Джойс Джэймс. Уліс

Джойс Джэймс. Уліс
1.60 р.
Вага: 500 г
Памеры: 145x210 мм



Частка 1. Пераклад Яна Максімюка / Ulysses by James Joyce. – Беласток, 1993. – 400 с.

ISBN 83-85918-01-9

Найвядомейшы раман ірляндзкага пісьменьніка, які пісаўся "плыньню сьвядомасьці" на працягу больш як сямі год, друкаваўся часткамі ў амэрыканскім часопісе "The Little Review" з 1918 па 1920 і быў выдадзены цалкам у Францыі 2 лютага 1922. На Бацькаўшчыне пісьменьніка раман пабачыў сьвет у 1939 годзе, упершыню па-беларуску ў перакладзе Яна Максімюка ў 1993 годзе.

ЗМЕСТ

1.

Telemachus
Nestor
Proteus
Calypso
The Lotus-Eaters
Hades
Aeolus
The Lestrygonians
Scylla and Charybdis
The Wandering Rocks
The Sirens
The Cyclops
Nausicaa


Telemachus (фрагмэнт з кнігі)

САМАВІТЫ, ПУЛЬХНЫ БЫК МАЛІГАН ВЫСУНУЎСЯ зь лесьвічнага прахону, несучы ў руках місачку з мыльнаю пенай, на якой ляжалі наўскрыж люстэрка й брытва. Лагодны ранішні павеў зьлёгку ўзьнімаў крысьсё ягонага неаперазанага жоўтага халата. Ён падняў місачку перад сабой і заінтанаваў:

– Introibo ad altare Dei[1].

Прыпыніўшыся, ён глянуў долу, у змрок вітых сходаў, і сіпла паклікаў:

– Выходзь, Кінч. Выходзь, страхотны езуіт.

Ён урачыста падаўся дапераду і ўзыйшоў на круглую гарматную пляцоўку. Разгледзеўшыся па бакох, з паважным выглядам тройчы пабагаславіў вежу, навакольны край і горы, што прачыналіся ад сну. Потым, згледзеўшы Стывэна Дэдала, нахіліўся да яго й пачаў чыніць шпаркія знакі крыжа ў паветры, булькатліва пагыркваючы й пахітваючы галавою. Стывэн Дэдал, незадаволены й заспаны, усьпёрся локцямі на апошнюю прыступку й глянуў халодным позіркам на выцягнутае конскае аблічча, што яго багаслаўляла, пагыркваючы й пахітваючыся, ды на валасы без танзуры, усыпаныя крапінкамі й сьветлыя адценьнем яснага дубу.

Бык Маліган зіркнуў пад люстэрка й хуценька прыкрыў ім місачку.

– Назад у казарму! – строга выгукнуў ён.

І тонам прапаведніка дадаў:

– Бо гэта, о любасныя, ёсьць праўдзівая Эвахрысьця: цела й душа, кроў і вава. Павольную музыку, калі ласка. Прашу заплюшчыць вочы, спадары. Адну хвілінку. Маленькі клопат з гэтымі белымі крупінкамі. Усе змоўкніце.

Ён скоса паглянуў угору й даў нізкі поклічны сьвіст, а потым хвілю якую чакаў у шчасным засяроджаньні. Ягоныя роўныя белыя зубы сямтам паблісквалі залацістымі кропкамі. Залатавусны. У цішы адказалі два моцныя, пранізьлівыя сьвісткі.

– Дзякую, стары, – бадзёра адгукнуўся ён. – Гэтага дастаткова. Выключы ток, калі ласка.

Ён саскочыў з гарматнай пляцоўкі й паважна паглядзеў на свайго назіральніка, зьбіраючы вакол ног складкі шырокага халата. Пульхны змрочны твар і авальнае панурае падбародзьдзе нагадвалі прэлата, сярэднявечнага апекуна мастацтваў. На ягоных вуснах зьявілася прыемная ўсьмешка.

– Курам на сьмех, – сказаў ён весела. – Гэтае тваё недарэчнае прозьвішча, як у старажытнага грэка.

Ён тыкнуў пальцам зь сяброўскім насьмехам і пайшоў да парапэту, пасьмейваючыся пад носам. Стывэн Дэдал узабраўся наверх і млява рушыў за ім, але на паўдарозе прысеў на ўскрай пляцоўкі й адтуль назіраў, як той, паставіўшы люстэрка на парапэце й абмакнуўшы пэндзлік у місачцы, намыльвае сабе шчокі й шыю.

Вясёлы голас Быка Малігана працягваў:

– Маё прозьвішча таксама недарэчнае: Малахі Маліган, два дактылі. Але ў ім чуваць нешта элінскае, праўда? Нешта жвавае й сонечнае, як той жа самы бык. Нам трэба зьезьдзіць у Атэны. Паедзеш, калі мне ўдасца растрэсьці цётку на дваццаць фунтаў?

Ён адклаў пэндзлік і, расьсьмяяўшыся ад захапленьня, усклікнуў:

– Дзе ж ён паедзе? Замораны езуіт!

Замаўчаўшы, ён пачаў уважліва галіцца.

– Скажы мне, Маліган, – ціха азваўся Стывэн.

– Што, мой любы?

– Ці доўга яшчэ Хэйнс будзе жыць у вежы?

Бык Маліган паказаў над правым плячом выгаленую шчаку.

– Божа, ці ж не кашмарны тып? – прызнаўся ён. – Тупадумны сакс. Ён уважае, што ты не джэнтльмэн. Божа, гэтыя гідкія ангельцы. Іх ажно разьдзімае ад грошай і запораў. А ўсё таму, што ён з Оксфарду. Ведаеш, Дэдал, гэта ты маеш сапраўдныя оксфардзкія манэры. Ён ня можа цябе ніяк раскусіць. Во, найлепшае ймя табе прыдумаў я: Кінч – лязо нажа.

Ён асьцярожна галіў падбародак.

– Ён усю ноч трызьніў нейкую чорную пантэру, – сказаў Стывэн. – Дзе ён трымае зброю?

– Няшчасны вар’ят, – сказаў Маліган. – А ты хапіў перапуду?

– Яшчэ якога, – пацьвердзіў Стывэн з жарам і подступам новага страху. – На гэтым адлюдзьдзі, у цемры, зь незнаёмым чалавекам, які трызьніць і енчыць, што трэба застрэліць чорную пантэру. Ты ратаваў тапельцаў. А я, сам ведаеш, не з герояў. Калі ён тут застанецца, я адыходжу.

Бык Маліган нахмарыўся, разглядаючы пену на лязе брытвы. Саскочыўшы з свайго седала, ён пачаў пасьпешліва ператрасаць кішэні нагавіцаў.

– Ходу! – буркнуў ён праз зубы.

Падыйшоўшы да гарматнай пляцоўкі, ён засунуў руку ў Стывэнаву верхнюю кішэню й сказаў:

– Дазвольце нам пазычыць вашу смаркатку каб выцерці нашу брытву.

Стывэн пакорліва даў яму выцягнуць і разгарнуць напаказ трыманую за ражок брудную й пакамячаную хустачку. Бык Маліган дбайна выцер лязо брытвы. Потым, спаглядаючы на хустачку, ён сказаў:

– Вось смаркатка барда. Новае мастацкае адценьне нашым ірляндзкім паэтам: смаркатазялёнае. Амаль што адчуваеш смак, праўда?

Ён зноў падыйшоў да парапэту й зірнуў удалеч, на Дублінскі заліў. Ягоныя сьветлыя, пад адценьне яснага дубу, валасы лёгка заварушыліся.

