Арлоў Уладзімір. Ля Дзікага Поля

Арлоў Уладзімір. Ля Дзікага Поля
4.99 р.
Вага: 280 г
Памеры: 120x190 мм



Гістарычныя апавяданні. Аповесць. Эсэ. – Мінск : Логвінаў, 2010. – 302 с.

ISBN 978-985-6901-80-8

Кніга аб'яднала пад сваёй вокладкай лепшыя мастацкія тэксты Ўладзіміра Арлова на гістарычную тэму. Яе склалі аповесць "Сны імператара", а таксама лепшыя апавяданні і вядомае эсэ "Мой радавод да пятага калена, або Спроба пазбегнуць выгнання".

Уладзімер Арлоў / Фота Дзяніса Раманюка. 2003 г.

ЗМЕСТ

Тры мужы спадарыні Дамінікі
Місія папскага нунцыя
Міласць князя Гераніма
Каханак яе вялікасці
Пакуль не згасла свечка
Пяць мужчын у леснічоўцы
Рандэву на манеўрах
Далёка да вясны
Ордэн Белай Мышы
Сны Імператара. Аповесць
Мой радавод да пятага калена, або Спроба пазбегнуць выгнання. Эсэ


Міласць князя Гераніма (фрагмент апавядання)

Мы, урад Крычаўскай магдэбургіі, выслухаўшы абодва бакі, устанавілі, што вышэйпамянёныя верхаводы чатыры гады цэлыя воласці бунтавалі, арданансаў яснавяльможнага князя Радзівіла не прызнавалі, а губернатараў і пастаўленых імі па фальварках падстарастаў выганялі, білі і мардавалі, маетнасць іхнюю рабавалі і сабе на пажытак забіралі, і нарэшце на людзей пана свайго літасцівага яго мосці князя Гераніма Радзівіла, падчашага Вялікага Княства Літоўскага, двойчы, пад Крычавам і пад Царковішчамі, са зброяй у руках выступіць наважыліся.

Таму ў адпаведнасці з правам паспалітым раздзела I, артыкула 3 Статута року 1588 аб такіх самавольных купах строга апісанага, рупячыся, каб надалей падобнага не чынілася, прысуджаем і загадваем разбойнікаў Івана Карпача, Стэся Бочку, Васіля Ветра, Мікіту з Бароўкі, Івана Труса, Навума Буяна, Андрэя Костку, Васіля Пачаёнка і Васку Косціна жывых пасадзіць на палю; Івана Дакуку, Захарку Сямашку, Янку з Баранкова, Мікіту з Тупічына на шыбеніцу павесіць; Сымону Вароне, Ігнату Малунёнку, Івану Крывулі, Яну Галёнцы адсекчы галовы.

Справа гэтая перад бурмістрамі, а таксама райцамі, лаўнікамі і ўсім магістратам Крычаўскім вышэйпамянёным бунтаўшчыкам і разбойнікам абвешчана і да кніг магдэбургскіх запісана року ад увасаблення Сына Божага 1744, фебруарыя 22 дня.

Дык ведайце, што за адзін дзень і дзве ночы да страты яго мосць князь Геранім Радзівіл сказаў мне: "Слухай, Карпач, а калі загадаю пяць тваіх сяброў-баламутаў памілаваць, тады мы з табой піва зварым?" Я адразу і не ўцяміў, які гандаль ён пачынае, а князь: "Ну добра, хочаш патаргавацца - бяры яшчэ трох". Сказаў, быццам кінуў мне гэтыя тры душы, як пэйсаты Лейба кідае на шалі тры селадцы ў сваёй краме пад ратушай. "Пяць і яшчэ тры. Роўна палова. Падумай, гарматнік".

Даў мне князь ноч на роздум, і тая ноч сталася для мяне страшнейшаю за бітву пад Царковішчамі. Палкоўнік Пястжэцкі разбіў пад Царковішчамі нашую раць, але, далібог, там мне было лягчэй, бо так княжыя жаўнеры забівалі нас, а мы - жаўнераў, там, на полі, усё было проста, а тут мог я ўратаваць палову маіх пабрацімцаў, але дзеля гэтага мусіў асудзіць на пагібель другую палову, а яны ж таксама падымалі людзей на рокаш*, а цяпер кармілі са мною астрожных вошай і чакалі смерці.

* Паўстанне.

