Гамулка Крысціна. Паміж Польшчай і Расіяй

Гамулка Крысціна. Паміж Польшчай і Расіяй
4.49 р.
Вага: 250 г
Памеры: 130x200 мм



Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918 – 1922) / Пераклад з польскай мовы Сяргея Кузняцова, Аляксея Шоты. – Вiльня : 2008. – 256 с. – (Серыя "Гісторыя палітычных ідэй").

ISBN 978-9955-773-26-9

Кніга польскай даследчыцы Крысціны Гамулкi прысвечана аналізу шырокага спектру палітычных ідэй, канцэпцый і праектаў польскіх арганізацый у дачыненні да Беларусі і беларусаў у 1918 – 1922 гадах. Разглядаюцца асаблівасці эвалюцыі канцэпцый ва ўмовах палітычнай нестабільнасці і іх сутыкненне з рэальнай практыкай дзяржаўнага будаўніцтва. Кніга разлічана як на спецыялістаў (гісторыкаў, палітолагаў, прадстаўнікоў іншых сацыяльных і гуманітарных дысцыплін), так і на шырокія колы чытачоў, якія цікавяцца праблемамі палітычнай гісторыі Беларусі і Цэнтральна-Усходняй Еўропы.

ЗМЕСТ

Ад рэдактара
Прадмова да беларускага выдання
Уступ

Раздзел I. Незалежнасць ці аўтаномія
1. Пазіцыя польскіх палітычных фарміраванняў у адносінах да беларускага пытання
2. Канцэпцыя землеўласнікаў у справе ўладкавання літоўска-беларускіх зямель у канцы 1918 – пачатку 1919 г. Атрады самаабароны
3. За прадстаўніцтва крэсаў у Заканадаўчым сейме
4. Перамовы Пілсудскі – Грабскі (снежань 1918 г.)
5. Спрэчка наконт усходняй мяжы Польшчы (Парыж, 1919 г.)
6. Краёўцы, федэралісты супраць інкарпарацыяністаў на польскіх землях
7. Канцэпцыя ўсходняй мяжы ў час падрыхтоўкі і правядзення Віленскага паходу, яго ацэнка і наступствы
8. Спробы здабыцця прыхільнасці ў дзеячаў беларускага руху (май – чэрвень 1919 г.)
9. Напярэдадні заняцця Мінска
10. Беларускі палітычны рух, польскія палітычныя групы пасля заняцца Мінска
11. "Беларускі план" Падэрэўскага. Польска-беларускае таварыства
12. Выбары ў нацыянальныя рады і гарадскую раду ў Мінску
13. Стварэнне беларускіх вайсковых атрадаў
14. Беларускае школьніцтва
15. За прадстаўніцтва крэсаў. Падрыхтоўка да выбараў
16. Роспуск рады Беларускай Народнай Рэспублікі
17. Канцэпцыя вырашэння аграрнага пытання на літоўска-беларускіх землях

Раздзел II. Аўтаномія ці самаўпраўленне?
1. Польска-беларускія перамовы (сакавік 1920 г.)
2. Планы арганізацыі літоўска-беларускіх зямель напярэдадні кіеўскага паходу і падчас яго правядзення
3. Дасягненні беларускага школьніцтва
4. Польская канцэпцыя, беларускі рух перад бальшавіцкім наступленнем
5. Польска-савецкія перамовы ў Мінску
6. Часовае ўпраўленне прыфрантавых і этапных тэрыторый. Рашэнне РАД аб лініі мяжы
7. Польска-савецкія перамовы ў Рызе (верасень – кастрычнік 1920 г.)
8. Распад беларускіх атрадаў
9. Дзейнасць атрадаў Балаховіча
10. Плебісцыт ці выбары. Беларускі рух у Сярэдняй Літве
11. Беларускі рух і мірныя перамовы
12. Закон аб стварэнні ваяводстваў
13. Тэрыторыя БССР. Рыжская дамова
14. Аграрная рэформа. Вайсковае асадніцтва

