Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх з 10.00 да 18.00 па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
І ў сацыяльных сетках: Facebook ці ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Касмічная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў

Касмічная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў
5.49 р.
Вага: 620 г
Памеры: 205x265 мм



Для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту / укладальніца Раіса Баравікова ; мастачка Марыя Міцкевіч. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2010. – 144 с. : іл. Цвёрдая вокладка.

ISBN 978-985-6941-46-0

Школьнікам даўно палюбіліся кнігі, складзеныя з твораў беларускіх пісьменнікаў, — "Чырвоная...", "Лясная...", "Блакітная...". І вось новая кніга з гэтай серыі — "Касмічная..." – у выдатным афармленні мастачкі Марыі Міцкевіч атрымаўся маленькі шэдэўр.

Казкі, фантастычныя апавяданні, артыкулы пра знакамітых людзей, якія так ці інакш звязаны з космасам, умясціліся ў чатыры раздзелы, дзе кожная старонка здзіўляе і захапляе!

Касмічная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў

ЗМЕСТ

ЧАСТКА ПЕРШАЯ. КАЗАЧНЫ КОСМАС
Алена МАСЛА
Палярная зорка

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ
Зорны шлях белых гарлачыкаў

Алесь МАРЦІНОВІЧ
Баба Яга Ракетная Нага

Кацярына ХАДАСЕВІЧ-ЛІСАВАЯ
Падарожжа ў Зніч-гарадок

Уладзімір ЛІПСКІ
Лятаючае крэсла. (Казка-быль)

Наталля ІГНАЦЕНКА
Размова пад зоркавым небам

Алена МАСЛА
Зорны дождж. (Урывак з казачнай аповесці "Каляды з хроснай")
Як зрабіць штучныя зорныя каменьчыкі

Пятро ВАСЮЧЭНКА
Палёт да Млечнага Шляху

Алена МАСЛА
Праўдзівая зорная казка

ЧАСТКА ДРУГАЯ. ФАНТАСТЫЧНЫЯ СУСТРЭЧЫ
Уладзімір ЛІПСКІ
Янкава казка

Алена МАСЛА
Зорачка

Раіса БАРАВІКОВА
Астэроід "Зроблена ў Беларусі"

Генадзь АЎЛАСЕНКА
Вася Лайдачкін і іншапланецянін

Алена МАСЛА
Калючык і Зорачка

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ. ТАЯМНІЧЫЯ ПАДАРОЖЖЫ
Генадзь АНУФРЫЕЎ
Навагодняя казка

Уладзімір ШЫЦІК
Трансплутонавыя афеліі
Дублі
У час не вярнуліся

Серж МІНСКЕВІЧ
Падарожжа праз...

ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ. ЛЮДЗІ І КОСМАС
Янка СІПАКОЎ
Першы астраном. (Урывак з кнігі эсэ "Зялёны лісток на планеце Зямля. Партрэт Беларусі")

Кастусь ЛАДУЦЬКА
З Брэсцкай Тамашоўкі
Тры палёты ў бясконцасць
На карце Месяца
Убачыць зоркапад!..
Начальнік Байканура

Касмічная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў / Старонкі з кнігі


Палярная зорка (першая казка з кнігі)

Калі хто кажа, дзеткі, што благога ў свеце больш, чым добрага, — не верце. Свецяць уначы зоркі, прабіваючы цемру. Бачыце — як маку іх на небе насыпана. І ў кожнай свая гісторыя з'яўлення на свет Божы — высакародная і добрая. Толькі так. Благія справы зорак не запальваюць. Яны толькі разбураць і нішчыць умеюць...

Я вам адну гісторыю раскажу, даўнюю і праўдзівую. Мне яе знаёмы чараўнік апавядаў, а сам чуў ад прыгожага дрэва ў Зялёнай даліне. Калі вам захочацца на свае вушы пачуць расказ чараўніка — пакажу кніжную лаўку, дзе ён працуе... А што зробіш — працаваць трэба. Хоць бы сабе і там, дзе ўсе звычайныя людзі. Бо па сваёй спецыяльнасці — чараўніком — у наш час немагчыма ўладкавацца. Людзі цяпер адукаваныя, тэхнічна падкаваныя. Вераць, што з дапамогай магутных машын і самі цуды неблагія ствараюць, навошта ім чараўнікі. А мой знаёмы і не крыўдзіцца, бо ведае адну таямніцу. Спасцігнуць яе ні адна машына не здольная — толькі шчырае чалавечае сэрца. Мне, як сябру, ён гэту таямніцу адкрыў. І вам сказаць дазволіў.

