Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх з 10.00 да 18.00 па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
І ў сацыяльных сетках: Facebook ці ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Купала Янка. З кутка жаданняў

Купала Янка. З кутка жаданняў
13.99 р.
Вага: 600 г
Памеры: 150x220 мм



3 кутка жаданняў : вершы, паэмы, п’есы : для сярэдняга і
старэйшага школьнага ўзросту
/ Янка Купала; укладанне В. Шніпа, прадм. В. Максімовіча — Мінск: Маcтацкая літаратура, 2013, — 446 с.— (Школьная бібліятэка). — Цвёрдая вокладка

ISBN 978-985-02-1505-5

У кнігу народнага паэта Беларусі Янкі Купалы (1882— 1942) увайшлі вершы розных гадоў, паэмы, п’есы «Раскіданае гняздо» і «Тутэйшыя».

Янка Купала

ЗМЕСТ

Янка Купала: позірк у будучыню. Валерый Максімовіч

Вершы

Мужык
Мая малітва («Я буду маліцца і сэрцам, і думамі...»)
Родныя песні
He глядзі
Я не для вас
Вучыся
I вецер, і сокал, i я
Я не паэта
3 песень нядолі
А хто там ідзе?
Я мужык-беларус
Любімось, мае суседзі!
Ужо днее
Роднае слова («Магутнае слова, ты, роднае слова!..»)
Маладая Беларусь («Гэй ты, гэй, Беларусь, маладая старонка...»)
Зімовая ноч
Зваяваным
Заклятая кветка
Курганы
Адцвітанне
Песня званара
Явар і каліна
Мой дом
Мая дзяўчынка
Я ад вас далёка
Мой край
Роднае слова («Пад навалай крыўдаў многія сталецці...»)
Лясная царэўна
За годам год
Гэй, наперад!
Як у лесе зацвіталі
Песня мая
Жняя
Вячэрняя малітва
Ты прыйдзі
Над ракою ў спакою
«Нашай ніве»
Мая малітва («Ва ўсяку мінуту, ва ўсякай патрэбе...»)
3 кутка жаданняў
Прарок
Маладая Беларусь («Вольны вецер напеў вольных песень
табе...»)
Шлях мой
Абнімі
Не шукай
3 вячэрніх дум
Моладзі
Па шляху
Быў гэта сон
Бацькаўшчына
Свайму народу
На сход!
Час!
У вырай
Буралом
Спадчына
Паязджане
Мая вера
«Калі часам табе сэрца ные, баліць...»
Беларускія сыны
Паўстань
Мая навука
У вырай!
На смерць Сцяпана Булата
А зязюлька кукавала
Перад будучыняй
Арлянятам
Дзве сястры
Наш летапісец
«...О так! Я — пралетар!..»
I прыйдзе
Песня будаўніцтву
Алеся
Беларускім партызанам

Паэмы

Курган
Бандароўна
Магіла льва
Яна і я
Безназоўнае
Тарасова доля
Адвечная песня
Сон на кургане

П’есы

Раскіданае гняздо
Тутэйшыя

ЯНКА КУПАЛА: ПОЗІРК У БУДУЧЫНЮ

"У народ і край свой толькі веру
I веру ў самога сябе."

Янка Купала

Прыведзеныя ў эпіграфе словы Янкі Купалы як нельга лепш высвечваюць яго паэтычнае і грамадзянскае крэда, унутрана-стрыжнявую ўпэўненасць у неўміручасць і невынішчальнасць народнага духу. Валадар беларускага слова, можа, як ніхто іншы, усведамляў неабходнасць фарміраваць рэпрэзентатыўна-кананічны ідэал нацыі, спалучаны з вераю ў праўду, у заўтрашні дзень, у высокія ідэалы жыцця. I пачынаў ён свой паэтычны шлях, як вядома, са звароту да простага чалавека з народа, да яго самых найінтымнейшых, самых тонкіх струн душы, пачуццяў, адчуванняў і тых думак, якія вярэдзілі ўсю яго істоту, але не знаходзілі выйсця з фатальнай безвыходнасці, тупіковасці. У творчасці Купалы запатэнцыраваны, здаецца, увесь комплекс грамадзянскіх пачуццяў, маральных і этычных каштоўнасцей.

