![]() |
6.49 р.
Вага: 320 г
Памеры: 130x200 мм
|
Паэт-перакладчык Язэп Семяжон: адметнасць творчай індывідуальнасці І. Лапцёнак (Лавар); навуковы рэдактар В. П. Рагойша. — Мінск : Беларуская навука, 2010. — 255 с.
ISBN 978-985-08-1130-1
У кнізе ўпершыню разглядаецца шматгранная творчая дзейнасць аднаго з найбольш яркіх прадстаўнікоў беларускага мастацкага перакладу XX ст. Язэпа Семяжона (1914 — 1990) — прафесійнага перакладчыка, паэта, літаратура- і перакладазнаўцы. На аснове музейных і архіўных матэрыялаў (рукапісы, дакументы, перапіска) і аўтакаментарыяў праводзіцца аналіз яго творчай індывідуальнасці шляхам вывучэння значнай колькасці твораў, многія з якіх сталі прыкметнай з’явай не толькі ў айчыннай, але і ў славянскай перакладной літаратуры («Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча, «Песня пра зубра» М. Гусоўскага, «Кароль Лір» і «Утаймаванне наравістай» У. Шэкспіра і інш.).
Разлічана на студэнтаў, выкладчыкаў беларускай, рускай, замежных моў і літаратур, даследчыкаў гісторыі літаратуры і мастацкага перакладу, шырокую чытацкую аўдыторыю.
УСТУП
Азнаямленне з дасягненнямі сусветнай культуры для многіх з нас пачынаецца з чытання твораў замежнай літаратуры яшчэ ў школьным і студэнцкім узросце, і далей адбываецца на працягу ўсяго жыцця. Большасць з нас у сваім выбары кніг для чытання кіруецца вядомасцю аўтара і папулярнасцю пэўных твораў. Гартаючы выданні замежных аўтараў, мы рэдка задумваемся над тым, што іх кнігі — прадукт перакладчыцкай працы. Але менавіта перакладчык з’яўляецца адкрывальнікам новых кантынентаў у геаграфіі замежнай літаратурнай спадчыны. Ад яго магчымасцяў, умення, кругагляду, густу і г. д. залежыць успрыняцце культурных каштоўнасцяў іншага народа, і, як вынік, развіццё нацыянальнай літаратуры і літаратурнай мовы. Таму вывучэнне творчай дзейнасці буйнейшых прадстаўнікоў мастацкага перакладу, аналіз іх твораў у параўнанні з арыгіналамі і іншымі перакладамі з’яўляецца прыярытэтнай задачай гісторыі літаратуры, сучаснага літаратура- і перакладазнаўства.
Атрымаўшы ў бібліятэцы ці кнігарні іншакраіннае рускамоўнае выданне, амаль ніхто не ўспрымае яго як «адзін з варыянтаў». У той жа час айчынная перакладная літаратура нярэдка мае па некалькі выдатных узораў сусветнай класікі. «Якасна нашы пераклады, безумоўна, не саступаюць перакладам іншых народаў, а некаторыя зроблены на ўзроўні найвышэйшых дасягненняў гэтага віду творчасці наогул» [142, с. 6].