Але ўперад гісторыя пра тое, як з'явілася на небе Палярная зорка (беларусы яе яшчэ называюць Гвозд або Зорны кол). Сярод безлічы нябесных агнёў яна адметная тым, што свеціць, даючы кірунак на поўнач. А ў даўнія часы, калі зоркі не было яшчэ на небе, у адной цёплай краіне жыў-быў магутны ды люты князь. На стромкай гары па-над морам, па-над Зялёнай далінай узвышаўся яго палац. Цёмныя хмары атулялі крапасныя сцены. Подступы да палаца вартавалі змрочныя рыцары. Калі нехта трапляў ім на вочы, адразу ператвараўся ў камень. Нават ценю радасці не дазвалялі яны наблізіцца да палаца. Птушкам нельга было тут шчабятаць, звярам — папіць вады з ракі, што сцякала з горных вяршынь у даліну. А што да людзей, дык яны і ў думках міналі гэта жахлівае месца. Бо князь той быў ведзьмаком. Не выносіў смеху, радасці — ад гэтага ён моцна слабеў. А вось слёзы і смутак надавалі ведзьмаку сілы. І таму любіў ён чалавечае гора. Дзеля яго расстаўляў у гарах чароўныя сілкі. Калі пападаў у іх неасцярожны падарожнік, навек забываўся, хто такі, якога роду, адкуль прыйшоў. Ператвараў тады вядзьмак людзей у цені і забіраў да сябе ў палац, служкамі рабіў. І чым больш станавілася служак у яго, чым больш камянёў на крутых схілах — тым больш людзей у даліне пралівала слёзы па загубленых родных. І тым магутнейшы станавіўся князь, тым страшнейшы.

Была ў князя прыгажуня дачка. Маці, пакуль была жывой, называла яе Разалькай. Да пары так зваў яе і бацька. Але не мог дачакацца дня, калі зможа назваць Разальку прыгатаваным ёй чарадзейным імем і перадаць свае сілы... Як усім вядома, злыя чараўнікі павінны гэта рабіць. Тады з пакалення ў пакаленне мацнее іх род, а састарэлы вядзьмак зноў становіцца маладым.

***

Разалька ведаць не ведала, што бацька яе — вядзьмак-чарнакніжнік. З ёй князь быў лагодны і добры... Не, не, канешне, злы чараўнік не мог быць добрым па-сапраўднаму. Шмат гадоў запар насіў ён пры дачцэ, як калісьці пры яе маці, маску з усмешкай на вачах, лагодай на вуснах... Ён мусіў прыкідвацца добрым, каб у патрэбную хвіліну дачка была побач. Тады зможа князь яе падмануць і апаіць зеллем з чашы сваіх ведаў — і стане Разалька злой чараўніцай з пагрозлівым імем, змогуць яны разам валодаць усім светам. Толькі пакуль пра гэта Разалька не павінна ведаць нічога, каб і думкі не было супраціўляцца волі бацькі. А на добраахвотную згоду дачкі князь не разлічваў, бо ў Разалькі было добрае сэрца. Што было таму прычынай, вядзьмак мог толькі гадаць. Можа, у спадчыну ад маці дасталася? Была яна княжага роду, але з чарамі не зналася. І яе падманам завабіў у свой палац вядзьмак-князь, адзеўшы маску высакароднага і смелага рыцара, а пасля з'яўлення на свет Разалькі загубіў... А можа, і сонечныя феі нашкодзілі — шнараць на світанні вакол палаца, усё стараюцца прабіцца праз хмары і абагрэць яго халодныя сцены. Такія вёрткія, што і змрочныя рыцары не заўсёды ўгледзяць іх. Можа, каторая і пацалавала дзяўчынку ў лоб пры нараджэнні. А гэта ўжо абарона ад злых чараў на доўгія гады, і цяпер толькі хітрасцю можна заваяваць дачку.

Касмічная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў / Старонкі з кнігі

— Як, мая радасць, дзень прайшоў? — пытаўся вядзьмак, хаваючы злосць на шчаслівую ўсмешку.

— Ах, тата, сёння ветрам разарвала хмары, і я пабачыла святло. Як добра было! Ці маглі б мы з табой калі-небудзь пайсці ў краіну, дзе заўсёды светла?