Здавалася б, на самым прадвесні XX стагоддзя, калі Беларусь спакваля пачала заяўляць пра сябе словамі яе песняроў, Янка Купала ў вершы «Маладая Беларусь» («Гэй ты, гэй, Беларусь, маладая старонка...») (1909) прароча апавяшчаў пра спраўджаную волю і славу Беларусі, якая паўстала «не з вясёласці яснай, не з ясных палацаў, / А з канаючай крыўды ў пахіленай хатцы, / Вызываная праўдай, таптанай, жывой...». Нястрымнае і непераможнае жаданне ашчаслівіць людзей, напоўніць іх сэрцы «гартам, надзеяй», паказаць «ім жыцця іх праўдзіву зару», дапамагчы ім выйсці з хітрасплеценага лабірынта беспрасвецця, векавечнага заняпаду, занядбання сваіх праў і свабод, збудзіцца ад летаргічнага сну, бяспамяцтва і безнадзейнасці было галоўным унутраным стымулюючым фактарам жыццятворчасці паэта.

Апантанасць ідэяй беларускага нацыянальнага адраджэння станавілася ўсёахопнай. Янка Купала з самага пачатку працы на ніве беларушчыны добра ўсведамляў, што толькі высока прачулае, шчырае і сумленнае, жывое слова здолее абудзіць у народзе «спячы дух», зрабіць спробу — хай пакуль і не такую смелую і рашучую — штосьці змяніць-перайначыць у сваім лёсе, у самім спосабе-алгарытме думання, самарэфлексіі, самавыяўлення, нарэшце, у самім ладзе жыцця.

Духоўныя высілкі Купалы былі скіраваны менавіта на вырашэнне тых неадкладных задач, якія мелі першаступенную важнасць і значнасць у плане нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, нацыянальнага самапазнання, самасцвярджэння. Архіважнай задачай было стварыць літаратуру не проста ў выглядзе корпуса розных тэкстаў, а надаць ёй адмысловы статус, ператварыць яе ў нацыязначны культурна-падзвіжніцкі і духоўна-адраджэнскі цэнтр, які б узяў на сябе функцыю кансалідуючую, аб’яднальную. Патрэбна было скіраваць энергію і эмоцыі людзей у кірунку сцвярджэння нацыянальнай свядомасці, самой ідэі нацыі як стваральнай сілы, разумеючы, што без гэтага немагчыма духоўная інтэграцыя беларусаў.

У суровых віхурах часу Купала шукаў шляхі паяднанасці, духоўнага кантакту з народам дзеля ўсталявання — як канцовая мэта — нацыянальнай дзяржаўнай супольнасці. Крайне важна было мастацкім словам узварухнуць, абудзіць гістарычна прыспаную свядомасць народа з тым, каб наладзіць з ім духоўны дыялагічны кантакт, заклікаць да суразмоўя, да супольнага супрацьстаяння жыццёвым злыбедам, да пошукаў святланосных шляхоў у будучыню. Выпрацоўка стрыжнявога нацыянальнага ідэалу была злабадзённым патрабаваннем часу і аб’ектыўнай гістарычнай заканамернасцю.

А тады, на самым прадвесні нацыянальнага адраджэння, архіважна было дарэшты разбіць разбуральны міф пра спаконвечную абяздоленасць, забітасць беларусаў, пераадолець стэрэатыпную слязлівасць, якая набывала якасць і гучанне пэўнага канона на старонках адраджэнскіх выданняў. Беларускія адраджэнцы бачылі тую небяспеку, якая таілася ў фаталістычным нацыянальным гіперкрытыцызме, у ганебным стэрэатыпе суцэльнай абяздоленасці і занядбанасці беларусаў, што аб’ектыўна пазбаўляла якіх бы там ні было перспектыў развіцця нацыі. Песімістычны, слязліва-сентыментальны вобраз беларуса як ахвяры гістарычнага працэсу ніколькі не спрыяў яго прэзентатыўнаму іміджу. Больш за тое, гэта быў бесперспектыўны, тупіковы шлях, які не адпавядаў зместу і логіцы развіцця нацыянальнай культурнай традыцыі, якая мела моцныя скрытыя рэзервы развіцця. Гісторыя заклікала на авансцэну беларускі месіянізм, наўпрост звязаны з ідэяй абуджэння пачуцця нацыянальнай гордасці і нацыянальнай свядомасці, без аніякага налёту нацыянальнага шавінізму і нянавісці да чужых нацый.

