Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх з 10.00 да 18.00 па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
І ў сацыяльных сетках: Facebook ці ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Дубавец Сяргей. Як?

Дубавец Сяргей. Як?
1.60 р.
Вага: 240 г
Памеры: 115x195 мм



Азбука паводзінаў / мастак Генадзь Мацур, рэдактар Віталь Тарас, карэктар Настасься Мацяш. – Менск : Радыё Свабода, 2009. – 252 с. : іл. – (Бібліятэка Свабоды. XXI стагодьдзе).

ISBN 978-0-929849-29-4

Мадэлі сучаснай этыкі ад "А" да "Я" аўтар сабраў у энцыкляпэдыю паводзінаў: як бараніцца і як галасаваць, як дараваць і як любіць, як сябраваць і як хітраваць? Няўжо разам з эпохамі зьмяняецца ня толькі сьвет вакол нас, але й нашы ўласныя ўяўленьні пра "вечнае", пра багацьце й беднасьць, геройства й прыстасаванства, а ўрэшце – пра дабро і зло?..

ЗЬМЕСТ

ЯК ДУБАВЕЦЬ?
Выбраныя літары з тэксту, які яшчэ пішацца. Аляксандар Лукашук

УВОДЗІНЫ
"Як гадаваць трусоў?" – Калі б мы жылі 300 гадоў – Як будавалася "Як?" – Беларускае "як" і расейскае "как" – "Бірка"

ЯК АДБЫЦЦА?
Гульня з часам – Грыша і космас – Пра што пісаць песьні Вольскаму? – Талент не трава

ЯК БАРАНІЦЦА?
Захад не дапаможа – Хто мы? – Права на адметнасьць – Права на паходжаньне – Права на годнасьць

ЯК ВАРАГАВАЦЬ?
Хто нашы ворагі? – Варагаваць на роўных – Варагаваць адразу – Рэцэпт Багдановіча – Варагаваць да перамогі

ЯК ВІЛЬНЯВАЦЬ?
Адчужэньне сябе – Вільня не замежжа – Барацьба фізыкі з мэтафізыкай – Прышчэпка ад русіфікацыі

ЯК ВЫДАВАЦЬ?
Самі сабе выдаўцы – Забіваць цьвікі мікраскопам – Хто такая Ала Кабаковіч? – Слоўнік сабачых імён – Канкурэнцыя

ЯК ГАЛАСАВАЦЬ?
Сьвята, урачыстасьць, буфэт... – За Валянціну Палевікову – Хто скраў наш выбар? – Галасуем за сябе

ЯК ДАГАВОРВАЦЬ?
Так сабе паэты – За што галадае Аўтуховіч? – Штурмаваць не амон, але розум – Куды падзявалася адраджэньне?

ЯК ДАРАВАЦЬ?
Паход у вясёлы дом – Грахі савецкіх часоў – Пралетарскія цноты – Дараваць можна ўсё – Гавары...

ЯК ДЖГАЦЬ?
"Ён джгае, а вы дзеўбяце"

ЯК ДЗЕКАЦЬ?
Папярэднікі не падумалі, што з намі "буіт"

ЯК ЕХАЦЬ?
Памаленьку далей зойдзеш

ЯК ЁРНІЧАЦЬ?
Правакацыя зьмярцьвелых думак

ЯК ЖЫЦЬ?
Наперад, а не назад ці ўбок – Тут і цяпер – Дысыдэнтам прасьцей – Зьніжка за мову

ЯК ЗАСТАЦЦА?
Аднадумцы з таго сьвету – "Малі Бога за нас" – Безыменныя помнікі – Фабрыкі мёртвых – У адведкі

ЯК ІДЭНТЫФІКАВАЦЦА?
Род Янкоўскіх – Беларус з дваран – Залаты Век – "Расеец са знакам якасьці" – Крамольная праўда

ЯК – ЙАК?
Мёры – не Міоры

ЯК КАЗАЦЬ?
Здаравенькі булы! – Жабы ў роце – Усё добра, мама – Размаўляйце па-расейску. На здароўе!

ЯК ЛЮБІЦЬ?
Палюбіць вешальніка – Да нас прыехаў рэвізор! – Я цябе зьем... – Рас-тварэньне – Патрыятызм як здрада

ЯК МАНІФЭСТАВАЦЬ?
Вызначэньне жанру – Пікет з разьлікам на арышты – Выпрабаваньне мовы на жывучасьць – Якія абаронцы, такія й каштоўнасьці

ЯК НАЗЫВАЦЦА?
Я балт! – Забыты подзьвіг літвіна – Агульная млявасьць – Мы беларусы, мірныя людзі

ЯК ОКАЦЬ?
Пад націскам паміж Усходам і Захадам

ЯК ПРЫСТАСОЎВАЦЦА?
Чалавек на апошнім месцы – Небеларуская ўлада – Калябаранты – Дамова з рэжымам – Страшней за забойства

ЯК РАБІЦЬ?
Наш час не пакіне антыкварыяту – Выгнаньне аўтара – Трыюмф сьмецьця – Вечныя зэдлікі

ЯК СПРАЧАЦЦА?
Выпрабаваньне айца Надсана – Спрэчка ня сварка – З бобу на гарох – Тэст для сябе самога

ЯК СЯБРАВАЦЬ?
Сябра не таварыш – Слова на мяжы – Зьнікае, нібы аблачынка – Адкуль бяруцца сябры?

