Ермаловіч Мікола. Выбранае

Ермаловіч Мікола. Выбранае
3.20 р.
Вага: 690 г
Памеры: 135x205 мм



Укладанне, каментар К. Цвіркі; прадмова А. Грыцкевіча. – Мінск : Кнігазбор, 2010. – 640 с. : [8] с. іл. – ("Беларускі кнігазбор": Серыя 2. Гісторыка-літаратурныя помнікі). Цвёрдая вокладка.

ISBN 978-985-6976-36-3

У кнігу вядомага беларускага гісторыка і пісьменніка Міколы Ермаловіча (1921 – 2000) увайшла найбольш грунтоўная даследчая праца "Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае", а таксама публіцыстычныя і літаратурна-мастацкія творы, эпісталярная спадчына.

Пяцьдзесят шосты том кніжнага праекта "Беларускі кнігазбор".

ЗМЕСТ

Слаўны сын Беларусі. Анатоль Грыцкевіч

БЕЛАРУСКАЯ ДЗЯРЖАВА ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ

Уступнае слова
Новагародскі перыяд (1246 – 1316)

Гісторыя пытання
Ці толькі раздробленасць і слабасць?
Старажытная Літва – гістарычная вобласць Беларусі
Літоўскія набегі і славянская каланізацыя
Для каго была большая пагроза?
Што ж заваяваў Міндоўг?
Палітыка Войшалка і другое заваяванне Літвы
Час Трайдзеня
Заняпад Новагародка і новае ўзвышэнне Полацка

Віленскі перыяд (1316 – 1385)

Вільня
Якога яны роду?
Хто ён, Гедзімін?
Дзе мірна, а дзе пад прымусам
Аднаўленне полацкай палітыкі ў адносінах да Пскова і Ноўгарада
Першыя супярэчнасці з Масквой
Узаемаадносіны з Рыгай і ордэнам
Пра што пасведчыў летапіс пад 1326 г.
І хрысціянства, і язычніцтва
У духу полацкіх традыцый
Саюз з Польшчай, яго плюсы і мінусы
Барацьба з Лівоніяй
Сыны Гедзіміна і іх удзелы
Віцебскія клопаты Альгерда
Альгерд становіцца на чале дзяржавы
Пскоўскія і наўгародскія справы Альгерда
З поўначы на ўсход
Адносіны з Масквой
З усходу на поўдзень
Асоба Альгерда
Ягайла і Андрэй Полацкі
Ягайла і Кейстут
Ягайла і Вітаўт

Крэўскі перыяд (1385 – 1569)

Крэўская унія
Зноў паўстае Андрэй Полацкі
Хрышчэнне язычнікаў
Вітаўт пачынае барацьбу і перамагае
У змаганні з удзельнымі князямі
Падначаленне Смаленска і Ноўгарада
Паход на татараў
Зноў смаленскія і наўгародскія справы
Грунвальдская бітва: яе прычыны і вынікі
У апошнія гады жыцця
Свідрыгайла і Жыгімонт: іх антаганізм і падабенства
Доўгі і няроўны час Казіміра (1440–1492)
Нешчаслівы час Аляксандра
Кароль і вялікі князь новы, праблемы ранейшыя
Страта Смаленска
Аршанская бітва і пасля яе
Зноў напады і прымірэнні
Дзяржаўны і грамадскі лад ВКЛ
Лівонская вайна
Люблінская унія: яе падрыхтоўка, правядзенне і вынікі

Перыяд Рэчы Паспалітай (1569 – 1795)

Час бескаралеўя
Працяг і заканчэнне Лівонскай вайны
Наступ каталіцтва, падрыхтоўка і правядзенне берасцейскай царкоўнай уніі
Казацкі атрад С. Налівайкі ў Беларусі
І голад, і паўстанне
Пашырэнне і ўмацаванне царкоўнай уніі
Ілжэдзмітрый і вайна Польшчы з Расіяй
Казацкія атрады Б. Хмяльніцкага ў Беларусі
Пачатак "патопу"
Хто ж ён, Паклонскі?
Яшчэ адна унія
Вайна зноў Руска-польская
Апошняя трэць XVII стагоддзя
Паўночная вайна
Па шляху далейшага заняпаду
Барская канфедэрацыя і першы падзел Рэчы Паспалітай
Чатырохгадовы сойм і другі падзел Рэчы Паспалітай
Паўстанне 1794 г. і трэці падзел Рэчы Паспалітай