Зразумела, спасцігнуць душу народа можна было толькі скіраваўшы сваю ўвагу на выяўленне і асэнсаванне глыбінных, узаемазвязаных і ўзаемазалежных, падчас даволі няпростых, супярэчлівых і грамадскіх працэсаў і аспектаў, міжасобасных стасункаў у тым ліку. Важна было ў сферу мастацкага даследавання прыцягнуць увесь комплекс сацыякультурнай, духоўнай чыннасці ў шматстайных і універсальных яе праявах. Паказваючы этапы духоўнага выспявання і духоўнай абуджанасці чалавека, Янка Купала не мог абысці ўвагай тыя не вельмі прыязныя моманты, якія тычыліся высвятлення першаасноў духоўнасці. I гэта ніяк нельга расцэньваць як парушэнне праўды жыцця і мастацкай праўды. Наадварот, у спробе дакапацца да першапрычын «крыўд і бед» бачыцца імкненне бескампрамісна, але пры гэтым чуйна і сумленна падысці да асвятлення тых негатыўных праяў, якія выступаюць перашкодай на шляху да духоўнага абнаўлення. Купала як прарок нацыі добра ўсведамляў што літаратура павінна служыць духоўнаму абуджэнню і нацыянальнай кансалідацыі, і таму ўсе свае намаганні прыкладаў дзеля канцэптуальнага асэнсавання нацыянальна-адраджэнскай ідэі.

Найбольшы клопат паэтамесіі заключаўся ў тым, каб стварыць надзейны грунт, падмурак, тую духоўную аснову, на якой была б зведзена ў адно і надзейна трымалася свядомая беларускасць у адзіным мірным і суладным рытмабіцці сэрцаў. Вось чаму такімі ідэязначнымі ў моўнай палітры Купалы нашаніўскай пары паўстаюць словы і выразы «грамадзянская згода», «супольнасць», «брацтва», паэтычныя імператывы («любімось, мае суседзі», «кіньма сваркі, звадкі» — «Любімосць, мае суседзі!»). У вершы «Навагоднія жаданні» (1908) Янка Купала прама ўказвае на тыя канкрэтныя прычыны-перашкоды, якія цягам стагоддзяў не давалі спраўдзіцца адвечнай запаветнай мары людзей:

Сваркі, звадкі не раз былі згубай для нас,

Разлучалі са шчасцем, з свабодай...

Хай жа з Новым Гадком новы бліжыцца час,

Брацтва, роўнасць, супольнасць і згода!

У вершы «Маладая Беларусь» («Гэй ты, гэй, Беларусь, маладая старонка...») Купала таксама дае аптымістычную карціну будучага нацыянальнага ўладкавання, сцвярджаючы яго асновасутнасныя складнікі і перадумовы:

Грамадзянская згода, супольнасць загосце,

Аж усцешацца прадзедаў цені і косці,

Слоў унука не зглушыць ніякі прымус,

Што ён роднай зямлі верны сын, беларус.

Літаратура і мастацтва на працягу доўгіх вякоў імкнуліся знайсці тую дзейсную інтэлектуальную і духоўную сілу, якая б указала шлях да ўнутранага прасвятлення, прывяла да паслаблення канфліктнасці і канфрантацыі ў любых іх праявах і дазволіла прыйсці да згоды і ўзаемаразумення паміж людзьмі. Пры выбары шляхоў вырашэння складаных жыццёвых задач мастацкае слова заклікана дапамагчы захаваць стрыжнявую ўнутраную канстантнасць, устойлівасць і ўпэўненасць у паспяховым пераадоленні магчымых цяжкасцей і перашкод.

Эпоха нацыянальнага адраджэння аб’ектыўна ўспрымалася і трактавалася ў шырокім агульнакультурным кантэксце, і перад літаратурай стаяла задача выбудаваць прывабную мадэль новай, адметнай культурна-духоўнай традыцыі, нацыянальнай самасці, што мела б бясспрэчнае права на жыццё. Важна было «мадэрнізаваць», актуалізаваць ідэалагічныя, філасофскія, гісторыка-культурныя і эстэтычныя комплексы, надаць ім пазітыўнае гучанне з тым, каб яны набылі статус своеасаблівай нацыянальнай дактрыны, пэўнага грамадскага кодэкса, які б стымуляваў і падтрымліваў жыццёвы і гістарычны аптымізм народа. У гэтым кантэксце словы «новыя думы», «новыя словы», «новая праўда» набывалі адценне прадбачання і месіянства. Літаратурнай творчасці адводзіўся асобы — прарочы — статус і значэнне, а мастаку, адпаведна, роля і амплуа мудрага ўладара народных дум, прарока, песняра-празорліўца, які бярэ на сябе адказнасць за лёс народа. Гаворка, па сутнасці, ішла пра новы тып пісьменніка, які можа ўказаць шлях да «новага жыцця», «новага слова», што ў кантэксце адраджэнскай праблематыкі мела аграмадны жыццебудаўнічы сэнс.

