Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх з 10.00 да 18.00 па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
І ў сацыяльных сетках: Facebook ці ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Астапенка Анатоль. Игде зродилися и ускормлены суть по Бозе. Дослед беларускага нацыяналізму

Астапенка Анатоль. Игде зродилися и ускормлены суть по Бозе. Дослед беларускага
8.79 р.
Вага: 960 г
Памеры: 140x210 мм



Санкт-Петербург : Невский Простор, 2010. – 734 с. Цвёрдая вокладка.

ISBN 978-5-94716-225-7

ЗМЕСТ

Ад аўтара
Pro et contra
Уводзіны

Раздзел І. Народ, народнасць, раса, этнас, нацыя
1. Народ, народнасць, раса, этнас
2. Нацыя
3. Што такое нацыяналізм?

Раздзел ІІ. Гістарычныя падставы беларускай нацыі і беларускага нацыяналізму
1.Мой погляд на гісторыю беларускай нацыі
2. Старажытнасць беларускага этнасу
3. Канцэпцыі беларускай гісторыі

4. Фарміраванне беларускай нацыі і беларускай дзяржаўнасці. Ад Полацкага і Тураўскага княстваў да Рэчы Паспалітай
Незалежныя Полацкае і Тураўскае княствы
Беларуская дзяржава ВКЛ
Князі Вялікага княства Літоўскага
Залаты век Беларусі. Пачатак беларускай нацыі
Францішак Скарына
Князі Астрожскія і нацыянальная ідэя
Што адбывалася з беларускай нацыяй ў часы канфедэрацыі ВКЛ і Польшчы?
Беларускі нацыяналізм ХVIII стагоддзя

5. Беларусь у складзе Расійскай імперыі. Мадэрнісцкі этап фармавання беларускай нацыі
Беларусь пасля раздзелу Рэчы Паспалітай (1772 г. – першая палова ХІХ ст.)
Кастусь Каліноўскі: чалавек і герой
Працэсс нацыянальнай мабілізацыі беларусаў у другой палове ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў

6. Другі перыяд мадэрнісцкага фармавання беларускай нацыі (1914 – 1939)
Першы Ўсебеларускі з'езд і БНР
Рада Беларускай народнай рэспублікі (Рада БНР ) на эміграцыі
БССР
Нацыяналістычныя арганізацыі Заходняй Беларусі

7. Трэці перыяд мадэрнісцкага этапа фармавання беларускай нацыі
Нацыянальнае адраджэнне ў часы Вялікай Айчыннай вайны 41-45 г.

8. Навейшая гісторыя нацыяналізму ў Беларусі – пасля Вялікай Айчыннай вайны (1945 г.) да нашага часу. Чацверты перыяд мадэрнісцкага фармавання беларускай нацыі
Пасляваенны перыяд
Гарбачоўская перабудова і чацвёртая хваля нацыянальнага адраджэння

9. Грамадскія арганізацыі нацыянальнай скіраванасці ў 90-гг. ХХ стагоддзя
Рух за перабудову "Беларускі народны Фронт "Адраджэнне"
Першая беларуская партыя. Стварэнне НДПБ
Беларуская нацыянальная партыя (БНП)
Першы з'езд нацыяналістаў

10. Заключныя заўвагі аб мадэрнісцкім этапе беларускай нацыі

Раздзел ІІІ. Шуканні нацыянальнай ідэі ў абшары беларускай літаратуры і яе творцаў. Штрыхі да нацыянальнай ідэі ў мастацтве
1. Нацыянальная ідэя ў беларускай літаратуры праз стагоддзі
2. Нацыянальныя матывы ў першых беларускіх літаратурных помніках
3. Cтарабеларуская літаратура
4. ХVII – ХVIIІ стагоддзі
5. Літаратура мадэрнісцкага этапу фармавання беларускай нацыі
     Частка 1. (ХІХ стагоддзе)
     Частка 2. (ХХ стагоддзе)
        Максім Багдановіч
        Янка Купала
        Ларыса Геніюш
        Уладзімір Караткевіч
        Нацыянальны скарб Беларусі – Васіль Быкаў
        ...аб сучасных літаратурных крытыках і нацыяналізме

