Бялявіна В. М., Ракава Л.В.. Мужчынскі касцюм на Беларусі

Бялявіна В. М., Ракава Л.В.. Мужчынскі касцюм на Беларусі
5.90 р.
Вага: 1100 г
Памеры: 210x245 мм



Мінск: Беларусь, 2007. – 303 с.: іл.

ISBN 978-985-01-0719-0

У кнізе ўпершыню на аснове разнастайных гістарычных крыніц (старажытных летапісаў, хронік, актавых дакументаў XV – XVIII стст. і інш.), этнаграфічнай і этналінгвістычнай літаратуры XIX – XX стст. комплексна, ва ўсёй сваёй шматварыянтнасці паказан працэс развіцця мужчынскага касцюма розных сацыяльных слаёў насельніцтва Беларусі з глыбокага мінулага да сучаснасці. Багата ілюстраванае выданне разлічана на гісторыкаў, этнолагаў, мастацтвазнаўцаў і шырокае кола чытачоў, якія цікавяцца гісторыяй і культурай беларускага народа.

ЗМЕСТ

Уводзіны
Глава 1. Касцюм прывілеяванага саслоўя і гараджан
Глава 2. Сялянскі касцюм
Глава 3. Плечавое і паясное адзенне
Глава 4. Верхняе адзенне
Глава 5. Галаўныя ўборы
Глава 6. Абутак
Глава 7. Аксесуары
Глава 8. Баявы касцюм

Бялявіна В. М., Ракава Л.В.. Мужчынскі касцюм на Беларусі


Уводзіны

Паняцце «касцюм» уключае бялізну, хатнюю і верхнюю вопратку, галаўныя ўборы, абутак і аксесуары (паясы, пальчаткі, сумкі, спражкі, гузікі, ювелірныя ўпрыгажэнні і г. д.), якія ў спалучэнні ствараюць адзіны мастацка-стылявы комплекс адзення канкрэтнага гістарычнага перыяду.

Гістарычнае развіццё касцюма вызначалася прыродна-кліматычнымі ўмовамі, старажытнымі этнічнымі традыцыямі насельніцтва, узроўнем вытворчых сіл грамадства, інтэнсіўнасцю міграцыйных працэсаў і культурных сувязей з іншымі этнасамі.

Гісторыя мужчынскага касцюма на Беларусі дае магчымасць узнавіць знешняе аблічча нашых продкаў, больш глыбока зразумець іх норавы, эстэтычны густы, быт і характар той ці іншай гістарычнай эпохі.

Феадальнае грамадства прад'яўляла канкрэтныя патрабаванні ў адносінах да мужчынскага касцюма розных сацыяльна-саслоўных слаёў насельніцтва, абумоўленыя існаваўшымі нормамі права. Статуты Вялікага княства Літоўскага і спецыяльныя законы, прынятыя ў Рэчы Паспалітай у першай палавіне XVII ст., забаранялі непрывілеяваным саслоўям выкарыстоўваць у касцюме каштоўныя ўпрыгажэнні і каштоўныя тканіны яркіх колераў. Таму на працягу стагоддзяў касцюм разам з утылітарным прызначэннем служыў сімвалам сацыяльнага становішча ў грамадстве і маёмасных адрозненняў, вызначаў заняткі мужчыны, фарміраваў стыль яго паводзін і светапогляд.

Касцюм шляхціца з абавязковай шабляй пры баку быў касцюмам ваеннага чалавека, у любы момант гатовага абараняць як Айчыну, так і свой асабісты гонар. Касцюм гараджаніна строга адпавядаў яго месцу ў гарадской саслоўнай іерархіі, а па касцюму селяніна можна было здагадацца, жыхаром якой мясцовасці Беларусі ён з'яўляецца. Раскоша і багацце касцюмаў магнатаў, вялікіх князёў Вялікага княства Літоўскага і каралёў Рэчы Паспалітай былі важным прадстаўнічым элементам, які дэманстраваў перад суседзямі сілу і моц дзяржавы.

Адзенне на працягу многіх стагоддзяў з'яўлялася той часткай матэрыяльнай культуры беларусаў, якая візуальна найбольш ярка ўвасабляла іх нацыянальную адметнасць.

Змяненне палітычных арыентацый дзяржавы, развіццё шляхоў зносін, рост міжэтнічных кантактаў, тэхналагічнае ўдасканаленне ткацтва і пашырэнне сыравіннай базы вытворчасці адзення абумоўлівалі фарміраванне новых касцюмных комплексаў і асаблівасцей крою на аснове і пры захаванні шэрагу архаічных элементаў, узнікшых у папярэднія стагоддзі.

Уласцівасць касцюма ўстойліва захоўваць старажытныя элементы і канструктыўныя рысы робіць яго каштоўнай крыніцай для больш глыбокага і дэталёвага асвятлення некаторых праблем этнакультурнай гісторыі народа, выяўлення прыкмет агульнаэтнічнай і лакальнай прыналежнасці.

