Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
Ці ў сацыяльных сетках: Facebook або ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Бураўкін Генадзь. Выбраныя творы

Бураўкін Генадзь. Выбраныя творы
2.80 р.
Вага: 590 г
Памеры: 130x205 мм



Уклад., камент. Г. Бураўкіна; прадм У. Някляева. – Мінск: Кнігазбор, 2009. – 536 с. : [8] с. іл. – ("Беларускі кнігазбор": Серыя 1. Мастацкая літаратура).

ISBN 978-985-6930-47-1

У кнігу выбраных твораў лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы Генадзя Бураўкіна (нар. 1936) увайшлі яго найлепшыя вершы, паэмы і песні, а таксама эсэ і публіцыстычныя выступленні 1955 – 2000 гадоў.

Сорак дзевяты том кніжнага праекта "Беларускі кнігазбор".

ЗМЕСТ

"Застанецца на роднай мове радок...". Уладзімір Някляеў

ПАЭЗІЯ

Вершы

*** Дагарала ў сорак трэцім восень...
Я іду...
Полаччына
*** Я не знаю, удаўся ў каго я такі...
Зноў пабачыў цябе...
*** Я часам сам сябе не пазнаю...
Ля партызанскіх сцягоў
Полацкая балада
*** Калі часам трохі засумуецца...
*** Вочы сінія-сінія...
Палеская балада
*** Гэта цяжка...
*** Шпак спявае...
Беларусі
Бязбацькавічы
*** Нам адведзена шмат гадоў...
Танцы ля ваенкамата
Здраднік
Юнацтва сінія арэлі
*** Сінія званочкі, сінія званкі...
Кастрычніцкі лес
*** Адышлі ў нябыт панегірыкі...
*** Сябрам мы прысвячаем эпітафіі...
Поўдзень
Безымянныя вышыні
Дваццаты век
*** Такі спрадвечны лёс мужчын...
Жаваранак над праспектам
*** Прыходзяць часта к нам хваробы...
*** Словы жудасна паміраюць...
*** Гадзіннік...
*** Колькі я пражыву...
Рэкі Беларусі
Успамін пра начлег
*** Каля бярозак беланогіх...
*** Сон мой сіні...
*** Не, мы з табою не святошы...
*** Месяц – жоўтая лодка...
*** Мы дома песень менш знаходзім...
*** Сябрам ківаю галавою...
Скрыпка
Неба і зямля
*** Калі зямля спакойна засынае...
Балада пра мінёраў
Некалькі занатовак на хаду
Паліцай
*** Я ўваходжу ў лес...
*** Грамы варочаюцца ў небе...
*** Над дарогай...
Як песня нараджаецца
*** Ты пазваніла мне з дзяцінства...
Край мой...
Хлапчукі
*** Па той зямлі
*** Мая вясковая хаціна
*** У лясах...
*** У твар дыхнула водарам вясны...
*** Уцякаюць хлопцы ў гарады...
*** Другія з доўгіх падарожжаў...
*** Хто раней...
*** Люблю свой край...
*** Хтось палюе на сініцу...
У дарозе
*** Ідуць дажджы
*** Сняжынкі на расстанне...
*** У гаях лапоча лісце...
*** Ты, мой народ, мяне не папракнеш...
*** Не ўгонішся ніяк за часам...
*** Колькі б нам за жар-птушкаю ўслед ні ганяцца...
*** Мы хочам зразумець галактык мову...
*** Лісцё асыпалі бярозы...
Некалькі жартаўлівых дыялогаў
*** Яшчэ канькоў не навастрылі дзеці...
*** Халодны сквер дашчэнту абляцеў...
*** Грукочуць дрогкія калёсы...
*** Чуеш...
*** Як ні называем іх па-свойску...
*** Не ўсюды роўная, прамая...
*** Вечарамі на чужых узгорках...
*** Восень зноў надыходзіць...
Кампрамісы
Мяшок з медалямі (Казка-быль)
*** Не, я ужо даўно не малады...
*** Патухаюць, цямнеюць высі...
*** Каля твайго паркана снег мяце...
*** Мне часу не хапае, не хапае...
*** Пад вятрамі згорбіліся ўзгоркі...
*** Заморскія далікатэсы...
Вяртанне песні
Перад навальніцай
*** Божа мой, я адстаю ад часу...
*** Вышэй за ўсё цаню я волю...
Пытанне сабе і іншым
*** Не рабіце з людзей багоў...
*** Вечар сцішыўся...
*** Схаваўся месячык за дрэвы...
*** Вы чуеце...
Удзячны лёсу
*** Ад залысін да лысін...
Памяці Пабла Нэруды
Красавік
Сабакары
Размова з дуброўніцкім ветрам
Элегіі старога саду
Ціхі верш
*** Над лясамі самоты...
*** Навек з табою нас жыццё звяло...
*** Не знаю...
Незнаёмка
*** Папытай нават Бога самога...
Шукшынская каліна
*** Народ мой...
Развітанне з Веранікай
*** Люблю пару...
*** Хто чуў...
Снег у кастрычніку
Хакей
Застолле пасля абароны адной дысертацыі
Асеннія грыбы
*** Паваражы, паваражы...
Эцюд рэўнасці
*** Калі прайшоў ты і агонь, і снег...
Якога колеру вайна
Прыязджайце дадому!
Амерыканскія эскізы
     *** Ён раптам ударыў па душнай сінечы...
     Калядны сэйл
     *** Ад анекдота да Карана
     На канцэрце моднага спевака
     Блюз вячэрняга Гарлема
     Раніца ў Лас-Вегасе
Адказ на просьбу павесяліць застолле вершамі
Гарадская бяссонніца
Спроба вясёлай песенькі пра нетыповых турыстаў
Касец у скверы
Снежная імпрэсія
Не веру!
*** Мне з табой бы лепей размінуцца...
*** Больш табе я не пазваню...
*** Скажы мне...
*** Не веру, што з гадамі адыходзіць...
Скарына
Каліноўскі
Купала
І будзе жыць штодзень...
*** Маг-цырульнік, хітры дабрадзей...
*** Ад матулінай пачосткі...
Суседка
*** Мне не забудзецца ніколі...
*** Шкадую жанчын...
*** Атруці мяне...
*** Зайздрошчу шчасцю юных закаханых...
*** Я не ганю землі чужыя...
*** Слова наша роднае...
*** Я не сквапны – вы паверце...
*** Мой родны край...
*** Любая...
*** У звышсучаснай каламуці...
Вечар у вёсцы
*** Сучасны свет бязлітасна старэе...
*** Падаюць яблыкі...
*** Мільгаюць гады...
*** Я ўсіх вас, закаханыя зямлі...
*** Бег да цябе праз буран і імжу...
*** Я за тваім плячом не разглядзеў...
*** Наш белы свет нанова кожны раз...
Начная восеньская дарога
*** Люблю зіму за сонца і марозы...
*** Сотні раздарожжаў паміж намі...
*** Сябе да адзіноты прывучаю...
*** Хай душа над былым не рыдае...
*** Каму б я верыў...
*** ...Духавыя аркестры...
*** Мы будзённа гаворым пра космас...
*** Люблю бары, бярэзнікі і пушчы я...
*** Сябры, не адключайце тэлефон!..
*** Нідзе не здраджваў матчынаму краю...
Вераснёвая пара
*** Зноў жалобных званоў ускалых...
Лісток альбома з XIX стагоддзя
*** Калі хто скажа...
*** Я не думаў пра вершы...
*** Назіраю употай...
Напамін халасцяку
*** Хто мудрэйшы быў – Адам ці Ева...
*** "Вяршыня самазабыцця..."
*** Бязглуздая спрэчка...
*** Імклівы час – мудрэц вялікі...
*** ...У прыцемку халодным прыскам тлеючы...
*** Кагосьці безнадзейна кліча каня...
*** Калі з начнога плёса...
*** Ты спытала...
*** Я за жыццё свае спасціг...
Наша песня
*** Я славы не малю...
Пісьмо Пятру Клімуку з заснежанай Камароўкі
*** Не думаючы надта пра вякі...
Песенька англійскага салдата
*** Лес для таго і вырас на зямлі...
*** Ты стала ля дзвярэй...
*** Жанчын прыгожых трэба берагчы...
*** Ад цякучкі бяздарнай...
*** Ад Чарнобыля ў небе плыве аблачынка...
*** Якое шчасце...
*** Непрыгожых жанчын не бывае...
*** Хоць ты ў Антарктыку бяжы...
*** Той чарнобыльскай ноччу...
*** А над раніцу глуха зямля задрыжала...
Перасяленне
