Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх з 10.00 да 18.00 па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
І ў сацыяльных сетках: Facebook ці ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Эдмундас Гімжаўскас. Беларускі фактар пры фармаванні літоўскай дзяржавы ў 1915-1923 гг

Эдмундас Гімжаўскас. Беларускі фактар пры фармаванні літоўскай дзяржавы
11.99 р.
Вага: 320 г
Памеры: 165x240 мм



Беларускі фактар пры фармаванні літоўскай дзяржавы. Эдмундас Гімжаўскас; [навуковая рэдактура А. Пашкевіча; пераклад Ю. Унуковіча]. - Беласток : Беларускае гістарычнае таварыства. - Вільня [Вільнюс] : Інстытут беларусістыкі, 2012. - 216 с.

ISBN 83-60456-20-8

Аўтар манаграфіі спадзяецца, што беларускі чытач у цэлым атрымае цікавую кнігу, якая дазволіць яму не толькі пашырыць свае гістарычныя веды пра пэўны акрэслены перыяд развіцця Беларусі і пэўную праблематыку, але і лепш зразумець пачатак новага самабытнага развіцця суседняга народа, з якім у мінулым беларусы мелі так шмат агульнага. Спецыялісты-гісторыкі, ў сваю чаргу, змогуць знайсці ў кнізе цікавыя матэрыялы для далейшага вядзення асэнсаваных дыскусій над пытаннямі нацыянальнай гісторыі.

Прадмова да кнігі Беларускі фактар пры фармаванні літоўскай дзяржавы.

Спрадвеку літоўцы і беларусы жылі ў непасрэдным суседстве, побач адны з другімі. Агульнапрызнана, што гэтае суседства вызначалася выключнай бесканфліктнасцю і талерантнасцю, таму з гістарычнага пункту гледжання з’яўляецца ўнікальным і своеасаблівым, у першую чаргу таму, што размова тут ідзе пра сужыццё не толькі ў этнічным ды культурным плане, але найперш на дзяржаўным узроўні. Вялікае Княства Літоўскае, як агульная шматвяковая дзяржава літоўцаў і беларусаў — гэта ўнікальны і выключны выпадак у сусветнай гісторыі. Да самага пачатку ХХ ст. літоўцы і беларусы дзялілі агульны лёс як у часы ўзаемнага росквіту, так і ў перыяд грамадска-палітычнага заняпаду, калі землі былога ВКЛ патрапілі пад уладу царскай Расіі. Аднак пасля Першай сусветнай вайны, пад уздзеяннем розных фактараў, развіццё абедзвюх частак некалі адзінага грамадскага арганізму пайшло па крыху адрозных шляхах. Літоўцы атрымалі магчымасць два дзесяцігоддзі жыць самастойным дзяржаўным жыццём. У сваю чаргу, беларусы як супольнасць былі вымушаныя падзяліцца; частка іх (як, дарэчы, і частка літоўцаў) апынулася пад чужой польскай уладай, а частка адразу была ўключана ў працэс фармавання савецкай цывілізацыі. У межах апошняй у выніку глабальных катаклізмаў сярэдзіны ХХ ст. апынуліся ўрэшце не толькі ўсе літоўцы і беларусы, але і палова Еўропы. З распадам вялікай савецкай дзяржавы напачатку 1990-х гг. літоўцы ізноў аднавілі і замацавалі самастойную дзяржаўнасць, а неўзабаве гэтым самым шляхам пайшлі і беларусы. У выніку ўпершыню ў гісторыі стварылася такая сітуацыя, калі па суседству жывуць не проста літоўцы і беларусы як этнічныя і культурныя катэгорыі, але побач суіснуюць сапраўды суверэнныя і незалежныя літоўская і беларуская дзяржавы.

Натуральна, што працэс стварэння новай геапалітычнай сітуацыі суправаджаўся непаразуменнямі і нават напружаннем не толькі ў грамадскім ды культурным, але яшчэ і ў навуковым дыскурсе. Краіны проста не мелі вопыту зносін на дзяржаўным узроўні, што заахвочвала розныя праявы самаізаляцыі з абодвух бакоў (часам негатыўнай). Між тым у гістарычнай памяці, якая магла дапамагчы пераадолець гэтыя праблемы, працягвалі дамінаваць тэндэнцыі, сфармаваныя яшчэ ў савецкія часы. Бадай самай выразнай з іх было сціранне грамадскай памяці пра цэлыя гістарычныя эпізоды, якія сведчылі пра пачатак дзяржаўнага супрацоўніцтва паміж літоўцамі і беларусамі (напрыклад, у часы Першай сусветнай вайны і трохі пазней). У Літве, напрыклад, да сярэдзіны 1980-х гг. не было апублікавана аніводнай навуковай працы, у якой тым ці іншым чынам закранаўся б аспект беларуска-літоўскіх палітычных дачыненняў. Таму нядзіўна, што ў новай сітуацыі пасля распаду СССР з узнікненнем патрэбы ў вывучэнні аналагаў і прэцэдэнтаў мінулага і ўзрастанні цікавасці да гэтага не толькі шырокае грамадства, але і зацікаўленыя асобы, не маючы магчымасці карыстацца навукова спраўджанай і дакладна пададзенай інфармацыяй, так ці інакш траплялі пад уплыў розных чутак, псеўданавуковых тэорый, непацверджаных гіпотэз і інтэрпрэтацый. Можна выказаць меркаванне, што становішча беларусаў у гэтых адносінах было яшчэ больш складаным, бо сам эпізод беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці ў выглядзе Беларускай Народнай Рэспублікі ў савецкія гады быў непажаданай тэмай.

