Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
Ці ў сацыяльных сетках: Facebook або ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Кашалёк жорава. Беларускія народныя казкі

Кашалёк жорава. Беларускія народныя казкі
1.09 р.
Вага: 480 г
Памеры: 170x245 мм



Уклад. У. К. Касько; маст. Т. В. Кубліцкая – Мінск : Мастацкая літаратура, 2009. – 207 с. : іл. – (Беларускі фальклор).

ISBN 978-985-02-1098-2

У зборнік увайшлі славутыя беларускія народныя казкі: пра жывёл, сацыяльна-бытавыя і чарадзейныя.

ЗМЕСТ

Чароўны свет народнай казкі. Уладзімір Касько

Каток – залаты лабок
Браты-паляўнічыя
Лісіца-хітрыца
Сынок-з-кулачок
Чорт-злодзей
Каваль
Вучоны рак
Чортава балота
Алёнка
Любошчы
Купалінка
Чарадзейны пярсцёнак
Музыка і чэрці
Андрэй, за ўсіх мудрэй
Не вытрываў
Кашалёк жорава
Гуслі
Снягурачка
Гарошак
Прыстань ваўкалакаў
Разумная дачка
Стары бацька
Крадзеным сыты не будзеш
Залатая яблынька
Палешукі і палевікі
Піліпка-сынок
Залаты птах
Хведар Набілкін і сапраўдныя асілкі

ЧАРОЎНЫ СВЕТ НАРОДНАЙ КАЗКІ
Ад укладальніка

"У нейкім царстве, у нейкім гасударстве", "Жылі дзед ды баба", "Былі ў аднаго чалавека тры сыны: два разумныя, а трэці – дурань"... Хто з нас не затойваў дыханне пры гэтых словах, пачутых з вуснаў бабулек, дзядоў, маці, і поўных абяцанняў захапляльнага падарожжа ў краіну казак. Хаця ў наш імклівы век людзей цяжка здзівіць нейкім незвычайным цудам, мы з асалодай слухаем захапляльныя казкі, легенды, паданні, якія ўражваюць народнай мудрасцю, чысцінёй, свежасцю, багатай моўнай палітрай.

"Што за цуд гэтыя казкі! Кожная ёсць паэма!", – пісаў Пушкін.

"Кнігі абудзілі маю фантазію, але больш за ўсё, я думаю, аказалі на мяне ўплыў беларускія народныя казкі", – прызнаваўся Янка Купала.

У адной з беларускіх казак расказваецца пра тое, як даўным-даўно пралятала над Палессем Жар-птушка і згубіла пяро незвычайнай прыгажосці. Плаўна падала яно на зямлю, рассыпаючы ва ўсе бакі зіхоткія праменчыкі. Кінуліся людзі шукаць тое пяро, але вярнуліся ні з чым... Мінаюць гады, стагоддзі, чалавек падняўся ў космас, спасціг многія прыродныя таямніцы, але па-ранейшаму шукае ён пяро Жар-птушкі, кветку папараці, гаючую крынічку з жывой вадой. І яшчэ больш любай яго сэрцу становіцца родная зямля, бацькоўскі кут, што пяшчотна называем мы сваёй малой радзімай.

"Перачытаўшы ўсе рускія казкі, мы можам смела сцвярджаць, што па маляўнічасці і прыгажосці апавядання беларускія казкі не маюць сабе роўных", – сцвярджаў славуты беларускі вучоны Яўхім Карскі. У праўдзівасці яго слоў вы, дарагія чытачы, зможаце пераканацца самі, прачытаўшы казкі, змешчаныя ў гэтым зборніку.

Усе казкі падзяляюцца на тры віды – казкі пра жывёл, чарадзейныя і сацыяльна-бытавыя.

У казках пра жывёл пад знешняй прастатой апавядання і наіўнасцю герояў – ката, лісіцы, барана, ваўка, мядзведзя, дзятла – угадваюцца глыбокія назіранні за жыццём, народная мудрасць. Падкрэсліваючы хітрасць лісы, сквапнасць і дурасць ваўка, недальнабачнасць тугадума мядзведзя, прастату вароны, малюючы своеасаблівую іерархічную падначаленасць у жыцці лясных насельнікаў, казачнікі як бы паказалі стан грамадскіх стасункаў сярод людзей. Сквапнасць, прадажнасць, падманлівасць, хцівасць народ высмейвае, выкрывае. І захапляецца тымі героямі, якія дапамагаюць сваім сябрам у бядзе, вылучаюцца смеласцю, адданасцю.

Кашалёк жорава. Ілюстрацыя з кнігі

Гарачае імкненне пазнаць прыроду, навучыцца пераадольваць зло, несправядлівасць, вяртаць людзям здароўе, жыццё народ выказвае ў чарадзейных казках, а галоўнага героя казачнікі малююць у выглядзе асілка. Той лёгка вырывае дуб у тры абхваты, адзін смела змагаецца з царскім войскам, абараняе слабых...

