Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
Ці ў сацыяльных сетках: Facebook або ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Латышонак Алег. Жаўнеры БНР

Латышонак Алег. Жаўнеры БНР
12.99 р.
Вага: 560 г
Памеры: 165x240 мм



Жаўнеры БНР/ Алег Латышонак. 2-е выданне, перапрацаванае. — Вільня: Інстытут Беларусістыкі, 2009. —376 с.

ISBN 83-60456-23-2

Выданне змяшчае творы Алега Латышонка, у якіх разглядаюцца спробы стварэння беларусамі нацыянальных вайсковых фармаванняў у канцы 1910-х — пачатку 1920-х гг. Асноўную яго частку складае пераклад на беларускую мову фундаментальнай працы «Беларускія вайсковыя фармаваньні: 1917—1923 гады», рэшту — комплекс артыкулаў пра жыццё і дзейнасць генерала Станіслава Булак-Балаховіча і пра асобныя старонкі ўзброенага змагання беларусаў за ўласную дзяржаву.

Слова да беларускага чытача

Мне, як будучаму беларускаму гісторыку, вельмі пашанцавала. Латышонкі любілі гісторыю і шанавалі традыцыю, прытым гэта была традыцыя нацыянальная, а не народная. Сьпяваць ніхто з Латышонкаў не сьпяваў; нават шкада, бо бацьку не атрымоўвалася прасьпяваць парадачна хоць бы толькі “Мы выйдзем шчыльнымі радамі...”.

Хаця бацька ўсё расказваў мне пра вялікую гісторыю Беларусі, я яму ня верыў. Я прачытаў мноства кніжак, але ў ніводнай нічога падобнага немагчыма было знайсьці. Кніжкі, вядома, былі камуністычныя, і ўся гісторыя Беларусі зь іх была выдаленая, таму можна мяне лічыць ахвярай прапаганды. Дадайце да гэтага ўласьцівую маладосьці ўзбунтаванасьць супраць бацькавага аўтарытэту, дык няма дзіва, што калі бацька пачынаў нейкую размову пра нашую слаўную мінуўшчыну, я іранічна яму падтакваў і пачынаў зьдзекліва чытаць з памяці: “Мой родны кут, як ты мне мілы...”.

Адылі, любоў да гісторыі прывілі мне ў сям’і пасьпяхова, хаця найбольш я любіў чытаць пра старажытную Грэцыю, раньнесярэднявечную Польшчу і заваёву Амэрыкі канкістадорамі. Толькі падчас студыяў у Ягелёнскім унівэрсытэце ў Кракаве я пачаў чытаць пра гісторыю Беларусі. Няшмат гэтага было, але ж хапіла, каб гісторыю Беларусі палюбіць. Тым ня менш, нягледзячы на ёмістыя сховішчы Ягелёнскай бібліятэкі, я нідзе нічога ня мог знайсьці ані слова пра беларусаў, якія змагаліся б за Бацькаўшчыну са зброяй у руках. Ну, пра Другую сусьветную я ведаў з бацькавых расказаў, якім я ўжо верыў, але як жа дакладна было з БНР? Так глыбока бацькавыя веды не сягалі. Была у нас брашурка на дзьвюх мовах: “Почему не состоялась БНР?”/“Whу was BNR never formed?”, але нічога пра БНР там не было. У польскіх кніжках толькі зрэдку недзе прамільгвалі згадкі пра нейкія “белагвардзейскія” атрады генэрала Булак-Балаховіча. Так, замоўчваньне гэта страшэнная зброя...

Толькі на пачатку 80-ых у падпольным распаўсюдзе я натрапіў на кніжку Марыяна Брандыса “Каралеўства Беларусі”, у якой першы раз прачытаў добрае слова пра балахоўцаў, ды яшчэ ў сувязі зь нейкім загадкавым Каралеўствам Беларусі. Пазьней, у таксама падпольна выдадзенай кніжцы Казімера Падляскага (сапраўдныя імя і прозьвішча Багдан Скарадзінскі) “Беларусы — літоўцы — украінцы. Нашы ворагі ці браты?”, я зноў прачытаў пра нейкую таямнічую групу генэрала Булак-Балаховіча. Нарэшце, тадышні (была ўжо дакладна сярэдзіна дэкады) лідар беларускіх студэнтаў у Польшчы, Пятро Багроўскі, сказаў мне, калі мы касілі траву навокал лёнданскай Скарынінкі (там было што пачытаць!): “Алег, хлопцам трэба героя. Кажуць, быў такі Булак-Балаховіч...”.

