Бахарэвіч Альгерд. Шабаны. Гісторыя аднаго зьнікненьня

Бахарэвіч Альгерд. Шабаны. Гісторыя аднаго зьнікненьня
5.84 р.
Вага: 320 г
Памеры: 200x125 мм



Раман. – Мінск : Галіяфы, 2012. – 272 с. – (Другi фронт мастацтваў).

ISBN 978-985-6906-68-1

Шабаны. Адно з сакральных месцаў сёньняшняга Менску. Канцавая станцыя мітычных аўтобусаў і нікому не цікавых лёсаў. Шабаны як брама, Шабаны як пастка. Іхняя тапаніміка вяртае ў чужое мінулае, іхняя геаграфія сягае далей за вызначаныя ім межы, іхняя гісторыя больш загадкавая, чым можа падацца на першы погляд. Менавіта ў Шабанах і іх ваколіцах разгортваецца дзея гэтай кнігі, у якой прыватныя жыцьці герояў пераплятаюцца з забытымі тэорыямі акадэміка Мара, за кожным паваротам чакае патруль часу, а ўспаміны дзяцінства пішуцца на старых мапах.

Новая кніга Альгерда Бахарэвіча – раман пра магчымасьці мовы і немагчымасьць вяртаньня.


Пачатак кнігі

Альгерд Бахарэвіч на прэзэнтацыі свайго новага раману / фота Сяргея Гудзіліна, nn.by

Шабаны вы мае, Шабаны, дайце зараз я вас пацалую. Гэта будзе асаблівы пацалунак. Так асьцярожна дакранаюцца вуснамі да лба нябожчыка, так пачціва тыцкаюцца ў ражочак сьцяга, так хрыстосуюцца сустрэўшыся малазнаёмыя між сабою людзі.

Гэта цяпер у Шабанах месьцяцца ўсе гэныя піраміды, гэта цяпер тут тырчыць самы высокі ва Ўсходняй Эўропе мячэт і гэта цяпер тут самая глыбокая станцыя падземкі; гэта цяпер сюды, у культурны цэнтар "Noаh’s Ballast" прыяжджаюць самыя сытыя мастакі з усяго сьвету; гэта цяпер тут цьвітуць самыя чырвоныя макі, якія, кажуць, больш за ўсё любяць расьці на костках безыменных герояў; гэта тут месьціцца Зялёны дом, штаб-кватэра Партыі экафашыстаў; і гэта тут пабудаваны самы дарагі ў Эўропе Масажны цэнтар з самай гарачай (і самай сьлізкай) саўнай. Гэта цяпер тут разьмешчаны амбасады Расеі, Нікарагуа, Эгіпту, Ічкерыі, Віетнаму, Рэспублікі Вольны Ноўгарад, Руанды і Незалежнай Выспы Зюльт. Цяпер тут селяцца не таму, што гэтае месца выбрала цябе, а таму, што ты па старой пляжнай звычцы адшукаў у распаленым горадзе куток, дзе можна ўтыркнуць парасон, парэзаць на кавалкі кавун і ні пра што ня думаць. Гэта цяпер. А тады пасярод Шабаноў п’яным бульдазэрыстам быў выкапаны агромністы, плыткі, платонаўскі катлаван, нібы пелька, прасечаная ў навакольнай сумесі бэтону і лёду. Вада ў катлаване была жоўтая, як у кубачку для пэндзляў. Ад катлавану ішла пара. Кожную восень і кожную вясну ў катлаване хтосьці тануў. Танулі мясцовыя, танулі чужынцы, танулі дзеці, танулі дарослыя. Танулі нават вадалазы, хаця іх ніхто пра гэта не прасіў. "Сал! Бэн! – клікалі тапельцы на сваёй яфэтычнай гаворцы, – Ён! Рош!", але клясавая перавага не ратавала, ніхто не наважваўся блізка падыходзіць да катлавану, бо ён пачынаўся зусім ня там, дзе канчаўся ягоны бераг. Хрэн яго ведае, дзе ён пачынаўся, гэты катлаван. Калі тапельцы ўсплывалі, то іх ніхто не вылоўліваў. Школьнікі абстрэльвалі тапельцаў зьмерзлымі грудкамі пяску, найвялікшым шыкам лічылася зладзіць абстрэл так, каб тапелец урэшце перавярнуўся на сьпіну. Тапельцы ўхіляліся, як маглі, але вакамер і трапнасьць стралкоў паляпшаліся з кожным годам, як і іхныя адзнакі па геамэтрыі і крэсьленьні. "Сал!" – і грудок трапляў у вуха. "Бэн!" – у бок. "Ён!" – зь віскатам, як куля ў грудзі. "Рошшш..." Тапельцы ўздыхалі і зноў ішлі на дно, ужо назаўжды. На сьвеце няма больш жорсткай істоты за нявіннае дзіця, у якога яшчэ ня вырасла мараль. Якое спачатку робіць, а потым думае. Думае, што б такога яшчэ сапсаваць. Акурат пасярэдзіне катлавану з вады вытыркалася нешта, падобнае да праваслаўнага крыжа, за гэты прадмет часта чапляліся тапельцы, калі ўсплывалі на паверхню, пакуль трапныя кідкі не прымушалі іх урэшце адшвартавацца. Там, у Шабанах, жылі мы, і жылі нашыя бацькі, там жылі нашыя сябры і нашыя ворагі, там жылі нашыя настаўнікі, там жылі нашыя інспэктары па справах непаўналетніх, і нашыя дактары-пэдыятары, і нашыя будучыя жонкі, і нашыя будучыя няспраўджаныя судзьдзі. Там жылі нашыя браты і сёстры. Маці з асуджаным выглядам вешалі нам на шыі ключы ад кватэраў – ці то як цагліны, ці то як амулеты. Бацькі вучылі нас плаваць у найбліжэйшым вадасховішчы. Нехта патануў, нехта застаўся. Там жылі Рош, Бэн, Ён і іхны сябра Сал, і ў Сала быў магнітафон, у Бэна пяцёрка па фізкультуры, Рош меў твар як у анёла, а ў Ёна была старэйшая сястра, якая спала зь ім у адным пакоі.

