Барадулін Рыгор. Вушацкі словазбор

Барадулін Рыгор. Вушацкі словазбор
12.49 р.
Вага: 510 г
Памеры: 130x200 мм



Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна / Укладанне Наталлі Давыдзенка ; прадмова Уладзіміра Някляева ; рэцэнзент Кастусь Цвірка. — Мінск : Кнігазбор, 2013. — 388 с. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»; вып. 47).

ISBN 978-985-7057-93-1

Пад адной вокладкай нарэшце сабраныя неацэнныя скарбы беларускай мовы, якія, пачынаючы са школьных гадоў, бесперапынна занатоўваў за роднымі й землякамі народны паэт Беларусі, — асобныя словы, прымаўкі й пад’ялдычкі, зычэнні й грозьбы, а таксама народны каляндар, замовы, стравы, звычаі, гаспадарчыя й жыццёвыя парады й шмат іншага.

Асобны раздзел склалі запісы жывой ушацкай гаворкі, у якіх і гісторыя, і побыт, і душа народа, — усё жыццё, як яно ёсць.

Рыгор Барадулін / фота Джона Кунстадтэра

ЗМЕСТ

Цуд! Уладзімір Някляеў
Светлае памяці мамы Куліны

Слоўнік
А
Устойлівыя выразы
Параўнанні
Прыказкі й прымаўкі

Ізборнік
Народны каляндар
Звычаі
Прыкметы, жыццёвыя назіранні, парады
Стравы
Лекаванне
Прыгаворкі й зычэнні
Пытанні й воклічы
Добрыя пажаданні
Праклёны й грозьбы
Пад'ялдычкі й цвялілкі
Дзіцячыя гульні
Хуткамоўкі
Прыгаворкі пад скокі
Хто як пяе
Загадкі

Гаваркое слова, альбо Жыццё, як яно ёсць...
Барадуліна А. А. і землякі
Трафімава М. Р. і землякі
Трафімаў П. А.
Жыхары в. Забораўна
Жыхары в. Гразь
Быкава Г. Р.
Быкава В. У.
Каваленка А. А.


Цуд!

Рыгор Барадулін — чарадзей беларускай паэзіі.

Што такое паэзія? Сярод іншага — гэта выяўленне магчымасцяў мовы. Ці інакш: паэзія — гэта мова ў яе вяршынным выяўленні.

Рыгор Барадулін — чарадзей беларускай мовы.

Параўнайце тое, што мы чытаем у сённяшніх (беларускамоўных, якія засталіся) газетах, на беларускамоўных (якія ёсць) інтэрнэт-сайтах, з тым, што напісана ў «Руме», «Нерушы», «Вечаллі», іншых кнігах Рыгора Барадуліна. Не па змесце, а па лексіцы параўнайце, па граматыцы, сінтаксісе. Гэта не проста якасна адрозныя, гэта розныя мовы. І не толькі таму, што адна — празаічная, другая — паэтычная: яны розняцца так, як розніцца штучнае і натуральнае. Прычым, паэтычная мова (у канкрэтным выпадку мова Барадуліна), якая найдалей ад гутарковай, выглядае натуральнай, а мова празаічная (газетна-інтэрнэтная), якая да гутарковай найбліжэй — штучнай. Такой, нібы на ёй пішуць і размаўляюць не носьбіты мовы, а замежнікі, перакладчыкі. І такую няўклюдную, машынную (гуглаўскаю) мову ўсё большая частка яе карыстальнікаў пачынае ўспрымаць як натуральную — і як натуральную скарыстоўваць: менавіта на ёй многія аўтары пішуць сёння і прозу, і вершы.

Мова спрашчаецца. Машынізуецца, нібы спраўджваючы тэорыю «лінгвіста-марксіста» Н. Я. Мара: «Будучыня мовы — мысленне, якое вырастае ў вольнай ад прыроднай матэрыі тэхніцы».