Бачачы такое становішча рэчаў у гістарыяграфіі, у калектыва супрацоўнікаў аддзела гісторыі ХХ ст. Інстытута гісторыі Літвы ў 1990-я гг. выспела думка ініцыяваць больш поўнае даследаванне тэматыкі літоўска-беларускіх дзяржаўных дачыненняў у першай палове XX ст. Вынікам гэтай задумы стала доктарская дысертацыя па гуманітарных навуках аўтара гэтых радкоў пад назвай «Беларускі фактар у фармаванні тэрыторыі літоўскай дзяржавы: этнапалітычны, палітычны, геапалітычны аспекты (1915—1923 гг.)». Дысертацыя была абаронена ў Вільні ў 2001 г. Па сутнасці, яе можна ацаніць як спробу паглядзець на літоўска-беларускія палітычныя дачыненні праз прызму праблемы фармавання тэрыторыі сучаснай літоўскай дзяржавы. На аснове дысертацыі ў 2003 г. была выдадзена манаграфія, якая цяпер у перакладзе на беларускую мову прапануецца беларускаму чытачу.

Ад моманту з’яўлення манаграфіі на літоўскай мове прайшло амаль дзесяцігоддзе. Яе аўтар, працягваючы працаваць у Інстытуце гісторыі Літвы, на працягу гэтага перыяду, напэўна, крыху аддаліўся ад беларускай праблематыкі, дакладней, поле ягоных інтарэсаў папоўнілі новыя цікавыя і дастаткова важныя гістарычныя тэмы. Аднак ён ні ў якім выпадку не перастаў цікавіцца асноўнымі тэндэнцыямі ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі, з цікавасцю сочачы за яе развіццём у апошняе дзесяцігоддзе. Аўтар манаграфіі з радасцю і задавальненнем можа канстатаваць, што беларуская гістарычная навука на працягу гэтага дзесяцігоддзя па розных аспектах імкліва крочыла наперад. Напрыклад, ва ўводзінах да манаграфіі на літоўскай мове аўтар заўважаў і абмяркоўваў тое, што ім было названа характэрнай для тагачаснай беларускай гістарыяграфіі тэндэнцыяй «прагіну на Ўсход». Між тым сёння аўтар можа канстатаваць, што беларускія гісторыкі вельмі шмат зрабілі ў справе пераадолення гэтай тэндэнцыі. Галоўнымі рысамі дадзенага працэсу можна лічыць праведзены імі грунтоўны і ўсебаковы аналіз гісторыі беларускіх земляў у перыяд Першай сусветнай вайны і праблемы нямецкай акупацыі, прызнанне самастойнага і самабытнага беларускага нацыянальнага руху на памежжы з Літвой, нарэшце, шырокую і неабмежаваную цікавасць да праблематыкі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці і Беларускай Народнай Рэспублікі. Тон тут задалі, хіба што, першапраходцы ў пераадоленні гэтай тэндэнцыі — цэнтр беларускіх гісторыкаў у Беластоку, вопыт якіх перанялі і гісторыкі ў самой Беларусі. Яшчэ адна знакавая і здаровая рыса дзейнасці беларускіх гісторыкаў апошніх гадоў — гэта распаўсюджанне гістарычнай літаратуры ў электронным фармаце, якое сапраўды значна пашырана, як гэта відаць на прыкладзе дзейнасці інтэрнэт-бібліятэкі «Камунікат». Прасочваецца вельмі выразная пазітыўная з’ява: гісторыкі, як прафесіяналы, так і аматары, нягледзячы на дзяржаўныя межы і звязаныя з імі абмежаванні, сёння маюць усеагульны, шырокі, неабмежаваны і зручны падыход да інфармацыі, якая ім патрэбна.