Гэта і быў апошні штуршок. 3 гэтай пары я заняўся сьпярша асобай генэрала Булак-Балаховіча, а пасьля, разам з тым, як стаў сабе ўсьведамляць, колькі людзей сапраўды ваявала за Беларусь, стала ясна, што напісаньне біяграфіі Генэрала давядзецца адкласьці (усё маю надзею, што калісьці яе напішу). Я засяродзіўся на змаганьні за незалежнасьць БНР, стараючыся не ўпусьціць у меру магчымасьцяў нікога і нічога. Такім чынам нарадзілася праца “Беларускія вайсковыя фармаваньні ў 1917—1923 гг.”, якую я абараніў як кандыдацкую дысэртацыю ва Унівэрсытэце Мікалая Капэрніка ў Торуні ў 1996 г.

3 гэтай пары я практычна не займаўся гэтай тэматыкай, толькі зрэдку і выпадкова вяртаючыся да гісторыі змаганьня за БНР. Адылі, калі цяпер, рыхтуючы беларускае выданьне кніжкі, яшчэ раз прачытаў сваю працу, пераканаўся, як многа ў ёй застаецца актуальным. На жаль, па вядомай прычыне тэма, якой павінна займацца сама найменш адпаведная катэдра, застаецца надалей полем працы для адзінак. Дзякуючы такім дасьледчыкам, як Ніна Стужынская, Аляксандра Гесь, Уладзімер Ляхоўскі і Уладзімер Міхнюк, нашмат больш мы ведаем пра Слуцкі збройны чын і дзейнасьць Сялянскай партыі “Зялёны Дуб”. Іншыя ж франты змаганьня за БНР надалей чакаюць свайго гісторыка.

Не ўваходзіцца два разы ў тую самую ваду. Таму і не дапаўняў я ў колішняй сваёй дысэртацыі амаль нічога; запоўніў толькі пропуск у апісаньні штурму Рэчыцы атрадамі генэрала Булак-Балаховіча. Я напісаў быў, што атака палкоўніка Мацьвеева пад Воўчай Гарой заламалася ў агні адной батарэі палявой артылерыі праціўніка. Сапраўды ж балахоўцы ляглі ўпокатам пад агнём адной цяжкой і дзьвюх палявых батарэяў ды двух бронецягнікоў ворага. Адзначу таксама, што я не зусім дакладна (хаця і не па сваёй віне) перадаў падзеі, зьвязаныя з новым абвяшчэньнем Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі 31 ліпеня 1920 г., на што зьвярнуў увагу Аляксей Літвін у рэцэнзіі на маю кніжку.

Пад вокладкай гэтай кніжкі сабраныя таксама артыкулы, якія я напісаў як да часу выданьня маёй кандыдацкай дысэртацыі, так і нашмат пазьней, аж да апошніх дзён. Яны прысьвечаныя генэралу Станіславу Булак-Балаховічу, ягонаму брату Язэпу, а таксама Аляксандру Прушынскаму (Алесю Гаруну), Герману Шыманюку “Скамароху”, Міколу Дзямідаву і іншым. Падчас працы над гісторыяй змаганьня за БНР вялікай нечаканасьцю і адкрыцьцём стала для мяне тое, колькі беластачан ваявала ў беларускіх вайсковых фармаваньнях, ды яшчэ тое, што якраз беластоцкі батальён Міколы Дзямідава найдаўжэй з усіх беларускіх атрадаў змагаўся з бальшавікамі ў адкрытым полі. Таксама цікавымі былі як архіўныя, так палявыя (рамантыка!) дасьледаваньні беларускай партызаншчыны БНР-аўскага напрамку на Беласточчыне.

