![]() |
6.99 р.
Вага: 560 г
Памеры: 170x260 мм
|
"Дзяслоў" 6 (79) '15. Лістапад—снежань 2015. Літаратурны часопіс.. — Мінск, 2015. — 336 с.
ISSN 2076-1309
Адзіны на ўсю Беларусь народны паэт Ніл Гілевіч адкрывае нумар сваёй навуковай знаходкай – старадаўняй беларускай паэмай XVI стагоддзя "Сходка нячысцікаў" аўтарства Юстына з Ліцьвіноў.
У адным з польскіх архіваў паэт знайшоў гэты не вядомы для айчыннага пісьменства эпічны твор, уразіўся яго мове, мастацкім вобразам і вырашыў перакласці паэму на сучасную беларускую мову.
Леанід Дранько-Майсюк распрацоўвае мала характэрны для сучаснай беларускай паэзіі жанр паэмы і прапануе два свае творы: "Праклён" і "Паязджане".
Анатоль Зэкаў у падборцы "Залівае дождж цябе, Айчына..." нямала радкоў прысвячае патрыятычнай тэме – напрыклад, бітве пад Оршай і бюракратычнаму Дню беларускага пісьменства.
З часу выдання сваёй кнігі "Дзверы, замкнёныя на ключы" Віталь Рыжкоў не друкаваў новых твораў. Нізка вершаў "Удары ў хвіліну" запаўняе гэты скразны прагал у сучаснай паэзіі.
Паэтка з Брусэля Маргарыта Тарайкевіч у падборцы "Актывіст эпохі Бакумацу" пераўвасабляецца ў японскага героя ХІХ стагоддзя, які жыве ў смутную для сваёй дзяржавы эпоху.
Паэт з Магілёва Дзмітры Дзмітрыеў у нізцы "Памяці герояў космасу" адыходзіць ад свайго паліндрамічнага амплуа і дрэйфуе ў бок малафарматнай постмадэрновай формы. У рубрыцы "Дэбют" свае вершы прапаноўвае Валерыя Данілевіч.
Лірычная частка нумара завяршаецца публікацыяй вершаў і перакладаў фіналістаў літаратурнага конкурсу "Экслібрыс".
Творы і перастварэнні друкуюць Валерыя Кустава, Алесь Емяльянаў, Яўгенія Асколкава, Ганна Комар, Аляксей Лабоцкі, Яна Мацюшава, Аліса Мініна, Арцём Сітнікаў, Ганна Станіславенка, Анхела Эспіноса Руіс.
Проза ў №79 "Дзеяслова" прадстаўлена цэлым шэрагам імёнаў, з якога выразна вылучаецца аповесць Уладзіміра Арлова "Танцы над горадам". Вельмі даўно Уладзімір Арлоў не цешыў чытача сваёй новай прозай і вось нарэшце задавольвае ягоныя чаканні. Байкі пра пісьменнікаў "Далёка ад радзімы", а менавіта пра Піліпа Пестрака, Івана Шамякіна, Антона Бялевіча і іншых, друкуе Алесь Кажадуб.
Падобным жа чынам падыходзіць да матэрыялу і Уладзімір Сіўчыкаў, публікуючы нізку "Бо гэта кроў мая!" з кнігі "Уладзевы гісторыі". З апавяданнямі выступаюць у нумары Вячаслаў Лапцік, Павел Ляхновіч і Сяргей Календа, а працягвае ці, можна сказаць, папярэднічае ім аповед "Праклёнышы" забытага аўтара нашаніўскага часу Лявона Гвазда, падрыхтаваны Юрасём Пацюпам.
Рэдкі для часопіснага фармату драматургічны твор прадстаўляе Іван Клімянкоў (містэрыя "Тунель"). У перакладной рубрыцы выступае літаратарка з Беласточчыны Міра Лукша – з перастварэннямі Тамаша Мельцарэка.
Да 100-годдзя аўтара, прадстаўніка беларускай эміграцыі ў Злучаных Штатах Амерыкі Міхася Кавыля "Дзеяслоў" друкуе падборку яго выбраных вершаў з прадмовай Ціхана Чарнякевіча. Тэму працягвае Наталля Гардзіенка з артыкулам "Усё прыходзіць па заслугах". Хроніка аднае сям’і ў Бельгіі (1958-1992)". Наступную частку незавершанай біяграфіі Уладзіміра Някляева публікуе Сяргей Шапран.
Раздзел інтэрв'ю прадстаўляюць Ілля Лапато ("Без беларускага радыё – няма беларускай культуры". Гутарка з Алегам Вінярскім) і Алесь Паплаўскі. ("На камянях квітнеюць кветкі..." Гутарка з Лявонам Валасюком). З крытыкай новых кніг Уладзіміра Сіўчыкава, Васіля Дэбіша і Наталлі Русецкай выступаюць адпаведна Пятро Васючэнка, Леанід Галубовіч і Наста Грышчук.
Завяршае нумар падборка мініяцюр Яўгена Рагіна "Мой жывот".
Змест нумара глядзіце на сайце часопіса "Дзеяслоў".