Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
Ці ў сацыяльных сетках: Facebook або ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Гардзіенка Алег. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА)

Гардзіенка Алег. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА)
4.99 р.
Вага: 480 г
Памеры: 135x200 мм



У кнізе распавядаецца пра адну з найбуйнейшых беларускіх арганізацыяў у ЗША – Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі, што дзейнічае ад 1951 г. па сёньня. Аўтар разглядае гісторыю арганізацыі на фоне падзеяў жыцьця беларускай эміграцыі, палітычнага й царкоўнага расколу, а таксама замежнай і ўнутранай палітыкі ЗША.

Смаленск, 2009. – 428 с., [12] с. іл. – (БІНІМ ; Бібліятэка Бацькаўшчыны ; кн. 16).

ISBN 978-985-6530-58-9

У кнізе распавядаецца пра адну з найбуйнейшых беларускіх арганізацыяў у ЗША – Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі, што дзейнічае ад 1951 г. па сёньня. Аўтар разглядае гісторыю арганізацыі на фоне падзеяў жыцьця беларускай эміграцыі, палітычнага й царкоўнага расколу, а таксама замежнай і ўнутранай палітыкі ЗША.

ЗЬМЕСТ

Дзяржаўніцкая арганізацыя
Прадмова

І. БЕЛАРУСКАЯ ЭМІГРАЦЫЯ НА ЗАХАД У ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ ХХ СТ.
Беларусы ў паваеннай Нямеччыне й Аўстрыі
Сацыяльныя характарыстыкі
Палітычны раскол
Царкоўны падзел

ІІ. ПРЫЕЗД БЕЛАРУСКІХ УЦЕКАЧОЎ У ЗША
Запрашэньне і ўладкаваньне Ды-Пі
Беларускі Саўт-Рывэр

ІІІ. ПАЧАТКІ ГРАМАДЗКАЙ ДЗЕЙНАСЬЦІ БЕЛАРУСАЎ У ЗША ПА II СУСЬВЕТНАЙ ВАЙНЕ
Злучаны беларуска-амэрыканскі дапамаговы камітэт (ЗБАДК)
Іншыя арганізацыі прыхільнікаў БЦР

IV. СТВАРЭНЬНЕ БЕЛАРУСКАГА КАНГРЭСАВАГА КАМІТЭТУ АМЭРЫКІ
Падрыхтоўка да скліканьня агульнабеларускага кангрэсу
І Кангрэс беларусаў Амэрыкі

V. БЕЛАРУСКІ КАНГРЭСАВЫ КАМІТЭТ АМЭРЫКІ Ў 1951 – 1957 ГГ.
Умовы дзейнасьці БККА: амэрыканская палітыка й эміграцыйная супольнасьць БККА ў 1951 – 1955 гг.
Фармуляваньне "беларускага пытаньня" перад амэрыканскім грамадзтвам
Выдавецкая дзейнасьць
Грамадзкія мерапрыемствы для беларусаў у ЗША

Крызіс у БККА й сыход Мікалая Шчорса

VI. БЕЛАРУСКІ КАНГРЭСАВЫ КАМІТЭТ АМЭРЫКІ Ў 1957 – 1989 ГГ.
ІІ Кангрэс беларусаў Амэрыкі
БККА пасьля ІІ Кангрэсу: першыя крокі новага кіраўніцтва
Спробы аб’яднаньня з БАЗА й стварэньня супольнай Беларуска-амэрыканскай рады
Умовы дзейнасьці БККА ў 1960 – 1980-х гг.
Рэпрэзэнтацыйная дзейнасьць БККА
Царкоўнае пытаньне й БККА
Дзейнасьць рэгіянальных аддзелаў і прадстаўніцтваў БККА ды арганізацыяў, што ў яго ўваходзілі
Аддзелы БККА
Прадстаўніцтвы БККА

Арганізацыі, што ўваходзілі ў БККА
Выдавецкая дзейнасьць БККА
"Справа" Лофтуса

VIІ. БЕЛАРУСКІ КАНГРЭСАВЫ КАМІТЭТ АМЭРЫКІ Ў 1990-Я
Арганізацыйныя зьмены
Новыя тэндэнцыі міжнародных дачыненьняў і дзейнасьць БККА
Кантакты БККА з амэрыканскімі чыноўнікамі й палітыкамі
БНР/БЦР: канец палітычнага супрацьстаяньня

