![]() |
9.90 р.
Вага: 920 г
Памеры: 145x205 мм
|
Раман. – Мінск : ГА "БелСаЭС "Чарнобыль", 2009.– 896 с.
ISBN 978-985-6010-30-2
3 трылогіі "Пакутны век", а гэта кнігі "Кабала", "Надлом" і "Гульня на згубу", паўстаюць каларытныя і яркія вобразы ліцвінаў-беларусаў. Твор прысвечаны драме і трагедыі станаўлення народа як нацыі і перакідвае мост з нашых дзён у далёкую мінуўшчыну. У ім мастацкае і глыбокае сацыяльна-філасафічнае асэнсаванне рэчаіснасці, батальныя і побытавыя сцэны, шмат гістарычных персанажаў. Чырвонай ніткай праходзіць драма сям’і Пятра Рамановіча (Пісарчука), простага і дасціпнага беларуса.
ЗМЕСТ
Мастацкі ўзор і веліч праўды. Роздум над трылогіяй А. Лойкі
Пралог
Кніга першая. КАБАЛА
Кніга другая. НАДЛОМ
Кніга трэцяя. ГУЛЬНЯ НА ЗГУБУ
Пралог
Восень. Мяккі супакой у шызым сыраватым паветры, і даволі лёгкага подыху ў навакольнай прасторы, каб заварушыліся сцішаныя, дрымотныя галінкі дрэў і, сарваўшыся, паляцела на зямлю з клёнаў і ліп вільготнае лісце, яркае, бы выштукаванае з сапраўднага золата; ад мяккага, насычанага водсвету яго на душы ў прахожых рабілася ўрачыста, утульна. Разам з тым чамусьці нагортваўся сум.
Па сталічным бульвары, засыпаным жаўталісцем, ішлі трое, разам з аўтарам гэтых радкоў. Высокі, станісты, з вусамі, на якія зверху навісала хрыбціна носа, чытаў лірычныя вершы ўласнага вырабу:
Другі ж, ніжэйшы і таксама зграбны, не быў ні філосафам, ні паэтам, а толькі, як і першы, меў цікавасць да ўсяго – працаваў у навуковай установе геолагам. Абодва – мае прыяцелі; навуковец, праўда, адказваў на сакавітую беларускую мову выключна па-руску. Паэту (яго звалі Лявонам) нічога не абыходзіла перайсці ад лірычных матываў на іншыя.
– Калі прыкінуць, колькі разоў на вяку во гэтак ахвяравальна адгарае і ападае лістота вось з гэтых годных клёнаў і прыгажунь-ліп, то лік падасца не такім і значным. Бо што такое сто разоў лісце апала або – нават пяцьсот! – усклікнуў зварушліва ён.– Пяцьсот ліставеяў ад жыцця нашых продкаў у сярэднявеччы! Якіх-небудзь дваццаць – дваццаць пяць пакаленняў адсыпалася. А там жа ў дзяржаве быў росквіт і, як вядома, прававой мудрасці – больш, чым на долю нам прыпала.