Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх з 10.00 да 18.00 па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
І ў сацыяльных сетках: Facebook ці ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Дудзюк Зінаіда. Леў

Дудзюк Зінаіда. Леў
4.99 р.
Вага: 280 г
Памеры: 135x200 мм



Гістарычны нарыс. – Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2011. – 192 с. – (Святло мінуўшчыны).

ISBN 978-985-6994-25-1

Кніга апавядае пра плённае жыццё і дзейнасць выдатнага дзяржаўнага дзеяча, мудрага дыпламата, палітыка, прыхільніка прававой дзяржавы, мецэната, канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегу, велічная постаць якога сёння з'яўляецца яскравым прыкладам служэння народу, Радзіме, адстойвання яе суверэнітэту, назапашвання, памнажэння, захавання духоўных скарбаў.

ЗМЕСТ

Волат духу
Маленства
Юнацтва
Канцылярыя
Пасольства ў Маскву
Слонім
Кракаў
Канцлер Вялікага Княства
Рыга
Ружаны
Леў у Маскве
Царская міласць
Пацверджанае перамір'е
Надуманы міф
Трагічнае вяселле
Ліцвіны пры самазванцу
Адступніцтва
Паход пад Смаленск
Аблога
Дваюрадны брат Льва
Царыца без падданых
Пяшчотны рыцар
Берасцейскі стараста
Бацька і дзеці
Сапегавы замкі
Сучаснікі
За вольную Айчыну
Бяроза-Картузская
Сынава сэрца
Вільня
Літаратура


Волат Духу

Кожная эпоха нараджае сваіх герояў, якімі можна ганарыцца, ці, наадварот, яны не адпавядаюць маральным меркам таго грамадства, у якім чалавеку даводзіцца жыць. Здаралася ў гісторыі і так, што праз шмат гадоў пасля смерці прыгнечаны і знішчаны пакутнік мог прызнавацца героем ці нават святым, а былы так званы герой аказваўся злачынцам. Аднак у асяроддзі людзей іншы раз вырастаюць адметныя асобы, дзейнасць якіх і праз стагоддзі не губляе сваёй каштоўнасці і важнасці для народа, які яго выхаваў. Іх можна назваць волатамі духу. Яны з юнацтва рыхтуюцца да высокага служэння ідэалам гуманізму, працуюць з адчуваннем вялікай адказнасці за будучыню народа, свядома адчуваюць сябе звяном у ланцугу пакаленняў, якія былі да яго і якія прыйдуць пасля, і пры гэтым застаюцца надзейнымі і шчырымі ў стасунках з роднымі і блізкімі людзьмі. Такім волатам духу быў Леў Іванавіч Сапега, якому выпала нарадзіцца ў сярэдзіне шаснаццатага стагоддзя і, выкарыстаўшы прыродныя здольнасці, а таксама веды, набытыя ў працэсе стараннай вучобы, бліскуча выканаць чалавечую і грамадзянскую місію служэння Айчыне, захавання яе культуры і гістарычнай спадчыны.

У маладосці ён быў падкі на новыя ідэі, некалькі разоў мяняў канфесіі, ды зусім не з легкадумнасці ці пераборлівасці. Гэтак ішоў нястомны пошук сапраўдных духоўных каштоўнасцяў, якія ўмацоўвалі ў ягонай душы пэўныя ідэалы і прынцыпы. А потым было жыццё, зменлівае і непрадказальнае, цывільнае і вайсковае, з адказным і зацікаўленым стаўленнем да сваіх абавязкаў. Бліскучая адукацыя, глыбокія веды, мудрасць, уласцівыя дапытліваму розуму, дапамаглі Сапегу дасягнуць пасады канцлера Вялікага Княства Літоўскага, а ўрэшце і вялікага гетмана. Займаючы важныя пасады, ён дадаткова браў на сябе адказнасць за стан законнасці ў дзяржаве, захаванне яе незалежнасці і ўмацаванне межаў, ужыванне роднай мовы, захаванне гістарычных і архіўных дакументаў. Дапрацоўваў, рэдагаваў і выдаў за свае сродкі Статут Вялікага Княства Літоўскага, прыклаў шмат намаганняў, каб была перапісана і захавана Літоўская метрыка – асноўная першакрыніца па гісторыі сярэднявечча Беларусі.

Дваццацісямігадоваму Льву Сапегу даверылі быць паслом Рэчы Паспалітай у Маскве. Яго паслалі на перамовы з Іванам Грозным. Ці не таму, што ніхто не хацеў? Напэўна, баяліся вяльможныя паны самадурства і тыранства маскоўскага вялікага князя, бо можна было вярнуцца без галавы. Мо і Сапега баяўся, але мусіў рабіць тую справу, якую даверыла яму дзяржава, бо прагнуў міру і дабрабыту свайму народу і быў перакананы, што чалавек з чалавекам заўсёды можа дамовіцца, калі існуе паміж імі павага і разуменне.