Сведчанняў аб касцюме насельнікаў тэрыторыі Беларусі да X ст. вельмі мала, і яны носяць выпадковы і фрагментарны характар. Гэта ў асноўным летапісы і змешчаныя там мініяцюры, лінгвістычныя звесткі. 3 найбольш раннімі летапіснымі і лінгвістычнымі дадзенымі змыкаюцца археалагічныя матэрыялы. Каштоўныя звесткі аб касцюме раннесярэднявечнага насельніцтва розных рэгіёнаў Беларусі ўтрымліваюць працы беларускіх археолагаў П. Ф. Лысенкі, Г. В. Штыхава, Э. М. Загарульскага, В. М. Ляўко, I. А. Марзалюка і інш., гісторыкаў М. М. Улашчыка, В. I. Мялешкі і інш. Касцюму насельніцтва Беларусі X – XIII стст. прысвечана манаграфія Л. У. Дучыц (Дучыц Л. У. Касцюм жыхароў Беларусі Х - ХІІІ стст. (паводле археалагічных звестак). Мн., 1995). Ёю ж на падставе археалагічных знаходак разам з Г. В. Ласкавым рэканструяваны мужчынскія касцюмы гэтага перыяду.

Разам з тым адсутнасць археалагічных рэчавых матэрыялаў па ўсіх рэгіёнах Беларусі зрабіла неабходным звяртанне да выяўленчых крыніц, якія ўключаюць мініяцюры летапісаў, ілюстрацыі рэлігійных літаратурных помнікаў, мясцовы іканапіс.

Развіццё мужчынскага касцюма ХVІ ст. узноўлена аўтарамі на падставе пасведчанняў з рознахарактарнага кола гістарычных, пісьмовых, літаратурных і выяўленчых крыніц.

Гэта перш за ўсё актавыя дакументы (матэрыялы судоў, тастаменты, апісанні маёмасці, інвентары, мытныя кнігі гарадоў), якія носяць даставерны характар і ўтрымліваюць назвы прадметаў адзення і касцюмных комплексаў розных сацыяльных слаёў насельніцтва Беларусі, ад магнатаў да сялян, назвы тканін, якія ішлі на выраб адзення розных саслоўяў. Важным матэр'ялам для даследавання касцюма гэтага перыяду паслужылі таксама старажытныя гравюры, фрэскавы і станковы жывапіс, уключаючы мясцовы іканапіс, нататкі падарожнікаў, дыпламатаў.

Пры вывучэнні касцюма XVII – XVIII стст. важнейшую ролю набываюць калекцыі партрэтнага жывапісу і графікі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі, Музея старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі, музеяў Польшчы, Украіны.


Раім таксама паглядзець:
Повязь часоў. Беларускі ручнік
29.99 р.

Лабачэўская Вольга. Повязь часоў. Беларускі ручнік

Ручнік – рэч глыбока сімвалічная, шматзначная. Вышываная, узорыста вытыканая тканіна здольна выклікаць у нас шмат пачуццяў і асацыяцый. Створаны па законах мастацтва, ручнік упрыгожвае паўсядзённасць і адначасова з'яўляецца сімвалічным напамінам аб нябачных сувязях, што знітоўваюць асобнага чалавека з Богам, яго родам, продкамі.

Крукоўскі Уладзімір. Срэбная страла ў чырвоным полі
6.52 р.

Крукоўскі Уладзімір. Срэбная страла ў чырвоным полі

Прыватная геральдыка, у адрозненне ад дзяржаўнай, гарадской, зямельнай, узнікла, бадай што, яшчэ ў часы родава-племянныя. Кляймо, таўро, метка, сімвал, знак – вось бацькі гэтай цікавай, існуючай ужо больш тысячы гадоў гістарычнай і мастацкай з'явы. Пазней гэты знак атрымаў назву "герб" і пачаў выконваць функцыі адрознення асобы ці рода. Гэтая кніга, прысвечаная беларускім прыватным гербам, – спроба задаволіць натуральную прагу чытачоў да гістарычных ведаў.

Бялявіна В. М., Ракава Л.В.. Жаночы касцюм на Беларусі
5.90 р.

Бялявіна В. М., Ракава Л.В.. Жаночы касцюм на Беларусі

У кнізе ўпершыню на аснове разнастайных гістарычных крыніц (старажытных летапісаў, хронік, актавых дакументаў XV – XVIII стст. і інш.), этнаграфічнай і этналінгвістычнай літаратуры XIX – XX стст. комплексна, ва ўсёй сваёй шматварыянтнасці паказан працэс развіцця жаночага касцюма розных сацыяльных слаёў насельніцтва Беларусі з глыбокага мінулага да сучаснасці.