6. Штрыхі да нацыянальнай ідэі ў мастацтве

Раздзел ІV. Філасофскія наратывы беларускага нацыяналізму. Менталітэт беларусаў
1. Філосафы першага перыяду мадэрнага фармавання беларускай нацыі (першая палова ХХ стагоддзя)
Ігнат Абдзіраловіч
Гадлеўскі Вінцэнт
Станкевіч Адам

2. Філосафы сучнасці (пасля 90-х гадоў ХХст.)
Частка 1. Аўтары ARCHE
Частка 2. Філосафы класічнага фармату
Частка 3. Іншыя спробы

3. Фармулёўка беларускага нацыяналізму
4. Фармулёўка беларускай нацыі і беларускага нацыяналізму ў свеце постмадэрнізму
5. Пра талерантнасць і менталітэт беларусаў
6. Пра беларускую ідэнтычнасць

Раздзел V. Палітычны аспект нацыянальнай ідэі (сучаснасць і перспектывы)
1. Дзяржаўнасць і нацыяналізм
2. Сучасныя ідэалогіі і іх носьбіты – палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Дачыненні да нацыянальнай ідэі
Лібералізм і нацыяналізм. Ліберальны нацыяналізм
Кансерватызм, лібералізм і нацыяналізм
Нацыяналізм і фашызм
Нацыяналізм і камуністычная ідэалогія
Сацыял-дэмакратыя і нацыянальная ідэя
Хрысціянская дэмакратыя

3. Сучасныя палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі Беларусі
Станаўленне палітычных партый Беларусі перыяд з пачатку перабудовы (канец
80-х гадоў – пачатак 90-х гадоў)
Суадносіны ідэалогіі і палітычных партый на Беларусі
Грамадскія арганізацыі ў Беларусі
Лірычнае адступленне. Правыя і левыя ў Беларусі
Лёс нацыянальнай ідэі ў цяперашняй беларускай палітыцы
Што засталося ў астатку і што рабіць?

Раздзел VІ. Беларуская нацыя ў свеце мадэрных канцэпцый: сістэмны падыход, інфармацыйнае грамадства, Homo Informaticus
1. Этнасы і нацыі праз прызму эвалюцыі
2. Тэорыя стадый развіцця грамадства праз прызму нацыі
3. Саборнасць у хрысціянстве і саборнасць нацыі
4. Сістэмны аналіз і мадэляванне ў палітычных працэсах
5. Сістэмны падыход ў кантэксце палітычнага мадэлявання і Беларусь у інфармацыйную эпоху
6. Інфармацыйнае грамадства і Homo Informaticus

Раздзел VII. Хрысціянскі шлях Беларусі
1. Абгрунтаванне нацыяналізму ў хрысціянстве
2. Як з'явілася хрысціянства ў Беларусі?
3. Гістарычны шлях уніі ў Беларусі
4. У абарону уніі
5. Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква
6. Царква і дзяржава
7. Сучасны стан праваслаўя ў Беларусі
8. Мова і Царква
9. Сацыяльна-палітычная канцэпцыя нацыі ў хрысціянстве
10. Хрысціянскі нацыяналізм. Праваслаўны нацыяналізм
11. Хрысціянскі нацыяналізм у Беларусі
12. Зніч і праваслаўная манархія ў Беларусі
13. Беларускі шлях. Як фармуляваць хрысціянскі нацыяналізм?
14. Беларусь на разломе цывілізацый?
15. Хрысціянства і ненасілле
Негвалтоўныя метады рэалізацыі нацыянальнай ідэі

Замкальныя развагі
Дадатак І. Зварот № 1
Дадатак ІІ. Зварот № 2 Беларускага МАК "Нюрнберг-2"
Дадатак ІІІ. Сучасная канцэпцыя філасофіі ненасілля

Літаратура
Творы аўтара па тэме кнігі

Імянны паказальнік

АД АЎТАРА

У 2000-м годзе я меў ласку ад Госпада надрукаваць кнігу "Паслухайце нацыяналіста". Гэта была мая ці не першая спроба шырокага выступлення ў друку. Праўда, запабягаў гэтую кнігу шэраг публікацыяў, якія колькі гадоў змяшчаліся ў газетах "Літаратура і мастацтва", "Наша слова", "Пагоня", "Выбар", часопісе "Маладосць", іншых выданнях.