VIIІ. БЕЛАРУСКІ КАНГРЭСАВЫ КАМІТЭТ АМЭРЫКІ СЁНЬНЯ

ЗАКЛЮЧНЫЯ РАЗВАГІ

УСПАМІНЫ
Лёнгіна Брылеўская: Як засноўвалася калёнія ў Саўт-Рывэры
Барыс Кіт: Мае ўспаміны
Лёля Касоўская: Мае ўспаміны пра Івана Іванавіча Касяка

ЛІСТАВАНЬНЕ
Ліставаньне Барыса Кіта з Аляксандрам Русаком
Ліставаньне Часлава Найдзюка з Іванам Касяком
Ліставаньне Васіля Шчэцькі і Івана Касяка

ДАКУМЭНТЫ
Открытое письмо к американцам белорусского происхождения
Браты Беларусы! (Зварот Галоўнай управы ЗБАДК)
Да беларускае арганізаванае грамадзкасьці ў ЗША
Заклік Першага Беларуска-амэрыканскага кангрэсу да ўсіх беларуска-амэрыканскіх арганізацыяў і да ўсіх амэрыканцаў беларускага паходжаньня
Рэзалюцыя Першага Беларуска-амэрыканскага кангрэсу ў ЗША ў справе супрацоўніцтва паміж нацыянальнымі групамі
Тэкст сьветчаньня старшыні Беларускага кангрэсавага камітэту перад падкамісіяй замежных справаў Палаты рэпрэзэнтантаў
Ініцыятыўная група па выдачы беларускага часапісу
Сьвяткаваньне 25 сакавіка ці 43-іх угодкаў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі ў Каларада
Зварот да беларуска-амэрыканскіх арганізацыяў і да ўсяго беларускага грамадзянства ў ЗШПАмэрыкі
Ліст Станіслава Станкевіча да Кастуся Мерляка
Ліставанне Мікалая Падлазніка і Івана Касяка
Дарагія суродзічы (Віншаваньне з Днём Волі ад Хведара Шыбута – прадстаўніка БККА на штат Каларада)
Прамова сп. Расьціслава Завістовіча, старшыні Беларускага кангрэсавага камітэту Амэрыкі, на Першым Зьезьдзе беларусаў сьвету ў Менску 8.07.1993
Дарагія суродзічы! (Віншаваньне БККА з Днём Волі ў 1995 г.)
Паважанае спадарства! (Віншаванне з Днём Волі ад амбасадара Сяргея Мартынава)
Статут Кангрэсаў беларусоў Амэрыкі
Статут Злучанага Беларуска-амэрыканскага дапамаговага камітэту

Бібліяграфія артыкулаў часопісу "Беларуская думка"

Біяграфічны паказьнік

Іменны паказьнік

ДЗЯРЖАЎНІЦКАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ

Эміграцыя зь Беларусі ў Амэрыку – зьява больш як двухсотгадовае даўнасьці. Аднак праявы палітычна-незалежніцкай дзейнасьці беларускай дыяспары ў гэтай краіне – фэномэн параўнальна новы, яго пачатак ляжыць у першай палове ХХ ст.

У Злучаных Штатах Амэрыкі, дзе паводле ашацаваньняў-падлікаў аселі 600 – 650 тыс. выхадцаў зь Беларусі, арганізацыйны ўдзел беларусаў у палітычных мерапрыемствах: мітынгах, сьвяткаваньнях – праводзіцца ад першых дзесяцігодзьдзяў мінулага стагодзьдзя, а першыя грамадзка-палітычныя арганізацыі зь дзяржаўнай ідэалёгіяй заснаваныя ў 1920-х гг.

Значна шырэйшая палітычная дзейнасьць беларускай дыяспары ў ЗША пачалася па ІІ Сусьветнай вайне, калі ў краіну прыехала хваля паваенных эмігрантаў, выкліканая падзеямі 1941 – 1945 гг. Гэтыя эмігранты адрозьніваліся ад сваіх папярэднікаў тым, што былі амаль поўнасьцю нацыянальна сьведамыя, у бальшыні незалежнікі, прыхільнікі адраджэньня беларускай дзяржавы.

У канцы 1940-х – пачатку 1950-х гг. у ЗША паўстала ладная колькасьць беларускіх грамадзка-палітычных арганізацыяў, былі заснаваныя царкоўныя структуры – беларускія, непадуладныя расейскім праваслаўным юрысдыкцыям, ды, што надзвычай важна, запачаткаваны сталы беларускі пэрыядычны друк. Бясспрэчна, пачалася новая фаза ў жыцьці беларускае дыяспары.