Прысніўся сон матулі...
*** Жэня, Жэня!..
*** Ноч над лугамі, расою намоклымі...
*** У раённай ранішняй гасцініцы...
*** Не перанось спатканне на пасля...
*** Непрыкметна падступіла восень...
Беларусі 90-х гадоў
*** Бязбожнікі былыя ўсё часцей...
*** Заморская вясна...
*** Над бясконцасцю акіяна...
*** Можа, за дзесятым небасхілам...
*** Я ведаю...
*** Не, я не здолею, напэўна...
*** Гэта тайна...
*** Як вецер лісце шугане...
*** Нечакана шчымліва-адчайна...
*** Я ведаю...
*** Як толькі ў густым вечаровым тумане...
*** Цяжкі застой на Беларусі...
*** Як з тайнай смерці сувязь стане крэўнай...
*** Так знаёмы ўрочышчы і палеткі...
Што трэба
Прусакі (Паводле народнага)
*** Абыходжу родныя аселіцы...
Сон
*** Так ужо заведзена спрадвеку...
*** Калі цябе я...
*** У брудным Брукліне ў Нью-Йорку...
*** Забуду трывогі і стому...
*** Ноччу сёння зноў крычалі гусі...
*** Пад стук вагонных колаў...
*** У смугу акіянскую...
*** Што ж гэта такое...
*** Удача...
*** У гаях пажаўцела трава...
*** Ці ўспамінала ты мяне...
*** Так, я перад табою вінаваты...
*** Чаму ты помніш сумнае адно?..
*** Як цябе няма са мною побач...
*** Гартае восень жоўтыя лісты...
*** У начной бязладнай завірусе...
Малітва
*** Я стаміўся ад сустрэч і спрэчак...
*** Верыць лёстачкам хітрым...
*** Ну што, Беларусь, у цябе за сыны?..
*** ...Ідзе ў кабінетах высокіх гульня...
*** Ты, помніш, мне казаў...
*** Чорнай навалаю коціцца зверху...
*** Гісторыя...
*** Настаўнікі не паміраюць...
Папытайце Філарэта
Досць!
*** Пакуль жывы...
*** Чаму павінен плакаць чалавек...
*** Наказ бацькоўскі я збярог...
*** Каму патрэбнае "Поле-полечка"...
Грэчка цвіце
У Міхайлаўскім
*** Плыве ў тумане вечар разамлелы...
*** Споведнаю пеністаю чашай...
*** Збор дадому нядоўгі...
*** Зноў пацямнеў наш родны небасхіл...
*** Ліпеньскі малюнак незвычайны...
*** Здавалася...
Рабіна рабіна (Жартоўная легенда)
Малады арол
*** Ах, не спявайце вы пры мне...
*** Кожны дзень гняце тупая стома...
*** Я думаў...
*** Ты выйшла да мяне...
*** Адвярніся хаця б на хвілінку адну...
*** Як хочацца вярнуць усё назад...
*** Як пакліча Ўсявышні...
*** Па даху грукне яблык уначы...
*** Я не думаў, што так прывязаны...
*** Прыйшла мая асенняя пара...
*** У век неразбярыхі...
*** Выцерпеў край наш...
*** Дзіўны сон прысніўся мне ў начы...
Вясковая ідылія
*** Пад сухімі вербамі...
*** У планеты весняй...
*** Я ніколі...
*** Ты, мой строгі крытык і дарадца...
*** У засяроджанай цішы...
*** Усім...
*** Я ездзіў рэдка да бацькоўскай хаты...
*** Там – правалы...
Дачны вечар
*** Калі павуцінка злятае з рабін...
*** Якая яна гаючая...
*** Слава...
*** Лес яшчэ не ўвесь павысякалі...
Чакаю...
*** Вы думаеце...
*** Здаецца, мы так і не скончылі клас...
*** Дзе ёсць парадак...
Купалле
*** Калі я разгадаў свой лес...
Паўдзённы прыпар
Баравічок
*** Вы мяне не клічце, не завіце...
*** На дрогкіх выбоінах...
Слімак (Іранічная ідылія)
Асенняе
*** Я сяджу задумліва-мінорны...
*** Я сваё жыццё, нібы пірог...
*** Нехта – з пекла...
*** Той, хто іншаму яму капае...
Вулічны музыка
Памірала жанчына
*** Б'юць па спіне цапы...
Чуллівым мемуарыстам
*** Навошта жыць...
*** Можна быць бязбацькавічам...
*** Скажуць...
Але ж...
*** У хвіліну адчаю...
*** Мы з табой сустрэліся аднойчы...
*** Не глядзі мне ўслед...
*** На ўсёй зямлі спыніўся час...
*** Помніш...
*** Не трашчы так настырна, сарока...
*** 3 усмешкай сумнай...
*** Дзе лагчына...
*** Хоць не закончаны раман...
*** Калі твая дарога ўніз збягае...
*** Вечны клопат...
*** Ці збылося ўсё, ці не збылося...
*** Іду да вершаў пешшу...
*** Жыві і радуйся...
*** Легенды час развенчвае...
*** Сумна падлічваем страты...
*** За кармушкаю ўслед не бегаю...
Пушчанская леснічоўка
*** За цёплы вецер верасовы...
*** Ты задаеш мне...
Наследаванне Ясеніну
*** Забываю звонкі вокліч "Тата!"...
*** Калі ў маіх вершах знайсці...
*** Я ведаю адно...
Чорны чалавек...
*** Душу сціскае стомленасць цяжкая...
У майстэрні Леаніда Шчамялёва
Паніхіда. Сон
Страх
Электарат
Пакуль народ смяецца
*** І шум...
*** Вы чаго спяшаецеся ўпрочкі...
На начным беразе
*** Цёплай ноччу вераснёваю...
На смерць Міколы Селяшчука
*** Каля шляхоў гаі палаюць жоўта...
*** ...Нясуць дзяўчаты юбіляру краскі...
*** І ў задуменні вечаровым...
*** Даруйце людзям таленавітым...
*** Лугавіны...
*** Асенні лес маўчыць...
*** Як абрынецца ў зялёных шатах...
*** Калі над зорным купалам высокім...
*** Я ніколі наш сад не забуду...
*** Як на сэрца ляжа горыч...
*** Ты снішся мне...
*** Абцалую цябе...
*** Патушы ў сваёй душы нянавісць...
*** Я толькі аднаго жадаю...
*** О, як я хацеў бы...
*** Куды б толькі ты ні пайшоў...
*** Упоперак...
*** Мінаюць гады...
*** Дзядок ступаў хадою лёгкай...
*** Я помню той нядаўні час...
*** Я не дбаю пра ўласную славу...
*** Простае жыццё...
Пяшчота
*** Справядліва ці не...
*** Я не хачу мяняць свой лес...
*** Калі жыццё ідзе на заканчэнне...
Усё не затухае бой...
*** Ніхто за нас не здзейсніць нашай долі...
Народ
*** Хай робіцца наш свет усё люцей...
*** Каля бяроз, таполяў і калінаў...
*** Я горка вінаваты...
Більярд
*** На шырокім лузе...
*** Зноў наш сад вечаровы весніцца...
*** Найвышэйшыя сілы...
*** Які б нам лес ні выпаў горкі...
*** Гэта так...
*** Да скону...
*** Мы ўсе праходзім поўны круг жыцця...
*** Ну што...
*** Не судзі мяне залішне строга...
*** Даўно забыў юначыя спакусы...
*** Твая прысутнасць у гэтым свеце...
*** Які б наш дзень ні быў убогі...
*** Я веру...
*** У электрычцы пры вакне...
*** Ты і на чужыне...
*** Як нашы караблі...
*** Калі ты жыў нямала на зямлі...
*** Я думаю...
*** Калі б душа мая зусім прымоўкла...
*** 3 бомбамі...
*** Пара ўжо нам прасіць падмогі...
*** Карычневага не люблю...
*** Хоць навокал хамства расцвіло...
*** Як вяртаешся дадому...
Паэт і кат
*** Я раней задумваўся не часта...
*** Над маім акном...
*** Жаночае цела чаруе таемнаю музыкай...
*** Я чытаў...
*** Што ты непастаянная такая...
Вясковая вясна
*** Што ж такое дзееца на свеце?..
3 кірмашу
*** Прайшла, мінула маладосць...
*** Калі з начных дарог прыходзіш...
*** Чакання час паўзе старым смаўжом...
*** Першым у вёсцы ў цябе пад акном...
*** Калі на раздарожжах крыжавых
*** Тонкая рабіна...
*** Я даўно жыву не па Карану...
*** Я не стану ўжо ні прынцам Дацкім...