Раздзел III. У агульным доме
1. Справа дзейнасці антысавецкіх атрадаў
2. Палітыка польскіх улад у дачыненні беларусаў
3. Беларускі з'езд у Празе
4. Падрыхтоўка выбараў у суседняй Літве
5. Выбары ў Віленскі сейм
6. Арышт беларускіх і літоўскіх дзеячаў
7. Віленскі сейм. Праекты аўтаноміі Станіслава Мацкевіча і Уладзіслава Студніцкага. Акт аб’яднання
8. Вынікі дзеяння атрадаў Скамароха
9. Аўтакефалія праваслаўнай царквы
10. Вайсковае асадніцтва
11. Парламенцкія выбары 1922 г.

Заканчэнне
Кароткія біяграфіі польскіх палітыкаў
Бібліяграфія
Прынятыя скарачэнні

ПРАДМОВА ДА БЕЛАРУСКАГА ВЫДАННЯ

Гісторыя беларусаў і Беларусі ў першыя сорак гадоў XX ст., г. зн. да пачатку Другой сусветнай вайны, адносяцца ў гістарыяграфіі да даволі добра апрацаваных. Беларускім рухам цікавіліся і пісалі аб ім палякі, беларусы і рускія. Станаўленне нацыянальнага беларускага руху было апісана ў працах Аляксандры Бергман і Юрыя Туронка. Стаўленне польскіх палітычных груповак да з'яўлення і развіцця беларускага руху знайшло адлюстраванне ў працы Яна Юркевіча. Адносна месца, ролі і значэння беларускага руху выказваліся таксама беларускія дзеячы і палітыкі. Належалі да іх гарачы прыхільнік незалежнай беларускай дзяржавы Аляксандр Цьвікевіч і гісторык, а потым палітык БССР Усевалад Ігнатоўскі. Пытанні этнаграфічнай адасобленасці руху даследаваў Яўхім Карскі.

Па-іншаму беларускі рух характарызавалі польскія даследчыкі. Слабасць беларускага руху, нізкая нацыянальная свядомасць народных мае і адсутнасць веры ў магчымасць стварэння незалежнай дзяржавы адзначыў у сваіх працах гісторык, член ППС Лявон Васілеўскі. Лакалізацыя, колькасць і веравызнанне беларусаў у два першыя дзесяцігоддзі XX ст. сталі прадметам даследаванняў Яна Чэканоўскага. У дыскусіі на тэму колькасці беларусаў прыняў удзел публіцыст і статыстык Эдвард Малішэўскі. Як і Чэканоўскі, ён выказваўся за падзел беларускіх зямель паміж Польшчай і Расіяй.

Перыяд 1918 – 1921 гг., які быў часам фарміравання ўсходняй мяжы Польшчы і барацьбы беларусаў за стварэнне ўласнай дзяржавы, знайшоў адлюстраванне ў працах выбітнага беларускага палітыка і публіцыста Антона Луцкевіча. Ён вельмі крытычна ацаніў дзеянні польскіх войскаў у дачыненні да беларусаў падчас наступлення на ўсходзе у 1919 г. Па-іншаму гэтыя факты былі ацэненыя ў дакладзе, падрыхтаваным па загадзе II Аддзела Генеральнага штаба. Наступленне польскіх войскаў на ўсходзе было прызнана правільнай рэалізацыяй польскай палітыкі, накіраванай на забеспячэнне інтарэсаў Польшчы і на прасоўванне, ва ўмовах слабага беларускага руху, дзяржаўнай мяжы як найдалей на усход. Пазіцыі паасобных польскіх палітычных груповак да беларускага пытання ў перыяд фарміравання ўсходняй граніцы Польшчы былі выкладзены ў працы Крысціны Гамулкі. Федэратыўныя канцэпцыі на ўсходзе і ўдзел бельведэрскага лагера ў іх стварэнні і рэалізацыі ў два першыя гады незалежнай Польшчы прадставіў Юзаф Левандоўскі.

