Хадановіч Андрэй. Несымэтрычныя сны (кніга + аўдыё)

Хадановіч Андрэй. Несымэтрычныя сны (кніга + аўдыё)
1.87 р.
Вага: 180 г
Памеры: 165x165 мм



Мінск : І. П. Логвінаў, 2010. – 120 с.

ISBN 978-985-6901-63-1

У новай кнізе Андрэя Хадановіча сабраныя вершы, напісаныя збольшага ў 2008 – 2009 гадах. Некаторыя тэксты былі напісаныя раней, але не ўваходзілі ў папярэднія кнігі аўтара. У зборнік уключаная таксама драматычная паэма "Дзяды". Да кнігі далучаны дыск з 13-цю тэкстамі ў аўтарскім чытаньні і музычнай аранжыроўцы Дзьмітрыя Дзьмітрыева.


ЗЬМЕСТ (кніга)

Абменьнік

I. Сьвята паэзіі
Начная чытанка
Зацікаўленасьці (78)
Пяць (і болей) рэчаў, якіх я ня ўмею
Майстар-клас
Дзясятка запаветаў для маладых паэтаў
Размова з рэхам
Сьвята паэзіі

II. Палескі цырульнік
Памяці дрэваў
Пэ. эС
Мужыцкая праўда
Палескі цырульнік
Францішак Сапега
Белы рыцар

III. Парны тэніс
Зімовыя гульні
Баляда пра апошнюю рыфму
Клясыка
Нірвана
Старая песьня пра галоўнае
Дзесяць спосабаў быць выцягнутым з ложка дзяўчыны
Парны тэніс (Мікст)
Беларускія мужчыны

IV. Дзяды. Драматычная паэма
Каратэіст (замест уступу)
1. Прывід
2. Олівэр Твіст
3. Драбіна дзядзі Яшы
4. Сьвятое
5. Як я ўпусьціў вядро
6. На карову
7. Камандзір бабскага батальёну
8. Як я правёў лета

V. Дзевяноста другі дзень лета
Псіхааналіз
Дзевяноста другі дзень лета
Выхаваньне пачуцьцяў
НВП
Урокі сьпеваў
Радыё-Віён
Не трамвай
Кубікі
Вершык пра санкі
Доўгая дарога да гаршка
Фальшывыя сябры перакладчыка

VI. Начная свабода
Рэйкавая вайна
Выпускнікам Ліцэю
Начная свабода
"Калі ад тэленавінаў..."
Пяць дзён
Маладым літаратарам

VII. Джынгл бэлз
Шчодры вечар
Каляды. Вяртаньне
Джынгл бэлз
Заклінаньне сьнегу
"Я ўваходзіў замест..."
С+Н+Г

VIII. Зялёная гарбата
"покуль надвор'е хваліце..."
Ich liebe
Падводныя сны
Несымэтрычныя сны
"у нэце заторы..."
Зялёная гарбата

IX. "Там, дзе нас няма..."
"там, дзе нас няма, цяпер зіма..."
"Малая, я выйшаў з дому..."
Асеньняе лісьце
"у той губэрні ўсё менш..."
Суседзі
За здароўе!

 


ЗЬМЕСТ (аўдыё)

Андрэй Хадановіч
Несымэтрычныя сны.
Аўдыёкніга

Сон першы: Несымэтрычныя сны – "там, дзе нас няма..." –
Зімовыя гульні

Сон другі: Клясыка – Дзяды (Прывід) – Дзяды (Як я правёў лета)

Сон трэці: Падводныя сны – Парны тэніс (Мікст) – Баляда пра
апошнюю рыфму – Абменьнік

Сон чацьверты: Памяці дрэваў – Асеньняе лісьце – Зялёная гарбата

 

Выбраныя тэксты з кнігі

ПЯЦЬ (І БОЛЕЙ) РЭЧАЎ, ЯКІХ Я НЯ ЎМЕЮ

Апавядай, дзе канкрэтна злажаў у жыцьці.
Мы спавядаліся, й ты нам скажы пару рэчаў.
Будзе нагода й праверыць, ці ўмееш лічыць да пяці.
Трэ было ўдаць, што ня ўмею. Але не пярэчыў.