Беларускі мастацкі пераклад вылучаецца багатай плеядай творцаў: М. Багдановіч, П. Бітэль, П. Броўка, Г. Бураўкін, А. Вялюгін, Ю. Гаўрук, Н. Гілевіч, П. Глебка, С. Дзяргай, У. Дубоўка, Алесь Дудар, В. Зуёнак, Якуб Колас, Кандрат Крапіва, А. Куляшоў, Янка Купала, А. Лойка, Максім Лужанін, П. Макаль, А. Разанаў, В. Сёмуха, Язэп Семяжон, Я. Сіпакоў, Максім Танк, Ю. Таўбін і інш. Майстэрства некаторых беларускіх перакладчыкаў было асэнсавана ў навуковых працах і манаграфіях М. Лапідуса «Максим Богданович как критик и переводчик» [112], С. Александровіча «Я. Купала — мастер художественного перевода» [53], М. Кенькі «Аркадий Кулешов — переводчик» [104], В. Рагойшы «Пераклаў Якуб Колас» [169], Д. Палітыкі «Янка Купала — перакладчык» [160]. Дадзеныя працы з'яўляюцца важнейшымі даследаваннямі па вывучэнні дзейнасці перакладчыкаў: у іх разглядаюцца пытанні адметнасці выяўлення перакладчыцкага почырку, творчай эвалюцыі перакладчыка, яго ролі і месца ў літаратурна творчым працэсе. Абагульненню перакладчыцкага вопыту беларускіх пісьменнікаў прысвечаны асобныя раздзелы ў даследаваннях А. Вераб’я «Максім Танк і польская лііаратура» [69], А. Лысенкі «Лінія гарызонта. Нарыс творчасці Янкі Сіпакова» [136], А. Лойкі «Беларуская паэзія XX ст. Некаторыя заканамернасці і асаблівасці» [135], А. Яскевіча «Сумежжа: Мова, пераклад, вытокі прозы» [251] і інш. Прыватныя назіранні за асаблівасцямі творчай дзейнасці перакладчыкаў зроблены ў артыкулах М. Кенькі «Пераклаў Максім Гарэцкі» [101] і «Уладзімір Дубоўка-перакладчык: па матэрыялах з архіву» [103], В. Небышынца «Аздобленая праўдай прыгажосць: Уладзімір Дубоўка — перакладчык санетаў Уільяма Шэкспіра» [151], А. Мальдзіса «Эпапея, перакладзеная ў турме» [139], Л. Казыры «Поль Верлен на беларускай мове. Урокі Багдановіча» [93] і інш.
Праўда, звяртае на сябе ўвагу наступная акалічнасць: найбольш даследаванай з’яўляецца перакладчыцкая дзейнасць класікаў беларускага мастацкага перакладу, пісьменнікаў, для якіх мастацкі пераклад з’яўляўся актыўным відам літаратурнай творчасці. Прафесійныя перакладчыкі, майстры сучаснага перакладу засталіся, фактычна, па-за ўвагай даследчыкаў.
Да ліку найбольш яркіх прадстаўнікоў сучаснага мастацкага перакладу адносіцца Язэп Семяжон (Іосіф Ігнатавіч Семяжонаў, 1914 — 1990) — перакладчык, літаратуразнаўца, рэдактар многіх выданняў замежнай літаратуры, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы, заслужаны работнік культуры Беларусі. Узноўленыя ім творы існуюць у арыгінале на 34 мовах свету. Унікальнасць Язэпа Семяжона і ў тым, што ён з’яўляецца паэтам-перакладчыкам. Язэп Семяжон аб’яднаў у сваёй творчасці і тэорыю і практыку перакладу. Менавіта ў яго ўзнаўленні многія творы сусветнай класікі загучалі на беларускай мове ўпершыню альбо атрымалі новае нараджэнне, сталі прыкметнай з’явай не толькі ў айчыннай, але і ў славянскай перакладной літаратуры: паэмы «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча і «Песня пра зубра» М. Гусоўскага, трагедыя «Кароль Лір» і камедыі «Утаймаванне наравістай», «Дванаццатая ноч» У. Шэкспіра, паэзія Дж. Байрана, Р. Бёрнса, Р. Гамзатава і інш. Асобнымі выданнямі ў перакладзе Язэпа Семяжона выйшлі зборнік вершаў «Неапаль без сонца» (1955) Дж. Радары, кнігі паэзіі «Шатландская слава» (1957) і «Вам слова, Джон Ячмень» (1983) Р. Бёрнса, анталагічны зборнік класічнай і сучаснай паэзіі В’етнама «Апалены лотас» (1968), аўтарскае выданне выбраных паэтычных перакладаў «Сем цудаў свету» (1977). «Без усялякага перабольшання можна з упэўненасцю сказаць, што сёння немагчыма ўявіць сабе беларускую школу мастацкага перакладу, яе лепшыя здабыткі і дасягненні без таго, што амаль за паўстагоддзя зроблена гэтым таленавітым майстрам» [94, с. 11].
