Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх з 10.00 да 18.00 па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
І ў сацыяльных сетках: Facebook ці ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Белы Алесь. Наша страва. Сапраўдная беларуская кухня

Белы Алесь. Наша страва. Сапраўдная беларуская кухня
5.39 р.
Вага: 480 г
Памеры: 160x240 мм



Другое выданне / Алесь Белы, Зміцер Дзядзенка, Алег Дзярновіч і інш. ; укладальнік Алесь Белы. – Мінск : І. П. Логвінаў, 2010. – 288 с. : іл. – (Кнігарня "Наша Ніва").

ISBN 978-985-6901-72-3

Што ж можа прапанаваць свету беларуская (літвінская) кухня? Чым частуеш замежных гасцей, чытач? Што гатуеш на святы? Кнышы на Дзяды, галёпы на 25 сакавіка, сліжыкі ды куццю на Вігілію Божага Нараджэння? А ў будні? Лазанкі, верашчаку, калдуны па-тышкевічаўску, кулябяку па-радзівілаўску, халаднік, шчаўе, капуснік, поліўку, капыткі? У якой мясной краме купляеш вэнджаныя балероны, паўгускі, сальцісоны ды кіндзюкі? А як наконт смаргонскіх абаранкаў – проста з Казюковага дрэва, а яшчэ – мірскіх і дубровенскіх пернікаў, літоўскага сыру і дзісенскага масла? Гатовы пастаяць за гонар краю на Чэмпіянаце свету па прыгатаванні Бульбяной Кішкі? Можаш патлумачыць, чаму "найлепшая рыба – лініна"?

Аўтары "Нашай стравы" дапамогуць сучаснікам далучыцца да традыцыі – не толькі як чытачам, але і як кухарам-практыкам. Але, крыху, і як чараўнікам, бо гэтая кніга нават не так пра самі стравы, як пра той міфалагічны і гістарычны кантэкст, які робіць прыгатаванне і спажыванне ежы Высокай Культурай.

ЗМЕСТ

Прадмова

Супы
Бацвінне (Алесь Белы)
Боршч: і ў пост і на хрост (Сяргей Харэўскі)
Зацірка (Алесь Белы)
Поліўка (Алесь Белы)

Стравы з мукі і крупаў
Блін: круглы, ды не сонца (Алесь Белы, Таццяна Валодзіна)
Галёпы (Алесь Белы)
Грэчка (Алесь Белы)
Калдуны (Алесь Белы)
Куцця (Алесь Белы)
Лазанкі (Алесь Белы)
Смажні, кнышы, кулябякі (Алесь Белы)

Стравы з бульбы
Кароткі нарыс гісторыі беларускай бульбы (Ігар Марзалюк)
Бабка – сястра кугеля (Сяргей Харэўскі)
Кішка (Алесь Белы)
X-files: Капыткі (Алесь Белы)

Стравы з садавіны і гародніны
Агрэст (Зміцер Дзядзенка)
Аер (Сяргей Харэўскі)
Бручка (Алесь Белы)
Галубцы (Алесь Белы)
Забыты смак сапяжанкі (Зміцер Дзядзенка)
Шпарагі (Сяргей Харэўскі)
Шчаўе (Сяргей Харэўскі)
Труфля, ці "часнок багацеяў" (Зміцер Малочка)

Стравы з мяса
"Дзедка свінушку ўбіў..." (Зміцер Дзядзенка)
"Добрымі былі тыя часы, калі за паўтарак былі дзве каўбасы" (Алесь Белы, Аляксей Шаланда)
Верашчака і мачанка (Алесь Белы)
Зразы (Алесь Белы)
Гуляш: антыдэпрэсант у талерцы (Ягор Новікаў)
Бараніна (Алесь Белы)
Марцін святы – губіцель гагаты (Алесь Белы)

Стравы з рыбы
"Дай мне булку на паўзлоты, ды прыпраў мне селядца..." (Алесь Белы)
Судак (Сяргей Харэўскі)
Траска і мянтуз (Алесь Белы)

Малочныя прадукты
Дзісенскае масла (Алесь Белы)
Сыр літоўскі (Алесь Белы)

"Каланіяльныя" тавары
Гарбата для пана асэсара (Алесь Белы)
Кава (Алег Дзярновіч)
Апельсін (Алег Дзярновіч)
Шакалад (Алег Дзярновіч)

Рэгіянальная кухня
Віртуальны гарадзенскі смак (Алесь Белы)
Перакачаўнік (Алесь Белы)