У гэтай манаграфіі Алег Гардзіенка, малады гісторык з Бацькаўшчыны, аналізуе ў шырокім абсягу, на аснове архіўных дакумэнтаў ды друкаваных крыніцаў, а таксама шматлікіх інтэрвію з удзельнікамі беларускага арганізацыйнага жыцьця дзейнасьць аднае з найстарэйшых грамадзка-палітычных арганізацыяў у ЗША – Беларускага кангрэсавага камітэту Амэрыкі (БККА). Заснаваны ў 1951 г. на Зьезьдзе беларусаў Амэрыкі як "арганізацыя арганізацыяў", Беларускі кангрэсавы камітэт сфармуляваў свае заданьні ў гэткім пляне: інфармаваць урадавыя колы й шырокае грамадзтва Амэрыкі, прадстаўнікоў дзяржаваў – членаў ААН аб каляніяльным стане псэўданезалежнае дзяржавы БССР; выкрываць генацыдную й русіфікатарскую палітыку савецкае ўлады ў Беларусі; пашыраць у вольным дэмакратычным сьвеце веду пра гістарычнае разьвіцьцё беларускае нацыі ў эўрапейскім кантэксьце ды насьвятляць-абгрунтоўваць, падтрымліваць імкненьне беларускага народу да адраджэньня Беларускае Дэмакратычнае Дзяржавы. Беручы за пачатак дзяржаўнасьці Беларусь часу Полацкага й Тураўскага княстваў, а пасьля – удзел у складзе Вялікага Княства Літоўскага, Беларускі кангрэсавы камітэт праз тысячы мэмарандумаў, удзел у канфэрэнцыях, сьведчаньні ў амэрыканскім кангрэсе інфармаваў міжнародную грамадзкасьць пра вызвольнае змаганьне беларускага народу, жаданьне вырвацца з маскоўска-савецка-расейскае імпэрыі ды адрадзіць незалежную беларускую дзяржаву, абвешчаную 25 сакавіка 1918 г. Беларускую Народную Рэспубліку.

Зусім абгрунтавана й лягічна, палітычнае кіраўніцтва БККА, як і значная частка беларускага грамадзтва ў ЗША, уважала й постсакавіковую палітычную дзейнасьць Беларускага Руху як працу дзяржаўніцкую, крокі да аднаўленьня незалежнасьці. Гэтак, нацыянальная актыўнасьць у часе ваенных гадоў 1941 – 1944 залічалася ў прагрэс нацыянальнага руху. Створаныя ў гэтыя гады Беларуская народная самапомач, Саюз беларускай моладзі, Беларуская краёвая абарона, юрыспрудэнцыя, школьніцтва, Сабор Беларускай Праваслаўнай Царквы ды крокі да аднаўленьня аўтакефаліі, а найбольш – арганізацыя Беларускай Цэнтральнай Рады ды пацьверджаньне пастановаў 25 сакавіка 1918 г. ІІ Усебеларускім кангрэсам 27 чэрвеня 1944 г. – усё гэта лічылася крокамі Беларускага Нацыянальнага Араджэньня ды станавіла аснову дзеяньня Беларускага кангрэсавага камітэту Амэрыкі.

Безумоўна, дзейнасьць БККА на працягу больш як паўстагодзьдзя залічаецца ў рэестар дзяржаўніцкага поступу Беларускага Нацыянальнага Руху. А кнігу пра БККА аўтарства маладога гісторыка зь Беларусі, дасьледніка, аддаленага ад падзеяў ваеннага часу, належыцца прывітаць як важнае дасягненьне ў вывучэньні найноўшае гісторыі разьвіцьця беларускае нацыі.

Вітаўт Кіпель

ПРАДМОВА

Сьвядомая паваенная эміграцыя на Захадзе стварыла безьліч вялікіх і малых арганізацыяў, што дапамагалі нашым суайчыньнікам вырашаць уласныя сацыяльна-культурныя праблемы й рэпрэзэнтаваць сябе ў чужым грамадзтве. Некаторыя зь іх ператварыліся ў сапраўды знакавыя фэномэны эміграцыйнага жыцьця. У ліку такіх арганізацыяў можна назваць і Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі. Ён ад самага пачатку меўся аб’яднаць усіх беларусаў у ЗША, незалежна ад іхных палітычных, рэлігійных і іншых поглядаў, выступаць ад імя ўсіх суайчыньнікаў-выгнанцаў. Дзякуючы яго намаганьням амэрыканскія ўлады доўгі час атрымоўвалі праўдзівую інфармацыю пра Беларусь і беларусаў.

