Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх з 10.00 да 18.00 па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
І ў сацыяльных сетках: Facebook ці ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Дзмітрыеў Генадзь. На скразняках лёсу

Дзмітрыеў Генадзь. На скразняках лёсу
2.34 р.
Вага: 580 г
Памеры: 145x210 мм



Мінск, 2009. – 356 с. – Цвёрдая вокладка.

Можна спавядацца пра былое родным ці святарам. Можна перапісаць перажытае нуднымі радкамі ў тоўстыя сшыткі, якія той-сёй з блізкіх, можа, і пагартае. А можна перанітаваць усё тое ў кранальную кнігу – пад адной вокладкай і біяграфію (сваю, свайго пакалення і свайго часу), і мемуары, і ўспаміны, і аповесць-летапіс, і раман-сведчанне. На тое хапае і часткова выдуманага, і амаль рэальнага лёсу Рыгора Аўласёнка, аб тым – яго ваеннае дзяцінства, філфакаўскае студэнцтва, настаўніцкае сталенне, узвеўная творчасць-паэзія, сталічная праца – ажно да звышрэалістычнага захопу менскага Дома літаратара ды ліквідавання незалежных літчасопісаў. Многія пазнаюць у тэксце сябе: і светлыя героі, і героі шэрыя.

ЗМЕСТ

СЯРГЕЙ ЗАКОННІКАЎ. Праўда застаецца

НА СКРАЗНЯКАХ ЛЁСУ

"ПІТ"
"Zwanzig mnuten"
Цяжкі грэх
Чалавек з мамінай легенды
Неяк выжывем
Трымай язык за зубамі
Настырны прымак
Бог ёсць!
"И остави нам долги наши…"
Ахвяра культу асобы
Цыпкі і клапы
Пераемнасць пакаленняў
"Не праціўся, Рыгорка..."
Усімі праўдамі і няпраўдамі
Ніякія адносіны
І зайграла душа
"Палітычная дыверсія"
Маленькі чалавек са светлай душой
Настаўніца Божай ласкаю
Зрабіць крок першым
Ненаўмысная помста
Старшынёў самасуд
"Вада на буржуазную мельніцу"
Шлях у навуку
Сабачае жытло
Пад гарачую руку.
На гасцінах у дзеда
"Дзве душы, як спарышы..."
Ні ў якія вароты
Няўдалая вандроўка
Коштам Рыгоравай здрады
Прафесар на дзесяць хвілін
"На общих основаннях..
Прагукай, прашапчы, напішы
Без віны вінаваты
Чыннікі салдацкіх лёсаў.
Лісты - праменьчыкі надзеі
3 дзённіка вайскоўца Р. Аўласёнка
Туга і адзінота
3 дзённіка вайскоўца Р. Аўласёнка
Як міражы ў акіяне
3 дзённіка вайскоўца Р. Аўласёнка
Усяго адзін крок
Я вярнуся да вас!
Двойчы звольнены ў запас
Самая лепшая і перадавая
Усё ў Вас атрымаецца
Жыццё ў палосачку.
3 дзённіка настаўніка Р. Аўласёнка
Прыгажосці зямной куточак
Незапатрабаваныя
Ёсць сігнал!
Галасу Галасава
"Ты меня ещё попомнишь!.."
3 дзённіка настаўніка Р. Аўласёнка
Сядзем радком, паталкуем ладком
А ў душы шкрабуцца кошкі
Аповед невідушчага музыкі
Нахабны ген
3 дзённіка настаўніка Р.Аўласёнка
"Глыбокая філасофія на плыткім месцы"
І просіцца душа на волю
"Со всеми вытекающими последствиями..."
Выклік багам
Нашэсце візіцёраў
У кожнага месца - свой дух
3 дзённіка карэспандэнта-арганізатара Р. Аўласёнка
Ах, гэтае вяселле!
Паміж небам і зямлёй
На тое ёсць прысяга
Хлусня ў імя дабра
Афганскі рыкашэт
3 лістоў воіна-інтэрнацыяналіста А. Аўласёнка
Прайдзі жывым, салдат!
Чый доўг і каму?
Рубцы на бацькоўскіх сэрцах
"Прымаю віншаванні..."
Дзесяты культурны пласт.
На сонечнай палавіне
Як у жудасным сне
Маё каханне, мой дакор
"Не давайце святога сабакам..."
3 дзённіка літкансультанта Р. Аўласёнка
Знайсці сваё
I бедныя таксама плачуць
Свята ў гонар злога духа
Да Боскага святла

ЖУРБОТНЫЯ АПОВЕДЫ

Апраметная
Як у Жучкі пад дупкай
Жыцьмем!

