Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх з 10.00 да 18.00 па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
І ў сацыяльных сетках: Facebook ці ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Клышка Алесь. Мінская зямля (+ кампакт-дыск з аўдыёзапісам паэмы)

Клышка Алесь. Мінская зямля (+ кампакт-дыск з аўдыёзапісам паэмы)
3.00 р.
Вага: 260 г
Памеры: 150x210 мм



Паэма. – Мінск : Смэлтак, 2010. – 80 с. : іл. Цвёрдая вокладка. У дадатак да кожнае кнігі прыкладаецца кампакт-дыск з аўдыёзапісам паэмы. У выданні выкарыстаныя здымкі з сямейнага архіва Клышкаў, мінскіх паштовак, календароў і даведнікаў.

Фармат 210х150
Вага 240 г

ISBN 978-985-6917-58-8

"Мінская зямля" – гэта маленькі гімн Мінску, мінскай зямлі і мінчукам. Гэта паэма-роздум аб сваёй сям'і, аб людзях, якія жылі побач, гэта паэма-памяць, паэма-сумленне і паэма-настальгія.

МІНСКАЯ ПАЭМА-НАСТАЛЬГІЯ, ПАЭМА-ПАМЯЦЬ

Пра сваю зямлю беларусы напісалі шмат літаратурных твораў. Бо сваю зямлю мы любім мацней за іншыя землі. Памятаеце раман "Зямля" Кузьмы Чорнага, які пісьменнік планаваў напісаць як трылогію. Вульгарызатары-крытыкі не далі. Але ж з'явілася першая частка рамана. Цудоўны твор! А паэма "Новая зямля" Якуба Коласа – своеасаблівы гімн беларускай зямлі, гімн сялянству, гімн беларусу-працаўніку, які лічыў і лічыць асновай усяго родную зямлю.

У пачатку 2002 года Алег Лойка напісаў паэму "Плач зямлі Слонімскай". Гэта плач аўтара – плач любові па роднай слонімскай зямлі, дзе нарадзіўся, дзе хадзіў у школу, куды заўсёды вяртаўся з далёкіх і блізкіх дарог. Кніжку, якую вы сёння трымаеце ў руках, Алесь Клышка таксама прысвяціў зямлі. Сваёй роднай мінскай зямлі, а больш канкрэтна – Мінску. "Мінская зямля" Алеся Клышкі – найбольш "асабісты" твор паэта. І не таму, што ён у сваёй аснове аўтабіяграфічны – ён самае яркае мастацкае выяўленне адной з асноўных ідэй аўтара паказаць чалавечнасць, маральную вышыню простага чалавека-гараджаніна, яго нялёгкае жыццё і яго няпростае, але светлае шчасце.

Клышка Алесь. Мінская зямля. Старонкі 22-23

Пра Мінск у нас таксама напісана шмат. Але Алесь Клышка зрабіў гэта па-іншаму, па-свойму арыгінальна і шчыра. Праз успаміны ён паказаў мінскае пасляваеннае жыццё. Сваю паэму аўтар пачаў з малітвы маці: "Божа мілы, дзень распачаць не маю сілы, сям'ю чым сёння накарміць, з адчаю сэрцайка баліць...". І дзеці разумелі, што цяжка ўсім, але дзеці хацелі есці. А ў Мінску, як і па ўсёй Беларусі, у пасляваенныя гады жыць было даволі нялёгка. Вось як успамінае пасляваеннае жыццё старэйшая сястра Алеся Клышкі Ірына Клышка: "Са сваёй першай стыпендыі я купіла сабе пірожнае. Таму што ніколі яго не ела. На тыдзень давалі 100 грамаў масла на дваіх маленькіх дзяцей. Смятаны давалі 200 грамаў. Я заўсёды была галодная. Смачнейшага за хлеб да сённяшняга дня я нічога не ведаю. Каб хоць нешта паесці, смажылі дрожджы. Яны кіпелі, цямнелі, гусцелі. І даходзілі да такой кандыцыі, што іх пасля на чорны хлеб намазвалі. Яны былі вельмі танныя: 7 капеек за сто грамаў. Смачна было, здавалася, што гэта смажаныя грыбы...". І ў паэме аўтар піша пра сваю сястру: Нам прыкладам заўжды была, Бо самастойнаю расла...

Вяртаецца ў сваёй паэме Алесь Клышка і да ваеннага ліхалецця. Тое, што яму расказвалі бацькі, ён згадаў у "Мінскай зямлі". І самы пачатак вайны, калі нямецкія самалёты бамбілі гатэль "Еўропа" і вакзал, казармы і склады, і пра бацьку, які з вайны вярнуўся ў 1945-м, і пра нямецкага доктара, які выратаваў жыццё дзіцяці і г. д.