Выявілася, што маё бачанне нацыянальнай ідэі сугучнае думкам іншых беларусаў, бо я атрымаў шмат станоўчых водгукаў. Асабліва прыемна ўразіў нечаканы званок ад патрыярха беларускай літаратуры Янкі Брыля, з якім асабістага знаёмства ў мяне не было. Ён даў кнізе станоўчую адзнаку і параіў працягваць даследаванне над беларускай нацыянальнай ідэяй і нацыяналізмаму.

Годам раней, у 1999 годзе ў горадзе Горадна адбылася першая і пакуль што апошняя навукова-практычная канферэнцыя на тэму "Беларуская нацыянальная ідэя". Каардынаваў праект будучы кандыдат у прэзідэнты, а тады старшыня Гарадзенскага выканкаму Сямён Домаш. На канферэнцыі я зрабіў два даклады ў секцыі "Хрысціянства і БНІ". Дыяпазон шуканняў нацыянальнай ідэі беларусаў быў вельмі шырокі. Пазней выйшла ёмістая кніга, зборнік матэрыялаў канферэнцыі, пад назвай: "Беларуская нацыянальная ідэя".

Хоць у кнізе я быў удзельнікам толькі адной секцыі – мне, і тады, і пазней, шмат чаго хацелася сказаць па іншых аспектах БНІ. Мажлівасць выступаць перад аўдыторыяй, якая вывучае беларускую нацыянальную ідэю з пазіцый сучаснай навукі давалі канферэнцыі Навукова-асветніцкага цэнтру імя Францішка Скарыны. У 90-я гг. ХХ стагоддзя я рэгулярна выступаў на канферэнцыях Цэнтра, іншых навуковых форумах. Такім парадкам, мае даследаванні беларускага нацыяналізму і блізкіх да яго тэмаў, сталі набываць і, здаецца, набылі навуковы характар. У шэрагу дзяржаўных, гэтак званых "рэцэнзаваных", выданняў з'явіліся мае артыкулы. Урэшце, у 2004 годзе ў выдавецтве "Беларускі кнігазбор" выйшла мая манаграфія "Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце". Такая нейтральная, і разам з тым глабальная тэма гэтай манаграфіі дазваляла, на думку майго навуковага кансультанта, прайсці бар'еры ВАКаўскае цэнзуры пры абароне доктарскай дысертацыі. Аднак і гэтага было замала для "трыумфальнага ўваходжання ў беларускую палітычную навуку". Замала з іншых важкіх прычынаў, сярод якіх – і нястача адпаведнай спецыяльнасці ў реестры беларускіх Навуковых Саветаў палітычных навук.

Анатоль Астапенка

Далей я надумаў не траціць часу на тупіковы шлях "развіцця беларускай дзяржаўнай ідэалогіі" (бо беларуская нацыянальная ідэя галоўны складнік гэтай "ідэалогіі"), а засяродзіць усю ўвагу на сваім галоўным прадмеце – беларускім нацыяналізме, каб падрыхтаваць кнігу пра нацыянальную ідэю. І ўжо не "ўва ўсім свеце", як у папярэдняй манаграфіі, а кнігу пра існасць нацыянальнай ідэі і аспекты яе праяўлення ў нашым, беларускім свеце. Каб не залежаць ад рамак навуковых артыкулаў ды кніг, каб мець адначасова шырэйшую чытацкую аўдыторыю – выбраў знаёмы мне жанр – публіцыстыкі, але такой, якая грунтуецца на палітычнай, гістарычнай і філасофскай навуцы.

Дазволю тут сабе невялікае адступленне. Мой сябра, выдатны матэматык Слава Ружанскі неяк надумаўся зрабіць пераварот у навуцы – стварыць тэорыю распазнавання гукаў, каб потым яе практыкаваць пры канструяванні спецыяльных прылад. Скажам, для тых, хто не мае змогі вольна авалодаць гэтымі гукамі, а можа стасавацца з іншымі толькі праз кампутар. Але ў майго сябры быў адзін дзіўны прынцып: не азірацца на зробленае іншымі і ўсё рабіць з нуля. Адным словам, ён рабіў згодна з прынцыпам "адкрыцця ровара". Праз колькі гадоў працы Славу чакала жорсткае расчараванне – цэлыя інстытуты ўжо даўно працавалі над праблемай распазнавання гукаў і ў выніку вынайшлі патрэбныя прыборы. Мала таго, такія прыборы ужо паступілі ў серыйны выпуск!

