Багушэвіч Францішак. Творы

Багушэвіч Францішак. Творы
0.97 р.
Вага: 310 г
Памеры: 125x195 мм



Уключае факсімільнае выданне кнігі "Dudka białaruskaja" / прадм. Я. Янушкевіча. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2009. – 150 с.

ISBN 978-985-02-1164-4

Імя Францішка Багушэвіча (1840 – 1900) – з самых дарагіх нашаму народу. Адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, ён ярка выявіў свой талент перадусім у паэзіі. У кнізе яго вершы змешчаныя як лацінкаю (факсімільнае выданне з арыгіналу), так і кірыліцаю.

ЗМЕСТ

Чароўная дудка. Язэп Янушкевіч

Dudka białaruskaja (факсімільнае выданне)

Прадмова. Мацей Бурачок

Мая дудка
Дурны мужык, як варона
Як праўды шукаюць
У судзе
Воўк і авечка
Мая хата
Праўда
Здарэнне
Немец
Думка
З кірмашу
Падарожныя жыды
Хрэсьбіны Мацюка
Бог не роўна дзеле
Хцівец і скарб на Святога Яна
Гдзе чорт не можа, там бабу пашле
Кепска будзе!
У астрозе
Быў у чысцы!

ЧАРОЎНАЯ ДУДКА
Прадмова да выдання

Збіраючыся ў няблізкую вандроўку, апроч рэчаў побытавых чалавек іншым разам бярэ з сабою нешта для душы: пачытаць у прынагодную часіну. Гэткім спажыткам для свядомага беларуса бясспрэчна можна лічыць "Дудку беларускую" Мацея Бурачка vel Францішка Багушэвіча.

Францішак Багушэвіч – наш самы яркі нацыянальны паэт XIX ст. Менавіта творчасць Мацея Бурачка і Сымона Рэўкі з-пад Барысава ў адной асобе – ягоная хай сабе і невялікая (нават па мерках XIX ст.), аднак яркая літаратурная спадчына адназначна сцвердзіла: беларуская літаратура была, яна ёсць, а значыць, у яе будзе і годны працяг.

Францішак Бенядзікт, сын Казіміра Багушэвіча, нарадзіўся 21 (9) сакавіка 1840 г. "у двары Свіранах" (цяпер у Летуве, пад Вільняй). Гадаваўся будучы паэт у маёнтку Кушляны (34 сялянскія душы). Там мінула маленства Францішка. Адтуль пацягнуліся сыны кушлянскага гаспадара ў Вільню, па навуку. Пасля заканчэння Віленскай гімназіі (1861) здольны юнак паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт, але вучобу так і не пачаў: вымушана вярнуўся ў родны край, дзе працаваў у школцы, адкрытай на Лідчыне ўладальнікам маёнтка Доцішкі Аляксандрам Звяровічам. Тут, на Лідчыне, у Доцішках, заспела Францішка паўстанне 1863 году. Год, які застаўся ў гісторыі станаўлення і развіцця новай беларускай літаратуры і новай беларускай нацыі. Там, у маладосці паэта, належыць шукаць першаспеў Багушэвічавай музы? Ці ён абудзіўся тут, на радзіме, і прагучэў на роднай мове? Ці ўпершыню муза ягоная прамовіла па-польску на ўкраінскай зямлі, дзе пасля паўстання, адвучыўшыся ў Нежынскім юрыдычным ліцэі (1865 – 1868), Багушэвіч пражыў, бадай, дваццаць гадоў? Ці, можа, маюць рацыю тыя ўкраінскія даследчыкі, што сцвярджаюць: першыя свае творы Ф. Багушэвіч напісаў па-ўкраінску?