Галоўныя плыні беларускага нацыянальнага руху, а таксама беларускі рэвалюцыйны рух да 1921 г. былі ахарактарызаваны ў працы Фёдара Турука. Генезіс і дзеянні ваенных фарміраванняў, створаных беларусамі, якія з 1917 г. дзейнічалі на тэрыторыях пражывання беларускага насельніцтва, а пасля падпісання Рыжскай дамовы на тэрыторыях II Рэспублікі і БССР, былі ахарактарызаваныя ў працы Алега Латышонка. Постаць аднаго з самых доблесных беларускіх кіраўнікоў, авеяная легендамі, які прымаў удзел у барацьбе за правы беларускага насельніцтва – атамана Хмары – Разумовіча была прадстаўлена ўжо ў перыяд II Рэспублікі.

Лёс беларусаў у II Рэспубліцы знайшоў адлюстраванне ў сінтэтычных працах па даследаванні меншасцяў, якія жылі на гэтых тэрыторыях, аўтарства Анджэя Жарноўскага і Ежы Тамашэўскага. Канцэпцыі нацыянальнай палітыкі польскага ўрада, у тым ліку і ў дачыненні да беларусаў у перыяд II Рэспублікі, апісаў Анджэй Хайноўскі. Усебакова лёс беларускай меншасці на тэрыторыі II Рэспублікі быў паказаны у працы Крысціны Гамулкі.

У абарону правоў беларускага народу ў II Рэспубліцы выказваліся беларускія палітыкі, якія жылі на тэрыторыі ўсходніх ваяводстваў дзяржавы. Галоўную ролю адыграў стваральнік партыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ксёндз Адам Станкевіч. Сваю дзейнасць на тэрыторыі II Рэспублікі, а потым БССР апісаў Браніслаў Тарашкевіч. Біяграфіі найвыбітнейшых дзеячаў беларускага нацыянальнага руху былі падрыхтаваныя раней узгаданай Аляксандрай Бергман.

Дасягненні беларускай культуры ў II Рэспубліцы былі прадстаўлены ў працах Ежы Трачука і Юрыя Туронка. Грамадска-эканамічныя стасункі на землях, дзе пражывалі беларусы, з'яўляюцца тэмай аналізу, праведзенага Ежы Тамашэўскім.

Большасць навуковых прац, прысвечаных лёсу беларусаў на тэрыторыі Савецкай Беларусі, з'явілася ў 1980-х – 1990-х гг., г. зн. у час перабудовы і распаду СССР. Аўтарамі гэтых прац з'яўляюцца галоўным чынам даследчыкі, які пражывалі на тэрыторыі БССР, а потым Рэспублікі Беларусь. У Польшчы выключэннем з'яўляецца праца Гелены Глагоўскай. У працы паказваюцца культурныя змены на тэрыторыі БССР ў 20-я гг. XX ст.

Дадзеная кніга была напісана з мэтай паказаць пазіцыі польскіх палітычных груповак да беларускага нацыянальнага руху праз прызму фарміравання ўсходняй мяжы Польшчы, а пасля яе вызначэння – месца гэтага руху ў адроджанай Польшчы. Асноваю для выдання стала дысертацыя пад назвай "Беларускае пытанне ў праграмах палітычных польскіх партый у 1918 – 1922 гадах", што была напісана за некалькі год да выхаду кнігі.

Крысціна Гамулка
Жнівень 2008

УСТУП

Для тэрміну "нацыя" ў працы Ежы Вятра мы знаходзім азначэнне: "Нацыя – гэта гістарычна сфарміраваная, трывалая супольнасць, якая ўзнікла на аснове агульнага гістарычнага лёсу, супольнай таварнай гаспадаркі і супольных палітычных інстытутаў, якая характарызуецца існаваннем дзяржаўнага пачуцця ў якасці асноўнага складовага элемента групавой свядомасці" [Wiatr, 1973]. Адносячы гэтае азначэнне да беларусаў 1905 – 1922 гг., неабходна падкрэсліць слабасць паасобных складовых элементаў. Іх нацыянальная свядомасць фарміравалася найбольш павольна. Яе адносна нізкі ўзровень, слабасць маладога нацыянальнага руху, малая індывідуалізаванасць мовы, а таксама геаграфічнае размяшчэнне абумоўлівалі знаходжанне беларусаў пад рускімі або польскімі ўплывамі.

