![]() |
9.99 р.
Вага: 470 г
Памеры: 145x215 мм
|
Краіна пагранічча: выбраныя творы/ Аляксандр Краўцэвіч. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 518 с.
ISBN 978-5-00076-014-7
Выйшла з друку новая кніга вядомага беларускага навукоўца і грамадскага дзеяча Аляксандра Краўцэвіча. У кнігу ўвайшлі выбраныя навукова–папулярныя, эсэістычныя і публіцыстычныя працывядомага беларускага навукоўцы і грамадскага дзеяча з Гародні, напісаныя ім на працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў.
Некаторыя з іх друкуюцца ў зборніку ўпершыню.
Слова да чытача
Аўтару пашчасціла жыць у трох эпохах, якія ў паскораным тэмпе змянялі адна другую. Па–першае, нарадзіўся і правёў дзяцінства ў традыцыйнай беларускай вёсцы (вопыт, вельмі карысны для гісторыка); па–другое, вучыўся і сталеў у індустрыяльным грамадстве; па–трэцяе, у свядомым узросце заспеў пачаткі грамадства постіндустрыяльнага. Паралельна з дарастаннем змяняліся і палітычныя сістэмы — ад постсталінізма Хрушчова (пра якога нічога не памятаю з–за малых летаў), савецкай стагнацыі Брэжнева да беларускай незалежнасці і лукашызму.
У канцы 70–х гадоў XX ст., дзякуючы найперш сустрэчы з Алегам Трусавым, выявілася ідэя, якой не шкада было аддаваць жыццёвыя сілы — беларускае Адраджэнне. Гэта не перашкаджала, а наадварот, дапамагала ў звычайных чалавечых справах — сяброўстве, каханні, спорце, навуцы і г.д.
Імпульс да пісання ненавуковых тэкстаў даў светлай памяці Міхась (Міхал Міхалыч) Чарняўскі, які, глянуўшы газетныя нататкі пра раскопкі ў Ашмянах, злавіў мяне ў калідоры акадэмічнага Інстытута гісторыі і сказаў: “Ты павінен пісаць.”
* * *
Гэты зборнік узнік пасля рубяжа 50–годдзя, з прапановы Валеркі Булгакава. Аказалася, што рэгулярнае пісанне нават пры малых тэмпах (дзве старонкі ў дзень — выдатны вынік) прыводзіць да немалых аб’ёмаў.
У першы том увайшлі выбраныя ненавуковыя (ці не цалкам навуковыя тэксты): публіцыстыка, эсэ, навукова–папулярныя працы.
Другі том складзецца з чыста навуковых працаў — ад манаграфій да рэцэнзій і дыскусій. Адбіраліся тыя тэксты, якія, на думку рэдактара, могуць быць цікавыя не толькі іх аўтару.
* * *
Гэтае выданне, напэўна, можна аднесці да жанру справаздач. Традыцыйная частка справаздачы — працоўная аўтабіяграфія:
Краўцэвіч Аляксандр Канстанцінавіч
Нарадзіўся 13 верасня 1958 г. на Гарадзеншчыне ў вёсцы Лупачы Мастоўскага раёна ў сям’і настаўніцы і селяніна. Пасля заканчэння васьмігодкі ў 1973 г. паступіў у Гарадзенскі тэхнікум фізічнай культуры, вучоба ў якім планавалася як першы этап падрыхтоўкі да кар’еры ваеннага марака. Аднак пасля заканчэння тэхнікума планы памяняліся. Дыплом з адзнакай дапамог паступіць на гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта.
Падчас навучання ва ўніверсітэце (1976—1981 гг.) сфармаваліся навуковыя інтарэсы — цікавасць да археалогіі і гісторыі сярэднявечнай Беларусі, — а таксама грамадская пазіцыя, менавіта, удзел у працы на беларускае культурнае адраджэнне. І тое і другое адбывалася пад непасрэдным уплывам вядомага археолага і палітыка Алега Трусава, які стаў для студэнта з правінцыі настаўнікам у навуцы і жыцці. Дзякуючы Алегу Трусаву адбылося свядомае вяртанне да беларускай мовы і культуры пасля перапынку, выкліканага пераездам па заканчэнні вясковай беларускай школы ў русіфікаваны горад.
