Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх з 10.00 да 18.00 па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
І ў сацыяльных сетках: Facebook ці ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Гарэцкі Радзім. Браты Гарэцкія

Гарэцкі Радзім. Браты Гарэцкія
4.99 р.
Вага: 750 г
Памеры: 165x245 мм



Мінск : Медысонт, 2008. – 344 с., [24] с. іл. – (Бібліятэка Бацькаўшчыны. Людзі Беларусі ; кн. 1).

ISBN 978-985-6887-21-8

Кніга прысвечана жыццю і дзейнасці выдатных дзеячаў беларускага нацыянальнага руху ХХ стагоддзя братоў Гарэцкіх: Максіма Іванавіча – класіка беларускай літаратуры, літаратуразнаўцы, крытыка, рэдактара-выдаўца, мовазнаўца, фалькларыста, педагога, публіцыста, грамадскага дзеяча; Гаўрылы Іванавіча – аднаго з заснавальнікаў Беларускай акадэміі навук, вядомага эканаміста, дэмографа, геолага, географа, археолага, грамадскага дзеяча.

ЗМЕСТ

Кніга пра братоў Гарэцкіх. Прадмова Дзмітрыя Бугаёва

Бацькі. Нараджэнне братоў
Дзяцінства
Школа
Пачатак літаратурнай дзейнасці Максіма
Першая сусветная вайна
Жыццё ў Смаленску
Максім у Вільні
Гаўрыла ў Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі
Арышт Максіма
Арышт Гаўрылы. Смерць Ганулі
Гаўрыла ў Маскве
Менск – Горкі – Менск
"Нацдэмы"
У "архіпелагу ГУЛАГ"
Другая сусветная вайна
Вялікія прарэкі Рускай раўніны
Вяртанне на Бацькаўшчыну

КНІГА ПРА БРАТОЎ ГАРЭЦКІХ

У гісторыі шэрагу народаў выдатную ролю адыгралі асобныя славутыя роды. Гонарам Беларусі ў ХХ стагоддзі сталі Янка Купала з жонкай Уладзіславай Францаўнай, Якуб Колас са сваім шматлікім атачэннем і, вядома ж, Гарэцкія, род разгалінаваны, які ўпэўнена сягнуў і ў ХХІ стагоддзе. У яго вельмі моцныя жыццёвыя карані і магутны маральна-этычны патэнцыял. Некаторыя з самых старэйшых Гарэцкіх жылі да 100 і больш (115) гадоў.

У развіццё беларускай культуры і навукі велізарны ўклад унеслі Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Галоўным чынам ім і прысвечана кніга, напісаная Радзімам Гаўрылавічам Гарэцкім.

Аўтар кнігі і сам стаў у пэўным сэнсе не менш знакамітым, чым ягоны дзядзька Максім Іванавіч Гарэцкі, класік беларускай літаратары і яе даследчык, імя якога стаіць у адным радзе з вялікімі нашымі класікамі Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам. Бацьку ж, Гаўрылу Іванавіча Гарэцкага, вучонага з сусветным імем і выдатнага грамадскага дзеяча, Радзім па колькасці навуковых публікацый і перасягнуў. Выдадзены ў 2003 годзе паказальнік яго друкаваных прац (з дадаткам асноўных дат жыцця і творчасці) мае ажно 110 старонак стандартнага кніжнага фармату.

Не абдзелены Радзім Гарэцкі і навуковымі рэгаліямі ды рознымі пасадамі. Ён акадэмік Акадэміі навук Беларусі, замежны член Расійскай АН, доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР і Дзяржаўнай прэміі БССР, ганаровы дырэктар Інстытута геалагічных навук НАН Беларусі, член Амерыканскага геафізічнага Саюза, былы прэзідэнт Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", Беларускага геалагічнага таварыства, Фонду братоў Гарэцкіх. Пяць гадоў (1992-1997) быў віцэ-прэзідэнтам нашай Акадэміі навук. І на працягу ўсёй сваёй творчай дзейнасці плённа працаваў у гуманітарнай сферы. Яшчэ нямала робіць тут і цяпер, хоць мае статус пенсіянера.

