Дзюрэнмат Фрыдрых. Юстыцыя

Дзюрэнмат Фрыдрых. Юстыцыя
2.99 р.
Вага: 260 г
Памеры: 120x180 мм



Раман. Пераклад зь нямецкай Васіля Сёмухі. – Менск : VivaFutura, 2009. – 276 с.

ISBN 985-6056-39-1

Герой рамана "Юстыцыя" знанага швэйцарскага пісьменьніка Фрыдрыха Дзюрэнмата не гуляе з чытачом у розныя гульні, а адразу выкладвае ўсё як ёсьць, а таму ўжо спачатку чытач ведае, што яго напаткае далей. Дзякуючы такому эфэкту "спраўджанага чаканьня" (зрэшты, як і варта чакаць, аўтар усё ж умудраецца ў канцы падмануць чытача, пераварочваючы старанна выбудаваны сьвет дагары нагамі), а таксама спэцыфічнай манеры апавядальніка дзеяньне рамана то запавольваецца (бо хто будзе чакаць рэзкіх рухаў ад ап'янелага героя, якога цягне на разважаньні?), то паскараецца і робіцца імклівым, знаёмячы з усё новымі акалічнасьцямі простай, як на першы погляд, юрыдычнай справы. Здаецца, што можа быць прасьцей: на вачах у безьлічы сьведкаў забіты чалавек. Забойца – вядомая ўсім асоба. Нецікавы сюжэт, скажа любы аматар дэтэктываў. Нецікавы, калі толькі не ўнесьці ў яго элемэнт абсурду і не ўявіць, што напраўду вачам нельга даваць веры. Але не сваім вачам, а вачам сьведкаў. І тады ад абсурду не застанецца і сьледу – ці ён трывала ўвойдзе ў жыцьцё і зробіцца яго нормай. (Ганна Янкута)

Фрыдрых Дзюрэнмат


Пачатак раману

Гэты раман не заснаваны на фактах. Імёны, асобы, месца, дзеяньне прыдуманы аўтарам. Магчымае падабенства з сапраўднымі падзеямі, месцамі або асобамі, усё роўна – жывымі ці мёртвымі, мае чыста выпадковы характар.

I

Ну, вядома ж, пішу гэтую справаздачу толькі так, дзеля блізіру і парадку, з пэўнага пэдантызму, каб далучыць яе да справы. Я хачу прымусіць сябе яшчэ раз акінуць вокам увесь абсяг падзеяў, якія прывялі да апраўданьня забойцы і сьмерці невінаватага. Хацелася б яшчэ раз прадумаць крокі, на якія мяне змусілі, а таксама меры, якія я прыняў, і ўпушчаныя магчымасьці. Хачу яшчэ раз сумленна ўзважыць шанцы, якія, пэўна, яшчэ засталіся ў юстыцыі. Але перш за ўсё я пішу гэтую справаздачу таму, што маю час, шмат часу, два месяцы сама мала. Я толькі што вярнуўся з аэрапорта (бары, у якія я заскокваў па дарозе, не ў залік, мой цяперашні стан таксама значэньня ня мае. Я п'янюткі ў дрызіну, але да раніцы ачухаюся). Калі я вылез са свайго "фольксвагена" і зьняў з засьцерагальніка рэвальвэр, велізарная машына з доктарам honoris causa Ісакам Колерам з ровам паднялася ў начное неба і ўзяла курс на Аўстралію. Гэта быў адзін з геніяльных трукаў старога, калі ён перад адлётам патэлефанаваў мне; яму хутчэй за ўсё было вядома, што я задумаў, як яно і ўсім было вядома, што ў мяне няма грошай, каб ляцець сьледам за ім.

Таму нічога іншага мне не застаецца, як толькі чакаць, калі ён вернецца, бадай што, недзе так месяцы ў чэрвені, а можа, у ліпені, піць, часта або зрэдзь, як на тое станецца маіх фінансаў, і пісаць, пісаць – адзіны занятак, які яшчэ можа сабе дазволіць збанкрутаваны адвакат.

Але ў адным кантанальны радца памыліўся: час не сатрэ ягонага злачынства, не змаліць яго і маё чаканьне, маё п'янства яго не залье, не апраўдаюць і мае запісы. Калі я раскрываю ўсю праўду, дык замацоўваю яе ў сваёй памяці, раблю сам сябе здольным калі-небудзь, у чэрвені, як я ўжо сказаў, або ў ліпені, якая розніца, калі б ён ні вярнуўся (а ён такі вернецца), будзь я тады п'яны ці цвярозы, зрабіць свядома і пры поўнай памяці тое, што зьбіраўся зрабіць у стане афэкту. Маё паведамленьне – ня толькі абгрунтаваньне, але і падрыхтоўка забойства. Забойства справядлівага.

Працьверазеўшы ў сябе ў кабінэце, я пастанавіў: справядлівасьць можна цяпер аднавіць толькі праз злачынства. І пасьля яго ўжо будзе непазьбежна – пакончыць з сабою. Я зусім не зьбіраюся такім чынам ухіляцца ад адказнасьці, наадварот, – толькі так я і адкажу за свой учынак, хай сабе не юрыдычна, дык, прынамсі, па-людзку. Ведаючы ўсю чыстую праўду, я даказаць яе не магу. У мяне няма сьведкаў у галоўным. Але калі я па сваёй волі сыду з жыцьця, мне павераць і бязь сьведкаў. Я іду на сьмерць ня як навуковец, які, зрабіўшы экспэрымэнт на самім сабе, забівае сябе ў імя навукі, не, я паміраю таму, што прадумаў сваю справу да канца.