КРЫТЫКА, ПУБЛІЦЫСТЫКА

Шляхамі нашай асветы
Нарысы па гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі // Народная асвета, 1969

Беларускія летапісы і іх лёс

Папярэднікі Кастуся Каліноўскага
Махнач, Н. М. Ідэйная барацьба ў Беларусі ў 30 – 40-я гады XІX стагоддзя. (На рускай мове.) Мінск : Навука і тэхніка, 1971

Беларусь і беларусы
Чытаючы другі том БелСЭ

Чытаючы нямецкія хронікі...

Беларусы ў Пецярбургу
Семашкевіч, Р. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбургу. Мінск : Выдавецтва БДУ імя У. І. Леніна, 1971

Не толькі прыроду, але і мову...

"Яко луна солнечная..."

Колосья созрели для жатвы
Короткевич, В. Колосья под серпом твоим : роман. Книга первая и вторая / Авторизованный перевод с белорусского В. Щедриной. Москва: Советский писатель, 1974

Тацішчаўскія звесткі пра Беларусь

Перачытваючы летапісы
Полное собрание русских летописей. Т. 32. М. : Наука, 1975

Жыве яе ліра
Цётка. Творы. Мінск : Мастацкая літаратура, 1976

На ўзроўні лепшых здабыткаў
Ядвігін Ш. Выбраныя творы. Мінск : Мастацкая літаратура, 1976

З надзеяй на лепшую долю
Самбук, С. М. Общественно-политическая мысль Белоруссии во второй половине XІX века. Минск : Наука и техника, 1976

Плён стагоддзяў
История белорусской дооктябрьской литературы. Минск : Наука и техника, 1977

Выдадзена ўпершыню
Карусь Каганец. Творы. Мінск : Мастацкая літаратура, 1979

Першыя старонкі

"...Нареклися кривичи и дреговичи..."

Яму была падуладна

Новые факты, старая схема
Гуревич, Ф. Д. Древний Новогрудок, Л. : Наука, 1981

Проникновение в глубины

Они сделали первый шаг
Публицистика белорусских народников. Минск : издательство БГУ им. В. И. Ленина, 1983

Пераадольваючы цяжкасці
Дайнека, Л. Меч князя Вячкі: раман // Маладосць. 1985. № 2–3

Слова пра "Нашу ніву"
Да выхаду факсімільнага выдання

"Не люблю дылетанцтва..."
Гутарка з Максімам Гілевічам

Пад пільным наглядам

У авангардзе нацыянальнага адраджэння
Да 10-годдзя клуба "Спадчына"

ГУТАРКІ, ВЕРШЫ

Аб усім, што баліць

Гутаркі

Мова – сцяг народа
Таму, хто прачнуўся
Рагвалод і Рагнеда
Прычына нашых крыўд і бед
Няміга і Менск
Существительное
Кастусь Каліноўскі
Мсцíслаў не аднаго сціснуў
Інтэлігенцыя – вочы народа
Ці страшная нам культура?
Цяжкасці і перспектывы
У хвасце
Пра мову i каўбасу
"Чужаземец"
Жыве Беларусь!
Мы будзем добра жыць тады...
Гэта пры нас...
Гісторыя аднаго паэта

Вершы 1960 – 1980-х гадоў

Лёс ракі
Байструкамі за бясцэнак запраданая
Беларусь! У наступленне!
Дзе ж?
Колькі развялося...
Купалле
Матчын лёс
На смерць Лявона Баразны
На судзе бесстароннім...
"Наша Ніва"
Замчышчаў даўніх вышыні
Песнярам Беларусі
Кастусь Каліноўскі