– Божа, – сказаў ён ціха. – Ці ж мора ня ёсьць тым, чым назваў яго Элджы: вялікай ласкавай маці? Смаркатазялёнае мора. Яйцашчымлівае мора. Epi oinopa ponton[2]. Ах, Дэдал, тыя грэкі! Я мушу цябе навучыць. Ты павінен чытаць іх у арыгінале. Thalatta! [3] Наша вялікая ласкавая маці. Хадзі сюды й паглянь.

Стывэн устаў і падыйшоў да парапэту. Усьпёршыся на ім, ён глянуў уніз на ваду й паштовую лодку, якая выходзіла з прыстані Кінгстаўну.

– Наша магутная маці, – сказаў Бык Маліган.

Раптам ён адвёў вялікія дапытлівыя вочы ад мора й паглядзеў Стывэну ў твар.

– Мая цётка ўважае, што ты забіў сваю маці, – сказаў ён. – Таму яна ня хоча, каб я ўвогуле меў нейкія дачыненьні з табою.

– Хтосьці яе забіў, – панура сказаў Стывэн.

– Халеру б на цябе, Кінч, ці ж ня мог ты стаць на калені, калі маці памірала й прасіла? – сказаў Бык Маліган. – Я сам ня горшы гіпэрбарэйнік за цябе. Але ж падумаць адно, маці апошнім дыхам упрошвае цябе стаць на калені, згаварыць малітву за яе, а ты адмаўляесься. Ёсьць у табе нешта злавеснае...

Ён замаўчаў і пачаў намыльваць другую шчаку. Паблажлівая ўсьмешка скрывіла яму вусны.

– Затое знакаміты блазан, – прамармытаў ён самому сабе. – Кінч, найзнакамітшы з усіх блазнаў.

Галіўся ён роўна й асьцярожна, моўчкі, паважна.

Стывэн, усьпёршы локаць на пашчэрблены граніт, прыклаў далонь да чала й глядзеў на абшарпаны край свайго зашмальцаванага чорнага рукава. Боль, што яшчэ ня быў болем любові, даймаў яму сэрца. Ціха, у сьне, яна прыйшла да яго пасьля сьмерці, яе змарнелае цела ў шырокім карычневым пахавалным убраньні тхнула водарам воску й ружовага дрэва, яе дыханьне, калі яна нахілялася над ім зь нямым дакорам, авейвала тленнай сырасьцю. Панад працёртай манкетай ён бачыў мора, якое сыты голас побач зь ім усхваляў як вялікую й ласкавую маці. Кола заліву й небасхілу абдымала цьмяназялёную масу вадкасьці. Белая парцалянавая міса ля яе сьмяротнага ложа абдымала зялёную глейкую жоўць, якую яна вырвала са свае гнілое печані ў прыступах пакутлівага, з гучнымі стогнамі, ванітаваньня.

Бык Маліган зноўку выцер брытву.

– Ах, бедачынасабака, – паспачуваў ён. – Я павінен табе даць кашуліну ды хоць пару смаркатак. А як там тыя штонікі з другіх рук?

– Падыйшлі няблага, – адказаў Стывэн.

Бык Маліган атакаваў выемку пад ніжняю вусьнінай.

– Курам на сьмех, – сказаў ён задаволена. – Лепш было б казаць – з другіх ног. Бог адзін ведае, які пранцаваты валацуга іх пазбыўся. Я маю ладную пару шэрых, у вузкую палосачку. У іх ты мог бы пафарсіць. Я не жартую, Кінч. Ты халерна добра выглядаеш, калі прыстойна апранесься.

– Дзякую, – сказаў Стывэн. – Калі яны шэрыя, я іх не магу насіць.

– Ён іх ня можа насіць, – сказаў Бык Маліган свайму твару ў люстэрку. – Этыкет ёсьць этыкет. Ён заб’е сваю маці, але шэрых нагавіцаў не апране.

Ён акуратна склаў брытву ды, лёгка дакранаючыся кончыкамі пальцаў, паспрабаваў гладкасьць скуры.

Стывэн перавёў позірк з мора на пульхны твар з дымнасінімі рухавымі вачмі.

– Той тып, зь якім учора вечарам я сядзеў у "Караблі", – сказаў Бык Маліган, – уважае, што ў цябе АПВ. Ён цяпер у Коналі Нормана, у Псыхінічах. Агульны паралюш з вар’яцтвам.

Ён апісаў люстэркам паўкруг у паветры й разаслаў гэтую зьвестку на ўвесь сьвет, адбіўшы сонечныя промні, што зьзялі над морам. Засьмяяліся ягоныя скрыўленыя выгаленыя вусны й кончыкі зіхатлівых белых зубоў. Сьмех ахапіў усё ягонае дужае, добра складзенае тулава.

– Паглянь на сябе, – сказаў ён,– ты жудасны бардзе.

Стывэн нахіліўся й зірнуў у працягнутае яму люстэрка, падзеленае крывой расколінай: валасы дыбам. Як бачыць мяне ён і ўсе іншыя. Хто выбраў мне гэты твар? Гэтую пысу бедачынысабакі, якую трэба ачысьціць ад гнідаў. Яна ў мяне таксама пытаецца.

– Я сьцягнуў яго ў пакаёўкі, – сказаў Бык Маліган. – Яно ёй акурат пасуе. Цётка дзеля Малахі заўсёды наймае нейкую брыдоту. Не ўвядзі яго ў спакусу. Дый завецца яна Урсула.

Зноў расьсьмяяўшыся, ён адняў люстэрка ад пільнага позірку Стывэна.

– Гнеў Калібана, які ня можа ўгледзець свайго твару ў люстры, – сказаў ён. – Шкада, што Ўайлд не дажыў, каб цябе пабачыць.

Адступаючыся й паказваючы на люстэрка, Стывэн сказаў з горыччу:

– Гэта сымбаль ірляндзкага мастацтва. Расколатае люстэрка пакаёўкі.

Неспадзявана, Бык Маліган падхапіў Стывэна пад руку й рушыў зь ім кругам па вежы, пабразгваючы брытвай і люстэркам, упіхнутымі ў кішэню.

– Нягожа так табе дакучаць, Кінч, праўда? – прамовіў ён дабразычліва. – Бачыць жа Бог, што ў цябе больш клёку, чымсьці ў каго іншага.

Яшчэ раз адбіўся. Баіцца лянцэту майго мастацтва так, як я баюся ягонага. Халодная сталь пяра.

– Расколатае люстэрка пакаёўкі. Скажы гэта таму оксфардзкаму бугаю там нанізе й вытрасі зь яго гінэю. Ён сьмярдзіць грашмі і ўважае, што ты не джэнтльмэн. А ягоны ж стары набіў сабе каліту, прадаваўшы зулусам дрыстагон ці то махляваўшы яшчэ нечым іншым. Божа мой, Кінч, калі б мы з табою ўзяліся за справу супольна, дык нешта зрабілі б для гэтага вострава. Элінізавалі б яго.

Рука Крэнлі. Ягоная рука.

– І падумаць толькі, што табе даводзіцца жабраваць у гэтых сьвіней. Я адзіны ведаю, хто ты такі. Чаму ты так мала мне давяраеш? Чаму настабурчыўся супроць мяне? Гэта Хэйнс? Хай толькі піскне, а прыцягну сюды Сэймура, і мы дамо яму дыхту яшчэ дыхтоўней, чымсьці некалі далі Клайву Кэмптарпу.