— Няма такой краіны, дачка, табе святло падалося. Наш палац — гэта ўвесь свет. За сценамі крэпасці — толькі стромкі абрыў, а ў ім пагібель. Таму пільнуйся дома, не прыдумляй глупства, — адказваў чарадзей, а сам спяшаўся на двор — шукаць прарэху, з якой магло праліцца сонечнае святло. Здаралася, што завеса з пахмурных хмар рвалася, і тады ён загадваў слугам лапіць калючай чарадзейнай іголкай дзіравыя хмары.

***

Так і была Разалька паланянкай горнага палаца. Дзіўныя расліны акалялі яго. Лісткі ў іх былі смарагдавыя, сцёблы і ствалы срэбныя, а кветкі — з каштоўных камянёў. Каб не было цёмна, па ўсім палацы і на двары развешваліся залатыя ліхтары. Люстраныя дзверы і вокны, сцены з горнага крышталю памнажалі і агні, і навакольную раскошу ў шмат разоў. Цяжка ўявіць большае багацце, чым тое, што хавалася за крапаснымі сценамі непрыступнай гары. Штодзень слугі-здані да бляску націралі і смарагдавыя лісточкі, і залатыя ліхтары, і люстраныя вокны. Па загадзе караля яны выпоўзвалі двор, шукаючы жывой травінкі. На голай скале трава не расла. Але калі б цудам аказалася тут, дзе няма сонечнага святла, яе вырвалі б адразу. Усё ў палацы рабілася дзеля таго, каб Разалька нічога жывога не пабачыла, пакуль не вып'е чарадзейнага зелля, каб думала, што жыццё — гэта зіхаценне золата і каштоўных камянёў.

Але добрае сэрца тужыла, адчуваючы падман. Штодзень прыводзіла яно Разальку да рыпучага старога дрэва. Сухія галінкі без лісця, парэпаная кара... Вынішчыўшы ўсю расліннасць у сваім цёмным княстве, вядзьмак рукой махнуў на сухастоіну — няхай рыпіць, нічога жывога ў ёй не засталося...

— Ты нібы скардзішся, дрэва, нібы хочаш нешта сказаць, — шаптала дзяўчынка, гладзячы шурпаты ствол. — Дзіўнае ты. Самае тут непрыгожае, а цёплае, як святло, што лілося з падранай ветрам хмары... Адгукніся, дай знаць, пра што твой сум...

Але дрэва рыпела аднастайна, змучана, звыкла з году ў год, пакуль аднойчы не апякла кару гарачая сляза Разалькі. Тады раптам на адной з галінак выбілася пупышка і разгарнулася клейкім лісточкам.

— Сарві і схавай, беражы ад чужых вачэй. Як усе заснуць, дастань лісток. Гэта мой табе падарунак, — пачула Разалька ціхуткі шэпт.

Пагрэбаваўшы валтузіцца з сухастоінай у сваім двары, усясільны чарадзей зрабіў недаравальную для сваіх цёмных спраў памылку.

Нежывое на выгляд, дрэва хавала ў сваім сэрцы таямніцу. Яно любіла жыццё, памятала гарачыя пацалункі сонца і ціхую радасць, калі пасля цёплага дожджыку галінкі ўбіраліся маладой лістотай. Гэта было даўно, да таго, як стаў уладарыць тут злы князь, як вынішчыў агнём ён усё жывое. Але памяццю пра святло жыло і мацавалася ацалелае дрэва. Да таго ж, яно ўмела чараваць і магло здзейсніць самае патаемнае чалавечае жаданне. Таму на прагу Разалькі пабачыць святло дрэва адгукнулася чароўным зялёным лісточкам.

***

Ледзь дачакалася ў той дзень дзяўчына, калі супакоіцца палац. Але вось, управіўшыся, паплылі да сябе ў каморкі слугі-здані. Пагас агеньчык у князевай вежы. На ўсе засаўкі зачынілася Разалька ў сваім пакоі і дастала лісток... Загучала ціхаяціхая музыка, і Разалька пабачыла на лісце зіхоткі агеньчык. Ён узмахнуў крыльцамі і сеў на далонь дзяўчыне.

— Хто ты? — спытала ўражаная Разалька.

— Я светлячок, пасланец старога дрэва. Я хаваюся пад яго шурпатай карой ад пільных слуг твайго бацькі і ведаю, як хочацца табе пабачыць святло.

— Але тата казаў, што за сценамі палаца абрыў, а святло — толькі мае мроі.