ПАДАРОЖНАЕ

Дарогі і людзі
"Казённы чалавек"
Здарожылася
Андатравая шапка
3 яловага куста
Зялёнае сонца

Праўда застаецца

Знаёміўся з рукапісам кнігі Генадзя Дзмітрыева "На скразняках лёсу" і зноў лавіў сябе на думцы, што цяпер без вагання адсоўваю ўбок мастацкі раман або аповесць, аддаючы перавагу цікавым мемуарам, успамінам, дзённікам, а таксама публікацыям архіўных дакументаў.

Відаць, прычынаю стала не толькі прыкметна размытая, заняпалая якасць сучаснага прыгожага пісьменства, але і ўзрост, салідны стаж апантанага паглынальніка мастацкіх кніг. Чытана-перачытана шмат.

Пасля больш-менш грунтоўнага засваення літаратурнай класікі стаў пераборлівым. Дзіўлюся, захапляюся чыста мастацкімі кнігамі рэдка. Праўда, не абыходзіцца без выключэнняў. Апошнім часам французская, іспанская, японская літаратуры зноў заявілі пра сябе бліскучымі апавядальнікамі новага пакалення, а таму гэтыя творы стараюся не абмінаць.

Што тычыцца мясцовых літаратурных абсягаў, то мяне прыцягваюць якраз згаданыя дакументальныя жанры літаратуры, тое, што напісана, надрукавана літаратурна адоранымі суайчыннікамі ў замежжы і тут – на беларускім мацерыку.

Кніга Генадзя Дзмітрыева – не дакладна дакументальная. Аўтар пакінуў за сабою права дзе-нідзе пакарыстацца фантазіяй. Але гэты аспект у ёй – не галоўны, не вызначальны.

Пісьменнік змог з першых старонак абудзіць мой чытацкі інтарэс тым, што выявіў свет, які блізкі, родны мне самому. Па- першае, мы з аўтарам нарадзіліся ў сярэдзіне грозных саракавых гадоў XX стагоддзя. Ён у час крывавай вайны (1943), я – адразу пасля яе (1946). А таму, вырастаючы на папялішчах, у зямлянках, у нягеглых хацінках, у голадзе і холадзе, мы глядзелі на акаляючае жыццё і бачылі яго, калі не аднолькава ў канкрэтных дэталях, то аналагічна па-сутнасці. Другой прычынаю зацікаўленасці стала геаграфічная прывязка. Калыскаю маленства яму і мне была Віцебшчына, небагатая на ўраджаі, але надзвычай маляўнічая беларуская зямля. Тут праходзіла і наша юнацтва. Па-трэцяе, за плячыма - філалагічны факультэт БДУ. Тое, што затым Генадзь доўгі час працаваў у школе, а я крыху паспытаў настаўніцкага хлеба і быў прымушаны абставінамі перайсці на журналісцкую сцежку, не развяло нас у поглядах, у стаўленні да жыцця.

Значна пазней нашы шляхі перасекліся: разам працавалі ў рэдакцыі часопіса "Полымя", дзе мне давялося бачыць, як раскрываліся высока прафесійныя рэдактарскія, арганізатарскія і выдатныя чалавечыя якасці Генадзя Дзмітрыева. Усё разам і паспрыяла прачытанню кнігі сябра. як кажуць, на адным дыханні.

Першае, пра што падумалася, перагортваючы апошнюю старонку, дык гэта пра ёмістасць лёсу, які выпаў нашаму пакаленню, на глабальныя падзеі, пра вагомасць перажытага. Малымі дзецьмі мы заспелі сталінскую дыктатуру: бачылі "чорныя варанкі", бясследнае знікненне людзей, катаржную працу "за палачку" ў калгасах. Пры хрушчоўскай "адлізе" вучыліся ў школе і адначасова зараблялі першыя, сціплыя грошы, каб дапамагчы бацькам, каб падтрымаць мізэрны бюджэт сям'і. Наш універсітэцкі час прыпаў на ўмацаванне ў савецкай краіне "мяккага таталітарызму". Пад прэсам жорсткага ідэалагічнага дыктату мы жылі ў сталым узросце. А потым на нашых вачах развалілася савецкая імперыя, на ўскраінах якой узніклі незалежныя дзяржавы. У тым ліку і Рэспубліка Беларусь.

Што казаць, наша пакаленне стала сведкам працяглага бурлівага часу. Але кожнаму чалавеку заўсёды здаецца, што ягонае асобнае, канкрэтнае жыццё пралятае імгненна. Пераканаліся ў гэтым і мы. Пара ўспамінаць, асэнсоўваць, падводзіць рахункі надыходзіць сапраўды хутка і неспадзявана.