Гэтая праца ставіць сваёй мэтай прадставіць стасунак асноўных польскіх палітычных фарміраванняў: ППС, ПНП-Вызваленне, ПНП-Пяст, Нацыянальнай дэмакратыі, Хрысціянскай дэмакратыі, групы, аб'яднанай вакол Юзафа Пілсудскага, землеўласнікаў-крэсоўцаў, а таксама колаў краёўцаў, якія паходзілі з асяроддзя землеўласнікаў, і прыхільнікаў ліберальнай плыні да развіцця беларускага руху ў 1918 – 1922 гг. У працы не выкладзены пазіцыі ўсіх польскіх палітычных груповак таго перыяду, бо яны адпавядаюць праграмам названых партый і палітычных груп. Але тут былі прадстаўлены погляды і дзеянні палітыкаў, што стаялі па-за структурамі палітычных груповак, але мелі істотны ўплыў на беларускае пытанне. Сваёй задачай аўтар бачыць найперш за ўсё прадстаўленне палітычных поглядаў і канцэпцый, якія выявіліся ў польскім грамадстве ў той перыяд. Праца сканцэнтроўваецца на праблематыцы палітычнай думкі, акрамя таго, закранае ваенныя, эканамічныя пытанні, пытанні асветы, абмінаючы між тым праблематыку камуністычнага руху. У працы разгледжаны дзеянні польскага ўрада ў беларускай праблематыцы і ў іншых непасрэдна з ёй звязаных пытаннях, а таксама рэакцыя беларускіх дзеячаў, як тых, хто вырашыў супрацоўнічаць з Польшчай, так і тых, хто аддаліўся ад яе, шукаючы падтрымкі ва ўрадах іншых краін.

Храналагічныя рамкі працы ахопліваюць перыяд 1918 – 1922 гг. Першая часавая мяжа звязана з атрыманнем Польшчай незалежнасці, узнікненнем новых палітычных умоў, у якіх прыйшлося дзейнічаць польскім групоўкам і дзеячам беларускага руху. Для адных і другіх гэта быў час надзеі і веры ў тое, што ўдасца рэалізаваць планы і намеры. Фактары, якія аказалі ўплыў на фарміраванне ў 1918 г. пазіцый асноўных польскіх палітычных груповак да беларускага руху, аўтарка прадставіла ад моманту з'яўлення гэтага руху на палітычнай арэне. Другі храналагічны рубеж – 1922 г. звязаны з удакладненнем палітыкі польскага ўрада ў дачыненні да зямель, якія адышлі да Польшчы ў выніку Рыжскай дамовы і далучэння Віленшчыны. Гэтыя тэрыторыі былі вызначаныя для паланізацыі, не пакідаючы беларусам ніякіх ілюзій. Перад беларусамі была альтэрнатыва – барацьба за палітычныя, культурныя, эканамічныя правы ў парламенце ці са зброяй альбо магчымасць эміграцыі, якой шмат беларусаў скарысталася. Тым, хто застаўся ў Польшчы, падтрымку ў барацьбе за правы аказвалі некаторыя палітычныя групоўкі (ППС, ПНП-Вызваленне).

