Быкаў Васіль. Поўны збор твораў. Том 8

Быкаў Васіль. Поўны збор твораў. Том 8
13.49 р.
Вага: 720 г
Памеры: 135x210 мм



Поўны збор твораў. У 14 тамах. Том 8. Мэмуарная проза. Укладаньне Алеся Пашкевіча. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў; Масква : ТАА «Выдавецтва «Время», 2009. – 576 с.

ISBN 978-5-9691-0429-7

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924-2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.

Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза – усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».

На Беларусі асобнай кнігай ужо былі апублікаваныя ўспаміны Васіля Быкава “Доўгая дарога дадому”.

“Пункціры жыцьця” – гэта першы маштабны подступ да “Доўгай дарогі…”. Аднак у гэтых тэкстах няма паўтораў – нават адзіным сказам.

Васіль Быкаў

ЗЬМЕСТ

Доўгая дарога дадому
Парадоксы жыцьця
Пункціры жыцьця

Камэнтары


Доўгая дарога дадому (фрагмэнт)

Свабода – галоўная маральная й фізычная каштоўнасьць, дадзеная кожнай жывой істоце ад нараджэньня. Усё жывое і карыстаецца гэтай каштоўнасьцю, наколькі магчыма ў складаным, заблытаным сьвеце натуральнага існаваньня. Акрамя хіба што чалавека, якому недастаткова дадзенай ад нараджэньня свабоды. Каб у поўнай меры ўсьвядоміць і адчуць яе неабходнасьць, яму наканавана прайсьці праз хітрасплецены лябірынт жыцьця, а то і застацца ў адным зь яго тупікоў. İ звыкнуцца, зачахнуць, згубіць прыроджаны дар свабоды, прыладкавацца ў імя элемэнтарных мэтаў біялягічнага існаваньня. Зрабіцца часткай натоўпу, грамадзтва, электарату – такім, як усе.

Але як быць асобе, каля яна выпадае з масы сабе падобных, калі гэта – мастак, якім рухае ўнутраны імпульс самавыяўленьня? Як пераадолець жывёльную залежнасьць ад соцыюму, які непазьбежна нівэлюе Богам дадзены дар? Ці, можа, ня трэба нічога пераадольваць, а падладзіцца, прыладкавацца, каб дасягнуць бесканфліктнага існаваньня? Дзесяцігодзьдзямі ў нашых вушах гучала рабская максыма: "Жыць у грамадзтве і быць свабодным ад грамадзтва нельга". Сапраўды нельга, не дадуць, не дазволяць. Тыя, ад каго гэта залежыць, натхняюцца не падманлівай ідэяй чалавечай свабоды, а рэальнай патрэбай ўціску й сілы. İ, праўда, яны валодаюць немалой сілай, бо яны – заўсёды ў большасьці.

Можа, сапраўды, каб выжыць, варта аб’ядноўвацца, зьбіцца ў зграю, як робяць многія істоты ў жывой прыродзе. Асабліва калі ёсьць ідэя – неістотна, добрая ці благая. Часам ідэя вызначаецца інстынктам нацыі ці клясу, ці нейкай групы, і тады сьвет аказваецца перад імпэрскай, пралетарскай, нацысцкай ідэямі, праз якія заўсёды ліецца кроў. Апантанасьць так званымі папулісцкімі ідэямі каштуе вялікай крыві. İ яны рэдка ажыцьцяўляюцца. Нават самая сьвятая зь іх – ідэя свабоды.

Але якая яшчэ ідэя патрэбная мастаку, калі яго душа ўжо захопленая ідэяй вышэйшай пробы – праўды й прыгажосьці? İншаму ў яго сэрцы месца няма, ён – індывідуаліст. Усё значнае ў мастацтве ад пачатку ствараецца на аснове індывідуалізму. Спробы заарганізаваць мастацкую творчасьць (тым больш літаратурную) заўсёды мелі фіяска. Мастакі – адзінаасобнікі, яны ствараюць штучны тавар. Творчы альянс дваіх, нават калі кожны зь іх геній, немагчымы. Толькі па-асобку. Нават калі яны адзінадумцы, адзінаверцы, належаць да адной партыі. Калектыўны элемэнт у мастацтве несумненна дэструктыўны.

Праўда, наш час асаблівы – крывадушны й жорсткі, а што да мастацтва – разбуральнае па сваёй сутнасьці, толькі мы яшчэ не да канца ўсьвядомілі гэта. Напэўна, зараз у першую чаргу трэба клапаціцца не пра росквіт, а пра выжываньне й захаваньне ўсяго лепшага ў нацыянальнай й сусьветнай культуры, што так бязьлітасна разбураецца ўладамі й часам. Напэўна, лепш захаваць усё. Але няўжо незразумела, што і разбураць таксама зручней адным махам – усё адразу. Так таньней для ўладаў, якія прывыклі ўладарыць ня толькі над целамі, але і над душамі людзей. З гэтай мэтай у нядаўнім мінулым яны стварылі партыю, калгасы, гулаг, каб загрэбсьці ўсіх адразу. İ сагналі мастакоў у "творчыя" саюзы, дзе ўзялі іх у "творчы" палон. Гэта, як правіла, рабілася рукамі тых самых мастакоў зь ліку самых спрытных калябарацыяністаў. Па старым прынцыпе самаабслугоўваньня: самі пішыце, самі сябе і саджайце.

