Конан Дойл Артур. Прыгоды Шэрлака Холмса

Конан Дойл Артур. Прыгоды Шэрлака Холмса
9.99 р.
Вага: 550 г
Памеры: 140x210 мм



Прыгоды Шэрлака Холмса: апавяданні. / Артур Конан Дойл ; прадмова Кацярыны Маціеўскай — Мінск: Кнігазбор, 2014. — 344 с. (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў "Кнігарня пісьменніка" ; Бібліятэка часопіса "ПрайдзіСвет" "PostScriptum"). — Цвёрдая вокладка

ISBN 978-985-7119-03-5

Шэрлаку Холмсу, гэтаму міфічнаму персанажу новага часу, які дагэтуль не дае спакою пісьменнікам, рэжысёрам і сцэнарыстам, не трэба нічога тлумачыць. Ён адразу бачыць, колькі ў вас дзяцей, што ў вас скралі і ці можна вас назваць шчаслівым. Не ва ўсіх гісторыях з гэтай кнігі расследуюцца заблытаныя злачынствы, але Шэрлак Холмс ведае: часам нават за простай справай стаіць сапраўдная таямніца, і разабрацца з ёй будзе не прасцей, чым з самым загадкавым забойствам…

 

У кнігу ўвайшлі пераклады, зробленыя Ганнай Янкута, Аленай Казловай, Аленай Пятровіч, Кацярынай Маціеўскай, Аляксеем Арцёмавым. Прадмову да зборніка напісала Кацярына Маціеўская. Дызайн вокладкі – Марыя Мухіна. Некаторыя апавяданні са зборніка друкаваліся ў часопісах “Дзеяслоў”, “ПрайдзіСвет” і газеце “Літаратурная Беларусь”, аднак гэта першае асобнае выданне твораў пра Шэрлака Холмса па-беларуску.

Раней у бібліятэцы “PostScriptum” выходзілі зборнікі дэтэктыўнага і містычнага апавядання “Злачынства, сэр!” і “Вусцішны пакой”, зборнік выбраных твораў Эдгара По “Маска Чырвонае Смерці” і п’еса Оскара Ўайлда “Саламея”.
Анатацыя

“Прыгоды Шэрлака Холмса” – першы зборнік апавяданняў пра знакамітага дэтэктыва, надрукаваны ў 1892 годзе, пасля аповесцяў “Эцюд у пунсовым” (1887) і “Знак чатырох” (1890). Зборнік улучае 12 апавяднняў, сярод якіх шмат добра вядомых і пазнавальных твораў, напрыклад, “Скандал у Багеміі” ці “Стракатая стужка”, што неаднаразова экранізаваліся і пераасэнсоўваліся. Нягледзячы на тое, што далёка не ва ўсіх гэтых апавяданнях расследуецца сапраўднае злачынства, зборнік даўно ўвайшоў у залаты фонд дэтэктыўнай літаратуры і адыграў вялікую ролю ў станаўленні жанру.

Артур Конан Дойл

ПРАЦЯГ НЕПАЗБЕЖНЫ

Агульнавядома, што Шэрлак Холмс свайму стваральніку надакучыў даволі хутка: напісаўшы два дзясяткі апавяданняў і дзве аповесці, Артур Конан Дойл вырашыў, што час заняцца сур’ёзнымі раманамі, зрабіцца другім Вальтэрам Скотам, а дрындушку, якая немаведама з чаго займела шалёную папулярнасць, прыгожа патапіць, напрыклад, у вадаспадзе на фоне швейцарскіх пейзажаў. Але было запозна: нешта не заладзілася ў Холмса з занадта чалавечай смяротнасцю, і ён выплыў, каб расследаваць яшчэ каля сарака справаў (гэта, безумоўна, толькі апісаных ягоным «асабістым Босуэлам»), сысці на спачынак гадаваць пчолаў, паставіць рэкорды па экранізацыях твораў пра сябе і ўвогуле зажыць спакойным і няспешным жыццём звычайнага міфа.

