Гутаркі, вершы. – Мінск : В. Хурсік, 2007. – 46 с. : іл.
ISBN 978-985-6718-87-1
Кнігу склалі тры гутаркі "Душа, улада, дзяржава", "Белая Русь – вока тайфуна" і "Гасподзь пакрыў Беларусь плашчаніцай бел-чырвона-белай", а таксама ўзнёсла-пранікнёныя вершы суразмоўцаў.
СЛОВА І ТАЯМНІЦА
Падобны жанр – пранікнёныя ў нашую цяпершчыну, мінулае і будучае гутаркі – традыцыйныя ў кантэксце паспалітай беларуска-хрысціянскай супольнасці. Не выключэнне і кнігі сумоўя, пытанняў і адказаў, супольнага імкнення наблізіцца да раскрыцця спрадвечных таямніцаў зямнога-небнага жыцця чалавецтва. Першым помнікам, безумоўна, стала Біблія. А таксама - "Біблія" Скарыны з ягонымі прадмовамі і пасляслоўямі – з запытаннямі-адказамі вялікага асветніка. І шматлікія "Катэхізісы", як, да прыкладу "Катэхізіс, гэта значыць старадаўняя хрысціянская навука, сабраная ў пытаннях і адказах са Святога Пісання для простых людзей мовы беларускай", выдадзены Сымонам Будным у Нясвіжы ў 1562 годзе. І былі дзесяткі фальклорных "гутарак", якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне...
Добрую традыцыю распачалі і працягваюць пісьменнікі Зьніч і Алесь Клышка – кніжную серыю свайго сумоўя. Першая – "Жыровіцкія камяні" – з'явілася ў 2006 годзе, другая – перад вамі. У зацікаўлена-ўзвышанай размове паміж рознымі і падобнымі людзьмі (адзін – паэт Зьніч, ён жа інак Мікалай, насельнік Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра, другі – Алесь Клышка, паэт, навуковец-тэхнік, кандыдат навук, супрацоўнік НДІ прыкладных фізічных праблем БДУ) закранаюцца і раскрываюцца шырокі дыяпазон тэмаў і праблем: чалавечая самасць, інтэлект, душа і духоўнасць, улада, дзяржава, царква, матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці, нацыянальнае і агульначалавечае. Гутаркі арганічна ілюструюцца не толькі фотаілюстрацыямі, але – найперш – аўтарскімі вершамі, у якіх – творчы працяг душэўных разваг і пошукаў.
"Сказаў ты, што папы не патрэбныя, дык хто ж мае служыць гэтую таямніцу?" – знайшоў пытанне ў згаданым "Катэхізісе" Сымона Буднага. І адказ на яго ўразіў: "Той жа, хто і хрысціць – значыць, хто служыць Словам, – той і Вячэру мае раздаваць. Бо тых дзьвюх рэчаў – Слова і таямніцы – раздзяліць нельга".
Сімвалічна праектуецца працытаванае і на кнігу сучасных служыцеляў слова, аўтараў гэтай кнігі. Яны не спадзяюцца знайсці адназначныя разгадкі, магчыма, здараецца ў развагах і спрэчнае, але ж, як вядома, у спрэчках народжваецца ісціна. 3 верай у яе і вядуць яны сваіх чытачоў Шляхам да Жыровічаў.
Алесь Пашкевіч