Гофман Эрнст Тэадор Амадэй. Курдупель Цахес... et cetera, et cetera, et cetera

Гофман Эрнст Тэадор Амадэй. Курдупель Цахес... et cetera, et cetera, et cetera
6.99 р.
Вага: 270 г
Памеры: 125x200 мм



Казка, навэлы. Пераклад зь нямецкае Васіля Сёмухі. – Менск : VіvaFutura, 2008. – 212 с.

ISBN 985-6056-38-1

ЗЬМЕСТ

Курдупель Цахес... et cetera, et cetera, et cetera (ад перакладчыка)
Курдупель Цахес, якога звалі Цынобэр (Казка з камэнтаром)
Рыцар Глюк
Дон Жуан


Курдупель Цахес... et cetera, et cetera, et cetera (Замест прадмовы, ад перакладчыка)

Эрнст Тэадор (Вільгельм) Амадэй Гофман (E.T.A. Hoffmann, 1776 – 1822) нарадзіўся ў Кёнігсбэргу ў сям'і адваката. Паводле традыцыі сям'я рыхтавала сына да юрыдычнай кар'еры, даючы адначасова шматбаковую гуманітарную, мастацкую, музычную, культурную адукацыю: 1792 – 1793 гг. – вывучэньне права, 1796 – 1813 – прафэсійная юрыдычная дзейнасьць у розных гарадах Прусіі, на розных пасадах, з посьпехамі і няўдачамі.

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман

Нам, сёньняшнім, усяму культурнаму сьвету Гофман цікавы найперш як унівэрсальная асоба амаль рэнэсанснага кшталту, самы яркі прадстаўнік позьняга нямецкага рамантызму – музыкант, кампазытар, дырыжор, графік, жывапісец, літаратар, чые артыстычныя зацікаўленьні сягаюць у таямнічыя сфэры паміж сном-марай і рэальнасьцю, паміж фантастычнымі ўявамі і аб'ектыўнымі "відзежамі" сьвету рэальнага, прадстаўнікамі якога мы сябе чамусьці лічым, неяк вельмі ж прагматычна адасабляючыся ад гогалеўскіх віяў і гофманаўскіх фэяў, мы ж бо тое – сучасныя, а таму разумнейшыя! Ай, кіньма пустое! Сьвет адзін і для нас, такіх разумных прагматыкаў, і для казачных фэяў!

Усе даты пакручастага лёсу Гофмана дапытлівы чытач можа лёгка вычытаць у любой энцыкляпэдыі, таму – прапускаю. Пазначу толькі год 1807, калі Гофман асяліўся ў Бэрліне, дзе пачалася ягоная праца капэльмайстрам у тэатры, кампазытарская і мастакоўская дзейнасьць, і год 1813 (Ляйпцыг, Дрэздэн), зь якога пайшоў разгон пісьменьніцкай актыўнасьці – усяго адно кароценькае дзесяцігодзьдзе, якое і прынесла Гофману сусьветную славу, якая за два стагодзьдзі ня толькі не панікла, але яшчэ больш разьвілася, дзякуючы дабрадайнаму ўплыву на летуценна-фантазійныя галовы іншых геніяў, якім, дзякаваць богу, зводу няма і ня будзе.

Апавядальніцкія фантазіі Гофмана вызначаюцца пераходам ад "чыстай" рамантыкі да новага рэалістычнага мастацтва. Каб пацьвердзіць гэты тэзіс, спашлюся на ўжо знаёмыя чытачу навэлы Рыцар Глюк і Дон-Жуан ("Крыніца" 1996, № 4/20, там жа і апушчаныя цяпер даты жыцьця і творчасьці). Будучы чыста літаратурнымі творамі з усімі ўласьцівымі мастацкім творам адметнасьцямі і свабодным палётам мастакоўскай думкі, гэтыя навэлы – дакумэнтальна дакладны аналіз музыкі, аналіз, зроблены прафэсіяналам на ўласьцівым прафэсіяналізму ўзроўні. Навэла-"фантазія" "Дон-Жуан" і сёньняшнімі днямі ў музычным сьвеце прызнаецца ці не найлепшай кампэтэнтна-прафэсійнай рэцэнзіяй на опэру Вольфганга Амадэя Моцарта "Дон-Жуан". Дарэчы, зірніце на пачатак гэтай кароценькай нататкі, дзе ў дужачках пазначана трэцяе родавае імя Гофмана – Вільгельм. Дык вось, Вільгельмам Гофман быў, пакуль яго не перамагла любоў да Моцарта, Пасьля, у знак глыбокай павагі да музычнага ідэала, Гофман пачаў звацца Амадэусам.

