Ліс Арсень. Gloria victis!

Ліс Арсень. Gloria victis!
4.68 р.
Вага: 980 г
Памеры: 165x240 мм



Збор твораў. – Мінск : выдавец І. П. Логвінаў, 2010. – 574 с. – (Кнігарня "Наша Ніва").

ІSBN 978-985-6901-21-1

У кнізе можна знайсці артыкулы, кароткія манаграфіі і нарысы, прысвечаныя жыццю людзей, што распрацоўвалі нацыянальную беларускую канцэпцыю – Аляксандра Ўласава, Браніслава Тарашкевіча, Аркадзя Смоліча, Тамаша Грыба, і шматлікіх ншых. Аўтар не абмежаваўся гісторыкамі, палітыкамі і пісьменнікамі. "Gloria victis!" – кніга таксама і пра мастакоў ды беларускую літаратуру ў Польшчы. У прыватнасці, чытач можа знайсці тут артыкулы аб лёсах Максіма Танка, Язэпа Драздовіча, Паўла Южыка.

"Гэта кніга аб нашай знішчанай інтэлігенцыі, трагедыі нашай нацыі. Даючы такую назву кнізе, я аддаю належнае тым людзям", – адзначае Арсень Ліс.

ЗМЕСТ

Прадмова

1. Дойліды беларускай дзяржаўнасці
Беларуская ідэя: Вытокі, этапы станаўлення
Аляксандр Уласаў – рэдактар, публіцыст, асветнік
Браніслаў Тарашкевіч: Трагічны пошук свабоды
Аркадзь Смоліч: Цяжкая дарога свабоды
Паміж літаратурай і палітыкай. Драма аднаго рамантыка
Тамаш Грыб – рыцар беларускай свабоды

2. Паэзія мары і дзеяння
Скрыўджаная зямля паэта Станіслава Шыманоўскага
Дзе вы, хлопцы, браты, песняры? Лукішскі дзённік і вершы Алеся Салагуба
Маладосць паэта: Штрыхі да ранняй паэзіі Міхася Машары
"Веснапесні" Хведара Ілляшэвіча
Анатоль Бярозка: Як малітва аб волі
Максім Танк: На разломе эпохі
Мастацкая літаратура Заходняй Беларусі

3. На грунце навукі
Браты Гарэцкія
Мікола Шчакаціхін: Краіна Беларусь – вачыма вучонага
Мітрафан Доўнар-Запольскі: Жыццё ў навуцы
Да гісторыі напісання, публікацыі і бытавання песні-гімна на словы Янкі Купалы

4. Фарбы і вобразы беларускай зямлі
Язэп Драздовіч: Вечны вандроўнік
Мастак беларускага шляху
Васіль Сідаровіч: Беларуская элегія
Павел Южык – жывапісец Залескіх ваколіц

5. Песню – у спадчыну
Агінскі ў Залессі
Антон Грыневіч – першы беларускі этнамузыколаг
Песню – у спадчыну: Слова пра Рыгора Шырму
Песенны скарб Братоў Логінаў
Пявуння з мястэчка Сінкевічы
Даўнія песні Наддзвіння
Ганна Рубацкая: Журавы над зарунелымі пагоркамі
Антон Янкоўскі: Памяць надвіленскай зямлі
Уладзімір Караткевіч: З любасцю, думна, годна
Наканаванасць несвабоды

Прадмова

Беларуская інтэлігенцыя, яе ідэі, лёс, духоўная спадчына чакаюць неабыякавага да будучыні свайго народа гісторыка.

Самыя буйныя постаці нашай інтэлігенцыі эпохі Рэнесансу і Рэфармацыі – Францыск Скарына, Сымон Будны, Мікола Гусоўскі – навукова асэнсаваныя сучаснай беларускай гуманітарыстыкай ды знайшлі вобразнае ўвасабленне ў красным пісьменстве, выяўленчым мастацтве. Тыя ж, хто на пачатку XX ст. усвядоміў сябе беларусам, практычна рэалізоўваў беларускую ідэю, адбудоўваў беларускую дзяржаўнасць, – браты Іван і Антон Луцкевічы, Алесь Бурбіс, Казімір Кастравіцкі, Аляксандр Уласаў, Алаіза Пашкевічанка, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Вацлаў Ластоўскі, Аляксандр Цвікевіч, Язэп Лёсік, Аляксандр Прушынскі, Максім Гарэцкі, Зміцер Жылуновіч, Фабіян Шантыр, Язэп Дыла, Язэп Варонка, Палута Бадунова, Аркадзь Смоліч, Браніслаў Тарашкевіч, Канстанцін Езавітаў, Пётра Крэчэўскі, Тамаш Грыб, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Аляксандр Чарвякоў, Усевалад Ігнатоўскі, Ігнат Буйніцкі, Францішак Аляхновіч, Фларыян Ждановіч, Леапольд Родзевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Ігнат Канчэўскі – яшчэ чакаюць сваіх удумлівых даследчыкаў, сваіх мастакоў слова, пэндзля і разца. Гэта іх высілкамі і ўспамогай дзесяткаў іншых рупліўцаў, тут не названых, заснаваныя першая беларуская палітычная партыя БСГ, беларускі перыядычны друк, кніжныя выдавецтвы ў Пецярбургу, Вільні, Менску, паўстаў нацыянальны тэатр і першы навуковы цэнтр – Інбелкульт.