На жаль, сёньня ўжо відавочна, што некаторыя з найбольш выдатных змагароў (не гаворачы пра шмат менш дзелавых і адважных) за БНР, такія як Канстанцін Езавітаў, Мікола Дзямідаў, Францішак Кушаль ці Герман Шыманюк, сталі ў свой час савецкімі агентамі. Гэта вельмі прыкрая канстатацыя. Праблема супрацоўніцтва беларускіх дзеячоў з савецкімі спэцслужбамі патрабуе шматбаковага і глыбокага вывучэньня. Тым ня менш, відавочна таксама, што не былі яны агентамі ў той час, калі змаганьне за незалежную БНР выглядала яшчэ рэальным. Як піша латвійскі дасьледчык Эрык Екабсонс, “варта браць пад увагу абставіны, у якіх гэтае супрацоўніцтва было пачатае: у К. Езавітава — давер да СССР і Беларускай ССР, характэрны для большай часткі беларускай палітычнай эміграцыі ў 20-я гг. (зь ілюзіямі пра магчымасьць свабоднага разьвіцьця беларускай культуры на радзіме), а ў М. Дзямідава — безвыходнае становішча ў савецкім заключэньні перад пагрозай сьмерці. Аднак зразумела, што летам 1941 г., пры рэзкай зьмене сытуацыі, абодва спынілі супрацоўніцтва і сталі на шлях супрацьстаяньня савецкай уладзе, спадзеючыся з дапамогай і пры пасярэдніцтве нямецкай акупацыйнай улады дасягнуць мэты сваёй шматгадовай дзейнасьці — стварэньня незалежнай беларускай дзяржавы”. Тое самае, што ў першым выпадку, можна сказаць пра Г. Шыманюка (зьнішчанага гэтай жа савецкай уладай яшчэ перад Другой сусьветнай вайной), а ў другім — пра Ф. Кушаля.

Кожны дасьледчык прывыкае да сваіх герояў. У свой час асабліва блізкай асобай стаў для мяне Алесь Гарун, што стала вынікам працяглых пошукаў магілы героя і пабудовы яму помніка, падчас якіх я часта зьвяртаўся да ягоных вершаў. Хочацца ўспомніць тут і айца Уладзіслава Чарняўскага, які адмыслова прыехаў з маім бацькам у Кракаў, каб асьвяціць помнік паэту-змагару. У сваіх афіцэрскіх ботах айцец Уладзіслаў выглядаў узорным капэлянам беларускіх вайсковых фармаваньняў. 3агадаў проста зь цягніка весьці сябе на Ракавіцкія могілкі, дзе спачывае Алесь. Асьвяціў помнік і гэтаксама рашуча загадаў весьці сябе на цягнік назад.

Аддаючы ў рукі беларускага чытача плён дваццацігадовай працы, застаюся з надзеяй, што нашая гісторыя будзе ўжо непарыўнай, а героі маіх дасьледаваньняў прычакаюць нарэшце сваіх помнікаў.

Рыга-Беласток, канец ліпеня 2008 г.

Кожнаму аўтару прыемна, калі ягоная кніжка знаходзіць чытача. Што ў маіх "Жаўнераў БНР" чытач ёсць, я пераканаўся падчас шматлікіх аўтарскіх сустрэч падчас прэзентацыі іх першага выдання па ўсёй Беларусі. Ды й увесь наклад кніжкі ўжо разышоўся. Мой выдавец Валер Булгакаў, зь якім мы адрулілі тысячы кіламетраў з кніжкамі ў багажніку і на заднім сядзеньні ягонай надзейнай машыны маркі "Рэно", палічыў дзеля таго патрэбным зрабіць другое выданне. Я ж са свайго боку уважліва перагледзеў першае і выправіў некаторыя памылкі і недарэчнасці, якія ў ім прысутнічалі. Да таго ж праца над "Жаўнерамі БНР" наноў абудзіла маю цікавасць да гісторыі беларускай вайсковай справы, у выніку чаго напісаліся новыя артыкулы, якія я цяпер уключыў у кніжку. Таксама за гэты час рознымі дасьледчыкамі было выяўлена шмат новых здымкаў, якія ўзбагацілі гэтае выданне.

Хачу тут яшчэ падзякаваць беларусу з Эстоніі Юрасю Юркевічу, які дзяліўся са мной вынікамі сваіх дасьледванняў дзейнасці генэрала С. Булак-Балаховіча. Асобныя словы падзякі належацца рэдактару абодвух выданняў Алесю Пашкевічу.

Беласток, восень 2010 г.