Аднак пры ўсёй адметнасці перакладчыцкай дзейнасці Язэпа Семяжона на сённяшні дзень яе разгляд знайшоў адлюстраванне толькі ў асобных артыкулах. Частка іх прысвечана чарговаму юбілею перакладчыка [134]. У некаторых іншых прапануецца кароткі агляд творчасці альбо прэзентуецца чарговая кніга яго перакладаў: Кацюшын М. «Паэзія мужнасці і гераізму» [99], Крэпак Б. «Напісанае застаецца» [108], Сяліцкі Ф. «Мікола Гусоўскі ў беларускім перакладзе» [253]. У артыкулах I. Юрэвіча «Адкрывальнік скарбаў» [250], A. Гардзіцкага «Павераны ў справах» [74] і іншых згадваюцца асобныя рысы перакладчыцкай манеры Язэпа Семяжона. Найбольшы ўклад у распрацоўку індывідуальнасці Язэпа Семяжона ўнеслі сваімі даследаваннямі У. Калеснік («Перастварэнне») [95], Л. Казыра («3 любоўю да Р. Бёрнса») [92], М. Лапідус («Роберт Бёрнс у перакладах Семяжона») [113], B. Нікіфаровіч («Я вам ні слова не зманю...») [155], В. Рагойша («Вышыня» [164], «Іх паўнамоцны прадстаўнік» [165], «Тры ўрокі ў Семяжона» [171]), С. Скібінская («Беларускія пераклады паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш») [222]. У працах адзначаных аўтараў прысутнічае канкрэтны разгляд перакладаў, асэнсоўваецца роля Язэпа Семяжона ў перакладной мастацкай літаратуры.
Гэта кніга з’яўляецца першай спробай абагульнення перакладчыцкага вопыту Язэпа Семяжона на аснове комплекснага разгляду яго творчай індывідуальнасці. На пачатку даследавання распрацоўваецца грунт для вывучэння творчай асобы перакладчыка — паняцце «творчая індывідуальнасць перакладчыка» аналізуецца ў гістарычным і тэарэтычным ракурсах, выяўляюцца вытокі фарміравання перакладчыцкай індывідуальнасці. Пры разглядзе ў практычным ракурсе выкарыстоўваюцца пераклады а) з далёкіх моў, б) з блізкіх моў, в) з падрадкоўніка. Падобны шматаспектны аналіз мае сваё тлумачэнне: выяўленне адметнасці творчай індывідуальнасці перакладчыка з’яўляецца магчымым толькі ў выніку шырокага, рознабаковага аналізу яго перакладчыцкай дзейнасці.
Навуковую базу даследавання склалі тэксты найбольш значных перакладаў Язэпа Семяжона з розных моў (з рускай, украінскай, польскай, англійскай, апасродкаванае узнаўленне з лацінскай), твораў розных аўтараў і жанраў (вершаў Р. Бёрнса, А. Міцкевіча, М. Нагнібяды, М. Някрасава, паэм М. Гусоўскага «Песня пра зубра» і А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш», п’ес У. Шэкспіра «Утаймаванне наравістай» і «Кароль Лip»). Акрамя кананічных рэдакцый перакладных твораў для разгляду выкарыстоўваюцца варыянты, паралельныя рускія і беларускія пераклады, аўтакаментарыі перакладчыка, яго тэарэтычныя работы, малавядомыя рукапісныя матэрыялы (чарнавыя накіды, лісты, дакументы) з сямейнага архіва Семяжонаў, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Перакладныя творы Язэпа Семяжона аналізуюцца ў кантэксце іншых перакладаў: «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча — ва ўзнаўленнях Н. Дуніна-Марцінкевіча, А. Ельскага, Б. Тарашкевіча, П. Бітэля, С. Мар, «Песня пра зубра» М. Гусоўскага — паралельна з разглядам адметнасці перакладу У. Шатона і сумеснага перастварэння Я. Парэцкага — Я. Семяжона, паэзія Р. Бёрнса у параўнанні са стылістыкай перакладу С. Маршака, драматургія У. Шэкспіра — у супастаўленні з асобнымі рысамі перакладаў Б. Пастарнака і М. Кузьміна.
