![]() |
5.90 р.
Вага: 1220 г
Памеры: 210x245 мм
|
Мінск: Беларусь, 2007. – 351 с.: іл.
ISBN 978-985-01-0742-8
У кнізе ўпершыню на аснове разнастайных гістарычных крыніц (старажытных летапісаў, хронік, актавых дакументаў XV – XVIII стст. і інш.), этнаграфічнай і этналінгвістычнай літаратуры XIX – XX стст. комплексна, ва ўсёй сваёй шматварыянтнасці паказан працэс развіцця жаночага касцюма розных сацыяльных слаёў насельніцтва Беларусі з глыбокага мінулага да сучаснасці. Багата ілюстраванае выданне разлічана на гісторыкаў, этнолагаў, мастацтвазнаўцаў і шырокае кола чытачоў, якія цікавяцца гісторыяй і культурай беларускага народа.
ЗМЕСТ
Уводзіны
Глава 1. Касцюм прывілеяванага саслоўя і гараджанак
Глава 2. Сялянскі касцюм
Глава 3. Плечавое і паясное адзенне
Глава 4. Верхняе адзенне
Глава 5. Галаўныя ўборы
Глава 6. Абутак
Глава 7. Аксесуары
Уводзіны
Касцюм, як важная частка нацыянальнай культуры, зберагае калектыўную памяць і вопыт народа, візуальна і найбольш яскрава адлюстроўвае яго этнічныя, сацыяльна-саслоўныя, узроставыя, рэгіянальныя і лакальныя асаблівасці. У жаночым касцюме на ўсіх этапах развіцця знаходзіць увасабленне мастацкае мысленне народа, яго багатая фантазія, тонкі густ і высокае майстэрства. Асабліва заўважальна гэта ў традыцыйным народным касцюме, які не перастае ўражваць сваёй прыгажосцю, пластычнай выразнасцю, маляўнічасцю і дасканаласцю дэкору, высокім майстэрствам сялянак, якія стваралі сапраўдныя творы мастацтва.
Уласцівасць касцюма захоўваць найстаражытнейшыя элементы і канструкцыйныя асаблівасці, назвы, якія праліваюць святло на паходжанне розных відаў адзення і іх першапачатковае прызначэнне, ставяць касцюм у разрад важных крыніц для вывучэння этнічнага, сацыяльнага і культурнага развіцця народа, культурных сувязей з іншымі этнасамі.
Жаночы касцюм на Беларусі гістарычна складваўся на працягу многіх стагоддзяў у непасрэднай сувязі з прыродна-кліматычнымі, сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі жыцця, пад уплывам этнічных традыцый і кантактаў з іншымі народамі, змен у быце і культуры насельніцтва. Без ведання старажытнага касцюма нельга зразумець яго эвалюцыю і развіццё. Аўтары карысталіся археалагічнымі звесткамі, сабранымі і апублікаванымі ў розных выданнях. Найпершае значэнне мае манаграфія Л.У.Дучыц «Касцюм жыхароў Беларусі X – XIII стст.: Паводле археалагічных звестак» (Мн., 1995), а таксама публікацыі Г.В.Штыхава, Л.У.Калядзінскага, С.В.Тарасава і інш.
Важнай крыніцай па вывучэнню касцюма эпохі феадалізму паслужылі працы З.Глогера, М.Гуткоўскай-Рыхлеўскай, альбом Я.Матэйкі, манаграфія Л.А.Малчанавай «Очеркн матернальной культуры белорусов XVI – XVIII вв.» (Мн., 1981), асобны раздзел якой быў прысвечаны адзенню XVI – XVIII стст., а таксама калектыўная манаграфія «Древняя одежда народов Восточной Европы» (М., 1986), дзе раздзел па адзенні беларусаў XVI – XVIII стст. быў напісаны М.Улашчыкам.
Касцюм жанчын прывілеяванага саслоўя, гараджан і сялян феадальнага перыяду аўтары аднаўлялі на аснове старажытных актавых дакументаў (АВАК, ШЮМ, АСД, АЮЗР, АЗР і інш.), археалагічных матэрыялаў і рэалій, якія зберагаюцца ў музеях, старажытных узораў, а таксама апісанняў адзення і іншых элементаў касцюма ў мастацкіх творах, запісках і ўспамінах.
Важную ролю адыгралі калекцыі жывапісу і графікі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (НММ РБ), Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі (НМГКБ), Музея старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы НАН Беларусі (МСБКІМЭФ НАНБ), музеяў Украіны, Польшчы, Літвы. Для даследавання народнага касцюма неацэнную ролю аказалі калекцыі адзення, галаўных убораў, абутку і аксесуараў МСБК ІМЭФ НАНБ, і асабліва калекцыя «Народнае мастацтва Беларускага Палесся», якая ўключае 230 адзінак (пераважна жаночае адзенне канца XIX – першай палавіны XX ст. з адзінаццаці раёнаў Беларусі). Каштоўная інфармацыя пра розныя часткі касцюмных комплексаў, сабраная В.Фадзеевай, М.Віннікавай і іншымі супрацоўнікамі ў пяці экспедыцыях на Палессі, значна папаўняе нашы веды аб жаночым касцюме гэтага цікавага рэгіёна, дзе сфарміраваліся непаўторныя мясцовыя традыцыі, якія ўвасобілі элементы культуры многіх народаў. 20 аўтэнтычных беларускіх народных строяў калекцыі падрыхтаваны для дэманстрацыі М.М. Віннікавай. Ёй жа зроблены рэканструкцыі забытых спосабаў завівання наметак, дзякуючы чаму кожны строй суправаджае адмыслова завіты галаўны ўбор, характэрны для яго.