 

ЗМЕСТ

Слова да беларускага чытача

I. З гісторыі беларускага войска

Беларускія вайсковыя фармаваньні: 1917—1923 гады

Уступ
Разьдзел 1. Беларускі рух ад пачатку ХХ ст. да Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. у Расеі
1.1. Беларускі нацыянальны рух ад пачатку ХХ ст. да І сусьветнай вайны
1.2. Беларусь у першыя гады вайны, 1914 — люты 1917 г.
1.3. Падсумаваньне
Разьдзел 2. Беларускі вайскова-палітычны рух у 1917—1918 гг.
2.1. Грамадзка-палітычнае становішча ў Беларусі пасьля Лютаўскай рэвалюцыі
2.2. Рух беларусаў-вайскоўцаў паміж Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцыямі
2.3. Утварэньне Беларускай цэнтральнай вайсковай рады
2.4. Беларуска-бальшавіцкі канфлікт на мяжы 1917—1918 гг.
2.5. Вызваленьне Менску 19—20 лютага 1918 г. беларускімі і польскімі часткамі
2.6. Беларускі рух у час пашырэньня нямецкай акупацыі на цэнтральную і ўсходнюю Беларусь у 1918 г.
2.7. Падсумаваньне
Разьдзел 3. Беларускія часткі ў літоўскай арміі
3.1. Беларуска-літоўскія адносіны ў 1915—1918 гг.
3.2. Беларускія часткі ў Горадні (сьнежань 1918 — чэрвень 1919 г.)
3.3. Беларускія вайсковыя часткі ў Літве ў 1919—1923 гг.
3.4. Нацыянальны і канфэсійны склад беларускіх вайсковых частак у літоўскай арміі
3.5. Падсумаваньне
Разьдзел 4. Палітыка Савецкай Расеі адносна Беларусі ў 1918—1920 гг. з асаблівай увагай да вайсковага пытаньня
Разьдзел 5. Дзейнасьць Беларускай вайсковай камісіі ў 1919—1921 гг.
Разьдзел 6. Часткі генэрала Станіслава Булак-Балаховіча
6.1. Перапраўка атраду генэрала Станіслава Булак-Балаховіча ў Польшчу
6.2. Удзел атраду генэрала С. Булак-Балаховіча ў польска-савецкай вайне 1920 г.
6.3. Палітычныя перадумовы выступленьня генэрала Станіслава Булак-Балаховіча супраць Савецкай Расеі восеньню 1920 г.
6.4. Фармаваньне арміі генэрала Станіслава Булак-Балаховіча
6.5. Нацыянальны склад арміі генэрала Станіслава Булак-Балаховіча
6.6. Абвяшчэньне барацьбы за незалежнасьць Беларусі
6.7. Плян апэрацыі і выкарыстаныя ў ёй сілы
6.8. Ваенныя дзеяньні
6.8.1. Узяцьце Мазыра
6.8.2. Усталяваньне ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі
6.8.3. Атака на Рэчыцу
6.8.4. Адступленьне
6.9. Інтэрнаваньне частак генэрала Станіслава Булак-Балаховіча
6.10. Баявы шлях беларускіх частак арміі генэрала Станіслава Булак-Балаховіча
6.11. Прычыны паразы арміі генэрала Станіслава Булак-Балаховіча.
Агульныя высновы
Разьдзел 7. Стварэньне і баявая дзейнасьць І Слуцкай стралковай брыгады. Лістапад — сьнежань 1920 г.
7.1. Беларускі нацыянальны рух на Случчыне ў 1917—1920 гг.
7.2. Беларускі нацыянальны і вайсковы рух на Случчыне падчас другой польскай акупацыі. Кастрычнік — лістапад 1920 г.
7.3. Баявая дзейнасьць І Слуцкай стралковай брыгады
Разьдзел 8. Расфармаваньне беларускіх вайсковых частак у Польшчы ў 1921 годзе
8.1. Дзейнасьць беларускіх вайскоўцаў у Польшчы да часу ратыфікацыі Рыскай дамовы
8.2. Апошнія спробы каардынацыі беларускай палітычнай і ваеннай дзейнасьці з апорай на Польшчу
8.3. Расфармаваньне беларускіх частак
8.4. Прычыны роспуску польскімі ўладамі беларускіх партызанскіх атрадаў
Разьдзел 9. Іншыя беларускія вайсковыя фармаваньні
9.1. Беларуская белагвардзейская дывізія ў Адэсе ў 1919 г.
9.2. Дзейнасьць ураду БНР Антона Луцкевіча сярод беларусаў-палонных у Нямеччыне і Францыі ў 1919—1920 гг.
9.3. Атрады т. зв. Незалежнай Койданаўскай Рэспублікі
Разьдзел 10. Абмундураваньне і знакі адрозьненьня беларускіх вайсковых фармаваньняў
10.1. Часткі, арганізаваныя Беларускай цэнтральнай вайсковай радай
10.2. Беларускія часткі ў літоўскай арміі
10.3. Беларускія вайскоўцы ў Латвіі і Эстоніі
10.4. Беларускія палкі Заходняй стралковай дывізіі
10.5. Часткі, арганізаваныя Беларускай вайсковай камісіяй
10.6. Часткі генэрала Станіслава Булак-Балаховіча
10.7. І Слуцкая стралковая брыгада
Заканчэньне
Крыніцы і дасьледаваньні
Сьпіс скарачэньняў