Пасьляслоўе

Я пачаў пісаць "Юстыцыю" ў 1957 годзе і разьлічваў закончыць раман за некалькі месяцаў. Але тут умяшалася іншая праца – "Франк V", а "Юстыцыя" засталася ляжаць. Далейшыя спробы вярнуцца да раману закончыліся няўдачай, апошні раз – у 1980 годзе; ён павінен быў стаць трыццатым томам збору маіх твораў. Але выпала няўдача: спрабуючы прадоўжыць дзеяньне, я ніяк ня мог успомніць, як яно ў мяне было задумана. Увесну 1985 году Даніэль Кіль прапанаваў мне выдаць "Юстыцыю" ў выглядзе фрагмэнту. Я згадзіўся без ваганьняў, рашыў дапісаць яшчэ адзін асноўны разьдзел, але пасьля пачаў перапісваць і дапаўняць раман, зьмяніўшы пачатковую задуму. У завяршэньне хачу падзякаваць Шарлоце Кер, сваёй жонцы. Ёй я абавязаны каштоўнымі парадамі, як і нястомнай, крытычнай увагай да маёй працы.

Ф. Д.

 

Пра аўтара

Фрыдрых Дзюрэнмат (Friedrich Dürrenmatt, 1921 – 1997) – швайцарскі драматург, бэлетрыст і эсэіст, нарадзіўся ў Кональфінгене, кантон Бэрн, у сям'і пратэстанцкага сьвятара. Вывучаў у Бэрне і Цюрыху тэалёгію, філязофію, прыродазнаўчыя навукі, мастацтва і літаратуру. З 1952 г. – вольны літаратар. У 1959 г. атрымаў шылераўскую прэмію гораду Мангайму, за якою пасьледавалі іншыя ганаровыя прызнаньні на радзіме і за мяжою. З 1969 г. зь невялікімі перапынкамі працаваў загадчыкам літаратурнай часткі, рэжысэрам і чальцом дырэктарату тэатру ў Базэлі, пры гэтым займаўся журналістыкай.

Хоць Дзюрэнмат напісаў некалькі твораў мастацкай прозы і некаторыя зь іх ("Судзьдзя і ягоны кат" – 1952, "Падазрэньне" – 1952, "Аварыя" – 1956) прынесьлі яму эўрапейскую вядомасьць, ягоная слава грунтуецца ў першую чаргу на дасягненьнях у драматургіі. Вызначальным крокам для Дзюрэнмата была ягоная палеміка з тэорыяй тэатру і пастановачнай практыкай Бэртальда Брэхта. Першы сапраўдны значны посьпех на сцэне прынесьлі яму камэдыі "Жаніцьба пана Місісіпі" (1952), і "Анёл ляціць у Вавілон" (1953). У 1956 г. зьявілася зьедлівая сатыры, амаль сэнсацыйная "трагічная камэдыя" "Візыт старой дамы", зь якою Дзюрэнмат зьдзейсьніў канчатковы прарыў у тэатар. І пазьней бадай самая славутая камэдыя "Фізыкі" (1962), якая з трыюмфам прайшла па сцэнах сьвету, сваёй арыгінальнай формай і пастаноўкай прымусіла грамадзкасьць прыслухацца да голасу Дзюрэнмата і безагаворачна прызнаць заваяваныя ім пазыцыі. У кнізе "Праблемы тэатру" (1955) Дзюрэнмат кажа, што камэдыя ёсьць адзіная драматычная форма, якая ў век атама можа ўвачавідніць трагічнае, скептычна-іранічна апэлюючы да інтэлекту сваіх гледачоў. Дзюрэнмат парадыйнымі сродкамі ставіць перад люстрам прадстаўнікоў буржуазнага грамадзтва, якіх фіксуе пераважна ў экстрэмальных сытуацыях.

Не абышла сваімі ўплывамі творчасьць Дзюрэнмата і Беларусь, паслужыўшы на дабро нашай тэатральнай культуры. А на сцэне Нацыянальнага опэрнага тэатру з посьпехам ідзе опэра беларускага кампазытара С. Картэса "Візыт старой дамы". Друкаваўся на беларускай мове і кароткі раман Дзюрэнмата "Аварыя" ("Крыніца", №48. 11-1998 г.). Праблема цынізму ў палітыцы і юрыспрудэнцыі надзвычай актуальная ў сучаснай Беларусі.

Падрабязьней пра аўтара + пераклад на беларускую ягонае п'есы "Партрэт Планеты (Porträt eines Planeten)" ў часопісе ПрайдзіСвет.


Раім таксама паглядзець:
Гофман Эрнст Тэадор Амадэй. Курдупель Цахес... et cetera, et cetera, et cetera
6.99 р.

Гофман Эрнст Тэадор Амадэй. Курдупель Цахес... et cetera, et cetera, et cetera

Добрая фэя Розабэльвэрдэ з жалю зачароўвае выродлівага целам і душой курдупеля Цахеса, так што большасьць людзей, пераважна філістэры, перастаюць заўважаць яго выродзтва. Цяпер людзі цягнуцца да яго. Любая годная ўхвалы справа, зьдзейсьненая ў яго прысутнасьці, прыпісваецца яму...

Гамбровіч Вітальд. Ferdydurke
4.99 р.

Гамбровіч Вітальд. Ferdydurke

Раман / Пер. з польск. Васіля Сёмухі. — Мінск: Калегіюм Еўропы Усходняй імя Яна Новака-Езёраньскага; Зміцер Колас, 2009.— 266 с.— (Littera scripta).

2.99 р.

Гюле Павел. Мэрсэдэс-Бэнц

Раман, апавяданьні / Пераклад з польскай М. Шоды. — Мінск: І. П. Логвінаў, 2007. — 248 с.