Юнацкія крыкі заможных галасоў на кватэры Клайва Кэмптарпа. Бледнатварыя: трымаюцца за бакі ад рогату, хапаюцца адзін за аднаго, ах, сканаю! Асцярожна перадай ёй гэтую навіну, Обры! Зараз памру! Ашмоткі парэзанай кашулі павяваюць стужкамі ў паветры, нагавіцы аб’ехалі на шчыкалаткі, а ён скачаспатыкаецца вакол стала, уцякаючы ад Эйдса з калегіі Сьв. Магдаліны, які ўзброіўся кравецкімі нажніцамі. Пыска напужанага цялятка, пазалочаная павідлам. Ня сьцягвайце зь мяне нагавіцаў! Ня стройце зь мяне дурня!

Крыкі з адчыненага вакна палохаюць вечар на чатырохкутным дзядзінцы. Глухі садоўнік у фартуху, замаскаваны тварам Мэцью Арналда, піхае сваю касілку па цёмным газоне, пільна прыглядаючыся да танцу сьцяблінак травы.

Нам самім... новае паганства... омфалос.

– Хай ужо застаецца, – сказаў Стывэн. – Нічога зь ім такога, хіба што ноччу.

– Дык што там тады? – нецярпліва спытаўся Бык Маліган. – Выцісьні ўжо зь сябе. Я з табою зусім пашчыраму. Што ты маеш супроць мяне?

Яны спыніліся, паглядаючы на тупы вяршок Брэй Хэд, які ляжаў на вадзе, быццам пыса заснулага кіта. Стывэн спакойна вызваліў руку.

– Хочаш, каб я табе сказаў? – спытаўся ён.

– Так, дык што? – адказаў Бык Маліган. – Я нічога не прыгадваю.

Кажучы гэта, ён глядзеў Стывэну ў твар. Лёгкі ветрык абмахнуў ягонае чало, лагодна крануўшы нерасчасаныя сьветлыя валасы й абудзіўшы ў вачох срэбныя кропкі неспакою.

Стывэн, прыгнечаны ўласным голасам, сказаў:

– Ці памятаеш, як я прыйшоў да цябе дадому першы раз пасьля матчынай сьмерці?

Бык Маліган хутка нахмарыўся й сказаў:

– Што? Дзе? Нічога такога не прыгадваю. Я запамінаю толькі ідэі й адчуваньні. Дык што? Божа ж ты мой, што такое тады сталася?

– Ты гатаваў гарбату, – адказаў Стывэн, – а я пайшоў на кухню прынесьці кіпеню. З гасьцёўні выйшла твая маці зь нейкім наведнікам. Яна спыталася, хто там у цябе?

– Так? – сказаў Бык Маліган. – Што я адказаў? Я ўжо забыўся.

– Ты сказаў, – адказаў яму Стывэн, – А, гэта толькі Дэдал, у якога маці здохла.

Румянец заліў шчокі Быка Малігана, зрабіўшы яго маладзейшым і больш прывабным.

– Я так сказаў? – спытаўся ён. – Ну й што? Што тут такога?

Нэрвовым рухам ён страсянуў сваю зьбянтэжанасьць.

– А што ж такое сьмерць, – спытаўся ён, – тваёй маці, або твая смерць, або мая? Ты бачыў толькі, як памірае твая маці. А я штодня бачу, як яны выпручваюць ногі ў Матэры і ў Рычмандзе, і як іх потым трыбушаць у сэкцыйнай зале. Гэта й ёсьць здыханьне, нічога больш. Гэта папросту ня мае значэньня. Ты вось ня ўкленчыў, каб памаліцца за сваю маці на сьмяротным ложы, калі яна цябе прасіла. А чаму? А таму, што ў цябе тая праклятая езуіцкая парода, толькі прышчэпленая не на тым месцы, што трэба. Памойму, усё гэта камэдыя й здыхляціна. Яе мазгавыя долі ўжо ня дзейнічаюць. Яна называе лекара "сэр Пітэр Тызл" і хоча нарваць кветак казяльцу на коўдры. Дагаджай ёй, пакуль усё ня скончыцца. Ты сам запрацівіўся яе перадсьмяротнай волі, а цяпер гневаесься на мяне, што я не скуголіў, як нейкі наёмны плакальнік ад Лялюэта. Недарэчнасьць! Відаць, я так і сказаў. Але я не хацеў зьняважыць памяць твае маці.

Прамова вярнула яму ўпэўненасьць. Стывэн, прыкрыўшы зеўры ранаў, што засталіся ў ягоным сэрцы пасьля гэтых слоў, сказаў ледзяным тонам:

– А я й ня думаю пра зьнявагу мае маці.

– Дык пра што? – спытаўся Бык Маліган.

– Пра зьнявагу мяне, – адказаў Стывэн.

Бык Маліган крута павярнуўся на пяце.

– Ну й немагчымая пэрсона! – усклікнуў ён.

І хутка адыйшоўся ўздоўж парапэту. Стывэн застаўся на месцы, спаглядаючы панад спакойным морам у бок мыса. Мора й мыс зацягнула смугою. Пульс стукаў яму ў вачох і засьціў зрок, ліхаманкай гарэлі шчокі.

Голас з глыбіні вежы гучна паклікаў:

– Ты наверсе, Маліган?

– Ужо йду, – адгукнуўся Бык Маліган.

Ён павярнуўся да Стывэна й сказаў:

– Глянь на мора. Што яму нейкія зьнявагі? Кінь Ляёлу, Кінч, і хадзі наніз. Наш англасракс патрабуе свае ранішняе вяндліны.

Ягоная галава яшчэ раз на хвілінку зьнерухомела над сходамі, упоравень з дахам.

– Не смуткуй ад гэтага ўвесь дзень. Я чалавек непасьлядоўны. Пакінь журботныя думы.

Галава зьнікла, але манатонны голас, апускаючыся, далей гудзеў зь лесьвічнага прахону:
Расхмар чало, ня думай дум,
Чаму так горкі сэрца жар,
Вось Фэргус гоніць свой рыдван.

У ранішнім зацішшы зь лесьвічнай проймы нячутна ўзьнімаліся лясныя цені й плылі да мора, на якое ён спазіраў. На заліве й далей на моры люстра вады забялілася, кранутае лёгкаабутымі імклівымі ступнямі. Белыя грудзі засмужанага мора. Сплеценыя парамі музычныя акцэнты. Рука перабірае струны арфы й яднае сплёты акордаў. Белахвалістыя павянчаныя словы мігцяць на засмужаным прыліве.

Воблака спакваля насоўвалася на сонца, заценьваючы заліў густой зеленьню. Стаяла за ім, міса з горкімі водамі. Песьня Фэргуса: я сьпяваў яе дома ў самоце, прыглушваючы доўгія змрочныя акорды. Дзьверы да яе былі расчыненыя: яна хацела паслухаць маю музыку. Нямы ад боязі й шкадаваньня, я падыйшоў да яе ложа. Яна плакала ў сваёй убогай пасьцелі. Ад гэтых словаў, Стывэн: чаму так горкі сэрца жар.

А цяпер дзе?

Ейныя сакрэты: старыя вахляры зь пер’я, прасякнутыя піжмай бальныя кніжачкі з фрэнзьляй, нізка бурштынавых караляў у замкнёнай шуфлядзе. Клетка з птушкай, што калісьці вісела на сонцы ў вакне яе дзявочага дому. Яна бачыла старога Ройса ў пантаміме пра Страшэннага Турка й сьмяялася разам зь іншымі, калі ён напяваў:
Я быў бы рад
Займець няўгляд
І пагуляць як дух.

Прывіды радасьці, складзеныя ў шуфлядзе: піжмадухмяныя.
Расхмар чало, ня думай дум.

Адкладзеная са сваімі цацкамі ў памяць прыроды. Успаміны агарнулі ягоны задуменны розум. Шклянка вады з кухоннага крану, калі йшла прычашчацца. Напоўнены бурым цукрам яблык, які прыпякаецца для яе на плітцы цёмным восеньскім вечарам. Яе зграбныя пазногці, пачырванелыя ад крыві расплюшчаных у дзіцячых кашульках вашэй.