Яшчэ адна здаровая тэндэнцыя беларускай гістарычнай навукі апошняга часу — рост цікавасці да абмеркавання беларускай праблематыкі ў гістарыяграфіі суседзяў. З гэтым асабліва важным аспектам звязаныя намаганні азнаёміць шырокую беларускую грамадскасць з адпаведнымі працамі гісторыкаў суседніх краін на даступнай для яе мове, тым самым узбагачаючы і пашыраючы не толькі прафесійныя дыскусіі сярод гісторыкаў, але і пазітыўна ўплываючы на светапогляд самога грамадства. У тым ліку і па гэтай прычыне аўтар манаграфіі прыхільна сустрэў ініцыятыву з беларускага боку перавыдаць яе ў перакладзе на беларускую мову.

Як ужо было згадана, пасля выхаду ў свет манаграфіі на літоўскай мове прайшло нямала часу, гістарычная навука за гэты перыяд сягнула далёка наперад, а спіс каштоўнай літаратуры па разгляданай тэматыцы ў наш час можна было б дапоўніць цэлым шэрагам новых пазіцый.

Гэта былі б не толькі даследаванні, але і публікацыі саміх гістарычных крыніц. Многія творы, якімі ў свой час карыстаўся аўтар манаграфіі, цяпер выдадзены паўторна. Калі б манаграфія пісалася ў нашыя дні, то пад уплывам новых дадзеных, магчыма, былі б адкарэктаваныя некаторыя акцэнты наратыву, нюансы перадачы сюжэту. Але асноўныя вынікі выкананага гістарычнага даследавання і сутнасная канструкцыя сфармаванай на яго падставе манаграфіі, вартасць выкананай працы, на думку аўтара, усё ж такі змяніцца не мусілі б, і дзеля гэтага было вырашана пакінуць тэкст для гэтай публікацыі без зменаў.

Асобна хоць парай словаў, напэўна, варта хаця б згадаць пра трохі спецыфічны і, на першы погляд, аддалены ад асноўнай праблематыкі першы раздзел кнігі пад назвай «Праблема мадэрнай беларускай нацыі». Аўтар разумее, што сённяшні беларускі чытач гэты раздзел можа ацаніць і прыняць як занадта спрошчанае і схематызаванае апісанне даволі складаных і важных рэчаў, бо генезіс мадэрнай нацыі — гэта асабліва шырокая і актуальная тэма, якую ў сваіх працах ў тым ці іншым аспекце ў наш час, без сумневу, разглядаюць не толькі многія гісторыкі, але і сацыёлагі, філосафы, дэмографы ды інш. Гэтая тэма прадстаўлена не толькі ў спецыяльнай літаратуры, але і ў мностве меркаванняў, таму зацікаўленаму чытачу можа падацца, што схематызаванае выкладанне аўтара манаграфіі, зробленае на падставе ледзь не некалькіх і, чаго добрага, не самых аўтарытэтных пазіцый, сапраўды недастатковае. Таму аўтар манаграфіі бачыць патрэбу тут прыгадаць, у якім кантэксце гэты раздзел з’явіўся. Па-першае, дзесяцігоддзе таму даследаванні генезісу мадэрнай нацыі яшчэ не былі настолькі пашыраныя, а найноўшыя працы беларускіх адмыслоўцаў па гэтай тэматыцы сістэматычна да літоўскага чытача не даходзілі. Аднак самае галоўнае — згаданы раздзел манаграфіі пісаўся для літоўскай грамадскасці, якой патрэбна было больш зразумелае і простае разуменне суб’екта ўзаемадачыненняў на тым баку мяжы. Варта пры гэтым мець на ўвазе, што ў літоўскай гістарычнай памяці ўвогуле выразна пераважаў іншы суб’ект узаемадачыненняў — той, з якім 12 ліпеня 1920 г. была падпісана знакамітая дамова. Таму раздзел кнігі, прысвечаны праблеме мадэрнай беларускай нацыі, у цэлым трэба ацэньваць як пэўнае ўводнае азнаямленне літоўскай грамадскасці з прызабытым суб’ектам узаемадачыненняў. Сучаснаму беларускаму чытачу гэты тэкст, магчыма, будзе цікавы як своеасаблівы погляд на сябе збоку.

