Бутэвіч Анатоль, Ягоўдзік Уладзімір. На далонях вечнасці

Бутэвіч Анатоль, Ягоўдзік Уладзімір. На далонях вечнасці
12.99 р.
Вага: 940 г
Памеры: 245x270 мм



Мінск : Кавалер, 2010. – 146 с. : іл. – (Сем цудаў Беларусі). – Цвёрдая вокладка.

ІSBN 978-985-6053-40-8

Кнігу "На далонях вечнасці" склалі творы, якія ўвайшлі ў серыю "Сем цудаў Беларусі". Яны прысвечаны нашай роднай старонцы, нашай мілай зямельцы, нашаму непаўторнаму краю, што завецца Беларуссю.

Яна расказвае пра найбольш памятныя і значныя падзеі, з'явы, помнікі прыроды, культуры і гісторыі, пра выбітныя асобы, якімі адметна сярод іншых наша Беларусь. Па іх пазнаюць і прызнаюць нас, беларусаў, па іх адрозніваюць нашу зямлю ад іншых. Даўнія падзеі і героі нібыта клічуць нас зазірнуць за намітку гісторыі, за яе небакрай, каб даведацца: а што ж было там і тады, дзе і калі не было нас, сённяшніх, як і дзеля чаго жылі нашы далёкія продкі, што рабілі чым займаліся, што пакінулі пасля сябе?

Мы запрашаем вас у займальнае падарожжа да вытокаў, дзе сілкуюцца карані нашага радаводнага дрэва. Карані гэтыя сваёй жывільнай сілай мацуюць нашу сённяшнюю дзяржаўнасць, нашу веру ў свае сілы і сілу сяброўства. Бо на нашай зямлі спаконвечна жылі ў добрай згодзе і ладзе людзі розных нацыянальнасцяў. Яны супольна будавалі наш агульны беларускі дом, у якім зараз жывём мы з вамі. Таму дасканалае веданне сваёй гісторыі – гэта добры шанец не знікнуць у невядомасці, не растварыцца ў размаітым чалавечым космасе, выдатная магчымасць адчуць повязь часу, еднасць лёсу, адказнасць за тое, што было да нас, і за тое, што застанецца пасля нас.

Разгарніце старонкі кнігі, і яна на далонях вечнасці панясе вас у чароўны і непаўторны свет мінулага, з якога прарастае наш сённяшні дзень і наша будучыня.

ЗМЕСТ

Шчырае слоўка пра Беларусь. Прадмова

Крыж-святыня (У. Ягоўдзік)
Слуцкія паясы (У. Ягоўдзік)
Алелькавічы, Князі Слуцкія (А. Бутэвіч)
Каложская царква (А. Бутэвіч)
"Біблія" Францыска Скарыны (У. Ягоўдзік)
Полацкі Сафійскі сабор (А. Бутэвіч)
Радзівілы (А. Бутэвіч)
Няміга (А. Бутэвіч)
Сынковіцкая царква (У. Ягоўдзік)
"Песня пра зубра" (А. Бутэвіч)
Жыровіцкі абраз Божай Маці (А. Бутэвіч)
Нясвіжскі Палац (У. Ягоўдзік)
3 роду Гальшанскіх (А. Бутэвіч)
Крэўскі Замак (А. Бутэвіч)
Крыж Льва Сапегі (А. Бутэвіч)
Камянецкая Вежа (А. Бутэвіч)
Бярэсце (А. Бутэвіч)
Чартарыйскія (А. Бутэвіч)
Аршанская кальчуга-байдана (А. Бутэвіч)
Тураўскае Евангелле (А. Бутэвіч)
Мірскі замак (А. Бутэвіч)
Хадкевічы (А. Бутэвіч)
Белавежская пушча (У. Ягоўдзік)
Статут Вялікага Княства (У. Ягоўдзік)
Астрожскія (А. Бутэвіч)
Мінскі абраз Божай Маці (А. Бутэвіч)
Мора Герадота (А. Бутэвіч)
Храптовічы (А. Бутэвіч)
Маламажэйкаўская царква-крэпасць (А. Бутэвіч)
Кітабы (А. Бутэвіч)
Гаштольды (А. Бутэвіч)
Крычаўская суднаверф (А. Бутэвіч)
Дыпламат Іосіф Гашкевіч (А. Бутэвіч)
Брэсцкая Крэпасць (А. Бутэвіч)