І яшчэ адно. Фантазіі... уплывы... Як гэта ўсё фантазійна, нерэальна, пальцамі не памацаеш, у кішэню не пакладзеш... І як яно ўсё рэальна, зрокава-чуйна! Моцарт – Гофман – Майрынк (гэта ўжо ХХ стагодзьдзе, экспрэсіянізм, – іншыя фэі, іншыя відзежы і ўявы, іншы і рэальны сьвет, але духоўнае напаўненьне сьвету нязьменнае, повязі адны!). І, можа, крыху нечаканае: Гофман – Караткевіч... Карыстаючыся са шчасьлівай нагоды, што я яшчэ пакуль што жывы, бо тады позна будзе, хачу засьведчыць, што іншым часам Гофман жыў у Караткевічы, хачу засьведчыць прызнаньні самога Караткевіча ў яго любові да Гофмана, а ўплывы Гофмана на нашага вялікага рамантыка-фантаста вы можаце на свае жывыя вочы ўбачыць, чытаючы ягоныя творы, пазнаючы ўласьцівыя такім лірычным казачнікам іронію, сарказм, парадыйнасьць, гратэскавасьць, амаль барочную зьедлівасьць і мяккае, добрае, лагоднае, безабароннае сэрца шукальніка праўды і справядлівасьці.

А, можа, ніякіх уплываў няма і не бывае? Можа, геніі бачаць рэальны сьвет праз усю яго вонкавую ірэальнасьць. Бо сьвет гофманаўскіх хімэраў і наш з вамі сьвет – ці не адзін і той самы – аднолькава рэальны і хімэрычны? І тады і сёньня зборня духаў і зданяў, грамадзтва праз чары атлумленьня зводзіць геніяў на паглум, а жывая фэя Розабэльвэрдэ пад воплескі натоўпу ўзносіць вурдалакаў на шчыт славы дзеля ўсеагульнага любаваньня і захапленьня, узнагароджвае нікчэмнасьць Ордэнам зялёнаплямістага тыгра на дваццаці гузіках... et cetera, et cetera, et cetera...

З банальнай прычыны сваёй непадрыхтаванасьці да перакладу гофманаўскай прозы ранейшым часам я не мог выканаць просьбы Караткевіча перакласьці "Цахеса", цяпер я гэта раблю з любові і да Гофмана, і да Караткевіча, сьветлай памяці якога прысьвячаю гэты пераклад.

Васіль Сёмуха


Курдупель Цахес, якога звалі Цынобер (Пачатак кнігі)

РАЗЬДЗЕЛ ПЕРШЫ
Маленькі ваўкалак. – Вялікая небясьпека пастараваму носу. – Як князь Пафнуцій уводзіў у сваёй краіне асьвету, а фэя Розабэльвэрдэ трапіла ў прытулак шляхетных паненак.

Непадалёк ад чароўнай вёсачкі ўзбоч дарогі на добра ўпаранай сонцам зямлі ляжала ў лахманах гаротніца-сялянка. Галодная, сасьмяглая, уся зьнямоглая, няшчасная ўпала, несучы цяжэнныя рэзгіны з сухім ламаччам, якога яна назьбірала ў лесе, і як што зусім нябога выбілася з духу, дык і зайшло ёй да галавы, што вось і пераняла яе сьмерць і кладзе крэс яе нэндзы. Але крыху асіліўшыся, яна паслабіла вяроўкі на прывязанай за плячыма ношцы і памаленьку перавалаклася на мураўку. І тут ужо заенчыла:

Ілюстрацыя Карла Фрыдрыха Ціле да першага выданьня аповесьці

– І чаму я адна, – бедавала яна, – з чалавекам маім перавялася ў галечы і горы? Ці ж бо не адныя мы на цэлае сяло працуем як выклятыя, а жывём у вечнай нястачы, на скарынку хлеба разжыцца ледзь можам? Гады тры таму назад, капаючы гарод, выгарнуў мой чалавек з зямлі залатыя манэты, аж мы ўжо былі падумалі, што вось ужо й шчасьце завінула да нас і пачнецца далей нашае дабрадзенства. Аж не! Грошы ўкралі злодзеі, дом і хлеў згарэлі дашчэнту, збажыну ў полі выпетрыў град, і, каб дарэштаваць нашы бядоты, пакарала нас неба гэтым недаросткам-ваўкалакам, якога я нарадзіла на сорам і сьмех усёй вёсцы! Пад сьвятога Лаўрэна стукнула малому тры з палавінай, а яно ўсё яшчэ не стаіць на сваіх павучыных ножках і не гаворыць, а толькі яўкае, толькі муркае, бы той кот, а жарэ ж, клятае выродзьдзе, як здаровае, як бы ў восем, а ўсё роўна яму – як наскрозь праходзіць. Божачка, умілажалься зь яго і з нас! Няўжо мы так і змусімся гадаваць хлапчаня сабе на пакуту і яшчэ большую нэндзу: з кожным днём дзіця есьць больш і больш, а працы зь яго кот наплакаў. Не, не, не можа чалавек вытрываць усяго гэтага! А хай бы я лепей сканала! – І гаротніца пачала стагнаць і галасіць, аж пакуль жаль горкі зусім не дапёк яе; змогшыся, яна заснула.

Нябога і праўда магла бедаваць і жаліцца з такім брыдкім вырадкам, якога нарадзіла тры з палавінаю гады таму назад. Тое, што зь першага вока можна было прыняць за дзіўна выкрыўлены кавалак каравага дрэва, было сапраўды нешта выродлівае, пядзі зь дзьве ў рост, дзіця; пакладзенае ўпоперак ношкі, яно цяпер выпаўзла адтуль і, нешта вуркочучы, юрзалася ў траве. Галава ўрасла ў плечкі, на сьпіне нейкая наросьціна, як гарбуз, а адразу ад грудзей расьлі ножкі, тонкія, як дубцы зь ляшчыны, і ўсё яно было як бы расьсечаная рэдзька. Пустое вока не разгледзела б твару, але калі пільней, дык можна было ўбачыць нос, доўгі і шылаваты, ён тырчаў з-пад чорных скаўтуненых валасоў, і маленькія чорныя зь іскрынкамі вочкі – усё гэта ў дадатак да маршчыністага старэчага твару, здавалася, выкрывала ў ім маленькага альраўна.

І вось, калі, як ужо сказана, пакутніца глыбока заснула, а сынок яе прыгарнуўся да яе, сталася так, што паненка фон Розэншэн, патронка бліжэйшага прытулку, якраз вярталася тою дарогаю са шпацыру. Яна спынілася і, як што душою і сэрцам была добрая спагадніца, дык убачаная ёю карціна бядоты людзкое моцна ўшчаміла яе.

– О, справядлівае неба, – усклікнула яна, – колькі няшчасьця і гора на гэтай зямлі! Бедная гаротніца! Ведаю, не жыве а клевае, працуе з-над сілы астатняе, голад і клопат стачылі яе. Толькі цяпер я адчула ўбоства і немач сваю! Ах, каб жа я магла памагчы, як душою зычу! Але ўсё, што яшчэ засталося ў мяне, тыя нямногія дары, якіх ліхі варожы лёс не здолеў ні ўкрасьці, ні зьнішчыць, усё, што яшчэ ў маёй волі, я цьвёрда і ўпэўнена хачу пакласьці на тое, каб ухіліць бяду. Грошы, а каб жа я іх толькі й мела, табе, нябожа, не памаглі б, а можа нават яшчэ й дарэштавалі б долю тваю. Табе і твайму чалавеку, вам абаім, багацьце не наканавана; у таго золата цячэ з кішэні, ён і сам ня ведае як, яно толькі больш спрычыняе маркоты, і чым больш яму перападае, тым бяднейшы ён робіцца. Але ведаю я: больш, чым усё якое, больш за беднасьць, точыць тваё сэрца гаркота, што прывяла ты на белы сьвет гэту маленькую пачвару, якую, нібы цяжкую ліхую навалач, мусіш несьці праз усё жыцьцё. Статным, прыгожым, дужым, разумным хлопчык гэты ніколі не стане, але, можа, удасца паспрыяць яму нейкім іншым чынам.

