўбачыць Бога трыадзіны лік,
Я разам з Дантэ даляцеў да Раю.
І мне цяпер амаль штоночы сніцца
Мой мудры праваднік,
З якім усім зрабіць палёт я раю.
Услед за ім я сёння паўтараю:
"О Вечнае Святло! О Светач мілы,
Які душу ператварае ў храм!
Надай нязгасны бляск маім радкам,
А памяці маёй дай столькі сілы,
Каб іскру першародную нябёс
Да землякоў ашчадна я данёс".
Настырны, апантаны і нястомны —
Увысь узняцца потым шчасце меў
Я з Байранам, якім апета Спарта
За стойкасць мужную і дух нязломны,
І ўрэшце зразумеў:
Здзяйсняць свае задумы трэба ўпарта,
Жыць дзеля помнікаў сваіх не варта.
Людскую славу погалас хістае,
Нібыта пёрка на капелюшы.
Як мудра і прыгожа ні пішы
І як высока дух твой ні лятае,
Будзь рады, што хоць нехта з чытачоў
Унікне ў сэнс тваіх прарочых слоў.
А сёння я ізноў раскінуў крылы
І ўжо лячу, Петрарка, за табой
Туды, дзе звоняць Божыя званіцы
І верай палымнеюць небасхілы,
Як падшыванец той,
Што праставаў да Сонца ў калясніцы,
Ды стаў, на жаль, ахвярай навальніцы.
Калі я ўзвышуся над грэшным светам,
На дол дачасна з неба не ўпаду,
Твае санеты ўсе перакладу
І здавальненне прынясу эстэтам,
Я зноў перахрышчуся: "Дзякуй, Бог,
Што ты і ў гэты раз мне дапамог".


Развітальная песня перакладчыка
Мне паспрыялі зоры ў раз чарговы.
Я кропкаю перапыняю словы
І зачахляю вернае стыло.
Так, як святло недасягальных зорак
Даходзіць да зямлі праз вечны морак,
З былых стагоддзяў да мяне дайшло
Петраркі, Дантэ, Байрана святло.
Няўрымслівы, упарты, апантаны—
Хацеў я, каб адлюстравана мной
Яно было, як сферай люстраной.
Не прагну я ні славы, ні пашаны.
Хай прамяні, што мной адлюстраваны,
Прымусяць зіхацець яшчэ ярчэй
У цемрадзі духоўнага калецтва
Грань беларускай часткі чалавецтва.
Хай ні рубля не дасць мне казначэй,
Іх твораў словы для маіх вачэй —
Як яханты на залатым пярсцёнку.
І я таму сягоння вельмі рад,
Што здолеў гэты антыкварыят,
Які праменіцца знутры і звонку,
Пакласці ў нашу моўную скарбонку,
Хоць, мо, зрабіў я гэта не ў пару.
Бліскучыя тэрцэты і тэрцыны
Узнёслым патрыётам той краіны,
Дзе нарадзіўся колісь і памру,
Я ў карыстанне вечнае дару
І веру, што ў бібліятэчным пыле
Яны не знікнуць — і нашчадак мой
Не скажа, пыл змахнуўшы з іх рукой:
"Якую мову мы, аднак, згубілі!
За што яе так продкі не любілі?"

Уладзімір Скарынкін

 

Уладзімір Скарынкін – нарадзіўся 7 чэрвеня 1939 г. у Віцебску ў сям'і служачага. Скончыў Рыжскі інстытут інжынераў грамадзянскай авіяцыі (1961). Працаваў інжынерам у Менскім аэрапорце. З 1970 г. – начальнік аварыйна-выратавальнай службы Беларускага ўпраўлення грамадзянскай авіяцыі, у 1982-1987 гг. – намеснік дырэктара бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР. Сябра СП СССР з 1970 г. У друку дэбютаваў вершам у 1955 г. (газета "Піянер Беларусі"). Выдаў зборнікі паэзіі "Буслы над аэрадромам" (1969), "Гукавы бар'ер" (1972), "Дазвольце ўзлёт" (вершы і паэмы, 1975), "Чацвёрты разварот" (1979), "Вугал атакі" (вершы і паэмы, 1982), "Пасадачныя агні" (паэма, вершы, 1985), "Выратавальны плыт" (вершы, паэма, 1988). Пераклаў на беларускую мову зборнік вершаў М. Рубцова "Рускі агеньчык" (1986), а таксама найлепшыя творы Дантэ Аліг'еры і Франчэска Пэтраркі.

Прачытаць "Боскую камедыю" Дантэ ў перакладзе Уладзіміра Скарынкіна можна тут, выбранае з лірыкі Франчэска Пэтраркі па-беларуску тут.


Раім таксама паглядзець:
Дубянецкая Галіна. Анадыямэна
1.60 р.

Дубянецкая Галіна. Анадыямэна

"Анадыямэна", "тая, што ўзьнікла з мора" – кніга вершаў, што ўзьніклі, як паўстае да жыцьця жывое, – "з мора" непраяўленасьці – на покліч любові – на здабыцьцё сімвалічных "ключоў" да "незачыненай брамы" сэнсу.

Разанаў Алесь. Воплескі даланёю адною
0.62 р.

Разанаў Алесь. Воплескі даланёю адною

Кнігу склалі новыя пункціры (акупункціры) Алеся Разанава.

4.99 р.

Разанаў Алесь. Сума немагчымасцяў

Зномы. – Мінск: І. П. Логвінаў, 2009. – 122 с.