Дык я не стаў "адкрываць ровару". Я правёў досыць грунтоўны агляд адпаведнай літаратуры, прааналізаваў яе і тое-сёе выкарыстаў пры фармаванні свайго пагляду на беларускі нацыяналізм.

Адразу скажу пра сваё агульнае ўражанне ад знаёмства з нашай літаратурай на гэтую тэму: яно досыць-такі сумнае, калі не адмоўнае. Тэорыі беларускага нацыяналізму і беларускай нацыянальнай ідэі няма. Агульная тэорыя, дактрына нацыяналізму – у сусветнай навуцы ёсць. Існуе вельмі разгалінаваная дактрына рускага нацыяналізму. Мы маем кнігі, і нават падручнікі, польскай, украінскай нацыянальнай ідэі. Пра беларускі нацыяналізм сказана вобмаль. А ў тым, што ёсць, часам, няма, апрача гучных назоваў, аніякай сур'ёзнай інфармацыі. Паказальная ў гэтым плане кніга Валера Булгакава "Гісторыя беларускага нацыяналізму", дзе гаворыцца пра што хочаш, толькі не пра беларускі нацыяналізм. Шэраг аўтараў (Валянцін Акудовіч, Пётра Рудкоўскі, Алесь Смалянчук, Сяргей Дубавец ды інш.), што гуртуюцца вакол часопіса "ARCHE", дзе галоўным рэдактарам той самы Валер Булгакаў, наперабой пішуць і пішуць пра беларусаў ды пра беларускую нацыю. Яны нават увялі для абазначэння свайго гуртка асобны тэрмін – "Беларуская інтэлектуальная прастора"! Але зноў такі – як мала там беларускага духу і як далёка гэтыя маладыя, і не зусім маладыя, "інтэлектуалы" ад разумення існасці беларускага нацыяналізму. Больш сур'ёзнымі ўяўляюцца аўтары сталага пакалення, такія як Уладзімір Конан, Мікола Крукоўскі, Анатоль Грыцкевіч, Эдуард Дубянецкі, Адам Мальдзіс, Янка Трацяк, іншыя. Аднак ні адзін з гэтых навукоўцаў не прысвяціў беларускаму нацыяналізму адмысловай кнігі ці манаграфіі. Зразумела, за савецкім часам такая тэма была пад забаронай, а дваццацігадовы шлях сучаснай беларускай паліталогіі – адносна невялікі тэрмін каб вылучыць такую тэматыку ў асобны навуковы раздзел, асабліва таму, што да гэтай пары тэрмін "нацыяналізм" часта змешваецца з тэрмінам "фашызм".

За 90-я гады мінулага стагоддзя і першыя гады ХХІ ст. трапляліся мне і іншыя аматары напісаць што эпахальнае, на іх пагляд, пра беларускі нацыяналізм – надта ж моднай стала гэтая тэма на постсавецкай прасторы. Але ўсе тыя творы не надта сур'ёзныя, каб прымяркоўваць іх да тэкстаў сапраўдных мысляроў кшталту Энтані Сміта ці Самуэля Хантынгтона.

Вось такая карціна сучаснага поля даследаванняў беларускай нацыянальнай ідэі паўстала перада мной у першую дэкаду ХХІ стагоддзя. Як кажуць, не густа. І надумаўся я прааналізаваць усе аспекты беларускага нацыяналізму. Як у гістарычным ракурсе, у часе, так і ў прасторы, г. зн. – ува ўсіх яе праявах: у палітычны сферы, у культурнай прасторы, у філасофскім дыскурсе, іншых аспектах. Аднак выявілася, што гэтае заданне не для аднаго чалавека, а для цэлага інстытута. Нават, некалькіх спецыялізаваных інстытутаў. Дык я задумаў напісаць кнігу пра беларускі нацыяналізм гэтак. Першае, давялося істотна звузіць кола разгляданых праблем. Прыкладам, выкінуў я вельмі цікавы эканамічны раздзел. Да лепшых часоў пакінутыя цікавыя задумкі пра беларускую музыку і тэатр. Па-другое, відаць наагул нельга даць поўнай, дасканалай тэорыі ці канцэпцыі беларускага нацыяналізму. І таму ў гэтай кнізе прапанаваныя толькі першыя абрысы, контуры беларускай нацыянальнай ідэі. Гэта пралегамены, уступныя замалёўкі будучай тэорыі беларускага нацыяналізму.