У сьне, ціха, яна прыйшла да яго, яе змарнелае цела ў шырокім пахавальным убраньні тхнула водарам воску й ружовага дрэва, яе дыханьне, калі яна нахілялася над ім зь нячутнымі таемнымі словамі, авейвала тленнай сырасьцю.

Позірк шкляных, мёртвых вачэй, каб пахіснуць і скарыць маю душу. На мяне аднаго. Прывідная сьвечка асьвятляе ейнае кананьне. Прывідны водбліск на спакутаваным твары. Яе хрыпатлівае гучнае дыханьне жудасна перапыняецца, калі ўсе стаяць на каленях, моляцца. Яе пагляд на мне, зваліць мяне з ног. Liliata [4].

Крывасмок! Трупаед!

Не, маці. Пусьці мяне й дай мне жыць.

– Гэй, Кінч!

Сьпеўны голас Быка Малігана прагучаў з глыбіні вежы. Потым паклікаў зноў, прыблізіўшыся да проймы. Стывэн, які ўсё яшчэ трымцеў ад плачу свае душы, пачуў рухавае цёплае сьвятло й сяброўскія словы ў паветры за сабою.

– Дэдал, зыходзь жа, маруда. Сьняданак гатовы. Хэйнс перапрашае, што пабудзіў нас уночы. Усё як трэба.

– Іду, – сказаў Стывэн, паварочваючыся.

– Хадзі, прашу цябе імем Хрыста, – казаў Бык Маліган. – І сваім імем, і імем нас усіх.

Ягоная галава зьнікла й зьявілася зноў.

– Я сказаў яму пра твой сымбаль ірляндзкага мастацтва. Ён кажа, гэта вельмі дасьціпна. Вытрасі зь яго фунт, добра? То бок, гінэю.

– Сёньня мне заплацяць, – адказаў Стывэн.

– У школьным бардаку? – спытаўся Бык Маліган. – Колькі? Чатыры фунты? Пазыч нам аднаго.

– Калі толькі хочаш, – адказаў Стывэн.

– Чатыры бліскучыя савэрэны! – усклікнуў Бык Маліган у захапленьні. – Наладзім пышнае выпіваньне на зайздрасьць усім друідычным друідам. Чатыры ўсёмагутныя савэрэны.

Ускінуўшы рукі, ён затупацеў па каменных прыступках уніз, фальшыва падпяваючы зь лёнданскім прастамоўным акцэнтам:
Ці ж не вясёла час мы правядзём
За сталом зь віскі, півам і віном,
Каранацыйным
Каранацыйным днём?
Ці ж не вясёла час мы правядзём
Каранацыйным днём?

Цёплы сонечны бляск гарэзьнічаў над морам. Нікляваная місачка паблісквала, забытая, на парапэце. Чаму яе павінен адносіць я? А можа, пакінуць яе тут на ўвесь дзень, як забытае сяброўства?

Ён падыйшоў да яе, хвілю якую патрымаў у руках, адчуваючы яе холад, удыхваючы пах ліпкай пены, у якой тырчаў пэндзлік. Гэтак раней я насіў кадзільніцу ў Клонгаўзе. Цяпер я йнакшы ды ўсёткі той самы. Таксама слуга. Прыслужнік слугі.

У змрочным скляпеністым памяшканьні вежы спавітая халатом фігура Быка Малігана жвава завіхалася каля печкі, то закрываючы, то адкрываючы яе жоўты жар. Дзьве пікі лагоднага дзённага сьвятла падалі з высокіх вокнаўбайніцаў скосам на вымашчаную плітамі падлогу, і адтуль, дзе спатыкаліся промні, плыло закрутасамі ўверх воблака вугальнага дыму й пары ад прыгарэлага тлушчу.

– Затхнемся, – сказаў Бык Маліган. – Хэйнс, адчынітка дзверы.

Стывэн паставіў місачку зь пенаю на шафцы. Высокая постаць, якая сядзела ў гамаку, устала, падыйшла да парога й адчыніла ўнутраныя дзьверы.

– А ключ у цябе? – спытаўся голас.

– У Дэдала, – адказаў Бык Маліган. – Ах, людзі добрыя, я задыхаюся!

Не адводзячы позірку ад печкі, ён завыў:

– Кінч!

– Ён у замку, – сказаў Стывэн, падыходзячы бліжэй.

Ключ двойчы востра заскрыгатаў у замку, і цяжкія дзьверы адчыніліся, упускаючы жаданае сьвятло й чыстае паветра. Хэйнс стаяў у дзьвярах, выглядваючы навонкі. Стывэн прывалок да стала сваю валізу, паставіў яе старчма і ўсеўся чакаць. Бык Маліган шпурнуў смажаніну на паўмісак, які стаяў поруч. Потым прынёс паўмісак і вялізны чайнік да стала, паставіў іх з грукатам і ўздыхнуў з палёгкай.

– Растаю, – сказаў ён, – заўважыла сьвечка, калі... Але – ша! Ні слова болей на гэтую тэму. Кінч, прачніся! Давай хлеб, масла, мёд. Хэйнс, заходзь. Корм гатовы. Багаславі, Госпадзе, нас і гэтыя дары твае. Дзе цукар? О бляха, малака нямаш!

Стывэн дастаў з шафкі буханку, гаршчок зь мёдам і масьляніцу. Бык Маліган сеў, раптоўна надзьмуўшыся.

– Гэта што за бардак? – сказаў ён. – Я ж ёй казаў прыйсьці па восьмай.

– Гарбату можам піць і без малака, – сказаў Стывэн. – У шафцы ёсьць лімон.

– А пайшоў ты разам са сваімі парыскімі заквасамі, – адказаў яму Бык Маліган. – Я хачу малака з Сэндыкаву.

Хэйнс, вярнуўшыся ад дзьвярэй, спакойна паведаміў:

– Тая жанчына з малаком якраз надыходзіць.

– Багаславі цябе Госпад! – усклікнуў Бык Маліган, падхапіўшыся з крэсла. – Сядай. Налі сюды гарбаты. Цукар у торбачцы. Не магу ўжо больш калупацца ў гэтай праклятай яечні.

Ён замашыста парэзаў смажаніну на паўміску й павышлёпваў яе на тры талеркі, прыгаворваючы:

– In nomine Patris et Filii et Spiritus Sancti[5].

Хэйнс сеў і пачаў наліваць гарбаты.

– Кладу кожнаму па два кавалкі, – сказаў ён. – Але ж і моцную ты гарбату заварваеш, Маліган.

Наразаючы хлеб тоўстымі скібкамі, Бык Маліган адазваўся прымільным голасам старой жанчыны:

– Як стану я гарбату варыць, то як завару, казала старая мамуля Гроган. А як стану я ваду спускаць, то як спушчу!

– Дальбог, гэта гарбата, – сказаў Хэйнс.

Бык Маліган не пераставаў наразаць і прымільвацца:

– Гэтак ужо ў мяне павялося, місіс Кахіл, кажа яна. А місіс Кахіл ёй: Авой, пані, толькі хай вас Бог сьцеражэ рабіць адно й другое ў тую самую пасудзіну.

На кончыку нажа ён паднёс кожнаму зь бяседнікаў па тоўстай скібцы хлеба.

– Гэта фальклёр, – сказаў ён вельмі паважна, – у тваю кніжку, Хэйнс. Пяць радкоў тэксту й дзесяць бачынак зносак пра народ і рыбагоў з Дандраму. Надрукаванае сёстраміпаркамі ў годзе вялікага ветру.

