Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
Ці ў сацыяльных сетках: Facebook або ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Чумакоў Леанід. Насякомыя. Шасціногія суседзі

Чумакоў Леанід. Насякомыя. Шасціногія суседзі
0.76 р.
Вага: 400 г
Памеры: 205x260 мм



Нарысы. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2005. – 56 с. : іл. – (Зямля мая).

ISBN 985-02-0789-2

Алфавітны паказальнік

Агнёўка траскучая
Аўсянік
Баярышніца
Блакітніца
Блыха
Божая кароўка
Вадалюб вялікі
Вадамер
Вусач дубовы вялікі
Вухавёртка
Гнаявік
Даўганосік жалудовы
Джыгалка
Жаўтушка тарфянікавая
Жужаль шчыгрынавы
Жук-алень
Жук-бронзаўка
Журчалка-чмелявідка
Залатавочка
Камар-званец
Капусніца
Караед
Клоп пасцельны
Конік
Крапіўніца
Красацел пахучы
Лімонніца
Лістаед асінавы
Махаон
Мурашка рыжая лясная
Муха пакаёвая
Муха скарпіёнавая
Мядзведка
Нагахвостка
Паўлінава вока дзённае
Пенніца слінявая
Пілюльшчык
Плывунец аблямаваны
Ручайнік
Святляк звычайны
Сляпень бычыны
Страказа-прыгажуня
Таракан рыжы
Тля
Трубкаверт чорны бярозавы
Чмель
Цвыркун
Шчаўкун
Шчытнік
Шэршань

Хто ж яны такія? (пачатак кнігі)

Мой добры чытач, узяўшы гэтую кніжку ў рукі, ты пазнаёмішся з цудоўным светам нашых шасціногіх суседзяў – з матылямі і стракозамі, рознымі жукамі і мухамі, конікамі і тараканамі. Ты будзеш ведаць, якімі маленькімі ці вялікімі яны бываюць, што ядуць, як хаваюцца ад іншых жывёлін, як хутка лятаюць ці бегаюць. Даведаешся і пра тое, як яны арыентуюцца ў навакольным асяроддзі і як даюць нам магчымасць ведаць, напрыклад, аб тым, якое будзе надвор'е. Разам з гэтым ты даведаешся аб некаторых насякомых, якіх, напэўна, неаднойчы бачыў у лесе, на лузе ці каля ракі; пазнаёмішся і з тымі казяўкамі, якім патрэбна наша дапамога. Ну што, згодны? Калі так, то чытай далей.

Перш-наперш, мой добры чытач, ты павінен ведаць, што насякомыя – гэта адна з самых распаўсюджаных груп жывёл на нашай Зямлі. Колькасць іх даволі вялікая – толькі на адным квадратным кіламетры сушы іх болей, чым усіх людзей на планеце. На аднаго чалавека прыходзіцца да 250 мільёнаў розных насякомых. Па колькасці відаў насякомыя пераўзыходзяць усе вядомыя групы жывёл і складаюць больш за 70 % разнастайнасці жывёльнага свету. Зараз на Зямлі вядома больш за 1 мільён відаў насякомых. Аднак даследчыкі лічаць, што іх павінна быць у некалькі разоў болей. Кожны год вучоныя ўсяго свету знаходзяць і апісваюць каля 6–8 тысяч новых відаў. Можа, калі ты зоймешся гэтымі жывёлінкамі, дык і табе пашанцуе. А зараз давай пазнаёмімся з насякомымі пры дапамозе гэтай невялікай, але, я спадзяюся, цікавай кніжкі.

На нашай планеце насякомыя займаюць амаль усё навакольнае асяроддзе. Яны сустракаюцца на сушы і ў вадзе, на халодным арктычным лёдзе і ў гарачых пустынях. І паўсюль яны прыстасаваліся да складаных умоў жыцця.