Алкагольныя напоі
Віно, або Аказія ў карчме (Ягор Новікаў)
Гарэлка (Алесь Белы)
Дзве гісторыі пра крамбамбулю (Віктар Корбут, Алесь Белы)
In laudem cerevisiae (На хвалу піва) (Алесь Белы)

Звесткі пра аўтараў

Прадмова

Гэта не зусім звычайная кулінарная кніга. Нарысы, якія ўвайшлі ў яе, пісаліся ўкладальнікам, а потым і яго сябрамі на працягу васьмі гадоў. Яна не прэтэндуе быць поўнай. Насамрэч у ёй шмат лакунаў, многія традыцыйныя стравы напоі, і кампаненты нашай кухні засталіся па-за ўвагай: пернікі, абаранкі, крупнік, квас і шмат іншага, вартага, каб згадаць у будучых нарысах і, спадзяюся, у наступных выданнях.

Аднак пачатак пакладзены: стравы, што калісьці былі неад'емнай часткай штодзённага побыту нашых продкаў, вяртаюцца з нябыту – у нашу свядомасць і за нашы сталы. Многія з іх заслугоўваюць асобнай кнігі, але пакуль чым багатыя, тым і радыя. Да кожнай стравы, пра гісторыю і культурнае значэнне якой распавядаецца ў кнізе, пададзеныя рэцэпты, хоць і яны не догма: гатуйце, эксперыментуйце з дазаваннем і інгрэдыентамі, удакладняйце і вынаходзьце. Бо кулінарная традыцыя, як і любая іншая, жыве толькі ў няспынным змяненні, трансфармацыі, пераасэнсаванні, а толькі праз тое і мажліва высветліць, што ж сапраўды сталае, што ёсць ядром і сутнасцю нацыянальнага духу.

Сёння ж беларуская кухня не аформленая як канон. Якую знакавую нацыянальную страву, апроч дранікаў, назаве выпадковы мінак, сучасны гараджанін? Кулінарная глабалізацыя разгортваецца на ўсе бакі. Каб захаваць сваё адметнае аблічча, кожная нацыя робіць свой унёсак у гэты сусветны кірмаш. Што можа прапанаваць беларуская кухня? Больш няма смаргонскіх абаранкаў, дубровенскіх пернікаў, літоўскага сыру, дзісенскага масла, вязанскага портэру. За савецкі перыяд забыліся на стравы з многіх караняплодаў (бручкі, пастарнаку) і бабовых раслінаў (бабоў, сачавіцы), з бараніны і канаплянага насення, на выпечку з грэцкай мукі і вэнджаныя вырабы (паўгуску, кіндзюк), на традыцыйныя прыправы (мацярдушку, бядрынец) і шмат чаго іншага. Нават тыя стравы, што цудам ацалелі, страцілі сувязь з міфалагічным і культурным кантэкстам.

Хто ведае гісторыю страваў, якія стагоддзямі панавалі на сталах нашых продкаў? Што можа сказаць сённяшні грамадзянін Рэспублікі Беларусь (кім бы ён сябе ні лічыў – беларусам ці літвінам) пра лазанкі, верашчаку, вэнджаных паўгусак, калдуны па-тышкевічаўску, балероны ды кіндзюкі? Хто пячэ на 25 Сакавіка славутыя галёпы? Ці ёсць дзесьці прыстойная традыцыйная беларуская карчма, дый увогуле што гэта такое? Хто можа патлумачыць, чаму "лепшая рыба – лініна"? Страўня – слова не вядомае ніводнаму слоўніку – спрабуе кінуць выклік, сарамлівы ды прыхаваны, афіцыйнаму беларускаму бістро. Але ж абедзве канцэпцыі аднолькава слаба распрацаваныя ў эстэтычным і гістарычным аспектах, і за імі стаяць прадпрымальнікі, мала абазнаныя ў нашай матэрыяльнай культуры. Куды прасцей звыкла наракаць на "падступных суседзяў", чым спрабаваць адваяваць у іх гістарычнае права на адны і тыя стравы, рэцэпты ды рытуалы спажывання.

Працэс заняпаду традыцыйнай літвінскай кухні пачаўся адразу ж пасля паразы паўстання 1863 г. Прывілеяванае становішча шляхты назаўжды засталося ў мінулым, як і яе здольнасць захоўваць самабытную культуру, незалежную ад агульнарасійскай. Значная частка дробнай шляхты дэкласавалася і русіфікавалася. Больш паспяхова захоўвалі культурную адметнасць тыя, хто здолеў прыстасаваць гаспадарку да патрэбаў капіталістычнага рынку і перанесці эканамічную актыўнасць у гарады.