Дыпламатычныя здольнасці Сапегі высока цаніліся не толькі ў адносінах знешняй палітыкі, але і ва ўнутрыдзяржаўных справах. Гэта ён уладжваў сямейны канфлікт паміж Радзівіламі і Хадкевічамі з-за рукі багатай нявесты. Гэта ён вырашаў праблемы незадаволенасці (рокашу) багатых магнатаў каралём Жыгімонтам III. Хаця, безумоўна, далёка не ўсё залежала ад Сапегі. Быў ён буйным мецэнатам, за свой кошт будаваў храмы, выдаткоўваў сродкі на ўтрыманне войска і будаўніцтва замкаў. I калі ў канцы жыцця яму даверылі булаву гетмана, не здолеў адмовіцца, бо разумеў, што гэта патрэбна для абароны Радзімы, якой ён верна служыў на працягу ўсяго свайго жыцця.

He толькі на дзяржаўнай службе, але і ў сям'і быў канцлер ВКЛ надзейным і добрым чалавекам, з пяшчотай, павагай і разуменнем ставіўся да сваёй сям'і, добраю парадаю і справаю дапамагаў родзічам. Яго ведалі і паважалі не толькі ў Рэчы Паспалітай, але і за межамі дзяржавы, асабліва ў Маскве, дзе нават граматы, напісаныя «за Сапегиной рукою», пазнавалі па почырку і не праміналі адзначыць гэты факт у вопісах архіва Пасольскага прыказу. Часам у Рэчы Паспалітай і Масковіі нават перабольшвалі яго магчымасці і прыпісвалі яму аўтарства тых падзей, да якіх ён дачынення не меў. Што ж, людзям уласціва займацца міфатворчасцю.

Тэрмін чалавечага існавання на зямлі абмежаваны. Нават самага моцнага духам чалавека аднойчы пакідаюць фізічныя сілы, і ён разумее, што дайшоў да фіналу, трэба аддаць эстафету маладзейшым, хоць шмат яшчэ чаго не зроблена, шмат не здзейснена задум, якія можна было б увасобіць у жыццё. Годна саступіў маладым сваё месца Сапега. На пераможным кані ад'ехаў ён у сваю нечаканую для ўсіх смерць, каб дагарэць паходняю ў вялікім сэрцы Радзімы і пакінуць пра сябе добрую памяць і славу. I калі звярнуцца да тэмы героя свайго часу, дык постаць Льва Іванавіча Сапегі і цяпер з'яўляецца добрым прыкладам служэння народу, захавання мовы і гістарычнай спадчыны шляхам стварэння прававога грамадства, назапашвання, памнажэння і захавання культурных каштоўнасцяў. I гэта не проста словы, за імі стаіць плённае і натхнёнае жыццё таленавітага творцы, выдатнага і мудрага дзяржаўнага дзеяча, дыпламата і палкаводца, прыхільніка прававой дзяржавы і мецэната, чулага бацькі і мужа – чалавека, які не шкадаваў свайго жыцця, каб траціць яго на дарогі і вайсковыя паходы, на кабінетную працу і адстойванне суверэнітэту сваёй дзяржавы. Ён бліскуча выканаў сваю місію на зямлі, а нам застаецца толькі з трапяткім пачуццём вялікай павагі прыгадаць асобныя факты ягонага жыцця, каб лепш зразумець той час і вызначыць свой далейшы шлях у кароткім прамежку гісторыі, дзе нам выпала жыць і з годнасцю здзяйсняць уласнае прызначэнне.


Раім таксама паглядзець:
Орда Напалеон. Шлях да Бацькаўшчыны
64.99 р.

Орда Напалеон. Шлях да Бацькаўшчыны

Перавыданне шыкоўнага фаліянта на амаль паўтысячы старонак, якое ўжо паспела было зрабіцца бібліяграфічнаю рэдкасцю!

Гэтая ўнікальная кніга-альбом – найбольш поўная беларускамоўная навуковая манаграфія пра знакамітага сына Палесся, выдатнага майстра алоўка, вядомага кампазітара і піяніста Напалеона Орду (1807 – 1883). Выдадзеная на дыхтоўнай паперы і багата аздобленая малюнкамі.

Бутэвіч Анатоль. Каралева не здраджвала каралю
3.49 р.

Бутэвіч Анатоль. Каралева не здраджвала каралю

Займальны аповед пра прыгоды і каханне 17-гадовай беларускай князёўны Соф’і Гальшанскай і 70-гадовага вялікага князя літоўскага і караля польскага Ягайлы, чацвёртае шлюбаванне якога адбывалася ў беларускім Новагародку ў лютым 1422 года. У выніку ў Польшчы запачаткавалася вядомая на ўсю Еўропу каралеўская Ягелонская дынастыя.

Дайнека Леанід. Назаві сына Канстанцінам
7.99 р.

Дайнека Леанід. Назаві сына Канстанцінам

У новым рамане “Назаві сына Канстанцінам” аўтар не здраджвае гістарычнай тэматыцы. Чытач перанясецца ў XV — XVI ст., у Рым, у Вялікае Княства Літоўскае, у Канстанцінопаль, які штурмуюць туркі-асманы. Заключныя сцэны рамана — славутая Аршанская бітва 8 верасня 1514 года, у якой гетман Канстанцін Астрожскі разграміў войска вялікага маскоўскага князя.