Шмат разоў ён выступаў у абарону беларускай мовы, слушна лічачы, што дзяржаўная падтрымка яе ў нас недастатковая. Дзве кнігі Радзім Гарэцкі прысвяціў ключавым праблемам нацыянальнага адраджэння (Шляхам адраджэння. Мінск, 1997; Вечна жыве Беларусь! Мінск, 2003). У гэтых кнігах змешчаны і хораша напісаныя артыкулы пра Янку Купалу, Максіма Танка, Янку Брыля, Пімена Панчанку, Івана Мележа, Васіля Быкава, Алеся Адамовіча і Адама Бабарэку.

Ужо была ў Радзіма Гаўрылавіча і кніга пра Максіма і Гаўрылу Гарэцкіх. Пад загалоўкам "Ахвярую сваім "Я"..." яна выйшла ў 1998 годзе. Некаторыя звесткі з гэтай кнігі паўтораны і ў цяперашнім выданні. Але і памерам яно значна большае за папярэднюю працу, і некаторыя акцэнты тут узмоцнены.

Галоўны ўпор цяпер зроблены на дакументальную грунтоўнасць размовы з чытачом. Асабліва багаты дакументальны грунт у дачыненні да Гаўрылы Гарэцкага. І гэта зразумела, бо ўласнага бацьку аўтар добра памятае яшчэ з малых дзіцячых гадоў, дасканала ведае ўсе перыпетыі ягонага скрутлівага лёсу.

Памяць пра дзядзьку Максіма такой грунтоўнай, з улікам самых малых драбніц, быць не магла. Але і беднай назваць яе нельга, бо ў родзе Гарэцкіх шанаваліся ўсе сваякі.

Абсалютная большасць з іх – людзі вельмі яркія, неардынарныя ў многіх адносінах. Гэта і маці Максіма і Гаўрылы Ефрасіння Міхайлаўна (звычайна яе звалі Просяй), і іхні бацька Іван Кузьміч. А яшчэ браты Іван, Парфір, сястра Ганна, самая малодшая ў сям'і. Яна падавала вялікія надзеі. Але лёс дзяўчыны склаўся трагічна: везла перадачу для брата Гаўрылы, які пакутаваў тадыў турме на Лубянцы, і трапіла пад трамвай. У кнізе пра гэтую трагедыю расказана з асаблівай скрухай.

Дачасна абарвалася жыццё не толькі Ганначкі і Максіма, расстралянага бальшавікамі, але і ягонага сына Леаніда. Лёня, як звалі яго дома, у званні малодшага лейтэнанта загінуў 18 лютага 1944 года (тады яму ішоў 22 год) пад Ленінградам, баронячы краіну, якая знішчыла бацьку, ад гітлераўскага нашэсця. Пісьмы гэтага юнака з фронту, апублікаваныя ў сярэдзіне 1970-х, сталі сапраўднай сенсацыяй, настолькі хораша раскрываўся ў іх высакародны воблік мужнага хлопца. Шырыня творчых інтарэсаў, разважлівасць думкі, любоў да прыроды, беларускі патрыятызм і выключная сумленнасць ва ўсім, выхаваныя бацькам, добра падсвечваюць постаць Максіма Гарэцкага і паказваюць, якіх выдатных людзей забірала вайна, хаця з нашага боку яна была і праўда свяшчэннай.

Максімава дачка Галя, якая зрабіла вельмі многа для зберажэння і папулярызацыі бацькавых твораў, пражыла без малога 86 гадоў. Але замужам яна не была і дзяцей не мела. Таму з яе смерцю лінія Максіма Гарэцкага аказалася абарванай.

Лёс Гаўрылы Гарэцкага і ў гэтым сэнсе ў цэлым быў больш шчаслівы, чым Максімаў. Яго нашчадкі, дзякуй Богу, працягваюць жыццёвае шэсце. У старэйшага сына Усяслава, доктара педагагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта Расійскай акадэміі адукацыі, члена Саюза журналістаў Расіі, галоўнага рэдактара часопіса "Начальная школа", які жыве ў Маскве і паспяхова працуе на ніве асветы, ёсць дачка і сын, унучка і ўнук. Дачку і ўнука мае і Радзім Гарэцкі; яны ўсе ў Мінску.