Кашалёк жорава. Ілюстрацыя з кнігі

Пакутная вучоба скончылася 26 ліпеня 1868 г., а 17 жніўня, калі Багушэвічу выпісвалі атэстат, ён ужо "состоял на службе" ў г. Чарнігаве, адкуль у 1869 г. перавёўся ў Кралявецкі павет судовым следчым. Праз два гады (за гэты час ён папрацаваў у Старадубскім павеце) мы зноў бачым Багушэвіча ў Чарнігаве. Але і тут 30-гадовы следчы не затрымаўся надоўга, яшчэ раз змяніўшы месца працы: 21 ліпеня 1871 г. загадам Міністэрства юстыцыі прызначаны судовым следчым у Гразявецкі павет Валагодскай губерні. Дзіўны парадокс: туды, куды Багушэвічавых паплечнікаў-паўстанцаў гналі пад канвоем, ён падаўся, можна сказаць, самахоць. Наогул, калі разважаеш над працоўнай адысеяй выпускніка Нежынскага юрыдычнага ліцэя (праз год ён вернецца на Украіну, каб 7 месяцаў папрацаваць старшым следчым Барзнянскага павета і перайсці на службу ў Канатоп), заўважаеш адно: на радзіму будучы паэт не вяртаўся, пераводу па службе туды не прасіў. Не дзіва, бо мясцовыя губеранскія ведамасці яшчэ друкавалі абвесткі пра канфіскацыю маёмасці паўстанцаў 1863 г. Толькі ў 1876 г. на Беларусі скасуюць асаднае становішча, уведзенае пасля задушэння паўстання Каліноўскага; у 1883 г. (27 траўня) каранацыя Аляксандра III, новага цара (імператарам Аляксандр стаў у 1881 г.), суправаджалася, па традыцыі, амністыяй палітычных злачынцаў: тысячы паўстанцаў, "виновных в польском мятеже 1863 года", з Захаду і з Усходу пацягнуліся на радзіму.

2 лютага 1884 г. ён падаў прашэнне ў Нежынскі акруговы суд з просьбаю звольніць са службы, а 25 сакавіка ступіў на віленскі брук, камяні якога памяталі ягоныя крокі з гімназічных часоў, убачыў горад сваёй маладосці. Быў ужо цяпер ён не адзін, а з жонкаю Габрыэляй з дому Шклёнікаў, мінчанкаю, з якой узяў шлюб у 1874 г. і ад якой меў дачку Канстанцыю (Туньку) і сына Тамаша Вільгельма. Такім чынам, пакідаў Францішак Беларусь у той час, калі на ёй заставаўся самотны Дунін-Марцінкевіч, які знаходзіўся ва "ўнутранай ссылцы". Вярнуўся, калі тут падрасталі Цётка, Ядвігін Ш., калі першыя самастойныя крокі рабілі Купала і Колас.

Царскія маніфесты ды амністыі выдаваліся падчас падзейных (хрост, шлюб, каранаванне манаршых асобаў) ці юбілейных урачыстасцей і распаўсюджваліся на пэўныя катэгорыі "палітычных злачынцаў", але ніколі не адрасаваліся "літвінска-беларускай" літаратуры. Раз не дазвалялася фінансаваць аніякіх тубыльскіх часопісаў, рэдакцый, а тым больш выдавецтваў, значыць, і літаратуры такое не існавала.

Бо калі маўчаць паэты – знямее давеку народ. "Марудна (дужа марудна, бо ад жыццёвых клопатаў застаецца мала вольнага часу і думак) нараджаюцца песні і іншага складу вершы", – скардзіўся Францішак у лістах да Яна Карловіча, спавядальна прызнаючыся ненашмат старэйшаму сябру (апекуну-мецэнату, з дапамогаю якога змаглі пабачыць друкарскі варштат за мяжою прыжыццёвыя Багушэвічавы паэтычныя зборнікі, найперш "Дудка беларуская"), што юрыдычныя талмуды адбіраюць лепшыя хвіліны жыцця.

