Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх з 10.00 да 18.00 па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
І ў сацыяльных сетках: Facebook ці ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Лянкевіч Андрэй. Паганства / Liankevich Andrei. Pagan

Лянкевіч Андрэй. Паганства / Liankevich Andrei. Pagan
12.90 р.
Вага: 1100 г
Памеры: 240x240 мм



Фотаальбом на беларускай і англійскай мовах. Фотаздымкі – Андрэй Лянкевіч, тэхнічны рэдактар – Сяргей Кандраценка, дызайн – Сяргей Шабохін, тэксты – Ірына Мазюк, уводны тэкст – Святлана Паляшчук, пераклад – Раман Маладзяшын, рэтуш фотаздымкаў – Юля Качанава. – Крынкі : Дом друку "Arx Baltica" (Arx Baltica printing house), 2010. – 168 с. Цвёрдая вокладка.

ISBN 978-83-930962-0-6

Прадмова

Каляды, Стрэчанне, Гуканне вясны, Вербніца, Вялікдзень і Радаўніца, Юр'я, Сёмуха, Купалле, Спас, Зажынкі, Дажынкі, Дзяды. Цяпер мы завём гэта народнымі святамі або абрадамі, апісанне якіх уключана нават у школьныя падручнікі. У раздзелах "Беларускія легенды, міфы і паданні" апісваецца, як нашыя далёкія продкі ўсе з'явішчы прыроды і жыцця тлумачылі існаваннем жывых істот – духаў. Дом, лес і поле мелі свае духі. У доме гаспадарыў дамавік, у лесе – лесавік, у рацэ – русалкі. Маланка – гэта злосны Бог, а зоркі – людскія душы. Людзі пакланяліся пням і камяням, сонцу і грымотам, звярам і птушкам, раслінам і вадаёмам, шанавалі іх, баяліся і прасілі дапамогі.

Лянкевіч Андрэй. Паганства / Liankevich Andrei. Pagan. Старонкі з кнігі / Pages from the book

Іншы раз для больш блізкага знаёмства з традыцыямі ў школах і фальклорных гуртках рэканструююць найбольш яскравыя народны абрады, як рэканструююць рыцарскія турніры аматары сярэднявечнай гісторыі: масленіцу з урачыстым спальваннем саламянага пудзіла альбо калядны абыход групы ражаных калядоўшчыкаў, якія пяюць песні-калядкі, зычачы людзям багатага ўраджаю і просячы за гэта падарункі. Можна таксама захапіцца рамантыкай Купалля, пабываўшы аднойчы на гуляннях у гарадскім парку альбо выехаўшы за горад на карпаратыўную вечарынку ў гэтую самую кароткую ноч у годзе, калі шукаюць папараць-кветку, скачуць праз вогнішча, водзяць карагоды, плятуць вянкі і варожаць. Вось, бадай, і ўсё знаёмства з народнымі святамі, якое чакае гарадскога жыхара сучаснай Беларусі.

Аднак, у адрозненні ад рыцарскай культуры, якая даўно засталася ў мінулым, народныя, альбо паганскія, традыцыі працягваюць існаваць у вёсках, нейкім чынам вытрымаўшы нават семдзесят гадоў камуністычнага атэізму, які перайначыў на свой лад усе сферы паўсядзённага жыцця. Сяляне дагэтуль прыносяць у дом галінкі бярозы і аеру на Сёмуху, не выпускаюць жывёлу на пашу да Юр'я, не ядуць яблыкаў да Спасу, пакідаюць у полі нязжаты сноп, завязваючы каласкі ў "бараду", не ходзяць у лес і не купаюцца ў русальны тыдзень. Варта хоць бы раз сутыкнуцца з гэтай логікай сялянскага мыслення , для якой аказваюцца важнымі шматлікія незвычайныя абмежаванні і правілы, каб зразумець, што школьны матэрыял пра "далёкіх продкаў" перастае быць падобным на народную казку.

Лянкевіч Андрэй. Паганства / Liankevich Andrei. Pagan. Старонкі з кнігі / Pages from the book

Паганства перажыло ўсе сацыяльна-палітычныя рэжымы і захавала галоўнае: асаблівую увагу да прыроды і яе шанаванне. Усякі банальны на першы погляд аб'ект, як камень, дрэва, расліна, вянок ці дарога, аказваецца надзеленым сімвалічным значэннем і адушаўляецца: прыносіць удачу, аблягчае пераход у тагасветнае жыццё, вылечвае ад хваробаў, аберагае ад ліха, дае прыгажосць, сурочыць, прадказвае будучыню. Прырода патрабуе шанавання, таму што толькі так магчымае гарманічнае і бесканфліктнае існаванне чалавека ўнутры прыроды. Чалавек сінхранізуе сваё жыццё з натуральнымі прыроднымі цыкламі, акружаючы рытуаламі лімінальныя зоны гэтага руху. І ў гэтай сувязі менавіта адлучэнне чалавека ад прыроды ў сілу канчатковай індустрыялізацыі і урбанізацыі зводзіць у нівошта як значнасць аўтэнтычных народных традыцый, гэтак і колькасць людзей, якія захоўваюць гэтыя традыцыі.