Насякомыя ўдзельнічаюць у кругавароце рэчываў і энергіі і гэтым адыгрываюць велізарную ролю ў біясферы. Яны маюць вялікае значэнне як апыляльнікі раслін, спажыўцы рэшткаў расліннага і жывёльнага паходжання. Таксама значную ролю адыгрываюць насякомыя і ў працэсах глебаўтварэння і павелічэння ўрадлівасці глебы. Самі ж яны з'яўляюцца ежай для многіх іншых жывёл.

А зараз табе трэба даведацца, што насякомыя – гэта самастойны клас беспазваночных жывёл. Чаму беспазваночных? Ды проста таму, што яны не маюць унутры свайго цела моцнага шкілета, які ёсць у пазваночных жывёлін. У насякомых шкілет вонкавы, складзены з рэчыва, якое называецца хіцінам. Паколькі насякомыя як бы сядзяць унутры свайго шкілета, то дарослыя асобіны не растуць. А вось іх дзеці – лічынкі – растуць даволі хутка. Таму за свае "дзіцячае жыццё" лічынкі, ліняючы, могуць некалькі разоў мяняць свае "адзенне".

Цела насякомых складаецца з галавы, грудзей і брушка. На галаве знаходзяцца вочы, вусікі і ротавыя часткі. Вочы насякомых даволі складаныя. Усе насякомыя маюць два вялікія фасетачныя вокі, якія знаходзяцца па баках галавы. У адных гэтыя вочы могуць быць размешчаныя вельмі блізка адно да аднаго, амаль зліваючыся, у іншых яны знаходзяцца даволі далёка адно ад другога. Аднак склад іх аднолькавы – вялікія складаныя вочы насякомых утвораны з так званых фасетак, якія маюць выгляд шасцівугольнікаў. Колькасць фасетак у вачах розных насякомых адрозніваецца. Так, у звычайнай мухі іх налічваецца ў адным воку каля 4 тысяч, а ў стракоз – да 28 тысяч! Вока майскага хрушча складаюць 5100 фасетак, а ў жукоў-светлякоў – ад 300 у самак да 2500 у самцоў. 3 дапамогай гэтых вачэй насякомыя вельмі добра арыентуюцца ў навакольным асяроддзі. Некаторыя з іх з'яўляюцца ўладальнікамі даволі добрага каляровага зроку. Аднак большасць казявак не бачаць чырвонага колеру. Пчолы добра распазнаюць ультрафіялетавы, блакітна-зялёны, аранжавы, жоўты і сіні колеры, сляпні – фіялетавы, сіні, блакітны, зялёны, горш яны ўспрымаюць жоўты, аранжавы і чырвоны. Верхняя частка складанага вока страказы ўспрымае толькі фіялетавыя і сінія светлавыя промні, ніжняя – адценні жоўтага, зялёнага, аранжавага і чырвонага колераў. Апошняе звязана з тым, што ўнізе сярод раслін колераў намнога больш, чым над галавой у небе.

Акрамя складаных вачэй на галаве ў большасці насякомых знаходзяцца і простыя вочкі, роля якіх да цяперашняга часу вывучана даволі слаба.

Вусікі насякомых гэтак жа служаць для арыентавання ў навакольным асяроддзі. Склад іх даволі разнастайны. У адных насякомых яны даволі доўгія і тонкія, у другіх – кароткія ды тоўстыя. Даволі складаныя вусікі маюць некаторыя жукі. У той жа час вельмі простыя вусікі належаць, напрыклад, конікам, дзённым матылям, тараканам.

Вусікі насякомых маюць участкі, з дапамогай якіх казяўкі даволі лёгка ўспрымаюць розныя пахі, ваганні глебы і паветра, тэмпературу розных прадметаў.

Насякомыя маюць даволі складаную будову рота. Ён складаецца з верхняй і ніжняй сківіц, верхняй і ніжняй губ. Тыпаў ратоў у насякомых даволі многа. Рот можа быць сысучым, грызучым, ліжучым і г. д. Напрыклад, у майскага хрушча рот грызучага тыпу, што дазваляе гэтаму жуку даволі лёгка грызці лісце дрэў. У розных клапоў, тлей, блох і некаторых іншых насякомых рот колюча-сысучага, а ў большасці мух – ліжучага тыпу.