Тут паненка асела на траву і ўзяла малое на калені. Злосны карлік вывінаўся і ўпіраўся, бурчаў і спрабаваў укусіць паненку за палец, але яна сказала:

– Супакойся, супакойся, мой хрушчык! – і пачала пяшчотна і далікатна гладзіць яго па галоўцы, ад лобіка да патылачка. І спаквалютку, пакуль гладзіла, кудлы ў малога расправіліся, расклаліся прадзелам, роўнымі пасмамі ўлегліся вакол лоба, мякка апалі на вострыя плечы і гарбузаватую сьпіну. Малое ўсё спакайнела і спакайнела і, нарэшце, моцна заснула. Тады паненка Розэншэн асьцярожна паклала яго на мураву каля маці, папырскала на яго пахучай вадою зь нюхальнай пляшачкі, якую яна дастала з торбачкі, і пасьпешліва адышла.

Прачнуўшыся неўзабаве, жанчына адчула, што неяк дзіўна падужэла і пасьвяжэла.

– О-го, – усклікнула яна, – колькі бадзёру мне даў кароткі сон! Але ўжо сонца на спадзе, пара дахаты! – Тут яна ўжо хацела была падважыць ношку на пагоршкі, заглянула ў яе, аж малога й няма. А тое падвялося з травы і жаласна занюнькала. Маці зірнула на яго, пляснула рукамі, зьдзіўленая, і ўсклікнула:

– Цахес, маленькі мой Цахес, а хто ж гэта так прыгожа цябе зачасаў? Цахес, мой маленькі Цахес, як добра ўпасавалі б табе гэтыя пасмачкі, калі б не быў ты такі брыдкі. Ну, ходзь, ходзь сюды – лезь у ношку.

Яна хацела схапіць яго і пакласьці на ламачча, але малы Цахес пачаў адбрыквацца, дражніцца і досыць выразна яўкнуў:

– Ня хоцаца!

 

Эрнст Гофман пераварочвае нашыя ўяўленні пра свет – падчас чытання яго твораў заўважаеш, што пачынаеш глядзець на звычайныя рэчы зусім новымі вачыма. У гофманаўскіх творах нават курдуплік Цахес дзякуючы намаганням феі можа калі не ператварыцца, дык хаця б падацца Глюкам, а дзівосны Глюк, рыцар ордэна Залатой Шпоры, – дзіваком, вар'ятам і духам-адлюднікам. Гофманаўская проза – гэта самая сутнасць паэзіі і музыкі, якія, аднак, выяўленыя без выкарыстання звычайных для музыкі і паэзіі сродкаў. У гэтым – каштоўнасць таленту пісьменніка і ў гэтым – таямніца той асалоды, якую нам дораць яго творы. (З рэцэнзіі на кнігу ад часопіса "ПрайдзіСвет").

Падрабязьней пра кнігу "Курдупель Цахес... et cetera, et cetera, et cetera" тут, і загалоўны твор – тут.


Раім таксама паглядзець:
Гамбровіч Вітальд. Ferdydurke
4.99 р.

Гамбровіч Вітальд. Ferdydurke

Раман / Пер. з польск. Васіля Сёмухі. — Мінск: Калегіюм Еўропы Усходняй імя Яна Новака-Езёраньскага; Зміцер Колас, 2009.— 266 с.— (Littera scripta).

Ман Клаўс. Мэфіста
1.05 р.

Ман Клаўс. Мэфіста

Пер. зь ням. В. Сёмухі.— Менск: Выдавец З. Колас, 2006. — 389 с.— (Літаратурная скарбонка).

Капусьцінскі Рышард. Імпэратар. Падарожжы з Герадотам
1.65 р.

Капусьцінскі Рышард. Імпэратар. Падарожжы з Герадотам

Выбраныя творы / Пер. з польск. — Мінск: І. П. Логвінаў; Wrocław: Kolegium Europy Wschodniej, 2009. — 392 с. — (Кнігарня “Наша Ніва”). Цьв. вокл.