З беларускага слова тады не было як пражыць анікому на абшарах былога Вялікага Княства, нават будзь ты таленавіцейшым за Байрана, Гётэ альбо за Міцкевіча ці хай сабе за Пушкіна. Рэкруцкі лёс паднявольнага Шаўчэнкі, выкупленага з "кріпацтва" лепшымі прадстаўнікамі расейскай культуры (25 красавіка 1838 г. у пецярбургскай майстэрні К. Брулова паэт В. Жукоўскі ўручыў Тарасу "адпускную"), а потым зноўку здадзенага "ў маскалі" без аніякага права пісаць хоць што-небудзь, сведчыў пра адно: расійскі царызм дэклараваў развіццё толькі "дзяржаўнай" мовы.

Чаму? Апалагеты "адзінай і непадзельнай" пры самым першым з'яўленні зборнічкаў Мацея Бурачка пабачылі "в такого рода сочинениях тенденцию... разбить и ослабить литературное и национальное единство, а вследствие этого и политическое могущество русского народа". Але чаргуючы ўздымы і заняпады (апошняга было для нас куды болей, над сілу), Беларусь праз усё XIX стагоддзе ішла да сябе – вольнай і незалежнай. Таму калі 15 (28) красавіка 1900 г. у сваім маёнтку Кушляны адышоў Францішак Багушэвіч, alias Мацей Бурачок, vel Сымон Рэўка з-пад Барысава – з ім адышла цэлая змагарная эпоха. Бо менавіта аўтару "кантрабандных" (спрэс замежных зборнікаў) поруч з заснавальнікам Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам ды іншымі пачынальнікамі ўдалося закласці падваліны для развіцця новай беларускай літаратуры.

У гісторыі станаўлення славянскіх літаратур зборнічак "Дудка беларуская", які выйшаў на свет увосень 1891 г. у кракаўскай друкарні У. Анчыца, не меў (дый да сёння не мае) аналагаў. Ні згаданым еўрапейскім сучаснікам Багушэвіча – Байрану, Гётэ з Шылерам, Міцкевічу з Славацкім, Пушкіну з Цютчавым і нават Шаўчэнку з Франко, ні потым у XX ст. ягоным наступнікам Купалу, Коласу, Багдановічу – не давялося пісаць да паэтычных слоў уступу, гэтак пафаснага і лёсавызначальнага.

"Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маёй! Вам афяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, ды і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя "мужыцкай" завуць, а завецца яна "беларускай"". Як было тутэйшаму "цёмнаму" селяніну, што ўвесь век звекаваў у сваёй вёсцы, не верыць больш дасведчанаму, бываламу і разумнаму супляменніку, што гаворыць на адной з ім гаворцы: "...я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і пераканаўся, што мова нашая ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая". Як было ім не верыць чалавеку, хай сабе чужому-незнаёмаму, калі ў кожным яго сказе, у кожным слове гучала засцярога: "Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі". Як было не пачуць закліку: "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!"

У праграмнай "Прадмове" паэтам дакладна праведзена вызначэнне асноўных прыкмет існавання самастойнай беларускай нацыі: даўняя, праз вякі эканамічная і культурная супольнасць люду, што жыве на адной тэрыторыі разам з іншымі народамі, якія ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага ("ад Балтыцкага мора ўдоўжкі аж да Чорнага, ад Дняпра і Днястра ракі да Нёмна...") і адзінства мовы ("...гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільна і да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак..."). Тэма нацыянальнага адраджэння ў прадмовах да зборнікаў "Дудка беларуская" (а неўзабаве і да зборніка "Смык беларускі") становіцца асновай творчасці Ф. Багушэвіча. Яна была сугучная запатрабаванням эпохі канца пазамінулага стагоддзя. Калі трохі раней, у сярэдзіне XIX ст., Італія ўрэшце пайшла па шляху аб'яднання, словы яе вялікага паэта Франчэска Петраркі, напісаныя яшчэ ў XV ст. з заклікам да нацыянальнага ўз'яднання, захавалі тую ж, калі не большую, моц. Аналагічнае энергетычнае ўздзеянне захавае за сабой слова Багушэвіча праз чвэрць стагоддзя – да часу абвяшчэння незалежнай Беларусі. Прадмова Ф. Багушэвіча стала своеасаблівым маніфестам беларускага нацыянальнага адраджэння.