Можна, канечне, скінуць віну на ангельскую каралеву, якая, кажуць, за Холмса вельмі хвалявалася, намякала, што здагадваецца пра «хітры ход аўтара», і — хто ведае — можа, нават пагражала рыцарскім званнем. Але як бы там ні было, варта прасякнуцца ўдзячнасцю да будучага сэра Артура: тое, што місія па забойстве нахабы невыканальная і ніякай «апошняй справы Холмса» ўжо ніколі не будзе, ён зразумеў з першага разу.

Міфы цалкам натуральна пачуваюцца, існуючы ў безлічы версіяў, і Холмс не адстае. Знакамітыя словы пра гарышча мозгу, на якім варта захоўваць толькі неабходнае, а таму не ведае ён, Холмс, што Зямля круціцца вакол сонца, абвяргаюцца яшчэ да канца аповесці, у якой прагучалі: раптам аказваецца, што тыпус з нулявымі, паводле рэестру доктара Ўотсана, ведамі ў літаратуры і філасофіі разумее лацінскія выразы без перакладу, вольна цытуе Шэкспіра, Гётэ, Флабэра (побач з «Я раманаў не чытаю»), ды і Хафіза з Гарацыем не забывае. Меркаванне пра неабходнасць ведаў па ўсіх астатніх астраноміях Холмс мяняе як Галілей — пра цэнтр Сусвету, толькі добраахвотна. Да таго ж гэты «здольны выканаўца і кампазітар немалога таленту» («Саюз рудых») аднойчы расчысціў гарышча мозгу аж для «старажытнай корнскай мовы» («Д’яблава нага»), але ці ж нам ведаць, што можа спатрэбіцца дэтэктыву ў расследаванні заблытаных і таямнічых злачынстваў? Слухаем Холмса: «Злачынствы здараюцца часта. Логіка сустракаецца рэдка» («Лясныя Букі»), — і спакойна чытаем далей: так і задумана.

Не кожнае даследаванне зможа ахапіць усё, што напісалі, намалявалі і знялі па слядах Шэрлака Холмса, які ў гэтых пераасэнсаваннях шмат разоў мяняў аблічча, пол, біялагічны від, характар і эпоху. Ды што там казаць, нават геніяльнасцю мяняўся з Ўотсанам (глядзі фільм «Без адзінага доказу» з Майклам Кейнам і Бэнам Кінгслі) і нават гэта перажыў. Які Райхенбах? Гэтага і постмадэрнізм не бярэ.

Вечны супергерой велізарнай шэрлакіяны высілкамі многіх дзясяткаў стваральнікаў атрымаўся абсалютна антыбронзавым, пазбегнуўшы небяспекі, якая так часта пагражае героям і класікам. 3 Холмсам можна рабіць што заманецца, а міфу гэта толькі на карысць пойдзе. Хіба што спыніць ці стрымаць нельга.

Увогуле, для інтэрактыўнай гульні з чытачом-гледачом усё ёсць ужо ў Дойла: гэтая блытаніна з ведамі, здольнасцямі, уменнямі і нават самім холмсаўскім метадам, які, здаецца, і дэдукцыя, але, можа быць, індукцыя, а можа быць, абдукцыя... Прыняўшы Ўотсана за ненадзейнага апавядальніка, можна — выкарыстоўваючы хоць дэдукцыю, хоць індукцыю з абдукцыяй, а хоць спірытызм, так любімы бацькам Шэрлака Холмса, — доўга і радасна ламаць галаву, спрабуючы зразумець, як жа ўсё было насамрэч і што гэты доктар недагаворвае.