ЯК ТАЛЕРАВАЦЬ?
На мяжы цынізму – Беларусь гамафобская? – Агрэсія й асьвета – Шчырыя-няшчырыя

ЯК УКАРАНЯЦЦА?
Шляхецкі складнік – Шэсьць сотак як кампраміс – Гыр-гыр-гарадок – Краіна сядзібаў

ЯК Ў АКТЫВІЗАВАЦЬ?
Быць ці ня быць?

ЯК ФУНДАВАЦЬ?
Страшны беларускі нацыяналізм – Электрастанцыя толькі пыхкае – Інвэстыцыя Бога – Бонусы – Не нашкодзь!

ЯК ХІТРАВАЦЬ?
Нашэсьце кракадзілаў – Шпіёны-разьведчыкі – Хітры Саша – Прайсьці праз тупасьць

ЯК ЦАРАВАЦЬ?
Сабраць сябе з кавалкаў і сшыць

ЯК ЧЫТАЦЬ?
Лепей ня будзе – Ну калі гэта ўсё скончыцца? – "Званкі на Свабоду" – Казкі на заўтрашні дзень

ЯК ШЧЫРАВАЦЬ?
Крыж разладу – У вакуўме – "Братаньне з лукашыстамі" – Чарнобыльскі Шлях у Астраўцы

ЯК Ы РАЗУМЕЦЬ?
Беларуска-расейскі саюз

ЯК Ь-М РАТАВАЦЦА?
"Зьвестак пра выкананьне прысуду няма"

ЯК ЭВАЛЮЦЫЯНАВАЦЬ?
Зьменены чалавек – У чым прывабнасьць нашаніўства? – Ці быць беларусам, кожны вырашае сам

ЯК ЮЗАЦЬ?
Этыкі ў сеціве ня больш, як у гульнёвым аўтамаце

ЯК ЯДНАЦЦА?
Футбол бяз поля пад нагамі – Дачакацца спрыяльнага Заўтра – "Кактусаводы" ідуць у палітыку – Водазабор

ЯК АДКАЗВАЦЬ?
Пасьляслоўе рэдактара. Віталь Тарас

ПРА АЎТАРА
SUMMARY

 

ЯК ДУБАВЕЦЬ?
Выбраныя літары з тэксту, які яшчэ пішацца

Як як Дубавец? Напрыклад, так:

Б – падлеткам прачытаць Шэксьпіра па-беларуску і захапіцца мовай так, каб потым друкаваць на ёй падпольную літаратуру на абсталяваньні Менскага апэратыўнага палка Ўнутраных войскаў СССР.

NGO – за царом гарохам, калі яшчэ ніхто ня ведаў слова "NGO", стварыць зь нефармальнымі беларусамі сапраўдную "Майстроўню" і зусім не местачковых "Тутэйшых".

В – стаць менскім віленчуком, абараняць летувіскі парлямэнт ад савецкіх танкаў і атрымаць мэдаль "За адвагу".

Г – знайсьці ў нацыянальнай гісторыі найлепшае імя для газэты – "Свабода", год выдаваць яе і потым перадаць сябру, каб яна стала самым масавым незалежным выданьнем незалежнай Беларусі.

НН – адрадзіць затым "Нашу Ніву" так, што яе маглі б лічыць сваёй заснавальнік і рэдактар Аляксандар Уласаў, аўтар Янка Купала, стваральнікі БНР браты Луцкевічы.

П – пайсьці да паэта, які пасьля вершу пра аднаго вусатага знаўцу паэзіі паміраў у турме КДБ у сухой галадоўцы, і вярнуць яго да жыцьця.

Р – паглядзець на айчынную літаратуру, як францускія імпрэсіяністы на Лёндан, і паказаць тое, чаго не хацелі бачыць іншыя – ружовы туман.

С – дзевяць гадоў штотыдня выходзіць у этэр "Свабоды" з новай праграмай "Вострая Брама", якая адразу стала культам ягонай асобы.

Ь – выйсьці на суд за беларускую мову і перамагчы.

