Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
Ці ў сацыяльных сетках: Facebook або ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Хадановіч Андрэй. Землякі, альбо Беларускія лімэрыкі

Хадановіч Андрэй. Землякі, альбо Беларускія лімэрыкі
0.79 р.
Вага: 120 г
Памеры: 95x120 мм



Паэзія. Менск : Логвінаў, 2005. – 156 с.

ISBN 985-6701-59-7

У кнігу ўвайшлі 100 пяцірадкоўяў-лімэрыкаў, напісаных у традыцыях ангельскага абсурду й перанесеных аўтарам на беларускую глебу. Кніга адрасаваная ўсім аматарам паэзіі, геаграфіі й проста пасьмяяцца.

Андрэй Хадановіч / Фота Аляксандра Шкарубы

ЗЬМЕСТ

Перадмова
Берасьцейшчына
Віцебшчына
Гарадзеншчына
Гомельшчына
Магілёўшчына
Меншчына
Менскія лімэрыкі
Эпілёг


Перадмова

Лімэрыкі (пэданты ставяць націск на першым складзе) – паэтычны жанр, выпрабаваны гісторыяй. Паводле паданьняў, яны паходзяць з Ірляндыі, з аднайменнага места Лімэрык (ці Лімрык), жыхары якога пяялі жартаўлівыя песьні й спаборнічалі гэткім чынам у бязглузьдзіцы. Іншыя спробы вытлумачыць этымалёгію назову "лімэрыкі" не вытрымліваюць крытыкі. Першапачаткова лімэрыкі існавалі ў фальклёры, а пасьля трывала атабарыліся ў ангельскамоўным (і ня толькі) красным пісьменстве. Вялікі дзякуй Эдварду Ліру, які ў сярэдзіне XIX ст. напісаў "Кнігу бязглузьдзіц" – шэдэўр ангельскай паэзіі абсурду. Кніга складалася менавіта зь лімэрыкаў і адразу выклікала шмат перайманьняў. Гэты літаратурны гатунак дажыў і да нашага часу. Ён традыцыйна ўспрымаецца як жанр дзіцячай літаратуры. (Але ня толькі: яскравы довад – шматлікія пахабныя лімэрыкі!) Адметная рыса гэтых вершаў – спалучэньне неўтаймоўнай фантазіі й пэдантычнага захаваньня цьвёрдых фармальных канонаў. Гэта амаль заўсёды напісаныя анапэстам пяцірадкоўі, дзе першы, другі й пяты радкі даўжэйшыя й рымуюцца міжсобку, а зрымаваныя паміж сабою трэці й чацьвёрты радкі – на стапу карацейшыя. У першым радку звычайна называецца герой, яму папярэднічае эпітэт-прыметнік (найчасьцей – нейкая недарэчная якасьць, зь якой і вынікае ўвесь далейшы нонсэнс), але ёсьць таксама згадка пра населены пункт)найлепей, каб ён быў непрыдуманы), назоў якога й выносіцца ў канец радка й становіцца першым рымам. Засталыя радкі твору – ляканічны й сьмешны аповед пра абсурдыня падзеі з удзелам згаданага героя. Звычайна ў якасьці населеных пунктаў фігуравалі ці то ангельскія месты й мястэчкі, ці то далёкія, падкрэсьлена экзатычныя тапонімы. Аўтару гэтых радкоў падалося цікавым насяліць псэўда-ангельскім нонсэнсам беларускія гарады і вёсачкі, родныя, прыветныя, аддаючы даніну павагі вельмішаноўным землякам. Усе апісаныя ніжэй падзеі, натуральна, выдуманыя, і ўсе магчымыя супадзеньні з рэльнымі асобамі, вядома ж, выпадковыя.

А.Х.

P.S. Аўтар просіць прабачэньня ў жыхароў Лынтупаў і Талачына за няправільна пастаўлены націск у назовах іх паселішчаў.

 

Выкшталцоны п'янюга ў Ашмянах
разьбіраўся ў напоях духмяных:
за парфумай, дальбог,
зранку бег з усіх ног,
скажам шчыра, – ня надта слухмяных.

 

Прававерны раскольнік з-пад Веткі
не садзіўся за стол без сурвэткі,
без відэльца й нажа,
без кадзіла й крыжа,
што пацьвердзяць шматлікія сьведкі.

 

Паліглёт-мнагажэнец з Чачэрску
да жанчын заляцаўся па-зьверску:
ім уголас чытаў
комсомольский устав
ды паэму "Курган" па-шумэрску.