Агульнай платформай, на якой адбываўся філасофска-светапоглядны пошук нацыянальнай ідэнтычнасці, станавіліся ўвесь духоўны комплекс чалавека, яго быційны статус, ментальныя асновы, прынцыпы светаўспрымання і г. д. У любым выпадку шлях да агульналюдской культуры ляжаў перадусім праз спасціжэнне адмыслова нацыянальнай індывідуальнасці, выяўленай у мастацтве і праз культурнае будаўніцтва. Іншымі словамі, прыярытэт нацыянальнага, інтэнсіўны пошук уласнай сутнасці станавіўся запарукай уваходжання ў сусветную супольнасць.

Менавіта ўжо на пачатку свайго шляху Янка Купала, узяўшы курс на культурна-духоўную кансалідацыю нацыі, на ўмацаванне ідэі аб самастойным гістарычным шляху, на адраджэнне рамантычнага пафасу пошукаў нацыянальных каранёў мастацка-прапагандысцкімі сродкамі імкнуўся прывіць пачуццё асобаснага і нацыянальнага самаўсведамлення і самасцвярджэння. «Творчасць Купалы сведчыла,— зазначае вядомы літаратуразнаўца У. Гніламёдаў— што на змену пакутніку і плакальшчыку ў беларускую літаратуру прыходзіць новы, адраджэнскі тып чалавека, які пачынае разумець сваю вартасць і маральную сілу. Гэты чалавек становіцца пратаганістам купалаўскай творчасці, вызначае яе ідэйны змест і мастацка-эстэтычныя рысы».

У многіх вершах паэта, уключаючы і ранні перыяд творчасці, гучыць пратэст супраць жыццёвай руціны, бязмэтнага празябання, інэрцыі, бяздзейнасці, сцвярджаецца неабходнасць абрання больш актыўнай пазіцыі, гатоўнасць адстойваць свае чалавечыя правы. Вось чаму форма непасрэднага публіцыстычнага звароту, закліку станавілася найбольш аптымальным шляхам грунтоўнага дыялога з народам:

Пакіньма напуста на лёс свой наракаць,

Скрозь слёзы скаргі сеяць па зямлі, —

Нам трэба жыць і долю папраўляць,

Каб нас патомкі з часам не клялі.

Блудныя сцежкі цёмнага жыцця

Навукі сонцам мусім рассвятліць,

Каб мы і наша ў прышласці дзіця,

Не блудзячы, маглі свой век дажыць.

Штандар свабоды хай вядзе усіх

У свет на бітву з цемрай і са злом,

А гікі грозьб мучыцеляў глухіх

Глушыма вольнай песні перуном.

Навукай, воляй зможам стогн бяды,

Засеем долю на роднай зямлі,

I зажывём шчасліва мы тады,

Як прадзеды век нашы не жылі.

«Пакіньма напуста на лес свой наракаць...»

Як бачым, у прыведзеным вершы Купалы, напісаным у рэчышчы агульнай тэндэнцыі да абнаўлення грамадства, відавочна заўважаецца ўзвышэнне ролі навукі, асветы як дзейснага сродку барацьбы «з цемрай і са злом», што натуральна стасоўвалася з ідэяй нацыянальнага адраджэння. У Купалы моцным было жаданне аб’яднаць людзей, абудзіць у іх непераадольную прагу дзеяння-спамыслення, акрыліць надзеяй і верай у лепшую долю:

Пойдзем, ўзяўшы за сцяг свой і роўнасць, і згоду,

Жыцця лепшага покуль не знойдзем,

Пойдзем, пойдзем сабе здабываці свабоду,

Як адзін, як адзін дружна пойдзем!

«Пойдзем...»

У рэчышчы адраджэнскай тэматыкі, у якой яскрава выяўлены аптымістычная мадэль быцця, ідэя пераўтварэння рэчаіснасці, напісаны і верш «Сваякам па гутарцы». Паэт выкарыстаў у ім — у межах рамантычнай парадыгмы нацыянальнага міфа — сродкі відавочна дэкларацыйна-публіцыстычныя, рытарычныя з мэтай узмацнення патрыятычнай дамінанты, пафасу веры ў жыццесцвярджальныя пачаткі жыцця:

Шлю вам песняй, братнім словам

Здароўканне, людзі:

Не гасіце веры, што вам

Жыцца лепей будзе.

Вы не зломкі, вы не зноскі,

Вы народ магучы:

Ваша панства — вашы вёскі,

Пан ваш — труд жывучы.

……………………………………….

Дык хай жа вас не асіле

Зверства непагоды,

Распусціце сваё крылле,

Як і ўсе народы.