Паэмы
Хатынскі снег
Паэма расстання

Песні
Непагаснае сонца маё
Песня пра маці
Песня пра Мінск
Матылі
Я – твой жаўрук
Каханне першае помніцца
Калыханка
Прызнанне
Спатканне з даўняй вясной
Песенька пра сонечнага зайчыка
Свет мой адзіны...
Балада памяці
Белыя крылы
Слава твая, Беларусь
Першае спатканне
Конь незацугляны
Завушніца вечнасці
Шумі, мой лес!
Курапаты
Маці-зямля
Вяртанне
Ты пачуй маіх вясновых журавоў
Мой!
Саперніца
Сустрэнемся на плошчы Незалежнасці

ЭСЭ, ПУБЛІЦЫСТЫКА
Хатынь
Невычэрпнасць
Мой Полацк
Тры дні развітання з Крымам
Быць суддзямі часу. Выступленне на VIII з'ездзе пісьменнікаў Беларусі
Перазовы майстра
Крынічка пад вечнымі зоркамі
На шалях горкіх разваг. Выступленне на пленуме Праўлення СП БССР
Калі я ўсвядоміў сябе беларусам
На службе дабрыні і справядлівасці
Любімы сын нацыі. Слова пра Максіма Багдановіча ў бібліятэцы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Нью-Йорку
У сузор'і Пушкіна, Шаўчэнкі, Міцкевіча, Уітмэна. Слова, сказанае на вечары ў бібліятэцы ААН, прысвечаным 110-годзю Янкі Купалы і Якуба Коласа
Залежыць ад нас
Паэт
Знак бяды
Думайце!
Спадарыня Наталля. Некалькі прыватных згадак
"Зернем веры, надзеі, любові"
Навошта?!
Абаронім нашу родную мову! Выступленне на Другім з'ездзе беларусаў свету
3 жаўранкам у душы
Каб пачулі!..
Вялікі. Да 75-годдзя Васіля Быкава
Сын і пясняр Прыпяці
Жыве і будзе жыць! Выступленне на ўрачыстым пасяджэнні Рэспубліканскай рады ТБМ імя Францішка Скарыны, прысвечаным 10-годдзю прыняцця Закона "Аб мовах у Беларускай ССР"
...Нашчадкі не даруюць нам, калі мы не захаваем нераскіданай нашу мілую Радзіму. Слова пры адкрыцці З'езда за незалежнасць

Каментар
Summary

"ЗАСТАНЕЦЦА НА РОДНАЙ МОВЕ РАДОК..."

Аднойчы на пісьмовым стале аўтара гэтай кнігі ўбачыў я стосік лістоў ад старэйшага ягонага сябра, народнага паэта Пімена Панчанкі і папрасіў дазволу іх прачытаць, калі, канешне, няма там нічога надта асабістага. "Тут усё надта асабістае, – падаў мне лісты аўтар. – Але прачытай..."

Першай у стосіку ляжала навагодняя – з дзедам Марозам і Снягуркай – паштоўка. Звычайная віншавальная паштоўка, у якой адразу пасля слоў вітання Панчанка жартаўліва прызнаваўся: "Хацеў напісаць табе пісьмо вершам: "А нам, Генадзь, яшчэ згінаць..." А што згінаць – так і не дадумаўся. А таму проста жадаю добрага здароўя, шчасця і радасці".

Трэба было ведаць Пімена Емяльянавіча Панчанку (ці ведаць ягоныя вершы, што адно і тое ж), каб зразумець, наколькі гэты жартаўлівы допіс шчыры.

Вось і я на пачатку сваёй прадмовы хацеў нешта такое "загнуць", а што "загнуць" – так і не дадумаўся. Не "загінаецца" ані ў які бок паэт Генадзь Бураўкін: ён ёсць такі, які ёсць. Для некага занадта просты, нават часам просталінейны, а для мяне – шчыры. Гэткі самы, як Пімен Панчанка ("Калі за лета не ўбачу жыта, душой хварэю...") ці Аляксей Пысін ("Мне ў жыта хочацца ўвайсці, мне вечнасцю здаецца жыта"), якія папярэднічалі яму ў найсветлай плыні беларускай паэзіі – паэзіі шчырасці. Як ім абодвум папярэднічаў Якуб Колас ("Жыццё і смерць – усё мінае"), а Коласу – Францішак Багушэвіч ("Каб сваю мне зямельку араць і ўмёрці на ёй хоць калі").

У гэтай жа плыні і паэзія Генадзя Бураўкіна:

І багацця мне не трэба,
Без прысмакаў пацярплю –
Толькі б хлеба,
Толькі б неба
Ды бацькоўскую зямлю.

Янка Купала, які папярэднічаў Аркадзю Куляшову і Рыгору Барадуліну, – плынь зусім іншая. У нейкіх праявах сваіх яна, можа быць, і пераважае коласаўскую, але толькі не ў шчырасці. (Да слова, Максіму Багдановічу, у якім шчырай была ягоная маладосць, ніхто не папярэднічаў, як і ён не папярэднічаў нікому. Гэта як бы самой паэзіяй прыдуманая плынь. Зрэшты, ці прыдуманае, ці існае – яно адно і тое, калі яно ёсць.)