Што ж, правяду, загінаючы пальцы на ўмелых руках,
покуль да ног не дайшоў, па сумленьні экскурсію пешую:
плесьці ня ўмею ні гаплікам, ні на прутках,
шыць, вышываць, цыраваць, гатаваць. Гэта першае.

Есьці ня ўмею патроху і трохі лайдачыць,
тэлефануюць – па колькі гадзін балбачу.
У інтэрнэт на хвілінку зайшоў, гэта значыць –
выйду адтуль не раней, чым туман уваччу.

Ігнараваць апытанкі, дурныя флэш-мобы,
справай карыснай заняцца й ня гнаць тут пургу
мог бы. Павінен магчы і, у прынцыпе, мог бы...
А не магу.

Я па-ангельску лічу, як той герцаг падвескі,
зь лічбы "трынаццаць" суцэльныя цемра і гул.
Я не магу на хаду напісаць смскі,
бо смсак ня ўмею пісаць наагул.

Я анічога ня цямлю ў паветраных зьмеях,
не абазнаны, як Дракула, ў групах крыві...

Кінь, гэта проста, бо гэтага шмат хто ня ўмее,
гэтага й дурань ня ўмее. А ты нас зьдзіві!

Сон маладых вартаваць, як узброены сьвечкаю прывід,
класьці пад ёлачку дзеткам, што ў тундры накалядаваў,
з чыстай вады гнаць віно і па моры прайсьці ў судаходны пэрыяд
можаш?
            Ня ведаю. Не спрабаваў.

 

РАЗМОВА З РЭХАМ

– Хто скажа табе, калі ты не зашпіліш прарэха?
– ...рэха.

– І толькі яно, бо людзям усё роўна настолькі?
– ...толькі.

– Хто будзе маніць? Хто падставіць цябе неўспадзеўкі?
– ...дзеўкі.

– Ёй будзе няёмка, як схлусіць табе незнаёмка?
– ...ёмка.

– І хто яны ўсе, у каго ты ня знойдзеш спагады?
– ...гады.

– Што скажуць табе – зь іх грашыма, з басэйнам і з пляжам?
– ...спляжым.

– І хто ты для іх, што ні бэ ў тваёй мове, ні мэ, бля?
– ...мэбля.

– Куды яны шлюць цябе, зь беднай тваёй апранахай?
– ...

 

ДЗЯСЯТКА ЗАПАВЕТАЎ ДЛЯ МАЛАДЫХ ПАЭТАЎ

1. ХАЙ НЯ БУДЗЕ Ў ЦЯБЕ БАГОЎ,
акрамя хараства радкоў.
Але нават з тых, што выйдуць прыгожа і шчыра,
НЕ РАБІ, калі ласка, КУМІРА.

2. НЕ ВЫМАЎЛЯЙ ІМЯ ГОСПАДА, БОГА ТВАЙГО, МАРНА:
банальныя рыфмы наогул гучаць бяздарна,
ды асабліва шкода нябог,
што бяздарна рыфмуюць "Бог".

3. ПАМЯТАЙ ДЗЕНЬ СЬВЯТЫ,
толькі суботу сваю вызначаеш ня ты.
ШЭСЬЦЬ ДЗЁН ПРАЦУЙ І РАБІ ЎСЯКІЯ ДЗЕІ ТВАЕ,
покуль муза не дастае.
А ў "суботу" прычэпяцца зь нейкаю працай –
пасылай іх і музу мацай.

4. БАЦЬКУ СВАЙГО І МАЦІ СВАЮ ПАВАЖАЙ –
і будзе ўчынкам тваім умалот і ўраджай,
але графаманіць пра маму – вялікае гора:
ня ў кожнага выйдзе ня горай за дзядзьку Рыгора.