Ён павярнуўся да Стывэна й, прыўзьняўшы бровы, запытаўся ў яго голасам надта зацікаўленым:

– Можа, прыпомніце, браце, дзе згадваецца пасудзіна мамулі Гроган – у "Мабінагіёне" ці ва ўпанішадах?

– Сумняваюся, – паважна адказаў яму Стывэн.

– Праўда? – працягваў Бык Маліган тым самым тонам. – А то чаму, калі ласка?

– Мне здаецца, – сказаў Стывэн, не пакідаючы ежы, – што яна не йснуе ні ў "Мабінагіёне", ні паза ім. А сама мамуля Гроган, як можна здагадвацца, даводзіцца сваячкай Мэры Эн.

Твар Быка Малігана задаволена заўсміхаўся.

– Цудоўна, – вымавіў ён манэрным, салодкім галаском, паказваючы белыя зубы й задаволена міргаючы вачыма. – Вы так мяркуеце? Абсалютна цудоўна.

Потым, неспадзявана нахмарыўшы аблічча, ён узяўся заядла рэзаць хлеб, завываючы сіплым рыплівым голасам:
На старую Ганну Мэры
Не зважае ні халеры,
Ды, задзёршы свой прыпол...

Запхнуўшы рот яечняй, ён пачаў жаваць і вуркатаць.

Зацямняючы прахон дзьвярэй, увайшла жаночая постаць.

– Малако, сэр.

– Заходзьце, пані, – сказаў Маліган. – Кінч, давай збанок.

Старая жанчына падыйшла, запыняючыся каля Стывэна.

– Прыгожы ранак, сэр, – сказала яна. – Слава Богу.

– Каму? – зірнуўшы на яе, запытаўся Маліган. – Ах, безумоўна!

Стывэн працягнуў руку за сябе й дастаў з шафкі малочнік.

– Нашы астраўляне, – мімаходзь кінуў Маліган Хэйнсу, – даволі часта згадваюць зьбіральніка крайняе плоці.

– Колькі, сэр? – спыталася старая.

– Адну кварту, – адказаў Стывэн.

Ён назіраў, як яна налівала ў мерку, а адтуль у збанок, тлустае белае малако, не сваё. Старыя паморшчаныя цыцкі. Яна наліла яшчэ адну мерку й дабаўку. Старая й неразгаданая, прыбыла з ранішняга сьвету, быць можа, як вястунка. Наліваючы малако, захвальвала яго. Досьвіткам, на сакавітым поплаве, яна ўжо сядзела на кукішках каля цярплівае каровы, як вядзьмарка на мухаморы, і яе павыкручваныя пальцы рупіліся пры цыркаючым вымі. Мычаньнем вітала яе знаёмую постаць роснашаўковістая жывёла. Бедная старая, краса папасу: імёны, прысвоеныя ёй у даўнюю часіну. Бабулькавандроўніца, ніжэйшая форма несьмяротных, якая служыць свайму заваёўніку й бестурботнаму спакусьніку, іхняя супольная наложніца, вястунка таямнічай раніцы. Служыць ці папракаць – ён ня ведаў, аднак грэбаваў дабівацца ейнай прыхільнасьці.

– Сапраўды прыгожы, пані, – сказаў Бык Маліган, наліваючы малако ў кубкі.

– Скаштуйце, сэр, – сказала яна.

Ён адпіў глыток, паслухаўшы яе просьбы.

– Калі б мы ўсе жылі на такой здаровай ежы, – зычнавата прамовіў ён да яе, – тады б у нашай краіне не было гэтулькі гнілых зубоў і гнілых вантробаў. А мы жывем на балоце, марна харчуемся, а нашы вуліцы заваленыя сьмецьцем, конскім памётам і харкавіньнем сухотнікаў.

– А вы не на дохтара вучыцеся, сэр? – спыталася старая.

– Так, пані, – адказаў Бык Маліган.

Стывэн слухаў у пагардлівым маўчаньні. Яна хіліць старую галаву перад зычным голасам свайго кастаправа, свайго знахара; на мяне не зьвяртае ўвагі. Перад голасам, які яе выспаведае й памажа ў магілу ейныя астанкі, апроч жаночага нячыстага лона, створанага зь цела мужчыны не на боскае падабенства, у здабычу гаду. І перад гэтым зычным голасам, які прымушае яе маўчаць зь няцямнымі разьбеганымі вачмі.

– Вы разумееце, што ён гаворыць? – спытаўся ў яе Стывэн.

– Вы гэта пафранцуску гаварылі, сэр? – спыталася старая ў Хэйнса.

Хэйнс зьвярнуўся да яе з даўжэйшай прамовай, больш упэўненай.

– Паірляндзку, – падказаў Бык Маліган. – Вы пагаэльску кумекаеце?

– Я й дадумлівалася з гукаў, што гэта паірляндзку, – сказала яна. – А вы ня з захаду, сэр?

– Я ангелец, – адказаў Хэйнс.

– Ён ангелец, – сказаў Бык Маліган, – і ён думае, што мы ў Ірляндыі павінны гаварыць паірляндзку.

– Вядома, павінны, – пагадзілася старая. – Мне й самой сорамна, што я не гавару на нашай мове. А разумныя людзі кажуць, што гэта вялікая мова.

– Вялікая – замалое слова для яе, – сказаў Бык Маліган. – Яна абсалютна цудоўная. Налі нам яшчэ гарбаты, Кінч. Вып’еце кубак?

– Не, дзякую вам, сэр, – сказала старая, насоўваючы на руку дужку бітона й зьбіраючыся йсьці.

– А рахунак маеце? Маліган, трэба было б заплаціць, што ты скажаш?

Стывэн зноў напоўніў кубкі.

– Рахунак, сэр? – запыталася яна, прыпыняючыся. – Ну, гэта будзе сем дзён па паўкварты па два пэнсы значыць сем разоў па два гэта шылінг два пэнсы ды тыя тры дні па кварце па чатыры пэнсы гэта будзе тры кварты значыць шылінг і там шылінг і два разам будзе два й два, сэр.

Бык Маліган уздыхнуў і, паклаўшы ў рот акраец, тоўста пашмараваны з абодвух бакоў маслам, выцягнуў ногі ўперад і пачаў абшукваць кішэні нагавіцаў.

– Заплаці й зрабі прыемную міну, – сказаў яму Хэйнс з усьмешкай.

Стывэн напоўніў трэці кубак, зьлёгку афарбаваўшы лыжачкай гарбаты густое, тлустае малако. Бык Маліган выцягнуў з кішэні флярын, пакруціў яго ў пальцах і выкрыкнуў:

– Цуд!

Ён пасунуў флярын па стале да старой жанчыны, прыгаворваючы:

– Я ўсё аддаў, што даць мог. Ты не прасі ў мяне больш.

Стывэн паклаў манэту ў яе нясквапную руку.

– Будзем вінаватыя два пэнсы, – сказаў ён.

– Няма сьпеху, сэр, – адказала яна, беручы манэту. – Няма сьпеху. Усяго вам добрага, сэр.

Яна пакланілася й выйшла, адпраўленая ў дарогу прачуленым засьпевам Быка Малігана:
– Сэрца маё, я б усклаў
Сьвет ля тваіх любых ног.

Ён павярнуўся да Стывэна й сказаў:

– Сур’ёзна, Дэдал. У мяне з постам. Зьлётай у свой школьны балаган і прынясі нам крыху граша. Сягоньня барды мусяць піць і баляваць. Ірляндыя спадзяецца, што ў гэты дзень кожны выканае свой абавязак.

– Гэта мне нагадвае, – сказаў Хэйнс, – што сёньня я павінен наведацца ў вашу нацыянальную бібліятэку.

– Найперш паплаваем, – сказаў Бык Маліган.