У сям'і Гарэцкіх з асаблівым піетэтам заўсёды ставіліся да Максіма. А Гаўрыла, слушна адзначана ў кнізе, "рабіў усё, што мог, для вяртання спадчыны брата", рабіў шмат, бескарысліва, часам ахвяруючы для гэтага немалыя ўласныя сродкі. І заўсёды радаваўся, калі выходзілі братавы творы ці публікацыі пра жыццё і творчасць Максіма. Сябе самога Гаўрыла Іванавіч увекавечваць праз Максіма не імкнуўся ніколі.
Кніга пра братоў Гарэцкіх напісана з такімі замілаванасцю і сардэчнасцю, што кожны, хто ўважліва прычытае яе, абавязкова адчуе самаадданасць абодвух братоў у працы дзеля Беларусі, іх чалавечае высакародства, вышыню душэўных памкненняў і вялікую таленавітасць у многіх адносінах.

Вось толькі адзін прыклад таго, як шмат даводзілася працаваць Максіму Гарэцкаму, калі ён з-за мяжы вярнуўся ў Савецкую Беларусь. Пастановай урадавых органаў ён быў уведзены ў склад членаў Інстытута беларускай культуры, "узначаліў слоўнікавую камісію, затым мовазнаўчую і літаратуразнаўчую секцыі, удзельнічаў у працы правапісна-тэрміналагічнай і літаратурнай камісій, чытаў лекцыі на першых Калінінскіх акруговых настаўніцкіх курсах, разам з Якубам Коласам – цыкл лекцый у Мсціслаўскім педтэхнікуме, на курсах павышэння кваліфікацыі настаўнікаў". А яшчэ пісаў ці дапрацоўваў уласныя мастацкія творы... І такога падзвіжніка бальшавікі пасля высылак і зняволянняў расстралялі ў 45 гадоў!

Гаўрылу Іванавічу Гарэцкаму яны выносілі смяротны прысуд двойчы. І абодва разы толькі ў выніку неверагоднага збегу абставінаў смяротная кара замянялася доўгатэрміновымі прымусовымі работамі на Поўначы. Трымалі Гаўрылу Гарэцкага і ў турмах, дзе панавалі катаванні, здзекі і голад, ад якога зняволеныя даходзілі і да самагубства. Вельмі моцна кранае страшная ў сваёй красамоўнасці дэталь пра тое, як даведзены да адчаю Гаўрыла Іванавіч (ён чакаў расстрэлу) папрасіў жонку Лару перадаць лязо брытвы, каб перарэзаць вены. Жонка выканала гэтую просьбу, хаця, чытаем у кнізе, "сэрца яе разрывалася ад болю". Ды іншага варыянту "вызваліць каханага ад бясконцых пакут" яна тады таксама не бачыла. На шчасце, Гаўрыла Іванавіч адумаўся. Жонцы ён урэшце напісаў: "Сёння абяцаю Табе, мая Ларута, што ў часіну самае лютае нядолі, калі трэба было б перастаць жыць, я ніколі не скончу самагубствам, я буду жыць для Цябе, для дзяцей, для радасці хоць праз вузенькую шчылінку бачыць Вас, ведаць, што Вы ёсць на свеце, які ўжо праз адно гэта шчаслівы для мяне, які не варта самахоць пакідаць ніколі".

Так вялікае каханне ратавала высакародных людзей. Гаўрыла Гарэцкі ўжо ў пасляваенныя гады ў лісце да сыноў пісаў пра яго, як сапраўдны паэт: "Рыхтуйце Ваш малады, юнацкі дух да Вялікага Кахання, якое прыйдзе неспадзявана, раптоўна, дзіўнае, як сонца, і балючае, як рана. І няхай квітнее пераможнае каханне, глыбокае, прыгожае, самаахвярнае, неўміручае".

Тут жа і яшчэ адна вельмі характэрная чалавечая парада, якая выразна гаворыць пра высакароднасць і шырыню натуры Гаўрылы Іванавіча, пра яго добразычлівасць, уменне цаніць хараство жыцця. Захапляйцеся, раіць ён сынам, "прыгажосцю жанчыны, паэзіяй, мастацтвам, тэатрам, навукаю, прыродаю, дружбаю. Без захаплення няма жыцця. Заўсёды нешта і некага любіце".

Аднак не стамляўся ён нагадваць і пра тое, што "аснова поспеху – праца, праца арганізаваная, сістэматызаваная, упарадкаваная, мэтаімклівая, але праца творчая, натхнёная, прыгрэтая ласкаю, захапленнем, уздымам".