ЗМЕСТ

СЛОВА ДА БЕЛАРУСКАГА ЧЫТАЧА

УВОДЗІНЫ

I. ПРАБЛЕМА МАДЭРНАЙ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫІ

II. НЯМЕЦКІ ВЫКЛІК РАСІІ Ў ГАДЫ ПЕРШАЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ

1. Генезіс літоўскай дзяржаўнасці
2. Беларусы як патэнцыйны элемент літоўскай палітычнай нацыі
2.1. Праекты канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага
2.2. Беларуска-літоўскія перамовы адносна агульнай літоўскай дзяржавы ў 1917 г.
2.3. Другая нямецкая акупацыя і памкненні беларусаў займець сваю дзяржаву
2.4. Берасцейскі мір і яго наступствы

III. МАГЧЫМАСЦІ ПАБУДОВЫ ЛІТОЎСКАЙ I БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАЎНАСЦІ ПАСЛЯ КРАХУ ГЕРМАНСКАЙ I РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫЙ

1. Лістапад 1918 г.: пагадненне Часовага ўрада Літвы з беларускімі палітычнымі групоўкамі
2. Польскі погляд на літоўскую і беларускую дзяржаўнасць
3. Дамова Літвы з Расіяй і беларускае пытанне

IV. РЫЖСКАЯ ДАМОВА - УДАР ПА ЛІТОЎСКАЙ I БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАЎНАСЦІ

1. Рэакцыя літоўцаў і беларусаў на Рыжскую дамову (11 лістапада 1920 г.)
1.1. Клубок намераў Рыжскай дамовы
1.2. Беларускія палітычныя групоўкі і літоўцы напярэдадні заключэння Рыжскага міру
1.3. Беларуска-літоўскае пагадненне 11 лістапада 1920 г.
2. Заканчэнне беларускага-літоўскага палітычнага супрацоўніцтва

ВЫСНОВЫ

КРЫНІЦЫ I ЛІТАРАТУРА

 


Раім таксама паглядзець:
Ляхоўскі Уладзімір. Школьная адукацыя ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі (1915
12.99 р.

Ляхоўскі Уладзімір. Школьная адукацыя ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі (1915 – 1918)

У манаграфіі разглядаецца палітыка кайзераўскай Нямеччыны ў сферы адукацыі на захопленых беларускіх землях у 1915—1918 гг., а таксама адукацыйныя працэсы, якія адбываліся на адзначанай тэрыторыі падчас Першай сусветнай вайны.

Латышонак Алег. Жаўнеры БНР
12.99 р.

Латышонак Алег. Жаўнеры БНР

Выданне змяшчае творы Алега Латышонка, у якіх разглядаюцца спробы стварэння беларусамі нацыянальных вайсковых фармаванняў у канцы 1910-х — пачатку 1920-х гг. Асноўную яго частку складае пераклад на беларускую мову фундаментальнай працы «Беларускія вайсковыя фармаваньні: 1917—1923 гады», рэшту — комплекс артыкулаў пра жыццё і дзейнасць генерала Станіслава Булак-Балаховіча і пра асобныя старонкі ўзброенага змагання беларусаў за ўласную дзяржаву.

150 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі
6.49 р.

150 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі

У папулярнай форме падаюцца разнастайныя звесткі з беларускай гісторыі пра найважнейшыя падзеі мінуўшчыны, пра выдатных дзяржаўных асобаў, славутых герояў, дзеячаў культуры. Аўдыёкніга адрасуецца шырокаму колу слухачоў.

Краўцэвіч Аляксандр. Краіна пагранічча
9.99 р.

Краўцэвіч Аляксандр. Краіна пагранічча

Выйшла з друку новая кніга вядомага беларускага навукоўца і грамадскага дзеяча Аляксандра Краўцэвіча. У кнігу ўвайшлі выбраныя навукова–папулярныя, эсэістычныя і публіцыстычныя працывядомага беларускага навукоўцы і грамадскага дзеяча з Гародні, напісаныя ім на працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў.

Некаторыя з іх друкуюцца ў зборніку ўпершыню.

Латышонак Алег, Мірановіч Яўген. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII ст. да пач
11.99 р.

Латышонак Алег, Мірановіч Яўген. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII ст. да пачатку XXI ст.

Хоць асноўнай мэтавай аўдыторыяй дадзенага падручніка зьяўляліся беларусы, якія сёньня жывуць у Польшчы, цікавасць яна ўяўляе і для жыхароў мэтраполіі, г. зн. Рэспублікі Беларусь. Ужо на самым пачатку кнігі, ва ўступе, аўтары прадэкляравалі, што "мы будзем адстойваць перш за ўсё беларускі, а ня польскі пункт гледжаньня на гістарычныя падзеі, але без празьмернага шанаваньня беларускіх гістарычных мітаў".

Луцкевіч Антон. Барацьба за вызваленьне
12.99 р.

Луцкевіч Антон. Барацьба за вызваленьне

Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2009. – 670 старонак.

Гэтая кніга зьяўляецца лягічным працягам папярэдніх выданьняў твораў Антона Луцкевіча: "Да гісторыі беларускага руху" (Менск, 2003) і "Выбраныя творы: Праблемы культуры, літаратуры і мастацтва" (Менск, 2006).