— Я пакажу табе, што мроі твае праўдзівыя. Бяры лісток, тройчы пляскай у ладкі і кажы чароўныя словы: "Зямля-зямліца, жывая вадзіца, шыпшынавы цвет, ласкавы свет! Абараніце, ад злых вачэй затуліце, жыццё на волі пакажыце!"

Слова ў слова паўтарыла Разалька заклён за светлячком. Лішняга пытацца не стала, пляснула ў ладкі... Закружыў лісток, ператварыўся ў аксамітны кілім. Дзіўным гулам азвалася наваколле, сцены палаца разышліся-расступіліся.

— Не марудзь, сядай на кілім, — пачула Разалька светляка. — Ён не толькі лятаць умее, але і робіць нябачнымі сваіх ездакоў.

І праўда, толькі ступіла дзяўчына на кілім, адразу нібы ў паветры растварылася. Кілім нячутным ценем пралунаў над цёмным дваром палаца, праляцеў незаўважаным над змрочнымі рыцарамі — і апусціўся на зялёную траву...

Якой пяшчотай дыхнула на дзяўчыну зямля! Палац, атулены цемрай, спаў, а па-за межамі змрочнага княства ўсімі краскамі пераліваўся дзень. Квітнелі цюльпаны. Вадаспад разбіваў аб камяні крыштальную ваду. Спявалі птушкі, луналі ў паветры бязважкія матылькі. Сонейка атуліла Разальку сваёй цеплынёй... Дзяўчына засмяялася ад шчасця: вось ён, той свет, па якім тужыла яе сэрца.

Хоць трымалі дзяўчыну ў цемры, але сэрца яе прагла святла... Таму, відаць, вочы Разалькі хутка прызвычаіліся да сонца. Стаіўшы дыханне, Разалька лавіла гукі і краскі зямлі, каб запомніць нават самую непрыкметную травінку. Пасля закружылася ў лёгкім танцы, даганяючы матылькоў, заспявала вясёлую песню. Басанож пабегла па беразе ракі, падстаўляючы твар сонечным промням. Нарэшце, змораная, прылегла на мурог і заснула.

***

Тым часам па квітнеючым лузе скакаў вершнік. Гэта быў каралевіч з Зялёнай даліны. Разам са сваёй світай паляваў ён у гарах. Назаўтра войска каралевіча павінна было выступіць у паход на змрочнае княства ведзьмака. Рыхтаваліся да бітвы не на жыццё, а на смерць, бо нікому да гэтай пары не давялося зваяваць князя. Якія смельчакі паходы не збіралі, а выправяцца на бой — і прападуць.

Так калісьці загінуў бацька каралевіча — кароль з Зялёнай даліны. Так загінуў старэйшы брат, які пасля бацькі заступіў на трон. І цяпер кіраванне краінай павінна было перайсці малодшаму сыну. А ён даў сабе зарок: заняць трон пераможцам над злым чарадзеем, вярнуць Зялёнай даліне радасць.

Да выхаду ў паход усё было гатова. Ззялі даспехі воінаў, харугвы нецярпліва чакалі моманту, калі можна будзе расправіць-разгарнуць свае крылы. Адпачывалі, пасліся на лугах коні. Гэта заўтра ім — у паход, несці бясстрашных вояў насустрач небяспецы. А сёння яшчэ можна проста скубці траву і грэцца на сонейку...

Самае пакутлівае, кажуць, даганяць і чакаць. Вось і надумаў каралевіч, каб у чаканні не нудзіцца, выехаць на паляванне. Ніхто не ведае, што будзе праз хвіліну, не тое што падчас бою. А пакуль што можна аб'ехаць любую сэрцу даліну, палюбавацца на кветкі, паслухаць шум вадаспаду... І за дзень да паходу каралевіч са сваёй світай выправіўся на паляванне.

Толькі пад'ехалі да ракі, трапілася каралевічу на вочы незвычайная лань: адзін рожак залаты, другі срэбны, капыткі крыштальныя.

Нельга было не заўважыць незвычайную лань. Кінуўся каралевіч наўздагон за ёю — і адбіўся ад світы, заблукаў. А лань вышэй і вышэй у горы забіраецца ды ўсё на каралевіча азіраецца — нібы за сабой кліча. Падніме каралевіч лук, нацэліцца — а лань у паветры растане і з'явіцца далёка ад каралевіча... Вось выбегла яна на квітнеючы луг, тупнула капытцам — і знікла. Шпарка імчаў вершнік наўздагон незвычайнай лані і спешыўся там, дзе яна растала.