І перадусім, і гэта галоўнае: беларускі народ у найноўшай гісторыі ўпершыню ласне голасам гэтага пакалення інтэлігенцыі патрапіў публічна заявіць аб сваім законным праве быць гаспадаром на ўласнай зямлі, гістарычным актам 25 сакавіка 1918 года правамоцна засведчыў аб суверэнітэце, незалежнасці Беларусі. Трагічная страта нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыі 1920 – 1930-х гадоў драматычна азываецца ў лёсе беларускага народу яшчэ і сягоння.

Толькі ўласная дзяржаўнасць здольная забяспечыць кожнаму народу як этнічнай супольнасці поўную рэалізацыю закладзеных у ім прыродай, космасам, Богам патэнцый, інтэлектуальных, мастацкіх, сацыяльна-вытворчых мажлівасцяў. Толькі дзяржаўнасць, уласная гаспадарственнасць у стараліцвінскім разуменні гэтага паняцця – надзейны шчыт абароны этнасу ад дэструктыўных сілаў, гарант вечнага быцця яго.

Справа жыцця цэлай кагорты думных прадстаўнікоў нашага народу, іх запаветы, памяць пра іх – святая для беларусаў. Яны абавязваюць нас застацца еўрапейскай нацыяй. Творчая спадчына беларускай інтэлігенцыі мінуласці – актуальная сягоння і заўтра. Яна нясе ў сабе пазнаку высокага інтэлекту, грамадскай руплівасці, сыноўскай любові і самаахвярнасці.

У прапанаванай увазе чытача кнізе змешчаныя нарысы-партрэты асобных палітыкаў, непасрэдных творцаў беларускай дзяржаўнасці. Асноўны ж корпус кнігі складаюць артыкулы, міні-манаграфіі, эцюды, прысвечаныя жыццю і дзейнасці вучоных, якія выпрацоўвалі канцэпцыі гістарычнага шляху беларускага народу, яго культуры, літаратуры.

Пасільная ўвага ўдзеленая мастакам, заснавальнікам беларускай школы жывапісу і графікі, этнамузыколагам, творцам беларускай музычнай культуры, заснаванай на народных яе вытоках.

Кніга ўключае некалькі літаратурных партрэтаў і эцюдаў паэтаў, пераважна 1920-х гадоў, а таксама сціслы агляд мастацкай літаратуры колішняй Заходняй Беларусі.

Думаю, не з'яўляецца выпадковым у кнізе пра беларускую адраджэнскую інтэлігенцыю і накід сілуэтаў таленавітых носьбітаў багатай фальклорнай традыцыі народа. Звычайна гэта людзі тонкага душэўнага складу.

У заключэнне скажам, што аўтар прапанаванага чытачу выдання цалкам падзяляе правідэцыйны погляд вядомага беларускага палітычнага дзеяча, філосафа, гісторыка і эканаміста, аднаго з дойлідаў беларускай дзяржаўнасці Аляксандра Цвікевіча, выказаны ім у 1920 годзе: "...Беларускі народ у скорым часе дасць славянству і ўсяму свету яскравыя доказы свайго ўваскрасення і прынясе на раскошны алтар людской цывілізацыі плён свайго нацыянальнага генія, найлепшыя кветкі свайго вызваленага духу".

Што да гісторыі беларускай інтэлігенцыі, то, веру, яна будзе напісаная будучымі вучонымі, маладымі прадстаўнікамі сучаснага беларускага Адраджэння, шчаслівейшымі за іх папярэднікаў. Зарае ж над светам XXI стагоддзе.

Арсень Ліс, навуковец, літаратар, нарадзіўся 4 лютага 1934 года ў вёсцы Вётхава Маладзечанскага пав. Віленскага ваяводства (цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобл.). Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1956 г.), загадваў педкабінетам РАНА ў мястэчку Шаркаўшчына, паралельна выкладаў беларускую літаратуру ў старшых класах мясцовай школы. 3 лета 1957 года – рэдактар у рэдакцыі "Мастацкая літаратура" Дзяржвыдавецтва БССР. 3 восені 1959 года у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі. Доктар філалагічных навук, член Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1967 года. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі за 1986 год. Аўтар кніг пра вучоных, мастакоў, манаграфічных даследаванняў пра каляндарна-абрадавы фальклор беларусаў, сааўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў пра Максіма Гарэцкага, Мітрафана Доўнар-Запольскага, Аркадзя Смоліча, Браніслава Тарашкевіча, Аляксандра Уласава, Рыгора Шырму. Актыўны аўтар беларускіх энцыклапедый – універсальнай і галіновых.

Падрабязней пра кнігу "Gloria victis!" тут.


Раім таксама паглядзець:
Латышонак Алег. Нацыянальнасьць – Беларус
12.49 р.

Латышонак Алег. Нацыянальнасьць – Беларус

У другой беларускамоўнай кнізе беларускага гісторыка зь Беластоку Алега Латышонка (папярэдняй быў зборнік "Жаўнеры БНР") сабраныя пад адной вокладкай асноўныя напісаныя ім творы, датычныя розных пытаньняў беларускай гісторыі ад сівой старажытнасьці і амаль да нашых дзён.

Чернявская Юлия. Белорусы. От "тутэйшых" – к нации
4.58 р.

Чернявская Юлия. Белорусы. От "тутэйшых" – к нации

Под общей редакцией А. Е. Тараса. – Минск : ФУАинформ, 2010. – 512 с. : ил. – (Неизвестная история).

Книга написана с позиций современной культурологии и социальной психологии, в популярной манере. Она представляет значительный интерес для широких кругов читателей в Беларуси и за ее пределами.