Рухне крыўда, праўда ўстане,

Ворагаў адстраша,

Будзе долі панаванне

На зямлі на нашай.

Сутнасна важна было згуртавацца дзеля «вялікаснай і справядлівай, гістарычна выпакутаванай ідэі нацыянальнай незалежнасці Беларусі». «Каб сцвердзіць, узвялічыць і абгрунтаваць гэтую ідэю, — заўважае даследчыца творчасці паэта I. Багдановіч, — Купала паэтызаваў гістарычнае мінулае, у якім бачыў духоўную апору на новым этапе барацьбы. Для гэтага патрэбны былі яго гераізацыя і ідэалізацыя». 3 горыччу ўсведамляючы, што героя эпохі няма, Купала імкнецца знайсці і знаходзіць шляхі запаўнення «пустой нішы». Удзячным матэрыялам яму ўяўляецца даўняя старасветчына — час позняга сярэднявечча і феадалізму, адкуль ён бярэ матэрыял для пэўнай гераізацыі сваёй эпохі. Прыкладам могуць быць паэмы «Бандароўна», «Курган», «На Куццю», «На Дзяды». Першыя дзве служаць сапраўды мэце гераізацыі. У паэме «На Куццю» нібы узнаўляецца ідэалізаваны вобраз справядлівага і мудрага дзяржаўнага ўтварэння. Паэма «На Дзяды» ўтрымлівае сімвалічны элемент, звязаны з ідэяй занядбання Маці-Беларусі яе сынамі, якія аддалі яе на ганьбу і здзек. Варта нагадаць, што згаданыя купалаўскія паэмы былі своеасаблівымі «цаглінамі» ў выбудоўванні эпічнага гмаху, маштабнага асэнсавання нацыянальнага жыцця.

Цэнтральная ідэя, што вянчае ўсе гэтыя творы, — ідэя свабоды. Вяршыняй жа яе стаў зборнік Янкі Купалы «Шляхам жыцця» (1913), ужо ў самой назве якога скрытна прысутнічае ідэя свабоды.

Сімвалічна, што зборнік адкрываецца раздзелам «Бацькаўшчыне», хоць і астатнія раздзелы — «Па межах родных», «Наша вёска», «Сваім і чужым» — ідэйна прымыкаюць да яго. У праграмным вершы зборніка «Песня мая» паэт дае цэлы рэгістр сэнсавых адценняў песні-свабоды. Галоўная думка выражана ў наступных радках: «Коціцца-ўецца свабоднай крыніцай / К сонцу і зорам, прастор дзе вялік. / Ёй не патрэбна ўсясільных прынука, / Службы лакейскай не знае яна: / Воля жывая ёй вечнай зарукай, / Волі нязмеранай - служба адна».

Вобраз-сімвал песні мае непасрэдныя адносіны да купалаўскай канцэпцыі свету. Паказальным у гэтых адносінах з’яўляецца таксама верш «Грайце, песні», дзе выражана эстэтыка-філасофскае крэда паэта. Песня з’яўляецца канцэнтрацыяй ідэальных якасцей і маральных прынцыпаў паэта — універсальным сімвалам, праз які паэт дасягае сапраўды храмавай лучнасці з усім светам:

Неба, сонца, месяц, зоры,

Людзі, пушча, ўся зямля,

Усё да сэрца штось гавора,

Ўсюды бачу моц жыцця;

I пагодай, непагодай

Не магу драмаць, чакаць:

Так і хочацца заўсёды

Песню вечную снаваць;

……………………………………….

Грайце, песні, хай красуе

Наш загон і сенажаць!

Варта нагадаць, што Слова становіцца ў Купалы сімвалам паэтычнага пераўтварэння свету, а Песня выступае своеасаблівай мадэллю гарманічнага светаўладкавання. У адпаведнасці з развіццём мастацкай свядомасці эпохі ў паэтыцы Купалы мастацтва станавіла-ся філасофіяй, ідэалогіяй, жыццёвым кодэксам. Таму песня атаясамліваецца не з уласна вершаванай формай, але з творчай дзейнасцю ўвогуле: гэтае слова выражае найвышэйшую форму мастацкай творчасці, што ўспрымаецца найперш як тварэнне. Паэзія (песня) выступала важным інструментам пераўтварэння чалавечай прыроды ў імя ўдасканалення ўсяго светаўладкавання і набывала ў выніку ідэалагічную функцыю.