ЛІСТЫ

1. Ларысе Геніюш
2. Ларысе Геніюш
3. Ларысе Геніюш
4. Зосьцы Верас
5. Зосьцы Верас
6. Зосьцы Верас
7. Зосьцы Верас
8. Зосьцы Верас
9. Ларысе Геніюш
10. Ларысе Геніюш
11. Ларысе Геніюш
12. Загадчыку аддзела навукі і навучальных устаноў ЦК КПБ тав. А. Ц. Караткевічу. Копія: Прэзідэнту Акадэміі навук БССР тав. М. А. Барысевічу
13. Міністру асветы тав. Мінкевічу М. Г.
14. Ларысе Геніюш
15. Загадчыку аддзела навукі ЦК КПБ т. Караткевічу
16. Зосьцы Верас
17. Ларысе Геніюш
18. Зосьцы Верас
19. Мікалаю Улашчыку
20. Ларысе Геніюш
21. Зосьцы Верас
22. Янку Саламевічу
23. Рэдактару рэдакцыі беларускага слоўніка Л. В. Саламаха
24. У рэдакцыю часопіса "Нёман"
25. Старшыні Дзяржкамвыдата БССР тав. Дзяльцу М. І.
26. Маскоўскаму таварыству беларускай культуры імя Францыска Скарыны
27. З лістоў Міхасю Белямуку

Каментар

Summary


Слаўны сын Беларусі

Выходзіць новая кніга Міколы Ермаловіча (1921–2000), выдатнага гісторыка і пісьменніка, падзвіжніка і рупліўца, адданага сына Бацькаўшчыны. Гэта быў незвычайны, сціплы і апантаны навуковымі даследаваннямі чалавек. Усё сваё жыццё ён аддаў Беларусі і яе гісторыі, быў вялікім прапагандыстам гістарычных ведаў, выступаў на сустрэчах з чытачамі, з дзецьмі і падлеткамі ў школах, са студэнтамі ва ўніверсітэтах, а галоўнае, пісаў свае творы, прасякнутыя глыбокай любоўю да роднай Беларусі. Гэта быў шырока вядомы беларускі гісторык і літаратуразнавец, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Гэта быў падзвіжнік, які адкрываў шырокаму колу чытачоў мінулае Беларусі, папулярызаваў яе даўнюю гісторыю, значна апярэдзіўшы нацыянальную канцэпцыю гісторыі Беларусі, прынятую ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук Беларусі толькі ў 1992 г.

Мікалай Іванавіч Ермаловіч пражыў доўгае і цяжкае жыццё. Нарадзіўся ён 29 красавіка 1921 г. у вёсцы Малыя Навасёлкі Менскага павета (цяпер Дзяржынскі раён), вучыўся ў Менскім педагагічным інстытуце на факультэце беларускай мовы і літаратуры. З-за слабога зроку ў вайне не ўдзельнічаў. Быў настаўнікам сярэдняй школы ў Мардоўскай АССР. У канцы 1943 г. вярнуўся ў Беларусь, працаваў у тагачасным Суражскім раёне Віцебскай вобласці, быў завучам сярэдняй школы ў Дзяржынску. У 1947 г. скончыў Менскі педагагічны інстытут. Потым працаваў старшым выкладчыкам у Маладзечанскім настаўніцкім інстытуце, у 1955–1957 гг. быў загадчыкам метадычнага кабінета Маладзечанскага абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў і выйшаў на пенсію са значнай стратай зроку. Да прыняцця яго ў Саюз беларускіх пісьменнікаў Мікола Ермаловіч атрымліваў невялічкую пенсію як інвалід. Аднак, не шкадуючы сябе, Мікалай Іванавіч штодня ездзіў электрычкамі з Маладзечна ў Мінск у залу беларускай літаратуры Дзяржаўнай (цяпер Нацыянальнай) бібліятэкі.

У бібліятэцы мы і пазнаёміліся. Я тады працаваў над тэкстамі па феадальнай гісторыі для І тома "Гісторыі Беларускай ССР" (выйшаў у 1972 г.), а яго спачатку цікавіла старажытная гісторыя Беларусі – ад ІХ да XIV ст. У размовах высветлілася, што мы з'яўляемся аднадумцамі. Гэта спрыяла больш блізкаму знаёмству.

Працаваў Мікола Ермаловіч са стосам кніг па гісторыі роднай Беларусі. Ён рыхтаваў сваю першую кнігу. Яму ніхто не плаціў за гэта грошай, ніхто не вызначаў пяцігадовых планаў, як іншым навукоўцам. Але яму ніхто не загадваў, як і пра што пісаць. Яму толькі перашкаджалі.

Ад 1957 г. Мікола Ермаловіч даследаваў старажытныя летапісы, аналізаваў працы і даводзіў ацэнкі гісторыкам, ранейшым і сучасным. Абмежаваны фізічнымі здольнасцямі, М. І. Ермаловіч вывучаў крыніцы самастойна і спачатку ў дыскусіях не ўдзельнічаў. Ён меў мужнасць у сваёй працы выступаць супраць афіцыйнай гістарычнай навукі, закаванай у браню марксісцка-ленінскай дагматыкі і вялікадзяржаўнай расійскай традыцыі.