Шчырае слоўка пра Беларусь. Прадмова

Безаглядна мінаюць дні. Безупынку адыходзяць месяцы. Незаўважна бягуць гады. Сплываюць за намітку гісторыі стагоддзі.

Цьмее з часам людская памяць. Ахінаецца наміткай забыцця плён даўняй руплівай працы.

Аднак ёсць тварэнні рук чалавечых, якіх не бярэ час, не ганьбіць пражытае, не кранае забыццё. Яны – як незмаўкальныя званы летапіснай Нямігі, што голасам сваім абуджаюць нашу памяць і годнасць, заклікаюць пабыць у гасцях у вечнасці. 3 гадамі яны – як настоены на водары гісторыі жыццядайны напой, што дае сілу і моц пакаленням за пакаленнямі беларусаў. Час надае ім усё большай агранкі, каштоўнасці і самабытнасці.

На далонях вечнасці. Адна з ілюстрацыяў да раздзелу ''Крыж Льва Сапегі''

Гэта – тыя каштоўныя залацінкі нашай мінуўшчыны, якім не шкодзіць ніякая даўніна, не псуе забыццё. Яны самі сталі і набыткам вечнасці, і яе яскравымі сведкамі.

Гэта – як адвечны покліч Радзімы, якога не адолее ніякае бяспамяцтва.

Створанае рукамі і талентам чалавека перажыло час, вынесла нягоды, войны і пажары, стала сапраўдным нацыянальным багаццем.

Сённяшнім.

Заўтрашнім.

Заўсёдным.

Гэта і ёсць тыя найкаштоўныя беларускія цуды, што з'яўляюцца адметнымі візітоўкамі нашай блакітнавокай і валошкавай краіны – зямлі пад ахоўнымі крыламі вечнасці.

Гэтым незвычайным цудам, гэтым залацінкам нашай гісторыі прысвечана серыя кніг "Сем цудаў Беларусі". Шчырае слоўка пра нашу родную і непаўторную зямельку прамовілі Уладзімір Ягоўдзік у кнізе, што запачаткавала серыю, "Сем цудаў Беларусі", Анатоль Бутэвіч у кнігах "У гасцях у вечнасці", "Званы Нямігі", "За наміткай гісторыі", "Адвечны покліч Радзімы", "Славутыя родам сваім".

Новая кніга прадстаўляе выбраныя старонкі з гэтай серыі. Зацікаўлены чытач знойдзе тут матэрыялы пра самыя памятныя, самыя адметныя помнікі нашай даўніны.

Сярод іх – захаваныя і, на жаль, не пашкадаваныя часам старадаўнія гарады, замкі, палацы, крэпасці, храмы, рукатворныя паркі, запаветныя бары, сажалкі, рэкі, азёры.

У іх ліку – напісаныя руплівай рукой дбайнікаў для "людзей паспалітых" кнігі, ноты, палотны.

3 гэтых дзівосаў – тканыя золатам і вытканыя залатымі рукамі майстроў слуцкія паясы, выштукаваныя людскім талентам золатапрасветленыя царскія вароты для храмаў з простай беларускай саломкі.

На далонях вечнасці. Адна з ілюстрацыяў да раздзелу ''Нясвіжскі Палац''

Зрэшты, гэта і самі тыя майстры – знаныя і невядомыя, услаўленыя і забытыя, але заўсёдныя і несмяротныя, бо – на ўсе прышлыя часы патрыёты і дбайнікі пра лёс нашай Айчыны, Богам дараванай і Богам захаванай для ўсіх нас Беларусі.