Сёння шчырасць – не найпершая адзнака паэзіі. Бо яна – не найпершая адзнака часу. Нават зусім не адзнака. Але гэта міне. "Жыццё і смерць – усё мінае".

Шчырасць – рэч наіўная. Менавіта такая, якой і павінна быць (калі не блытаць яе з філасофіяй ды іншымі гуманітарнымі навукамі) паэзія. "Паэзія павінна быць наіўнай" (А. Пушкін).

"Дарагі дружа Генадзь, – піша Пімен Панчанка. – З радасцю прачытаў вершы з кнігі "Узмах крыла". Усё тут лягло на сэрца, пачынаючы ад светлых радкоў: "Якое шчасце – жыць на белым свеце..." Гэта вельмі добра (менавіта цяпер), калі строй думак у большасці паэтаў разбэрсаны, тужлівы (што за жыццё? Далоў!..) Суцэльная неўладкаванасць, азлабленне, прымітыўная грызня)".

Каб убачыць паэзію ў радку "Якое шчасце – жыць на белым свеце..." – трэба доўга на белым свеце пажыць. І шмат чаго перажыць, і пра перажытае напісаць, і многае – калі не ўсё – зразумець.

Не хаваю дні ў прыполе,
Рассяваю поўнай жменяй.
Што ні дзень – жыцця ўсё болей,
Што ні дзень – жыцця ўсё меней.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Калі адчуў ты, як мінае час,
Як менее ў душы вясны запас,
Як многа значыць кожны дзень і міг –
Не думай, што цану жыцця спасціг.
Галоўны сэнс і мудрасці глыток
Яшчэ ў цябе наперадзе, браток.

З перажытага:

"Мы стаім на ўзгорку трыма радамі: першы рэдзенькі – мужчыны, дзяды; другі, заплаканы, няроўны – жанчыны з малымі на руках і трэці – мы, каму шэсць – дзесяць – дванаццаць гадоў. На нас нацэлены кулямёт, за ім – як сёння помню – ляжыць здаравенны немец у доўгім шынялі. Стаяць на ўзгорку і паліцаі – там, за кулямётам, па той бок. Мы чакаем, чакаем стрэлаў...

Пад вечар нас сагналі ў лазню на ўскрайку вёскі. Я тады не ведаў... што лазня абкладзена саломай і паліцаі пайшлі шукаць газы ці бензіну" (з аўтабіяграфіі Генадзя Бураўкіна "Першая старонка", 1964 год).

Вось адкуль паэма "Хатынскі снег". Яна ўратавалася, выбегшы з вогненнай лазні, а не выйшаўшы з кабінета ЦК КПБ, у якім (як зусім сур'ёзна, папікаючы Бураўкіна ягоным савецкім мінулым, даводзіў мне адзін з маладых нашых – і не самых горшых – паэтаў) даручылі Бураўкіну тую паэму напісаць.

Ад немага крыку абвалілася пуня.
Грымнулі вобзем дзверы.
І ўпала,
        як чырвоны куль,
Халоднага снегу шукала сляпая бабуля,
А знайшла толькі жменю гарачых куль.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Там,
   на залітай крывёю зямлі,
Маці – прыгаршчамі,
А сын – жменькаю попелу
Побач ляглі.

Мне не надта падабалася, як за савецкім часам з попелу спаленай вёскі ляпілі вобраз Беларусі, але што ж... Час ёсць час. Па вобразнасці, экспрэсіўнасці (а спаборнічалі паэты ў хатынскай тэме толькі ў вобразах і экспрэсіі, усё астатняе ва ўсіх было аднолькавым) гэта ці не найлепшае з усяго, што напісана пра Хатынь. Кан'юнктурна такое не напішаш. "Якая дакладнасць, жудасная дакладнасць малюнка, якая сялянскасць вобраза: пуня ўпала, як чырвоны куль. Куль звычайна асацыіруецца з паняццем хлеба, ураджаю, а тут чырвоны куль – вобраз знішчэння, смерці. Рыфма пуня-бабуля набліжае пуню да вобраза бабулі. І сляпая бабуля шукае халодны снег, як і тая ж полымем ахопленая пуня. І гарачыя кулі завяршаюць жуду, завяршаюць жыццё дзвюх сялянак, дзвюх спрадвечных працаўніц, дзвюх захавальніц дабра і дабрыні – пуні і бабулі. Усе вобразы ў паэме з сялянскага побыту, з побыту хлебадараў" (Барадулін Р. Цвёрдая цана слова // Парастак радка, галінка верша. Мінск, 1987).

Адкуль жа яшчэ могуць усплыць тыя вобразы, калі "паэтаў нараджаюць вёскі..."?

Зрэшты, у кабінетах ЦК КПБ (што азначае, калі нехта не ведае ці ўжо забыўся: Цэнтральны Камітэт Камуністычнай партыі Беларусі) Генадзю Бураўкіну таксама здаралася бываць.

З перажытага:

"А тым часам трэба было ажыццявіць яшчэ адну насамрэч грандыёзную задуму – стварыць незалежную ад ЦТ (цэнтральнага тэлебачання) самастойную беларускую праграму і выдаваць яе на тэрыторыі рэспублікі замест другой маскоўскай. Нашых запалоханых, зацюканых прававерных інтэрнацыяналістаў панічна, як чорта ладан, палохалі самі тэрміны "незалежная", "самастойная", ды яшчэ ў спалучэнні з "беларуская", а замахвацца на адну з праграмаў ЦТ падавалася нечуваным святатацтвам...

Над тэлепраграмай павіс вялікі пытальнік.

Навагоднія святы і яшчэ дні два-тры пасля іх прайшлі адносна спакойна... На чацвёрты-пяты дзень на ЦК абрынуўся літаральна вал пісьмовых пратэстаў, ад іх жа і аж распаляліся тэлефоны. І амаль усе – на закрыццё перадачы "Спокойной ночи, малыши". Прасілі, патрабавалі вярнуць дзецям любімых Хрушу і Сцяпашу (пазней Генадзь Бураўкін напіша на музыку Васіля Раінчыка знакамітую "Калыханку", і на Хрушу са Сцяпашам дзеці разам з бацькамі забудуцца, як іх і не было. – У. Н.).

Мяне і Бураўкіна тэрмінова выклікаў АТК (Аляксандр Трыфанавіч Кузьмін, сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі. – У. Н.).

АТК пачаў без усялякіх уступаў: напярэдадні з'езда кампартыі ўся рэспубліка пастаўленая на вушы, ведаеш, якія страсці-мардасці могуць разгарэцца? Таму трэба неадкладна адступіць, да сваёй праграмы рухацца паступова, паэтапна... І працягнуў яму (Бураўкіну) кароценькі, на чвэрць старонкі праект пастановы Бюро: з заўтрашняга дня вярнуцца да былога фармату вяшчання. На паперчыне ўжо было некалькі подпісаў, у тым ліку Паўлава (загадчыка аддзела прапаганды ЦК КПБ. – У. Н.) і ягоная, Кузьміна.

– Пазнаёмся, завізіруй і хуценька давай каманду неадкладна адкручваць усё назад...

Генадзь прачытаў уважліва і рашуча, зацята сказаў:

– Візіраваць гэтага я не буду... І даваць каманду паварочваць назад – таксама. Хай адмяняе праграму іншы старшыня.