Тое, што М. Ермаловіч не знаходзіўся на працы ў афіцыйных навуковых установах (напрыклад, у Інстытуце гісторыі АН БССР ці ў БДУ), пайшло яму на карысць. Ніхто з начальства не перашкаджаў яму працаваць, не забараняў выбіраць тэму даследаванняў ці абмяжоўваць яе вельмі сціплымі рамкамі.

Ужо ў 1975–1976 гг. метадам самвыдату (на пішучай машынцы) ён выпускаў лісток "Гутаркі", у якім абвяргаў погляды савецкай гістарыяграфіі на гісторыю сярэднявечнай Беларусі. У 1980 г. яго рукапіс "Па слядах аднаго міфа" ў скарочаным выглядзе быў узяты ў выдавецтва "Мастацкая літаратура" для адмысловага зборніка артыкулаў. Мне пашчасціла спрыяць гэтаму цудоўнаму чалавеку: я напісаў рэцэнзію з рэкамендацыяй да друку (хаця былі і заўвагі), бо лічыў кірунак яго даследаванняў перспектыўным. Аднак у ЦК кампартыі Беларусі было вырашана зборнік не друкаваць. Гэты рукапіс М. І. Ермаловіча разыходзіўся сярод чытачоў у машынапісных копіях.

У 1982 г. я быў запрошаны на пасяджэнне вучонай рады Інстытута гісторыі АН БССР па абмеркаванні працы пра Беларусь у складзе Вялікага Княства Літоўскага. Я быў адзіным аўтарам (з пяці), які не згаджаўся з іншымі аўтарамі і навуковымі рэдактарамі. Іх канцэпцыя заключалася ў тым, што Вялікае Княства Літоўскае было выключна літоўскай дзяржавай. Я бараніў свае пазіцыі, абвяргаючы іх канцэпцыю. Дарэчы, кніга не выйшла, бо ўжо тады маральна састарэла. Нечакана для мяне кіраўніцтва Інстытута гісторыі і некаторыя гісторыкі, што вывучалі гісторыю феадальнага перыяду (доктар навук З. Ю. Капыскі і інш.), прапанавалі вучонай радзе прыняць рашэнне і накіраваць ліст у ЦК КПБ, у якім звярнуліся да высокага кампартыйнага начальства з просьбай забараніць публікацыю артыкулаў і твораў Мікалая Іванавіча. Гэта было найлепшай формай бальшавіцкай крытыкі! ЦК КПБ, зразумела, ахвотна задаволіў гэтую просьбу. На некалькі гадоў М. І. Ермаловічу перашкодзілі выдаваць свае творы.

Але Мікалай Іванавіч Ермаловіч выступаў перад прыхільнікамі беларускай гісторыі ў клубе "Спадчына". Памятаю, як у 1986 г., праслухаўшы яго выступ-лекцыю пра летапісную Літву, я, падтрымаўшы яго канцэпцыю, адзначыў, што па сваіх ведах Мікалай Іванавіч мог бы быць акадэмікам, калі б гэтае званне давалася не з палітычных, а навуковых меркаванняў.

З вялікай цяжкасцю ішла публікацыя твораў М. Ермаловіча нават у гады перабудовы. Згаданая яго кніга "Па слядах аднаго міфа" (1989 г., 2-е выд. 1991 г.) ішла ў выдавецтве "Навука і тэхніка" з вялікімі перашкодамі. Спатрэбілася ўключыць у барацьбу не толькі навуковага рэдактара (ім быў я), але яшчэ чатырох афіцыйных рэцэнзентаў, у тым ліку двух дактароў навук – Л. В. Аляксеева (з Масквы) і В. У. Чапко – і двух кандыдатаў – А. А. Трусава і С. А. Шчарбакова. Звычайна хапае двух рэцэнзентаў і неабавязкова дактароў гістарычных навук.

У сваім пасляслоўі да гэтай кнігі "З ліхтаром праўды" я адзначыў, што М. Ермаловіч абгрунтавана абверг міф пра заваёву літоўцамі беларускіх земляў у ХІІ ст., а таксама, што канцэпцыя Міколы Ермаловіча перспектыўная. Наступныя даследаванні іншых навукоўцаў пацвердзілі гэта.

