Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх з 10.00 да 18.00 па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
І ў сацыяльных сетках: Facebook ці ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Дудзюк Зінаіда. Кола Сварога

Дудзюк Зінаіда. Кола Сварога
9.99 р.
Вага: 850 г
Памеры: 175x245 мм



Мінск : Беларусь, 2006. – 293 с. : іл. Цвёрдая вокладка.

ІSBN 985-01-0648-4

Кніга складаецца з рамана-рэканструкцыі славянскай міфалогіі "Кола Сварога", аповесці "Славянскія князі" і эсэ "Вандроўкі ў вырай".

"Кола Сварога" стварае яскравую карціну міфічных сюжэтаў і ўяўленняў пра язычніцкіх багоў і духаў; раскрывае асаблівасці міфалагічнага мыслення старажытных славян, выяўляючы ўніверсальныя славянскія сімвалы-архетыпы; прасочвае асновы грамадскай этыкі і народнай маралі; паказвае этымалогію паходжання асобных назваў раслін і жывёл; дае ключ да разумення твораў літаратуры і мастацтва, у якіх выкарыстаны матывы легенд і міфаў.

Аповесць "Славянскія князі" створана на аснове звестак, пакінутых старажытнымі гісторыкамі. Правадыры славян згадваюцца ў сувязі з тым, што былі выдатнымі ваяводамі і паспяхова змагаліся з агрэсіўнымі іншапляменнікамі, як на сушы, так і на моры. Гэта не выдуманыя героі, а сапраўдныя людзі, пра якіх вельмі мала вядома, але яны не растварыліся ў вечнасці, бо іх паважалі не толькі супляменнікі, але і ворагі.

Эсэ "Вандроўкі ў вырай" разглядае факты, якія датычацца беларускай мовы, прыадчыняе заслону над некаторымі тайнамі славянскай гісторыі.

Навукова-папулярнае выданне адрасуецца шырокаму колу чытачоў.

ЗМЕСТ

Кола Сварога: раман-рэканструкцыя
Прадмова
Частка першая. Стварэнне свету
Частка другая. Сварга
Частка трэцяя. Дажбог
Частка чацвёртая. Багі і людзі
Літаратура

Славянскія князі: аповесць-хранограф
Папярэднія заўвагі
     Бож
     Даўрэнцій
     Ардагаст
Аповед пра гісторыка
     Мусокій
     Пірагаст
     Хацон
     Само
     Дзярван
     Валук
     Первуд
     Нябул
     Славун
     Вышан (Віцын, Вітцан)
     Дражка (Драга)
     Драгавіт
     Ванамір
     Барут
     Акамір
     Мілідух
     Людавіт

Вандроўкі ў вырай: эсэ
Калыска чалавецтва
Сімволіка ўстойлівых эпітэтаў асобных міфалагічных персанажаў
Заступніца багіня Руда
Санскрыт – прамова індаеўрапейцаў
Сляды ведычнай міфалогіі на Беларусі
Вогнепаклоннікі
Краіна аратых
Драгавіты – продкі палешукоў
Руны

Дудзюк Зінаіда. Кола Сварога. Ілюстрацыя з кнігі

Прадмова да раману "Кола Сварога"

МІФАТВОРЧАСЦЬ – важная і неабходная з'ява ў культурнай гісторыі чалавецтва. Усе старажытныя плямёны мелі міфы, якія з'яўляліся першапачатковай формай духоўнай культуры народаў. Паколькі славянскія міфы ствараліся ў розныя эпохі, дык часам яны маюць супярэчлівы характар, але гэтая рыса ўласцівая шматлікім міфалогіям свету. Запісы ўзораў старажытнага славянскага фальклору сведчаць пра высокае мастацка-філасофскае мысленне нашых продкаў. Асобныя элементы язычніцтва захаваліся амаль ва ўсіх этнічных славянскіх зонах у розных жанрах і формах духоўнай культуры.