Гэта датычыць не толькі нас — працэс сусветны. Шмат дзе (у тым ліку ў нас) ён накладаецца на працэс выцяснення роднай мовы — і абодва працэсы, супадаючы, паскараюць адзін аднаго.

Усё гэта небяспечна. Вельмі. І калі б толькі для літаратуры — такой бяды. Нават калі б толькі для мовы…

Прырода мовы, нягледзячы на тое, што быў такі выбітны мовазнаўца, як Вільгельм Гумбальт (як і прырода чалавека, нягледзячы на тое, што быў такі выбітны прыродазнаўца, як Чарльз Дарвін), дасюль застаецца загадкавай. У набліжэннях да разгадкі першынство належыць таму ж Гумбальту, які і па сёння — найбольшы аўтарытэт у мовазнаўстве. «Мова народа ёсць ягоны дух, і дух народа ёсць ягоная мова — цяжка ўявіць сабе нешта больш тоеснае» — вось асноўная канцэпцыя Гумбальта. Менавіта Гумбальт увёў паняцце «моўная свядомасць народа» і сцвярджаў, што, як чалавек (народ) стварае мову, гэтаксама і мова стварае чалавека (народ). Кожная мова апісвае вакол народа, якому яна належыць, круг, выйсці з якога можна толькі ў тым выпадку, калі ступіш у круг іншы.

З гэтага вынікае: іншы круг — іншая мова. Іншая мова — іншы народ.

Каб было больш зразумела, як пад уплывам іншай мовы мы можам стаць (па свядомасці, па менталітэце) не тымі, хто мы ёсць, прывяду прыклад (найблізкі) з гісторыі ўплываў.

На сучасную рускую мову (якую люблю й супраць якой, як і супраць любой іншай мовы, нічога не маю) вялікі ўплыў аказала не толькі мова царкоўнаславянская (з якой увайшлі ў рускую, да прыкладу, дзеепрыметнікавыя, якія цяжка вымавіць, словы й словазлучэнні: предшествовавшее произошедшему), але й цюркскія мовы. Найбольш відавочны гэты ўплыў у сучасных рускіх прозвішчах: Иванов, Петров, Сидоров. Этнічна рускія прозвішчы, якія ўзніклі да часоў Залатой Арды й захаваліся ў фальклоры, іншыя: Илья Муромец, а не Муромцев. Тут што істотна? Тое (і яно выяўляецца, адчуваецца ў мове), што Муромец — чалавек сам па сабе, самастойны, а Муромцев — не зусім. У цюркскіх мовах не толькі імёны, але й усе рэчы абавязкова суадносяцца з асобай, якой належаць. Без канкрэтызацыі таго, каму яны прыналежныя, ні чалавек, ні рэч як бы й не існуюць. Усімі й усім нехта павінен валодаць, над усім і ўсімі гаспадарыць. Шах, бай… цар. Гэтакі менталітэт — і ён зафіксаваны ў мове. Яно не добра й не кепска, проста яно так ёсць. Там, на Усходзе. Але ці яно супадае з тым, што ёсць мы?.. Тут, на Захадзе.

Мы на мяжы кругоў. Пытанне ў тым, ці хочам мы застацца тымі, кім мы ёсць? Беларусамі. Еўрапейскім народам у еўрапейскай дзяржаве.

Сёння ўсё часцей можна пачуць: час нацыянальных дзяржаў прамінуў. На змену ім прыходзяць цывілізацыйныя дзяржавы, якія развіваюцца больш паспяхова. Найпершы прыклад — Кітай.

Добра, няхай так. Але я не чуў і не чытаў, каб хто-небудзь у цывілізацыйным Кітаі сказаў ці напісаў, што час адмовіцца ад нацыянальнай мовы.