...Што мяне не запрасілі на Бюро – зразумела, а вось чаму праігнаравалі, палічылі непатрэбнай Генадзеву прысутнасць – гэта ўжо пытанне... Я ад Конанава даведаўся, як усё адбывалася... Стала абмяркоўвацца нечая радыкальна-рэвалюцыйная прапанова: адхіліць Бураўкіна ад пасады за стварэнне ідэалагічнай правакацыі, заадно – выключыць з партыі. Але страсці-мардасці астудзіў Кісялёў (першы сакратар ЦК КПБ, які заняў гэтую пасаду пасля трагічнай гібелі Машэрава. – У. Н.), разважыўшы: вызваліць, тым больш выключыць з партыі Бураўкіна мы заўсёды паспеем. І нечакана звярнуўся да прысутных: хто з вас дзеля прынцыпу здольны паставіць на кон сваю пасаду, кар'еру, членства ў партыі, устаньце ці падыміце руку?..

Ніхто не варухнуўся" (Блакіт В. Уваскрасенне ўчарашняга дня // Дзеяслоў. № 34).

Я нават не перапрашаюся за доўгую цытату, бо яна, па-першае, цікавая, а па-другое, патрэбная мне, каб спытацца ў таго маладога паэта (і не ў яго аднаго), які папікае Генадзя Бураўкіна савецкім мінулым: "Ты хоць прыблізна ўяўляеш, што такое быць у савецкім часе міністрам? Табе такое снілася?.. Быць на самым версе, пры ўладзе, мець усё, што з яе вынікае, і дзеля прынцыпу ўсё гэта паставіць на кон? Рызыкнуць застацца без нічога...

У той час змагацца за беларускае – не тое, што сёння, калі нават ты некалькі сутак прасядзіш у пастарунку на Акрэсціна. Канешне, не стралялі, не трыццаць сёмы год. Але і не проста здымалі з пасады і выключалі з партыі – выкідвалі з жыцця.

Між іншым, у 1970 годзе, у самы, можна сказаць, савецкі (які цяпер называюць застойным) час, калі савецкі паэт Генадзь Бураўкін быў галоўным рэдактарам савецкага часопіса "Маладосць", ён напісаў верш "Мяшок з медалямі". Бясхітрасную, можна сказаць, казку-быль пра нейкага чалавека, які меў мех з узнагародамі і сам на сябе іх чапляў:

І вось ужо,
З галавы да ног
Абвешаны ўсімі рэгаліямі,
Ён на нагах устаяць не змог –
І грымнуўся
На прагаліне.
Ваўкі завылі непадалёк.
На асінах залопала лісце...
Але адшпіліць
Хоць адзін медалёк
Рукі не падняліся.
Паклікаць людзей,
Ад бяды ўцячы
Не далі чалавеку
Рэгаліі.
І моўчкі ваўкі маладыя ўначы
Ягоны шкілет абглыдалі...

Калі нейкі малады паэт не адразу ўцяміць, пра каго напісана "казка", няхай зірне на парадны партрэт Генеральнага сакратара ЦК КПСС таварыша Леаніда Ільіча Брэжнева, самаўзнагароджанага ці не ўсімі, якія толькі меліся, ордэнамі ды медалямі – у тым ліку чатырма зоркамі Героя Савецкага Саюза. Ад 1970 года да смерці героя-генсека заставалася яшчэ 12 гадоў, але ўвесь ягоны далейшы шлях ужо прапісаны ў гэтай "казцы".

Верш – па відавочных прычынах – не друкаваўся, копіі ягоныя хадзілі па руках. Не ведаю, ці былі на аўтара верша (павінны былі быць) даносы, але там, куды яны пісаліся, самвыдатаўскую "казку" палічылі за лепшае не заўважыць, бо нідзе ў Савецкім Саюзе гэтак, як у Беларусі, самай савецкай рэспубліцы з усіх савецкіх рэспублік, не любілі (дый цяпер яшчэ мала дзе гэтак любяць) герояў-генсекаў ды розных іншых правадыроў.

А вось паэтаў –

Справядліва ці не,
Толькі ўсюды сягоння
Бізнесмены ў цане,
А паэты ў загоне, –

любіць перасталі. Нават не ўзнагароджваюць. Ну ды нічога: мы самі сябе ўзнагародзім.
У 1982 годзе Бураўкін, прадоўжыўшы тэму "казкі", напісаў верш (надрукаваны ў 1995-м) "Сучасны свет бязлітасна старэе...", у якім крамлёўскія дзеячы рыпелі, "як перасмяглыя драчы", бо ім "памочнікі перастаўлялі ногі". Гэтым вершам ён як бы праводзіў эпоху савецкага застою, але, на жаль, не назаўсёды: яна – мадэрнізаваная – вярнулася да нас, як ні дзіўна, у вобразах даволі рухавых, хоць і з "мякінаю ў галаве".

Што з усяго вышэй напісанага вынікае?..

З усяго вышэй напісанага вынікае адно: калі б Генадзь Бураўкін не быў паэтам, ён застаўся б у гісторыі Беларусі як дзяржаўны і грамадскі дзеяч, які і за савецкім часам, і ў першыя гады нашай незалежнасці поруч з Васілём Быкавым, Рыгорам Барадуліным ды іншымі найлепшымі сынамі Беларусі змагаўся за тое, каб жыла, не сышла ў нябыт беларуская мова, літаратура, культура – сама Беларусь.

Да ўсяго, на шчасце, ён яшчэ і паэт, для якога ўсё, звязанае з паэзіяй, з магіяй слова (як і з Беларуссю), святое.

І не проста ўжо рыпнуў запознены крок,
І дымком пацягнула ад фабрык, –
Гэта рыпнуў Скарыны друкарскі станок,
Гэта пахне друкарскаю фарбай.

Ёсць вершы, строфы, радкі, якія прачытаеш і пашкадуеш, што не ты іх напісаў. Дык вось працытаваная страфа – з такіх.

Як паэт Генадзь Бураўкін пачаўся для мяне ў пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя, калі я, навучэнец Мінскага электратэхнікума сувязі, прачытаў ягоны верш "Беларусі":

У любві да цябе я не раз буду клясціся.
Не таму,
        каб ты помніла клятву маю.
Проста, дзе ні пабуду, –
           у Смаргоні ці ў Клясціцах,–
Я ўсё болей цябе пазнаю.

Мяне ўразіў нават не столькі сам верш, колькі тое, што ў ім – у вершы! – напісана пра Смаргонь. Пра мой родны горад, пра які дасюль у Мінску нагадвалі мне толькі надпісы на чыгунных накрыўках люкаў, вырабленых на Смаргонскім прамкамбінаце. Я падумаў, што аўтар – мой зямляк. Не мог жа ён (паэт!) быць з нейкіх там Клясціцаў, пра якія дасюль я (няхай літасціва прабачаць мне ўсе клясцінцы) амаль нічога не ведаю, апроч таго, што непадалёку ад іх далі некалі ў карак Напалеону. Аказалася, што не з Клясціцаў аўтар верша, але і не са Смаргоні. І ўсё ж не пакінула мяне (і дасюль не пакідае – вось што такое першае ўражанне!) адчуванне зямляцтва з Генадзем Бураўкіным. Нават пасля таго, як я дазнаўся, хто ён і адкуль.

"Нарадзіўся Генадзь Мікалаевіч Бураўкін 28 жніўня 1936 года на самай поўначы Беларусі – на Полаччыне (Расонскі раён). Даведнікі называюць то Шуляціна, то Тродавічы. Сутыкнуўшыся пры падрыхтоўцы артыкула з гэтым разнабоем, я звярнуўся па тлумачэнне да паэта. Ён зазначыў, што бацькі пусцілі яго на свет белы ў Шуляціне. Там Генадзеў бацька працаваў тады служачым ільнозавода. Але ў вайну Шуляціна згарэла, а тыя жыхары, якім пашанцавала ўцалець, перасяліліся ў Тродавічы. Шуляціна ж ужо не аднавілася. Сама яе назва знікла з геаграфічнай карты.