А было так. Адвячоркам, акурат Сымон Варона показку расказваў, як цыган спавядаўся, адчыніліся ў нашай каморы дзверы, і той паручнік з крывым носам, што да нас прыстаўлены быў, з парога, быццам ерыхонская труба, раве: "Карпач, пся костка! Князь Геранім да сябе патрабуе!" Ну, я з пабрацімцамі на выпадак, калі ўжо на гэтым свеце не перабачымся, абняўся, і павялі мяне ў княжыя пакоі. На замку яшчэ нас нейкі шляхціц у даламане з лісінаю падбойкаю запыніў. Усё гразіўся, што хутка яны і самога Вашчылу зловяць і над валам за ... падвесяць, а потым у жаўнера паходню выхапіў і хацеў мне бараду падпаліць, але паручнік не даў - відаць, баяўся, што князь не пахваліць, калі ад мяне, нібыта ад смаленага вепрука, смярдзець будзе.

Гаманіць са мною князь Геранім пачаў лагодна і не папольску, а па-наску, па-беларусінску, і амаль не заікаўся, а значыцца, пад добраю чаркай быў - я ў гэтым, столькі гадоў сялянскія суплікі* да яго возячы, добра ўжо кеміў. Але ведаў я і тое, што клёку ў яго мосці віно ніколі не замуціць, хаця б і цэлую балею выжлукціў.

* Скаргі.

- Ну што, певень галагуцкі? - пытаецца. - Усё ты да мяне на гасціны ездзіў, а цяпер я да цябе заявіўся.

А сам у чугаі з паўлінавымі пёрамі на канапцы сядзіць, а праўдзівей, не на канапцы, а быццам кот на каленях у выляжанкі сваёй прымайстрыўся. Кучаравая такая ды ўкормленая, бельмачкамі асавелымі на яго бліскае і ручкай па плеху гладзіць. Гады два, як я яго мосці не бачыў. Яшчэ і трыццаці князю не стукнула, а ўжо болей на старога, чымся на маладога выдаваў. Плех на ўсю голаў, твар ці то ад віна, ці то ад хваробы якой, нібы сакавіцкі снег, раздруз, адно вочы тыя ж засталіся, гэткія гострыя, што, здаецца, парэзацца аб іх можна. Не, думаю, не проста так князь паручніка па мяне паслаў.

- Прыпазнілася твая мосць, - адказваю, - а то б ужо праз твае рэбры авечкі сена цягалі.

А ён не гневаецца, а рагоча і дзеўку сваю ад задавалення шчыкае.

- Складна кажаш, гарматнік! Люблю цябе за розум, далібог, люблю. А два разумныя чалавекі і старгавацца могуць, га? Да таго ж калі даўнія знаёмцы. А мы з табой, Карпач, ужо, пэўна, гадоў з дваццаць знаемся. З тае пары, як ты матачцы маёй незабыўнай першую супліку ад крычаўскіх мужыкоў прынёс. Ці памятаеш? Я, хоць і малы тады быў, добра цябе запомніў.

- Гэта, - пытаюся, - калі твая княская мосць ката пад сталом душыла?

- Вось-вось! - узрадаваўся. - А ты, жаласная душа, у мяне таго ката адабраў.

Тут мяне ад ягонае весялосці зло пачало разбіраць.

- Гэта, - кажу, - відаць, тады твая мосць на катах вучылася, каб потым людзей гэтак хапаць.

А князь:

- Ай, малойча, ай, люблю! І за розум люблю, і за смеласць!

 

Пра Уладзімера Арлова ў Вікіпэдыі.

Сайт Уладзімера Арлова www.arlou.org.

Падрабязней пра кнігу "Ля Дзікага Поля" ад самога аўтара тут.


Раім таксама паглядзець:
Арлоў Уладзімер. Паўстанцы
6.49 р.

Арлоў Уладзімер. Паўстанцы

Аўдыёкніга зьмяшчае гістарычныя эсэ з аўтарскае праграмы Ўладзімера Арлова "Галерэя Кліё". Аўтар распавядае пра такіх асобаў, як Касьцюшка, Агінскі, Каліноўскі, Банольдзі, Урулбеўскі ды іншых.

Арлоў Уладзімір. Ордэн Белай Мышы
6.49 р.

Арлоў Уладзімір. Ордэн Белай Мышы

Аўдыёкніга ў фармаце mp3. Агульны час 08:05:48. Чытае аўтар. © Уладзімір Арлоў, 2008; (р) BelTonMedia, 2008.

Арлоў Уладзімір. Сны імператара
6.49 р.

Арлоў Уладзімір. Сны імператара

У гэтую аўдыёкнігу Уладзіміра Арлова ўвайшлі папулярныя гістарычныя апавяданні, а таксама аповесць "Сны імператара". Слухача чакае сустрэча з цэлаю галерэяй гістарычных асобаў, сярод якіх Напалеон Банапарт і паўстанцы 1863 года, Кацярына ІІ і царазабойца Ігнат Грынявіцкі, філосаф Казімір Лышчынскі і князь Геранім Радзівіл. Чытае Андрэй Каляда.