Ніхто не даводзіць такога і ў Еўропе. Наадварот, вунь як французы з немцамі, нарвежцы з фінамі ашчаджаюць свае мовы, змагаюцца з іншамоўнымі ўплывамі! Ды ўсе народы ў сённяшнім свеце, у якім культура падмяняецца цывілізацыяй, менавіта з дапамогай нацыянальнай культуры і мовы змагаюцца за саміх сябе, і толькі беларусы — саміх сябе супраць.

Чаму? Бо ў нас, як кажуць землякі Барадуліна, «добрыя галовы, толькі з патыліцы зачасаныя?..»

Вільгельм фон Гумбальт не для ўсіх аўтарытэт. Хоць бы па той прычыне, што не ўсе ў нас яго чыталі, а нехта нават не ведае, што такі быў. Для некага аўтарытэт Іосіф Сталін, які таксама, пра што нават у песні спяваецца, «у мовазнаўстве ведаў толк». Ён крытыкаваў вышэйзгаданага «лінгвіста-марксіста» Мара і вось з якіх пазіцый: «Мова адносіцца да грамадскіх з’яў. Яна нараджаецца і развіваецца з нараджэннем і развіццём грамадства. Яна памірае разам са смерцю грамадства».

Няма мовы — няма народа. У гэтым Сталін ведаў толк...

Хіба гэта не тыя ж кругі Гумбальта? Круг існавання — і круг знікнення.

Для таго, каб мы не зніклі, Бог пасылае нам такіх чараўнікоў, як Рыгор Барадулін, які і боскімі малітвамі, і паганскімі заклёнамі ў «Маўчанні перуна», «Міласэрнасці плахі», «Евангеллі» ад Мамы» аберагае нашу мову, а значыць, і народ. Тое самае ён робіць і ў «Вушацкім словазборы».

Я проста купаўся ў чысцюткай, як вушацкае возера Вечалле, беларускай мове, чытаючы рукапіс гэтай кнігі.

Колькі слоў ані ў якіх слоўніках не зафіксаваных, якое мы да таго, што ёсць, яшчэ багацце маем! Крэў (вывернутае дрэва), начніцы (бяссонне), недамаўлянкі (намёкі), пярэка (хто ўсім пярэчыць), руя (гайня, чарада). А як граюць, бліскаюць (блісь ды ясь!) гаваркія словы ў прыказках, прымаўках! «У сваёй хаце і качарга маці», «Грэх у мех, а сам наверх», «Язык у роце, як чорт у балоце», «Ён моўча, а дума войча». Ці якія моўныя россыпы ў запісаных Барадуліным аповедах простых людзей проста пра жыццё: «Кішка ў кішку лезе ад голаду… Жыццё такое: хлеб — госць… Памяць мне заарала (забылася). Гэтак ён ваяваў: рылі акопы, а ён бабам у лапаты ручкі ўстаўляў… Уперад ён піў па дзелу, а пасля так… Хачу дамоў, як вады напіцца».

У Барадуліна болей за дзве сотні нататнікаў з вершамі й самымі рознымі запісамі. Самому яму апрацаваць іх рукі не даходзілі, таму трэба сказаць самыя добрыя словы Наталлі Давыдзенка, якая гэта зрабіла, — і з’явіўся «Вушацкі словазбор». Цуд!

Я ўжо неяк пісаў, што Рыгор Барадулін нездарма называе сябе крывічом, бо ўвабраў у сябе ці не ўвесь крывіцкі дух, удыхнуўшы з ім усю мову крывіцкую.

Ён адзіны беларускі паэт, які існуе толькі ў мове і выключна ў ёй. Існуе гэткім жа неверагодным цудам, якім сама мова існуе ў пабураным — альбо дасюль не створаным — беларускім свеце. І ў гэтым свеце Барадулін робіць тую працу, якую ў іншых светах робіць народ: мовастваральную. І яшчэ аберагальную, бліскуча скарыстоўваючы і тым самым захоўваючы тое, што народ ужо стварыў і за што некалі скажа дзякуй свайму Паэту.