 

Альгерд Бахарэвіч – пісьменьнік, нарадзіўся ў 1975 годзе ў Менску. Скончыў філфак БДПУ імя М. Танка. Працаваў настаўнікам і журналістам. Аўтар некалькіх кніг прозы. У 2008 годзе ў Польшчы выйшаў зборнік выбраных апавяданьняў "Talent do jąkania się". Удзельнік перакладніцкага сэмінара ў Бэрліне (2006), міжнародных літаратурных фэстываляў у Нямеччыне, Чэхіі, Славеніі, Украіне. Творы перакладаліся на некалькі эўрапейскіх моваў. Жыве ў Гамбургу.

Падрабязьней пра прэзэнтацыю кнігі "Шабаны. Гісторыя аднаго зьнікненьня" тут і тут.


Раім таксама паглядзець:
Гаўф Вільгельм. Халоднае сэрца
6.49 р.

Гаўф Вільгельм. Халоднае сэрца

Два творы на адным дыску: знакамітая казка клясыка сусьветнае літаратуры Вільгельма Гаўфа ў перакладзе аднаго з самых вядомых беларускіх пісьменьнікаў новае генэрацыі Альгерда Бахарэвіча з камэнтарамі і ПАСЬЛЯМОВАЙ – новым Альгердавым раманам пра прыгоды нікому не вядомага перакладніка, які падчас працы над казкай сам становіцца пэрсанажам дзіўнай, містычнай гісторыі...

Клінаў Артур. Шалом
8.99 р.

Клінаў Артур. Шалом

Аднойчы насунуўшы на галаву медны "кайзэраўскі" шалом, герой рамана ня здолеў яго зьняць і паехаў ў ім з Нямеччыны праз Польшчу да хаты ў Беларусь. Натуральна, з гэтай сваёй адметнасьці ён займеў мноства апрычоных канфліктаў ды адмысловых прыгодаў, якія і арганізуюць сюжэт твора...

Станкевіч Юры. П'яўка
3.34 р.

Станкевіч Юры. П'яўка

У цэнтры наватарскага твора-прытчы, напісанага аўтарам у звыклай для яго дакладнай і жорсткай форме, – магчымы лёс краіны, а таксама лёс дваіх закаханых, што спрабуюць супрацьстаяць цёмным сілам жыцця.