Дзейнасьць беларускіх вайскоўцаў на тэрыторыі Ўкраіны ў 1917—1919 гады

Два плякаты 1917—1919 гадоў у зборах Музэю войска ў Беластоку

ІІ.Станіслаў Булак-Балаховіч: старонкі бурлівага жыцьця

Жыцьцяпіс генэрала Станіслава Булак-Балаховіча, перададзены ім у Вайсковае гістарычнае бюро ў Варшаве 7 сьнежня 1929 г.

Радзіна Булак-Балаховічаў на Браслаўшчыне і Дзісеншчыне да Першай усясьветнай вайны

Генэрал Булак-Балаховіч: ад царскай арміі да нацыянальнага войска

З-пад чырвонай зоркі пад белы крыж

Балаховіч

Marek Cabanowski. General Stanislaw Bulak-Balachowicz. Warszawa, 1993. S. 204. (Рэцэнзія)

Помнік братам Булак-Балаховічам

ІІІ. Змаганьне за ўласную дзяржаву

Сапраўды жыве!

Запавет: змагацца за сваю дзяржаву

Дзяржаўная сымболіка Беларускай Народнай Рэспублікі

Першы стрэл

Беларускі нацыянальны асяродак у Горадні адносна незалежнай польскай дзяржавы

Старонкі забытых успамінаў

Гарачае лета 1920 году

Беларуская палітычная эліта і Рыская дамова

Беларуская кавалерыя ў Трэцім Сілескім паўстаньні

Гарун

Горкае жыцьцё

Мікола Дзямідаў (1888—1967)

Цімафей Хведашчэня. Атаман і настаўнік

Па сьлядах “Скамароха”

Расказ дзеда Хмяля зь Вітава

Якая яна была шчырая ў працы беларускай

Беласточчына і беластачане ў пэрыяд змаганьня за незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі

Іменны паказьнік


Раім таксама паглядзець:
Латышонак Алег. Беласток – Полацак
6.99 р.

Латышонак Алег. Беласток – Полацак

У кнігу ўвайшлі выбраныя публіцыстычныя артыкулы, напісаныя аўтарам на працягу амаль 30-ці гадоў – з пачатку 1980-х да 2008 г. – пра жыцьцё беларусаў Беласточчыны, пра паездкі на Беларусь, пра становішча беларускай эміграцыі, пра падзеі сусьветнай важнасьці, пабачаныя вачамі прадстаўніка беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы.

Арлоў Уладзімір, Герасімовіч Зьміцер. Краіна Беларусь
49.99 р.

Арлоў Уладзімір, Герасімовіч Зьміцер. Краіна Беларусь

Займальная і даступная для чытача любога ўзросту, гэтая кніга ўводзіць у свет нашай мінуўшчыны. На яе старонках вы сустрэнецеся з выдатнымі гістарычнымі асобамі, даведаецеся пра жыццё і побыт, вайсковыя перамогі і культурныя дасягненні беларусаў у розныя эпохі.

150 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі
6.49 р.

150 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі

У папулярнай форме падаюцца разнастайныя звесткі з беларускай гісторыі пра найважнейшыя падзеі мінуўшчыны, пра выдатных дзяржаўных асобаў, славутых герояў, дзеячаў культуры. Аўдыёкніга адрасуецца шырокаму колу слухачоў.

Луцкевіч Антон. Барацьба за вызваленьне
12.99 р.

Луцкевіч Антон. Барацьба за вызваленьне

Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2009. – 670 старонак.

Гэтая кніга зьяўляецца лягічным працягам папярэдніх выданьняў твораў Антона Луцкевіча: "Да гісторыі беларускага руху" (Менск, 2003) і "Выбраныя творы: Праблемы культуры, літаратуры і мастацтва" (Менск, 2006).