Кулінарная кніга В. Завадскай "Кухарка літоўская" (выйшла ў 1858 г., 10 перавыданняў) сведчыць пра тэндэнцыі пэўнага адасаблення краёвай кулінарнай культуры ад польскай і нараджэння ўласнага сярэдняга класу буржуазнага тыпу. Аднак гэты працэс не атрымаў належнага развіцця праз малы аб'ём унутранага рынку, панаванне на ім чужых капіталаў і адсутнасць уласнай сістэмы вышэйшай адукацыі ды прафесійнай навукі. Палітычныя катаклізмы ХХ ст. цалкам знішчылі сацыяльныя класы – шляхту і мяшчанства, носьбітаў высокай матэрыяльнай і духоўнай культуры, у тым ліку і кулінарнай. Ідэя стварэння ўласна беларускай нацыянальнай кухні ўзнікла толькі пасля Другой сусветнай вайны. Аднак да канца ХХ ст. адзінай крыніцай яе магчымай рэканструкцыі лічылася этнаграфічная спадчына прыгоннага сялянства, зафіксаваная ў перыяд распаду яго традыцыйнага ладу жыцця. Нягледзячы на фальшывыя оды прыгонна-калгаснай вёсцы, спяваныя майстрамі сацыялістычнага рэалізму, гэтай спадчыны – і небеспадстаўна! – самі выхадцы з вёскі саромеліся і імкнуліся пазбавіцца яе як найхутчэй. Такім парадкам, зрэшты, страціліся і сапраўды вартыя рэчы. А спадчыну фальварка і мястэчка ўвогуле не было каму бараніць і аднаўляць: тыя, што нешта маглі пра яе распавесці, у лепшым выпадку апынуліся за Бугам, у горшым – засталіся ляжаць у Курапатах, Калетах, Сурконтах, Катыні, або ўгнаілі сабой бяскрайнія прасторы Еўразіі.

Задача стварэння паўнавартаснай і жыццяздольнай беларускай нацыянальнай кулінарнай і гастранамічнай культуры на падставе як "народных", так і "высокіх" традыцый дагэтуль актуальная. Але ж засталіся на пыльных паліцах бібліятэк пажаўцелыя кнігі, хтось захаваў сёе-тое ў сваёй памяці, а аўтары "Нашай стравы" паспрабавалі гэта сабраць і сістэматызаваць, каб даць магчымасць нашым сучаснікам далучыцца да традыцыі – не толькі як чытачам, але і як кухарам-практыкам. Будзем удзячныя за падказкі і заўвагі, за невядомыя старыя і ўдалыя новыя рэцэпты, за ідэі новых публікацый.

Чытайце і гатуйце на здароўе! Сыць Божа!

Алесь Белы

Звесткі пра аўтараў

АЛЕСЬ БЕЛЫ (нар. 1968, Менск) – гісторык, публіцыст, мастацтвазнаўца. Вывучае уплыў заходнееўрапейскіх культурных, тэхналагічных і эканамічных рэалій на фарміраванне матэрыяльнай і духоўнай культуры Беларусі. Аўтар звыш 100 навуковых і навукова-папулярных прац па гіст. Беларусі, у т.л. артыкулаў у часопісах "Спадчына", History Today, Энцыклапедыі гісторыі Беларусі, Энцыклапедыі ВКЛ. Більд-рэдактар ілюстраванай энцыклапедыі "Краіна Беларусь". Лаўрэат прэміі імя Ф. Багушэвіча 2001 г. беларускага PEN-цэнтра за кнігу "Хроніка Белай Русі: нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы" (Мн., 2000). Аўтар англамоўнай кулінарнай кнігі Belarusian Cookbook.

ЗМІЦЕР ДЗЯДЗЕНКА (нар. 1972, Оршa) – журналіст, літаратар, гісторык. Аўтар даведніка "Беларуская шляхта" (1997), зборніка інтэрвію "Беларусь: ні Эўропа, ні Расея. Меркаваньні беларускіх эліт" (2007). Мастацкія творы друкаваліся ў часопісах "Дзеяслоў", "Маладосць", "Паміж", беларускіх газетах.