Прыхільнік і прадаўжальнік міцкевічаўскага рамантычнага ідэалу свабоды, рамантычнага пафасу ўвогуле, Купала не паказваў свайго героя выключна як істоту сацыяльна і грамадска ангажыраваную, а імкнуўся раскрыць багаты ўнутраны свет сучасніка ў яго бясконцай складанасці. Прыкладам, мужык як прадстаўнік народа з’яўляецца носьбітам, з аднаго боку, інертнасці, непераборлівасці, пакорлівасці лёсу, а з другога — духоўнасці, прыгажосці, свабоды, абуджэння духу ўвогуле. Купала, па словах I. Багдановіч, існа адчуваў сябе «пакліканым на новае фармуляванне нацыянальнай ідэі, <...> рашуча адмятаў вобраз бяздольніка-недарэкі і замацоўваў у свядомасці з’яўленне новага годнага, «думнага» сына вялікай краіны. Адпаведна канцэпцыя гістарычнага ўпадку замянялася канцэпцыяй новай, маладой Беларусі, якая творыць сваю адроджаную ўсябытнасць». Гэта азначала, што паэт тым самым публічна абвяшчаў духоўную суверэннасць мужыка як нацыянальны тып, далучаў звычайнага прадстаўніка народа да сучаснай яму цывілізацыі, да культуры, да вышэйшых ідэальных, гуманістычных каштоўнасцей. Менавіта гэты вобраз як бы ўказваў на складанае перапляценне ў ім усеагульнага, нацыянальна-гістарычнага і індывідуальнага пачаткаў, на яго гістарычную запатрабаванасць падчас лёсавызначальных грамадскіх падзей.

Архіважнасць і маштабнасць задачы нацыянальнага адраджэння акурат уплывала на выбар формаў, спосабаў і прыёмаў яе ажыццяўлення праз мастацкае слова. У многім менавіта гэты фактар абумоўліваў і творчую манеру мастака, арсенал выяўленчых сродкаў. 3 той жа прычыны творы Купалы маюць моцны суб’ектыўны пачатак, вызначаюцца спавядальнай шчырасцю выказвання запаветных думак, выпакутавана-ўзвышаным поглядам на жыццё. I гэта было прадыктавана патрэбай часу, самім эстэтычным ростам літаратуры. Літаратуразнаўца Т. Чабан у гэтай сувязі адзначае: «Лірызацыя беларускай паэзіі, пераход ад «жалейкавай усеагульнасці» да «лірыкі персанальна-псіхічнага» (Р. Бярозкін) акрамя чыста літаратурных, эс тэтычных задач неслі ў сабе і мэту сацыяльную, гуманістычную: «Я — мужык», «Я — чалавек», «Я — асоба» — гэты тэзіс не толькі сцвярджаўся ў паэтычных лозунгах і дэкларацыях, але і канкрэтна увасабляўся ў раскрыцці багатага, шматграннага, духоўнага ўнутранага свету селяніна». Доказам таму можа служыць і добра вядомы ранні верш Купалы «Мужык», пазначаны сцвярджальным пафасам, герой якога пры незайздросным сацыяльным статусе не траціць пачуцця самапавагі, чалавечай годнасці і поўны рашучасці стаць раўнапраўным суб’ектам чалавечай супольнасці: «Ніколі, браткі, не забуду, / Што чалавек я, хоць мужык».

Літаратура брала на сябе задачу мастацкага ўвасаблення паўнавартаснага, сапраўднага героя як існага прадстаўніка нацыі, больш за тoe, прадстаўніка ўсяго чалавецтва. Красамоўным сведчаннем таму могуць служыць і згаданыя вышэй і шмат якія іншыя творы паэта. Так, у вершы «Песня і сіла» Купала нібыта выяўляе свой ідэал гармоніі, які магчымы праз пераадоленне тых перашкод, якія не даюць разгарнуцца ва ўсю моц унутраным сілам чалавека:

Дайце разгону, прастору

Дрэмлючым песням і сілам, —

Дрогне запор наймацнейшы,

Мы ўскалыхнём і магілай.

Продка адвечную думу

Праўнук санлівы пачуе;

Што ўзяць курган нам маніўся,

На кургане адбудуем.

Шлях залаты працярэбім,

Зорна ўзнясёмся ў высоты

Вышай няпраўды, няславы,

Вышай пакутных балотаў.

Моц сваю свету пакажам...

Здзіўляцца старцы і дзеці:

Што знача песня і сіла!

Што знача вельмі хацеці!