Рукапіс зборніка "Дудка беларуская" не захаваўся, таму даты напісання большасці твораў невядомыя. У лістах паэта да Я. Карловіча ёсць пачатковыя варыянты твораў "Мая Дудка", "У судзе", "Воўк, ягня, авечка" (у зборніку ён змешчаны пад назвай "Воўк і авечка"), "Думка", а таксама згадкі пра гісторыю і час напісання легенды "Хцівец і скарб на Святога Яна". Аўтографы даюць падставы меркаваць, што "Дудка беларуская" кампанавалася ў 1886 – 1890 гг. Акурат да гэтага перыяду адносяцца частыя згадкі-выказванні Э. Ажэшкі пра Ф. Багушэвіча: "...Ён чытаў мне свае беларускія творы і нават пакінуў мне іх копіі з асобным вершам, таксама напісаным па-беларуску, адрасаваным мне. Ці ж няпраўда, што гэта цудоўныя рэчы, яны маюць нейкае асаблівае хараство, і я вельмі зацікавілася, ці здолеюць нашы сяляне зразумець і адчуць іх? На будучае
лета паспрабую чытаць іх маім міневіцкім знаёмым".

У іншым лісце да Я. Карловіча (22.02.1888) польская пісьменніца зноў падзялілася ўражаннем ад чарговай сустрэчы з беларускім песняром: "Быў у мяне нядаўна п. Багушэвіч і чытаў мне сваю, толькі што напісаную па-беларуску казку, доўгую, поўную фантазіі, цудоўную. Прыгожы гэта талент. Польскія вершы яго слабыя, але беларускія, на маю думку, выдатныя. Трэба з усёй сілы заахвочваць яго да працы ў гэтым кірунку".

Усяго ў паэтычнай спадчыне Ф. Багушэвіча 48 беларускіх вершаваных твораў, а польскіх 14; фактычна, трэцяя частка. Да гонару Ф. Багушэвіча ягоныя прыжыццёвыя зборнікі "Дудка беларуская", "Смык беларускі" склалі вершы выключна на беларускай мове. Малаверагодна, што першыя паэтычныя спробы былі ў Францішка беларускамоўнымі.

Эх, скручу я дудку!
Такое зайграю,
Што ўсім будзе чутка
Ад краю да краю!

У назве праграмнага верша, якім распачаты зборнік "Дудка беларуская", не хапае толькі сцвярджальна-радаснага клічніка, як у загалоўку паэмы "Кепска будзе!" або ў не менш вядомым творы "Быў у чысцы!". Але ўжо тое, што паэт першым у XIX ст., задоўга да Купалы і Коласа (10-15 гадоў нацыянальнага руху канца XIX–пачатку XX ст. можна спакойна прыраўняць да 40, калі не больш, гадоў розніцы паміж выхадам зборнікаў Дуніна-Марцінкевіча і самога Багушэвіча) паставіў на друкарскі варштат выданне кніг, тое, што загалоўным творам выбрана менавіта "Мая Дудка" сведчыць, што напрыканцы XIX ст. паэзія беларуская знайшла ўжо так патрэбныя ёй, адэкватныя формы мастацкага, паэтычнага самавыражэння. Адгэтуль і назаўсёды слова беларускае стане адзіным валадаром беларускіх абшараў.