(Падобная ж блытаніна, між іншым, узнікла і з месцам народзінаў Васіля Быкава. Вось што кажа пра гэта Бураўкін: "Афіцыйна месцам нараджэння Быкава лічацца Бычкі. Я думаю, гэта і таму, што Бычкі і Быкаў вельмі стасуюцца між сабой. Хоць сам Васіль мне гаварыў, што не ў Бычках ён нарадзіўся, а ў Чарапоўшчыне" (Радыё Свабода, 29.08.2006. – У. Н.).

Пасляваеннае дзяцінства Генадзя Мікалаевіча праходзіла ў Тро­давічах, а потым у Полацку (бацьку паэта даводзілася часта мяняць месца працы і перавозіць сям'ю). У 1954 годзе Генадзь скончыў Полацкую сярэднюю школу № 1 і падаўся ў БДУ на факультэт журналістыкі.

Пяць гадоў бурлівага, хаця і нялёгкага студэнцкага жыцця праляцелі хутка. І малады журналіст пайшоў на працу. Ён атрымаў яе ў часопісе "Камуніст Беларусі" (прыводзіў у боскі выгляд стыль гэтага афіцыёзнага выдання), потым перайшоў на Беларускае радыё, быў загадчыкам аддзела і намеснікам галоўнага рэдактара ў газеце "Літаратура і мастацтва". У 1968–1972 гадах працаваў карэспандэнтам па Беларусі галоўнай бальшавіцкай газеты "Правда", з 1972 па 1978 год узначальваў рэдакцыю часопіса "Маладосць", які тады быў друкаваным органам ЦК камсамола і Саюза беларускіх пісьменнікаў. З "Маладосці" разваротлівы Бураўкін, жыццёвая энергія ў якога папраўдзе біла ключом, трапіў на міністэрскую пасаду старшыні Дзяржкамітэта БССР па тэлебачанні і радыё (1978–1990). Гэтая пасада забрала шмат сіл і здароўя, але забяспечыла паэту высокі грамадскі і партыйны статус – Генадзь Мікалаевіч урэшце атрымаў дэпутацкае крэсла ў Вярхоўным Савеце БССР (1980–1990) і членства ў ЦК КПБ (1981–1990). (У бальшавіцкую партыю ён уступіў у 1964 годзе.) З 1990 па 1994 год быў прадстаўніком Беларусі ў ААН. Натуральна, што ён жыў тады ў ЗША.

Потым службовая кар'ера паэта рэзка пайшла на спад. Вярнуўшыся на радзіму, ён зноў заняўся журналістыкай" (Бугаёў Дз. Матчына слова дапамагала мне // Служэнне Беларусі. Мінск, 2003).

Я наўмысна падаю звесткі з біяграфіі Генадзя Бураўкіна не з афіцыйных даведнікаў, а з артыкула прафесара Дзмітрыя Бугаёва, бо тут, як ні стараецца прафесар быць суха-аб'ектыўным, міжволі пракідваюцца эмоцыі: "...разваротлівы Бураўкін... урэшце атрымаў дэпутацкае крэсла... у бальшавіцкую партыю ён уступіў... натуральна, што жыў тады ў ЗША..." І гэта пры тым, што, па-першае, прафесар Бугаёў хораша (інакш не ўзяўся б пісаць артыкул) адносіцца да паэта Бураўкіна, а па-другое, калі яно ўсё было... Дык уявіце, колькі ўсяго вакол Бураўкіна віравала, калі ён займаў тыя дэпутацкія, міністэрскія ды іншыя крэслы.

У той час я наўпрост спытаў яго аднойчы: "Табе мала быць толькі паэтам?" – і ён наўпрост адказаў: "Мала".

Апошнім часам я ў яго пра гэта не пытаўся... Але калі б спытаў, дык мяркую (нават перакананы ў тым), што адказ быў бы інакшы. Змяняецца час, змяняемся мы ў часе – і гэта нармальна. Горш было б, калі б ні ў нас, ні ў часе нічога не змянялася.

Але вернемся да біяграфіі.

"Уласна творчая, пісьменніцкая лінія ў Бураўкіна выглядае больш роўнай, яна нязменна ішла ўверх... Першыя свае вершы паэт надрукаваў у полацкай абласной газеце з гучнай назвай "Бальшавіцкі сцяг". Потым пайшлі кнігі: "Майская просінь" (1960), "З любоўю і нянавісцю зямною" (1963), "Дыханне" (1966), "Жніво" (1971), "Выток" (1974), "Варта вернасці" (1978, у 1980 годзе адзначана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы), "Гняздо для птушкі радасці" (1986), "Узмах крыла" (1995), "Паміж зоркай і свечкай" (2000), "Жураўліная пара" (2004). Больш-менш рэгулярна выдаваліся і кнігі выбраных твораў: зборнік вершаў у серыі "Бібліятэка беларускай паэзіі" (1969), "Вершы пяці кніг" (1976), кніга вершаў пра каханне "Пяшчота" (1985), двухтомнік "Выбраныя творы" (1986), дзе змешчаны і пераклады з рускай, украінскай, літоўскай, малдаўскай, грузінскай, калмыцкай, балгарскай, французскай, іспанскай паэзіі, важкі аднатомнік "Выбранае" (1998), у якім прадстаўлены вершы, паэмы, казкі, песні, створаныя Бураўкіным у 1955–1995 гадах, кніга "Чытаю тайнапіс вачэй" (2001) – зноў зборнік твораў пра каханне, у які ўключана 110 вершаў інтымнага плана, напісаных у розныя гады. А былі яшчэ і кнігі паэзіі для дзяцей – "Тры казкі пра Зая" (1974), "Сінія арэлі" (1987), зборнік песенных тэкстаў "Табе, Беларусь" (1984), празаічная аповесць "Тры старонкі з легенды" (1971), сцэнарыі дакументальных фільмаў "Апаленая памяць" (1975), "Падарожжа па Беларусі" (1976), сааўтарскі сцэнарый (разам з У. Халіпам і Ф. Коневым) двухсерыйнага фільма "Полымя" (1974), праца па складанні некалькіх альбомаў, выступленні ў друку з нарысамі, публіцыстычнымі і крытычнымі артыкуламі.

Таму цалкам меў рацыю дасціпны Рыгор Барадулін, калі ў сваёй сяброўскай эпіграме сцвярджаў:

На клопатаў маштабны вір,
І на палёт за небасхілы,
І на экран, і на эфір –
На ўсё стае ў паэта сілы.
І ёсць у класіцы папраўкі на
Неўтаймаванага Бураўкіна.

Сяброўская эпіграма – рэч увогуле някепская (пастскрыптумам у ёй яшчэ дададзена: "Недарэмна ж гэны гены геніяльнай пробы ў Гены"), але ўсё ж важней тое, што Барадулін, бадай, дакладна, як ніхто іншы, называе дамінанту паэзіі Генадзя Бураўкіна, вызначаючы яе як "дрыготку дотыку босай нагой да родных сцежак":

І ўбачыць зноў,
         як каля хаты
Хаваецца ў дрымотны цень,
Як бацька, ціхі і вусаты,
Крыху ссутулены ячмень.
А потым выбегчы знянацку
Да хаты з засені бяроз
І на двары аклікнуць бацьку
І маці,
        светлую ад слёз.