Касмаганічны міф пра ператварэнне хаосу ў космас – асноўны першапачатковы сюжэт большасці міфалогій народаў свету. У славянскай міфалогіі стварэнне космасу таксама адбываецца з хаосу, з нічога. Пра гэта спяваецца ў народнай песні, запісанай на Галіччыне:

Калі не было пачатку свету,
Тады не было ні неба, ні зямлі.
А толькі было шырокае мора,
А на тым моры явар зялёны,
На тым явары тры галубочкі,
Тры галубочкі раду радзілі:
– Як бы мы, браточкі, свет паставілі?

Міфічныя персанажы ва ўяўленні нашых продкаў былі падобныя да людзей, але валодалі звышнатуральнымі духоўнымі сіламі, якія падтрымлівалі пэўны лад у прыродзе і грамадстве. Іхняя дзейнасць служыла для пакланення і прыкладам для пераймання. Падтрымка пэўнага ладу існавання людзей у старажытнасці здзяйснялася праз рытуал, з дапамогаю якога адбываліся інсцэніроўкі падзей міфічнага часу, калі багі і героі жылі на зямлі, а іх магічныя сілы дапамагалі людзям у іх штодзённых клопатах. Для славянскага міфа характэрна тое, што розныя багі, духі, героі звязаны паміж сабою сямейна-родавымі адносінамі. Яны нараджаюцца, жывуць, самасцвярджаюцца, кахаюць, жэняцца, у іх з'яўляюцца нашчадкі. Кожны персанаж пражывае цікавае і насычанае жыццё.

Твор "Кола Сварога" – першая спроба ў беларускай літаратуры аднавіць цэласную сістэму светабудовы, якою яе ўяўлялі нашы далёкія продкі. Ён складаецца з чатырох частак. Першая частка называецца "Стварэнне свету". У ёй апавядаецца пра тое, як Усявышнім богам Светавітам быў створаны спачатку сусветны акіян, над якім запалаў Зніч. 3 гэтага ззяння ўзнікла Залатое Яйка, а з яго нарадзіўся першы бог Род, ад якога пайшлі ўсе славянскія багі. Другая частка "Сварга" паказвае жыццё на першай зямлі – востраве Буяне, якое ўладкоўваў Сварог. Ён перадаў людзям веды пра тое, як каваць жалеза і апрацоўваць зямлю. Трэцяя частка твора прысвячаецца Дажбогу і ягонаму сыну Калядзе. Яна найбольш звязана з народным календаром, тлумачыць сутнасць шматлікіх абрадаў і звычаяў. Чацвёртая частка "Багі і людзі" апавядае пра той дагістарычны час, калі багі яшчэ жылі сярод людзей ці наведвалі іх на зямлі, вучылі жыць у згодзе і міры, быць працавітымі, праўдзівымі і добрымі ў адносінах да іншых.

Даследчыкі В. Іваноў і У. Тапароў у сваёй працы "Да рэканструкцыі праславянскага тэксту" (1963) адзначалі, што ў паўднёвых, заходніх і ўсходніх славян старажытная паэтычная традыцыя выяўляецца славянскім дзесяціскладовым рытмам. Гэта добра прасочваецца ў беларускіх і ўкраінскіх калядках і валачобных песнях, сербска-харвацкіх песнях, старажытнарускіх былінах. Твор "Кола Сварога" напісаны рытмізаваным тэкстам, і хоць ён не разбіты на строфы накшталт белага верша, аднак створаны згодна з узорам старажытнага славянскага дзесяціскладовага эпічнага верша.