Фантастыка чарадзейных казак заносіць іх герояў у трыдзевятае царства, дзе шмат таямнічага, неразгаданага, чаго няма ў зямным жыцці. Персанажы гэтых казак – Баба Яга, Кашчэй Бессмяротны, Змей Гарынавіч, чэрці, ведзьмы і іншыя пачвары – імкнуцца нашкодзіць чалавеку. У барацьбу з імі ўступаюць волаты, смелыя салдаты, музыкі, іх цудоўныя памочнікі – мышка, рыба, конь, пчала.

Сацыяльна-бытавыя казкі прасякнуты сімпатыяй і спачуваннем да беднякоў. Сяляне жывуць бедна, не могуць вучыць у школах сваіх дзяцей, але яны вераць у лепшае, у спрэчках заўсёды перамагаюць сваіх прыгнятальнікаў.

Беларуская казка спалучае ў сабе веліч сапраўднага таленту з прыгажосцю этычных уяўленняў народа пра жыццё, пра чалавека, пра дабро і зло. Велізарная цікавасць да яе не выпадковая, яна абумоўлена высокімі ідэйна-мастацкімі якасцямі і непаўторнымі нацыянальнымі адметнасцямі. Дзеянне адбываецца ў беднай сялянскай хаце ці ў панскім маёнтку, на кірмашах ці на вяселлі, у лесе або ў полі. Персанажы казак спяваюць беларускія песні, размаўляюць на сакавітай мове, багата аздобленай трапнымі народнымі выразамі, прыказкамі і прымаўкамі.

Казкі складае народ, а даносяць іх да слухачоў, чытачоў, гледачоў таленавітыя казачнікі, а таксама перакладчыкі, пісьменнікі. У гэтым зборніку чытач знойдзе славутыя казкі ў апрацоўцы Якуба Коласа, А. Якімовіча, У. Караткевіча, Н. Гілевіча, У. Касько. Сёння вы, дарагія чытачы, самі пазнаёміцеся з шэдэўрамі беларускага фальклору, а некалі будзеце чытаць іх сваім дзецям і ўнукам. "Казка, легенда – гэта сувязь тых, хто прыходзіць, і тых, хто адыходзіць, – пісаў М. Прышвін. – Стаў я на сцяжынку і ведаю дакладна, што рана ці позна пройдзе па ёй іншы чалавек. Слухаю казку і ведаю, што іншы чалавек прыйдзе і будзе слухаць яе. Сцяжынка і казка ў радстве, гэта – сёстры: адну ў прыроду аддалі, другую – у сэрца чалавека".

Казка душу грэе, узнімае ў вышыню.
У казцы – небывальшчына,
І, напэўна, ад гэтага
Усё здаецца такім сапраўдным.
Імчыцца наш шар зямны ў бяскрайнім Сусвеце,
Падае на лясы і палі снег пуховы.
Растае,
Кветкамі луг пакрываецца.
А потым падае на зямлю
Жоўты аджыўшы ліст...
Перагортвае старонкі календара жыццё,
Уступаюць месца маладым старыя.
Але казкі іх нікуды не знікаюць,
Застаючыся вечна чароўнымі і прывабнымі.

Уладзімір Касько


Раім таксама паглядзець:
Беларускія народныя казкі. Чытае Віктар Манаеў
6.49 р.

Беларускія народныя казкі. Чытае Віктар Манаеў

Аўдыёкніга складаецца з беларускіх народных казак (літаратурная апрацоўка казак — Якуб Колас і Алесь Якімовіч) у выкананні Народнага артыста Беларусі Віктара Манаева і цудоўным музычным афармленні.

Залатая яблынька. Беларускія народныя казкі
1.91 р.

Залатая яблынька. Беларускія народныя казкі

Уклад. Н. В. Філіповіч; маст. Т. П. Беразенская [і інш]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2007. – 294 с.: іл. – (Казачны свет).

У зборнік увайшлі вядомыя беларускія чарадзейныя, бытавыя казкі і казкі пра жывёл.

Хрустальны калодзеж. Казкі народаў Еўропы ў дзвюх кнігах. Кніга 1
12.90 р.

Хрустальны калодзеж. Казкі народаў Еўропы ў дзвюх кнігах. Кніга 1

У зборнік увайшлі папулярныя казкі многіх народаў Еўропы. Яны асуджаюць зло, прагнасць, жорсткасць і ўслаўляюць смеласць, кемлівасць, дабрыню, працалюбства.

Лісіца-хітрыца. Беларускія народныя казкі
3.19 р.

Лісіца-хітрыца. Беларускія народныя казкі

У зборнік увайшлі вядомыя беларускія народныя казкі ў апрацоўцы А. Якімовіча "Лісіца-хітрыца", "Курачка-рабка", "Ганарыстая варона". Усе яны вучаць любові і вернасці, дабру і працавітасці, асуджаюць зло і несправядлівасць.