Асноўнымі крыніцамі, на якія абапіраецца праца, з'яўляецца польская і беларуская прэса і стэнаграфічныя справаздачы з пасяджэнняў Заканадаўчага сейма Польшчы і Віленскага сейма. Зборы польскай прэсы з 1918 – 1922 гг. з'яўляюцца поўнымі, за выключэннем выданняў "Dziennik Wileński" або "Rząd і Wojsko". Горш выглядае сітуацыя з беларускай прэсай, камплектацыя якой была для аўтара праблематычнай. Гэтую задачу не ўдалося поўнасцю выканаць, бо сабраны матэрыял прэсы не раскрыў да канца механізмаў з'яўлення пэўных палітычных канцэпцый, а толькі прадставіў меркаванні палітычных дзеячаў у форме, прадыктаванай патрабаваннямі прапаганды. Аднак станоўчым бокам матэрыялаў прэсы была магчымасць прасачыць развіццё асобных палітычных канцэпцый, змены ў пазіцыях партый, інфармаванне аб настроях насельніцтва. Пэўным дапаўненнем матэрыялу сталі стэнаграфічныя справаздачы з пасяджэнняў Заканадаўчага сейма Польшчы і Віленскага сейма, а таксама тэксты прапаноў, якія выносіліся на пасяджэннях сейма і змяшчаліся ў сеймавым друку.

Недахоп матэрыялаў прэсы аўтар старалася кампенсаваць, звяртаючыся да іншых крыніц, асабліва ўспамінаў і мемуараў, найбольшую колькасць з якіх прадстаўлялі ўспаміны землеўласнікаў. Значна менш было мемуараў і ўспамінаў дзеячаў народнага руху і ППС або краёўцаў-дэмакратаў.

Для таго каб ахарактарызаваць пазіцыю польскага ўрада ў пытанні беларускага руху, неабходна было скарыстацца архіўнымі матэрыяламі. Сярод выкарыстаных збораў дакументаў Архіва актаў новых (далей ААН) найбольш значнымі былі наступныя: Таварыства крэсавай стражы, Архіў Лявона Васілеўскага, Ад'ютантуры Бельведэра, Бюро кангрэсавых працаў, Нацыянальнага польскага камітэта, Міністэрства замежных спраў і Міністэрства рэлігійных вызнанняў і грамадскай асветы. Яны паказалі, як польскі ўрад ставіўся да беларускага пытання, дазволілі прасачыць погляды членаў урада, супрацоўнікаў міністэрстваў і дыпламатычных пляцовак. Дапаўненнем да матэрыялаў ААН былі дакументы, якія захоўваюцца ў VI аддзеле ААН, у тым ліку дакументы Рамана Кноля, Усходнія інстытуты, Варшаўскае карэспандэнцкае бюро.

Выкарыстанне амаль поўнасцю захаваўшыхся справаздач акруговых інструктараў Таварыства крэсавай стражы (далей ТКС) і Цывільнага ўпраўлення ўсходніх зямель (далей ЦУУЗ) дало магчымасць пазнаёміцца з ацэнкай дзеянняў польскіх улад і настроямі мясцовага насельніцтва, якія штомесяц вывучаліся інструктарамі ТКС і ЦУУЗ. У той жа час аўтару не ўдалося да канца высветліць прычыны выдання некаторых распараджэнняў, указаць даты і нагоды сустрэч прадстаўнікоў Польшчы з беларускімі дзеячамі. Гэтыя прабелы былі выкліканы знішчэннем дакументаў Нацыянальнага аддзела ЦУУЗ падчас чыгуначнай катастрофы ў 1920 г. Тым не менш дакументы ЦУУЗ, якія захаваліся ў Публічнай бібліятэцы Варшавы, дазволілі даволі дакладна прааналізаваць праблему беларускага школьніцтва, дзейнасць культурных інстытутаў і беларускай прэсы ў той час.

Дзякуючы матэрыялам Цэнтральнага вайсковага архіва (далей ЦВА), у тым ліку зборам пад назвамі "Вайсковае гістарычнае бюро", "Бюро некаталіцкіх вызнанняў", "Справаздачы", "Кабінет міністра вайсковых спраў", "Самаабарона Гарадзеншчыны", стала магчымым высветліць генезіс, дзейнасць і хаду ліквідацыі беларускіх атрадаў, створаных згодна з дэкрэтам Ю. Пілсудскага ад 22 кастрычніка 1919 г., а таксама дакладна прасачыць функцыяніраванне атрадаў пад камандаваннем генерала Станіслава Булак-Балаховіча, а пасля іх роспуску паказаць ролю і ўплыў, які аказалі атрады інтэрнаваных польскімі ўладамі салдат Балаховіча на фарміраванне польска-савецкіх дачыненняў у 1921 – 1922 гг. Дзякуючы дакументам ЦВА удалося акрэсліць стаўленне беларусаў да атрадаў самаабароны.