Гэта і праўда, як дрыготкі дотык да родных сцежак, да зямлі... А вось гэта – дотык да роднага неба: узор пейзажнай (як яе некалі называлі і якую пісаць перасталі, бо яна патрабуе гранічнай, "самай наіўнай" шчырасці) лірыкі:

Ідуць дажджы.
Асенняя пара.
Заплаканыя вокны спахмурнелі.
Аўторка не адрозніць ад нядзелі,
Ад быльнягу – шпачынага пяра.

Мяркую, той малады паэт, які папікаў Бураўкіна савецкім мінулым, не ўдакладняў бы ў працытаванай страфе (калі б ён напісаў яе), што пяро менавіта шпачынае. Напісаў бы, хутчэй за ўсё, птушынага пяра, бо якая розніца: шпак тое пяро з неба кінуў ці сойка. Але для наіўнай шчырасці, якая ўбачыла, што пяро менавіта шпачынае, розніца ёсць...

Дарэчы, гэта яшчэ і ўбачыць трэба. Сёння ўжо не тое што шпачынае пяро ад сойчынага, а ўсяго шпака ад усёй сойкі мала хто адрозніць.

За тыдзень свет, здаецца, пастарэў.
За вёскай – непралазнае балота.
Апошняя цяжкая пазалота
Злятае з абсвістаных ветрам дрэў, –

якая акварэльнасць малюнка і які гукапіс, і як сканчаецца верш (!):

У чыстым небе,
         маладым і сінім,
Перапляліся промні з павуціннем, –

хоць бяры акварэльку гэтую ў рамку, на сцяну вешай і глядзі ў яе, як у акно, зірнуўшы ў якое – толькі ўжо з другога боку, з надворку – можна яшчэ ўбачыць:

Як ломкае святло маланкі
На момант выхапіць з начы
Твае закрытыя фіранкі,
Каля паркана касачы...

Калі жывапіс у вершах некаму не надта даспадобы, дык вось, калі ласка, музыка – і не абы-якая, салаўіная:

Сок, сок, сок
Цёк,
Цёк,
Цёк –
Цур-р-р,
Цур-р-р,
Цур-р-р.
Ці-мох, Ці-мох
Піў, пі-іў, піў.
У цянь-ку,
у цяньку-у-у
Аўдоц-цю, Аўдоц-цю
Цмок,
Цмок,
Цмок.
І ўцёк.

Такое ўбачыць і пачуць такое не ўсім, не кожнаму дадзена. Гэта вам не старажытнакітайскіх ды нованямецкіх філосафаў перапісваць – у рыфму ці без. Выдаючы гэты перапіс за паэзію і надурваючы тым самым процьму народу – найперш маладога, – які думае, што, калі ён нечага ў тым перапісе не разумее, дык ён не сучасны, адсталы, а хто ў гэтым шчыра прызнаецца?..

А Бураўкін!

Божа мой, я адстаю ад часу,
Ад навейшай моды адстаю...

Некалі я прывёз з Гомеля і паказаў яму вершы Анатоля Сыса. Ён прачытаў і сказаў трохі разгублена: "Па-мойму, тут нешта падобнае на геніяльнае..." А да філасофскіх перапісаў заўсёды адносіўся роўна, без аніякай разгубленасці: калі ёсць яны, дык што ж – няхай будуць. Каб нехта не лічыў сябе дурнем, які салаўіным спевам захапляецца.

"Што нас падкупляе, заварожвае ў паэзіі Бураўкіна, змушае суперажываць – гэта чалавечае (вылучана мной. – У. Н.) у гэтай паэзіі. Не хачу карыстацца тут тэрмінам "гуманістычная паэзія": паняцце гэтае аклёпанае і часта хавае ў сабе палітычны падтэкст. Палоніць чытача ў паэзіі Бураўкіна, паўтараю, – менавіта чалавечае. І гэта не абавязкова чалавечае ідэальнае. Чалавек у Бураўкіна, як чалавек: з усімі ягонымі свомасцямі – дадатнымі і адмоўнымі. Але перш за ўсё чалавек у Бураўкіна – гэта носьбіт нечага ўзвышанага, прыгожага, чыстага, людскага. У сваёй сутнасці паэзія Бураўкіна – у сваёй лепшай часці – узыходзіць да паэзіі духу, духоўнасці, бо ж яна – чалавечая паэзія (Масей Сяднёў, эсэ "Чалавечае ў паэзіі Генадзя Бураўкіна").

Падобна, пад словам чалавечае ў паэзіі Бураўкіна Масей Сяднёў мае на ўвазе тое самае, што я пад словам шчырае.

Гэткая ацэнка творчасці "савецкага" паэта Генадзя Бураўкіна "антысавецкім" паэтам Масеем Сяднёвым трохі разгубіла (як некалі Бураўкіна вершы Сыса) таго маладога паэта, які папікаў яго савецкім мінулым, але разгубіла не надоўга. "Ды Бураўкін зрыфмаваў паэму "Ленін думае пра Беларусь"! – выдаў ён мне нібыта казырны аргумент. Маўляў, відавочная кан'юнктура! Якая чалавечнасць і духоўнасць?.. А калі я спытаў, што ж там Ленін думаў пра Беларусь, дык пачуў у адказ: "Што беларусы будуць першымі ў камунізме..." – і далей прыблізна тое, што казаў пра беларусаў у 1959 годзе Мікіта Хрушчоў і што ні да Бураўкіна, ні да ягонай паэмы, ні нават да Леніна ніякага дачынення не мае.

Праблема яшчэ ў тым, што сёння ў нас амаль ніхто і амаль нічога не чытае...

Дык вось нічога, ці амаль нічога, у паэме Генадзя Бураўкіна "Ленін думае пра Беларусь" Ленін пра Беларусь не думае, бо няма чаго яму пра яе думаць. Так, трызніць... А думаюць у паэме пра Беларусь (і напісана паэма пра Беларусь, а не пра Леніна) Скарына, Каліноўскі ды Купала.

"...Будучы ўсёю сваёю сутнасцю грамадска-актыўнай і шчыра-даверлівай асобай, ён адгукаўся і на сацыяльны заказ часу, і на настойлівыя заклікі ідэалагічных камісараў. З імпэтам, а то і з замілаванасцю пісаў ён і пра грандыёзныя пасляваенныя будоўлі, і пра гучныя антываенныя акцыі, і пра адважны прарыў у космас. І паколькі было ўсё гэта ў яго сагрэта арганічным унутраным хваляваннем, адухоўлена выдатным талентам, дык і вершы на "надзённую тэму" нярэдка атрымліваліся па-сапраўднаму прачулымі і засталіся жыць, натуральна і лёгка пазбыўшыся прывязанасці да канкрэтнай падзеі ці даты. Але самыя высокія ўзлёты натхнення прыпадалі на перыяды гістарычных духоўных узрушэнняў роднага краю, калі да мастака сама сабою прыходзіла надзвычайная свабода выказвання", – напісаў Генадзь Бураўкін у эсэ "З жаўранкам у душы" пра Пімена Панчанку. Прыблізна тое самае Панчанка мог напісаць пра Бураўкіна – і трохі іншымі словамі напісаў ужо згаданы Масей Сяднёў:

"Як рэдка хто з беларускіх савецкіх паэтаў, Бураўкін і ў часы, калі трэба было прытрымлівацца метаду сацыялістычнага рэалізму, здолеў захаваць сваю суверэннасць паэта, пры тым нават у такой коўзкай тэме, як ленінская тэма, – ён яе смела беларушчыў (вылучана мной. – У. Н.). Вядома, тут не абышлося без выдаткаў, але ў цэласці талент Бураўкіна, мастакоўская чэснасць, чалавечае перамагала і тут. Няма двух Бураўкіных – ёсць суцэльны архіпелаг паэзіі Бураўкіна, паўторым яшчэ раз – чалавечай паэзіі, арганічна патрыятычнай. Не дэкларацыйна, а ўсёй моцай сваёй душы паэт Бураўкін любіць сваю зямлю Беларусь, якую ён (цытую): "абцалаваў песнямі і вершамі".