Сам ён так працаваць умеў. Таму і паспеў вельмі многа зрабіць не толькі ў сваёй спецыяльнай галіне, у звязанай з ёю практычнай дзейнасці ўсюды, куды кідала нялёгкая доля, але і ў гуманітарнай сферы. Ён сябраваў з многімі выдатнымі пісьменнікамі, напрыклад, з Уладзімірам Дубоўкам, які амаль 30 гадоў правёў у зняволенні ды выгнанні, пазбаўлены тады магчымасці займацца літаратурнай працай.

Дарэчы сказаць, што быў Дубоўка сябрам і Максіма Гарэцкага, які выдаў першую кнігу паэта "Строма", высока цаніў яго талент.

Сустрэчы і добрыя стасункі былі ў Гаўрылы Гарэцкага з Янкам Купалам, Якубам Коласам. Тут ён, як і ўвогуле ў жыцці, браў прыклад з Максіма, з якім Колас сябраваў. Дружылі сем'ямі. Іх збліжалі і настаўніцкія клопаты, і пісьменніцкія прыхільнасці, бо Максімава жонка, чароўная прыгажуня Леаніла Усцінаўна Чарняўская таксама ж была не толькі педагогам, складальніцай школьных падручнікаў, але і вядомай тады дзіцячай пісьменніцай.

Гаўрыла Гарэцкі меў прыязныя адносіны з Кузьмой Чорным, Пятро Глебкам, Алесем Адамовічам. Ён вызначаўся трапнай назіральнасцю і пакінуў пра некаторых выдатных пісьменнікаў унікальныя сведчанні. Вось як ён напісаў пра свае ўражанні ад сустрэчы з Кузьмою Чорным, ужо моцна хворым: "Як ён змяніўся, як састарэў, які ён хворы, прыпухлы. Проста цяжка пазнаць. Але дух яго такі малады, такі моцны, бадзёры, нязломлены. Столькі ў ім жыццярадаснасці, мудрасці, разваг глыбокіх, разумення жыцця. І яшчэ столькі намераў, столькі імпэтлівасці. Я слухаў яго як зачараваны. Вось сапраўды вялікі, святы проста чалавек. Які недасяжны ў яго маральны ўзровень. Самае моцнае ўражанне засталося ў мяне ад пабачэння з Кузьмою".

Гэта май 1943 года. Тады ж была сустрэча з Якубам Коласам і зроблены такі запіс пра паэта: "Ад усёй яго істоты павеяла велізарнай стомленасцю, заклапочаннем, занятасцю. Нібы чалавек не сам сабе гаспадар. Нібы ўвесь час ён на людзях, без асабовага жыцця, увесь час на працы, – дзейнічае, а не жыве... Спаткаў мяне Якуб вельмі ласкава, прыветна. Пагаманілі. Памяняліся адрасамі".

Колас потым хадайнічаў аб вяртанні Гаўрылы Гарэцкага на Беларусь. Але і вялікага народнага паэта ўлады не паслухаліся. Гаўрылу Іванавічу дазволілі жыць і працаваць у Беларусі толькі ў 1968 годзе. А ён жа ў выгнанні шмат гадоў песціў думку "вярнуцца ў горача любімую Беларусь і прыносіць ёй карысць, удзельнічаючы ў геалагічных вышуках". "Шчасцем здаецца даследаванне роднай зямлі", – казаў Гаўрыла Іванавіч. Ён задоўга да адкрыцця адпаведных радовішчаў сцвярджаў, што ў нетрах Беларусі ёсць "нафта, солі, вугаль, жалеза". Гэты дальнабачны прагноз базіраваўся на выдатным веданні геалагічнай структуры роднага краю.

Вялікую цікавасць уяўляюць прадстаўленыя ў кнізе сведчанні пра ўзаемападтрымку Леанілы Усцінаўны Чарняўскай і Ларысы Восіпаўны Парфяновіч – жонак Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх – у тыя страшныя часы, калі іх мужы афіцыйна лічыліся "ворагамі народа". Але і тады ад кінутых у бяду жанчын высакародныя людзі, многім рызыкуючы самі, не адвярнуліся: "Дапамагалі Янка Купала і Уладзіслава Францаўна, Якуб Колас і Марыя Дзмітрыеўна (жонка Якуба Коласа), некаторыя жонкі іншых зняволеных".