Аналізуючы выкарыстаныя архіўныя матэрыялы, трэба падкрэсліць, што часта гэтыя крыніцы з'яўляюцца няпоўнымі. Змест пратаколаў і справаздач часта выглядае хаатычна, так, нібы іх аўтары хацелі затушаваць пралікі і недапрацоўкі рэгіянальных улад. Адсутнасць імёнаў ля прозвішчаў беларускіх дзеячаў, перакручванне іх прозвішчаў, фактаў, дат сустрэч польскіх і беларускіх дзеячаў з'яўляюцца доказам слабай падрыхтоўкі гэтых аўтараў да працы і грэбавання сваімі абавязкамі. Не ўсе такога роду прабелы аўтару ўдалося запоўніць. Цяжка было высветліць імёны беларускіх палітыкаў. Гэтую задачу не ўдалося да канца вырашыць.

Дапаўненнем да архіўных матэрыялаў былі друкаваныя дакументы, такія як збор крыніц, апрацаваных Казімірам Куманецкім [Kumaniecki. Zbiór..., 1920; Kumaniecki. Odbudowa..., 1924], "Дакументы па пытанні межаў на мірнай канферэнцыі ў Парыжы" [Akty і dokumenty..., 1920], "Дакументы і матэрыялы па гісторыі польска-савецкіх дачыненняў" [Dokumenty і materiały...], "Палітычны Архіў Ігната Падэрэўскага" (Archiwum Polityczne Ignacego Paderewskiego, далей APІP). Вялікую ролю адыгралі савецкія выданні дакументаў, напрыклад "Документы внешней политики СССР" [Документы внешней..., 1957 – 1962].

3 ацэнкай канцэпцый, прадстаўленых польскімі палітычнымі групоўкамі, і ацэнкай дзеянняў польскага ўрада, зробленай дзеячамі беларускага руху, аўтар змагла пазнаёміцца дзякуючы працам Аляксандра Цвікевіча [Цьвікевіч, 1919], Адама Станкевіча [А. Станкевіч. Беларускі..., 1939] і Антона Луцкевіча [Łuckiewicz. Polska okupacja..., 1920; Луцкевіч, 1928].

Колькасць манаграфічных прац, выкарыстаная пры падрыхтоў-цы дысертацыі, з'яўляецца даволі вялікай. Асаблівай увагі заслугоўвае праца Андрэя Хайноўскага [Chojnowski. Koncepcje..., 1979], якая разглядае пытанні польскай палітыкі ў пытаннях нацыянальнасцей у 1921 – 1939 гг. і Яна Юркевіча [Jurkiewicz, 1983] аб развіцці польскай палітычнай думкі ў Літве і Беларусі ў 1905-1922 гг. Прац, якія датычаць непасрэдна беларускай праблематыкі, адносна нямнога. Неабходна тут назваць працы Аляксандры Бергман [Bergman. Sprawy ..., 1984; Bergman. Rzecz ..., 1978], Марцэла Касмана [Kosman, 1979], Юзафа Пацука [Pacuk] і Ежы Тамашэўскага, а таксама выдадзеныя ў ЗША працы Нікаласа Вакара [Vakar, 1956], Альфрэда Эрыха Сена [Senn, 1959] і Пятра Вандыча [Wandycz, 1969]. Вельмі карыснымі былі таксама манаграфіі паасобных палітычных партый і біяграфіі палітычных дзеячаў. У працы выкарыстаныя ранейшыя даследаванні, якія датычаць польскай усходняй палітыкі ў 1918 – 1922 гг. [Deruga. Polityka 1969; Grunberg, 1978; Komarnicki. Piłsudski..., 1952; Lewandowski. Federalizm..., 1962; Lewandowski. Imperializm..., 1967].