Адпраўляючыся ў падарожжа па беларускіх вёсках, Андрэй Лянкевіч вырашыў сабраць сведчанні аб гэтай усё яшчэ існай у многіх куточках краіны паганскай культуры. У кнігу ўвайшло апісанне дзесяці абрадаў: Жаніцьба коміна, Каляды, Гуканне вясны, Юр'я, Пахаванне стралы, Куст, Провады русалкі, Купалле, Дажынкі, Перанос свячы, а таксама прадстаўленая цэлая калекцыя свяшчэнных раслінаў, жывёл і аб'ектаў. Праект нясе яскрава выражаны антрапалагічны характар, што адлюстроўваецца ў спецыфіцы партрэтаў: франтальныя партрэты з цэнтральным месцам фігуры ў натуральных абставінах, стыль, добра вядомы нам па класічных працах Дыяны Арбюс і Аўгуста Зандэра. Такія партрэты заяўляюць аб прысутнасці псіхалагічнага, сацыяльнага і нават самога фізічнага існавання чалавека. І ўсё гэта агулам робіць свет паганскай культуры абсалютна рэальным для нас.

Лянкевіч Андрэй. Паганства / Liankevich Andrei. Pagan. Старонкі з кнігі / Pages from the book

Але ў той самы час праект не абмяжоўваецца ўкладаннем энцыклапедыі матэрыяльнай культуры паганства. Мы становімся сведкамі абрадаў і сэнсаў, не да канца нам зразумелых, а таму і не да канца даступных. Дзякуючы высілкам фатографа, культура паганства прыадкрываецца для нас, але тут жа раптоўна знікае. Сяляне ў святочных строях спакойна пазіруюць перад камерай, але ўжо праз імгненне выходзяць з кадру, знікаюць з поля бачнасці, раствараюцца ў прыродзе, кінуўшы на гледачоў апошні погляд, загадкавы і невытлумачальны. Нешта адбываецца і з самімі кадрамі: яны засвечваюцца, зацямняюцца, губляюць рэзкасць, раптоўна абрываюцца, пераносяць нас з шумных святкаванняў наўпрост да поля ці ў лясныя гушчары.

Андрэй патрапіў вельмі дакладна перадаць сам характар паганства: ягоная адначасовая прысутнасць і адсутнасць, заўважнасць і скрытнасць, відавочнасць і патаемнасць, літаральнасць і містыцызм. Народныя строі могуць прывабліваць сваёй экзотыкай, але буйныя карды раслінаў і жывёл прымушаюць думаць пра нешта большае, чым экзатычная форма рэчаў. Праглядаючы фатаграфію за фатаграфіяй, паступова пачынаеш даваць веры ў існаванне паралельнага свету, які тонкай плеўкай наслойваецца на звыклае нам асяроддзе. І вось бяроза – гэта ўжо не проста дрэва, але сімвал жаночага пачатку, выпечаны блін – не проста ежа, але сімвал сонца, травінка, якая выглядвае з-пад снегу, – складовы элемент складанага рытуалу.

Лянкевіч Андрэй. Паганства / Liankevich Andrei. Pagan. Старонкі з кнігі / Pages from the book

Пранікненне ў таямніцы народных традыцый і стварэнне незвычайнага, амаль містычнага вобразу беларускай вёскі адрозніваюць Андрэеў праект ад усяго, што рабілася дагэтуль і ў беларускай фатаграфіі, і ў фатаграфіі аб Беларусі. Перад намі не серыя псіхалагічных партрэтаў і не простая дакументацыя быту, перад намі асцярожнае і ўважлівае даследаванне цэлага культурнага пласту пры адмысловым ухіленні ад рознага роду палітызацыі, якая стала ўжо тыповай пры асвятленні беларускіх тэм. "Я спрабаваў даць адказ на пытанне, кім мы былі і кім мы ёсць цяпер як беларусы", – кажа Андрэй Лянкевіч. Гэтае пытанне можа задаць сабе і кожны чытач, які адкрывае кнігу. І, магчыма, уваходжанне ў свет страчаных сэнсаў дапаможа нам запоўніць пустэчы ў разуменні нашай уласнай цяпершчыны.

Святлана Паляшчук

Падрабязней пра кнігу "Паганства / Pagan" тут і тут.

Болей фотаздымкаў з кнігі можна паглядзець тут або тут.


Раім таксама паглядзець:
Крук Янка. Сімволіка беларускай народнай культуры.
18.99 р.

Крук Янка. Сімволіка беларускай народнай культуры

Разглядаюцца асноўныя абрады, звычаі беларускага народа, якія суправаджалі чалавека ад нараджэння да пахавальнага вогнішча, а таксама сімволіка колераў, лікаў, кожнага дня, тыдня. Вялікая ўвага ўдзелена космасу сялянскай хаты, асноўным яе рытуальным зонам: чырвонаму куту, печы, парогу. Раскрываецца характар складаных стасункаў чалавека і наваколля.

Орда Напалеон. Шлях да Бацькаўшчыны
64.99 р.

Орда Напалеон. Шлях да Бацькаўшчыны

Перавыданне шыкоўнага фаліянта на амаль паўтысячы старонак, якое ўжо паспела было зрабіцца бібліяграфічнаю рэдкасцю!

Гэтая ўнікальная кніга-альбом – найбольш поўная беларускамоўная навуковая манаграфія пра знакамітага сына Палесся, выдатнага майстра алоўка, вядомага кампазітара і піяніста Напалеона Орду (1807 – 1883). Выдадзеная на дыхтоўнай паперы і багата аздобленая малюнкамі.

Повязь часоў. Беларускі ручнік
29.99 р.

Лабачэўская Вольга. Повязь часоў. Беларускі ручнік

Ручнік – рэч глыбока сімвалічная, шматзначная. Вышываная, узорыста вытыканая тканіна здольна выклікаць у нас шмат пачуццяў і асацыяцый. Створаны па законах мастацтва, ручнік упрыгожвае паўсядзённасць і адначасова з'яўляецца сімвалічным напамінам аб нябачных сувязях, што знітоўваюць асобнага чалавека з Богам, яго родам, продкамі.