 

Партызан зь Белавескае пушчы
смажыў бульбу на рыбіным тлушчы.
Жыў, нібы багацей,
ды баяўся гасьцей,
бо, на жаль, быў зусім непітушчы.

 

Сэксуальны маньяк з Маладэчна
прасталыткам быў рады сардэчна:
іх, нібы сутэнэр,
запрашаў на пленэр
і даводзіў: так жыць небясьпечна!

 

Далікатная дзеўчына з Брагіна
не зьвяртала і ў лаянцы ўвагі на
існы ў лексыцы мат,
нібы той аўтамат,
прамаўляючы "пэніс" ды "вагіна".

 

Аднаяйкавай тройні з-пад Мядзелю
на траіх адно далі імя дзеля
большай згоды ў сям'і,
ды браты-гультаі
ўсё адно між сабою ня ладзілі.

 

Дысыдэнт па дарозе ў Пружаны
быў сустрэтым ваўком напужаны
і пасьля часьцяком
нат з "ганебным ваўком"
ветлым быў і казаў "паважаны".

 

Малады ваўкалак з Ваўкавыску
меў даволі прыгожую пыску,
у дзіцячым садку
працу вёў у гуртку
й атрымаў гарадзкую прапіску.

 

Вуграваты вугор каля Берасьця
мізарнеў на самоце ды ў шэрасьці:
ўсіх цнатлівых нявест
звабіў цёплы зюйд-вэст,
ўсе ў Саргасавым моры на нерасьце.

 

Аднагорбы вярблюд з Магілёва
да законнасьці ставіўся плёва,
ды на ўласным гарбе
зьведаў КК РБ
і Статут ВКЛ дэталёва.

 

Самы шчыры палітык з-пад Шклова
даў насельніцтву чэснае слова:
будзе водка й расол!
Моцны цешыўся пол –
і рыдала другая палова.

 

Пачатковец-празаік зь Нясьвіжу
пэнталёгію склаў для прэстыжу.
Як назваць? "Пэнтагон"?
Можа, "Пэнтамэрон"?
Перавагу аддаў "Пяцікніжжу".

 

Да шляхетнай паненкі з Заслаўя
так нядоўга каханьнем палаў я!
Я сказаў ёй: "Мужчыны
Порткі праць не павінны!",
А паненка: "У нас раўнапраўе!"

 

Абяцанкам палітыка з Горадні
не даюць болей веры ні горад, ні
сужаніца, ні дзеці.
Ой, што робіцца ў сьвеце!
Ой, відаць, пачынаюцца гора дні!

 

Рэстаранны музыка ў Вялейцы
Баха граў на электражалейцы.
А Яган Сэбасьцян
меў шыкоўны баян
і шабашыў на вузкакалейцы.

 

Сын старога музыкі ў Вялейцы
грае джаз на той самай жалейцы
й толькі вольнай пары
любіць ВІА "Сябры"
й аддае перавагу батлейцы.

 

Неразважны сатырык з-пад Слоніму
вершы надрукаваў без псэўдоніму
супраць уладара –
і за спробу пяра
атрымаў... (Не знаходжу сыноніму.)

 

Рызыкоўныя гоншчыкі зь Ліды
выпрабоўвалі супэрбаліды...
Сёньня кожны жыхар
хлопцаў ведае ў твар:
гераічныя ў іх інваліды!

 

Патрыёт-пабіраха з Смургоняў
ў знак пратэсту жабруе ў вагоне
і сьвядома бярэ
толькі дробныя "рэ":
на буйных не малююць "пагоні"!

 

РНЕшнік-суворавец з Кобрыню
не баіцца ні ўдава, ні кобры, ні
каракурта, бо ён
сам нібы скарпіён,
"дзяржбясьпекай" як зброя адобраны.

 

Найскептычная жэншчына з Рэчыцы
атрымала пасаду дасьледчыцы.
Запярэчыш старой –
толькі скепсьціш настрой:
найскептычным вой кепска пярэчыцца!

 

Найнавейшы расеец з-пад Копылю
ў патрыманым катаецца "опэлі":
гаспадар год таму
не патрапіў ў турму
й пахаваны ў мясцовым нэкропалі.

 

Сама праведны рэзьнік з Лагойску
стаў рабіць абсалютна па-гойску:
праз сваю дабрыню
забівае сьвіньню,
бо сыны ва Ўкраіне, у войску.

 

У сям'і чарнасоценца з Доўску
сын у сьне гаварыў па-жыдоўску.
Бацька помсьціць гатоў,
закрычэў: "Бі жыдоў!"...
А пасьля дараваў па-бацькоўску.

