Багдановіч Максім. Я хацеў бы спаткацца з Вамі...

Багдановіч Максім. Я хацеў бы спаткацца з Вамі...
0.81 р.
Вага: 310 г
Памеры: 135x170 мм



Літаратурна-публіцыстычныя артыкулы пра Максіма Багдановіча / уклад. Т. Шэляговіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2009. – 182 с. : іл.

ISBN 978-985-02-1157-6

У зборнік увайшлі літаратурна-публіцыстычныя артыкулы пра мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю Максіма Багдановіча, класіка беларускай літаратуры, а таксама матэрыялы, прысвечаныя асобам, якія ішлі па жыцці поруч з паэтам.

Артыкулы падрыхтаваны супрацоўнікамі Літаратурнага музея М. Багдановіча і вядомымі даследчыкамі беларускай літаратуры.

Кніга стане карысным навуковым дапаможнікам для настаўнікаў агульнаадукацыйных школ, метадыстаў, студэнтаў-філолагаў, а таксама для ўсіх, хто цікавіцца жыццём і творчасцю аднаго з найпрыгажэйшых беларускіх паэтаў.

Выданне дапоўнена выбранымі вершамі М. Багдановіча, ілюстравана фотаздымкамі з фондаў Літаратурнага музея М. Багдановіча.

ЗМЕСТ

Мясціны натхнення
Мінск – горад, дзе нарадзіўся паэт. Уладзімір Содаль
"...і Нёман недалёка". Аляксей Пяткевіч
Вяззе. Валянціна Бяляўская
Яраслаўль Максіма Багдановіча. Кацярына Кандраценка
"Радзімая зямля, прынікнуў я к табе..." (Багдановіч у Вільні і Ракуцёўшчыне). Вера Мікута
"І толькі на цябе надзея, край родны мой!..". Таццяна Лабада
Карпілаўка і Ратамка. Уладзімір Содаль
Мінск. У Пушкінскай бібліятэцы. Уладзімір Содаль
"Свечка свеціць, свечка ззяе, свечка дагарае..." (Крымскія дні Максіма Багдановіча). Паўліна Качаткова
Зорны храм паэта. Ірына Мышкавец

Асяроддзе Максіма Багдановіча
Радавод Максіма Багдановіча па матчынай лініі. Зміцер Яцкевіч
"І душы мацярэй нас могуць чараваці...". Андрэй Шчарбовіч
Бацька паэта – Адам Багдановіч. Таццяна Шэляговіч
3 роду Страцімавых... Тамара Кароткая
Род па кудзелі. Ірына Шорац
"...у далёкім краі пры зліцці Акі і Волгі". Ірына Шорац
Пешкавы і Волжыны. Ніна Гарэлік
"І ў новым свеце пройдзе ўсё былое прада мной...". Ірына Мышкавец
Увесь зачараваны ёй... Кацярына Кандраценка
"І толькі надпіс "Вераніка"...". Ірына Мышкавец
Спадарожнікі на шляху беларускага Адраджэння. Андрэй Шчарбовіч
Мінскае асяроддзе Максіма Багдановіча ў 1916 – 1917 гадах. Таццяна Лабада

Паэзія Максіма Багдановіча
"Прывет табе, жыццё на волі!.."
"Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог..."
Зімовая дарога
"Блішчыць у небе зор пасеў..."
"Добрай ночы, зара-зараніца!.."
"Вечар на захадзе ў попеле тушыць..."
"Плакала лета, зямлю пакідаючы..."
Зімой
"Сумна мне, а ў сэрцы смутак ціха запявае..."
"Сэрца ные, сэрца кроіцца ад болю..."
"Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць!.."
У Вільні
"Даўно ўжо целам я хварэю..."
На чужыне
Мая душа
Д. Д. Дзябольскаму
Касцёл св. Анны ў Вільні
Эміграцкая песня
"Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы..."

 