Ён павярнуўся да Стывэна й ветліва запытаўся:

– Ці не сягоньня якраз, Кінч, дзень твайго месячнага абмываньня?

А потым растлумачыў Хэйнсу:

– Гэты нячысты бард займеў правіла мыцца раз на месяц.

– Уся Ірляндыя абмываецца Голфстрымам, – сказаў Стывэн, паліваючы хлеб цурком мёду.

З кутка, у якім ён нятуга падвязваў шалікам адкрыты каўнер свае тэніскі, прамовіў Хэйнс:

– Я складу зборнік тваіх показак, калі дазволіш.

Сказана да мяне. Мыюцца, ваньняцца, шаруюцца. Джала грэху. Сумленьне. Пляма ўсё яшчэ тут.

– Тое аб расколатым люстэрку пакаёўкі, як сымбалі ірляндзкага мастацтва, гучыць халерна добра.

Бык Маліган, таўхануўшы Стывэна нагой пад сталом, цёплым тонам сказаў:

– Пачакай, Хэйнс, яшчэ пачуеш ад яго пра Гамлета.

– Ды я сур’ёзна, – працягваў Хэйнс, зьвяртаючыся да Стывэна. – Я пра гэтае й думаў, калі ўвайшла тая бедная старая істота.

– Ці зарабіў бы я нешта на гэтым? – пацікавіўся Стывэн.

Хэйнс расьсьмяяўся й, зняўшы мяккі шэры капялюш з крука, на якім быў падвешаны гамак, сказаў:

– Вось гэтага я ня ведаю.

Нясьпешлівым крокам ён рушыў да дзьвярэй. Бык Маліган перагнуўся над сталом да Стывэна й груба, напорыста папракнуў:

– Ты ўлез у справу з капытамі. Навошта ты гэтак сказаў?

– А што? – спытаўся Стывэн. – Заданьне ў тым, як раздабыць грошы. У каго? У яго або ў малочніцы. Я думаю, тут роўныя шанцы.

– Я вярзу яму кучу лухты наконт цябе, – ушчуваў Бык Маліган, – а ты вылазіш са сваім вашывым позіркам спадылба ды панурымі езуіцкімі жарцікамі.

– Я занадта не спадзяюся, – адказаў Стывэн, – ні на яе, ні на яго.

Бык Маліган трагічна ўздыхнуў і паклаў руку Стывэну на плячо.

– Толькі на мяне, Кінч, – сказаў ён.

І неспадзявана зьмененым тонам дадаў:

– Богам і праўдаю сказаўшы, я й сам лічу, што ты маеш рацыю. На якую трасцу, акрамя гэтага, яны патрэбны? Чаму ты не разыгрываеш іх, як я? Пайшлі яны ўсе да д’ябла. Трэба нам выбірацца з гэтага балагану.

Ён устаў, паважна расьперазаўся й зьняў свой халат, мовячы пакорлівым голасам:

– Зьдзерлі з Малігана ягоныя строі.

Апаражніўшы кішэні на стол, ён сказаў:

– Вось табе твая смаркатка.

І, надзяваючы пругкі каўнерык ды наравісты гальштук, угаворваў іх і папракаў, а зь імі й зблытаны гадзіньнікавы ланцужок. Ягоныя рукі нырнулі ў куфэрак і шнарылі там, а сам ён голасна патрабаваў сабе чыстую хустачку. Джала грэху. Божа, хопіць толькі апрануцца для свае ролі. Мне трэба бардовыя пальчаткі й зялёныя чаравікі. Супярэчнасьць. Ці я пярэчу сабе? Добра, я пярэчу сабе. Ветралётны Малахі. Зь ягоных гаманлівых рук вылецеў мяккі чорны набой.

– А во твой капялюш у стылі Лацінскага Кварталу, – сказаў ён.

Стывэн падхапіў яго й надзеў на галаву. Ад парога клікнуў іх Хэйнс:

– Калегі, вы не йдзяце?

– Я гатовы, – адказаў Бык Маліган, ідучы да дзьвярэй. – Выходзь, Кінч. Здаецца, ты даеў пасьля нас усё.

Пакорліва й паважна ён пераступіў парог, мовячы ледзь не са смуткам:

– І выйшаўшы вонкі, балакаў на пазадворку.

Стывэн узяў ясянёвую трысьціну, што стаяла пры сьцяне, і рушыў за імі. Выйшаўшы на прыступкі, ён прыцягнуў непадатлівыя жалезныя дзьверы й замкнуў іх. Велізарны ключ паклаў у кішэню за пазухай.

Ля падножжа прыступак Бык Маліган запытаўся:

– А ключ ты ўзяў?

– Так, ён пры мне, – адказаў Стывэн, выпераджаючы іх.

Ён пайшоў паперадзе. За сабою чуў, як Бык Маліган лупцуе цяжкім купалным ручніком вяршкі папараці ці травы.

– Паклон, сэр! Як вы адважыліся, сэр?

Хэйнс запытаўся:

– А вы плаціце за наём вежы?

– Дванаццаць фунтаў, – адказаў Бык Маліган.

– Міністру вайсковых справаў, – дадаў Стывэн цераз плячо.

Яны прыпыніліся, калі Хэйнс стаў разглядаць вежу. Урэшце ён сказаў:

– Зімою выглядае досыць панура, як мяркую. Як вы яе называеце, Мартэла?

– Пабудавалі гэтыя вежы па загаду Білі Піта, – сказаў Бык Маліган, – калі ў мора выйшлі французы. Але наша – гэта омфалос.

– А якія ў цябе ідэі наконт Гамлета? – спытаўся Хэйнс у Стывэна.

– О не! – усклікнуў Бык Маліган з болем. – Я ня роўня Тамашу з Аквіну ды ягоным пяцідзесяці пяці прычынам, што ён прыдумаў, каб сьвет не разваліўся. Пачакайце, пакуль я ня плюхну сабе ў нутро пару кухлікаў.

Ён павярнуўся да Стывэна й, ахайна абцягваючы сваю цытрынавую камізэльку, сказаў:

– Ты й сам, Кінч, ня даў бы з гэтым рады без сама менш трох, га?

– Яно ўжо гэтулькі чакала, – сказаў Стывэн абыякава, – што можа пачакаць яшчэ крыху.

– Вы распальваеце маю цікаўнасьць, – ветліва сказаў Хэйнс. – Ці гэта нейкі парадокс?

– Цьфу! – сказаў Бык Маліган. – Мы ўжо перарасьлі Ўайлда й парадоксы. Гэта зусім проста. Ён з дапамогай альгебры даказвае, што ўнук Гамлета ёсьць дзед Шэкспіра, а ён сам – прывід свайго ўласнага бацькі.

– Што? – спытаўся Хэйнс, паказваючы на Стывэна. – Ён сам?

Бык Маліган падвесіў пад шыяй, быццам стулу, ручнік і, сагнуўшыся ад нястрыманага сьмеху, шапнуў Стывэну на вуха:

– О, цень Кінчастарэйшага! Яфэт у пошуках бацькі!

– Зранку мы заўсёды стомленыя, – сказаў Стывэн Хэйнсу, – а тут трэба даўгавата распавядаць.

Бык Маліган, які зноў рушыў уперад, узьнёс рукі.

– Толькі сьвяты кухаль зможа разьвязаць язык Дэдалу, – заявіў ён.

– Я хачу сказаць, – Хэйнс пачаў тлумачыць Стывэну, калі яны рушылі, – што гэтая вежа й гэтыя стромы ў нечым нагадваюць мне Эльсынор, што грозна панад хвалямі навіс, ці ж не?