Кніга пра братоў Гарэцкіх здольная ўсхваляваць чытача самой трагічнасцю лёсу Максіма і драматычнымі паваротамі ў лёсе Гаўрылы, які пражыў 88 гадоў (1900-1988). Жонка пасля яго смерці пражыла нядоўга – няпоўных 6 гадоў. Яна памерла 2 жніўня 1994 года. Вельмі кранальнымі старонкамі пра адыход Гаўрылы Гарэцкага з зямнога жыцця і заканчваецца праца. Але істотна і тое, што напісана яна чалавекам, які ведае цану не толькі факта, але і слова, якім расказваецца пра рэальную падзею і сапраўдны факт. Зноў толькі адзін прыклад. Прыгадаўшы даўку, якая ўзнікла на пахаванні Сталіна, Радзім Гарэцкі канстатуе: "Загінула 1500 чалавек". А потым дадае: "І мёртвы Сталін працягваў забіваць людзей". За гэтым дадаткам – вялікі сэнс, напамінак пра жахлівасць сталінскіх рэпрэсій. Многія цяпер імкнуцца вытруціць памяць пра тыя рэпрэсіі. Але забывацца на іх ніяк не выпадае, калі мы не хочам, каб трагедыя паўтаралася зноў.

Кніга пра братоў Гарэцкіх – з'ява далёка не шараговая. Яна з тых павучальных у сваёй багатай змястоўнасці прац, якія трэба чытаць і перачытваць...

Дзмітрый Бугаёў,
прафесар філалогіі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа

Кніга прысвечаная слыннаму роду Гарэцкіх, што падараваў Беларусі не адно імя адданых і шчырых змагароў за Беларусь. Максім і Гаўрыла Гарэцкія – гэта тыя людзі, якія ня гледзячы на нялюдскасць камуністычнага рэжыму спрабавалі прабіць шлях да сапраўднай Беларусі. Максім Гарэцкі – класік беларускае літаратуры, якога можна паставіць у адзін шэраг са славутымі і знакавымі імёнамі першае паловы ХХ стагоддзя: Янкам Купалам, Якубам Коласам, Кузьмом Чорным і іншымі. Імя пісьменніка, жыццё якога дачасна абарвала рэпрэсіўная сталінская сістэма, доўгі час было пад забаронаю. Ягоны брат Гаўрыла – акадэмік і вучоны, таксама быў высланы з роднае Беларусі і спазнаў ліхтугі выгнання.

Кніга Радзіма Гарэцкага – даніна памяці братам Гарэцкім, дзядзьку Максіму і бацьку Гаўрылу, што пабачыла свет у серыі "Бібліятэка Бацькаўшчыны". На старонках выдання праз лёс аднае сям'і прасочваецца лёс шматпакутнае Беларусі.

Падрабязьней пра кнігу тут або тут.


Раім таксама паглядзець:
Гарэцкі Максім. Дзве душы
6.49 р.

Гарэцкі Максім. Дзве душы

У аўдыёкнігу, апроч аповесці "Дзве душы", увайшлі апавяданні "Літоўскі хутарок", "Рускі" і "Роднае карэнне". Прачытаў усе гэтыя творы заслужаны дзеяч мастацтваў, тэатральны рэжысёр Валер Мазынскі.

Шапран Сяргей. Васіль Быкаў: Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах
5.99 р.

Шапран Сяргей. Васіль Быкаў: Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах. Частка 1

Гэтая кніга, па сутнасці, – першая спроба стварэння своеасаблівай энцыклапедыі Васіля Быкава, ці дакументальнага біяграфічнага летапісання народнага пісьменніка Беларусі. Сярод змешчаных тут матэрыялаў асаблівую цікавасць уяўляюць невядомыя архіўныя дакументы, рукапісы і эпісталярная спадчына В. Быкава з фондаў больш як дваццаці дзяржаўных музеяў і архіваў ды прыватных збораў, а таксама артыкулы ў перыядычным друку.

Тарас Валянцін. На высьпе ўспамінаў
4.99 р.

Тарас Валянцін. На высьпе ўспамінаў

Валянцін Тарас – празаік, паэт, публіцыст, перакладчык. У сваіх мэмуарах, поўных важкіх дэталяў і трапных апісаньняў, пісьменьнік запрашае нас у прастору, дзе жылі Якуб Колас, Уладзімер Караткевіч, Васіль Быкаў, Яўгенія Янішчыц...