За ўвесь пэрыяд свайго існаваньня Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі шмат працаваў для забесьпячэньня беларускіх інтарэсаў, аднак ён не зьвярнуў на сябе належнай увагі навукоўцаў-гісторыкаў. Адмысловага дасьледаваньня, нават у выглядзе асобнага артыкулу, прысьвечанага дзейнасьці арганізацыі, так і не зьявілася. Інфармацыю пра БККА можна знайсьці ў кнізе Вітаўта Кіпеля "Беларусы ў ЗША" і яе ангельскамоўнай вэрсіі, у выданьні "Беларусь учора і сяньня". Невялічкі артыкул зьмешчаны ў "Беларускай энцыкляпэдыі", а мэты і задачы БККА былі акрэсьленыя ў інтэрвію старшыні БККА Расьціслава Завістовіча, зьмешчаным у зборніку Леаніда Пранчака "Беларуская Амэрыка".

Разам з тым, дзейнасьць Беларускага кангрэсавага камітэту Амэрыкі адлюстравалася ў шматлікіх архіўных дакумэнтах, на жаль, малавядомых беларускім дасьледнікам. Асноўныя крыніцы падзеленыя паміж двума вялікімі зборамі: архівамі, што захоўваюцца пры царкве сьв. Эўфрасіньні Полацкай у Саўт-Рывэры, і архівам Івана Касяка ў бібліятэцы Ратгерскага ўнівэрсытэту ў Нью-Брансўіку.

Саўт-рывэрскія архівы вартыя асобнага дасьледаваньня, настолькі яны багатыя і рэпрэзэнтатыўныя. Фармаваньне збору пачалося пры канцы 1970-х – пачатку 1980-х. Тут сабраныя ня толькі дакумэнты што да дзейнасьці Беларускага кангрэсавага камітэту Амэрыкі й Беларускай Цэнтральнай Рады, але й паперы, што тычацца парафіі сьв. Эўфрасіньні Полацкай, беларускага скаўтынгу ў Нямеччыне, архівы грамадзкіх дзеячаў Анатоля Плескачэўскага, Аляксандра Русака, Юркі Віцьбіча, Аркадзя Арэхвы ды інш., асабістыя архівы Радаслава Астроўскага, беларуская эміграцыйная пэрыёдыка, нават гадавікі менскага "Голасу Радзімы". Уласна архівы БККА складаюць невялікую частку саўт-рывэрскага збору. У пераважнай большасьці гэта мэмарандумы, адозвы, пратаколы, пастановы, унутраная дакумэнтацыя ды інш.

Прыкладна такія ж са зьместу дакумэнты знаходзяцца ў архіве Івана Касяка ў бібліятэцы Ратгерскага ўнівэрсытэту. Паперы перадала сюды Лёля Касоўская – жонка ягонага брата Лявона.

Яшчэ адзін цікавы корпус дакумэнтаў – архіў трэцяга старшыні БККА (1990 – 2000) Расьціслава Завістовіча, што захоўваўся ў ягоным доме ў Танталоне пад Вашынгтонам. Частка гэтых дакумэнтаў была таксама выкарыстаная пры падрыхтоўцы гэтай кнігі.

Нягледзячы на існаваньне згаданай багатай крыніцазнаўчай базы, розныя пэрыяды дзейнасьці БККА нераўназначна адлюстраваныя ў дакумэнтах. Няшмат зь іх датычыць гісторыі арганізацыі 1951 – 1957 гг. Не захаваўся пратакол І Кангрэсу беларусаў Амэрыкі. Нястачу дакумэнтальных крыніцаў, праўда, магчыма часткова пераадолець дзякуючы згадкам пэрыядычнага друку (зьвесткі пра дзейнасьць БККА зьяўляліся ў "Беларускай трыбуне", "Беларускай думцы", часопісе "Царкоўны сьветач"), а таксама ўспамінам удзельнікаў і сьведкаў тых падзеяў (Лізы Літаровіч, Вітаўта Кіпеля, Лёнгіны Брылеўскай, Кастуся Вайцяхоўскага, Жоржа Навумчыка, Янкі Шыбута і інш.).

Выкарыстаньне ўсяго комплексу друкаваных, рукапісных і вусных сьведчаньняў дазваляе аднавіць гісторыю і сучаснасьць Беларускага кангрэсавага камітэту Амэрыкі ва ўсёй неадназначнасьці ды разнастайнасьці, паспрабаваць упісаць дзейнасьць гэтай арганізацыі ва ўжо вядомыя дасьледнікам і аматарам эміграцыйнай гісторыі падзеі беларускага жыцьця ў ЗША. Такім чынам, магчыма ў некаторай ступені выправіць пэўную гістарычную несправядлівасьць айчыннай гістарыяграфіі – няўвагу да БККА – ды адкрыць новую старонку ў вядомай грамадзкасьці гісторыі замежнай Беларусі.