Бык Маліган неспадзявана павярнуўся на міг да Стывэна, але нічога не сказаў. У гэтым пробліску ціхага імгненьня Стывэн убачыў свой вобраз у таннай запыленай жалобе паміж іхнімі зыркімі строямі.

– Гэта цудоўная аповесьць, – сказаў Хэйнс, зноўку іх запыняючы.

Вочы, сьветлыя, як асьвежанае ветрам мора, болей сьветлыя, рашучыя й насьцярожаныя. Уладар мораў, ён глядзеў на поўдзень, панад пустым залівам, дзе відаць было толькі дымны дзяркач над паштовай лодкай на ясным даляглядзе й ветразь, што йшоў касякамі каля Маглінсу.

– Я дзесьці чытаў адно багаслоўскае тлумачэньне, – сказаў ён у задуменьні. – Ідэя Айца й Сына. Сын, які імкнецца да ўзьяднаньня з Айцом.

Бык Маліган тут жа напусьціў на свой твар радаснашырокую ўсьмешку. Ён глянуў на іх, шчасна разявіўшы свой гожазграбны рот, а ягоныя вочы, зь якіх раптам зьнікла ўсялякая цьвярозая думка, міргалі з шалёнай весялосьцю. Ён паварушыў сюдытуды лялькаватай галавой, ажно затрымцеў бераг ягонай панамы, і запяяў ціхім, шчаслівым, прыдуркаватым голасам:
Я самы дзівотны на сьвеце хлапец,
Бо маці – жыдоўка, а птушка – айцец.
Зь Язэпам, з тым цесьлем, усё быў задзёр,
Навучваць я стаў, на Галгофу дапёр.

Ён падняў указальны палец зь перасьцярогай:
Калі хто шуміць: мая боскасьць – мана,
Ня вып’е задарма ні кроплі віна
І будзе ваду піць, а гэты напой
Няцяжка зрабіць нават штукай малой.

Разьвітальным жэстам ён шпарка тузануў Стывэнаву трысьціну й кінуўся бегма на ўскрай стромы, ляпаючы сябе па бакох рукамі, быццам плаўнікамі ці крыламі, як хтосьці, хто зьбіраецца ўзьляцець у паветра. Ён пяяў:
Цяпер жа – бывай! Мае словы сьпішы,
Аб тым, што ўваскрос я, паўсюды скажы.
Глядзі на мой лёт у нябесны бяскрай,
Віхор над Аліўнай гарою... Бывай!

З казьлінымі побрыкамі ён спускаўся на іхніх вачох да соракастопавай лагчыны, трапечучы крылападобнымі рукамі, борзда сігаючы ўніз. Ветралётны капялюш трымцеў у подыхах сьвежага ветру, які даносіў да іх ягоныя абрывістыя птушыныя ўсклікі.

Хэйнс, які стрымана пасьмейваўся, ідучы побач са Стывэнам, сказаў:

– Думаю, нам ня варта сьмяяцца. Ён, бадай што, блюзьнерыць. Я сам, так бы мовіць, не лічу сябе вернікам. А з другога боку, ягоная весялосьць неяк пазбаўляе гэта зласьлівасьці, праўда? Як гэта ў яго называецца? Язэп Цесьля?

– Баляда пра Насьмешлівага Ісуса, – адказаў Стывэн.

– О, дык ты гэта чуў раней?

– Тры разы штодня, пасьля ежы, – суха сказаў Стывэн.

– Але ты сам ня верыш у Бога, так? – пытаўся Хэйнс. – Я маю тут на ўвазе веру ў вузкім сэнсе слова. Стварэньне зь нічога, цуды, увасоблены Бог.

– Мне здаецца, што гэтае слова мае толькі адзін сэнс, – сказаў Стывэн.

Хэйнс затрымаўся й выняў плоскі срэбны партсыгар з міготкім зялёным каменем. Націснуўшы на спружыну вечка вялікім пальцам, ён адчыніў яго й працягнуў партсыгар Стывэну.

– Дзякую, – сказаў той, беручы папяросу.

Хэйнс таксама ўзяў і зь ляскам зачыніў вечка. Схаваўшы партсыгар у бочную кішэню, ён выняў з камізэлечнай кішэні нікляваную скрыначку з губкай і крэсівам, адчыніў яе такім жа чынам, прыкурыў сабе й паднёс Стывэну запаленую губку ў ракавіне складзеных далоняў.

– Так, безумоўна, – адазваўся ён, калі яны рушылі далей. – Або верыш, або ня верыш, праўда? Асабіста, я ня змог бы пераварыць тую ідэю ўвасобленага Бога. Як спадзяюся, ты яе не прытрымліваесься?

– Ува мне наглядаеш, – сказаў Стывэн з панурым незадавальненьнем, – жахлівы прыклад вальнадумца.

Ён ішоў, чакаючы працягу размовы, і цягнуў на зямлі ясянёвую трысьціну. Яе акоўка лёгка драпала сьцежку, паскрыпваючы каля абцасаў. Мая напарніца, сьледам за мною, кліча: Стыыыыыыыыыывэн! Хвалістая лінія ўздоўж сьцежкі. Яны пройдуцца па ёй увечары, вяртаючыся ў поцемках. Яму трэба той ключ. Ключ мой, за наём плачу я. А цяпер ем ягоны горкі хлеб. Аддай яму й ключ. Усё. Ён папросіць яго. Па вачох было відаць.

– Усё ж, – пачаў Хэйнс...

Стывэн павярнуўся і ўбачыў, што халодны позірк, які яго абмерваў, ня быў зусім нязычлівы.

– Усё ж я схільны лічыць, што ты можаш вызваліць сябе. Ты сам сабе пан, як мне здаецца.

– Я слуга двух паноў, – адказаў Стывэн, – ці, лепш сказаць, паняў: ангелькі ды італьянкі.

– Італьянкі? – спытаўся Хэйнс.

Шалёная каралева, старая й раўнівая. Укленч перада мною.

– А нехта трэці, – дадаў Стывэн, – патрабуе мяне да часовых заняткаў.

– Італьянкі? – паўтарыў Хэйнс. – Што ты маеш на думцы?

– Брытанскую імпэрыю, – адказаў Стывэн, чырванеючы, – ды рымскую сьвятую каталіцкую й апостальскую царкву.

Перш чым адазвацца, Хэйнс зьняў зь ніжняе вусьніны прыліплыя крошкі тытуню.

– Я цалкам цябе разумею, – спакойна сказаў ён. – Я нават сказаў бы, што ірляндзец павінен так думаць. Мы ў Англіі адчуваем, што абыходзіліся з вамі несправядліва. Але, відаць, вінаватая тут гісторыя.

Гордыя, уладарныя тытулы прагучалі ў Стывэнавай памяці трыумфам медных званоў: et [6]: павольны рост, высьпяваньне абрадаў і догматаў, як ягоных уласных запаветных думак, альхімія зорак. Апостальскі сымбаль у імшы папы Марцэла, галасы зьліваюцца ў адно гучнае ўсхваленьне, а пад іхні сьпеў нядрэмны анёл ваяўнічай царквы абяззбройвае ерасіярхаў і пагражае ім. Арда ерасяў у скасабочаных мітрах кідаецца наўцёкі: Фотый і кагорта насьмешнікаў, сярод якіх і Маліган, і Арый, які ўсё жыцьцё ваяваў супроць адзінасутнасьці Сына з Айцом, і Валянцін, які грэбаваў зямной існасьцю Хрыста, і хітрамудры ерасіярх з Афрыкі Савелій, паводле якога Айцец Сам быў уласным Сынам. Словы, якія толькі што выказаў Маліган, блазнуючы перад чужынцам. Пустая блазнота. Непазьбежная пустка чакае ўсіх тых, што ткуць вецер: пагрозу, абяззброеньне й разгром нясуць ім самкнутыя баявыя шыхты анёлаў царквы, Міхалава войска, якое ў часіну разладу заўсёды засланяе яе сваімі дзідамі й шчытамі.