На грудзях у казявак знаходзяцца ногі і крылы. Трэба ведаць, што ўсе казяўкі маюць шэсць ног, за што іх і празвалі шасціногімі. Менавіта гэтай колькасцю ног насякомыя адрозніваюцца ад іншых беспазваночных жывёлін. Напрыклад, павукападобныя, якіх даволі часта далучаюць да насякомых, маюць восем ног.

А вось крылаў у насякомых можа быць адна або дзве пары. Напрыклад, у пчалы і чмяля па чатыры крылы, а вось у мух ды камароў – два. Чатыры крылы маюць і ўсе жукі. Толькі адна пара гэтых крылаў пераўтварылася ў даволі моцныя цвёрдыя надкрылы. Яны патрэбны насякомым для таго, каб абараняць ад пашкоджанняў даволі кволыя ніжнія крылы.

Вялікай разнастайнасцю будовы адрозніваюцца ногі насякомых. Аднак складзены яны ва ўсіх казявак аднолькава – кожная мага мае так званы тазік, вяртлюг, бядро, галёнку і лапку. Апошняя амаль заўсёды складаецца з некалькіх членікаў. Канцавы членік мае невялікія кіпцюркі, або прысоскі. Пры дапамозе ног казяўкі могуць даволі хутка бегаць, высока скакаць і нават выконваць некаторую працу. Напрыклад, ёсць казяўкі, ногі якіх прыстасаваны для капання ў глебе, іншыя пры дапамозе сваіх ног даволі хутка плаваюць ці бегаюць па паверхні вады. А ёсць і такія, ногі якіх служаць для здабывання ежы. Такія "хапальныя" ногі можна бачыць у багамолаў, вадзяных скарпіёнаў і некаторых іншых казявак.

Зносіны насякомых паміж сабой ажыццяўляюцца з дапамогай гукаў, розных пахаў і нават святла. Напэўна, табе вядомыя такія цікавыя казяўкі, як светлякі? Дык вось, тое іх святло, якое можна бачыць ноччу, служыць светлякам для зносін паміж сабой. Іншыя казяўкі ажыццяўляюць зносіны з дапамогай гукаў, якія ўтвараюцца крыламі, нагамі і пры дапамозе спецыяльных гукавых органаў. Некаторыя насякомыя выпрацоўваюць пахучыя рэчывы. Па іх паху самцы адшукваюць самак на даволі вялікай адлегласці. Напрыклад, некаторыя матылі могуць успрымаць пах самак, якія ў гэты час знаходзяцца на адлегласці да 4–12 кіламетраў!

Размнажаюцца насякомыя яйкамі, якія адкладваюць на лісці або іншых предметах: пад кару, у глебу і нават унутр раслін. Ёсць і такія казяўкі, якія паразітуюць на іншых, адкладваючы свае яйкі ў цела апошніх. Для насякомых характэрна развіццё з поўным і няпоўным пераўтварэннем. Напрыклад, у конікаў, тараканаў, цвыркуноў і некаторых іншых казявак лічынкі вельмі падобны на сваіх бацькоў і адрозніваюцца толькі памерамі ды адсутнасцю крылаў. Такія казяўкі адносяцца да насякомых з няпоўным пераўтварэннем. У той жа час вусені матылёў, лічынкі мух, камароў, жукоў і іншых насякомых поўнасцю адрозніваюцца ад сваіх бацькоў. Гэтыя лічынкі пасля свайго развіцця пераўтвараюцца ў кукалку, з якой праз некаторы час з'яўляецца дарослая казяўка. Кукалка даволі моцна адрозніваецца і ад лічынкі, і ад дарослай казяўкі. У большасці выпадкаў яна падобна на бочачку, унутры якой у выніку складаных пераўтварэнняў з'яўляецца дарослая казяўка, якая і будзе выглядаць гэтак жа, як яе бацькі.