Пра станоўчыя якасці кнігі Г. Дзмітрыева можна гаварыць доўга. Але я пазначу самае важнае. Найгалоўная заслуга аўтара ў тым, што яму ўдалося выхапіць з жыцця і зафіксаваць літаратурнымі сродкамі цэлую галерэю унікальных, каларытных чалавечых вобразаў, характараў. Гэта тычыцца рознага асяроддзя, у якім давялося яму жыць і працаваць: усходняя і заходняя беларуская вёска, сталічны горад; сялянства, настаўніцтва, творчая інтэлігенцыя.

У кнізе выразна выяўляецца адразу дар самабытнага паэта і мастака-рэаліста – заўважаць цікавую жыццёвую канкрэтыку, дакладную і адначасова сімвалічную дэталь. Вялікі россып іх прысутнічае на старонках выдання. Такія сапраўдныя залацінкі не здольная прыдумаць ніякая пісьменніцкая фантазія.

Кніга дакладна высвечвае грамадзянскую пазіцыю аўтара, у якой мне, напрыклад, надзвычай імпануе ўзвялічванне ў людскім жыцці справядлівасці, пастаяннае імкненне да яе. Гуманістычны пафас разваг Генадзя Дзмітрыева асабліва важны для сучаснага беларускага грамадства, якое пад новым дыктатам, гвалтам перажывае сёння нялепшы час. Сапраўды, той, хто не слепне ад маніі сваёй велічы, не заплывае, як самазадаволены парсюк, тлушчам багацця, заўсёды знітоўвае асабістае шчасце са светлай доляй астатніх людзей, свайго народа.

Любая кніга такога жанру – рэч суб'ектыўная. Па некаторых пытаннях, ацэнках з'яў, падзей можна дыскутаваць з аўтарам. Але ён убачыў жыццё якраз такім. Як чытач, я паверыў яму і дзякую за таленавітае дакументальна-мастацкае палатно.

Генадзь Дзмітрыеў напісаў сумленную, праўдзівую кнігу. Я ўпэўнены ў тым, што не толькі пісьменнік, а любы чалавек, які хоць крыху адораны літаратурным умельствам, абавязаны занатаваць свой лёс. Усе мы павінны быць, хай сабе сціплымі, але летапісцамі. Праўда пра час, пражыты кожным пакаленнем, якраз і застаецца ў такіх споведзях-сведчаннях, якія напісаны не на глебе кан'юнктуры, не згодна заказу, а свабоднай, мудрай, разважлівай і шчырай душою.
 
Генадзь Дзмітрыеў нарадзіўся 18.10.1943 г. у вёсцы Злыднікі (цяпер Першамайка) Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і служачых.

Пасля заканчэння Бычыхінскай сярэдняй школы (1959) працаваў загадчыкам клуба рабочай моладзі на Бычыхінскім ільнозаводзе, рабочым на будоўлі ў Менску. Вучыўся на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1961-1964, скончыў завочна ў 1970), служыў у Савецкай Арміі (1964-1967). У 1967-1974 гг. настаўнічаў у Варанчанскай сярэдняй школе Карэліцкага раёна. З 1974 г. - карэспандэнт-арганізатар, затым намеснік дырэктара, а з 1988 г. - дырэктар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР. Сябра СП СССР з 1979 г.

Узнагароджаны медалём.

Першы верш надрукаваў у езярышчанскай раённай газеце "Калгасная вёска" ў 1959 г., у наступным годзе вершы з'явіліся ў рэспубліканскім друку (газета "Чырвоная змена"). Аўтар зборнікаў вершаў "Гарады на далонях" (1974), "Азярыны" (1980) і кнігі для дзяцей "Птушка Сінязорка" (1976).

Сын пісьменніка, Юрый Дзмітрыеў, грае ў легендарным этна-калектыве "Троіца".


Раім таксама паглядзець:
2.72 р.

Законнікаў Сяргей. Дол

вершы i паэмы / Прадм. В. Быкава, Б. Кіта. — Мінск: Галіяфы, 2008. — 496 с. Цвёрдая вокладка.

Арлоў Уладзімер. Імёны Свабоды
6.49 р.

Арлоў Уладзімер. Імёны Свабоды

Аўдыёвыданьне дапоўненае новымі гістарычнымі партрэтамі, якіх няма ў папяровым выданьні кнігі. Таксама дыск зьмяшчае мультымэдыйны файл, які ўтрымлівае ілюстрацыі і дапрацаваныя ранейшыя тэксты, агулам 266 постацяў беларускай свабоды XVIII – XXI стагодзьдзяў.

Тарас Валянцін. На высьпе ўспамінаў
4.99 р.

Тарас Валянцін. На высьпе ўспамінаў

Валянцін Тарас – празаік, паэт, публіцыст, перакладчык. У сваіх мэмуарах, поўных важкіх дэталяў і трапных апісаньняў, пісьменьнік запрашае нас у прастору, дзе жылі Якуб Колас, Уладзімер Караткевіч, Васіль Быкаў, Яўгенія Янішчыц...