Наша літаратура быццам паціху выкараскваецца з таго інтэлектуальнага гулагу, зь якога яшчэ трэба выбрацца нацыі. Свабода рабочых і сялянаў патрабуе, як кажуць, вялікіх валютных інвэстыцыяў, на якія дзяржава няздольная. Літаратуры не асабліва патрэбныя інвэстыцыі, але ёй цалкам неабходная свабода. Аднак інтэлектуальная свабода каштуе яшчэ даражэй, чым права на валоданьня зямлёй. Зрэшты, у Беларусі вынік аднолькавы – ні ў сялян няма зямлі, ні ў пісьменьнікаў – свабоды (...)

Усё гэта – непераадольная сіла няволі, зь якой нацыя звыклася, параднілася, адступаць ад якой рызыкавана. Як ставіцца да гэтага мастакам? Томас Вэнцлова, напрыклад, піша, што найвышэйшы патрыятызм – у тым, каб ваяваць з комплексамі сваёй нацыі. Сказана не да самай закамплексаванай нацыі –але гэта – праўда, і, адпаведна, адносіцца да ўсіх нацыяў без выключэньня.

Можна зразумець нашых калег, расейскіх дэмакратаў, якія нядаўна перажылі тое, што і мы, і зараз пацягнуліся да падманлівай, цяжкадасягальнай свабоды. Аб’яднаўшыся зь беларусамі, яны думаюць набыць дадатковы шанец на шляху да яе, кіруючыся ўсё той самай лёгікай – разам лягчэй. Але старая чэская прымаўка кажа: не запускай млын, калі ня можаш яго спыніць. Ці здолеюць нашыя расейскія калегі годна распараджацца хаця б уласнай свабодай? А можа, больш рэальная і для нас, і для іх небясьпека страціць усё? Дзе гарантыі, што іх свабода дасягнутая цалкам і назаўсёды? У краіне, дзе не бясконцыя ганебныя войны, дзе паўсюль ліецца кроў, прыціскаецца свабода слова, а галоўнай дзяржаўнай ідэяй робіцца ўсё той самы нацыянал-імпэрыялізм? Занадта гэта сумнеўна...

У нас і ўласных бед хоць адбаўляй. Разбураецца эканоміка, народ даведзены да галечы, зьнішчаюцца нацыянальная культура і мова. Падобна, што дапамагчы нам ня можа ніхто – так глыбока завязьлі мы ў багне хлусьні й тыраніі, што ад нас адвярнуўся ўвесь белы сьвет. İ ўсё ж нам, як тым зэкам, вельмі ня хочацца трапіць з адной камэры ў такую самую, асабліва калі перапынак паміж допытамі стаўся такім кароткім.

Напэўна, кожнаму свой шлях да свабоды трэба прайсьці ў адзіночку. Усё ж індывідуалізм і ў гэтым выпадку – ня самы горшы выбар на шляху да яе. Можа, ня лепшы, але і не найгоршы, – у аснове калектыўнае свабоды заўсёды ляжыць свабода індывідуальная.

Напэўна, мае развагі пэсымістычныя, хаця душа прагне аптымізму. Як калісьці пісала вялікая Лесі Ўкраінка: "Без надзеі ўсё ж спадзяюся..."

Сакавiк 2002 года, Франкфурт-на-Майне

 

Грунтоўнае даследаванне жыцця і творчасці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава ў кнігах Сяргея Шапрана.


Раім таксама паглядзець:
Васіль Быкаў: вядомы і невядомы
7.99 р.

Васіль Быкаў: вядомы і невядомы

У дадзеным зборніку выяўляюцца генетычныя карані прозы Васіля Быкава, яго няпросты жыццёвы лёс. Кніга разлічана на спецыялістаў і шырокае кола аматараў творчасці Васіля Быкава.

Быкаў Васіль. Гарадзенскі архіў
5.99 р.

Быкаў Васіль. Гарадзенскі архіў

Гэта зборнік невядомых твораў Васіля Быкава не ў звычайным разуменні — гэта першае цалкам архіўнае выданне народнага пісьменніка Беларусі, куды ўвайшлі яго раннія творы, напісаныя больш паўстагоддзя таму, што ніколі дасюль не друкаваліся: аповесць, апавяданне, прыпавесці, кінасцэнарый па аповесці «Сотнікаў», а таксама незавершаная аўтабіяграфія.

Быкаў Васіль. Поўны збор твораў. Том 7
12.99 р.

Быкаў Васіль. Поўны збор твораў. Том 7

Сёмы том Поўнага збору твораў В. Быкава змяшчае апавяданні, пачынаючы ад самых першых і заканчваючы тэкстамі 70-х гадоў. Падчас укладання тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які паспеў спланаваць праспект выдання свайго Збору твораў.