Канцэпцыя М. Ермаловіча адпавядае высновам археолагаў пра тое, што да VIII–IX стст. на сучаснай тэрыторыі Беларусі жылі балцкія плямёны. Рэшткі іх паступова асіміляваліся беларускім насельніцтвам ажно да XVI ст. уключна (раён Вільні і сучаснага літоўска-беларускага пагранічча). Польскі гісторык Е. Ахманьскі яшчэ раней звярнуў на гэта ўвагу.

Міф пра літоўскую заваёву тэрыторыі Беларусі створаны ў XVI ст. і ўпершыню з'явіўся ў літаратурна-публіцыстычным творы "Сказание о князьях владимирских". Нараджэнне гэтага міфа звязана з тагачасным імкненнем вялікіх князёў маскоўскіх давесці іх уяўныя правы на землі Беларусі і Украіны. Таму ў "Сказании…" вялікія князі Віцень і Гедымін выступаюць як захопнікі гэтых земляў, якія павінны быць вернуты законнаму гаспадару – вялікаму князю маскоўскаму.

М. Ермаловіч падкрэсліў, што значнай перашкодай для аб'ектыўнага асвятлення пачатковага перыяду гісторыі Вялікага Княства Літоўскага з'яўляецца атаясамліванне летапіснай Літвы з усходняю часткаю сучаснай літоўскай рэспублікі. Мікола Ермаловіч слушна падкрэсліў, што стварэнне Вялікага Княства Літоўскага са сталіцай у Наваградку найперш адпавядала інтарэсам беларускіх феадалаў. Не выпадкова і тое, што ў Вялікім Княстве Літоўскім пануючае месца заняла беларуская культура, а тагачасная беларуская мова стала дзяржаўнай.

М. І. Ермаловіч вызначыў арэал паселішчаў часоў летапіснай Літвы – на ўсход ад Менска і Слуцка: у раёне Маладзечна, Наваградка і Слоніма.

Разам з тым трэба адзначыць залішні давер М. І. Ермаловіча некаторым крыніцам. Так, ён адзначае ("Па слядах аднаго міфа". Мн., 1989, с. 60 і ў наступных выданнях), што "Густынскі летапіс… бясспрэчна, заслугоўвае поўнага даверу". Гэта гаворыцца ў сувязі з хрышчэннем Міндоўга паводле праваслаўнага абраду, як сведчыць Густынскі летапіс. Аднак трэба прызнаць, што Густынскі летапіс, адзін з самых позніх, з'явіўся ва Украіне ў XVII ст., калі там ішла жорсткая барацьба праваслаўных і католікаў. І аргумент на карысць праваслаўя ў летапісе быў важным. Іншыя крыніцы гэтага хрышчэння не пацвярджаюць, а, наадварот, падкрэсліваюць язычніцкія памкненні Міндоўга нават пасля хрышчэння (паводле каталіцкага абраду) і потым яго вераадступніцтва, адмову ад хрысціянства. Шэраг новых крыніц, апублікаваных у 2003 г., сведчыць пра памылковасць погляду на хрышчэнне Міндоўга паводле праваслаўнага абраду.

У 1990 г. выйшла і наступная кніга Міколы Ермаловіча "Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды". І гэтая арыгінальная кніга на аснове летапісных звестак, археалогіі і тапанімікі асвятляе вялікі перыяд у гісторыі Беларусі – ад племянных саюзаў славян і балтаў і гістарычных падзей у Полацкім і Тураўскім княствах да ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага. У сваёй працы М. І. Ермаловіч слушна падмацаваў свой ранейшы тэзіс адносна сутнасці летапісных паняццяў "Літва" і "літоўцы", "літвіны", якія не супадаюць з сучаснымі этнічнымі паняццямі. Аўтар паказаў, што тэрмін "Літва" тады адносіўся да верхняга і сярэдняга Панямоння, а раней і на больш пашыраны рэгіён.