...На зялёнай траве спала прыгажуня. Золатам адлівалі яе валасы, караламі пунсавелі вусны. Яна была нібы сатканая з месяцовага святла, незямная, лёгкая, як мара. Каралевіч укленчыў і пацалаваў дзяўчыну. Яна расплюшчыла вялікія вочы, і яны падаліся каралевічу азёрамі...

Разалька ж падумала, што бачыць чароўны сон. Яна падала руку каралевічу і шчасліва ўсміхнулася.

***

А ў палацы лютаваў князь.

Напярэдадні паўналецця Разалькі ён узяўся варыць чароўнае зелле. У вялікім катле булькацела чорнае варыва з атрутных зёлак, змяіных джалаў, сушаных крылаў кажаноў... Не хапала толькі пасмачкі валасоў з галавы дзяўчыны. І, узяўшы нажніцы, вядзьмак рушыў да яе ў пакой.

Ціхутка, не дыхаючы, падымаўся ён прыступка за прыступкай. Ля зачыненых дзвярэй прамовіў заклён — і нячутна ўпалі засаўкі, даўшы дарогу ў Разальчын пакой. Князь ступіў да ложка — ён быў пусты!

— Пракляцце! — зароў князь страшным голасам. Што здарылася за некалькі хвілін, на якія ён задрамаў, каб перадыхнуць перад важнай справай?!

Пазляталіся-сплыліся бяздушныя цені на яго крык. І кожнаму быў дадзены загад шукаць Разальку.

Прайшло колькі часу, і цені вярнуліся ні з чым. Не ўгледзеў вядзьмак нават следу бяглянкі. Нічога не бачылі і не чулі змрочныя рыцары... Але нешта трэба было рабіць! Князь стукнуўся аб скалу і ператварыўся ў каршуна. Цяжка махаючы крыламі, пранізаў каршун цёмныя хмары і закружыў над далінай, пільна ўглядаючыся ў зямлю.

...Там, сярод кветак і смарагду травы, каралевіч кленчыў перад яго дачкой!

Каменем кінуўся каршун на зямлю, збіў з ног каралевіча, схапіў Разальку сваімі кіпцюрамі і паляцеў назад, да чорнай скалы.

***

Усхапіўся каралевіч, ускочыў на каня — наўздагон каршуну гатовы імчаць!..

— Чакай, каралевіч! — раптам пачуў ён ціхі звон. Аддзяліўшыся ад травы, узняўся ў паветра аксамітны кілім, а на ім — агеньчык-светлячок. Не заўважыў іх вядзьмак-каршун, засталіся яны ляжаць на зямлі, схаваныя травой. — Адважны ты, але толькі смеласцю не адужаеш князя. Твой верны конь не данясе цябе паўз варту змрочных рыцараў...

— Што ж рабіць мне, падкажы, светлячок. Бо мне лепей загінуць, чым больш ніколі не пабачыць прыгажуні!

— Яе імя — Разалька, — прамовіў светлячок. — Яна — ахвяра ведзьмака. Падманам пратрымаў у сценах сваёй крэпасці дзяўчыну князь, а зараз хоча апаіць чароўным зеллем, атруціць яе душу — тады і сам памаладзее і Разальку ператворыць у грозную чарадзейку... Гора будзе Зялёнай даліне, захлынецца яна ў бядзе і слязах!.. Калі ж зможаш, каралевіч, вызваліць дзяўчыну — уратуеш не толькі яе, а ўсю даліну ад злых чараў.

Загадаў светлячок каралевічу на каня сесці і атуліцца кілімам.

Стаў каралевіч нябачны. Імгненна данёс яго разам з канём цуда-кілім да падножжа скалы.

— Далей мы простым шляхам ісці не зможам, — сказаў светлячок. — Думаю, што пасля знікнення Разалькі змрочным рыцарам загадана патроіць увагу. Цяпер яны і ветру не дазволяць дыхнуць на подступах да палаца. Нават нябачнага цябе могуць адчуць, высачыць — тады ўсё прапала. А вось калі хопіць у цябе сілы адвярнуць гэты камень — нам адкрыецца падземны ход. Ён вядзе да старога рыпучага дрэва ў двары палаца.