Ц – здавацца заўсёды цьвёрдым, бяз нэрваў, адчаю, трывогі і страху, аддаваць іншым свае ідэі й праекты, радавацца за іх посьпех і не сьпяшацца з асуджэньнем, памыляцца і папраўляцца, мець правільных ворагаў і невядомых прыхільнікаў і ня ведаць, што гэта і азначае – быць лідэрам пакаленьня.

? – у 50 гадоў напісаць кнігу, якая замест дубовых запытаў "хто вінаваты?" і "што рабіць?" задасьць магічнае і музычнае, такое неістотнае і такое біблійнае, галоўнае для свабоды, вайны і каханьня пытаньне – "як?".

І адказаць як чалавек, які любіць: так, як ты хочаш.

Так, як ты можаш.

Так, як найлепш.

Аляксандар Лукашук,
Радыё Свабода

 

ЯК АДКАЗВАЦЬ?
Пасьляслоўе рэдактара

Некалі, у самы разгар "перастройкі", у тыднёвіку "Літаратура і Мастацтва" разгарнулася палеміка. У межах яе газэта апублікавала ліст вядомага палеміста, які рэзка скрытыкаваў як усіх удзельнікаў дыскусіі, так і пазыцыю рэдакцыі. У адказ "ЛіМ" надрукаваў рэдакцыйны артыкул пад назвай "Як жыць, Іван Іванавіч?" (імя аўтара за-мяняю на ўмоўнае). Многім тады, у тым ліку і мне, назва падавалася дасьціпнай. Іронія тут відавочная. "Як жыць, Леў Мікалаевіч?.." – так пачыналіся шматлікія лісты, што атрымліваў на пачатку мінулага стагодзьдзя граф Леў Талстой з усіх куткоў Расейскай імпэрыі і з-за яе межаў. Але ж тая іронія з вышыні сёньняшняга дня выглядае недарэчнай.

Тэорыю непраціўленьня злу гвалтам, пра якую казаў Талстой, амаль забылі. Хаця Махатма Гандзі, які прапаведаваў тую самую тэорыю, напалягаючы на тым, што непраціўленьне павінна быць актыўным і салідарным, дамогся ўрэшце вызваленьня Індыі. А вось у Расеі гандызм не прышчапіўся. Насуперак "люстэрку расейскай рэвалюцыі", як назваў Талстога Ленін, правадыр пралетарыяту лічыў, што ён ведае адказы на ўсе пытаньні. Напрыклад – "Як арганізаваць сацыялістычнае спаборніцтва?", "Як нам рэарганізаваць рабкрин?". І правадыр без ваганьняў вырашаў праблемы – гвалтам.

У выніку такой вось марксісцка-ленінскай філязофіі расейскі народ – як і беларускі, і іншыя, што склалі "новую гістарычную супольнасьць" савецкіх людзей, – апынуўся ў глыбачэзнай яміне, выкараскацца адкуль дагэтуль ня можа.

Прычым размова тут не пра эканамічнае ці сацыяльна-палітычнае вымярэньне гэтай гістарычнай яміны, але, найперш, пра маральнае.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, сёньня 60 адсоткаў насельніцтва Беларусі – актыўныя вернікі, ходзяць у бажніцу. Зь іх 80 адсоткаў – праваслаўныя і каля 12 – каталікі. Паводле МУС РБ, у ноч на праваслаўны Вялікдзень 2009 году цэрквы наведалі звыш 900 тысяч чалавек. Гэта прыкладна кожны дзясяты жыхар краіны (за выключэньнем састарэлых і цяжка хворых). А празь дзевяць дзён усе тыя праваслаўныя людзі, што ўдзельнічалі ў велікоднай імшы, паехалі на клады, дзе паклалі на магілы продкаў яйкі, яблыкі, цукеркі, паставілі келіхі зь віном ці гарэлкай, пілі й елі – у поўнай адпаведнасьці з паганскімі звычаямі. То бок, мы маем справу з двухвер'ем. Можна згадаць тут і "Дзьве душы" Гарэцкага, і шмат чаго яшчэ дваістага ў жыцьці беларусаў.

І гэта ня самае горшае. Пераважная большасьць людзей карыстаецца ў жыцьці не маральнымі запаветамі, але практычным розумам. Яго яшчэ можна назваць спрытным розумам, альбо зусім проста – хітрасьцю. Гэтая самая хітрасьць дае магчымасьць выжыць і нават пачувацца няблага. З дапамогай спрытнага розуму, ці, калі хочаце, разважнага сэнсу, можна ўзьбіцца на вялікія грошы, можна купіць хату, аўтамабіль, выгадна ажаніцца, ніколі не сварыцца з начальствам і зь цешчай, выправіць дзяцей вучыцца на філфак БДУ – вывучаць там пэрспэктыўную кітайскую мову – ці вучыцца за мяжу. Ён, гэты розум, не дае толькі адказу на пытаньні – як адбыцца, як бараніцца, як любіць?..