АЛЕГ ДЗЯРНОВІЧ (нар. 1966, Менск) – Кандыдат гістарычных навук, старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Апублікаваў кнігі: "…in nostra Livonia" (2003), "Віцебска-Рыжскія акты" (2005), "Метрыка Вялікага княства Літоўскага: Кніга 560" (2007). Укладальнік даведнікаў "Антысавецкія рухі ў Беларусі: 1944 – 1956" (1999), "Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956 – 1991. Пэрсанажы і кантэкст" (1999), "Рэабілітацыя" (2001), "Нонканфармізм у Беларусі: 1953 – 1985" (2004), а таксама выдання "Кнігарні НН" "Найясьнейшая Рэч Паспалітая: Цывілізацыя-культура-Рэлігія-Палітыка-Авантура-Героіка-Успамін" (2007).

ІГАР МАРЗАЛЮК (нар. 1968, м. Краснаполле Магілёўскай вобласці). Доктар гістарычных навук, загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных навук Магілёўскага дзяржаўнага універсітэту імя Аркадзя Куляшова. Аўтар больш 100 навуковых і навукова-папулярных публікацый па гісторыі і археалогіі Беларусі, у тым ліку 3 аднаасобных манаграфій (Магілёў у XII – XVIII ст.: Людзі і рэчы. Мн., 1998; Людзі даўняй Беларусі: этнаканфесійныя і сацыякультурныя стэрэатыпы (X – XVII стст.) Магілёў, 2003; Этнічны і канфесійны свет беларускага горада XVI – XVIII стст. Магілёў, 2007.

ЯГОР НОВІКАЎ (нар. 1974, Менск) - гісторык. Даследуе далітоўскую эпоху гісторыі Беларусі, гісторыю ваеннай справы, матэрыяльную культуру. Аўтар кнігі "Ваенная гісторыя беларускіх земляў да канца ХІІ ст." (2007), шматлікіх энцыклапедычных артыкулаў.

СЯРГЕЙ ХАРЭЎСКІ (нар.1967, Менск) – магістар гісторыі мастацтваў. Публіцыст, мастак, натураліст. Ілюстратар тузіну кніг беларускіх аўтараў. Мастацкі рэдактар часопіса "Бярозка", газет "Свабода" і "Наша Ніва". Аўтар зборніка натуралістычных нарысаў "Зьвяры-суайчыньнікі". Аўтар сотняў артыкулаў па праблемах гісторыі і тэорыі мастацтва, захавання спадчыны й экалогіі у выданнях Беларусі, Літвы, Польшчы, Венгрыі, Расіі, Чэхіі, Германіі, Люксембурга. Неапублікаваны праект "Сто твораў беларускіх мастакоў ХХ стагоддзя" прысвечаны творчасці беларускіх мастакоў найноўшага часу. Рыхтуе да друку манаграфіi "Гісторыя мастацтва й дойлідства Беларусі", "Культавае дойлідства Заходняе Беларусі 1915-1940". Актыўна практыкуючы кулінар, працоўную дзейнасьць пачаў пекарам на хлебазаводзе.

АЛЯКСЕЙ ШАЛАНДА (нар. 1969 г., Горадня). Кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры грамадскiх навук Гарадзенскага дзяржаўнага аграрнага унiверсiтэта. Вядучы беларускі геральдыст, выдавец i рэдактар часопiсу "Герольд Litherland".

Падрабязней пра кнігу "Наша страва" тут і тут.


Раім таксама паглядзець:
Смачна есці. Энциклопедия белорусской кухни
8.99 р.

Смачна есці. Энциклопедия белорусской кухни

Издание посвящено культуре питания Беларуси, в которой отражается все многообразие национальной истории и традиций. Основное содержание книги составляют рецепты традиционных белорусских блюд, а также кулинарных изделий, которые можно приготовить из продуктов, популярных в современной Беларуси. Не сомневайтесь, ваши угощения всегда будут интересными, разнообразными, полезными, а главное - по-настоящему белорусскими.

Ракава Любоў. Гісторыя на градках
4.99 р.

Ракава Любоў. Гісторыя на градках

Кніга прысвечана аднаму са старажытных заняткаў беларусаў — агародніцтву. У ёй разглядаюцца асаблівасці апрацоўкі глебы, прылад працы, тэхналогіі вырошчвання і распаўсюджвання агародных культур у розныя гістарычныя часы ў розных сацыяльна-саслоўных групах.

Качук Юры. Моц смаку : Беларуская кухня
63.99 р.

Качук Юры. Моц смаку : Беларуская кухня

Апошнія асобнікі ўнікальнага выданьня!

Кніга Юрыя Качука змяшчае не толькі рэцэпты з падрабязным апісаннем гатавання страў, але і шматлікія фотаздымкі, зробленыя аўтарам падчас прыгатавання. Гэтую энцыклапедыю кухарства стварыў сапраўдны знаўца свае справы!