 

У зьбяднелага шляхціца з Крэва
ні гарэлкі няма для сугрэву,
ні гуркоў, ні масьлін,
ані іншых расьлін, –
акрамя геральдычнага дрэва.

 

Сэнбэрнар у папа з Маларыты
меў вялізарныя габарыты,
бачыў смачныя сны
пра кавалак мясны
й памятаў, дзе калега зарыты.

 

Патрыётка ад мужа з Драгічына
патрабуе праўдзівага вычыну:
"Страшна кінуць ва ўрад
самаробны снарад –
хоць прыбі да падлогі масьнічыну!"

 

Будаўнік камунізму у Трабах
век-вяком мізарнеў у прарабах,
у мясцовых "кідал"
выкладаў "Капітал",
рэшту часу цягаўся па бабах.

 

Ісламіст-бээнэфавец з Іўя
кажа: "З ласкі Аллага адкрыў я
рэлігійны сакрэт:
пуп зямлі – мінарэт,
а навокал – свабодная Крыўя!"

 

Беларусы з памежных Друскенікаў
не ўжываюць ніколі займеньнікаў:
бо агульнае "мы" –
верны шлях да турмы,
а "яно" – верны шлях шызафрэнікаў.

 

У нарколяга з Мар'інай Горкі
аксыёму, што сьпірт – вельмі горкі,
кожны ведае сын,
асабліва адзін,
што ня ўнік выхаваўчае поркі.

 

Прыгажуня й распусьніца зь Мёраў
паказала каханку свой нораў:
"Я сэкс-бомба, і ты,
хоць і надта круты,
не хадзі да мяне безь мінёраў!"

 

Улюбёнец жанчын з Баравухі
быў гарбаты, рабы, віславухі,
кірпаносы, крывы
і суцэльна сівы
ад сардэчных турбот і сівухі.

 

У "прасунутай" школе ў Глыбокім
навучаньне было аднабокім:
кантрацэпцыя ў ранцах,
бо аб СНІДзе і пранцах
ўсім вядома даўно назубок ім.

 

Два хлапцы да красуні з-пад Шчучына
сябрука прывялі на заручыны.
Ўспамінала дарма,
хто жаніх, – і з трыма
заручылася. Дочкі вы сучыны!

 

Гумарысты да снайпэра зь Лёзна
па ўспамогу зьвярнуліся сьлёзна.
Ой, ня ўнікнуць бяды:
той паўсюль і заўжды
падыходзіў да жартаў сур'ёзна!

 

Валацуга, прыехаўшы ў Друю,
палюбоўніцу ўбачыў старую.
Сьлёзы сотняю бруй:
"Дарагая, даруй!"
А каханка ў адказ: "Не дарую!"

 

Прарасійскія гопнікі ў Гомелі
прэзыдэнта надзвычай багомілі,
лукамол, кадэбэ...
Ды пазналі сябе
ў сьцёбных вершах – і аж зьнерухомелі.

 

Андрэй Хадановіч – паэт, перакладнік паэзіі, эсэіст, літаратаразнаўца. Узначальвае Беларускі ПЭЦ-цэнтар. Асабісты блог аўтара – khadanovich.livejournal.com.

Паглядзець відэа "У гасьцях у Андрэя Хадановіча" можна тут.


Раім таксама паглядзець:
Хадановіч Андрэй. Несымэтрычныя сны (кніга + аўдыё)
1.87 р.

Хадановіч Андрэй. Несымэтрычныя сны (кніга + аўдыё)

У новай кнізе Андрэя Хадановіча сабраныя вершы, напісаныя збольшага ў 2008 – 2009 гадах. Некаторыя тэксты былі напісаныя раней, але не ўваходзілі ў папярэднія кнігі аўтара. У зборнік уключаная таксама драматычная паэма "Дзяды". Да кнігі далучаны дыск з 13-цю тэкстамі ў аўтарскім чытаньні і музычнай аранжыроўцы Дзьмітрыя Дзьмітрыева.

Хадановіч Андрэй. Абменьнік
6.49 р.

Хадановіч Андрэй. Абменьнік

Вершы і пераклады. Аўдыёкніга / Агульны час гучаньня 44:59. © Андрэй Хадановіч, 2007. (р) БМАgroup, 2007.

Хадановіч Андрэй. Бэрлібры: гісторыя ў чатырох фільмах
4.99 р.

Хадановіч Андрэй. Бэрлібры: гісторыя ў чатырох фільмах

Мінск: Логвінаў, 2008. – 114 с. – (Кнігарня "Наша Ніва").