У 1994 г. выйшла чарговая кніга Міколы Ермаловіча "Старажытная Беларусь. Віленскі перыяд". У гэтай кнізе асветлены падзеі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, знешнія стасункі маладой дзяржавы – з Масквой, Псковам і Ноўгарадам Вялікім, з Тэўтонскім ордэнам, Польшчай. Асабліва ўважліва разгледжаны і ўнутраныя аспекты панавання Гедыміна і Альгерда, дачыненні паміж Ягайлам і князямі Андрэем Полацкім, Кейстутам і Вітаўтам. Гэтым самым М. І. Ермаловіч запоўніў нішу, якую старанна абыходзілі савецкія гісторыкі. І гэтая кніга была цёпла ўспрынята чытачамі.

Працаваць Мікалаю Іванавічу Ермаловічу станавілася ўсё цяжэй і цяжэй. Зрок пагоршыўся зусім. Але і ў такім стане ён працягваў працаваць. За свае працы Мікалай Іванавіч Ермаловіч атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь 1992 г. Ён быў прыняты ў сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў. Пераехаў у Мінск, дзе атрымаў кватэру. Да бібліятэкі цяпер было значна лягчэй дабірацца.

Падсумаваннем творчай працы Міколы Ермаловіча стала яго заключная і абагульняючая праца "Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае" (Мінск: Беллітфонд, 2000, 448 с.). Рэцэнзентамі гэтай кнігі былі доктар гістарычных навук А. П. Грыцкевіч і доктар юрыдычных навук Я. А. Юхо. У ёй аўтар зрабіў агляд беларускай гісторыі ад ХІІ да канца XVIII ст., карыстаючыся апублікаванымі гістарычнымі дакументамі. Такім чынам канцэпцыя М. І. Ермаловіча замацавалася ў беларускай гістарыяграфіі.

Апошняя кніга Міколы Ермаловіча выйшла ў свет вясной 2000 г., але ён яе ўжо не пабачыў. Трагічны выпадак адбыўся вечарам 4 сакавіка 2000 г. Ідучы дадому без суправаджэння з адной імпрэзы, куды быў запрошаны, ён быў збіты аўтамашынай і на наступны дзень, 5 сакавіка, памёр.

Асобна трэба нагадаць пра літаратурную творчасць Міколы Ермаловіча – яго "Гутаркі" і вершы, выступы і прамовы палітычнага кірунку. Літаратурная спадчына М. І. Ермаловіча яшчэ не прааналізаваная з навуковага пункту гледжання.

Погляды М. І. Ермаловіча не падзялялі гісторыкі афіцыйнага кірунку савецкай гістарычнай навукі, а некаторыя ставіліся да гэтых поглядаў нават варожа. Яны лічылі, што гісторыя павінна падпарадкоўвацца загадам кіраўнікоў партыі і дзяржавы. Такое ж стаўленне засталося ў сістэмных гісторыкаў і цяпер. Не любіла М. І . Ермаловіча і ўлада, камуністычная і цяперашняя прамаскоўская.

Не любілі М. І . Ермаловіча і літоўскія гісторыкі, якія лічаць, што Вялікае Княства Літоўскае і Рускае было выключна літоўскай дзяржавай (дарэчы, як і савецкія, у тым ліку беларускія, гісторыкі сталінскага, хрушчоўскага і брэжнеўскага перыядаў).

Але агульная маса чытачоў, навучэнцаў і студэнтаў успрымала канцэпцыю беларускага гісторыка-патрыёта з разуменнем. Заўсёды падтрымлівалі Міколу Ермаловіча гісторыкі, прыхільнікі нацыянальна-дзяржаўнай канцэпцыі гісторыі Беларусі, адзначаючы яго вялікую папулярызатарскую дзейнасць.

Мікола Ермаловіч у сваіх творах паказаў, што сярод беларускага насельніцтва яшчэ захоўваліся тэрыторыі з аўтахтонным балцкім (літоўскім) насельніцтвам. На яго думку, беларусы – гэта аславяненыя балты, асіміляцыя цягнулася некалькі стагоддзяў. Гэта пацвярджаецца і далейшымі даследаваннямі беларускіх антраполагаў, у тым ліку А. І . Мікуліча, які вывучаў беларускі генафонд. Даследаванні расійскіх вучоных (на чале з доктарам медыцынскіх навук Е. В. Баланоўскай) паказвалі, што аснову рускага генафонду складаюць аславяненыя фінскія элементы з некаторым дадаткам цюркскіх (татарскіх).