Праблематычнай была для аўтара структура працы. Падзел на раздзелы зроблены па храналагічным крытэрыі. Аднак у рамках раздзелаў аўтар вырашылася на эклектычны падыход, сумясціўшы храналогію з праблематыкай, а таму ўвёўшы падзел на падраздзелы. Гэта, аднак, не захавала працу ад паўтарэнняў раней разгледжаных пытанняў.

Праца складаецца з трох раздзелаў. Першы раздзел разглядае стаўленне польскіх палітычных груповак да беларускага руху да моманту атрымання палякамі незалежнасці і ў час наступу польскіх войскаў на ўсход у 1919 г. Ілюзіі беларусаў, якія марылі аб незалежнасці, зніклі ўжо ў снежні 1919 г., калі польскія ўлады па загадзе Пілсудскага распусцілі раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Нягледзячы на гэта, частка беларускіх дзеячаў пайшла на супрацоўніцтва з польскімі ўладамі, каб узамен атрымаць аўтаномію і матэрыяльную дапамогу ў развіцці школьніцтва, кааператываў і г.д. Іх патрабаванні стараліся падтрымліваць некаторыя палітычныя групоўкі, такія як ППС і ПНП-Вызваленне. Іншыя выказваліся за паланізацыю той часткі крэсаў, якая павінна была адысці да Польшчы па выніках перамоў у Рызе.

Падзеі перыяду ад моманту роспуску рады ВНР да падпісання мірнай дамовы ў Рызе разгледжаны ў другім раздзеле. Трэці раздзел разглядае перыяд ад моманту падпісання міру ў Рызе да парламенцкіх выбараў 1922 г. уключна. У ім ілюструецца барацьба паміж партыямі, якія імкнуліся да ліквідацыі беларускага руху, і групоўкамі, якія выступалі за яго захаванне і наданне беларусам тэрытарыяльнай аўтаноміі. Палітыка польскага ўрада, якая непазбежна кіравалася на паланізацыю крэсаў, вымусіла, аднак, беларусаў, якія патрабавалі палітычных, эканамічных і культурных праў, шукаць саюзнікаў сярод іншых нацыянальных меншасцей і распачаць барацьбу: спачатку ў сценах парламента, а ў недалёкай будучыні – узброеную.


Раім таксама паглядзець:
Катлярчук Андрэй. У ценю Польшчы і Расеі
14.99 р.

Катлярчук Андрэй. У ценю Польшчы і Расеі. Вялікае княства Літоўскае і Швэцыя ў часе эўрапейскага крызісу сярэдзіны XVII ст.

Тэрытарыяльныя спрэчкі за Літву і Беларусь былі галоўнай прычынай швэдзка-расейскіх, польска-расейскіх і ўкраінска-расейскіх сутыкненьняў. 20 кастрычніка 1655 г. у Кейданах Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае і Швэцыя падпісалі дамову аб утварэньні супольнай фэдэратыўнай дзяржавы.

Сямашка Яўген. Армія Краёва на Беларусі
2.99 р.

Сямашка Яўген. Армія Краёва на Беларусі

Дзейнасць Арміі Краёвай на Беларусі да гэтага часу фактычна "белая пляма" для нашага чытача. Пры напісанні кнігі аўтар выкарыстаў шматлікую літаратуру, выдадзеную на Захадзе, асабліва ў Польшчы, матэрыялы архіваў. Многія прыведзеныя ў кнізе дакументы друкуюцца ўпершыню.

Арлоў Уладзімір, Герасімовіч Зьміцер. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае
49.99 р.

Арлоў Уладзімір, Герасімовіч Зьміцер. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае

Займальная і даступная для чытача любога ўзросту і ўзроўню адукацыі, кніга прысвечаная найцікавейшай эпосе нашай мінуўшчыны — часам Вялікага Княства Літоўскага, дзе скансалідаваўся беларускі народ, беларускія землі адыгрывалі вызначальную ролю, а старабеларуская мова была дзяржаўнай.