Тэма народнага жыцця – цэнтральная ў паэзіі паэта. Трагічны пафас большасці твораў якраз і абумоўлены абмалёўкай штодзённага побыту беларускага сялянства. Паэт нярэдка выносіць у загаловак вечныя каштоўнасці ("Мая Дудка", "Праўда", "Як праўды шукаюць"), пашыраючы свае жанрава-стылявыя пошукі. Матывы паэзіі Ф. Багушэвіча самыя разнастайныя: ад сацыяльнага аналізу рэчаіснасці ("Бог не роўна дзеле") да міжнацыянальных і міжканфесійных ("Немец"). Папулярнасць паэтавых вершаў, завезеных кантрабандаю ў Беларусь, была настолькі вялікай, што кракаўскі выдавец Анчыц у 1896 г. паўтарыў выданне "Дудкі беларускай".

3 вышыні стогадовага шляху, пройдзенага новай беларускай літаратурай ад часу выхаду ў свет паэтычных кніг Францішка Багушэвіча, яскрава бачыцца, што можна і аднаму быць у полі Змагаром, калі ты Народны Паэт; і адзін Абаронца, калі ты жыццё і талент ахвяруеш за пакрыўджаных і бяздольных; калі, як апостал, робіш усё, каб напоўніць духоўнай моцаю. Дзеля адраджэння беларускай літаратуры і нацыянальнай свядомасці Францішак Багушэвіч на схіле XIX ст. зрабіў тое, што для чэшскай – геніяльны містыфікатар Вацлаў Ганка сваім "Краледворскім рукапісам".

Творчасць Ф. Багушэвіча – вяршыня нацыянальна-ўсвядомленай ідэі беларускага адраджэння ў XIX ст., звяно, якое аб'ядноўвае ўсю беларускую літаратуру XIX ст. з яе ўздымам на пачатку XX ст. Яна ўвасабляе прадвызначэнне адметнага шляху для нацыянальнага прыгожага пісьменства, прадчуванне магутнага ўздыму духоўнасці на роднай зямлі. Засваенне і развіццё папярэдніх дэмакратычных традыцый адразу было падхоплена маладой генерацыяй. Паэзія Багушэвіча паўплывала не проста на асобных творцаў, яна здзейсніла вялізны ўплыў на абуджэнне нацыянальнай свядомасці. "Рашучы штуршок беларускаму руху надала кніжка Мацея Бурачка "Дудка беларуская", якая выйшла ў Кракаве ў 1891 годзе на беларускай мове", – канстатаваў Я. Карскі. Гэтую думку яшчэ больш упэўнена паўтарыў італьянскі даследчык Дж. Месіна ў капітальнай манаграфіі "Беларуская літаратура" (Рым, 1952). Ён вобразна, дакладна выказаўся пра неацэнную ролю першых Багушэвічавых кніжак: "Калі ў новай беларускай літаратуры і можа быць метрычны выпіс яе нараджэння, дык гэта час апублікавання ў Кракаве твораў Мацея Бурачка (Ф. Багушэвіча)".

Чаму і праз стагоддзе "Дудка беларуская" запатрабаваная? Нават у выглядзе факсіміле. Бо ў ёй ад першага і да апошняга верша пульсуе праўда пра наш паднявольны, але нескароны народ. А ў паэзіі, як і ў жыцці, самы цікавы жанр – Праўда.

Язэп Янушкевіч


Раім таксама паглядзець:
Купала Янка. Вершы, паэмы. Някляеў Уладзімір. Шлях
6.49 р.

Купала Янка. Вершы, паэмы. Някляеў Уладзімір. Шлях

У фармаце mp3. Агульны час гучаньня 5:30:31. (p) “BelTonMedia”.

5.01 р.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у еўрапейскім кантэксце

Матэрыялы Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 200-годдзю Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (Мінск, 5—6 лютага 2008 г.) / НАН Беларусі, Ін-т мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы; нав. рэд. В. А. Максімовіч. — Мінск: Беларуская навука, 2008. — 295 с.

Жылка Уладзімір. Матылі
2.29 р.

Жылка Уладзімір. Матылі

Вершы, паэмы, пераклады: для ст. шк. узросту. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2009. – 189 с. – (Школьная бібліятэка).

У кнізе "Матылі" сабраная паэтычная спадчына Уладзіміра Жылкі.