МІНСК – ГОРАД, ДЗЕ НАРАДЗІЎСЯ ПАЭТ

З 1958 года я жыў на ціхай прырэчнай Стараслабадской вуліцы. Цяпер гэтай вуліцы, як і шмат іншых у Мінску, няма. Хадзіў па некранутай яшчэ Старавіленскай. Тады быў тут і драўляны, з парэнчамі масток цераз Свіслач. У той час я яшчэ не ведаў, што хаджу па мясцінах, дзе нарадзіўся Максім Багдановіч. Асабліва ні да чаго не прыглядаўся, не запамінаў, не асэнсоўваў. Неяк не заўважыў, як паціху разбурылі, раскідалі левы, калі ісці ад нумарацыі дамоў, ад рэчкі, бок Старавіленскай. Не разумеў, што разбураюць гістарычны ландшафт Максімавага кутка. Я ўпэўнены, што ён не адзін раз тут хадзіў у 1916 – 1917 гадах, калі жыў у Мінску. Не вельмі да мяне дайшло, што я павінен пільна ўглядацца ў гэты куток і пасля таго, як у сакавіку 1958 года на трохпавярховай мураванцы з'явілася просценькая мармуровая дошка, якая паведамляла, што на вуліцы М. Горкага нарадзіўся М. Багдановіч. Але ўсё ж гэтая дошка штось акрэсліла. Яна была як для мяне, гэтак як і для тысяч людзей, якім тут даводзілася хадзіць, адкрыццём. Многія з нас тады ўпершыню даведаліся, што з вуліцы Максіма Горкага, за Багдановічавым часам – Аляксандраўскай, пачаўся жыццёвы шлях выдатнага паэта свету Максіма Багдановіча. Але і толькі. Ніхто не парупіўся хоць занатаваць ці сфатаграфаваць гэты куточак такім, якім яго Максім бачыў шасцімесячным, у 1892 годзе, і дваццаціпяцігадовым, у 1916 – 1917 гадах. І вось за гэта я ўзяўся праз шмат гадоў. Старыя фатаграфіі, звесткі з дарэвалюцыйных крыніц, успаміны старажылаў – з усяго гэтага і аднаўляецца кут Максімавага нараджэння.

Напачатку колькі слоў пра вуліцу. У Максімаву пару называлася яна, як ужо згадвалася, Аляксандраўская. Між іншым, і драўляны мост цераз Свіслач, які злучаў зарэчную частку горада, так званае Траецкае прадмесце, з цэнтрам, называўся таксама Аляксандраўскі. Ад гэтага мастка і брала пачатак згаданая вуліца. Яна і цяпер захавала нямала даўніны. Гэта амаль усё Траецкае прадмесце і будынкі цяперашняй лячэбніцы. Тут і даўней была губернская земская бальніца. Размяшчалася яна ў будынках колішняга жаночага Свята-Троіцкага ўніяцкага манастыра XVII стагоддзя. Будынкі земскай лякарні захаваліся, зараз у іх карпусы 2-й гарадской клінічнай лякарні. Захаваўся і будынак Мінскай духоўнай семінарыі. Гэты будынак быў украсай Аляксандраўскай вуліцы: светлы, лёгкі, прыветны. Потым яго пераробяць пад Сувораўскае вайсковае вучылішча. Гэты дом, між іншым, месціўся амаль побач з тым драўляным дамком, у якім нарадзіўся Багдановіч. Толькі адна забудова была паміж імі: дамок, у якім нарадзіўся Багдановіч, значыўся пад нумарам 25, а духоўная семінарыя – 29. З Максімавых часоў і броварная забудова. Вуліца Аляксандраўская была слынная і сваёй Траецкай гарой з рынкам. Ён якраз быў праз вуліцу ад згаданага дамка.

Калі ўжо ўспомнілі дамок, то колькі слоў і пра яго. Быў ён драўляны, двухпавярховы. Паводле слоў Максімавага бацькі, належаў Карказовічу, па іншых звестках, прыкладам Уласава, – Гурвічу. Багдановічы жылі на другім паверсе. Гэта была настаўніцкая кватэра Адама Ягоравіча. На першым паверсе месцілася прыходскае вучылішча, а на другім – жылі Багдановічы, займалі правае крыло ад увахода. Тут і нарадзіўся 27 лістапада (па старым стылі) 1891 года а дзевятай гадзіне вечара Максім. Тут ён падаў першыя свае гукі. Усе гэтыя звесткі ў сваю пару даў паэтаў бацька. Згаданы дамок раскідалі дзесьці ў канцы 20-х гадоў. А ў 1916 – 1917 гадах ён існаваў, і, пэўна, Максім, жывучы ў Мінску, прыходзіў сюды паглядзець на той кут, з якога ў свет пайшоў. Вуліца была зялёная. Вакол векавыя дрэвы. Зусім побач, унізе, Свіслач з шаўковымі лужкамі. За Свіслаччу віднеліся Татарскія агароды, Татарскі канец з мячэццю. Праваруч ціхая, нібы прыспаная, Стараслабадская вуліца. Далей – Пярэспа з зіхоткай царквой Святой Марыі Магдаліны на пагорку, пры могільніку. Ціхі і суладны кут. Нібыта і ў горадзе, нібыта і ў вёсцы. І недалёка ад Ніжняга і Высокага места – усяго праз масточак, цераз рэчку. На вуліцу Захараўскую з Аляксандраўскай бегала конка. Захаваўся здымак дамка, у якім нарадзіўся Максім. У 20-я гады ўкладальнікі Збору твораў Максіма Багдановіча парупіліся, каб выява гэтага дамка не знікла з людской памяці, сфатаграфавалі яго і змясцілі ў згаданым зборы. І цяпер мы маем уяўленне пра першае сямейнае гняздзечка Багдановічаў у Мінску. Пра першыя месяцы Максімавага жыцця Адам Ягоравіч згадвае так: "Ребенок был здоровый, хорошо сложенный, 9 фунтов весом. Довольно-таки капризный и претенциозный: он иначе не засыпал как под укачивание на руках, а вскоре стал требовать, чтобы с ним подплясывали, унашивая, и бедная мать изнемогала (да, впрочем, и отец, нечего греха таить) от этой его ранней склонности к ритму. Довольно-таки долго продолжалась эта пляска под припевом".