Цяжкім быў камень, але ўсе сілы сабраў каралевіч — і адвярнуў яго. Зноў, атулены кілімам, памчаў па цёмным падземным калідоры. Кропелькай-знічкай мігцеў наперадзе светлячок і спыніўся — падаў знак — ля самага выхаду на паверхню. Старое дрэва распляло свае карані — і каралевіч, атулены кілімам-невідзімкай, апынуўся ў двары палаца.

— Спяшайся, адважны каралевіч, — прыспешыла-прастагнала дрэва. — Разалька ў высокай вежы, дзверы там на зачараваных замках, ідзе да іх князь са страшным зеллем у руках. Апярэдзь яго...

Высока ўзвіўся кілім і апынуўся ля адзінага ў зачараванай вежы акенца, на якім не было заклятых замкоў.

...Зрэзаўшы пасмачку валасоў з дачкі, вядзьмак завяршаў свае чары. Як толькі адвар настаіцца, зелле здзейсніць яго запаветную мару! Не нацягваючы аніякай маскі на свой гідкі сапраўдны твар, ён стаяў над непрытомнай дачкой.

Пасля, упэўнены, што няма сілы над яго замовамі на замках у высокай вежы, князь вырашыў крыху адпачыць. Потым ён знойдзе і таго смельчака, што трымаў за рукі князёўну, і тых здраднікаў, якія дапамаглі Разальцы выбрацца на святло. Крыху пазней... Цяпер князь адчувальна паслабеў. Яму патрэбны сілы, абудзіць якія павінна было чароўнае зелле, тая маладосць, якой квітнела яго дачка. Хутка, вельмі хутка настане гэта імгненне. А пакуль было загадана пільнаваць княства не толькі змрочным рыцарам, але і ўсім слугам-зданям, — на той выпадак, калі нехта асмеліцца патурбаваць князя.

***

Імгненне — і князь выйшаў бы з пакоя. Але страпянулася-абудзілася Разалька. Толькі што дзяўчына дыхала водарам зямлі і глядзела ў вочы прыгожаму каралевічу — і вось, схопленая каршуном, зноў у палацы, а ў пакоі над яе ложкам стаіць жахлівая істота. У яе жоўтыя іклы, калматая поўсць, вочы гараць чырвоным агнём... Але толькі імгненне доўжылася насланнё. Вядзьмар саўладаў з сабой і ўсцягнуў на твар маску строгасці. Доўгім позіркам змерыў дачку і яшчэ раз упэўніўся: адбылося тое, чаго ён асцерагаўся. Твар дзяўчыны, не крануты раней ніводным сонечным променем, цяпер адліваў бронзай. Ад яе пахла кветкамі і зямлёй!.. Як хацелася ведзьмаку схапіць непаслухмянку, ператварыць у камень, у цемру, абы не глядзець у гэтыя вочы з водблескамі нядаўняга шчасця!

Але належала быць хітрым напярэдадні паўналецця дачкі. Не ўсё яшчэ згублена, трэба здзейсніць задуманае!.. Раптам ён пераканае дзяўчыну, што зямля, залітая сонечным святлом, толькі прыснілася...

— Што з табой, мая родная, чым ты ўсхваляваная? — украдлівым голасам спытаў ён дзяўчыну.

— Тата, толькі што тут было страшыдла! — ускрыкнула Разалька. — Няўжо ты не заўважыў яго!

— Ну, што ты, што ты! Якія страшыдлы ў сценах, дзе ты ведаеш кожны камень? Гэта — твае сны, дачка, неіснуючыя прывіды...

— Але, тата, ты і пра святло казаў мне, што гэта — толькі мроі. Ты лгаў мне, — смела сказала дзяўчына, — я была на зямлі...

— Ах, мая дарагая, ты такая нецярплівая, — прытворна-здзіўлена пляснуў рукамі князь. — Заўтра — тваё паўналецце. Па старажытнай традыцыі нашага роду зямлю паказваюць дзецям у гэты дзень. А да гэтай пары яны ведаць нічога не павінны. Бо трэба прызвычайвацца жыць там, дзе ты нарадзіўся... А, цікава, як змагла ты прабрацца праз завесу хмар? І як трапіла назад? — паспешліва запытаўся князь.

— Велізарны каршун схапіў мяне ў кіпцюры, — пачала гаварыць Разалька. — А на зямлю мяне аднёс... — Але раптам у князевых вачах мільгануў злосны агонь, такі, як у вачах каршуна і ў той страшнай істоты, што нядаўна стаяла ля ложка дзяўчыны.