Брава! Брава! Працяглыя воплескі. Zut! Nom de Dieu![7]

– Я, вядома, брытанец, – азваўся Хэйнсаў голас, – і адчуваю адпаведна як брытанец. Прытым, мне ня хочацца бачыць, як мая краіна перападае ў рукі нямецкім жыдом. Баюся, што цяпер гэта наша галоўная нацыянальная праблема.

Два чалавекі стаялі ўскрай стромы, назіраючы: гандляр, лодачнік.

– Кіруе на прыстань Булак.

Лодачнік зь нейкай пагардай кіўнуў галавою на поўнач заліву.

– Тамака будзе сажняў пяць, – сказаў ён. – Туды яго й вынесе, калі пачнецца прыліў, недзе а першай. Сёньня ўжо дзевяты дзень.

Чалавек, які ўтапіўся. Ветразь блукае па пустым заліве, чакаючы, пакуль не вынырне распухлы клунак і не абернецца да сонца азызлым, белым ад солі тварам. Вось і я.

Зьвілістай сьцежкай яны спускаліся да заліўчыку. Бык Маліган стаяў на камені, безь пінжака, адшпілены гальштук павяваў за ягоным плячом. Непадалёк яго малады чалавек, учапіўшыся за выступ скалы, нясьпешліва пажабінаму разводзіў зялёнымі нагамі ў кісельнай тоўшчы вады.

– А брат з табою, Малахі?

– Ён ва Ўэстміце, з Бэнанамі.

– Усё яшчэ там? Бэнан прыслаў мне паштоўку. Піша, што падчапіў там адну саладзенькую й маладзенькую. Фотадзяўчо, так яе называе.

– Зьняў, га? Кароткая вытрымка.

Бык Маліган сеў расшнуроўваць абутак. Каля скалістага выступу вынырнуў з вады запыхканы чырвоны твар старога чалавека. Чалавек ускараскаўся па каменьні наверх, вада льсьнілася на ягонай лысай макаўцы зь вяночкам сівых валасоў, сьцякала з грудзей і пуза, струменіла з абвіслых чорных трусоў.

Бык Маліган адсунуўся ўбок, даючы яму пралезьці, і, зірнуўшы на Хэйнса ды Стывэна, пазногцем вялікага пальца набожна перахрысьціў сабе чало, вусны й грудзіну.

– Сэймур зноў у горадзе, – сказаў малады чалавек, зноў учапіўшыся за выступ скалы. – Кінуў мэдыцыну й дае ў войска.

– Ах, ідзі ты да Бога, – адмахнуўся Бык Маліган.

– На наступным тыдні ўжо будзе пацець у казарме. А ці ты ведаеш тую рыжую дзяўчыну Карлайлаў, Лілі?

– Так.

– Учора вечарам ціскалася зь ім на пірсе. Кажуць, яе тату ажно разьдзімае ад граша.

– А ці жывоцік ёй не разьдзімае?

– Гэта ты ў Сэймура запытайся.

– Сэймур крыважэрны афіцэр! – сказаў Бык Маліган.

Падтакнуўшы самому сабе, ён сьцягнуў нагавіцы й, выпрастаўшыся, прамовіў банальнай показкай:

– Рыжыя дзеўкі брыкаюцца як козы.

Нечым раптоўна ўстрывожаны, ён пачаў мацаць свой бок пад кашуляй, што трапятала на ветры.

– Зьнікла маё дванаццатае рабро! – выкрыкнуў ён. – Я Uebermensch[8]. Бяззубы Кінч і я, звышчалавекі.

Ён выблытаўся з кашулі й кінуў яе за сябе, на кучу свае астатняе вопраткі.

– Сюды ўваходзіш, Малахі?

– Так. Падрыхтуй мне месца ў пасьцелі.

Малады чалавек адпіхнуўся ўзад і за два доўгія роўныя грабкі дасягнуў сярэдзіны заліўчыку. Хэйнс з папяросай прысеў на камені.

– А ты не палезеш? – спытаўся Бык Маліган.

– Пазьней, – сказаў Хэйнс. – Не адразу пасьля сьнеданьня.

Стывэн павярнуўся йсьці.

– Я йду, Маліган, – сказаў ён.

– Дай нам той ключ, Кінч, – сказаў Бык Маліган, – каб прыціснуць маю кашулю.

Стывэн падаў яму ключ. Бык Маліган паклаў яго на кучу вопраткі.

– І двухпэнсавік на кухлік, – сказаў ён. – Кідай туды.

Стывэн кінуў два пэнсы на мяккую кучу. Апранаюцца, распранаюцца. Бык Маліган, са складзенымі перад сабою рукамі, выпрастаны, урачыста заявіў:

– Хто беднага абкрадае, Госпаду пазычае. Так мовіў Заратустра.

Пульхнае цела нырнула ў ваду.

– Яшчэ пабачымся, – сказаў Хэйнс, павярнуўшыся да Стывэна, які рушыў сьцежкай угору, і ўсьміхаючыся неўтаймоўнаму ірляндцу.

Бычыных рагоў, конскіх капытоў, усьмешкі сакса.

– У "Караблі", – крыкнуў Бык Маліган. – Палова першай.

– Добра, – сказаў Стывэн.

Ён ішоў сьцежкай, якая вілася ўгору.
Liliata rutilantium.
Turma circumdet.
Iubilantium te virginum.

Сівы німб сьвятара ў скалістай нішы, куды ён схаваўся апрануцца. Сёньня я ня буду тут начаваць. Дамоў пайсьці таксама не магу.

Голас, мілагучны й працяглы, клікаў яго з мора. На павароце сьцежкі ён памахаў рукою. Голас паклікаў зноў. Ільсьняная бурая галава, нэрпавая, далёка на вадзе, круглая.

Захопнік.

[1] І падыйду да Божага алтара (лац.). (Тут і далей заўвагі перакладчыка)

[2] Па віннацёмным моры (грэц.).

[3] Мора! Мора! (грэц.).

[4] Хай акружаць цябе ліліямі процьмы зьзяючых вернікаў: хоры лікуючых дзеваў хай усьцешацца табе (лац.).

[5] У ймя Айца й Сына й Сьвятога Духа (лац.).

[6] І ў адзіную саборную й сьвятую апостальскую царкву (лац.).

[7] Халера! Ліха бяры! (франц.).

[8] Звышчалавек (ням.).

Падрабязьней пра пераклад Яна Максімюка кнігі Джэймса Джойса "Уліс" тут.


Раім таксама паглядзець:
Камю Альбэр. Выбраныя творы
1.33 р.

Камю Альбэр. Выбраныя творы

У кнігу аднаго з самых яркіх пісьменнікаў сярэдзіны XX стагоддзя, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Альбэра Камю (1914 – 1960) увайшлі раман "Чужаніца", аповесць "Падзенне", апавяданні, п’есы, эсэ.

Сьвятая праўда ды іншыя казкі
0.99 р.

Сьвятая праўда ды іншыя казкі

Зборнік твораў і перакладаў ляўрэатаў конкурсу маладых літаратараў, праведзенага РГА "Беларускі ПЭН-Цэнтар" у 2009 годзе. Кніга мае выгляд клепсыдры, то бок чытаецца як з аднаго, так і з другога боку. З аднаго боку – вершы і проза фіналістаў. З другога – іх паэтычныя і празаічныя пераклады.

1.54 р.

Гэрбэрт Зьбігнеў. Спроба апісаньня

Эсэ / Пер. з польск. — Мінск: Логвінаў, 2009. — 248 с.