Увогуле ж, купалаўскія «песня і сіла» вельмі ўжо нагадваюць багдановічаўскія «красу і сілу». Гэтыя словы ўспрымаюцца не проста як паэтычная формула, знак найвышэйшай дасканаласці, гармоніі, але, што не менш важна, як бы міжволі высвечваюць момант узвышэння чалавечага духу, калі асоба можа паўстаць ва ўсёй сваёй духоўнай велічы. Самі назвы можна кваліфікаваць як аснову і шлях духоўнага і фізічнага разняволення і ўзвышэння чалавека прыгожага, здаровага, натуральнага.

Галоўную задачу паэта Купала бачыць у тым, каб быць выразнікам духоўных пошукаў нацыі, абуджаць свядомасць людзей, скіроўваць іх на шлях згоды, гармоніі, праўды. Беларускі пясняр усведамляў вялікую сацыяльную функцыю і актыўнае, дзейснае значэнне паэзіі ў жыцці грамадства, асобую ролю мастака, творцы ў сацыякультурным працэсе. Творы сапраўднага паэта — і гэта было ўласным крэда самога Купалы — павінны быць нечым большым, чым толькі фактам літаратуры. I гэта ён даказваў сваёй творчасцю, сваім жыццём. Усё, што выходзіла з-пад пяра Прарока нацыі, мела праграмную, ідэалагічную скіраванасць. У адным з такіх праграмных, ідэалагічна заангажыраваных вершаў «Песняру-беларусу» (1909) акрэсліваецца сапраўды тытанічная задача, якую павінен здзейсніць «зямлі забытай пясняр» у імя вышэйшай існасці жыцця:

Шчаслівы ты ці нешчаслівы,

Будзі сыноў сваёй зямлі,

Над беларускай соннай нівай

Нязгаслы светач распалі!

Глядзі — ўскалышыцца, прачнецца

Мільённы прыспаны народ...

Ідэал паэта паўставаў у вобразе духоўнага валадара, цара, творцы-дэміурга («Пясняр - слуга слугі усякай, / Пясняр і цар усіх царэй!»), які ўзвялічваецца сілай унутранай работы, шляхам самаспапялення, глыбіннага адчування сэнсазначнасці свайго лёсу, учынку, дзеяння. Вобраз паэта ў Купалы заўсёды спалучаны з ідэяй ахвярадайнасці, высокага служэння роднай зямлі, свайму народу, Бацькаўшчыне.

У вырашэнні задач адбудовы нацыянальнага жыцця вялікая роля адводзілася Янкам Купалам вобразу «прарока», «песняра», «Уладара». У вершы «Паўстань...» (1919), як сцвярджае I. Багдановіч, «вобраз новага мудрага ўладара <...> выпісаны Купалам эмацыянальна і «геральдычна», што нагадвае стыль манументальнага гістарызму. Постаць уладара ўмяшчала ў сабе амплуа «прарока», «песняра» і «ваякі», які паўстане кроў з крыві, косць з косці гэтага народа і выведзе яго “адбудаваць свой збураны пасад”.

Паўстань з народу нашага, прарок,

Праяваў бураломных варажбіт,

I мудрым словам скінь з народу ўрок,

Якім быў век праз ворагаў спавіт!

Збяры ў адну ўсю Беларусь сям’ю,

Вазьмі з яе прысягу і зарок,

Што не прадасць сябе, сваю зямлю...

Зняць путы Бацькаўшчыны ўстань, прарок!

…………………………………………………………

Паўстань з народу нашага, Ўладар,

Адбудаваць свой збураны пасад,

Бо твой народ забыў, хто гаспадар

I хто яго абдзёр з каронных шат.

На Ўладара жджэ Беларусь даўно,

I жджэ цябе ўладарства Божы дар,

Вялікае, магутнае яно...

Пад беларускі сцяг прыйдзі, Уладар!

Янка Купала непасрэдным чынам далучыўся да праблем нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, да пошукаў тых прычын, якія абумоўлівалі ступень і характар праяўлення нацыянальнага фактару, уплывалі на працэс эстэтычнага самаўсведамлення і самасцвярджэння маладой беларускай літаратуры, на дасягненне ёю ўласнай самадастатковасці, самавартаснасці. Лёсавызначальныя праблемы і задачы, наўпрост звязаныя з самаідэнтыфікацыяй і самавызначэннем нацыі, нязменна і пастаянна знаходзіліся ў эпіцэнтры мастакоўскага і чыста чалавечага клопату, вярэдзілі неспакойнае і неспатольнае сэрца Паэта, набывалі небывалую грамадска-палітычную важкасць і вастрыню, мелі папраўдзе ўсюдыісны характар. Нацыязначнае ў творчасці Купалы натуральна і заканамерна перагуквалася з агульначалавечым, уселюдскім — адстойваннем права на вартае чалавека жыццё, права карыстацца ўсімі заваёвамі цывілізацыі. Ужо на пачатку нацыянальнага адраджэння паэт узяў на сябе адказную місію быць генератарам і правадніком нацыянальнай ідэі, нястомна і апантана сілай палымянага мастацкага слова абуджаць у людзях пачуццё адзінакрэўнасці, духоўнай, чалавечай і нацыянальнай салідарнасці, узаемадапамогі і ўзаемападтрымкі, заклікаў паважліва і беражліва адносіцца да нацыянальных і гістарычных святынь.