У апошнім (на сёння) фільме Гая Рычы пра Холмса «Гульня ценяў» гэты самы Холмс пасля словаў «The End» ставіць у рукапісе доктара Ўотсана шматабяцальны пытальнік. У далёкім ад Холмса 2014 годзе ў Лондане адкрываецца выстава пад назвай «Чалавек, што ніколі не жыў і ніколі не памрэ». Холмсу і яго храністу ставяцца помнікі ў Англіі, Расіі, Швейцарыі і хто ведае дзе яшчэ. Кожны пяты брытанец думае, што Шэрлак Холмс насамрэч жыў калісьці на Бэйкер-стрыт, 2216. Возьмем на сябе смеласць сцвярджаць: астатнія чатыры пятыя ўпэўненыя, што жыве і цяпер.

Кацярьіна Маціеўская

 

ЗМЕСТ

Кацярына Маціеўская. Працяг непазбежны

Скандал у Багеміі. Пераклала Ганна Янкута

Саюз рудых. Пераклала Алена Казлова

Высвятленне асобы. Пераклала Кацярына Маціеўская

Таямніца Боскамскай даліны. Пераклала Ганна Янкута

Пяць апельсінавых зярнятак. Пераклала Ганна Янкута

Чалавек з выкручанай губой. Пераклала Алена Казлова

Стракатая стужка. Пераклала Ганна Янкута

Палец інжынера. Пераклалі Аляксей Арцёмаў і Ганна Янкута

Высакародны кавалер. Пераклала Алена Пятровіч

Берылавая дыядэма. Пераклала Ганна Янкута

Лясныя Букі. Пераклала Ганна Янкута

Каментар

 

Прачытаць апавяданне «Стракатая стужка» можна тут.

 

Сэр Артур Ігнацыус Конан Дойл (22 мая 1859, Эдынбург, Шатландыя, Вялікабрытанія — 7 ліпеня 1930, Краўбара, Англія, Вялікабрытанія) — брытанскі пісьменнік, атрымаў найбольшую вядомасць дзякуючы сваім дэтэктыўным гісторыям пра Шэрлака Шолмса і Доктара Уатсана, якія сталі прарывам у галіне дэтэктыўнага жанру. Акрамя гэтага, існуюць яго працы, якія адносяцца да навуковай фантастыкі, гістарычных навел, п'ес, раманаў, паэзіі і г. д.

Падрабязней пра аўтара можна прачытаць тут.


Раім таксама паглядзець:
Вусцішны пакой. Зборнік містычнага апавядання
7.49 р.

Вусцішны пакой. Зборнік містычнага апавядання

Зборнік «Вусцішны пакой» змяшчае творы самых розных аўтараў з розных краінаў і эпох, аб’яднаныя агульнай атмасферай таямніцы, якая застаецца нават тады, калі акторы здымаюць маскі, а таксідэрміст тлумачыць усе тонкасці свайго майстэрства.

Валтары Міка. Сінухе Егіпцянін
4.29 р.

Валтары Міка. Сінухе Егіпцянін

Жыцьцяпіс Сынухэ, лекара фараона Эхнатона і Нэфэртыці, за гады 1390—1335 да н. э., у пятнаццаці папірусах, напісаных ім самім / Пер. зь фінск. Я. Лапаткі. — Менск: Зьміцер Колас, 2006. — 628 с. — (Літаратурная скарбонка).

Гесе Герман. Стэпавы воўк
4.79 р.

Гесэ Герман. Стэпавы воўк

Раман «Стэпавы воўк» — адзін з найбольш вядомых твораўлаўрэата Нобелеўскай прэміі (1946) Германа Гесэ.
Адрасуецца шырокай чытацкай аўдыторыі.

Марціновіч Віктар. Мова
9.99 р.

Марціновіч Віктар. Мова

Ці можаце вы ўявіць Беларусь без Беларусі? Гэты раман — страшны сон пра будучыню, прадухіліць якую можна толькі ў лучнасці з тым скарбам, вакол якога і распачынаецца дзеянне гэтага лінгвістычнага баевіка.