Колькі слоў пра правапіс. Як лёгка заўважыць, я карыстаюся звычайнай афіцыйнай граматыкай беларускай мовы, што вядомая сярод адраджэнцаў пад здзеклівай мянушкай "наркамаўка". У свой час, яшчэ ў 70 – 80-я гады ХХ стагоддзя, пад уплывам прачытаных употай забароненых кніг беларускіх нацдэмаў, я пісаў свае дзённікі, якія захаваліся да гэтай пары, іншыя паперы – лацінкай. Потым захапленне лацінкай адышло, але затое я пазнаёміўся з тарашкевіцай. Гэта здарылася ў перыяд старэння БНФ і нацыянальна-дэмакратычнай партыі, што датуецца 89-м, 90-м гадамі і цягнулася яшчэ колькі гадоў. У гэты перыяд не толькі я, але і ўсе, хто прыйшоў ствараць новую нацыянальна-дэмакратычную Беларусь карысталіся вылучна тарашкевіцай. Усе дакументы, праграма і статут НДПБ пісаліся гэтым правапісам. Мода захавалася дагэтуль і стала прыкметай пэўнага кола адраджэнцаў, што лічаць сябе "сапраўднымі" беларусамі. Асабіста да мяне прасвятленне прыйшло паступова. Усё вельмі проста: у свой час я вучыўся ў Васілевіцкай беларускай школе, гуляў у цуркі з суседнімі хлапцамі з Дзядка і паўсюль у нас гучала добрая дыялектная беларуская мова, што, як я потым даведаўся, адносіцца да цэнтральных беларускіх гаворак. Дык вось, барані Божа, каб дзе можна было пачуць у нас "клюб" ці "плян" пры вымаўлення такіх вядомых слоў як "клуб", "план". Ужываючы ж гэтак званую тарашкевіцу, я нечакана адчуў сябе здраднікам перад сваёй сапраўднай матчынай васілевіцкай мовай. Я вярнуўся да мовы, якая вядомая не толькі як "наркамаўка", – але і як мова Янкі Купалы і Якуба Коласа, мова нашай магутнай літаратуры, мова маіх бацькоў. Вядома, мяккія знакі – гэта мілагучна. І я трохі зайздрошчу тым, хто так піша. Лічу, што тэрмінова патрэбна рэформа беларускага правапісу і выкарыстанне ўсімі правапісу адзінага. А паралельнае існаванне трох, як мінімум, правапісаў, што назіраецца цяпер, лічу справай ненармальнай.

Адзін вядомы палітычны дзеяч, азнаёміўшыся з першым варыянтам маёй кнігі адзначыў, што ў мяне спалучаюцца розныя стылі – некаторыя раздзелы напісаныя як навуковыя артыкулы, а некаторыя – як эсэ ці мемуарыстыка, і ён параіў зрабіць альбо некалькі кніг, альбо прывесці тэкст да адзінства. Я выбраў другі варыянт і ў некаторай ступені наблізіў навуковыя тэксты да публіцыстычных, зняўшы большасць спасылак і спрасціўшы выкладанне паасобных ідэй. Аднак потым падумаў: а навошта? Калі некаму будзе нецікава ці цяжка чытаць навуковыя тэксты, то іх можна ў першым чытанні прапусціць і выбраць сабе тое, што больш да спадобы.