Асекшыся, не разумеючы, чаму яна гаворыць няпраўду, дзяўчына ўздыхнула:

— Нядобра мне. Я не памятаю дакладна, што было са мной.

І, нібы згубіўшы цікавасць да гаворкі, Разалька сказала:

— Я так стамілася! Гісторыя пра маю сустрэчу з зямлёй чароўная! Я шчаслівая, што ты не злуеш на мяне за самавольства, тата. Дазволь мне адпачыць, а пасля я ўсё табе раскажу...

Разалька хітрыла. Збітая з тропу тымі пераменамі, якія на імгненне ўбачыла ў сваім бацьку, яна хацела выйграць час, параіцца са светляком ці збегаць да старога дрэва, запытацца, што значыць усё, што адбылося з ёй.

***

Аднак не так лёгка было правесці старога ведзьмака. Тое, чаго ён баяўся, адбылося: Разалька згубіла да яго давер і цяпер увачавідкі хітрыла. Змерыўшы дачку доўгім цяжкім позіркам, князь павярнуўся і пайшоў да стала, на якім стаяла чароўнае зелле. Што ні крок — маска строгасці на яго абліччы распаўзалася, і з-за яе праглядала аблічча страшыдлы. Але князю ўжо справы не было да таго, што Разалька гэта пабачыць. Ён толькі што падпісаў ёй прысуд, і цемра сведка: ён не хацеў таго, што мусіць зрабіць зараз. Ён прагнуў падзяліць сваю ўладу з дачкой. Але цяпер ёсць толькі адзін спосаб захаваць уласнае жыццё і сілы: знішчыць непаслухмянку. Дзеля гэтага не трэба чакаць, пакуль настаіцца адвар. Трэба ўсыпаць у варыва дробачак знішчальнай атруты і апырскаць ёй дачку. Праз некалькі імгненняў пасля гэтага яе маладосць пяройдзе да яго... Толькі цяпер ён не тое што ні кропелькі ўлады не дасць гэтай дурніцы, а ператворыць яе ў цень, здань, як сотні іншых зданяў-слуг у яго палацы... Ніколі ёй не стаць грознай чараўніцай, раз сумуе яна па сонечным святле!

І вядзьмак, задыхаючыся ад нянавісці, пайшоў да Разалькі з атрутнай чашай у руках. Знямеўшы ад жаху, дзяўчына захінула твар рукамі і ўціснулася ў сцяну. Збавення чакаць не было адкуль...

***

Стаіўшыся ля акна пад пакровам кіліма-невідзімкі, каралевіч бачыў мярзотныя ператварэнні ведзьмака. І калі той стаў набліжацца да Разалькі, каралевіч, не думаючы пра асцярогу, адхіліў нябачныя шаты кіліма, ударыў мячом па шкле — і адзінае акно непрыступнай вежы абрынулася на каменную падлогу вадаспадам аскепкаў. Каралевіч уварваўся ў вежу, выбіў з рук чарадзея страшнае зелле. Палілося яно па падлозе, раз'ядаючы каменне, захісталася вежа.

А вершнік падхапіў Разальку — і вынес іх з вежы хуткі конь.

Затрэсла старога ведзьмака ліхаманка, сагнула ў дугу. Жадаючы магутнасці дачкі, ён чакаў яе паўналецця! Каб не гэта жаданне, былі дзясяткі спосабаў проста адабраць у яе маладыя сілы. Дарма ён не хацеў знішчаць дачку! Не трэба было марудзіць, варта было дбаць толькі пра сябе! Цяпер жа — канец... Сілы пакідалі ведзьмака, ён асоўваўся, меншаў. Але, раз'юшаны, шыпеў наўздагон адважнаму вершніку словы заклёну.

...Каб заблукаў у непрагляднай цемры яго конь... Каб занёс ён сваіх седакоў у краіну, дзе вечна лютуе холад... Каб акалелі яны сярод вечнага снегу і мерзлаты...

Князь быў такі люты і страшны, што нават, канаючы, змог надаць свайму заклёну сілу. І каралевіча, і Разальку, і хуткага каня праглынулі чорныя хмары...

Але вось мільгануў услед за імі смарагдавым агеньчыкам светлячок. Падхапіў чароўны кілім каралевіча і князёўну — і панёс у Зорную краіну...