З 1913 года ў гэтым дамку на Аляксандраўскай, 25 знайшла прытулак рэдакцыя беларускага часопіса "Саха", а затым "Лучынка". Тут часова жылі, працавалі Цётка, Ядвігін Ш., Ванда Лявіцкая, Аляксандр Уласаў. Заходзілі сюды і Паўловічы. Максіму неяк імпанавала, што ў дамку, дзе ён нарадзіўся, знайшло прытулак беларускае слова, тое самае слова, якое так моцна развярэдзіла яго душу. Рэдактар "Нашай нівы" Аляксандр Уласаў пра гэты дамок згадвае так: "Вуліцу Аляксандраўскую, 25, дзе я паставіў першую беларускую нагу альбо, як сказаў бы летапісец, адкуль пачалася беларуская сталічнасць Менска, трэба па справядлівасці і буржуазнай і пралетарскай назваць вуліцай "Сахі і Лучынкі". Згаджаюся нават карацей: вуліца "Сахі". Ад вуліцы магазін, у дварэ кватэра. Домаўласнік Гурвіч..."

Цяпер на тым месцы вялізны трохпавярховы гмах. На ім новая памятка з барэльефам паэта і тэкстам. А праз вуліцу, на колішнім рынкавым пляцы, каля опернага тэатра, рамантычная паэтава постаць у бронзе. Ды і сама вуліца набыла паэтава імя. Гэтак спакваля і сфармаваўся ў Мінску Максімаў кут. А калі яшчэ згадаць, што ў адным з будынкаў Траецкага прадмесця і Багдановічаў музей, і кнігарня "Вянок", то і зусім мусім сказаць: "Ганаруе грамадскасць горада свайго слыннага песняра, шануе яго талент, хоча, каб да Максімавай творчасці далучаліся новыя прыхільнікі".

З тае пары, як паўстаў на Траецкай гары помнік Багдановічу, гэты куток стаў адным з самых улюбёных у мінчукоў. Тут ужо не адзін раз гучалі Максімавы вершы, рамансы, песні на яго словы, палкія прамовы. Гэта заўсёды праходзіць прыгожа, святочна, урачыста. Дух захоплівае ад паўнаты пачуццяў прыхільнікаў яго таленту!

Сюды прыходзяць заўжды, каб выказаць сваю адданасць Беларусі, песняру, які верыў, што "беларускі народ дачакаецца залацістага, яснага дня". У такім суладдзі і жывуць паэтаў дух і дух нашых сучаснікаў, зліваюцца ў штось суцэльнае, адно, непарыўнае. Гэтак будзе заўсёды, пакуль чалавек любіць пекнату, хараство, прыгажосць, гармонію. А Максім Багдановіч, як вядома, найперш носьбіт усяго тут згаданага. Хай жа заўсёды будзе суладны і гарманічны ў нашай сталіцы кут, што пусціў у свет такі прыгожы паэтычны талент.

Уладзімір Содаль

Багдановіч Максім. Я хацеў бы спаткацца з Вамі... / Фоты з кнігі
***
Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
У ціхую сінюю ноч
І сказаць:
"Бачыце гэтыя буйныя зоркі,
Ясныя зоркі Геркулеса?
Да іх ляціць наша сонца,
І нясецца за сонцам зямля.
Хто мы такія?
Толькі падарожныя – папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?"
[1915]


Раім таксама паглядзець:
Багдановіч Максім. Вершы
6.49 р.

Багдановіч Максім. Вершы

Выбраныя вершы класіка беларускае літаратуры Максіма Багдановіча, многія з якіх уваходзяць у школьную праграму. Шэдэўры нацыянальнага прыгожага пісьменства. Чытае Народны артыст Беларусі Віктар Манаеў.

Максім Багдановіч: вядомы і невядомы
7.38 р.

Максім Багдановіч: вядомы і невядомы

У зборнік уключаныя даследаванні творчасці Максіма Багдановіча 1910 – 1940-х гадоў, дзякуючы якім можна прасачыць, як паэзія класіка беларускай літаратуры ўспрымалася на працягу першай паловы XX стагоддзя. Акцэнт зроблены на літаратуразнаўчыя працы, што не перавыдаваліся з часоў першапублікацыяў.

Купала Янка. Вершы, паэмы. Някляеў Уладзімір. Шлях
6.49 р.

Купала Янка. Вершы, паэмы. Някляеў Уладзімір. Шлях

У фармаце mp3. Агульны час гучаньня 5:30:31. (p) “BelTonMedia”.