Уладзімір Някляеў

 


Светлае памяці мамы Куліны

Мова тады родная, калі яна пачута ад маці, калі кожнае слова сагрэта сэрцам матчыным, калі кожны гук матчынай мовы з-пад матулінага сэрца.

Мама перадала мне найвялікшы дар — мову нашую крывіцкую з вушацкай падсветкай, з вушацкім прысмакам.

Мова Вушаччыны сягае ад паганскіх каранёў і да біблейскага неба.

Мова Вушаччыны праветраная скразнякамі часінаў, пакумленая з мовамі суседзяў.

Мова Вушаччыны ўвабрала ў сябе й задуменнасць незлічоных азёраў, і развагу бароў, і шчырасрэбраны позван крыніцаў, які выпраўляюць у свет упаўнелыя рэкі й рачулкі.

У мове нашай хапае й цнатлівага, й скаромнага. Вушацкія не дужа падкія на эўфімізмы, любяць называць усё сваімі імёнамі. Гэта паганская традыцыя, у якой чысціня бачання свету.

Вушацкі словазбор — спроба сабраць за адным бяседным сталом хоць крышачку непераўзыдзенага шматгалосся роднае мне зямлі, шматгалосся, якое, на жаль, пачынае глухнуць.

Мова прыкладаў і запісаў набліжана да вушацкага вымаўлення.

Калі запрашаў вушацкія словы на паперу, мне чуўся голас мамы Куліны, галасы маіх крэўных і блізкіх. Гэта й сустрэча, і развітанне.

Гэта мой паклон да зямлі тым, хто пялегваў праз вякі нашае самабытнае слова.

Дзякуй табе, мама!

 

Дзякуй вам, мае родныя вушацкія людзі, якія не выракліся свайго!

З мяне,
Як камяні з зямлі,
Вушацкія выходзяць словы.
Яны ў мяне ўвайшлі
Змалі,
Каб іх ні ўроцы не ўзялі,
Снягі не замялі,
Дубровы
З сабою словы не звялі
У свой апошні шлях,
Калі
Іх зводзіць пачалі на дровы.
Гудуць, нібы раі ў вуллі,
Вядуць, як дома, перазовы,
Ідуць раллёй, як жураўлі.
Яны ратаі й кавалі,
І хадакі ад мамы
Словы
Вушацкія.
Іх кожны крок
Мой бачыць слых,
Мой чуе зрок.

Раім таксама паглядзець:
Барадулін Рыгор. Руны Перуновы
6.99 р.

Барадулін Рыгор. Руны Перуновы

У кнігу ўвайшлі выбраныя творы народнага паэта Беларусі, намінанта Нобелеўскай прэміі па літаратуры Рыгора Барадуліна. Змешчаныя як хрэстаматыйныя вершы, так і тыя, што друкуюцца ўпершыню.

Барадулін Рыгор. Перакуленае / Бородулин Рыгор. Опрокинутое
14.99 р.

Барадулін Рыгор. Перакуленае / Бородулин Рыгор. Опрокинутое

"Рыгор Бородулин — крупнейший белорусский поэт ХХ столетия. Один из первых поэтов Европы. Поэтому и был он выдвинут польским и русским ПЕН-центрами, украинским и белорусским Союзами писателей (то есть славянскими литераторами, которые могут оценить поэзию Бородулина в оригинале) кандидатом на соискание Нобелевской премии" (Владимир Некляев). В книге стихи Рыгора Бородулина представлены параллельно — в белорусских оригиналах и в лучших переводах на русский.

Барадулін Рыгор. Лепей
19.99 р.

Барадулін Рыгор. Лепей

Унікальная кніга рукапісаў Рыгора Барадуліна, якую ў такім незвычайным выглядзе Народнаму паэту Беларусі дапамог выдаць ягоны маладзейшы калега Глеб Лабадзенка. Выданьне месьціць таксама набор паштовак і кружэлку з аўдыётворамі, якія начытала Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.