![]() |
1.33 р.
Вага: 460 г
Памеры: 130x200 мм
|
Пер. з фр. мовы З. Коласа; прадм. І. Сая. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2005. – 431 с. – (Скарбы сусветнай літаратуры).
ISBN 985-02-0749-3
У кнігу аднаго з самых яркіх пісьменнікаў сярэдзіны XX стагоддзя, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Альбэра Камю (1914 – 1960) увайшлі раман "Чужаніца", аповесць "Падзенне", апавяданні, п’есы, эсэ.
ЗМЕСТ
Неадказаныя пытанні. Іван Сай
ЧУЖАНІЦА. Раман
ПАДЗЕННЕ. Аповесць
ВЫГНАННЕ І ЦАРСТВА
Здрадлівая жонка
Адступнік, або Затлумёны дух
Нямкі
Госць
Ёна, або Мастак за працай
Камень, які расце
П'ЕСЫ
Калігула
Непаразуменне
ЭСЭ
Міф пра Сізіфа
Праметэй у апраметнай
Выгнанне Гэлены
Неадказаныя пытанні (фрагмент)
Ці вартае жыццё таго, каб быць пражытым? Так французскі пісьменнік і мысляр Альбэр Камю відазмяніў "вечнае" пытанне пра сэнс жыцця. Тым самым ён быццам наблізіў магчымасць канчатковага адказу, прыбраўшы з пытання налёт непрыступнай вучонасці, зрабіўшы яго амаль бытавым. Так пытаюцца пра вартасці прафесіі або выбар стравы на абед. Падобная перапастаноўка "вечных" пытанняў увогуле характэрная як для творчасці Камю, так і для ўсёй філасофскай плыні экзістэнцыялізму.
Экзістэнцыялізм, а больш дакладна атэістычны экзістэнцыялізм, як і ўсякая іншая філасофія, у двух словах вытлумачваецца тым, што першаснае. Для Камю першаснае існаванне, экзістэнцыя. Гэта значыць, нішто не важнейшае за існаванне, ні ў імя чаго нельга спыніць чыёсьці існаванне, гэта нічым (больш важным) не апраўдана.
Экзістэнцыя – краевугольны камень светапогляду. На ім выбудоўваецца, напрыклад, разуменне шчасця. "Можна жыць у дупле сухадрэвіны, – піша Камю, – і быць шчаслівым".
Наогул экзістэнцыялізм, які ў літаратуры звычайна выводзяць з творчасці Ф. М. Дастаеўскага і Ф. Ніцшэ, сёння – больш вобраз, чым рабочае паняцце філасофіі. Гэта вобраз рацыянальнага, скептычнага і няспыннага розуму. Менавіта ў сумненні і ўвесьчаснай незадаволенасці ўтрымліваецца энергія экзістэнцыйнага мыслення, што ставіць пытальнікі ў канцы аксіём, разбурае стэрэатыпы грамадскай свядомасці, прыводзіць да самаадмаўлення. "Не, я не экзістэнцыяліст, – піша Камю, – і адзіная кніга ідэй, якую апублікаваў. – "Міф пра Сізіфа" – была скіраваная супраць філосафаў, якіх называюць экзістэнцыялістамі". Жывое мысленне не церпіць фіксацыі, дыдактызму ці якога-кольвек фармальнага абагульнення".
Літаратура, якую прынята называць гэтым словам, паставіла пад пытанне традыцыйную эстэтыку і традыцыйную грамадскую мараль. Яна заявіла пра сваю незалежнасць ад прынятай і зацверджанай маралі. Экзістэнцыялісты ачысцілі літаратуру ад "дэкору". Чытаючы прозу Камю, вы не станеце ўяўляць сабе амстэрдамскія каналы ("Падзенне") або апельсінавыя дрэвы ў Алжыры ("Чужаніца"). Бо гэта не пра Амстэрдам ці Алжыр. Гэта не даваенны і не ваенны час і не Старажытны Рым ("Калігула"). У кожным выпадку вы трапляеце ў сітуацыю свайго ўласнага жыцця, дзе алжырскі пляж і мора прысутнічаюць як нейкі ўніверсальны пейзаж.
Гэтаксама і смерць пазбаўляе жыццё тэатральнасці, бо сапраўдную смерць згуляць немагчыма. Экзістэнцыялізм быццам вылузваеіша з традыцыйных уяўленняў пра мастацтва з яго звыклымі атрыбутамі. Аўтарскі вымысел, умоўнасць сітуацыі і персанажаў тут не вывяраюцца, як звычайна, праўдападабенствам, што залежыць ад майстэрства і таленту пісьменніка. Тут усё наадварот. Праўдзівасць самога жыцця, жыццёвых сітуацый і персанажаў вывяраецца пры дапамозе літаратурнай умоўнасці. Праўдзівасць жыцця важнейшая за праўдападабенства літаратуры.
Застой у жыцці людзей, калі ўсё вызначана і паўтараецца паводле звыклае завядзёнкі, калі чалавек прыстасоўваецца і прывыкае да нятворчасці, калі нехта думае за нас, а мы ні за што не адказваем, – такі застой вядзе да дэфармацыі маралі. Вось чаму здаровая процівага застою – штодзённае і штохвіліннае выпрабаванне і сцверджанне маральных прынцыпаў. Звыклыя маральныя канстанты ўвесь час, у кожнай новай сітуацыі ставяцца пад сумнеў, абвяргаюцца, і тады кожнага разу знаходзяцца свае доказы іх жыццёвасці і стойкасці. Гэтыя доказы пераканаўчыя толькі тады, калі яны разавыя, імянныя, прыватныя. Інакш усё стандартызуецца і аўтаматызуецца — да бяздумнасці і абсурду ("Міф пра Сізіфа").
Жывая мараль (як і кантэкст твора) не можа быць дасканалай, бо яна ні хвіліны не стаіць на месцы, не застывае. Дасканалая мараль, зафіксаваная ў кодэксах, – мёртвая. Таксама і твор з дасканалым кантэкстам, калі чытачу не застаецца прасторы для сутворчасці, – мёртвы. Але дасканаласць жывога твора можа дасягацца ў тэксце, у форме. І экзістэнцыялісты дасягнулі такое дасканаласці.
* * *
Альбэр Камю (Albert Camus) прыйшоў на свет 7 лістапада 1913 года ў Французскім Алжыры, а загінуў у аўтакатастрофе 4 студзеня 1960-га. Яго ўласнае існаванне доўжылася крыху больш за 46 гадоў. І гэта было жыццё, поўнае творчасці, мыслення і пакутлівай няздольнасці расправіцца з "вечнымі пытаннямі". Можна падумаць, што гэта было некалькі жыццяў, сабраных у адно.
Іван Сай
Пра Альбэра Камю ў Вікіпэдыі.