У час летніх вакацый выязджаў у складзе студэнцкага будаўнічага атрада на будаўніцтва 4–га калійнага завода ў Салігорску (1978 г.), а пазней (1979, 1980 г.) на будоўлю Байкала–Амурскай магістралі (Якуція). Ад 1980 г. Пачаўся актыўны ўдзел у археалагічных экспедыцыях Беларускага рэстаўрацыйна–праектнага інстытута (кіраўнік Алег Трусаў). Гэтыя экспедыцыі, якія цягнуліся па чатыры–пяць месяцаў ад вясны да восені, сталі для некалькіх сотняў студэнтаў розных беларускіх вучэльняў не толькі добрай археалагічнай практыкай, але адначасова школай беларускасці і месцам адпачынку ад савецкага таталітарызму і будзённай шэрасці канцавога перыяду брэжнеўскай эпохі.
Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1981 г., дзякуючы дыплому з адзнакай, з’явілася магчымасць паступлення ў аспірантуру без неабходнага ў такіх выпадках двухгадовага працоўнага стажу.
Навучанне ў аспірантуры (1981—1984 гг.) Інстытута археалогіі АН СССР у Маскве стала выдатнай (найлепшай з усіх!) прафесійнай школай, дзякуючы беспасрэдным кантактам са многімі вядомымі вучонымі: Леанідам Аляксеевым, Святланай Плятнёвай, Валянцінам Сядовым, Расціславам Разенфельдам, Даротай Беленькай. Падрыхтоўкай кандыдацкай дысертацыі “Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV — XVII стст. (планіроўка, культурны слой)” кіраваў акадэмік Барыс Рыбакоў (абарона адбылася ў тым жа Інстытуце ў сакавіку 1988 г.).
Пасля заканчэння аспірантуры пачалася праца: у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка аддзела археалогіі (1985—1987 гг.), потым у Беларускім рэстаўрацыйна–праектным інстытуце (начальнік аддзела архітэктурна–археалагічных даследаванняў, 1987—1990 гг.), у архітэктурна–рэстаўрацыйным кааператыве “Арк” (загадчык аддзела археалогіі, 1991—1993 гг.), на пасадзе намесніка старшыні Дзяржаўнай інспекцыі аховы гісторыка–культурнай спадчыны (1993 г.), першага прарэктара Гарадзенскага дзяржуніверсітэта (1994—1995 гг.). Увесь гэты час займаўся навуковай дзейнасцю, выдаў некалькі кніг.
У сакавіку 1995 г. па прычыне змены палітычнай сітуацыі ў краіне пакінуў пасаду прарэктара і паступіў у дактарантуру БДУ (1995—1998 гг.). У 1996 г. перарваў навучанне ў дактарантуры ў сувязі з навуковай стажыроўкай у Ягелонскім універсітэце ў Кракаве (люты 1996 — травень 1997 г., кіраўнік — прафесар Ежы Выразумскі). За час гэтай стажыроўкі быў падрыхтаваны асноўны тэкст доктарскай дысертацыі “Вялікае Княства Літоўскае ў другой палове XIII — пачатку XIV ст.: генезіс дзяржавы па пісьмовых і археалагічных крыніцах” (манаграфія “Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага”). Абарона дысертацыі адбылася 4 снежня 1998 г. у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.
З 1999 г. пачаліся рэгулярныя выклады ў польскіх вышэйшых вучэльнях. У 2001 г. абраны старшынёй выканкама Рады Беларускага гістарычнага таварыства. Ад 1998 г. рэдагаванне ў Гародні навуковага гістарычнага і краязнаўчага часопіса “Гістарычны Альманах”.
Ад лютага 2005 г. сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў.
Слова да чытача
НязБылая Айчына
Майстар — наш продак
Гарадзенскі замак
Каралеўна мая, Гародня
Тэўтонскі ордэн ад Ерусаліма да Грунвальда
Жыццяпіс вялікіх князёў літоўскіх