У працэсе разгляду перакладаў увага засяроджваецца па праблемах, якія ў іх найбольш праявіліся і з’яўляюцца асабліва надзённымі для гісторыі літаратуры і сучаснага перакладазнаўства. У кнізе закранаюцца пытанні ўзнаўлення з блізкіх і далёкіх моў, з падрадкоўніка, спецыфікі паэтычнага і драматургічнага перакладу, лінгвістычных і экстралінгвістычных фактараў, захавання нацыянальнай адметнасці арыгінала пры перакладзе, эквівалентнасці ўзнаўлення, творчай эвалюцыі перакладчыка, успрыняцця перакладнога твора чытацкай аўдыторыяй і інш. У выніку вывучэння вышэйадзначаных праблем на матэрыяле найбольш значных перакладаў Язэпа Семяжона вызначаюцца спецыфічныя асаблівасці яго творчай індывідуальнасці, характэрныя рысы перакладчыцкага стылю, робяцца вывады адносна ролі Язэпа Семяжона ў фарміраванні шляхоў развіцця нацыянальнага перакладу.
Даследаванне дапаўняецца мастацкімі тэкстамі перакладаў Язэпа Семяжона. Змешчаныя ў дадатку тэксты не з’яўляюцца паўторам аўтарскага выдання выбранных перакладаў «Сем цудаў свету» (1977). У кнігу ўвайшлі пераклады, створаныя Язэпам Семяжонам і ў пазнейшы час, пераважна ў апошняе дзесяцігоддзе яго жыцця. Фрагменты перакладу твораў нацыянальнай літаратуры «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча і «Песня пра зубра» М. Гусоўскага ўзяты з канчатковых рэдакцый перапрацаваных варыянтаў. У кнізе знайшлі адлюстраванне і некаторыя неапублікаваныя тэксты. Сярод іх урыўкі перакладу паэмы «Шыльёнскі вязень» Дж. Байрана. Гэты твор быў нядаўна знойдзены ў архіве перакладчыка і прадстаўлены для публікацыі яго дачкой Наталляй Іосіфаўнай Семяжонавай, захавальніцай сямейнага архіва. Побач з рукапісным тэкстам перакладу змешчаны аўтаграфічны надпіс Язэпа Семяжона з датай «7. V. 1947 г.»: «Урыўкі паэмы запісаны па памяці перакладу, зробленага мною ў жніўні кастрычніку 1938 г. з арыгінала. Рукапіс поўнага перакладу паэмы загінуў у часе пажару ў г. Мінску ў чэрвені 1941 г. на кватэры на Чырвонаармейскай д. № 19/22».
Уступ
Раздзел 1. Творчая індывідуальнасць перакладчыка: гісторыка-тэарэтычны агляд
Раздзел 2. Вытокі фарміравання індывідуальнасці перакладчыка: арыгінальная творчасць і вандроўны тэатр У. Галубка
Раздзел 3. Пераклады Язэпа Семяжона з няроднасных моў. Захаванне нацыянальнай спецыфікі пры ўзнаўленні паэзіі Р. Бёрнса і драматургіі У. Шэкспіра
Раздзел 4. Пераклады Язэпа Семяжона з роднасных моў: эквівалентнасць у паэтычным перакладзе (узнаўленне паэмы «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча, вершаў М. Нагнібяды, М. Някрасава і інш.)
Раздзел 5. Узнаўленне з надрадкоўніка. Лацінамоўная паэма М. Гусоўскага «Песня пра зубра» ў беларускіх перакладах
Заключэнне
Бібліяграфія
Дадатак. 3 перакладных твораў Язэпа Семяжона
Лапцёнак (Лавар) Ірына Браніслаўна (Нарадзілася ў 1974 г. ў Бабруйску) — кандыдат філалагічных навук, намеснік дырэктара па навуцы Дзяржаўнага інстытута гісторыі беларускай літаратуры.