Таму адразу папярэджу: першы раздзел і большаць пятага – гэта раздзелы амаль цалкам навуковыя, прысвечаныя разгляду такіх паняткаў як этнас, нацыя, нацыяналізм, а таксама – існасці і ўзаемадзеянню асноўных сусветных ідэалогіяў, іх носьбітаў – палітычных партыяў. У другім, гістарычным раздзеле можа нехта ўпікне аўтара за лішняе акцэнтаванне асабістай ролі ў палітычных працэсах. Але без гэтых, можна сказаць мемуарных, замалёвак – цяжка абысціся пры выкладанні некаторых падзей найноўшай гісторыі, бо я быў беспасярэднім удзельнікам тых падзей.
У канцы кнігі дадзены спіс выкарыстанай літаратуры. Артыкулы аўтара да тэмы кнігі вынесены ў асобны спіс.

Анатоль Астапенка. Пакліканні
Навуковец. Фізік-тэарэтык, кандыдат фізіка-матэматычных навук. Галіна – квантавая тэорыя поля, фізіка элементарных часцінак.
Палітык. Старшыня Нацыянальна-дэмакратычнай партыі (1990 – 1994). Старшыня Беларускай нацыянальнай партыі (1994 – 1999).
Палітолаг. Друкаваўся ў незалежных выданнях, у часопісах "Веснік БГУ", "Весці АН РБ", дзяржаўных энцыклапедыях. Выдаў манаграфію "Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце" (2003). Галіна – палітычныя партыі, ідэалогіі, нацыянальная ідэя.
Публіцыст. Друкаваўся ў "ЛІМе", "Маладосці", "Дзеяслове", "ARCHE" і інш. Выдаў кнігу "Паслухайце нацыяналіста" (2000). Сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў з 2007 года.

У кожнай сучаснай дзяржаве кожны нармальны грамадзянін ад пачатку нацыяналіст. Быць нацыяналістам – гэта нармальны стан чалавека. Чалавека без свайго нацыянальнага пачатку на Зямлі проста не існуе. Кожны нараджаецца альбо эстонцам, альбо рускім, альбо кітайцам... Я нарадзіўся беларусам. І змяніць гэтага я не дам рады. Але калі гэта так, калі Госпад даў мне жыццё ў гэтай нацыі, то значыць так трэба, і ў гэтым маім нацыянальным існаванні і ёсць Найвышні сэнс.

...нацыяналізм ёсць пэўнай ступенню раскрыцця агульнай, сусветнай Любасці. Як толькі мы адкінем хоць якую ступень Любасці – мы адразу адчуем непаўнавартасць жыцця. Таму нацыяналізм ужо ад нараджэння натуральна ўласцівы кожнаму чалавеку.

...раз я нарадзіўся тут, то гэта значыць так пастанавіў Бог згодна з сваёй найвышняй задумай. Ён мяне паставіў сюды як свайго салдата і тут я павінен пражыць сваё жыццё, тут яго і скончыць...

Прачытаць палемічны артыкул Анатоля Астапенкі "Беларускі нацыяналізм: учора, сёньня, заўтра." можна тут.


Раім таксама паглядзець:
Луцкевіч Антон. Барацьба за вызваленьне
12.99 р.

Луцкевіч Антон. Барацьба за вызваленьне

Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2009. – 670 старонак.

Гэтая кніга зьяўляецца лягічным працягам папярэдніх выданьняў твораў Антона Луцкевіча: "Да гісторыі беларускага руху" (Менск, 2003) і "Выбраныя творы: Праблемы культуры, літаратуры і мастацтва" (Менск, 2006).

Арлоў Уладзімер. Імёны Свабоды
6.49 р.

Арлоў Уладзімер. Імёны Свабоды

Аўдыёвыданьне дапоўненае новымі гістарычнымі партрэтамі, якіх няма ў папяровым выданьні кнігі. Таксама дыск зьмяшчае мультымэдыйны файл, які ўтрымлівае ілюстрацыі і дапрацаваныя ранейшыя тэксты, агулам 266 постацяў беларускай свабоды XVIII – XXI стагодзьдзяў.

Латышонак Алег. Нацыянальнасьць – Беларус
12.49 р.

Латышонак Алег. Нацыянальнасьць – Беларус

У другой беларускамоўнай кнізе беларускага гісторыка зь Беластоку Алега Латышонка (папярэдняй быў зборнік "Жаўнеры БНР") сабраныя пад адной вокладкай асноўныя напісаныя ім творы, датычныя розных пытаньняў беларускай гісторыі ад сівой старажытнасьці і амаль да нашых дзён.