Адметнасць беларускай фальклорнай спадчыны, выкарыстанай пры стварэнні "Кола Сварога", выяўляецца найперш у тым, што яна пры сваёй архаічнасці засталася практычна вольнаю ад неславянскіх уплываў, што асабліва падкрэслена даследчыкам М.І. Талстым (1981): "Унікальная "славянская чысціня" фальклорнай традыцыі Палесся – адной з самых архаічных – робіць яе своеасаблівым эталонам, натуральна, у адпаведнай эвалюцыйнай форме. Тэксты, вераванні і абрады язычніцкага зместу, бытаванне якіх назіраецца на Палессі, як правіла, можна лічыць агульнаславянскімі па паходжанні".

Старажытнасць беларускай мовы выяўляецца ў тым, што яна нясе ў сабе пэўныя міфалагічныя архетыпы і ўтрымлівае ў сабе асобныя словы, праз якія можна зразумець філасофскі светапогляд нашых продкаў. Для прыкладу разгледзім слова "дасканалы". Калі адкінем прыстаўку, атрымаем слова "сканалы", якому адпавядае сінонім "мёртвы". Адсюль выходзіць, што "да-сканалы" – гэта жывы. Згодна з перакананнямі старажытных продкаў беларусаў, кожны жывы – дасканалае божае стварэнне, вартае павагі і любові.

Яскрава прасочваюцца язычніцкія вераванні і ў беларускай тапаніміцы. У назвах шматлікіх беларускіх паселішчаў гучаць імёны Лады (Ладасна, Ладзейна, Ладыжана, Ладзеняты), Перуна (Перунова, Перуноў мост), Вялеса (Велясніца, Воласаўцы), Лёлі (Лельчыцы, Лялянцы, Лялейкі), Хорса (Хорск), Ярылы (Ярылаўка), Купалы (Купалле, Купёлы, Купалішча) і шмат іншых. Свяцілішчы, у якіх маліліся і прыносілі ахвяры нашы продкі, прысвячаліся пэўнаму бажаству, у гонар якога называліся мясціны і паселішчы, што знаходзіліся паблізу.

3 глыбокай даўніны прадстаўнікі розных народаў стараліся занатаваць легенды і паданні, каб перадаць іх нашчадкам. Так, у Кітаі яшчэ ў XI – VI стагоддзі да н. э. было запісана 305 народных гімнаў і песень, якія склалі кнігу "Шыцзін". Асаблівае месца ў кітайскай паэзіі займаюць народныя песні, якія ў II стагоддзі да н.э. збіраліся спецыяльнай "Музычнай палатай". У канцы II тысячагоддзя да н. э. былі запісаны найбольш старажытныя індыйскія помнікі на ведычным санскрыце, які, па сведчаннях сучасных даследчыкаў, мае 5 тысяч агульных слоў з беларускаю моваю. Шырока вядомыя ў свеце антычныя міфы ў старажытнасці запісвалі Апаладор, Апалоній Радоскі і іншыя аўтары. Навуковы падыход да міфаў антычнасці ўзнік у эпоху Адраджэння. У XVIII – XIX стагоддзях пачалося параўнальнае вывучэнне міфалогіі розных народаў. Гэта заахвоціла навукоўцаў розных краін зацікавіцца набыткамі ўласных народаў, што прынесла пэўны плён. Напрыклад, выдатны фінскі вучоны Э. Лёнрат сабраў і выдаў (1835, 1849) збор эпічных народных карэльскіх песень "Калевала", складзеных як адзінае апавяданне. Новую кампазіцыю "Калевалы" на фінскай мове надрукаваў у 1949 г. О.Куусінен. Адпаведным чынам быў створаны і "Калевіпоэг", эпічны твор, напісаны памерам, уласцівым эстонскай народнай песні. Матэрыялы эстонскага нацыянальнага эпасу пачаў збіраць пісьменнік і фалькларыст Ф.Р. Фельман. Склаў "Калевіпоэг" ягоны паплечнік і сябар Ф.Р. Крэйцвальд. У твор увайшло болей за 20 песень пра асілка Калівіпоэга, абаронцу і вызваліцеля эстонскага народа ад іншаземных захопнікаў. Твор быў надрукаваны ў 1857 – 1861 гг.