5. НЕ ЗАБІВАЙ сымпатычных герояў:
хопіць і тых, што празаік накроіў.
Лепей часьцей беражы сучбелліт
клявішаю "delete".

6. НЕ ЧЫНІ ПЕРАЛЮБУ
з музамі папярэднікаў – высьцерагайся клюбу
для тых, каму за...
З табой – маладзейшая муза.

7. НЯ КРАДЗЬ –
рукапісы не гараць:
пяць хвілін пацешыўся плягіятам,
а пасьля твой унук адчувае сябе вінаватым.

8. НЕ КАЖЫ ІЛЖЫВАГА СЬВЕДЧАНЬНЯ, –
гавару маладому крытыку:
тусавацца – ня хопіць печані,
калі ж хопіць – ідзі ў палітыку.

9. НЯ ПРАГНІ ДОМУ творчасьці БЛІЗКАГА.
(Лепей – рыскага ці парыскага.)

10. НЯ ПРАГНІ ЖОНКІ ЧУЖОЙ, ні яе палюбоўніка,
НІ РАБА, НІ РАБЫНІ ЯГОНАЙ ахоўніка,
ні літаратурных мурынак,
што працуюць на іншы рынак.
А на розных ВАЛОЎ і АСЛОЎ
увогуле шкода слоў.

 

СЬВЯТА ПАЭЗІІ
(Па матывах Андрэя Радыёнава)

Вечарына паэзіі, на жаль, пераносіцца –
аўтар учора палучыў у пераносіцу.

Аўтар хацеў быць ня горшым за Ясеніна,
і вось вечарына паэзіі адменена.

Аўтар чытаў свае вершы прастытуткам.
На трэцім радку яго назвалі ублюдкам.

Маўчаньне – золата, слова – срэбра.
Аўтар адказаў. Яму далі па рэбрах.

Аўтар хадзіў у выкшталцоных лірыках,
пакуль пагодным вечарам ня трапілі па нырках.

Аматар Бадлера, перакладчык Паўнда
не пратрымаўся да канца першага раўнду.

На чужыя мазгі не шкадуючы пудры,
ён нешта пра каханьне выпісваў на кампутары,

трымаўся за мышку на зайздрасьць мікі-маўсу,
але ў канктрэтнай бойцы трох хвілін не пратрымаўся.

Аўтару заехалі шыкоўнаю буцай.
Вечарыны паэзіі, на жаль, не адбудзецца.

Упаў на зямлю, як пад сярпом тваім калосьсе.
Вечарыны не адбудзецца. Сьвята адбылося.

 

Паглядзець відэа "У гасьцях у Андрэя Хадановіча" можна тут.

Праслухаць "Сон першы" з аўдыёкнігі "Несымэтрычныя сны" можна ніжэй.

Выглядае, нібы вы ня маеце ўсталяванага Adobe Flash Player'у. Усталюйце яго зараз.



Раім таксама паглядзець:
Хадановіч Андрэй. Бэрлібры: гісторыя ў чатырох фільмах
4.99 р.

Хадановіч Андрэй. Бэрлібры: гісторыя ў чатырох фільмах

Мінск: Логвінаў, 2008. – 114 с. – (Кнігарня "Наша Ніва").

Хадановіч Андрэй. Абменьнік
6.49 р.

Хадановіч Андрэй. Абменьнік

Вершы і пераклады. Аўдыёкніга / Агульны час гучаньня 44:59. © Андрэй Хадановіч, 2007. (р) БМАgroup, 2007.

Хадановіч Андрэй. Сто лі100ў на tut.by
0.80 р.

Хадановіч Андрэй. Сто лі100ў на tut.by

Паэзія. — Менск: Логвінаў, 2007. — 136 с. — (Кнігарня “Наша Ніва”).