Захоўваючы праўду гісторыі, аўтар паэмы найбольш ярка паказаў усё ж пасляваенны мінскі час. Тое, што зберагла памяць, і тое, што найбольш памятаецца пра Мінск 1940-х – 1960-х гадоў, сапраўды чытаецца з вялікай цікавасцю. Майстэрства паказу мінскага жыцця, мастацкага асваення яго праз бытавыя малюнкі, праўдзівыя жыццёвыя факты, успаміны – надало "Мінскай зямлі" нейкай хрэстаматыйнасці, пэўнай эмацыянальнай афарбоўкі, завершанасці. "Мінская зямля" – гэта маленькі гімн Мінску, мінскай зямлі і мінчукам. Гэта паэма-роздум аб сваёй сям'і, аб людзях, якія жылі побач, гэта паэма-памяць, паэма-сумленне і паэма-настальгія. У кожнай частцы твора ёсць свой эмацыянальны ключавы матыў. Ён разрастаецца, нарошчвае вакол сябе нейкія гукавыя сугалоссі, алітэрацыі, асанансы, падхоплівае сэнсавыя значэнні, адценні трагічнага, смешнага і настальгічнага пачуцця, становячыся глыбокім матывам перажывання.

Шчымлівыя матывы "ў краме "Под часами", "як "калпакамі" гандлявалі", "дом "над Лакомкаю", "дні футболу на "Дынама" ды іншыя... Цяжкія і разам з тым шчаслівыя пасляваенныя гады. Бо яны – маленства і юнацтва аўтара. У настальгіі па іх адчуваецца духоўнасць, цеплыня і чалавечая культура. У паэме "Мінская зямля" Алеся Клышкі праявілася наватарская ў сваёй сутнасці канцэпцыя ўзвышанага, канцэпцыя глыбокага бачання ўсіх пластоў народнага жыцця, бачанне многіх радасцей і пакут, хмарных дзён і жыццёвых прасветлін. Не цяжка заўважыць, што героі паэмы надзелены чуйнасцю самога аўтара. І гэта надало паэме нейкай мудрай і чароўнай сілы. І сіла гэта ў любові да роднай мовы, да спадчыны бацькоў і да нашай зямлі. Верыцца, што новая кніга Алеся Клышкі пакіне прыкметны след у гісторыі мінскай зямлі і нашай літаратуры.

Сяргей Чыгрын

Алесь Клышка нарадзіўся ў Мінску 8 сакавіка 1948 году. Пасля сканчэння 9 класаў дзённай сярэдняй школы сумяшчаў працу электрыкам на будоўлі, тэхнікам-механікам у інстытуце ядзернай энергетыкі АН БССР з вучобай у вечаровай школе. У 1966 годзе паступіў на дзённае аддзяленне Беларускага політэхнічнага інстытуту. Атрымаў спецыяльнасць інжынера-механіка на ліцейнай вытворчасці і быў накіраваны на Мінскі аўтазавод. У 1971 – 1975 гг. рабіў майстрам і інжынерам-тэхнолагам ліцейнага цэху № I МАЗу. У 1975 – 1977 гг. – выкладчык Мінскага аўтамеханічнага тэхнікуму. 1977 – 1979 гг. – начальнік тэхналагічнага бюро ліцейнага цэху Мінскага заводу аўтаматычных лініяў. 3 1978 году – працаваў на кафедры "Машыны і тэхналогія ліцейнай вытворчасці" БПІ інжынерам, навуковым супрацоўнікам. У 1987 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па сваёй спецыяльнасці ў галіне энергазберажэння і аховы навакольнага асяроддзя. У 1990 г. атрымаў навуковае званне і дыплом старэйшага навуковага супрацоўніка.

Аўтар і суаўтар 100 навуковых працаў і вынаходак. Першыя публікацыі вершаў з'явіліся ў 18 гадоў. Друкаваўся ў часопісах "Нёман", "Маладосць" і ў газетах. Першая кніга выйшла ў 2000 годзе. Аўтар сямі кніг (у тым ліку "Ад каранёў да кроны", "Далёкае – блізкае", "Шлях да Жыровічаў" (у суаўтарстве са Знічом), "Абярог" і дзвюх аўдыёкніг.


Раім таксама паглядзець:
Шыбека Захар. Мінск сто гадоў таму
22.99 р.

Шыбека Захар. Мінск сто гадоў таму

У кнізе малююцца разнастайныя вобразы гораду, сацыяльныя партрэты мінчукоў, змешчаныя звесткі пра гарадское асяроддзе, аб узроўні гарадской культуры і сацыяльным забеспячэнні. Шмат увагі надаецца старым адрасам, якія дапамагаюць звязаць мінуўшчыну з сучаснасцю.

Ліхадзедаў Уладзімір. Мінск: падарожжа ў часе
9.93 р.

Ліхадзедаў Уладзімір. Мінск: падарожжа ў часе

Імя калекцыянера і краязнаўца Уладзіміра Ліхадзедава добра вядомае навукоўцам і аматарам айчыннай гісторыі. Адметная асаблівасць яго новай кнігі, прысвечанай беларускай сталіцы, у тым, што выявы старадаўніх паштовак суправаджаюцца сучаснымі здымкамі. І, такім чынам, кожны можа параўнаць, як выглядаў той ці іншы куток Мінска — дом, вуліца, квартал — напрыклад, 100 гадоў таму і як выглядае сёння.

11 сініх паштовак пра Мінск / 11 blue post cards about Minsk
0.78 р.

11 сініх паштовак пра Мінск / 11 blue post cards about Minsk

Камплект прысвечаны зімняму гораду. Гэтыя 11 імгненняў паказваюць горад, які мае свой адметны шарм і стыль.