Напэўна, ты жадаеш ведаць, а колькі ж могуць жыць казяўкі? Па-рознаму. Жыццё адных працягваецца ўсяго некалькі гадзін, тады як іншыя могуць існаваць даволі доўга – да 10 гадоў і болей. Вядомы выпадкі, калі лічынкі некаторых жукоў-вусачоў жылі ў даволі складаных умовах амаль да 20 гадоў. А вось лічынкі так званай 17-гадовай цыкадкі развіваюцца на каранях раслін 17 гадоў. Табе, мой добры чытачу, трэба ведаць, што доўга жывуць не дарослыя асобіны, а іх дзеці – лічынкі. Жыццё ж многіх дарослых казявак даволі кароткае. Напрыклад, дарослая рабочая пчала рэдка калі пражывае больш за месяц. Гэтак жа нядоўга існуюць майскія хрушчы, божыя кароўкі, розныя лістаеды.

Усяго ад 5 да 48 гадзін працягваецца дарослае жыццё аўсянікаў. Аднак лічынкі апошніх развіваюцца ў вадзе 3–4 гады.

Гаворачы аб насякомых, нельга не сказаць, што даволі многія з іх з'яўляюцца добрымі бацькамі. Яны клапоцяцца аб сваіх дзецях. Адны з такіх казявак назапашваюць ежу для будучых лічынак, іншыя ахоўваюць сваіх дзяцей да таго часу, пакуль тыя не стануць дарослымі. Насякомыя, якія клапоцяцца аб дзецях, адкладваюць невялікую колькасць яек. Іншыя казяўкі могуць адкладваць вялікую колькасць яек, з якіх з'яўляецца шмат лічынак. Аднак яны, безабаронныя, хутка знішчаюцца іншымі насякомымі і птушкамі. І гэта даволі добра, бо каб гэтага не адбывалася, то некаторыя з насякомых маглі б распладзіцца ў вельмі значнай колькасці. Напрыклад, вучоныя падлічылі, што нашчадкі толькі адной хатняй мухі пры ўмовах поўнага выжывання пакрылі б Зямлю слоем таўшчынёй да 1,5 м за 5 гадоў, а нашчадкі толькі адной тлі ў гэткіх жа ўмовах – да 1 м усяго за 2 гады!


Раім таксама паглядзець:
Зуёнак Сяргей, Навіцкі Руслан, Драбянкоў Сяргей. Земнаводныя. Паўзуны.
2.59 р.

Зуёнак Сяргей, Навіцкі Руслан, Драбянкоў Сяргей. Земнаводныя. Паўзуны. Успамін пра забыты палёт

"Земнаводныя і паўзуны" – гэта захапляльны аповед трох аўтараў пра дзіўных жывых істот, людзі іх зазвычай не надта любіць, у міфалогіі і ў фальклоры розных народаў свету яны з’яўляюцца ў фантастычным абліччы, ім надаюцца надпрыродныя ўласцівасці.

Чумакоў Леанід. Ракі. Малюскі. П’яўкі. Таямнічыя жыхары вадаёмаў
0.76 р.

Чумакоў Леанід. Ракі. Малюскі. П’яўкі. Таямнічыя жыхары вадаёмаў

Жыццё жывёлін у вадзе даволі цяжкае. І праходзіць яно ў вялікай барацьбе. Па-першае, у барацьбе за ежу. Адны здабываюць яе, фільтруючы ваду. Другія з'яўляюцца драпежнікамі. Ёсць сярод водных жывёлін і паразіты, што жывуць як на целе іншых, так і ўнутры яго. Пра ўсё гэта і вядзецца ў кніжцы.

Добрыя вершы. Том 1: Побач з намі на Зямлі (жывёльны сьвет)
6.99 р.

Добрыя вершы. Том 1: Побач з намі на Зямлі (жывёльны сьвет)

Добра пачуесься ты, маленькі сябра, у зваблівым, загадкавым і адначасова такім блізкім сьвеце жывёлаў — зьвяроў, птушак, рыбаў, кузурак ды іншых жывых істотаў, якія спакон вякоў жывуць "побач з намі на Зямлі".