Прарок нацыі, Купала жыў і тварыў з вераю ў заўтрашні дзень, у шчасную долю народа, кіруючыся агульнанароднымі, агульнадзяржаўнымі інтарэсамі, абіраючы пазіцыю дабратворнага і пазітыўнага дыялога з жыццём. Валодаючы магутным духоўна-інтэлектуальным патэнцыялам, паэт быў закліканы гісторыяй стаць бясспрэчным ідэолагам нацыі, выразнікам яе глыбінных асноў, высотах духоўных памкненняў, нацыязначных ідэй і задач па пераўтварэнні і абнаўленні жыцця. Ён прыклаў тытанічныя намаганні, каб Беларусь здабыла нарэшце «свой пачэсны пасаг між народамі», заняла сваё годнае месца ў сусветнай цывілізацыі.

Беларусь пакрысе збіраецца ў адну сям’ю. Дзяржаўнае і нацыянальнае ўмацаванне нашай суверэннай краіны ў многім залежыць ад таго, наколькі мы, яе грамадзяне, усвядомілі і ўсведамляем неацэнны ўклад Купалы ў фарміраванне нацыянальнай беларускай ідэі, ва ўмацаванне духоўных асноў дзяржавы і нацыі. Валадар дум і спадзяванняў народа ўсёй сваёй чыннасцю прадэманстраваў глыбокую прыхільнасць да спаконвечных, выпрацаваных на працягу стагоддзяў гуманістычных прынцыпаў і ідэалаў, якія пераканаўча засведчылі сваю непераходнасць, жыццястойкасць у адвечным пошуку шляхоў да светлай долі і шчаслівай будучыні.
Валерый Максімовіч

Янка Купала, сапр. Іван Дамінікавіч Луцэвіч (25 чэрвеня (7 ліпеня) 1882, фальв. Вязынка былой Радашковіцкай вобласці (цяпер Маладзечанскі раён, Мінская вобласць) — 28 чэрвеня 1942, Масква; Псеўданімы і крыптанімы: Адзін з «парнаснікаў»; Вайдэльота; Здарэнец; Левы; Марка Бяздольны; Ня-Гутнік; Стары Мінчук; Янук з-пад Мінска; Янук Купала; К.; І. К.; Я. К.; К-а; Л.; І. Л.; Л. І.) — беларускі паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, класік беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Народны паэт Беларусі (1925). Акадэмік АН БССР (1928), АН УССР (1929).


Раім таксама паглядзець:
Купала Янка. Вершы, паэмы. Някляеў Уладзімір. Шлях
6.49 р.

Купала Янка. Вершы, паэмы. Някляеў Уладзімір. Шлях

У фармаце mp3. Агульны час гучаньня 5:30:31. (p) “BelTonMedia”.

Купала Янка. Творы і публіцыстыка
6.49 р.

Купала Янка. Творы і публіцыстыка

У кнігу серыі «Народная бібліятэка»ўвайшлі п’есы, найбольш значныя публіцыстычныя артыкулы і выбраныя лісты класіка беларускай літаратуры, першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.

Якуб Колас. Творы
6.49 р.

Якуб Колас. Творы

У кнігу увайшоў адзін з найбольш значных твораў беларускай літаратуры —паэма «Новая зямля», а таксама празаічныя творы, сярод якіх апавяданні і знакамітыя «Казкі жыцця».

Караткевіч Уладзімер. Быў. Ёсьць. Буду
6.49 р.

Караткевіч Уладзімер. Быў. Ёсьць. Буду

Зборнік вершаў "Быў. Ёсьць. Буду" — апошняя, разьвітальная кніга Ўладзімера Караткевіча. Кніга-споведзь, кніга-прызнаньне ў любові да роднага краю, кніга-запавет веры і надзеі, дадзены нам, спадкаемцам. У аўдыёкнігу ўвайшлі таксама выбраныя вершы Ўладзімера Караткевіча розных гадоў.