Без іх, нашых папярэднікаў, без іхняй рупнасці, адвагі, самаахвярнасці, без іхняга нястомнага шчыравання на беларускай ніве не было б і нас сённяшніх. Не было б нашых набыткаў і здабыткаў, не стала б Беларусь родным і адзіным прыязным домам для ўсіх яе разнамоўных насельнікаў, якіх годна трымае яна на сваіх спрацаваных і ласкава-дужых далонях.

Таму нібыта чароўную кнігу вечнасці гартаем мы сёння старонкі дзеяў нашых папярэднікаў. Мы прагнем як мага больш даведацца пра тое, як беларусы станавіліся і сталі беларусамі, раўнапраўнымі і роўнакаштоўнымі насельнікамі сваёй зямлі, еўрапейскай прасторы і сусветнай супольнасці, дзе наша беларуская адметнасць шануецца і ўспрымаецца натуральна і годна.

На далонях вечнасці. Адна з ілюстрацыяў да раздзелу ''Біблія'' Францыска Скарыны''

Таму на ўсе вочы ўзіраемся ў адметныя і дарагія нам помнікі, будынкі, кнігі, прыродныя каштоўнасці. Стараемся запомніць імёны і тварэнні тых, працягам і прадаўжальнікамі чыіх добрых спраў з'яўляемся і мы, славутыя родам сваім.

І калі зразумеем гэта, калі прымем сэрцам, ўсвядомім і асэнсуем, мы станем тымі, для каго ніколі не страцяць сэнсу і значэння малітоўныя словы нашага несмяротнага песняра Янкі Купалы:

Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,
Распетаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі
Ужо больш не шалелі над роднай зямлёй...

Хай жа давеку жытніцца і валошкавіцца пад ахоўнымі крыламі вечнасці наша мілая і непаўторная Бацькаўшчына – беларуская зямля! А рукатворныя і прыродныя цуды яе хай здзіўляюць і натхняюць усё новыя і новыя пакаленні беларусаў!

3 надзеяй на паразуменне,
Анатоль Бутэвіч.

Падрабязней пра кнігу "На далонях вечнасці. Сем цудаў Беларусі" тут.

Віртуальную экскурсію па займальнай кнізе можна здзейсніць тут.


Раім таксама паглядзець:
Краўцэвіч Алесь. Рыцары і дойліды Гародні
12.99 р.

Краўцэвіч Алесь. Рыцары і дойліды Гародні

Кніга складаецца з трох навелаў гісторыка Алеся Краўцэвіча, прысвечаных археалагічным даследаванням сярэднявечнай Гарадзеншчыны, гарадзенскаму Старому Замку, вялікаму князю Вітаўту, які сваю кар'еру пачынаў у Гародні. Гэта першая падобнага кшталту кніга прысвечаная Гародні.

Краўцэвіч Аляксандр. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага
6.49 р.

Краўцэвіч Аляксандр. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага

Вялікае Княства Літоўскае дзейнічала на еўрапейскай палітычнай арэне амаль пяць з паловай стагоддзяў — ад высокага сярэднявечча да навейшага часу (1248 — 1795 г.). У кнізе першыя этапы гісторыі ВКЛ прадстаўленыя ў еўрапейскім і беларускім гістарычным кантэксце.

Гардзееў Юры. Магдэбургская Гародня
13.99 р.

Гардзееў Юры. Магдэбургская Гародня

Манаграфі Юрыя Гардзеева – першая ў Беларусі праца, прысвечаная сацыятапаграфіі горада. Выбраны для даследавання перыяд 16 – 18 ст. надзвычай важны ў гісторыі Гародні. Сённяшняя планіровачная структура гістарычнай часткі горада сфармавалася менавіта ў гэты час. Да таго ж, тапаграфія Гародні адлюстравала ў сабе змену цывілізацыйнай арыентацыі Беларусі – пераход ад візантыйскай да заходнееўрапейскай традыцыі.