У кніжцы Сяргея Дубаўца, якую вы толькі што прачыталі, ёсьць эсэ "Як хітраваць?", якое, уласна кажучы, і натхніла мяне як рэдактара на напісаньне гэтага пасьляслоўя.
Было б наіўна меркаваць, што аўтар кнігі ведае адказы на ўсе пытаньні і можа навучыць астатніх, як жыць. Гэта ня зборнік інструкцыяў. І не пералік біблійных ісьцінаў.
Неабавязкова з усімі адказамі згаджацца. Але ўжо тое, што аўтар задаецца так званымі адвечнымі пытаньнямі, разглядаючы іх скрозь прызму сучаснасьці, заслугоўвае павагі. Ужо хоць бы таму, што гэтымі пытаньнямі беларускае грамадзтва сёньня амаль не задаецца, ня хоча іх чуць, а тым больш шукаць на іх адказ. Але яны абавязкова паўстануць (ужо стаяць) перад краінай, перад нацыяй, перад кожным з нас.

Зрэшты, кожны чытач можа прапанаваць свой адказ на любое з трыццаці васьмі пытаньняў, пастаўленых аўтарам.

Некалі ў старажытнай Японіі нарадзілася "мастацтва вайны" – звод правілаў, які дапамагаў самураям эфэктыўна весьці баявыя дзеяньні й перамагаць. Прычым, мастацтва гэтае вымагала ня толькі валоданьня халоднай зброяй, веданьня тэхнікі двубою або стратэгіі й тактыкі, але і пэўных этычных правілаў. Гэтак жа і майстэрства публіцыста грунтуецца ня толькі на эрудыцыі й літаратурным валоданьні словам, але ж і на ўменьні задаваць пытаньні, кіруючыся маральным выбарам.

Кніга Сяргея Дубаўца нагадвае нам, што правільна пастаўленае пытаньне ўтрымлівае ў сабе палову адказу.

Другая палова – за чытачом.

Віталь Тарас

 

Сяргей Дубавец – пісьменьнік, літаратурны крытык, выдавец. Нарадзіўся 17 верасьня 1959 у горадзе Мазыры. Гадаваўся й вучыўся ў Менску. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Служыў у войску. Галоўны рэдактар газэтаў "Свабода" (1990 – 1991) і "Наша Ніва" (1991 – 2000), радыё "Балтыйскія Хвалі" (2000 – 2001), аўтар перадачаў на Радыё Свабода (з 1997). Кнігі: "Практыкаваньні" (1991), "Русская книга" (1997, другое выданьне 2009), "Дзёньнік прыватнага чалавека" (1998), "Вострая Брама" (2005), "Вершы" (2007).

 

SUMMARY
How – The A-Z Guide of Ethical Survival in Dictatorships

A compilation of provocative essays on how to behave ethically in contemporary authoritarian Belarus.

Exploring issues from how to Abide to how to Zigzag and everything in between, the author reflects on how people's understanding of moral standards bends based on the time and conditions in which they live.

Liberty Library is a repository of selected programs produced by Radio Liberty/Radio Free Europe's Belarus Service.


Раім таксама паглядзець:
Арлоў Уладзімер. Пакуль ляціць страла
13.99 р.

Арлоў Уладзімер. Пакуль ляціць страла

"Пакуль ляціць страла" – гэта сто адказаў пісьменьніка на пытаньні чытачоў падчас сустрэчаў у бібліятэках і каля вогнішчаў, выступаў на кватэрах і ва ўнівэрсытэтах.

Арлоў Уладзімер. Імёны Свабоды
6.49 р.

Арлоў Уладзімер. Імёны Свабоды

Аўдыёвыданьне дапоўненае новымі гістарычнымі партрэтамі, якіх няма ў папяровым выданьні кнігі. Таксама дыск зьмяшчае мультымэдыйны файл, які ўтрымлівае ілюстрацыі і дапрацаваныя ранейшыя тэксты, агулам 266 постацяў беларускай свабоды XVIII – XXI стагодзьдзяў.

Лукаш Дзекуць-Малей і беларускія пераклады Бібліі
3.99 р.

Лукаш Дзекуць-Малей і беларускія пераклады Бібліі

У зборніку сабраны матэрыялы, асаблівую цікавасьць сярод якіх выклікаюць падборкі дакумэнтаў, якія асьвятляюць дзейнасьць пастара Л. Дзекуць-Малея ў асяродках беларускага нацыянальнага руху і адлюстроўваюць дакумэнтальную гісторыю перакладу і выданьня ў 1931 г. Новага Запавету і Псальмаў на сучаснай беларускай мове.