Беларускія антраполагі прыйшлі да высновы аб устойлівасці генафонду беларусаў на сваёй тэрыторыі і этнічнай кансалідацыі. Аснова гэтага генафонду – славянізаваныя балты і перасяленцы з заходнеславянскіх плямёнаў. Меркаванні М. І. Ермаловіча пацвярджаюцца далейшымі даследаваннямі спецыялістаў у іншых галінах. Такім чынам абвяргаецца міф яшчэ расійскай дваранскай гістарыяграфіі ХІХ ст. аб брацкім адзінстве трох усходнеславянскіх народаў. Генетычна яны зусім розныя.

Мікола Ермаловіч лічыць, што асновай беларускага этнасу сталіся палачане як вынік змешвання крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў пры культурнай перавазе палачанаў. Гісторык абверг тэзіс некаторых расійскіх дарэвалюцыйных і савецкіх гісторыкаў пра заваяванне летувісамі (літоўцамі) беларускіх зямель у другой палове ХІІ ст. Дарэчы, пра гэта таксама пісалі гісторыкі ў І томе "Гісторыі Беларускай ССР" (1972). Вялікае Княства Літоўскае і Рускае ён лічыў Беларускай дзяржавай.

Я ўспамінаю, як у 1965 г. у дыскусіі ў Інстытуце гісторыі АН БССР літоўскі акадэмік Юозас Юргініс кінуў беларускім гісторыкам: "Гэта не мы вас заваявалі. Гэта вы нас заваявалі". Хачу пры гэтым нагадаць, што рукапісныя кнігі гарадскіх магістратаў (пратаколы пасяджэнняў) нават жамойцкіх гарадоў, ажно да самага Балтыйскага мора, у першай палове XVI ст. складаліся на дзяржаўнай беларускай мове. Гэтыя кнігі зберагаюцца ў аддзеле рэдкіх рукапісаў бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта.

І яшчэ. Калі ў той час, нават у глыбіні цяперашняй Летувы, з горада ехаў суддзя ў вёску судзіць сялян, то ён браў з сабой перакладчыка, які ведаў летувіскую (жамойцкую) мову, бо судзіў, згодна са Статутам Вялікага Княства Літоўскага, на беларускай мове. Мяркую, што гістарычныя працы Міколы Ермаловіча яшчэ чакаюць глыбокага гістарыяграфічнага і крыніцазнаўчага аналізу. Гісторыкам яшчэ шмат чаго прыйдзецца даследаваць у гістарычнай навуковай спадчыне М. І. Ермаловіча.

Мікола Ермаловіч зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё гістарычнай навукі Беларусі ў апошняй чвэрці ХХ ст., і гэта прызнаецца ўсёй грамадскасцю Беларусі. У Маладзечне яму ўжо пастаўлены помнік.

Анатоль Грыцкевіч,
доктар гістарычных навук, прафесар, правадзейны сябра
Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі

Пра Міколу Ермаловіча ў Вікіпедыі.

Пра Міколу Ермаловіча ў кнізе Ўладзімера Арлова Імёны Свабоды.


Раім таксама паглядзець:
Ермаловіч Мікола. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
6.49 р.

Ермаловіч Мікола. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае

Гэта – яго кніга жыцця. Мікола Ермаловіч працаваў над ёй да апошніх сваіх дзён, паспеўшы ўнесці ў яе ўсе неабходныя праўкі і дапаўненні. Слухач упершыню мае магчымасць у поўным выглядзе пазнаёміцца з праўдзівай гісторыяй беларускай дзяржавы Вялікага княства Літоўскага.

Ермаловіч Мікола. Лісты. Выступы. Гутаркі. Вершы
6.49 р.

Ермаловіч Мікола. Лісты. Выступы. Гутаркі. Вершы

Вядомы і адначасна невядомы нам Ермаловіч сабраны на адным носьбіце. Гісторык паўстае як мудры публіцыст, яркі паэт, самаахвярны змагар за нацыянальнае адраджэньне.

Кавалёў Сяргей. Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу
2.50 р.

Кавалёў Сяргей. Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу

Манаграфія з'яўляецца панарамным даследаваннем шматмоўнай паэзіі Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу. На аснове сваіх ранейшых публікацый і новых распрацовак аўтар падрабязна ўзнаўляе гісторыю развіцця паэтычнага жанру ў Літве і Беларусі ад пачатку XVI да пачатку XVII ст.