![]() |
4.99 р.
Вага: 360 г
Памеры: 130x200 мм
|
Раман, аповесці, апавяданні. – Мінск: Галіяфы, 2012. – 278 с. – (Другі фронт мастацтваў).
ISBN 978-985-6906-58-2
У рамане "Менада і яе сатыры" аўтарка выступае ў розных іпастасях: то следчага, то пракурора, то адваката, то псіхіятра, то журналіста, то назіральніка, то патолагаанатама загубленай душы. Гераіня аповесці "Рай даўно перанаселены" займаецца падрабязнай рэканструкцыяй уласнага дзяцінства, бязлітасна аналізуючы існаванне трох пакаленняў жанчын, якія нарадзіліся "пад халоднымі сонцамі ўяўных велічыняў". Узаемаадносіны беларускай эмігранткі і былога салдата вермахта – у цэнтры вострасюжэтнай аповесці "Дараванне", дзеянне якой адбываецца ў сучаснай Нямеччыне. У кнігу таксама ўвайшлі першая аповесць аўтаркі "Бязлітасны мой воін" і шэраг апавяданняў.
ЗМЕСТ
Раман
Менада і яе сатыры
Аповесці
Рай даўно перанаселены
Дараванне
Бязлітасны мой воін
Апавяданні
Эфект прысутнасці
Сон піянеркі
Крупнік для Музы
Вялікая Кітайская сцяна
Менада і яе сатыры (з пачатку рамана).
Сумная (альбо вясёлая – як паглядзець) гэтая love-story адбылася ў правінцыйным горадзе, дзе кожны дзень і нават год настолькі падобныя адзін да аднаго, што ў абарыгенаў міжволі ўзнікае адчуванне вязкага сну, выкараскацца з якога можна толькі пераскочыўшы ў іншы сон, – пры дапамозе алкаголю, тэлебачання альбо рамантычнага кахання, каму што больш даспадобы. З дзяўчынкай – прататыпам галоўнай гераіні – я ўпершыню сустрэлася на гарадской алімпіядзе па роднай мове, дзе мы прадстаўлялі кожная сваю школу. У канцы "мерапрыемства" быў канцэрт, на якім чыталіся вершы: у асноўным дэкламавалі савецкіх тагачасных класікаў. Юля (магчыма, у яе было іншае імя) адзіная з усіх выступала з вершам уласнага сачынення…
Алена Брава (нарадзілася 18 жніўня 1966 у Барысаве) – беларуская журналістка, празаік. Пра аўтарку ў Вікіпедыі.