Вялікая падзяка за дапамогу і фактычнае ініцыяваньне працы над кнігай належыць Вітаўту Кіпелю й Янку Запрудніку. Бязь іх актыўнага спрыяньня, кансультацыяў, парадаў, а таксама заўвагаў да рукапісу не было б гэтай кнігі.

За апеку й гасьціннасьць у Саўт-Рывэры шчыра дзякую Валянціне й Міхасю Сенькам, Віталю ды Ірыне Цярпіцкім, Янку й Надзеі Запруднікам, Жоржу Навумчыку. За парады й дасланыя зьвесткі – сардэчная падзяка Ірэне Цупрык (Саўт-Рывэр, Нью-Джэрзі), Янку Шыбуту (Норт-Плэйт, Нэбраска), Кастусю Вайцяхоўскаму (Сан-Дыега, Каліфорнія), Юр’ю Туронку (Варшава, Польшча), Лёлі Касоўскай (Трэнтан, Нью-Джэрзі), Аляксандру Адзінцу (Боблінген, Нямеччына). Асабліва ўдзячны Лізе Літаровіч (Саўт-Рывэр) за пастаянную дапамогу матэрыяламі, успамінамі, фатаздымкамі, а таксама апеку ў Саўт-Рывэры.

За перахаваньне й арганізацыю архіўнай часткі БККА ў Вашынгтоне шчырая падзяка спадарыні Іраідзе Завістовіч і спадарычні Алесі Кіпель.

Адмысловая падзяка за падтрымку і дапамогу ў працы над кнігай – Лявону Юрэвічу (Нью-Ёрк), а таксама маёй жонцы Натальлі Гардзіенцы – самаму першаму чытачу, рэдактару, дарадцы і кансультанту.

Алег Гардзіенка

У кнізе таксама асвятляецца гісторыя паваеннай эміграцыі ў ЗША з закрананнем сацыяльных аспектаў, а таксама падрабязна разглядаецца палітычны раскол на беларускай эміграцыі канца 1940-х.

Багата ілюстрацый і дакументаў.

Аўтар кнігі – Алег Гардзіенка – гісторык, даследчык гісторыі эміграцыі, а таксама супрацоўнік газеты "Наша Ніва". Прадмову да кнігі напісаў дырэктар Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку Вітаўт Кіпель. Сп. Кіпель і Янка Запруднік таксама выступілі навуковымі рэцэнзентамі кнігі.

Падрабязьней пра кнігу тут або тут.


Раім таксама паглядзець:
Гардзіенка Наталля. Беларусы ў Вялікабрытаніі
4.99 р.

Гардзіенка Наталля. Беларусы ў Вялікабрытаніі

Гэтая кніга, 18-я ў серыі "Бібліятэкі Бацькаўшчыны", прысвечана мінуламу і сучаснасці беларускай дыяспары ў Вялікабрытаніі. Аўтар разглядае гісторыю беларуска-брытанскіх кантактаў, перадумовы прыезду беларусаў у гэтую краіну ў 1940-я, працэс стварэння і дзейнасць нацыянальных арганізацый розных напрамкаў.

Шабельцаў Сяргей. Беларусы ў Аргенціне: грамадская дзейнасць і рээміграцыя ў ССС
4.99 р.

Шабельцаў Сяргей. Беларусы ў Аргенціне: грамадская дзейнасць і рээміграцыя ў СССР (1930 – 1960-я гг.)

У кнізе змешчаныя дакументы і ўспаміны пра беларускую дыяспару ў Аргенціне, а таксама пра рээмігрантаў, якія пераехалі з гэтай краіны ў СССР. Прадстаўленыя матэрыялы адлюстроўваюць светапогляд беларускіх імігрантаў, іх грамадскую і палітычную дзейнасць у Аргенціне, працэс іх рээміграцыі ў СССР і шляхі адаптацыі на Радзіме.

Гарэцкі Радзім. Браты Гарэцкія
4.99 р.

Гарэцкі Радзім. Браты Гарэцкія

Кніга прысвечана жыццю і дзейнасці выдатных дзеячаў беларускага нацыянальнага руху ХХ стагоддзя братоў Гарэцкіх: Максіма Іванавіча – класіка беларускай літаратуры, літаратуразнаўцы, крытыка, рэдактара-выдаўца, мовазнаўца, фалькларыста, педагога, публіцыста, грамадскага дзеяча; Гаўрылы Іванавіча – аднаго з заснавальнікаў Беларускай акадэміі навук, вядомага эканаміста, дэмографа, геолага, географа, археолага, грамадскага дзеяча.