Атрутнае ж зелле расцякалася па падлозе вежы, па цёмным двары панурага палаца, прабіваючы цвярдыню непрыступнай скалы. Яна трэснула і абрынулася лавінай камянёў.

Доўга стаяў грукат у гарах. А калі аціх, не было ўжо ні стромкай скалы па-над морам, ні палаца на ёй. Зніклі яны, зніклі і чары ведзьмака. Попелам рассыпаліся змрочныя рыцары. Аджылі-загаварылі ператвораныя ў камяні людзі. Ценям-зданям вярталася памяць і чалавечыя сэрцы. І ўсе былыя вязні ведзьмаковага княства жывой ракой пацяклі ў даліну, на сустрэчу са сваімі роднымі, каханымі.

Калі ж асеў пыл, убачылі людзі на небе новую вялікую зорку. Яна свяціла, паказваючы кірунак на поўнач. Тады і пачалі казаць, што гэта зорка і ёсць уратаваныя Разалька і каралевіч. Што шчаслівыя яны там, у Зорнай краіне. Князёўна ззяе зоркай — як напамін людзям пра тое, што прага святла здольная адужаць любую цемру... А каралевіч грае на срэбным ражку балады пра сваё каханне — і яны рассыпаюцца па небе чароўным паўночным ззяннем.

На зямлі ж, ратаванай ад змрочнага княства, квітнее шчаслівае жыццё. Людзі забыліся на страх і слёзы, не ведаюць ні крыўды, ні маны. У Зялёнай даліне, залітай сонечным святлом, гучаць толькі песні і смех...

Старое ж рыпучае дрэва дзівам ацалела падчас страшнага абвалу. А можа, і дзіўнага ў гэтым нічога няма? Тых, хто моцна любіць жыццё, самай дужай навале не адолець.

Вось гэту таямніцу і даверыў перадаць вам мой сябра-чараўнік. Помніць яе варта ўсім людзям, якімі б адукаванымі і тэхнічна падкаванымі яны ні былі. І спасцігнуць гэту таямніцу ні адна бяздушная машына не можа, а толькі шчырае чалавечае сэрца...

Дадам яшчэ, што, дачакаўшыся святла, сухастоіна хутка ўбралася маладым лісцем. І цяпер, ведаючы праўду жыцця, дрэва шчодра дзеліцца ёй з тымі, хто адпачывае пад яго разложыстай кронай.

Калі хто скажа, дзеткі, што благога ў свеце больш, чым добрага — не верце. Бачыце, колькі зорак у небе рассыпана? І ў кожнай з іх свая гісторыя з'яўлення на свет Божы — высакародная і добрая. Адну з іх я вам толькі што расказала...

Алена Масла

Касмічная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў / Старонкі з кнігі
Касмічная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў / Старонкі з кнігі

Раім таксама паглядзець:
Кузьмініч Ігар. Казкі жыцця Мікіткі і Данілкá
6.49 р.

Кузьмініч Ігар. Казкі жыцця Мікіткі і Данілкá

Аўдыёкніга ў фармаце mp3. Агульны час гучання 02:32:43. Чытае Ігар Кузьмініч. © Ігар Кузьмініч, 2010. (p) "BelTonMedia", 2010.

Лабадзенка Глеб. Дзіцячая заМова
14.99 р.

Лабадзенка Глеб. Дзіцячая заМова

“Спецнамінацыя” ў прэміі “Дэбют-2013” імя М. Багдановіча. Другое месца на фестывалі ADNAK у намінацыі ДЫЗАЙН & ART DIRECTION (паднамінацыя Шматстаронкавыя выданні)!

Па-даросламу дзіцячы маляўнічы дапаможнік па беларускай мове, дзе моўныя тонкасці тлумачацца на забаўных інтэрактыўных малюнках, а таксама ў дадатку змешчаны слоўнічак цікавых і складаных словаў. У выглядзе шыкоўнага бонусу ў кнізе ёсць ад рукі напісаная паслямова Рыгора Барадуліна, а таксама прадугледжанае месца для вашых уласных замалёвак і занатовак.

Барадулін Рыгор. Сябрына
6.99 р.

Барадулін Рыгор. Сябрына

Вельмі файна ілюстраваная і зручнага фармату дзіцячая кніжка – вершы дзядзькі Рыгора выдатна аздобіла мастачка Мая Пракаповіч. Адна з найлепшых кніжак для дзяцей, выдадзеных апошнім часам! Новая серыя кніг “Нашым дзеткам” адрасуецца самым маленькім.