Дарэчы, пра песні.

Найчасцей пра іх (тым больш у дачыненні да паэтаў такога ўзроўню, як Бураўкін) кажуць як пра нейкі дадатак да творчасці – ледзьве не хобі. Калі б яно было так, дык наўрад ці песні прысутнічалі б у кнізе выбранага ў такой колькасці, у якой яны прысутнічаюць. Прычым прысутнічаюць тут і, так бы мовіць, "звычайныя", пасля ўжо пакла­дзеныя на музыку, вершы ("Завіруха", "Зачарованая мая", "Месяц – жоўтая лодка"), і адмыслова створаныя для песень ("Калыханка", "Матылі", "Конь незацугляны"). Думаю, прысутнасць іх тлумачыцца не столькі тым, што песня (такая, як "Завіруха" ці "Калыханка") дадае папулярнасці, пазнавальнасці паэту, колькі тым, што Бураўкін разумее: хіба толькі беларуская песня яшчэ здольная пранікнуць туды, куды не пранікае ўжо амаль нічога беларускага.

Тады,
        пахаладзелы ад здзіўлення,
Пачую я, як прарастае песня,
Як цёплыя і трапяткія крылы
Узносяць над прыціхлаю зямлёй
У слова пералітае імгненне,
У слова пералітыя гады.

– А як жа быць з вершамі "Я твой трубач, таварыш камсамол...", "Я з твайго неспакойнага племені, партыя..."? – пытае ў мяне малады – і не з горшых – паэт. – Лічыць, што іх не было?..

Пры ўсёй непахіснасці ў разуменні ўладкавання свету, сакральным месцам якога ёсць для яго (а для астатніх павінна быць) Беларусь, Генадзь Бураўкін і як паэт, і як асоба – постаць, безумоўна, неадназначная (зрэшты, як і ўсе, чыё жыццё прыпала на дзве эпохі, якія адмаўляюць адна адну). Ён супярэчлівы ў поглядах, ва ўспрыманні рэчаіснасці і шмат у чым яшчэ. Ну, да прыкладу, у адносінах да народа, з якім ці не кожны беларускі паэт, пачынаючы ад Купалы, лічыў неабходным разабрацца. У нейкі момант Бураўкін мог дэклараваць: "Мой Бог – народ!" – а пасля раптам выказаць таму самаму Богу такое, за што і ад "царквы" адлучыць можна:

Чужым і ўласным дармаедам
Глядзіць у рот
І паслухмяна крочыць следам –
Такі народ.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Не хочуць мець парадак новы.
Наадварот,
Гатовы жыць без роднай мовы.
Такі народ.

Побач з такімі радкамі сцвярджэнне (гэта ўжо ў іншым вершы) "Ты, мой народ, мяне не папракнеш" выглядае пажаданнем, якое яшчэ невядома, ці спраўдзіцца.

Генадзь Бураўкін нарадзіўся ў вёсцы, якой няма. Можа, таму ў ім гэткае абвостранае разуменне, пакутлівае адчуванне таго, што і Беларусі можа не стаць. Яно нібы неверагодна, але хіба мала ў гэтым свеце здаралася неверагоднага? Таму паэт гатовы і крыкам крычаць, і вінаваціць тых, хто, можа, ні ў чым і не вінаваты. Найперш народ, якому напляваць на свае святыні. Калі ж і ў гэтым вінаваты не сам народ, не ён – тады хто?.. Той жа Багдановіч ("Народ... ты сляпы, быццам крот") ніякага іншага вінаватага не знайшоў.

Але досыць пра гэта. Як і іншых прадмоўных слоў, бадай, дастаткова.

Хіба яшчэ вось што.

Бураўкінская шчырасць – гэта найперш бураўкінская лірыка. Вершы, у якіх ён спавядаецца і якія спяваюцца незалежна ад таго, напісана на іх музыка ці не:

Адхіну ўспамінаў грэшных дымку,
Дзе схаваў я ад чужых людзей
Сонейка заспанае – радзімку –
У лагчынцы белай між грудзей...

Тут таварыш Ленін лішні... І не да галавы ні партыя, ні камсамол... Ні дыктатура, ні дэмакратыя...

І як бы мы ні пастарэлі,
Няхай і летам і зімой
Юнацтва сінія арэлі
Ляцяць між небам і зямлёй.

Няма чаго тут каментаваць. Тут Бураўкін такі, які ён ёсць. Ляціць на сініх арэлях...

Я ведаю (сам неаднойчы чуў), што ён часцяком дакарае сябе: мала напісаў, недастаткова зрабіў, трэба было б лепш, больш... Але ж няма мяжы ні лепшаму, ні большаму. Як на маё ўяўленне, дык за дар, які даў яму Бог, паэт Генадзь Бураўкін перад Усявышнім апраўдаўся. Ва ўсякім разе, яму не павінна быць страшна, што ад ягоных "дум і спраў, ад парыванняў, што ў душы сабраў", нічога не застанецца.

Застанецца
         на роднай зямлі грудок.
Застанецца
         на роднай мове радок...

Уладзімір Някляеў

Прачытаць інтэрв'ю з Генадзем Бураўкіным па выхадзе кнігі можна тут.

Пра Генадзя Бураўкіна ў Вікіпедыі.


Раім таксама паглядзець:
Гілевіч Ніл. Выбраныя творы
2.95 р.

Гілевіч Ніл. Выбраныя творы

Кнігу выбраных твораў народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча (нар. 1931) склалі найбольш значныя творы розных жанраў – вершы, паэмы, раман у вершах "Родныя дзеці", празаічная аповесць "Перажыўшы вайну", эсэ пра славутых дзеячаў літаратуры, публіцыстыка.

Незабыўныя галасы. Я хацеў вам сказаць...
2.79 р.

Незабыўныя галасы. Я хацеў вам сказаць...

Кніга выбраных твораў пяці паэтаў. Лёсы іх шмат у чым падобныя сваёй трагічнасцю, але іхнія паэтычныя галасы вельмі розныя. Вершы А. Сыса, В. Стрыжака, І. Рубіна, В. Гадулькі і М. Купрэева сёння праходзяць выпрабаванне часам, але, думаецца, многія творы гэтай кнігі назаўсёды застануцца ў залатым фондзе паэзіі XX стагоддзя.

Мацяш Ніна. У прыгаршчах ветру
4.49 р.

Мацяш Ніна. У прыгаршчах ветру

Кніга ў асноўным складаецца з творчага набытку паэтэсы апошняга часу. Гэта – даволі вялікі цыкл яе ўласных вершаў, напісаных у ХХІ стагоддзі, а таксама перакладаў на беларускую мову паэтаў французскай плеяды, твораў лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі арыгінальнай польскай паэткі Віславы Шымборскай і лепшых набыткаў знанай украінскай паэтэсы Ліны Кастэнкі, ды разгорнутых эсэ пра гэтых паэтаў.