Збіранне беларускага фальклору доўжыцца болей за дзве сотні гадоў. Свой важкі ўнёсак у гэтую справу зрабілі І. Насовіч, А. Кіркор, П. Шпілеўскі, Л. Шэйн, А. Багдановіч, К. Сержпутоўскі і шмат іншых. Не спыняецца гэ-тая праца і ў наш час. Ствараюцца міфалагічныя слоўнікі, пішуцца навуковыя даследаванш, выдаюцца падручнікі і дапаможнікі. За апошнія два дзесяцігоддзі былі выдадзены навуковыя працы Уладзіміра Васілевіча "Міфы Бацькаўшчыны", Таццяны Шамякінай "Міфалогія Беларусі", калектыўная энцыклапедыя "Міфалогія Беларусі" і інш.

Міфалагічныя ўяўленні і сюжэты займалі значнае месца ў вуснай фальклорнай традыцыі славянскіх народаў. 3 іх нарадзілася мноства разнастайных казак, напрыклад, з татэмічных міфаў узніклі казкі пра шлюб героя з дзівосным мужам ці жонкаю, якія часова маюць звярыны воблік; ад матываў ініцыяцыі паходзяць чароўныя казкі, у якіх герой перажывае розныя выпрабаванні. У працэсе ператварэння міфа ў казку адбывалася дэсакралізацыя, адмова ад этыалагізму і замена міфічнага часу незвычайным казачным.

Міфалагічныя сюжэты, тэмы, вобразы па-свойму асэнсоўваліся ў літаратурнай творчасці пісьменнікамі розных часоў. Яны знайшлі новае жыццё ў творах вялікіх мастакоў эпохі рамантызму і новага часу – Яна Баршчэўскага, Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Аляксандра Пушкіна, Мікалая Гогаля, Тараса Шаўчэнкі, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулі, Уладзіміра Караткевіча, Слаўкі Янеўскага і інш.

Усялякая эпоха стварае свае міфы. Дапытлівы розум чалавека імкнецца спасцігнуць мінулы, цяперашні і наступны час, узважваючы мноства гістарычных падзей, якія перажыло чалавецтва. Некаторыя міфы губляюцца, іншыя пераўвасабляюцца і прыжываюцца на глебе новага часу. Спробы аднавіць раскіданую славянскую спадчыну і ўкласці яе ў цэласныя творы, магчыма, яшчэ будуць у наступным часе. Не выключана, што яны атрымаюцца высокай мастацкай якасці і дасканаласці, здолеюць адпавядаць кананічнаму ўзору. Гэта будзе толькі на карысць агульнай славянскай культуры, усяго чалавецтва і кожнага народа паасобку.


Раім таксама паглядзець:
Замовы
4.46 р.

Замовы

У кнізе змешчаны замовы, сабраныя студэнтамі БДПУ падчас палявой практыкі на мяжы мінулага і цяперашняга стагоддзяў. Адрасуецца студэнтам, педагогам, навукоўцам і ўсім, хто цікавіцца вусна-паэтычнай спадчынай беларускага народа.

Катовіч Аксана, Крук Янка. Веснавыя святы. У 2 кн. Кн. 1
1.92 р.

Катовіч Аксана, Крук Янка. Веснавыя святы. У 2 кн. Кн. 1

Кніга прысвечана разгляду найбольш багатага цыкла каляндарных святкаванняў беларускага народа – веснавым рухомым святам. Да іх адносяцца Масленіца, Вербніца, Чысты чацвер, Вялікдзень, Радаўніца, Ушэсце.

Баршчэўскі Ян. Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
2.24 р.

Баршчэўскі Ян. Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях

Ян Баршчэўскі — адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры. Галоўны яго твор – "Шляхціц Завальня", дзе ўпершыню шырока выкарыстоўваюцца беларускія казкі і паданні, дзе ў кожным слове "чуваць беларуса".